Якуб Колас на ростанях кніга першая: у палескай глушы



старонка8/12
Дата канвертавання24.12.2016
Памер2.04 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

XXIII

У гэты вечар Лабановіч быў у нейкім асаблівым настроі. З чаго складаўся гэты настрой, ён і сам не мог сабе вытлумачыць. Нейкае нездаваленне, няяснае адчуванне бяссэнснасці такога жыцця, якім жыве ён, пачуццё адзіноты пачынала закрадацца ў душу. Настаўнік чуў, што яму чагось не стае, чуў, што яму трэба нешта зрабіць, чымся заняцца. Чым? Ён думаў, разважаў, але добрага адказу на гэта пытанне, які мог бы задаволіць яго, не знаходзіў.

Не! Трэба куды-небудзь пайсці, проста зняцца з месца і ісці. Але куды пайсці? Зайсці да каго? Настаўнік перабраў у памяці сваіх тутэйшых знаёмых. Ну, усё роўна, куды ні накіравацца! Ён узяў табачніцу, падлажыў тытуну, каб закурыць у часе вандравання, і стаў збірацца, не ведаючы, куды пойдзе. Добра было б даведацца да якой блізшае школы, але бліжэй як за пятнаццаць вёрст нідзе не было тут школы. Ён ужо адзеўся і сабраўся як мае быць.

- Вам ліст, панічок, прынеслі ад старасты! - прамовіла бабка, увайшоўшы ў пакойчык.

Зірнуўшы на канверт, на добра знаёмы характар рукі свайго блізкага сябра, Лабановіч распрануўся і пачаў чытаць.

Бабка стаяла, падпёршы рукою шчаку, і назірала за выразам твару настаўніка. Паміж іншым, сябар пісаў, як яго падпаілі і хацелі ажаніць з адною дзяўчынаю, сваячкаю нейкага дыякана, і як яму прыходзілася выратоўваць незалежнасць свае асобы, для чаго ён збег самым нечаканым чынам і ў самую рашучую хвіліну.

Вясёлая ўсмешка асвятляла твар Лабановіча. Гледзячы на яго, смяялася і бабка.

- Ад каго ж, панічыку, такі ліст? - запытала цікавая бабка.

- А гэта, бабка, піша адна паненка. Піша, што калі прыеду да яе ў сваты, то пойдзе за мяне адразу, - адказаў ён.

- А што ж, панічыку, думаць? Абы дзяўчына была добрая, - крыху пакрыўдзіўшыся, заўважыла бабка.

У канцы ліста сябар зрабіў прыпіску. Ён паведамляў аб смерці сябра, што разам з імі скончыў семінарыю. Гэта вестка моцна ўразіла Лабановіча. Няўжо гэта праўда? Андрэй Лабузька, той самы Лабузька, чыё прозвішча так блізка стаяла да яго прозвішча ў спісе, няўжо ён памёр? Ці можа гэта быць?

І вобраз маладога хлопца, сакаўнога, поўнага жыцця, сілы, устаў, як жывы, перад Лабановічам. Успомніўся яму цяпер адзін пусты, нязначны выпадак, калі ён, жартліва праракаючы лёс сваіх сяброў, сказаў вясною мінулага года:

- Ты, Лабузька, нядоўга пажывеш на свеце!

Гэта гаварылася дзеля смеху, бо вельмі трудна вязалася думка аб смерці Лабузькі з самім Лабузькам, так многа было ў ім здароўя і жыцця!

Лабановіч апусціў галаву і сядзеў нерухліва. Нядаўні смутна-няясны настрой цяпер забыўся. Зусім іншыя думкі выклікала ў ім гэта вестка аб смерці Андрэя. Няпэўнасць і нязначнасць людскога лёсу і гэта смерць, смерць усёмагутная і неадхільная, як злая здань, пачынала трывожыць яго і зноў ахапіла ўсю істоту.

Лабановіч уставіўся ў адзін пункт і колькі хвілін пазіраў, не міргаючы вачамі. Патрывожанае ўяўленне вельмі жыва намалявала яму вобраз мёртвага Андрэя. Нерухлівы. Скрозь сіняватую плеўку вечка вытыркаюцца пагаслыя вочы. Губы цесна зацяты, і смерць адбіла на іх пячаць сваю. Мярцвячая бледнасць і жаўцізна разліты на твары... Гэта - чалавек! Гэта - тая неспакойная форма, у якой так часта змяняецца змест! Нейкі гаспадар пакінуў яе. Яна перш называлася чалавек. Андрэй Лабузька, а цяпер - труп!.. Дзе ж гэтыя парыванні-імкненні? Дзе яны? І куды дзеўся сам гаспадар? Што ёсць там, па другі бок?..

Лабановіч жахнуўся. Ён як бы пачуў, што нехта неадхільны, грозны і няўмольны замахнуўся над ім цяжкаю булавою і вось-вось апусціць яе на галаву. А ён такі мізэрны, такі нікчэмны, што нават голас пратэсту, нават голас просьбы не можа сарвацца.

Бабка пазірала на настаўніка. Яе таксама ахапіў нейкі страх; такая відочная змена зрабілася раптоўна з «панічом», і выгляд у яго нейкі дзіўны.

Яна павольненька адступіла на крок, бліжэй да дзвярэй, не зводзячы з яго вачэй. Крыху пастаяўшы, яна паківала сама сабе галавой і ціхенька выйшла з пакойчыка. Стоячы за дзвярамі ў кухні, яна колькі хвілін прыслухоўвалася. Але настаўнік трымаўся ціха. Бабка крыху заспакоілася.

Лабановіч устаў і прайшоўся па пакоіку. Думка аб неадхільнасці смерці моцна ўзрушыла яго і засела ў мазгах.

«Калі б я сказаў каму: асцерагайцеся мяне - я нашу ў сабе смерць, напэўна, на мяне паглядзелі б, як на вар'ята, і ва ўсякім разе спужаліся б, - падумаў Лабановіч. - І тым не меней гэта так. Але чаму ж людзі аб гэтым не думаюць?.. А можа, і думаюць і напэўна многа думаюць, толькі думкі гэтыя трымаюць пры сабе, бо што казаць пра іх таму, хто і сам мае такую ж долю?»

Ранейшыя думкі аб смерці зноў прыйшлі цяпер яму ў галаву. Часамі ідзеш у дарозе. Дарога трудная, ногі баляць, а дадому яшчэ далёка. І думае падарожны: «Будзе ж такі момант, калі я ступлю на парог свайго дома, і скончыцца мая дарога». «Таксама будзе, - разважаў Лабановіч, - такі момант, калі я ступлю апошні крок майго жыцця, апошні момант, а там - смерць, там - канец!.. А далей што? Далей - цёмная і жудасная ноч нябыту. А калі гэта так, то ці варта наогул жыць? Жыць, каб памерці?»

Паставіўшы такое пытанне, Лабановіч задумаўся. Ён ніяк не мог пагадзіцца з думкаю аб смерці. У гэты момант яна была для яго найбольшым ворагам на свеце і як бы засланіла сабою ўсё, здушыла яго, замкнула ў нейкі цёмны і цесны круг.

Ніхто не хоча паміраць, ніхто. Тут яму ўспомнілася панна Ядвіся. Колькі разоў чуў ён ад яе, што яна вельмі хацела б памерці. Лабановіч ніколі не даваў ёй у гэтым веры, бо цвёрда быў пераконаны ў тым, што кожнаму хочацца жыць, як бы яму цяжка ні жылося на свеце. Нават глыбокая старасць не хоча ісці ад жыцця. І сказанні народа пацвярджаюць гэта. Як вядома са Святога пісання, Матусал жыў больш за ўсіх на свеце. У часе сканання з'явіўся яму Бог і спытаў:

- Вось ты меў доўгі век. Скажы ж мне, як здоўжылася табе жыццё?

- Мне здаецца, што я ўвайшоў у дзверы аднаго дома, прайшоў праз яго і выйшаў у другія - так уяўляецца даўжыня майго жыцця.

- Ну, а ці хацеў бы ты яшчэ жыць?

- Хацеў бы, Божачка.

Падумаўшы, Матусал запытаў:

- Божа! А ці трэба ўміраць другі раз?

- Трэба, - адказаў Бог.

- У такім разе я не хачу жыць болей.

Людская мудрасць, такім чынам, зазначае, што страх смерці мацней жыцця, мацней самое смерці. А самагубцы? Жыццё дае многа прыкладаў, калі людзі самі накладаюць на сябе рукі. Як зразумець гэта?

Калі чалавек любіць жыццё, дык што змушае яго на самагубства. Кажуць, у чалавека слабая натура, яму бракуе сілы змагацца з нягодамі жыцця. Калі і сапраўды натура яго слабая, скуль жа гэта сіла перамагчы страх смерці і падняць на сябе руку?.. Нейкая недарэчнасць. Адно супярэчыць другому.

Лабановіч зацікавіўся гэтым пытаннем, яму хацелася як бы стаць на месцы гэтых самагубцаў і паглядзець іх вачамі на справу жыцця і смерці. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства - адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. А ўсе, наогул, імкнуцца выбраць найболей лёгкі спосаб расквітання з жыццём. І яшчэ некаторыя з іх маюць звычай пакідаць перад гэтым запіскі, кароценькія, а то і доўгія. Лабановіч нядаўна чытаў у газеце запіску аднаго самагубцы. Ён пісаў: «Каб не так страшна было ўміраць, трошкі выпіў».

Нечакана для самога сябе, Лабановіч чамусь доўга затрымаў свае думкі над самагубцамі і самагубствам, непрыметна пачаў уваходзіць у ролю самагубцы.

«А што такое смерць? Момант - і больш нічога няма. Тады і думаць аб смерці не прыйдзецца, і нічога чалавеку не трэба будзе», - разважаў ён.

Нічога не помнячы і не даючы сабе яснага адказу ў тым, што ён робіць, нічога не ведаючы, што ён будзе рабіць, Лабановіч адчыніў шуфлядку ў стале. У самым канцы шуфлядкі, завалены паперамі і кнігамі, ляжаў рэвальвер, просценькі, на шэсць патронаў рэвальверчык. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка.

Цяпер гэты рэвальвер у яго вачах меў зусім другі выгляд і значэнне. Узяўшы яго ў рукі, настаўнік аглядзеў рульку, адкуль выглядала куля.

«Вось толькі прыставіць да віска, паціснуць дужку, узвёўшы гэту брамку, - і болю не пачуеш!.. Не, боль, напэўна, будзе, але ўсё гэта зробіцца так борзда, што мозг не паспее вызначыць выніку падзеі».

Нейкія злачынныя думкі навялі як бы туман на маладога хлопца і прычаравалі яго да свайго страшнага круга.

Ён зноў узяў рэвальвер. І цікава: нейкую ўладу меў цяпер гэты рэвальвер над настаўнікам. Яго прыцягала і гэта кулька, што выглядала з рулі, як галоўка нейкага гада. Ужо колькі разоў пазіраў ён на яе. Але раптоўна нейкі промень асвятлення бліснуў у галаве. Ён адкінуў ад сябе рэвальвер. Халодны пот выступіў на лбе. Цяпер толькі заўважыў Лабановіч, што рукі яго трэсліся, як бы па яго душы прабег нейкі віхор, усё засцілалася нейкім туманам. Ён пачуў вялікую палёгку, нібы пасля цяжкае хваробы, а ўсё тое, што пранеслася так нядаўна перад ім, здавалася нейкім сном.

- Панічыку! - пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка. - Мусіць, вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі?

Настаўнік моцна здзівіўся.

- Чаму ты, бабка, так пытаеш?

- Відаць было, панічыку, па вас, - прамовіла яна, акінуўшы яго бачлівым поглядам. - І ведаеце, панічыку, - таемна прамовіла бабка, - я ізноў вам шаптала! Шаптала, далібог, шаптала! Вы любіце шуткаваць з мяне і з маіх шэптаў, а я ўсё ж шаптала вам, бо мне стала вас шкада.

- А проці чаго ты мне шаптала? - запытаў зацікаўлены настаўнік.

Бабка глядзела на яго колькі хвілін.

- Каб адхіліліся ад вас нядобрыя мыслі, - ціха прамовіла бабка, гледзячы настаўніку ў вочы; яна як бы хацела штось адгадаць у іх.

Лабановіч пачуўся так, як бы яго злавілі ў чымсі непрыемным. Непрыемна было і тое, што бабка ў гэты момант мела над ім перавагу.

«Цікава», - падумаў настаўнік.

Цяпер нябожчык Андрэй як бы адышоўся ад яго, а разам з ім адышліся і думкі аб смерці.

«На свеце, мусібыць, усё робіцца шмат прасцей, як гэта нам здаецца», - заключыў ён свае думкі аб смерці.

XXIV

Златаіскрыя вобразы, як усмех вясны, момантамі ўставалі ў памяці Лабановіча, хвалявалі яго, асыпалі праменнямі радасці і разгортвалі прад ім малюнкі не так даўно мінулага дзяцінства. Яны прыходзілі самі, аб чымсі гаманілі і кудысь клікалі, пакідалі ў душы лёгкі след засмучэння. Аб чым? Аб нейкай страце, аб тым, што не вернеш і што складае скарб, дарагі скарб памяці. Ён бачыў дубы на беразе Нёмана, крэпкія, пышныя дубы з развіслымі вярхамі. На жаралістых камлях гэтых дубоў адбіла свае пячаці несупынная плынь часоў. Яму ўсміхалася светла-сіняе неба і яркім блісканнем асвятляла далёкія прыгожыя вобразы: пахучы луг, роўныя пакаты ўзгоркаў у мутна-сіняй далі, старую хвою з буславым гняздом... Бліскучы дзень, таемнае грукатанне надземных абшараў - гоман-воклік грознапавабных хмар, што шырокаю сцяною засланялі неба і выбухвалі купчастымі клубкамі бела-ружовых воблакаў... Не! Іх не зловіш, не замацуеш словамі, але імі жыве-гарыць душа!

Лабановіч адчуваў нейкую радасць. Яму было лёгка і прыемна. Ён чуў, як моцна звязан ён з жыццём. Яму па душы было гэта адзіноцтва, гэты лес і дарога, па якой ён цяпер ішоў. Куды ён ішоў? Нікуды. Яму проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі, на старасвецкія дубы па краях палянкі. Ён многа разоў хадзіў тут і цяпер дзівіўся сам сабе, як гэта не зварачаў ён раней увагі на тыя малюнкі, якія бачыў прад сабою цяпер. Вакол было ціха і глуха. Усюды ляжаў снег, але ў паветры патыхала чымся новым, і чулася скорая вясна. Лабановіч сеў на роўна спілаваны пень, сядзеў і штось думаў. Але хіба гэта былі думкі? Не, перад ім праходзілі вобразы за вобразамі, цэлы іх шнур плыў і плыў у яго ўяўленні. Так праседзеў ён некаторы час, пакуль не пачуў глухі тупат конскіх ног і лёгкае шорганне і пасвістванне вузкіх, кованых жалезам палазоў. Ён падняў галаву. Бойкі конік, што дружнаю рыссю зараз жа выскачыў з-пад навіслых ялін на прасторную палянку, борзда імчаў лёгкія прыгожыя сані, у якіх звычайна ездзіць заможная шляхта або сярэдняй рукі панкі. На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка, надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў і разрумяніў ёй шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і жыццём. Яна кінула зацікаўлены погляд на незнаёмага хлапца. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Яна шпарчэй пагнала каня. У колькі хвілін вазок знік з вачэй Лабановіча, зноў ускочыўшы ў лес пад шалаш калматых ялін і хвой. Але ён паспеў разгледзець і запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося Лабановічу.

«Напэўна, гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, - падумаў Лабановіч. - Ну, не такая ўжо яна цікавая, як можна было б спадзявацца». Тым не меней ён устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына. Праўда, ён пайшоў не дзеля таго, што ў гэты бок паехала завітанская красуня, ён проста падаўся дадому. Але, сказаць праўду, у яго такі была думка - а можа, ён спаткаецца з ёю. Усё ж было б цікава паглядзець на яе яшчэ раз, разгледзець лепей. Ды ўжо, калі на тое пайшло, трэба зрабіць так, каб і на мезены палец не даць падумаць ёй, што ён шукае спаткання або зацікавіўся ёю. Не, няхай на гэта яна выбачае. Ён проста зробіць так, каб гэта выйшла зусім выпадкова. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць.

У Абрама была чыстая каморка, куды часамі заходзілі больш важныя госці, чым простыя цельшынцы, якія звычайна таўкліся ў агульным памяшканні-карчме, яшчэ па старому звычаю, калі Абрам трымаў шынок. Увайшоўшы ў гэту каморку, Лабановіч раптоўна спыніўся: за столікам сядзела тая самая дзяўчына, якая нядаўна праехала і аб якой ён усё ж такі думаў. Яна разглядала карталюшкі, якія падаў ёй стары шынкар, і падрахоўвала лічбіны. Лабановіч ніяк не спадзяваўся спаткаць яе тут і прыйшоў у такое замяшанне, што не ведаў, як яму быць: далей ісці ці вярнуцца назад. Панна Людміла - бо гэта была яна - зараз жа падмеціла яго нясмеласць і замяшанне, і гэта ёй, як відаць, спадабалася. Яна ўскінула на яго свае сінія вочы. Лёгкая ўсмешка бліснула на яе твары. І гэта ўсмешка як бы казала: «А я і ведала, што ты да мяне прыйдзеш». Панна Людміла была крыху знароўлена кавалерамі, бо ўсе яны ў тутэйшай акрузе лічылі сваім абавязкам аддаць ёй падатак свае кавалерскае ўвагі. Адзін толькі Лабановіч ухіляўся ад гэтага і ўпарта не хацеў пазнаёміцца з ёю.

«Напэўна думае, што я шукаю спаткання», - падумаў настаўнік і яшчэ больш замяшаўся.

- Выбачайце! - прамовіў ён, крута павярнуўся і выйшаў вон з каморкі.

«Як дрэнна і па-дурному выйшла ўсё гэта, - разважаў сам з сабою Лабановіч. - Выходзіць так, як бы я збаяўся яе і збег. Фактычна гэта так і ёсць. І яна, напэўна, смяецца з мяне. І другім яшчэ раскажа». Ён моцна быў нездаволены сабою, бо трымаўся, як які-небудзь школьнік у прысутнасці дзяўчыны, што хоць і незнаёма з ім, але добра ведае яго, як ведае і ён яе. А панна Людміла, застаўшыся адна, шчыра пашкадавала аб тым, што гэты дзівак так неспадзявана знік адгэтуль, як неспадзявана і з'явіўся тут. Ёй цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які шчэ аж дасюль не быў у Завітанках. З другога боку, ёй чулася і нейкае зняважанне яе дзявочае асобы, бо ніякі кавалер не зрабіў бы таго, што зрабіў гэты пустэльнік, як у сваіх думках называла панна Людміла цельшынскага настаўніка.

Выйшаўшы на вуліцу, Лабановіч пачуў незвычайны крык і лаянку. Супраць стараставай хаты стаяла грамада палешукоў. Усярэдзіне яе метушыліся два палешукі, пабраўшыся загрудкі. І па меры таго як пасуваліся байцы, расступалася і грамада палешукоў, даючы ім месца. Зацікаўлены Лабановіч прыбавіў кроку і накіраваўся да грамады. Першы кінуўся яму тут у вочы Лявон Шкурат. Ён быў бледны, без шапкі, адна шчака яго была акрываўлена. Але ён моцна трымаў свайго праціўніка, Кандрата Куксу, стрыечнага брата старасты. Тут жа ў якасці наглядальніка стаяў і сам стараста.

- Як вам не брыдка, мужчыны, - звярнуўся Лабановіч да грамады. - Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх!

Некаторыя з палешукоў, якія стаялі бліжэй, прыветна ўсміхнуліся настаўніку, некаторыя падалі яму руку. Другія былі захоплены бойкаю і не звярнулі на настаўніка ніякай увагі. А Шкурат і Кукса куксілі адзін аднаго, і не знайся. Стараста, як і ўсе іншыя, таксама трымаў строгі нейтралітэт.

- Стараста! Які ж вы начальнік? - напаў Лабановіч на Рамана. - Як жа вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога?

Стараста правёў рукавом па носе, састроіў сваю звычайную кіслую міну і важна прамовіў:

- Не трэба, панічок, мяшацца. Няхай сабе яны патузаюцца - самі разыдуцца. Умяшайся - горш будзе.

- Госпадзі! Што вы за людзі такія!

Лабановіч, праціснуўшыся скрозь грамаду, апынуўся побач з байцамі.

- Што вы робіце, дурні?! - крыкнуў ён раз'яраным байцам і стаў паміж імі.

- Ён маю юшку ўкраў, чорт каравы, ды яшчэ біцца са мною будзе?! - крычаў Лявон Шкурат.

- Ты мяне злодзеем называеш, дзяркач ты смярдзючы?! Адыдзіся, паніч!

Кандрат Кукса замахнуўся. Лабановіч і сам пачуў нейкую злосць і таўхануў яго ў грамаду, а сам схапіў Лявона і борздзенька адвёў яго ў другі бок. Палешукі ўзварухнуліся, прытрымалі Кандрата.

- Завошта вы біліся, Лявон? - спытаў настаўнік.

- Юшку маю забраў.

- Якая гэта твая юшка? Калі хочаш ведаць, дык гэта казённая юшка: ты яе са школы ўзяў, як школа будавалася, - казаў усё яшчэ сярдзіты Кукса.

- А каб яна ж згарэла была, гэтая праклятая юшка, - сказаў Лабановіч. - Ну, падумайце, паварушыце мазгамі: ці варта гэта юшка, каб з-за яе так калаціцца? Ну, колькі яна каштуе?

- Рубель я заплаціў за яе, - адказаў Лявон.

- Украў ты яе, а не рубель заплаціў!

- Ну, на табе рубель, супакойся і ідзі дадому. Ляж на печ і ляжы, покі не астыне твая кроў.

Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону.

Лявон узяў рубель і пашыбаваў у сваю хату.

- Бярэ рубель, - з зайздрасцю прамовіў Кукса, - а каб цябе, гад, за жывот узяло.

Лабановіч таксама пайшоў да сябе ў школу, думаючы, што ён зрабіў вельмі добра, і нават ганарыўся сваім учынкам.

Вечарам таго ж самага дня, калі ўжо было цёмна, з вуліцы зноў пачуўся крык і лямант. Бабы плакалі і галасілі, як па нябожчыку.

- Лявона забілі, панічыку! - сказала бабка, ускочыўшы ў пакой.

- Хто забіў?!

- Кукса. Узяў аскабалак і каравуліў Лявона. Як толькі той паказаўся, цопнуў па галаве, - нават не пікнуў.

Лабановіч выскачыў на вуліцу. Там былі людзі. Сярод вуліцы на брудным снезе ляжаў нерухомы Лявон. Над ім галасілі бабы.

- Не трэба было, панічыку, мяшацца, - аўтарытэтна зазначыў стараста, - у нас гэта не першыня, паб'юцца і разыдуцца. Набярэцца паганая кроў, трэба ж яе выпусціць, і тады ўсё ціха і лагодна.

Лявон, праўда, быў толькі аглушан, паляшуцкі чэрап быў яшчэ досыць крэпкі, каб Лявон не мог ачухацца і падняцца на ногі.



XXV

Выходзіла так, што стараста казаў праўду. Гэтага здання, напэўна, трымалася і ўсё цельшынскае насельніцтва... І які чорт падбіў яго прыткнуць і свае тры грошы? Каб не гэты паганы рубель, нічога такога і не выйшла б. Добра яшчэ, што ўсё гэта так скончылася. А мог Лявон і не падняцца. І так яго на руках у хату занеслі.

Лабановіч хадзіў па пакоіку і разважаў над гэтым здарэннем. Яму было крыўдна тое, што сам ён - мужык, а не ведаў мужыцкіх звычаяў і зрабіў па прыказцы: «Уткні мяне, Божа, куды мяне не трэба». І, наогул, трэба зазначыць, што ён не ўмее трымаць сябе з людзьмі. Узяць хоць бы яго сустрэчу з паннай Людмілай... Яму сорамна стала перад самім сабою. Ён нават пачаў сам сябе лаяць, кпіць і насміхацца з сябе. «Дурань ты, брат, дрэнь! Думаеш, што ты разумны, а ўся цана табе - шчарбаты грош... Кавалер!.. Тфу!» З гэтымі думкамі ён прыпыніўся каля люстэрачка. На яго пазіраў другі Лабановіч, надзьмуты і зняважаны. «Ух, рыла!» - прамовіў Лабановіч свайму адбітку і адышоўся. Прыпыніўшыся другі раз каля люстэрка, ён ужо глянуў крыху ласкавей на сябе і спагадна прамовіў: «Нічога, брат, не наракай на мяне: як-небудзь будзем жыць на свеце». Яму тут прыпомніўся адзін чалавек, якога ён ведаў, калі быў яшчэ малы. Гэты чалавек меў звычай размаўляць з сабою самім. Ён гаварыў: «Эх, Паўлючок! Кінь ты ўжо гэтыя згрызоты. Ці ты адзін такі на свеце?» Думкі яго пайшлі ў другім кірунку, і непрыметна настаўнік зноў пагадзіўся сам з сабою. Да яго зноў вярнуўся добры настрой, і, стоячы каля люстэрачка, ён сам сабе строіў міны, сам сабе падсмейваўся. Каб хто пабачыў збоку, то, напэўна, падумаў бы, што настаўнік крануўся з розуму.

У гэты момант дзверы з кухні адчыніліся, і ў пакой увайшла бабка.

- Што, бабка, добрага скажаш?

- А нічога, панічыку... Ажыў Лявон.

- Ну, дзякаваць Богу, а то ён мяне вельмі напалохаў. Думаў, што не ўстане.

- Гэ, панічыку, ці так яшчэ біліся! Бывала, даўней як завядзецца бойка - усё сяло калоціцца. Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Проста страхоцце. А гэта, панічыку, глупства!

- З чаго ж гэта бойка паўставала?

- Панапіваюцца, панічыку, і б'юцца. Ну, вядома - мужыкі. Зімою работы мала, абрыдне так сядзець і пачнуць біцца. Проста калы аб галовы ламаліся... - Бабка змоўкла і другім голасам сказала: - Прыехалі нашы паненкі. Толькі што з раз'езда прыйшлі.

Відаць было, што дзеля гэтае навіны бабка і прыйшла сюды.

- А я, бабка, заўтра раненька-раненька ў воласць пайду.

- А можа б, вам стараста падводу даў?

- Не, бабка, пайду памалу. Цяпер Масленіца, часу ёсць, можа, і падначую там.

- А што ж, панічыку, прайдзіцеся. Толькі ж ножак вашых шкада.

Пайсці ў Хатовічы Лабановіч надумаўся раптоўна. Яму трэба было так ці іначай адгукнуцца на бабчыну навіну, і ён проста адказаў, што пойдзе ў воласць, бо, сказаць праўду, вестка аб тым, што вярнуліся суседкі, яго такі ўсхвалявала. Настаўніку было і прыемна, што Ядвіся тут, блізка, каля яго, але ён не хацеў паказаць гэтага. З другога ж боку, яму таксама трэба паказаць Ядвісі і нават бабцы, дый сабе самому, калі ўжо на тое пайшло, што панна Ядвіся яго ўжо і не так цікавіць. Апрача гэтага, ён яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Але трэба сказаць, што гэта крыўда цяпер жыла толькі ў памяці, а не ў сэрцы яго. Хіба можна так доўга трымаць крыўду на Ядвісю? І якая гэта крыўда, каб хто запытаўся? Хіба Ядвіся сказала гэта сумыслу, каб абразіць яго? Але ж трэба і характар паказаць, і выявіць станоўкасць і цвёрдасць сваю.

Не! Гэта ён добра прыдумаў: што б там ні было, а ў Хатовічы ён пойдзе.

На гэтай думцы Лабановіч затрымаўся канчаткова.

Вось толькі пытанне: як рана ён пойдзе ў дарогу? Ці не лепш пайсці крыху пазней і гэтым даць магчымасць Ядвісі пераканацца, што ён ужо напэўна ведае аб яе прыездзе і тым не меней ідзе ад яе. Ён нават пастараецца пайсці тады, калі яна будзе стаяць каля акна або выйдзе на двор, а ён пройдзе з такім выглядам, нібы гэта стаіць не яна, а якая-небудзь Параска, да якой яму вельмі мала справы. А калі прыйдзецца і спаткацца з ёю, то што ж? Ён скажа: «Дзень добры!» Нават і пагаворыць з ёю аб самых звычайных драбніцах. Так, толькі так!.. Яму стала нават чагось весела.

Назаўтра, як толькі разднела, Лабановіч быў ужо на нагах. Ён колькі разоў паглядаў на дом пана падлоўчага, але там было ўсё яшчэ ціха. Настаўнік хадзіў нецярпліва па сваім пакоіку і курыў адну папяросу за другою, прыслухоўваючыся да гукаў, што ішлі са двара пана падлоўчага. Ён ужо як мае быць нарыхтаваўся ў дарогу: сабраў курэцкія прылады, паставіў у куток свой кій і, выбраўшы зручны момант, выйшаў з дому.

Цельшынская школа стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягаў да сябе ўвагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражанне. Гэты высокі пануры крыж і гэта закінутая сярод палескіх трушчобін школа стаялі, як сіроты, і, здавалася, цесна туліліся адно да другога, як бы ў іх была адна доля. Лабановіч выйшаў на прасторную вуліцу. Па правую руку да вуліцы падыходзіў частакол двара пана падлоўчага. У куточку дворыка, каля самае вуліцы, стаяла студня. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. З вядзерцам у руцэ яна скоранька ішла да студні. Нейкая дрыготка прабегла па яго жылах, а сэрца ў грудзях застукала мацней. Як пахарашэла яна за гэтыя тры тыдні. Ён чуў, што яго моцна цягнула да яе. Але ён стараўся быць спакойным і не выказваць ёй таго, што адчуваў у гэту хвіліну.

Радасць, праўдзівая радасць адбівалася на твары Ядвісі; гэта радасць свяцілася ў яе цёмных вачах, яна снавалася на яе губках, такіх мілых, такіх прыветных!.. Чорт бы вас пабраў, дзяўчаты: баламуціце вы нашага брата, і годзе!

Але Лабановіч узяў сябе ў рукі. Нават і ценю радасці не паказаў ён, што ўбачыў дзяўчыну. Параўняўшыся з ёю - а Ядвіся стаяла і чакала яго, - ён досыць прыветна сказаў:

- Дзень добры!

Панна Ядвіся адказала яшчэ прыветней на яго прывітанне.

- Ну, як жа вам гасцілася? - запытаў Лабановіч, але запытаў так, як пытаюць тады, калі трэба сказаць хоць што-небудзь: без усякага пачуцця і цікавасці да таго, аб чым пытаўся.

- Ох, як было весела! - адказала Ядвіся. Яна хацела яшчэ штось сказаць, але ўтрымалася. - А як вы тут жылі?

- Жыў вельмі добра: чытаў, пісаў, вучыў, сам вучыўся, хадзіў гуляць і пачуваўся як не трэба лепей.

- А куды ж вы сабраліся?

- Надумаўся да воласці даведацца.

- І нічога тут не шкада вам пакідаць? - спытала Ядвіся, і вочы яе засмяяліся хітраю ўсмешкаю.

Сэнс гэтага пытання быў ясны для іх абаіх.

Лабановіч на момант апусціў вочы, потым паглядзеў на Ядвісю.

- Вас мне шкада пакідаць, - адказаў ён не то праўдзіва, не то з насмешкаю - разумей, як хочаш.

Яму нават зусім не хацелася цяпер ісці ў Хатовічы, але варочацца назад ужо не было як.

- Ну, бывайце здаровы! - пакланіўся ён і пайшоў.

- А вы скора думаеце вярнуцца? - спытала Ядвіся.

- І сам добра не ведаю. Пабачу там, - адказаў Лабановіч, ужо адышоўшыся на колькі крокаў. Ён яшчэ раз пакланіўся і зачасціў так шпарка, як бы хацеў паказаць гэтым, што яму няма калі размаўляць з ёю.

Увесь час размовы з Ядвісяю Лабановіч чуў, што робіць нейкую гвалтоўнасць над сабою, што гаворыць зусім не тое, што думае і што пачувае сапраўды.

«Чаму я, як злодзей, таюся ад яе і ад людзей? - думаў, ідучы вуліцаю, настаўнік. - Чаму не сказаць ёй, што я так шчыра і так моцна палюбіў яе. І праўда: чаго я так віляю, нашто замятаю свае сляды, збіваю яе з тропу? Нашто гэта лганнё? Няўжо так робяць і іншыя? Проста няма ў мяне смеласці. Я баюся тае абразы, якая будзе для мяне тады, калі яе сэрца не адгукнецца майму сэрцу... А ўсё ж такі гэта каханне ёсць нейкая хвароба, боль і пакута. Яно захапляе ўсяго, не дае спакою, параджае нейкія няясныя парыванні і вялікі смутак».

У лесе было ціха і спакойна. Гэты спакой паволі сходзіў і на падарожнага. Ён ішоў, мінаў засыпаныя снегам грэблі і балоты і ўсё думаў аб Ядвісі. Як жывы, вобраз яе стаяў у яго ваччу.

Панна Ядвіся прымеціла, што настаўнік за гэты час як бы асунуўся і пахудзеў. У яго вачах яна расчытала нейкія новыя для яе думкі і нейкую затоеную тугу. І сама яна задумалася, і цень засмучэння пралёг на яе маладым і свежым твары.

Аб Андрэю так многа думала яна ўсе гэтыя дні, да яго так моцна рвалася яе думка.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка