Якуб Колас на ростанях кніга першая: у палескай глушы



старонка6/12
Дата канвертавання24.12.2016
Памер2.04 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

XVI

Шырокі гасцінец з двума радамі старых бяроз збягаў з горкі раўнюсенечкаю сценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым, здавалася, гусцей стаялі гэтыя развіслыя тоўстыя дрэвы, усё болей і болей зніжаліся яны, а потым зліваліся ў адзін шнур і замыкаліся сабою самімі, як бы ўпіраліся ў лес і хаваліся за лінію небасхілу.

Ёсць штось незвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасвецкіх шляхах Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губерні і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! З якой незвычайнай сілай парываюць яны да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Якая ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых шляхах і думалі свае думкі? Ці не ён, гэты летапіс часаў, так глыбока западае ў тваю душу, каб адбіцца ў ёй, знайсці свой пэўны вобраз і форму і грознаю маланкаю жахнуць цёмную ноч няволі, што звісла над краем? А можа, гэта таемная і страшная бясконцасць блукання па свеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сімваламі якіх з'яўляюцца гэтыя шляхі, авявае душу тваю невыразным хваляваннем і кліча яе зліцца з бяскрайнасцю зямлі? Ці то - няясны адбітак вечнага нездавалення людскога, таемны покліч да шукання іншых форм жыцця, несвядомае імкненне да лепшае долі? Ці то - парыванне душы разбіць нейкія граніцы і вырвацца на бязмежныя прасторы яшчэ нідзе неіснуючай волі?

Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад?

- Зірні, ты зірні: якое гэта прыгоства! - казаў Турсевіч сябру, паказваючы з ганка свае кватэры на роўны шлях і на ўвесь малюнак, што раскрываўся перад імі. - Які разгон, які прастор! Які вясёлы тон малюнка і колькі ў ім разнастайнасці! А вось гэтыя бярозы каля мае хаты: паглядзі, якія яны слаўныя!

- Я аднаго не разумею, - сказаў Лабановіч, любоўна агледзеўшы краявід. - У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд як аб краі бедным, заняпалым. І нідзе ты ў падручніках геаграфіі не знойдзеш больш-менш сталага апісання Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расеі. Чым яна слаўная? Нічым. Вось балоты ёсць, ды яшчэ на ўвесь свет вядомая хвароба - каўтун. І мы з гэтым легкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прымаем на веру, бо, як ты сказаў праўду, над намі пануе шаблон, шаблон пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы змест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго! - слова «стыдаемся» Лабановіч прамовіў з націскам, пры гэтым выраз яго твару змяніўся, а ў вачах загарэўся агеньчык нейкай злосці. У ім абудзіўся цяпер, хутчэй інстынктыўна, чым свядома, пратэст супраць зневажання і прыгнечання правоў народа, і ён, як сын гэтага народа, з якім чуў цесную сувязь, стаў на абарону яго правоў.

- Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я - англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, расеец і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы - беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх. Мы ведаем такое здарэнне з адным нашым знаёмым настаўнікам, да якога прыехала з дому матка. У яго былі госці. Ён пры гасцях не пасмеў пазнаць свае мацеры: «Ідзі ты, кажа, кабетка, на кухню: там цябе накормяць».

- Гэта - свінства! - адклікнуўся Турсевіч і плюнуў з нейкаю агідаю. - Баяўся мужыком здацца і выявіў сваё поўнае хамства.

Сябры некаторы час ішлі між прысад, а потым звярнулі на дарожку, гладка ўезджаную сялянскімі санямі, і пайшлі ў бок чыгункі.

- Я хачу паказаць табе даўнейшыя могілкі, - сказаў Турсевіч і павёў сябра ў невялічкі лясок на ўзгорку недалёка ад дарогі.

Дзе-нідзе на гэтых могілках тырчалі рэшткі крыжоў, панура нахіленых над зямлёю, і невялічкія гарбкі, закрытыя снегам. Між высокіх дрэў стаяла дзервяная каплічка з пабітымі вокнамі. Яна была пабудавана ў асобым стылі і мела арыгінальны выгляд. Яшчэ і цяпер па глухіх кутках Случчыны, напэўна, захаваліся такія каплічкі. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Дзервяны дашок яе прагніў і зяўраў чорнымі дзіркамі. Ухапіўшыся за выступ падваконня, Лабановіч зазірнуў у сярэдзіну каплічкі. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Усярэдзіне каплічка мела яшчэ досыць свежы выгляд, але ўсё ў ёй было пахмурным і страшным, і самі сцены, здавалася, сурова пыталі: «Чаго табе трэба тут, пустацікавец? Якое ты маеш права парушаць спакой гэтае святыні?»

- Каб я ўмеў маляваць, - сказаў Лабановіч, - я перанёс бы яе на паперу.

- Цікавая каплічка, - згадзіўся і Турсевіч. - Вось я і прывёў цябе сюды, каб паказаць яе. І ведаеш, якое было тут нядаўна здарэнне. Адзін тутэйшы абывацель з шляхты быў на паляванні. Сабака выгнаў ліса. Ліс схаваўся пад алтар каплічкі. Паляўнічы пачаў капацца і забіў ліска. Аб гэтым даведаўся бацюшка, падаў на суд за абразу святыні. Адным словам, завязалася цэлая громкая справа.

- А ведаеш, і мне не шкада, што гэтага паляўнічага на суд падалі, - адказаў Лабановіч. - Разумеецца, справа тут не ходзіць аб абразе, але сам па сабе гэты выпадак моцна скрабе сэрца: бедны звярок думаў знайсці сабе тут ратунак.

Сябры моўчкі ішлі з могілак. Відаць было, што кожнага паасобку займалі свае думкі. Лабановіч чуў нейкае засмучэнне і неспакой. Яго штось не здавальняла і кудысь цягнула. Магла быць тут прычынаю і тая акалічнасць, што, як яму здавалася, Турсевіч лепей вёў сваю школьную працу, і наогул яго школа рабіла ўражанне больш паспяховай школы. А можа, таксама мела значэнне іх скорая разлука, бо цяпер яны ішлі на станцыю, адкуль ён мусіць паехаць у сваю глуш.

- Што, брат, прыціх? - запытаў яго Турсевіч. - Чаго зажурыўся?

- Не заўсёды ж і вясёлым быць, - адказаў Лабановіч. - Ведаеш, брат, як пабачыў я тваю школу, твае заняткі, то мая школа ў параўнанні з тваёю нікуды не гадзіцца.

- Ха-ха-ха! - засмяяўся Турсевіч. - Ніколі твая школа не будзе адставаць, раз ты ёю так моцна цікавішся і прымаеш блізка да сэрца. Гэта ў цябе яшчэ з непрывычкі, з першага года. А я пераконан, што твая школа шмат лепш стаіць за многія.

- Што я табе хацеў сказаць, - прамовіў Лабановіч, - давай вясною, як скончацца заняткі ў школах, паходзім па Беларусі, азнаёмімся з ёю бліжэй. А свае назіранні запішам, збяром багаты матэрыял. Прыцягнем яшчэ ў сваю кампанію якога-небудзь фатографа, здымкаў цікавых наробім... Апрача смеху... Гэты план, разумеецца, распрацаваць трэба. Я толькі думку падаю.

- А што ты думаеш? Гэта было б цікава. Аб гэтым, брат, трэба падумаць сур'ёзна, яй-права!

- Ты ведаеш, - з жарам падхапіў Лабановіч, пачуўшы падтрыманне сябра, - гэта была б цікавейшая рэч! Мы б абышлі шмат школ, бліжэй пазнаёміліся б з настаўніцтвам, абудзілі б цікавасць да свайго краю. А самае важнае - мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, ведаць адну толькі цесную школу і траціць час на карты і папойкі, што звычайна робіць наш брат, так жыць нельга, бо для гэтага трэба наўперад задушыць у сабе голас сумлення, голас доўгу перад народам.

- Вучыцца нам, брат, яшчэ трэба многа, - зазначыў Турсевіч. - Я, напрыклад, думаю ў інстытут падавацца.

- І я чую, што трэба вучыцца, але сэрца маё ніяк не ляжыць да інстытута. Бо што такое інстытут? Гэта тая ж самая казарма-семінарыя, розніца толькі ў тым, што інстытут канчаткова заб'е ўсё яшчэ больш-менш жывое ў нашай душы, чаго не забіла семінарыя, і з настаўніка зробіць сухога кашчэя-чыноўніка.

Лабановіч у глыбі душы пачуў нейкую непрыязнь да сябра, бо, як яму здалося, Турсевіч штось задумаў, нязгоднае з тымі поглядамі, у якіх, як увесь час лічыў Лабановіч, яны не разыходзяцца.

І ўжо да самае станцыі сябры ішлі моўчкі, замкнёныя ў сабе саміх. Развіталіся яны сардэчна.

- Не забывай жа мяне, - сказаў на развітанне Турсевіч.

- Цяпер, брат, твая чарга даведацца свайго старога месца і старога прыяцеля, - адказаў Лабановіч.

XVII

- Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? - пытала бабка Лабановіча.

- Ой, бабка, добра гасцілася! «Было што піты і есты, але прынукі не было», - адказаў настаўнік на паляшуцкі лад.

- У мяне, панічок, капуста ад абеду засталася, можа, вы хлебанулі б крыху?

- Не, бабка, есці я не хачу.

- То, мусіць, вас той паніч добра частаваў?

- А як жа, бабка! Дзякаваць Богу, пачаставаў на славу.

- Ну, то і добра, панічок!

Да бабкі хтосьці прыйшоў. Яна зараз жа выйшла ў кухню, а Лабановіч сеў за вучнёўскія сшыткі. Перагледзеўшы, палажыў іх на месца і колькі разоў прайшоўся па пакоіку. Усе гэтыя часы ён чуў, што яму як бы чагось не стае. Чаго? Рэч вядомая: яму трэба пабачыць панну Ядвісю. Не: гэта не так. Яму проста хочацца пабачыць яе. Якая ж тут патрэба? Хіба ён мае сказаць ёй што?.. А чаму ж не мае? Ці ж гэта не была б праўда, каб ён прыйшоў і сказаў да яе: «Я прыйшоў да цябе, бо хачу бачыць цябе, хачу чуць твой голас: ён гучыць для мяне, як вясна; хачу пачуць твой смех, бо ён, як промень сонца асвятляе мне душу. Я прыйшоў да цябе, бо прывяло мяне сэрца».

«Не, дудкі, брат, ты гэтага не пасмееш сказаць ёй. Так можа сказаць Сухавараў, бо ў яго словы не ад сэрца і ні да чога яны не абавязваюць яго, - думаў Лабановіч. - Чым меней думаць, тым лепей. Проста захацеў пайсці і пайду».

Хвіліну ці дзве счакаўшы, Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Ніхто не ішоў адчыняць: або не чулі стуку, або не было дома.

Ён пастукаў мацней. Зараз жа пачуліся чыесь крокі. Дзверы бразнулі і адчыніліся.

- Ёсць хто дома? - спытаў настаўнік служанку пана падлоўчага.

- Пан з паняю паехалі ў Хатовічы, дома паненкі і Чэсь.

- Проша, проша! - падбегла Габрынька і папрасіла Лабановіча заходзіць далей.

Маленькая, жвавая смуглянка, здавалася, была вельмі рада госцю. Жывыя і бойкія вочкі яе так і свяціліся радасцю.

- Калі ласка, проша да пакоя!

Габрынька ўзяла лямпу і павяла госця ў прасторны пакой.

- Сядайце, калі ласка.

- Я, можа, не ў час зайшоў да вас і пашкодзіў вам у рабоце? - запытаўся Лабановіч.

- Барані Божа! Якая ж у нас работа?.. Вы так рэдка да нас заходзіце...

- Што маю права часамі і спыніць вашу работу, асабліва калі яна непрыемная?

- Работы, пане настаўніку, ніколі не пераробіш.

- Гэта праўда.

- Ці не можна ведаць, якая праўда? - вясёлым, маладым голасам прамовіла панна Ядвіся, падыходзячы да настаўніка. - Добры вечар, пане Лабановіч!

Ядвіся падала руку, ускінула на настаўніка свае чыстыя цёмныя вочы і затрымала на ім свой погляд, як бы штось чытаючы на яго твары.

- Што ж гэта вас не відаць нідзе? - прамовіла яна. - І да нас не заходзіце.

- Каб я да вас часта заходзіў, то, напэўна, не заўважыў бы, як вы пахарашэлі, - смеючыся, адказаў Лабановіч.

Ядвіся на міг апусціла вочы.

- Цяпер я вас разумею, - сказала яна. - Вы чакалі, покі я не пахарашэю, бо такую, якою вы сустракалі мяне першыя разы, вам непрыемна было бачыць? Праўда?

- А панна Габрыня за гэты час пастарэла, - не адказваючы на пытанне панны Ядвісі, сказаў Лабановіч.

- Ну, што гэта вы! Як бы раней намовіліся, - запратэставала маленькая Габрынька. - І татка называе мяне старэнькаю, і вы тое самае кажаце.

- А вы мне не адказалі, - стаяла на сваім Ядвіся. - Я ад вас не адступлюся, покі не адкажаце.

- Ну, то ў такім разе я ніколі не адкажу вам, бо мне вельмі будзе цяжка, калі вы адступіцеся ад мяне.

Ядвіся прыкінулася ўсерджанай і нецярпліва тупнула.

- З вамі ніяк нельга да праўды дайсці. А вось жа я адступлюся: хачу паглядзець, як вам будзе цяжка.

Панна Ядвіся адышлася і села на канапу.

Лабановіч перайшоў у цёмны куток пакоя.

- Куды ж вы схаваліся? - спыталася Габрынька.

- Я не хачу, каб ваша сястра бачыла, як мне цяжка.

Паненкі заліліся вясёлым смехам. Панна Ядвіся зняла з лямпы абажур і падышла да Лабановіча.

- Пакажыце, як вам цяжка?

- А цяпер мне зусім лёгка! - смяяўся Лабановіч.

- У вас сем пятніц на тыдні! - сказала Ядвіся і папрасіла яго бліжэй да лямпы.

Настаўнік і паненкі селі каля стала.

- Дзе ж вы былі і каго вы бачылі за гэты час, покі мы тут старэлі і харашэлі? - не вытрымала панна Ядвіся, каб не засмяяцца.

Лабановіч пазіраў на яе вясёлы і дапраўды пахарашэўшы твар, на гэтыя тонкія, прыгожа скругленыя бровы. Яму было прыемна ў кампаніі гэтых дзвюх мілых дзяўчынак.

- Перш-наперш прашу прабачэння, што не перадаў вам паклонаў ад Сухаварава і Турсевіча.

- Ну, як жыве пан Турсевіч?

- А чаму вы наўперад не запыталіся, як жыве Сухавараў? - запытаў Лабановіч і бачліва паглядзеў на Ядвісю.

Ядвіся і Габрыня пераглянуліся, усміхнуўшыся. Як відаць, у іх была гутарка аб Сухавараве, і яны знайшлі ў ім нешта такое, з чаго цяпер смяяліся.

- Вы не чулі, як пан Сухавараў грае на гітары? - спытала Габрыня, не вытрымала і залілася смехам.

Ядвіся стрымлівалася, паглядаючы на настаўніка. А потым і яна засмяялася, ды так заразліва, што і Лабановіч смяяўся, гледзячы на іх; нават малы Чэсь, які ўвесь час моўчкі сядзеў каля печы, мусіў смяяцца.

- Калі дазволіце, я скажу прычыну вашага смеху.

Сёстры адразу перасталі смяяцца.

- Ну, скажыце! - разам прамовілі яны.

- У вас была гутарка аб Сухавараве. Вы зацікавіліся - які выгляд мелі б губы пана Сухаварава ў той час, калі б ён граў на гітары і сам падпяваў бы.

Ядвіся апусціла галаву. Зірнуўшы на Габрыньку, яна не магла ўтрымацца ад смеху і дала яму поўную волю.

Лабановіч дагадаўся, што правільна зразумеў прычыну іх смеху.

- Што, праўда?

- Вы не аматар адгадваць, - адказала Ядвіся. - Усё гэта вы самі выдумалі.

- Панна Габрыня, напэўна, скажа праўду.

Габрыня зірнула на Лабановіча, потым на Ядвісю. Дзяўчаты зноў засмяяліся.

- Вы праўдзівы ці не? - нечакана запытала настаўніка Ядвіся.

- Чаму вы так пытаецеся? - здзівіўся крыху Лабановіч, пазіраючы ёй у вочы.

- Проста, мне цікава ведаць.

- Як бы я вам ні адказаў, усё роўна вы не паверыце.

- А чаму вы думаеце, што я вам не паверу?

- Каб вы мне паверылі, то, я думаю, вы не пыталіся б у мяне аб праўдзівасці.

- Але вы не ведаеце, ці веру я вам, ці не; не ведаеце, ці лічу вас праўдзівым. Мне проста хочацца ад вас пачуць, як вы думаеце пра сябе.

- Значыць, вы самі пра мяне ўжо думалі? - усміхнуўшыся, запытаў настаўнік.

Ядвіся крыху замяшалася, і ледзь прыметны румянец выступіў на яе шчоках.

- Калі вы спаткаеце чалавека, дык не можаце аб ім не падумаць, - сур'ёзна прамовіла яна.

Лабановіч на хвіліну задумаўся.

- Прызнацца, я ніколі не цікавіўся гэтым пытаннем. Тут, на Палессі, дзе людзей сустракаеш мала, можа, і задумаешся над кожным чалавекам, які ні пяройдзе перад тваімі вачамі. Але ў горадзе, дзе не паспяваеш больш-менш стала заўважыць твар кожнага стрэчнага, я думаю, што гэта проста немагчыма. Можа, дзе ў мазгах гэты працэс і выяўляецца, але ў нашай свядомасці ён дапраўды не адбіваецца.

- Я ў гарадах не была, - адказала панна Ядвіся, крыху нахмурыўшыся.

- Ах, Ядвіська! Што ж гэта мы: і не падзякавалі пану настаўніку за кнігі.

- Выбачайце, я і забылася. Вельмі дзякую вам, - прамовіла Ядвіся.

- А вы прачыталі іх?

- Даўно прачыталі, - адказалі дзяўчаты.

- Я яшчэ прынясу, калі кнігі вам спадабаліся.

Служанка прынесла самавар. Селі піць чай.

- Ну, а як жа спадабаліся вам кнігі? - пытаў Лабановіч паненак за чаем.

- Вельмі цікавыя кнігі! - сказала Габрынька. - Мы іх чыталі цэлымі вечарамі.

- Ці гэта ўсё была праўда, што там напісана? - спытала Ядвіся.

- Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. І кожная звычайная з'ява жыцця, калі ахінуць яе ў прыгожую форму і асвятліць больш-менш яскрава тым ці іншым светапоглядам і пры гэтым яшчэ вызначыць тыя, часта непрыметныя пружыны выяўлення нашай душы, што звычайна не ўлоўліваюцца нашым вокам, - можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавядання. Хоць бы ўзяць для прыкладу вас. Можна б было, - каб знайшоўся такі, разумеецца, мастак, - цікава напісаць, як у глухім Палессі гадаваліся і раслі дзве красуні сястры. Гэтыя дзяўчаткі хочуць вырвацца на шырокі прастор жыцця, бо іх забівае і губіць гнілое паветра палескіх балот і гразь розных падонкаў культуры. Вось вам аснова апавядання, драмы і чаго хочаце. А ўжо справа самога пісьменніка дадаць тыя ці іншыя завязкі, узяць той ці другі тон, гледзячы па яго здольнасці... Для яго тут расчыняюцца шырокія магчымасці.

- Хоць бы ўжо вы не смяяліся з нас, пане Лабановіч, - засмучана адказала панна Ядвіся.

Лабановіч звярнуў увагу, што ён закрануў нейкія балючыя струны ў Ядвісі.

- А вы ўзялі б дый напісалі б аповесць аб дзвюх сёстрах, - сказала хітра Габрыня. - Напісалі б, што ў іх быў стары сабака Негрусь, у якога заўсёды цяклі з роту сліні...

Габрыня не магла гаварыць далей з-за смеху. Гэты смех перайшоў і на Ядвісю, і Лабановіча, бо Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на яго і наогул быў смешнаю псінаю.

- А я вам чагось не сказала, - гаварыла Ядвіся на развітанне настаўніку.

- Ну, скажыце!

- Не, скажу другім разам.

XVIII

Гэты вечар прайшоў вельмі хутка.

У тую хвіліну, калі Лабановіч вярнуўся ад пана падлоўчага, гадзіннік якраз збіраўся выбіваць час. Пашумеўшы і паскрыпеўшы, колькі яму было трэба, ён прабіў роўна поўнач. Настаўнік запаліў лямпу, узяў кнігу: ён меў звычай чытаць перад тым, як заснуць. Але з кожнага радка на яго пазірала панна Ядвіся, і чытаў ён зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок, ад слова на слова, а думаў пра Ядвісю.

«Не, з гэтага чытання нічога не выходзіць», - схамянуўшыся, падумаў Лабановіч.

Ён закрыў кнігу і колькі хвілін ляжаў нерухліва. Спярша ён чуў, як нейкае задаваленне прыемна запаўняе яго ўсяго, бо ў гэты вечар прымеціў, што панна Ядвіся ім вельмі цікавіцца. Яе акруглыя цёмныя вочы затрымліваліся на ім часта і доўга, то радасныя, то ясна-спакойныя, то крыху як бы засмучаныя, і глыбока западалі яму ў самае сэрца, хвалюючы яго. Усе словы яе, сказаныя ў гэты вечар, цяпер прымалі асаблівае значэнне, здаваліся мнагазначнымі, яшчэ яскравей выяўлялі вобраз гэтае дзяўчыны і яшчэ з большаю сілай захаплялі маладога настаўніка...

Але і другая думка зараз жа зачала сваю работу ў яго галаве і як бы клікала паглядзець на гэту справу іначай. Калі гэта яшчэ не зусім расцвіўшая краска палюбіць яго з усёю сілай першага кахання і даверыць яму сваё сэрца і маладосць і ўсё сваё жыццё, тады што?

І перад ім пачалі вырысоўвацца іншыя вобразы, і думкі яго пайшлі ў другім кірунку. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляю малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы і тым самым адсеч сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе? Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. І вось на гэтай дарозе ўжо ўстала адна перашкода... Але ці так гэта? Чаму перашкода? Ці не ёсць гэта адна з тых жыццёвых прыгод, якія аздабляюць жыццё? Не ўсе з'явы жыцця вымагаюць такога падыходу, бо тады яны страчваюць сваё хараство, сваю цэльнасць і вартасць. Да іх трэба падыходзіць проста, беспасрэдна. Каб так разважала пчала, яна, можа, і не затрымалася б каля краскі. Не заўсёды можна разважаць над пытаннямі: а што з гэтага выйдзе? чым яно скончыцца? І ці не ёсць ва ўсіх гэтых прыгодах адзнака нейкага закону жыцця, агульнага і прыватнага, які пільна стаіць на варце інтарэсаў жыцця і строга сочыць за тым, каб не парушалася яго раўнаважнасць?

Гэтыя думкі крыху закалыхалі і заспакоілі настаўніка, а вобраз Ядвісі так і стаяў уваччу, як бы смеючыся з яго разважанняў.

Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага.

- Добрая душа гэта паненка, - казала бабка і ўздыхала. - Уся ў матку пайшла... Не даў ёй Бог яшчэ пажыць трошкі, дзетак падгадаваць.

- Чаго ж яна, бабка, так рана памерла? - пытаў бабку настаўнік.

- Памерла, панічок... На ўсё воля Божая.

Панізіўшы голас, як бы баючыся, каб яе хто не пачуў, бабка казала:

- Ой, панічыку, цяжка ёй жылося з панам! Біў яе пан! Ды як яшчэ біў! У нябожчыцы пані былі пышныя валасы. Як распусціць, бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Ой, была жанчына, няхай са святымі супачывае яе душачка! Сама я, панічыку, бачыла, як біў яе раз пан. Узяў за косы, яшчэ на руку накруціў і вёў праз двор у пакоі. А што ён там рабіў ужо ў пакоі, то людзі таго не бачылі.

- Завошта ж ён біў яе?

- Ой, панічыку, натура ў пана цяжкая! Ой, цяжкая натура! Калі ўжо ссунуцца бровы і вусы абвіснуць, ну тады дабра не спадзявайся. Як бы на яго што найдзе. А так чалавек ён не кепскі. І пагаварыць любіць, і пашуткуе, і пасмяецца. Папросіш чаго, ніколі не адмовіць. І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Не даў Бог долі беднай пані. Старэйшай паненцы тады толькі дзесяты гадок пайшоў. А без маткі, панічок, самі ведаеце, цяжка жыць. Праз год ажаніўся пан другі раз. Добрая пані, што казаць, панічок, але для дзяцей - не родная матка.

Такія ўмовы сямейнага жыцця балюча адклікаліся на дзецях, асабліва на мяккай натуры панны Ядвісі, але яна была дзяўчына сукрытая, мела характар замкнёны і не жалілася на сваю долю. Дый каму было тут жаліцца? І смутак дзяцінства яна глыбока затаіла ў сэрцы, каб аб ім нават не дагадваліся людзі, бо пры ўсёй мяккасці свае натуры панна Ядвіся была гордая дзяўчына. І толькі на адзіноце з сабою давала яна волю сваім невясёлым думкам. Аб чым тады думала яна? А пэўна былі ў яе тыя ж думкі, што бываюць і ў нявольніка за мураванымі сценамі, якому так прынадна ўсміхаецца воля. Розніца толькі ў тым, што гэта воля добра вядома яму, тады як жыццё за межамі гэтых панурых лясоў і зацятых у сваёй маўклівасці балот Палесся было для Ядвісі яшчэ не зусім ясным і, стала быць, яшчэ больш павабным і прыгожым.

Але як бы там ні было, панна Ядвіся часамі бегала на колькі хвілін да старой Мар'і, не затым, каб паскардзіцца на свой смутак, а проста пагутарыць з ёю. Забягала яна ў тыя часы, калі Лабановіч быў на лекцыях, і то ўкрадкам, з усімі перасцярогамі, каб не спаткацца з настаўнікам. Бабка была кабеціна добрая, чулая на чужое гора і ўмела знайсці тыя простыя жывыя словы, што ішлі да душы, гаілі і заспакойвалі яе. Гэтыя пабачэнні доўгі час адбываліся цішком ад настаўніка, і бабка, якая ні была яна гаваркая, ніколі не казала аб іх «панічу», хоць таксама была моцна аддана яму.

Што ж цягнула панну Ядвісю да гэтае простае кабеціны? Трэба сказаць, што старая паляшучка была бабка добрая, спагадная і сваім простым сэрцам разумела, чаго бракавала маладой дзяўчыне, так рана страціўшай родную матку. Водгук на чужое гора жыў у яе сэрцы, бо і сама яна многа зазнала гэтага гора на сваім вяку, рана застаўшыся ўдавою з малымі дзецьмі. І трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што гаюча ідуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Скуль жа бяруцца гэтыя сілы, гэтыя ўласцівасці душы? Напэўна, з крыніц свайго гора і цяжкага змагання з жыццём за людскія правы, з гэтай цэльнасці наіўнай веры ў справядлівасць расплаты на тым свеце за ўсе пакуты на зямлі.

З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік, як ён часамі пакрыкваў на вучняў, сярдуючы на іх някемлівасць або праз меру падняты шум, каб потым задзівіць яго пераказамі таго, што рабіў ён у школе і як трымаўся з дзецьмі. А тонкая сцяна між кухняю і школаю дазваляла чуць усё, што рабілася ў школе. Ядвіся часта прыпыняла гутарку са старожкаю і прыслухоўвалася. Як толькі канчалася лекцыя і школа адразу ўздыхала вальней сваім шумам, Ядвіся, даўшы бабцы знак маўчаць, як спуджаная дзікая птушка, кідалася ў дзверы і знікала між будынін свайго двара, адкуль часта чуўся яе малады сакавіты голас і звонкая песня. А бабка, гледзячы ёй услед, сама сабе ківала галавою і смяялася доўгім ціхім смехам.

- Смешная, вясёлая паненка! - зазначала бабка.

Апавяданне бабкі аб доме пана падлоўчага зрабіла моцнае ўражанне на маладога настаўніка. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ў яго ўяўленні, а дапытлівая думка імкнулася ўнікнуць ва ўсе схованыя пружыны гэтае драмы чалавечай душы. І гэта трагедыя людскога жыцця авявала і вобраз панны Ядвісі, атуляла яго нейкай няяснай заслонай тайнасці цёмнай палескай глушы. І сама гэта глуш усё выяўней прымала своеасаблівы воблік, як нешта само сябе здавальняючае і існуючае сваім уласным жыццём, таемна пераплятаючыся і лучачыся з людскім лёсам.

Застаючыся на адзіноце з самім сабою, Лабановіч часта думаў аб Ядвісі. Ён нават размаўляў з ёю ў думках. І гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Ядвіся так міла і крыху хітравата пазірала на яго і смяялася. Яму самому рабілася так добра і ціха на душы ад гэтае размовы. Ён чуў, што нешта прыемнае ўліваецца ў душу і грэе яго сэрца. Але пры спатканні з Ядвісяю ён ніколі не выказваў таго, што гаварыў ёй без яе. Не то сарамяжлівасць яшчэ чыстага сэрца, не то нейкая асцярога стрымлівала сказаць ёй усё, што было на душы.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка