Ян снядэцкі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер182.96 Kb.
ЯН  СНЯДЭЦКІ

 

Ян Снядэцкі – рэктар  Віленскага ўніверсітэта, вядомы астраном, матэматык і грамадскі дзеяч нарадзіўся 29 верасня 1756 г. у горадзе Жнін (недалёка ад Быдгашча). Яго бацька быў ўплывовым месцічам горада Жнін, сям’я займалася земляробствам і піваварствам. Хваравіты з дзяцінства, ён даставіў шмат клопатаў сваёй маці, Францішцы (да шлюбу – Гішчынскай).



Ужо ў дзевяць год Ян, пасля хатняй падрыхтоўкі, быў аддадзены ў калегіюм Любранскага ў горадзе Познань, дзе вучыўся сем гадоў (1766-1772 гг.). Выкладанне там вялося яшчэ амаль па сярэднявечным узоры. Малы Ян выявіў вялікую цікавасць да дакладных навук, наведваў лекцыі па эксперыментальнай фізіцы, якія чытаў у езуіцкай школе ў Познані астраном Юзаф Рагалінскі. Дзякуючы падтрымцы з боку познанскіх езуітаў, здольны 16-гадовы юнак з’ехаў у 1772 г. у Кракаў, дзе паступіў у Акадэмію. Кракаўская Акадэмія была асноўнай вышэйшай школай Польшчы, аднак узровень выкладання ў ёй быў не высокі. Галоўным зместам лекцый па філасофіі было вучэнне Арыстоцеля з каментарамі Тамаша Аквінскага. Вучэнне Каперніка не прымалася. Сярод прафесараў матэматычнай групы Акадэміі самае віднае месца займаў так званы “Regius Astrologus” (каралеўскі астролаг), галоўным абавязкам якога з’яўлялася стварэнне каляндароў з астралагічнымі прадказаннямі. Трохі лепш давалася матэматыка, але ж алгебра зусім не выкладалася, а ў выкладанні геаметрыі захоўвалася старая манера аналізу.

Здольны юнак скончыў універсітэцкі курс на працягу трох гадоў. У 1775 г. ён атрымаў доктарскую ступень, якая па тагачасных правілах давала права чытаць лекцыі ва універсітэце. Прадметам сваіх лекцый Снядэцкі абраў у 1776 г. алгебру у Кракаўскай акадэміі, а праз нейкі час ў гімназіі Навадворскага пачаў чытаць лекцыі па логіцы, гідрастатыцы, палітычнай эканоміі і іншых прадметах.

У той час, калі Ян Снядэцкі пачынаў сваю вучобу ў Кракаўскай Акадэміі, у Польшчы была арганізавана Адукацыйная камісія народнай асветы – правобраз  будучага міністэрствы народнай асветы. Асноўнай задачай Камісіі была карэнная рэформа вышэйшай школы. Адукацыйная  камісія даручыла правесці рэформу Кракаўскай Акадэміі Гуга Калантаю, які з гэтай мэтай у 1777 г. прыехаў у Кракаў. Ян Снядэцкі з самога пачатку палітычна далучыўся да лагера які ўзначаліў Калантай. Адукацыйная камісія глядзела на Снядэцкага як на будучага прафесара Кракаўскага ўніверсітэта. Таму ён быў накіраваны за мяжу для вучобы ў найбуйнейшых цэнтрах Заходняй Еўропы. Снядэцкі пакінуў Кракаў у верасні 1778 г. і накіраваўся ў Нямеччыну, спачатку ў Ляйпцыг, а потым, у Гетынген, дзе з 1737 г. існаваў універсітэт. Снядэцкі думаў, што ў гэтым універсітэце лекцыі будуць чытацца на лацінскай мове, якой ён добра валодаў. Але ў германскіх універсітэтах выкладанне вялося ўжо пераважна на нямецкай мове, якую Снядэцкі амаль што не ведаў. Снядэцкі на працягу трох месяцаў вывучыў мову настолькі, наколькі гэта было неабходна для чытання навуковых кніг і слухання лекцый. У Гэтынгене Снядэцкі вывучаў шматлікія дакладныя навукі: матэматыку, фізіку і нават вайскова-інжынерную справу. Тады ж ён у першы раз пазнаёміўся з астраноміяй у гетынгенскай абсерваторыі, якая набыла вядомасць у сярэдзіне XVIII ст. дзякуючы працам Іягана Тобіяса Майера (1723-1702).

Снядэцкі хутка пачаў адчуваць недахоп грашовых сродкаў. На дапамогу прыйшоў Калантай, які арганізаваў яму прыватную матэрыяльную падтрымку. Бесперапынная 15-месячная праца ў Гетынгене адбілася на здароўі Снядэцкага, і ён быў прымушаны зрабіць перапынак у занятках. Лекар раіў яму пакінуць Гетынген, і Снядэцкі ў лістападзе 1779 г. з’ехаў у Галандыю, дзе жыў пераважна ў Лейдане, а адтуль у студзені 1780 г. адправіўся ў Парыж.

Парыж тады, асабліва ў галіне дакладных навук, быў навуковым цэнтрам Еўропы. Як Снядэцкі пісаў у сваёй аўтабіяграфіі, што галоўнай мэтай яго знаходжання ў Парыжы было ўдасканаленне ў ведах па вышэйшай матэматыцы, асабліва для практычнага выкарыстоўвання яе ў астраноміі і механіцы. З гэтай мэтай ён наведваў лекцыі па інтэгральным злічэнні вядомага французскага матэматыка Кузэна (Сousin, 1739-1800). Цесная сувязь, якая ўсталявалася паміж Снядэцкім і Кузэнам працягвалася і пасля вяртання Снядэцкага ў Кракаў, пра што сведчыць іх перапіска.

З лістапада 1780 па ліпень 1781 г. Кузэн чытаў лекцыі па астраноміі, выкладаючы праблему трох целаў з ужываннем яе да тэорыі руху Месяца. Снядэцкі пісаў у аўтабіяграфіі, што гэта быў першы па сваёй грунтоўнасці курс, які ён чуў у Парыжы. Лекцыі Кузэна прынеслі Снядэцкаму вялікую карысць, бо сталі асновай яго адукацыі ў вобласці матэматычнай астраноміі. Акрамя лекцый Кузэна, Снядэцкі слухаў яшчэ іншыя курсы, сярод іх курс па астраноміі, які чытаў Лаланд (Lalande). Ён працаваў у Парыжскай абсерваторыі, але часцей за ўсё наведваў невялікую абсерваторыю Мясе (Messier), з якім блізка сышоўся. Астранамічныя назіранні Снядэцкі таксама праводзіў у абсерваторыі Каралеўскага Каледжа. Снядэцкі наведваў яшчэ і Даламбера (d’Alambert), які зацікавіўся маладым навукоўцам і нават прапаноўваў яму не вяртацца дадому, а абяцаў дапамагчы ў атрыманні пасады астранома ў Мадрыдскай абсерваторыі, але Снядэцкі гэтай прапановы не прыняў. Акрамя астранамічных назіранняў і вылічэнняў, ён сур’ёзна займаўся хіміяй і мінералогіяй, а таксама вывучаў французскую мову, літаратуру і мастацтвы.

Камісія народнай асветы прапанавала Снядэцкаму да кастрычніка 1781 г. вярнуцца ў Кракаў, дзе яму прызначалася кафедра матэматыкі і астраноміі. Пры гэтым Снядэцкі павінен быў пачаць неадкладна чытаць лекцыі па матэматыцы, а лекцыі па астраноміі пачыналіся з 1782 г.

Рэформа Кракаўскага ўніверсітэта была ўжо ў асноўным завершана Калантаем, які надаваў вялікае значэнне развіццю ў Кракаўскай Акадэміі натуральных і юрыдычных навук. На жаль, не ўсе задумы ажыццявіліся, аднак сучасная сістэма выкладання зацвердзілася канчаткова. Ян Снядэцкі быў актыўным прыхільнікам Калантая. Яшчэ да вяртання з Парыжу яго абралі сакратаром Кракаўскай Акадэміі і з 1782 г. Снядэцкі пачаў выконваць гэтыя вельмі адказныя абавязкі. Ён перагледзеў расходныя кнігі і строгім кантролем імкнуўся выправіць недахопы. Нягледзячы на адміністрацыйную нагрузку сакратара Акадэміі, якому падпарадкоўваліся ўсе школы ў дзяржаве (акрамя школ у Літве, падпарадкаваных Віленскай Акадэміі), Снядэцкі вельмі старанна вёў вучэбную і навуковую працу. Да лекцый ён рыхтаваўся вельмі дбайна. Лекцыі чытаў на польскай мове, за што яго папракалі старыя прафесары, якія звыклі чытаць лекцыі на лацінскай мове.

Увесь 1781/82 навучальны год Снядэцкі займаўся падрыхтоўкай курсу матэматыкі, які планаваў выдаць у чатырох тамах. У першым томе ён меркаваў выказаць алгебру, у другім – аналітычную геаметрыю, у трэцім – дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнне, у чацвёртым – ужыванне гэтых злічэнняў у механіцы і астраноміі. Першыя два тамы пад агульным загалоўкам “Тэорыя алгебраічнага злічэнне, дастасаваная да крывых ліній” былі надрукаваныя ў Кракаве на польскай мове ў 1783 г.

У верасні 1782 г. Снядэцкі пачаў чытаць лекцыі па астраноміі. Тэмай першай лекцыі была ўхвала Каперніку, былому студэнту Кракаўскай Акадэміі.

Для Снядэцкага пачаліся гады ўпартай працы, ён пісаў у аўтабіяграфіі: “Лекцыі чытаў сістэматычна, не прапусціўшы іх ні разу”.

У 1782-1786 гг. рэктарам Кракаўскай Акадэміі быў Калантай, які паслядоўна праводзіў сваю рэфарматарскую дзейнасць. У 1782 г. пры ўдзеле Снядэцкага быў складзены план стварэння астранамічнай абсерваторыі, батанічнага саду, хімічнай і фізічнай лабараторый і медыцынскай клінікі. З асаблівай зацятасцю Снядэцкі займаўся арганізацыяй астранамічнай абсерваторыі. У Кракаве ніякіх астранамічных прылад, акрамя састарэлых сярэднявечных, не было. Камісія народнай асветы адпусціла сродкі на закуп некаторых прылад з навуковага кабінета Рагалінскага ў Познані. Сярод гэтых прылад былі маятнікавы гадзіннік Ляпо і астранамічны квадрант Канівэ. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў Снядэцкаму з сваёй абсерваторыі ахраматычны рэфрактар Доланда з ахраматычным аб’ектывам. Але неабходна было замовіць новыя прылады і падбаць пра скарэйшую пабудову абсерваторыі. З дапамогай Кузэна і Мясе, з якімі ён вёў перапіску, Снядэцкі замовіў у Парыжы астранамічныя прылады і новы маятнікавы гадзіннік. Спачатку ён прапаноўваў дабудаваць абсерваторыю на універсітэцкім будынку, у цэнтры горада, але потым пагадзіўся на тое, каб збудаваць яе па-за горадам у прадмесце Весела. Быў абраны будынак які раней належаў езуітам (пабудаваны ў 1750 г), у 1773 г. ён быў перададзены Кракаўскай Акадэміі разам з усёй маёмасцю ордэна езуітаў. Для абсерваторыі будынак належала перабудаваць, а для гэтага сродкі знайшліся толькі ў 1787 г.  Каля абсерваторыі планаваўся батанічны сад.

У чаканні сродкаў на перабудову Снядэцкі папаўняў астранамічнае абсталяванне. У 1783 г. у яго распараджэнні ўжо былі два квадранты, дзве трубы Доланда і чатыры іншыя тэлескопы. У 1786 г. былі атрыманыя з Парыжа замоўленыя прылады (пасажная прылада і гадзіннік). У снежні 1786 г. Снядэцкі звярнуўся ў Камісію народнай асветы з просьбай аб камандзіраванні яго на некалькі месяцаў у Англію для азнаямлення з астранамічнымі абсерваторыямі. Атрымаўшы дазвол, ён з’ехаў у сакавіку 1787 г. праз Вену і Парыж у Лондан. Спачатку ён наведаў Грынвічскую абсерваторыю, асабіста пазнаёміўся з яе дырэктарам Маскелайнам (Maskelyne). Але самым істотным вынікам паездкі Снядэцкага ў Ангельшчыну было яго знаходжанне на працягу некалькіх тыдняў у мястэчку Слоў блізу Віндзара ў абсерваторыі Вільяма Гершаля. У лісце да Марціна Пачобута, ён дэталёва паведамляе аб назіраннях разам з Гершелем падвойных зорак, Урана, спадарожнікаў Сатурна і іншых нябесных целаў. Наведаў ён таксама Оксфардскі ўніверсітэт і абсерваторыю ў Оксфардзе, дырэктарам якой быў Хорнсбі. У гэтую эпоху Англія была лідэрам ва ўсіх галінах навукі, таму паездка Снядэцкага спрыяла папаўненню ягонай астранамічнай адукацыі, атрыманай у Парыжы. Паездка дала яму магчымасць азнаёміцца з галоўнымі абсерваторыямі таго часу, дасягненні якіх адыгралі вядучую ролю ў гісторыі астранамічных даследаванняў канца XVIII ст.

Пакуль Снядэцкі знаходзіўся ў Англіі, у Кракаве паспяхова ажыццяўлялася перабудова былога будынка езуітаў для абсерваторыі. Калі ў снежні 1787 г. ён вярнуўся ў Кракаў, асноўныя будаўнічыя работы былі скончаны. Але толькі 10 кастрычніка 1791 г. былі зробленыя першыя астранамічныя назіранні. Абсерваторыя атрымала даволі добрае інструментальнае абсталяванне. Галоўнымі прыладамі яе былі:



  • французскі квадрант з латуні радыусам у тры парыжскіх футы (амаль метр);

  • англійскі квадрант радыусам 14 цаляў, які меў дзве ахраматычныя трубы; 

  • пасажная прылада, вырабленыя майстрам Шарытэ (Charite) у Парыжы па ўзоры аналагічнай прылады Рамсдэна;

  • чатыры маятнікавыя гадзіннікі, з якіх адзін – гадзіннік  (майстра Ляпо, 1786 г.) быў з кампенсацыйным маятнікам; 

  • паралактычная труба даўжынёй 5 футаў і 5 цаляў з неахраматычным аб’ектывам і мікраметрам;

  • дзве трубы, вырабленыя Доландам, з ахраматычнымі аб’ектывамі;

  • два люстраныя тэлескопы. 

Акрамя пералічаных прыладаў, Снядэцкі набыў камплект метэаралагічных прыбораў, вырабленых у Парыжы і ў Лондане, з дапамогай якіх былі распачатыя рэгулярныя назіранні. У лісце да Пачобута ад 2 студзеня 1792 г. ён апісвае сваю абсерваторыю і навуковыя прылады.

Снядэцкі быў старанны назіральнік. У сваю праграму ён улучыў назіранні зацменняў спадарожнікаў Юпітэра і пакрыцці зорак Месяцам. Ён прапаноўваў Пачобуту рабіць аналагічныя назіранні ў Вільні, для вызначэння рознасці даўготаў Віленскай і Кракаўскай абсерваторый.  4 чэрвеня 1788 г. ён правёў назіранне зацмення Сонца, 28 красавіка 1790 г. поўнага зацмення Месяца.  У 1792 г. па назіраннях, зробленых з квадрантам Канівэ, ён вызначыў шырату Кракаўскай абсерваторыі.

Аднак навуковая дзейнасць Снядэцкага сутыкнулася з сур’ёзнымі цяжкасцямі, выкліканымі агульным палітычным становішчам, якое склалася ў Польшчы ў апошнім дзесяцігоддзі XVIII ст., бо урадамі Расіі і Прусіі вялася падрыхтоўка другога падзелу Рэчы Паспалітай, для фармальнага зацвярджэння якога быў скліканы сойм у Гародні.

Асноўныя сродкі Кракаўскай Акадэміі давалі розныя маёнткі, у тым ліку і ў ВКЛ. Палітычныя змены пагражалі матэрыяльным асновам Акадэміі і таму яе дзейнасць апынулася пад пагрозай спынення. У сувязі з гэтым Снядэцкі быў камандзіраваны ў Гародню для абароны фінансавых спраў Акадэміі. Ён прабыў у Гародні з чэрвеня па снежань 1793 г. і быў сведкам гвалту з боку царскага генерала Сіверса над дэпутатамі сойму, якія не згаджаліся з падзелам краіны. Толькі пад пагрозай гармат, накіраваных Сіверсам на будынак сойму, дэпутаты змушаныя былі прыняць навязанае ім вырашэнне. Пасля ўрэгулявання фінансавых спраў Кракаўскай Акадэміі Снядэцкі аднавіў свае назіранні ў Кракаве і вёў іх да мая 1794 г. У гэтым годзе палітычныя падзеі ізноў перапынілі навуковую працу. Разгарнуўся нацыянальна-вызвольны рух пад кіраўніцтвам Касцюшкі, прыхільнікам якога быў Снядэцкі. Ён быў абраны камісарам, узяў на сябе клопат аб прыёме добраахвотнікаў у войска і дастаўцы ежы і грошай  у Варшаву. Пасля задушэння паўстання Касцюшкі быў праведзены трэці падзел Рэчы паспалітай. Кракаў спачатку быў заняты прускімі войскамі, а потым далучаны да Аўстрыі. Ад ўзрушэнняў ад падзелу радзімы Снядэцкі ў адну ноч пасівеў.

У лютым 1796 г. у складзе дэлегацыі Кракаўскага ўніверсітэта Снядэцкі паехаў у Вену для ўручэння імператару Францу II петыцыі універсітэта, над якім навісла пагроза ліквідацыі. У Вене Снядэцкі правёў каля двух месяцаў і ў красавіку 1796 г. вярнуўся ў Кракаў. У выніку перамоваў дэлегацыі Кракаўскага ўніверсітэта з аўстрыйскім урадам універсітэт абараніў сваё існаванне, але ўмовы працы пад аўстрыйскай уладай аказаліся настолькі цяжкімі, што Снядэцкі у 1797 г. падаў у адстаўку з пасады прафесара, пакідаючы за сабой працу ў абсерваторыі. Адстаўка не была прынятая, і ён працягваў працаваць ва ўніверсітэце. Здароўе навукоўца прыкметна пагоршылася, астраном пакутаваў ад хваробы лёгкіх, але астранамічных назіранняў не спыніў.

Яшчэ ў 1796 г. падчас паездкі ў Вену ён пазнаёміўся з аўстрыйскім астраномам Трыснекерам, з якім вёў потым перапіску на лацінскай мове. Трыснекер публікаваў у друкаваных ім эфемерыдах (Ephemerides Vindobonenses) назіранні Снядэцкага. З імі пазнаёміўся вядомы нямецкі астраном Цах, які з 1800 г. пачаў выдаваць першы ў свеце астранамічны часопіс пад назовам “Monatliche Correspondenz zur Beforderung der Erd und Himmelskunde”. Не ведаючы асабіста Снядэцкага, Цах паслаў яму ў жніўні 1800 г. ліст, у якім выявіў жаданне завязаць перапіску. З гэтага часу і пачалася вельмі ажыўленая навуковая сувязь паміж Снядэцкім і Цахам. У лісце ад 9 лістапада 1800 г. Снядэцкі паслаў Цаху дадзеныя з вынікамі назіранняў пакрыцця Месяцам зоркі η Virginus. Гэтую астранамічную з’яву таксама назіраў Цах у сваёй абсерваторыі ў Зэебэргене (мясцовасць у Цюрынгіі, якая належала тады герцагству Саксен). Па падставе паведамленых яму момантаў гэтага пакрыцця у Вене і Зэебэргене, Снядэцкі вылічыў рознасць геаграфічных даўгот гэтых трох абсерваторый.

Новы ўздым астранамічнай дзейнасці Снядэцкага выявіўся пасля адкрыцця італьянскім астраномам Піаці (Piazzi) першай малой планеты Цэрэра (1801 г.). Снядэцкі, не ведаючы каардынатаў, адшукаў яе на небе 1 сакавіка 1802 г. і вызначаў каардынаты Цэрэры на працягу 15 начэй з 1 сакавіка па 5 красавіка 1802 г. 25 красавіка 1802 г. Снядэцкі быў апавешчаны Цахам (ліст ад 9 красавіка 1802 г.) аб адкрыцці Ольберсам другой малой планеты – Палады. Ён неадкладна прыступіў да пошуку і, знайшоўшы яе на небе ў той жа дзень, назіраў новую малую планету на працягу ўсіх наступных начэй з 25 красавіка па 3 траўня 1802 г. Усе гэтыя назіранні былі паведамленыя Цаху, які іх апублікаваў у “Monatliche Correspondenz…”.  Яны былі надрукаваныя таксама ў “Штогодніку варшаўскага Таварыства сяброў навук” (Roczniki Towarzystwa Warszawskiego Przyjaciol Nauk), заснаванага ў лістападзе 1800 г. Снядэцкі быў чальцом гэтага таварыства з дня яго заснавання.

Першы прэзідэнт таварыства, гісторык Ян Альбертрандзі (Albertrandi), у 1801 г. звярнуўся да Снядэцкага з прапановай напісаць дысертацыю аб Каперніку. Мэта дысертацыі была абазначаная словамі: “...паказаць, як Каперніку абавязаныя матэматычныя навукі, асабліва астраномія, у эпоху, у якой ён жыў, паказаць, працай якіх папярэднікаў ён карыстаўся і ў якой ступені, паказаць, чым абавязаныя яму навукі ў цяперашні час”. Снядэцкі вельмі ахвотна пагадзіўся напісаць гэтую дысертацыю. Ён уважліва вывучыў кнігу Каперніка па першым выданні 1543 г., а потым даследаваў працы аўтараў, якія пісалі пра Каперніка. Ягоная ўвага засяродзілася на змесце кнігі Каперніка, а не на біяграфіі аўтара. Снядэцкі у такіх словах ахарактарызаваў сутнасць вучэння Каперніка: “Капернік не быў пераймальнікам старажытных філосафаў, але сапраўдным творцам сваёй сістэмы, ён вырашыў найцяжэйшыя задачы сферычнай трыганаметрыі, а яго ўласныя і глыбокія ідэі аб упарадкаванні і нябесных целах, аб фізічнай сіле іх руху, асабліва зямной восі, пацверджаныя праз некалькі стагоддзяў тонкімі назіраннямі і глыбокім геаметрычным вылічэннем, – вялі да новых вялікіх законаў аб уладкаванні сусвету і сталі асновай найвялікшых адкрыццяў у сучаснай астраноміі”. Гэтыя словы з’яўляліся новым падыходам да сутнасці вучэння Каперніка і таму Снядэцкі дадае: “Усяго гэтага ніхто да мяне яшчэ не напісаў і не давёў”. У сваёй дысертацыі, якая з’яўляецца не толькі выкладам вучэння Каперніка, але і арыгінальнай працай, Снядэцкі даў крытычны агляд усіх раздзелаў кнігі Каперніка. Ён лічыў самым істотным раздзел, прысвечаны руху Зямлі. У канцы сваёй працы Снядэцкі адзначыў поспехі астраноміі, дасягнутыя на аснове вучэння Каперніка.

Дысертацыя Снядэцкага была адпраўленая ў Варшаву 31 жніўня 1802 г. і прачытана на адкрытым паседжанні Таварыства сяброў навукі 16 лістапада 1802 г. Культурнай грамадскасцю Варшавы яна была прынятая з вялікім запалам. Ужо ў снежні 1802 г. гэтая праца была надрукаваная асобнай кнігай, затым перавыдадзеная ў 1803 г. у “Штогодніку варшаўскага Таварыства ...”. Гэты твор увайшоў і ў зборнікі Яна Снядэцкага, якія былі выдадзены тры разы (I выданне – Вільня, 1814 г., II выданне – Вільня, 1818 г,, III выданне – Варшава, 1837 г.). Потым былі шматлікія пераклады гэтай працы на замежныя мовы. На англійскай мове твор Снядэцкага аб Каперніку быў выдадзены ў Дубліне ў 1823 г., на італьянскай – у Пізе ў 1823 г., рэзюмэ на персідскай мове з’явілася ў Калькуце ў 1826 г. Біёграф Яна Снядэцкага Баліньскі паведамляе пра пераклад працы Снядэцкага аб Каперніку на рускую мову, выкананы Васілём Анастасевічам.

Праца Снядэцкага спрыяла актывізацыі цікавасці да Каперніка сярод еўрапейскай інтэлігенцыі. У сусветнай навуцы Капернік быў прызнаны польскім навукоўцам, нягледзячы на тое, што да гэтага яму прыпісвалі прускае паходжанне.

У гэты ж час Снядэцкі напісаў падручнік па геаграфіі. Як ён пісаў у сваёй аўтабіяграфіі, задума падручніка геаграфіі з’явілася яшчэ ў 1794-1795 гг. Да Снядэцкага не было ўзораў такога падручніка. Таму яго складанне доўжылася некалькі гадоў і было завершанае толькі ў 1803 г. Падручнік быў надрукаваны на польскай мове ў Варшаве ў 1804 г. пад загалоўкам: “Геаграфія або матэматычнае і фізічнае апісанне Зямлі”. Геаграфія Снядэцкага выйшла трыма выданнямі на польскай мове. Другое з іх, пашыранае і выпраўленае, было надрукавана ў Вільні ў 1809 г.; трэцяе выданне, зноў пашыранае, выйшла з друку таксама ў Вільні ў 1818 г. Другое выданне было перакладзена на рускую мову і выпушчана ў Харкаве ў якасці падручніка геаграфіі зацверджанага для ўсіх рускіх гімназій.

 

У 1802 г. Снядэцкі па сваім жаданні быў вызвалены ад пасады прафесара Кракаўскага ўніверсітэта. Прычына падачы ў адстаўку была ў тым, што адраджэнне універсітэта, пачатае дзякуючы працам Калантая фактычна спынілася. Яно прыпынілася ўжо ў 1786 г., пасля таго як Калантай пакінуў Кракаў. Акупацыя Кракава прускімі войскамі ў 1794 г., а потым далучэнне Кракава да Аўстрыі пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, яшчэ больш пагоршыла становішча. Снядэцкі у 1796-1798 гг. тры разы ездзіў у Вену улагоджваць справы універсітэта перад аўстрыйскім урадам, але гэта не прывяло да прыкметнага паляпшэння ўмоў працы ва ўніверсітэце.



У гэты час лепшыя ўмовы для развіцця навукі склаліся ў Віленскім універсітэце, дзе астранамічныя даследаванні развіваліся пад кіраўніцтвам Марціна Пачобута. З ім Снядэцкі пазнаёміўся асабіста яшчэ ў Гародні, куды падчас сойму ў 1793 г. прыехаў таксама і Пачобут – тады рэктар Віленскага універсітэта. Пасля гэтага Снядэцкі двойчы запрашаўся ў Віленскі універсітэт, але ён адхіліў гэтыя запрашэнні. Ён вырашыў з’ехаць за мяжу, бо не бачыў сэнсу для сваёй працы на радзіме. У лісце да Калантая ад 22 жніўня 1803 г. Снядэцкі паведаміў, што збіраецца з’ехаць у Нямеччыну і Францыю, каб адпачыць, наведаць Цаха і пазнаёміцца з яго астранамічнымі і геадэзічнымі працамі. Ён з’ехаў у пачатку верасня 1803 г. Спачатку Снядэцкі прабыў некалькі дзён у Зэебэргене ў Цаха дзе прымаў удзел у ягоных астранамічных назіраннях. У лістападзе 1803 г. Снядэцкі прыехаў у Парыж, дзе прабыў 8 месяцаў, выязджаючы на кароткі час у Нідэрланды.

Падчас знаходжання Снядэцкага ў Парыжы французскі пісьменнік Шарль Віле (Villers) выдаў кнігу “Эцюды аб духу і ўплыве рэфармацыі Лютэра”, у якой былі паклёпніцкія выбрыкі ў адрас Рэчы Паспалітай. Снядэцкі напісаў вялізны адказ на гэты паклёп і выдаў яго на французскай мове. Ён давёў у ім безгрунтоўнасць высноў Віле, які сцвярджаў, што наш край ў XV ст. не меў значэння ў Еўропе, ён нагадаў аб перамозе над крыжакамі, здабытай у 1410 г. у бітве пад Грунвальдам злучанымі сіламі палякаў, беларусаў і літоўцаў, і паказаў высокі ўзровень культуры нашага краю ў XV ст. Акрамя таго, Снядэцкі пратэставаў супраць здзеквання аўтара “Эцюдаў” над стратай Рэчы Паспалітай дзяржаўнай незалежнасці ў канцы XVIII ст. Водгук Снядэцкага на кнігу Віле атрымаў вялікую вядомасць у грамадскіх колах Францыі. У кастрычніку 1804 г. Снядэцкі з’ехаў у Італію і жыў у Мілане і Рыме. Падчас знаходжання ў Італіі яму прапаноўвалі кіраўніцтва абсерваторыяй у Балонні, але Снядэцкі гэтай прапановы не прыняў. У траўні 1805 г. Снядэцкі вярнуўся ў Кракаў. Ён збіраўся пасяліцца ў вёсцы і заняцца тамака гаспадаркай, паляваннем і чытаннем кнігаў.

Князь Адам Чартарыскі, апякун школ васьмі заходніх губерняў Расеі і міністр замежных спраў Расійскай імперыі, звярнуўся да Снядэцкага з прапановай заняць пасады дырэктара Віленскай абсерваторыі і рэктара Віленскага універсітэта. Першапачаткова Снядэцкі не згаджаўся стаць рэктарам, але потым саступіў  у гэтым пытанні і ў кастрычніку 1805 г. згадзіўся пераехаць у Вільню і заняць гэтыя дзве пасады. У пачатку 1807 г. Снядэцкі атрымаў дазвол аўстрыйскага ўрада заняць пост у Віленскім універсітэце, і  2 сакавіка 1807 г. ён прыехаў у Вільню назаўжды.

Снядэцкаму адразу прыйшлося вырашаць шмат праблемаў, частка будынкаў універсітэта  была занятая вайсковым шпіталем па ўказанні губернатара. Для вырашэння фінансавых пытанняў давялося з’ездзіць у Пецярбург. Тым не менш, ён засноўвае новыя кафедры (тэалогіі і хірургіі), уладкоўвае батанічны сад, лабараторыі, кабінеты, узмацняе вывучэнне новых еўрапейскіх моваў, заахвочвае літаратурныя заняткі сярод студэнтаў (аднак, у рамках класіцызму). Снядэцкі таксама пашырае дзейнасць універсітэта, рэфармуючы былыя і адчыняючы новыя школы і гімназіі ў Вінніцы, Віцебску, Магілёве.

Заняўшы пост дырэктара абсерваторыі, ён выступае з прапановай аб перабудове будынка абсерваторыі і аб забеспячэнні яе новымі прыладамі. Закупляецца тэадаліт Рамсдэна, дзевяціцалевы секстант Траўгтона, два глобусы Бадэ: нябесны і зямны, паўторны круг Рэйхенбаха і Эртэлаўя, паралактычная труба Доланда і маятнікавы гадзіннік Харды (Hardy). Аднак перабудова Віленскай абсерваторыі і яе мадэрнізацыя пры ім не ажыццявіліся.

Да астранамічных назіранняў рэктар змог прыступіць толькі ў 1808 г. і праводзіў іх сістэматычна да 1824 г. Снядэцкі працягваў работы, пачатыя ім у Кракаве, а менавіта: назіраў пакрыцці зорак Месяцам, становішчы малой планеты Весты, каметы 1811 г., Сонца і зорак, зацменні спадарожнікаў Юпітэра. У 1807 г. і ў 1811 г.  рэктар назіраў каметы. Штогод ён паведамляў вынікі сваіх назіранняў у Пецярбургскую Акадэмію навук і ў Берлін. Яны друкаваліся ў мемуарах Акадэміі навук у Пецярбургу, у Берлінскім штогодніку, які выдаваў Бодэ і ў “Monatliche Correspondenz…” Цаха. Пецярбургская Акадэмія навук, высока ацэньваючы астранамічныя працы Яна Снядэцкага, абрала яго сваім членам-карэспандэнтам. 

У красавіку 1812 г. Снядэцкі меў сустрэчу з расійскім  царом Аляксандрам І, які знаходзіўся ў Вільні, а ў канцы чэрвеня французкія войскі ўвайшлі у старажытную  сталіцу ВКЛ.

Напалеон прыняў дэлегацыю горада Вільні і ў канцы прыёму спытаў пра Міхала Агінскага, пра генерала Ваўжэцкага і пра ўніверсітэт: “Вы маеце слаўны універсітэт і знакамітых прафесараў, і тут знаходзіцца слаўны астраном ....”,  спрабаваў успомніць прозвішча. Яму падказалі, што гэта Снядэцкі, рэктар універсітэта, тады Напалеон з задавальненнем сказаў: “Так, Снядэцкі, Снядэцкі ... адукаваны і выкшталцоны чалавек...” (cустрэчам Снядэцкага і Напалеона прысвечаны наступныя працы: Balinski M. Napoleon i Jan Sniadecki // Balinski M. Studia historyczne. – Wilno, 1856. – Str. 89 – 97., і Федута А.И. Наполеон и Ян Снядецкий (к вопросу о семиотике поведения государя) // Meninis tekstas: Suvokimas. Analize. Interpretacija. – Vilnius: VPU leidykla, 2008. — Nr.6 (1). — P. 120 - 134.).

1 ліпеня 1812 г. Напалеон падпісвае дэкрэт аб стварэнні дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага i фармуе Камiсiю часовага ўраду.  Камісія стваралася з 7 камітэтаў, на чале камітэта асветы i  рэлiгiі быў прызначаны Ян Снядэцкi. Камiсiя з’яўлялася вышэйшай уладай адноўленага Вялікага Княства, якое складалася з 4-х дэпартаментаў, утвораных замест былых Вiленскай, Гродзенскай і Менскай губерняў i Беластоцкай акругі. Снядэцкі асабіста меў некалькі сустрэч з Напалеонам, дапамог універсітэту перажыць цяжкі час вайны, збярог ад раскрадання універсітэцкую маёмасць, выратаваў скарб універсітэта.

1813 г. быў вельмі цяжкім для ўніверсітэта. Колькасць студэнтаў паменшылася да 160 чалавек, шмат прафесараў з’ехала з Вільні, адносіны з новым міністрам адукацыі Разумоўскім былі дрэнныя. Пасада рэктара патрабавала ўсё больш сілаў. Таму, для адпачынку, Снядэцкі часта выязджаў у Свіслач, дзе жыў яго добры сябар і фундатар Свіслацкай гімназіі граф Вінцэнт Тышкевіч, больш займаўся астранамічнымі назіраннямі і чытаннем кнігаў. 

У перыяд сваёй працы ў Віленскім універсітэце Ян Снядэцкі напісаў і выдаў на польскай мове “Сферычную трыганаметрыю” (Вільня, 1817 і 1820 гг.). Вялікай вядомасцю карысталіся біяграфічныя працы Яна Снядэцкага, асабліва наступныя тры; “Літаратурная біяграфія Гуга Калантая” (1814), “Навуковая і грамадская біяграфія Марціна Пачобута-Адляніцкага” (1816) і “Біяграфія Пятра Завадоўскага” (рускага міністра асветы, які праводзіў палітыку, добразычлівую да развіцця адукацыі).

Вялікай заслугай рэктара было ўзняцце на высокі ўзровень выкладання фізіка-матэматычных навук. Аднак Снядэцкі, акрамя астраноміі, геаграфіі і матэматыкі, займаўся таксама і філасофіяй. Сярод  яго філасофскіх прац варта згадаць працы “Аб метафізіцы” і “Аб логіцы і рыторыцы.

У 1815 г. Снядэцкі захварэў і пакінуў рэктарства. Адпачываючы ад перажытых трывог, ён займаўся нямецкай літаратурай і філасофіяй, галоўным чынам – Кантам, да якога, зрэшты, ставіўся адмоўна. Ён вінаваціў Канта ў ідэалізме і нават параўноўваў яго з Платонам: “Пасля таго як Бэкан, Лок, Лейбніц, Даламбер і іншыя так добра растлумачылі здольнасці і дзеянні душы, Кант падымае з дамавіны нездавальняльнае вучэнне Платонава…”, “мяшае летуценні і дзівацтвы з простым, хоць, зрэшты, недастатковым вучэннем Платона, вось у чым складаецца яго сутнасць справы”.

Застаючыся ў камісіі па народнай адукацыі, ён у 1820 г. удзельнічаў у выбарах новага рэктара і яшчэ некалькі гадоў чытаў лекцыі. У 1825 г., у веку 69 гадоў, Ян Снядэцкі выйшаў у адстаўку і пакінуў Вільню, перадаўшы кіраўніцтва Віленскай абсерваторыяй свайму вучню Пятру Славінскаму. Снядэцкі пасля гэтага жыў у маёнтку Яшуны ў сваёй пляменніцы Сафіі Балінскай (дачкі Андрэя Снядэцкага). У госці да яго часта прыязджалі сябры, у тым ліку – Міцкевіч. 

Памёр у Яшунах 9 лістапада 1830 г. у веку 74 гады. Асабістая бібліятэка, паводле тастаманту, была перададзеная універсітэту.

Акрамя назіранняў, Ян Снядэцкі не пакінуў буйных астранамічных працаў. Гэтыя назіранні, аднак, былі добра вядомыя астраномам той пары, асабліва вызначэнні становішча малых планет.

Самай вялікай заслугай Яна Снядэцкага была яго нястомная праца па арганізацыі навукі і  прыцягненне да яе ўвагі шырокай грамадскасці, асабліва ў перыяд працы ў Віленскім універсітэце. Дзякуючы працам Пачобута і братоў Снядэцкіх Віленскі ўніверсітэт выйшаў на еўрапейскі ўзровень навукі ў першыя тры дзесяцігоддзі XIX ст. Вучнямі Снядэцкага былі астраномы Антон Шахін, Пётр Славінскі, Міхал Глушневіч, Вінцэнт Карчэўскі, Юзаф Ходзька. Выхаванцамі універсітэта ў гэты час былі знакамітыя паэты Адам Міцкевіч і Юліюш Славацкі, знакаміты геолаг Ігнат Дамейка і практычна ўсе вядомыя дзеячы навукі, культуры і палітыкі нашага краю.

 Імем Я. Снядэцкага названы кратэр на адваротным баку Месяца і планетоід у Сонечнай сістэме (Sniadeckia).



 Крыніцы:

  1. Historia astronomii w Polsce, t. II. Wroclaw – Warszawa. 1983.

  2. Историко-астрономические исследования. Выпуск II. Москва, 1956 // Е. В. Рыбка. Ян Снядецкий (к 200-летию со дня рождения) C.267-287.

  3. Leon Swiezawski. Jan Sniadecki. Jego zycie I dzialalnosc naukowa. Petersburg. 1898.

  4. Balinski Michal. Rys zycia Jana Sniadeckiego : (wyjatek z Kuryera Lit.). Wilno. 1830.

  5. Kronika Rodzinna. 1882. T.10. №3 S.77.

  6. Józef Bieliński. Uniwersytet Wileński. T. I-ІІІ. Kraków. 1899-1900.

  7. Balinski Michal. Rys zycia Jana Sniadeckiego : (wyjatek z Kuryera Lit.). Wilno. 1830.

  8. Федута А.И. Наполеон и Ян Снядецкий (к вопросу о семиотике поведения государя) // Meninis tekstas: Suvokimas. Analize. Interpretacija. – Vilnius: VPU leidykla, 2008. - Nr.6 (1). - P. 120 - 134.

  9. Снядецкий  Я. Общие замечания по предмету науки об уме человеческом и общий взгляд на состав Кантовой науки // Вопросы теоретического наследия Иммануила Канта . Вып. 4. Калининград, 1979. С. 113.


Лаўрэш Леанід

Надрукавана: "Наша Слова" №20 (911) 20 мая 2009 г., №21 (912) 27 мая 2009 г., №22 (913) 3 чэрвеня 2009 г.
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка