Якуб Колас на ростанях кніга першая: у палескай глушы



старонка2/12
Дата канвертавання24.12.2016
Памер2.04 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

IV

Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая круглая палянка, вясёлая і прыветная. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога, траская і караністая, і лес усё ж такі дакучылі яму. Тым прыемней зірнулі стрэхі людскіх будынін і коміны хат, з якіх яшчэ дзе-нідзе курыўся сіняваты дымок.

Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію, і толькі каля цэркаўкі на ўзгорку хаты гуртаваліся гусцей і шырэй. Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога праўлення з двума высокімі чырвонымі комінамі над пачарнелым дахам. Насупраць, на другі бок вуліцы, выглядала школа з белымі аканіцамі і двума ці трыма развіслымі вязамі каля яе. Пры дарозе ў вёску, крыху наводшыбе, маркотна тулілася старэнькая драўляная цэркаўка. Цяпер яна стаяла адзінокая, закінутая, забытая, і толькі богабаязны падарожны, праходзячы каля яе, прыпыняўся і хрысціўся, набожна схіліўшы галаву. Па адзін і па другі бок вёскі стаялі ветракі, як страшыдлы, шырока раскінуўшы свае крыллі. Адны з іх былі ў жывым руху, весела падымалі і апускалі крыллі, а другія - стаялі моўчкі, нерухліва і мелі такі выгляд, як бы яны былі крэпка чымся здзіўлены і пыталіся: «А чаму ж мы стаім без работы?»

Праехаўшы невялічкую грэбельку, калёсы пакаціліся па шырокай вуліцы. Народ расходзіўся з царквы. Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся, а чародкі маладых дзяўчат-паляшучак і праворных маладзіц, убраных, як макавыя кветкі ў агародзе, падштурхвалі адна другую, пераміргваліся і кідалі смяшлівыя погляды ў бок маладога настаўніка, які першы раз з'явіўся тут.

Пад'ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Дзверы былі замкнуты. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэсла і пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся.

- Выбачайце. Дома настаўнік?

- Вот я. Заходзьце, калі ласка.

Лабановіч пайшоў за гаспадаром, нязграбна ступаючы занямеўшымі нагамі.

- Дазвольце пазнаёміцца: ваш калега і сусед - Лабановіч, - назваў сябе госць.

- Саханюк, тутэйшы педагог. Будзьце ласкавы, знімайце паліто, сядайце.

Госць і гаспадар селі каля стала.

- Вы - новы і ў нашых краях першы раз?

- Новаспечаны, і ў вашых трушчобах маю гонар быць першы раз, - сказаў з усмехам Лабановіч.

- Ну, як падабаецца вам ваша месца?

- Лепшага месца я і не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць весці працу, - прамовіў Лабановіч.

Саханюк звонка засмяяўся.

- Ах вы, ідэалісты, ідэалісты. Ці надоўга хопіць вам гэтага ідэалізму?.. І тым не меней першы раз бачу чалавека, што так высока ставіць глуш ды яшчэ такую, як ваша.

- У вас тут, выбачайце, большая глуш.

- Як так? - здзівіўся Саханюк. - У нас - воласць, грамада: бацюшка, пісар, фельчар, ураднік, псаломшчык і так збоку людзі часцей даведваюцца.

- І пэўне з Завітанак сюды хтось завітвае, - жартліва, у тон гаспадару прамовіў Лабановіч і кінуў на яго бачлівы погляд.

Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед.

- А вы хіба былі ў Завітанках? - спытаў Саханюк.

- О не, - прамовіў Лабановіч, - я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі.

- Калі ў вас, калега, такі погляд на рэчы, - сказаў павесялеўшы Саханюк, - скажу вам: не будзеце і вы мець вагі ў тутэйшых паненак.

- А мне ўсё роўна... Урэшце ж, ці не памыляецеся вы тут, калега? Але гэта - між іншым. Я хацеў бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашай грамадою, бо трэба ж, як кажуць, аддаць кесарава кесараві. Калі б вы былі ласкавы пайсці са мною да пісара, таксама і да бацюшкі, а можа, і яшчэ да каго, калі ўжо гэтага вымагае звычай вашай грамады, то я быў бы вам вельмі падзячан. Гэта было б і скарэй і прасцей, бо мне яшчэ ніколі не даводзілася выступаць у ролі візітанта.

- А вы чаго ж так спяшаецеся? Разумеецца, я з вамі пайду, тым болей што і мне трэба зайсці да таго-другога, але адаслалі б вы сваю падводу дамоў, а самі тут паначавалі б.

- Не, калега. Я яшчэ да работы не прыступаў у школе. Вы, пэўна, ужо многа паспелі, і я не даганю вас за ўсю зіму. Мне хацелася б і павучыцца ў вас сяму-таму, бо вы ўжо набілі, як кажуць, руку і маеце практыку.

Дзверы з другога пакоіка адчыніліся, і на парозе паказалася ўжо немаладая кабеціна. Гэта была старожка. Яна перш уважліва паглядзела на незнаёмага настаўніка, а потым сказала свайму настаўніку паляшуцкай гаворкай:

- Да вас, панычу, там маладыцы прышлы - лыст напысаць хочуць.

- А сала прынеслі?

- Ны відаю, панычыку.

- Выбачайце, - сказаў Саханюк да госця. - Я пайду адпраўлю гэтых маладзіц.

І Саханюк накіраваўся ў кухню. Старожка Матрона, яшчэ раз агледзеўшы госця, таксама пайшла туды. Ясна, хтось даў ёй наказ як можна лепей разглядзець Лабановіча, каб навесці аб ім сталыя даведкі. І, як відаць, наказ гэты быў дадзены не так здалёку, бо, счакаўшы хвіліны дзве, Матрона матнулася праз вуліцу, маючы кірунак да кватэры пісара.

Застаўшыся адзін, Лабановіч акінуў вокам пакоік свайго калегі. Кватэра гэта была многа лепшая ад яго кватэры. Было відаць, што Саханюк жыў някепска, праседзеўшы ў гэтай школе гадоў пяць. І наогул, Саханюк быў чалавек практычнага складу. Нейкім чынам умудрыўся ён за гэтыя пяць год, атрымліваючы дваццаць рублёў пенсіі на месяц, сабраць капітал у пяць-шэсць соцень і меў сваю гаспадарку. «Жылаваты чалавек ты, браце! - падумаў Лабановіч. - Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала». На століку ляжалі школьныя журналы. Разгледзеўшы іх, Лабановіч прыйшоў да заключэння, што яго калега не так далёка адышоўся з вучнямі, і пераканаўся, што ў асобе Саханюка ён не будзе мець для сябе настаўніка, і тут жа зазначыў, што супольнага між імі вельмі мала і што блізкімі сябрамі яны ніколі не будуць.

- Ну, цяпер я вольны, можам ісці, - сказаў увайшоўшы Саханюк і падышоў да люстэрка, паглядзеўся, падправіў рыжаватыя вусы, правёў рукой па шчоках, ці добра пабрыты, і прычапіў больш франтаваты гальштук.

Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Таксама была ў яго яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й».

- Ты, Мат'ёна, калі я не п'іду, астаў абед на вячэю.

Настаўнікі выйшлі.

- Куды ж наперад пойдзем?

- А давайце пачнём па парадку, каб нікому не было крыўдна, - адказаў Лабановіч.

Зрабіўшы колькі крокаў, Лабановіч і Саханюк узышлі на ганак валаснога праўлення.

- Зойдзем да канцылярыі, - сказаў Лабановіч. - Заадно трэба ўзяць паперы і ўсе вучэбныя прылады.

Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. На процілеглым яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном, а за сталом на шырокім крэсле засядаў сам пісар. Гэта быў ужо стары чалавек, з шырокай барадой, напалавіну сівою. Міна яго была незвычайна важная. Пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як бы ён толькі што занюхаў табакі і збіраўся чхнуць. Нягледзячы на тое, што ў канцылярыі было цёпла, пісар сядзеў у валёнках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасці і сляды калісь вясёлага жыцця і п'янства, у якім пісар не меў сабе роўных у воласці. З гарэлкай ён ніколі не разлучаўся. У канцылярыі, у шафе сярод «гражданских и уголовных дел», стаяла бутэлька з «царскімі слязьмі», як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласці. Праўда, такіх часоў у яго было не так-та многа, і ён прыходзіў сюды ў выпадках рэдкіх і важных; усю ж работу па воласці вёў яго памочнік, Дубейка, які ўжо лічыўся кандыдатам на пісарскую пасаду. З гэтай прычыны Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку і манкеты і лічыў сябе найпершым кавалерам; старанна прычэсаныя валасы і частае зазіранне ў люстэрка сведчылі аб тым, што і ў яго сэрцы засела завітанская паненка.

V

- Дазвольце пазнаёміць, - сказаў Саханюк, падводзячы калегу да пісара, - цельшынскі настаўнік.

- А! - прамовіў пісар, акінуўшы Лабановіча прыжмуранымі вачамі, і падаў яму руку. - Прасвяшчаць, значыць, прыехалі? - спытаў пісар, каб хоць што-небудзь сказаць, і яшчэ раз азірнуў Лабановіча. - Ну, ну, справа патрэбная, - важна заўважыў ён, пасля чаго перастаў цікавіцца Лабановічам, як чалавек практычны, які з першага погляду адгадаў, што для пісарскага дому карысць ад новага настаўніка невялікая.

Затое ж Дубейка выказаў многа ўвагі і адзнак шляхетнага тону, знаёмячыся з Лабановічам.

- О! - казаў ён. - Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца. - Але разам з гэтым Дубейка запытаўся: - А гэта ўжываеце? - Адначасна з запытаннем ён ускінуў галаву і пстрыкнуў пальцам па сківіцы.

Лабановіч здзіўлена глянуў на Дубейку. Гэта запытанне для яго было зусім нечаканае, і ён не ведаў, што адказаць.

- Ну, разумеецца, не так, што б з ног скідацца, - паправіўся памочнік, - а ў кампаніі, пасля таго як пулечку згуляеш або стукалку, прапусціць чарачку, другую. Гуляеце ў карцішкі?

- Не, не гуляю.

Дубейка ў сваю чаргу здзівіўся, і ўвесь выраз яго твару як бы казаў: «Які ж ты пасля гэтага інтэлігент?»

- Ну, нічога, - заспакоіў Дубейка. - Пажывяце, навучыцеся. Толькі часцей да нас даведвайцеся, бо ў вас там глуш, чалавека не ўбачыш і, апрача падлоўчага, і зайсці там няма да каго.

- Э, гэта не бяда, - адказаў Лабановіч, - людзі ўсюды ёсць. Чым не людзі тыя ж самыя палешукі? Хіба да іх нельга зайсці? Я лічу, што сярод іх можна вельмі прыемна прабавіць вольную часіну і там напаткаць не толькі цікавае, але і разумнае, чаго ніколі не знойдзеш ні за чаркаю, ні за пулькаю.

- Не разумею вас, - адказаў Дубейка. - Што цікавае можна знайсці сярод палешукоў? Калі можна там напаткаць што-небудзь цікавае, дык хіба толькі маладзіцу-салдатку. - Пры гэтым Дубейка выразна зірнуў на Саханюка і засмяяўся.

- Калега - манах. Ён любіць глуш і адзіноцтва і хоча жыць пустэльнікам.

- Ведаем мы гэтых пустэльнікаў, - зноў падміргнуў Дубейка. - У ціхай вадзе чэрці водзяцца.

Першыя ўражанні знаёмства не спадабаліся маладому настаўніку, і ён, папрасіўшы выдаць пасылкі з кнігамі і сшыткамі для яго школы, развітаўся з новымі знаёмымі.

Выйшаўшы са зборнай, Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго.

- Не, калега: трэба пазнаёміцца з пісаранкамі, бо калі не зойдзеце да іх, то гэта будзе такая крыўда, якая вам ніколі не даруецца ні ў гэтым жыцці, ні на тым свеце.

Саханюк узяў пад руку Лабановіча і павёў яго ў кватэру пісара.

Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька і акуратна на мяшчанскі лад. Сталы і столікі былі засланы чыстымі настольнікамі і настольнічкамі. Крэслы стаялі ў парадку. На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Па кутках залы стаялі круглыя столікі пад белым кружавам: на століках ляжалі альбомы для фатаграфій. На вокнах вазоны розных гатункаў. Адным словам, на ўсім быў відзен адбітак дзявочага прызору і акуратнасці.

Маня, старэйшая дачка пісара, ужо не маладая дзяўчына, гадоў за дваццаць пяць, па ўсім відаць было, падгатавалася спаткаць настаўнікаў. Яна надала свайму твару тую міну, той выраз, якія люстэрка падказала ёй як самыя лепшыя, што найбольш ішлі да яе, нявінна сядзела за сталом, нібы нічога не ведаючы, і разглядала «Ніву». Яна была чорная, як цыганка, даволі прыгожая з твару; але разам з гэтым было на ім і нешта такое, што рабіла яго сярдзітым, злым. Напэўна, доўгае чаканне свайго суджанага, якога дзесь затрымалі чэрці, мела свой уплыў. Саханюк галантна падвёў свайго калегу да пісаранкі.

- Лабановіч, цельшынскі педагог.

- Вельмі прыемна, - сказала Марыя Пятроўна. - Сядайце, калі ласка!

Лабановічу здалося, што яна чымся ўгневана. «Ці не Саханюком, які шукае свайго шчасця не тут, блізка, а дзесь за сем вёрст, што яна з ім крыху неласкавая?» - падумаў Лабановіч.

- Ну, як вам падабаецца наша месца? - спытала пісаранка.

- А нічога. Месца вельмі добрае, і мне наогул падабаецца Палессе.

- А вось вашаму калегу яно падабаецца мала.

- Не скажэце, - адказаў Саханюк. - Каб гэта была праўда, то пяць год я не выседзеў бы тут.

- Калісь падабалася, - сказала Маня і ледзь уздыхнула.

Увайшла сярэдняя дачка, Саша, зусім не падобная да сястры. Яна была шчаслівейшая ад яе, бо мела жаніха ў асобе тутэйшага ўрадніка. Зараз жа за ёю ўвайшла і трэцяя сястра, Ніна. Самая малодшая, Вольга, вучылася ў горадзе, і яе цяпер не было дома.

Лабановіч чуўся не па сабе ў кампаніі дзяўчат і не трапляў падтрымаць з імі гутаркі. Ён толькі адказваў на іх пытанні, адказваў сур'ёзна, што не падабаецца паненкам такога стану, якія звыклі, каб іх забаўлялі, жартавалі з імі і малолі гарох і кашу, абы было смешна.

- А вы спяваеце? - спытала яго Саша.

- Не. Спяваю няважна, - адказаў Лабановіч, і ў вачах яго бліснуў ледзь прыметны смех, - за практычную лекцыю па спевах у семінарыі наш Костка ледзьве тры з мінусам паставіў.

- Якая костка? - здзівілася старшая пісаранка.

- Выбачайце, не якая костка, а які Костка, - паправіў яе Лабановіч. - Гэта ў нас быў такі настаўнік у семінарыі, які выкладаў спевы і меў прозвішча Костка.

- Не, - адказала Саша, - я не пра такія спевы пытаюся. Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс.

- Крый мяне Божа! - засмяяўся Лабановіч. - Каб я яшчэ рамансы спяваў. І сам не спяваю, і не люблю, калі хто іх спявае. Іншая справа паслухаць добры хор.

Такім адказам Лабановіч прыпыніў усякія запытанні ў гэтым кірунку: змоўклі паненкі, маўчаў і ён.

Размова павялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе.

Некаторы час Лабановіч слухаў, а потым падняўся, папрасіў прабачэння і стаў развітвацца.

Яго не затрымлівалі, хоць з далікатнасці папрасілі заходзіць.

«Дудкі, - казаў сам сабе Лабановіч, выходзячы ад паненак, - не скора я тут буду».

Разам з ім выйшаў і Саханюк.

- Ну, як вам, калега, спадабаліся паненкі?

- Ну, што ж? Дзяўчаты як дзяўчаты. А вось што я не спадабаўся ім, дык гэта ясна.

- Чаму вы так думаеце?

- Тут і думаць няма чаго. Перш-наперш не сказаў кампліментаў і не ўмею казаць іх. Можа б, і прыдумаў, але не асмельваюся вымавіць, далей, не пахваліў нічога з іх работы, не заспяваў раманса і наогул нічога не патрапіў сказаць у тон.

І ён не памыляўся. Як толькі настаўнікі сышлі з ганка, першая Саша сказала:

- Ну і мяшок! Як для Цельшына, дык лепшага і не падбярэш.

- Зусім неачэсаны: так і відаць, семінарыст, гатовы кашлянуць і зацягнуць: «Благаславі, душэ мая, Госпада», - аклікнулася Маня.

Настаўнікі тым часам ішлі да бацюшкі. Дарогаю Саханюк паказваў, дзе хто жыве і чым хто выдацен. Вось у гэтым дворыку жыве фельчар Гарошка, удавец, сышоўся з адною паляшучкаю і сам апаляшучыўся. Сын яго, Максім, вучыўся ва ўсіх школах Пінска, але ні аднае не скончыў, а з апошняе, з духоўнага вучылішча, проста ўцёк. Цяпер ён сядзіць на бацькавай шыі. Уцёк жа ён з тае прычыны, што ў гэтых школах не вучаць нічому такому, што адпавядала б яго шырокай натуры, якая знайшла здавальненне ў гарэлцы, картах і іншых забаўках вясковага лабатраса. Цяпер ён бярэ курс на дзяка або на памочніка валаснога пісара. Але пакуль што гэта толькі добрыя намеры.

Бацюшка, яшчэ малады, крыху хваравіты, нікуды не ходзіць, але любіць, калі да яго заходзяць. Матушка была раней настаўніцай, кабета вясёлая і добрая, вельмі любіць пагуляць у стукалку.

Вось гэты дом з садам, першы ад царквы, і ёсць пасада бацюшкі.

Так непрыметна настаўнікі дайшлі да веснічак бацюшкавага двара.

VI

- Міласці просім, міласці просім, - прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца; сам першы паздароўкаўся з Лабановічам, папрасіў настаўнікаў садзіцца, сам падстаўляў ім крэслы і наогул выказаў вельмі многа прыветнасці і ўвагі, нават радасці і дабраты.

Айцец Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдзенькаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмна-шэрымі вачамі. Адбітак нейкай мукі адзначаўся на яго худым твары. Гаварыў а. Кірыл громка і борзда, часта смяяўся ад душы, але радасці, гэтай галоўнай уласцівасці здаровага смеху, не чулася. І варта было хоць на хвіліну яму сціхнуць, каб зараз жа цень смутку лёг на яго твар.

- Даўно ж вы прыехалі ў Цельшына? - запытаў Лабановіча а. Кірыл.

- А ўжо скора тыдзень будзе, а. Кірыл.

- Што, не думалі, пэўна, папасці ў такую глуш? - зноў запытаў а. Кірыл і громка засмяяўся.

- А вы ведаеце, а. Кірыл, - сказаў Саханюк, - калега знаходзіць, што ў нас тут большая глуш, чым Цельшына.

- І праўду кажа, чыстую праўду, - пераконана прамовіў а. Кірыл. - Тут у нас такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма.

- Калі я казаў, што ў вас, калега, большая глуш, то меў на ўвазе, што вы жывяце далей ад чыгункі. Якая б ні была сама па сабе глуш, але калі ты чуеш гудок паравоза, шум вагонных колаў і бачыш гэтыя роўныя або прыгожа закругленыя палоскі жалеза на шпалах, то не так тужліва адчуваеш адарванасць ад людзей і культуры, бо чыгунка з'яўляецца як бы жывым вобразам непарванай сувязі з людзьмі.

- Калі ж вы думаеце пачынаць работу ў школе?

- А вось я і хачу прасіць вас, а. Кірыл, прыехаць на гэтых днях у маю школу на малебен. Так бы з аўторка і пачаў.

- Не спяшайцеся, - махнуў рукою а. Кірыл. - Вы думаеце, яны, гэта быдлё, зразумеюць, што вы для іх будзеце старацца, вучыць іх? Вы не ведаеце мужыка: зрабі яму дабро - ён адплаціць табе самай чорнай непадзячнасцю. Мужык - гультай, злодзей, п'яніца. Толькі і глядзіць, як абадраць цябе, ашукаць. Ніякай веры няма яму. Ён гатоў цябе ўтапіць, прадаць за чарку гарэлкі. Іх трэба ўзяць - во! - Айцец Кірыл згарнуў кулакі і патрос імі, паказваючы, як трэба трымаць мужыка.

Лабановіч ніяк не спадзяваўся, каб а. Кірыл мог да такой меры не любіць мужыка, і наогул, каб у такім маленькім папку магло змяшчацца столькі нянавісці.

- Вы папрабуйце купіць у мужыка кусок хлеба ці шклянку малака. Што, ён прадасць вам? Ніколі. Гандляру прадасць, вам - ні за якія грошы!

Лабановіч нецярпліва чакаў, калі скончыць выліваць сваю злосць а. Кірыл, каб заступіцца за мужыка. Лабановіч быў пакрыўджан, як мужыцкі сын. Ці даўно яму самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: «Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?»

- Розгамі яго трэба сеч! - скончыў а. Кірыл і гнеўна бліснуў вачамі.

- Я не магу згадзіцца з тым, што сказалі вы, а. Кірыл. Нават і тады, калі гэта ўсё было б праўда, - пачаў Лабановіч, - і тады нельга судзіць так мужыка. Вы кажаце - мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожны, хто носіць цэшку або чорнае паліто. Гандляра ён ведае, з гандляром ён жыве; часам і лае яго і ў морду яму плюе. На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на нейкую машыну, якая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: «Дзякую, што бераце». І ўсе так ці іначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску? У Святым пісанні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам».

Айцец Кірыл слухаў, апусціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале.

- Вы яшчэ мала ведаеце мужыка, - спакойна адказаў а. Кірыл, - што б вы мне ні казалі, я буду цвярдзіць сваё: мала білі мужыка!

- Вы зусім не тое гаворыце, што думаеце. Проста вы за нешта ўгневаліся на мужыка, - сказаў Лабановіч, смеючыся.

Саханюк маўчаў.

- А вы ведаеце, - прамовіў урэшце ён. - Нашых тутэйшых сялян ніхто нідзе начаваць не пускае.

- Хто не пускае?

- Другія мужыкі.

- Ды што ж? Не спрачаюся, вашы мужыкі могуць быць і дрэннымі, але з гэтага не следуе, што і ўсе мужыкі нікуды нягодныя. Тая ж самая паншчына, аб якой шкадуе а. Кірыл, псавала іх, бо, як пацвярджаюць факты, былі такія паны, што гналі сваіх мужыкоў і падбівалі іх на кражу ў сваіх суседзяў-паноў.

На гэтым месцы гутаркі ўвайшла матушка. На яе твары была прыветная ўсмешка. Паздароўкалася, села і, звярнуўшыся да Лабановіча, запытала:

- Былі ў пісара?.. Ну, як вы знаходзіце пісаранак?

- Прызнацца, я і не разгледзеў іх, бо мы вельмі мала былі там.

- А праўда, Саша - харошанькая?

Айцец Кірыл паморшчыўся і махнуў рукою.

Лабановіч адказаў:

- Нічога сабе дзяўчына.

- Вось бачыце, шкада толькі, што вы ад нас далёка, а то б зачасцілі за Алеськаю?

- А хіба тут няма каму гэтай справай заняцца? Вось мой калега, напрыклад?

Саханюк і бацюшка засмяяліся.

- Не, я ўжо зусім страціў там ласку, дзякаваць Богу.

Айцец Кірыл засмяяўся яшчэ грамчэй.

- Наш настаўнік кажа: «Не на таго прасцяка напалі!» - сказаў ён.

- Апрача таго, я чуў, што ў яе жаніх ёсць ужо.

- Ці мала на свеце дурняў, - зноў дадаў а. Кірыл.

Матушка вяла сваё:

- Ну, то што? Хіба жаніхам свіней не падкладаюць?

- Гэта было б не па-хрысціянску.

- Затое ж па-кавалерску.

- З паліцыяй мець справы небяспечна, - зазначыў а. Кірыл.

- Глуш там у вас, вучыцелька!

- Усе вы, панове, у глушы жывяце, а глушы баіцеся. І ў глушы людзі жывуць. Мне, матушка, нават падабаецца такая глуш.

- Праўда, у пана падлоўчага дочкі падрастаюць, - гнула матушка сваю лінію, - і кажуць, старэйшая вельмі прыгожая, ужо зусім паненкаю выглядае.

- Не ведаю: не быў у іх.

- Што гэта вы так мала паненкамі цікавіцеся?.. О, хітруеце вы, вучыцелька!

- Ёсць тут цікавіцца чым, - зноў буркнуў а. Кірыл.

Матушка ўстала, узяла папяросы, сама закурыла і гасцей патрактавала. Айцец Кірыл не курыў, але набіваць папяросы любіў і цяпер узяўся за гэту работу.

У пакой увайшла служанка - паляшучка, крэпкая чырванашчокая дзяўчына.

- Да вас, бацюшка, Апанас Каваль прыйшоў; просіць хворую прычасціць.

- Хто ў яго хворы?

- Жонка.

- Скажы, зараз іду, - сказаў а. Кірыл. - Я скора вярнуся - тут блізка, а вы, калі ласка, пачакайце мяне, - звярнуўся ён да гасцей.

Айцец Кірыл надзеў цёплую расу, узяў крыж і ўсе патрэбныя рэчы і выйшаў.

- Эх, папоўская служба! - уздыхнула матушка. - Нават і адпачыць няма калі. А ён слабы, хворы, ногі чуць цягае. Народ у нас, вучыцелька, грубы, дзікі. Вось вашы, вучыцелька (слова «вучыцелька» матушка выводзіла ласкальна ад «вучыцель»), цельшынцы зусім іншыя людзі. А нашых вам ніхто не пахваліць. Вы ведаеце такое здарэнне? Айцец Кірыл - гэта ўжо гады два таму назад - быў на сенакосе. Распусціў сена, сушыць. А едзе адзін наш - ёсць тут такі грубіян - проста па бацюшкавым сене! Айцец Кірыл і кажа, падышоўшы: «Ці табе, кажа, дарогі няма, ці не можаш аб'ехаць, што ты па сене з канём топчашся?» А той, нічога не гаворачы, схапіў бацьку за валасы і давай церабіць! Прыходзіць мой бацюшка; як глянула ж на яго - аж у яго каўтунікі павырываны! Так і лезуць, так і лезуць!

Матушка апавядала гэта проста, нават з нейкім гумарам.

- Народ наш, трэба сказаць праўду, грубы, дзікі. Аднаго толькі ўрадніка і баяцца, аднаго яго паважаюць. А хто ўжо лепш можа дагадзіць ім, як не а. Кірыл? - зноў казала матушка. - І зямлю ім аддаў, і сенакос, і лякарствы дае, і добрым словам памагае. Ніколі ні ў чым ім не адмаўляе.

Праз паўгадзіны вярнуўся а. Кірыл, утомлены і хмурны.

- Ну, як жа іх, гадаў, не лаяць? - у гневе прамовіў а. Кірыл. - Чорт ведае чым кормяць хворую, і гаворыш ім, прыказваеш, не - сваё робяць!.. А гразь!.. Свінні, свінні!

Крыху супакоіўшыся, а. Кірыл сказаў да матушкі ціха:

- Зашлі ты ёй цераз Параску чаго.

- А ўсё-такі, а. Кірыл, вы многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы.

Айцец Кірыл махнуў рукою:

- Вось што, дрэгі: будзем абедаць.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка