Янка Купала Раскіданае гняздо



старонка1/5
Дата канвертавання03.07.2016
Памер0.71 Mb.
  1   2   3   4   5
Янка Купала

Раскіданае гняздо

Драма ў пяці актах



Асобы

 

Лявон Зяблік – пажылы гаспадар, кульгавы, гадоў пад 50.



Марыля – яго жонка, нараклівая, замучаная жыццём, худая кабеціна, гадоў 48.

Сымон, 24 г.   \

Зоська, 18 г.      \

Данілка, 14 г.     } дзеці Зябліка.

Аленка, 8 г.      /

Юрка, 7 г.        /

Старац, гадоў пад 70.

Паніч, гадоў 23.

Незнаёмы, гадоў 35.

Двое дворных людзей.

 

Рэч дзеецца ў 1905 г. Першы акт у хаце Зяблікаў, а рэшта чатыры – на руіне той жа самай хаты.



 

Акт першы

 

Час каля Купалля. Поўдня. Хата Зябліка. Марыля — хворая: то сядзіць, то ляжыць на ложку. Данілка на зямлі скрыпку майструе. Старац сівы, як голуб, абчэплены торбамі і з кіем у руках сядзіць на лаве.



 

З'ява І

 

(Mapыля, Данілка, Старац.)



 

Стаpaц. Так, так, пані гаспадыня! Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі не трэба здавацца. Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе. Калісь і мяне ціскалі няшчасці з усіх бакоў, а цяпер... Э! Што казаць? — Жыву сабе і гора ніякага не знаю. Торбачкі за плечы, кій сукаваты ў рукі і хаджу сабе, як ні ў чым не бывала, па дарожках пуцявінках. Так, так, пані гаспадыня!

Марыля (гаворыць з трудом). Гэта ж толькі падумаць, дзедка. Мала усялякага безгалоўя, а тут на табе, яшчэ гэта хвароба. Лета не за тарою, скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель, а ты ляжы тут прыкава-най да ложка, як пакутніца якая. Лепей хай бы ўжо смертачка прыйшла на маю галаву няшчасную, дык хаця б хаты не завальвала. Не так я вясну спатыкала і праводзіла, як мне сёлета прыйшлося, ох, не так, як і сам знаеш! (Кашляе.) А тэты суд у майго з дваром... То ж не давядзі ты, Божанька. Гаспадарку ўсю змарнавалі, да няма нічога дайшлі, і сягоння ўжо не ведаеш чалавек, дзе заутра сонейка прыйдзецца сустрэнуць. Ох, Божа ты наш справядлівы, за якія грахі цяжкія караеш ты нашу сямейку! Ах, як жа цяжанька! Падай мне вады, Данілка. (Данілка падае.)

 

Данілка. Праўду мамка кажа. Страшэнна нягодна жыць на свеце. Вось хоць бы і мне такая бяда зрабілася: скрыпку старую, што была ў мяне раней, татка са злосці паламаў, а цяпер і рабі што хочаш. Пакуль жа я новую такую змайструю... Ну, але затое калі і зраблю, дык вот жа зайграю — цэлы свет дзіву дасца!



Старац. А дзе ж гаспадар ваш, пані гаспадыня?

Данілка. Тата пайшоў у двор прасіцца, каб яшчэ трохі пачакалі і не выкідалі нас адгэтуль.

Марыля. Так, так. Сягоння сышоу час наш выехаць, а мой нічога яшчэ сабе не прыстараўся.

Старац. Дрэнна, вельмі дрэнна, калі так выходзіць. Свайго не меўшы,— трэба легчы спаць не еўшы.

Данілка. Вось табе дык добра, дзедка: з адной хаты выкінуць, дык у другую пойдзеш.

Марыля. Усе ж да апошняга часу думалі, што за нам! зямлю прызнаюць, тым часам наадварот выйшла.

Старац. Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць.

Марыля. Мой жа чалавек — каб вы, дзедка, бачы-лі: за апошні час як набраў сабе нечага ў галаву, дык проста з розуму сыходзіць. Учарнеў, асунуўся, азыз, толькі таўпехаецца з кута ў кут, як сам не свой. Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім, барані божа, чаго благога не сталася.

 

З'ява ІІ

 

(Тыя ж і Сымон.)



 

Сымон (уваходзіць з тапаром і кладзе яго за лаву). Ці гэта яшчэ не вярнуўся?

Марыля. і Данілка. Не, нямашака яшчэ,

Сымон. А дзедка ўсё госціць у нас!

Старац. Але, сынку мой. 3 мамкай тваёй загава-рыліся аб справах вашых хатніх. Як уважаю, то не лёганькі будзеце мець сёлетні гадок.

Сымон. Э! Нічога, дзядочак. Пакуль будзе хоць якая малая магчымасць, то не дадзімся жыўцом ваўку ў зубы. Паглядзіш!

Стаpaц. Смела, сынку мой, варожыш. Можа, i не дасіся ваўку ў зубы, але жыццё бярэ ў свае лапы, ох, як бярэ! Не такія яшчэ дужыя і смелыя здаюцца на яго ласку i няласку. Так, так, сынку мой! Адвага наша — адно, а жыццё — другое, І найбольш верх бярэ гэта апошняе.

Сымон. А мы з гэтам не папусцімся, дык што ж з намі гэта жыццё зробіць?

Старац. Тата ўжо нядуж твой.

Сымон. Ну, то ў мяне сілы хопіць — за яго, за сябе, за ўсіх нас.

Старац. Дай Божа, дай Божа, каб табе гэтай сілачкі ставала да канца жыцця. Бяда толькі, што сіла людская не заўсёды на дабро ідзе.

Сымон. Я i не думаю з сваей сілай у цемнякі ці разбойнікі пайсці.

Старац. Не кажу табе гэтага, сынку мой, але моладасць свае права мае. Я сам быў маладым!

Марыля. Нічога яму, дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць.

Данілка. Сымонка, ты па мне пайшоў: і я хоць галавой налажу, а скрыпачку такі зраблю сабе новую!

Сымон. Які я ўжо ўдаўся, такі і буду, а свайго ў крыўду не папушчу, хоць бы там свет дагары нагамі перакуліўся. Бяда — часу няма болей гаварыць аб гэтым. Пайду, можа, гэту сустрэну. Карціць мне даведацца, што там яму ў дварэ сказалі.

 

З'ява ІІІ

 

Марыля, Данілка, Старац.



 

Старац. Ох, маці, маці! Высака твой сынок падымацца хоча, але каб нізка часам не зваліўся.

Марыля. Цяжанька мне з ім якую радачку даць. Змалку дзён такі: як толькі нарадзіўся, дык i то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Я тады ў двор за мамку засталася.

Старац. Гартаунейшы i выйшау ён затое. А у дварэ, кажуць, перамены цяпер вялікія пайшлі.

Марыля. Але, дзедка,— перамены. Як вярнуўся малады паніч недзе з далекага краю, з навук, дык усе пайшло ўверх дном — усіх чыншавікоу сталі чысціць. Не чакае, пакуль суды пакончацца, а наперад за ўсіх заставы кладзе і высяляе; з намі таксама выйшла.

Старац. Ведаю, ведаю, пані гаспадыня! Старыя парадкі раскідаюць па свеце, а новых, лепшых, нешта не відаць і не відаць.

Данілка. Як уважаю, то, мусіць, толькі я адзін новым парадкам на сваей новай скрыпцы зайграю.

 

З'ява IV

 

(Тыя ж i Зоська.)



 

Зоська (уваходзіць з кветкамі ў руках). А-а! Дзядочак к нам на госці прыплёўся.

Старац. Так, так, мая дачушка! Прыплёуся божым словам вас пахваліць; зараз далей паплятуся з тым самым.

Зоська (падсядаючы к Старцу). Добра, што я дзедку тут застала,— маю просьбу да цябе.

Старац. Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі усе мушу прасіць, ажно, як бачу, то i ў мяне прасіць нечага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распанею з гэткага гонару.

Зоська. Дзедка заўсёды жартуе з мяне, а я толькі буду прасіць таго, чаго ўсе людзі цябе вечна просяць.

Данілка. Ну, значыць, прапала дзедава панства!

Зоська. На, вось табе, дзедачка, кветак трошкі, а ты памаліся... за здаровейка...

Старац. За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..

 

Зоська (нахіляючыся да Старца, каб маці і Данілка не чулі). Памаліся, дзедка, за здароўе нашага паніча.



Старац. Добра, дзетачка! Я за ўсіх малюся, за каго толькі просяць — і за жывых, і за нябожчыкаў. Толькі вось, што я з тваімі гэтымі кветкамі рабіць буду?

Зоська. Як будзеш, дзедка, у цэркаўцы, дык на абразок іх павесь.

Данілка. Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.

Старац. Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то, можа, і кідаць болей будуць.

Зоська. Абы толькі не каменнем, дзедка.

Старац. Хэ-хэ-хэ! Усяк бывае, дзеткі мае, усяк! Хто хлебам, хто каменнем, а кожны нечым ды кіне. (Збіраецца выходзіць.)

Марыля. Ужо дзедка выходзіць ад нас?

Старац. Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным месцы. I так па капельцы ўсюды гора назбіраеш чалавечага, ажно несці цяжанька, а што ж бы было, каб даўжэй заседжваўся ў адной хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасліва аставацца! Слава Хрысту!

Усе. Слава! Слава! I на векі вякоў.

 

З'ява V

 

(Марыля, Зоська, Данілка.)



 

Зоська (садзячыся каля маткі на ложку). Мамачка, бачыце, якія прыгожанькія кветачкі?

Марыля. Бачу, бачу, хоць як праз сетку: туман нейкі ў вачах стаіць. Але дзе ты гэта лётаеш? Упыну на цябе нямашака ніякага.

Зоська. Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце: тут неяк так душна, дык я ўзяла і пабегла на сенажаць. Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя рвала; ты ж іх калісь, як здарова была, так любіла!.. Ах, мамачка, як цяпер хораша на сенажаці! Травіца зелянеецца, кветачкі цвітуць, ой, як прыгожа цвітуць. А вольхі над рэчкай так лісточкамі шалясцяць, так шапацяць, як быццам штосьці дужа цікавае хочуць табе расказаць! Мамка, мамка! Ты, здаецца, заснула? Ці чуеш, што я табе кажу?

Марыля. Чую, міленькая, чую, хоць у вушах шуміць, як у млыне якім.

Зоська. Сонейка яснае свеціць і грэе, ах, як сонейка грэе І свеціць! А птушачкі пяюць, аж заліваюцца! Так цёпла, так прыгожа на свеце! Мамка, а як табе?

Марыля. Мне, дзеткі, халодна і жудка.

Зоська. Не гаварыце так, мамка, а то і мне робіцца халодна і жудка ад тваіх слоў... Ага! Нарвала, значыцца, я табе кветачак, падышла к рэчцы, нагнулася і гляджуся ў вадзіцу, як у люстэрку якраз, я другая там адсвечваюся. Заглядзелася гэтак, аж нехта хапель мяне ў пояс! Я ў крык, вырывацца, гляджу,— аж гэта паніч з двара. I так стаў абымаць мяне і цалаваць! Я стузянулася раз, другі і вырвалася. Але які ён прыгожанькі, каб мамка бачыла!

Марыля. Ведама, паніч! (Убок.) Сваімі грудзьмі, што і яе, выкарміла, а ён... (Да Зоські.) Не займайся вельмі з ім, дачушка.

 

Зоська. Я ж нічога, мамачка. (Пауза.) Ах, каб ведала, мамка, які я сон сягоння сніла?! Хочаш, дык я раскажу.



Данілка. Раскажы, Зоська, раскажы! Бо і я ж люблю вельмі сны сніць. Толькі пачакай — я малых паклічу, хай і яны паслухаюць.

 

Выходзіць і цераз хвіліну варочаецца з Аленкай і Юркам.



 

З'ява VI

 

(Тыя ж і Аленка з Юркам.)



 

Данілка (да Аленкі і Юркі). Ну, садзіцеся, малыя! Толькі ціха будзьце! Зоська сон будзе расказваць.

Аленка і Юрка (садзяцца на зямлі каля матчынага ложка). Ну, пачынай, Зоська! Мы гатовы!

 

Зоська. Здаецца, прыйшоў да нас у хату нехта такі незвычайны — на галаве месяц, у руцэ сонца трымае; прыйшоў ён і кажа: «Годзе вам тут сядзець, годзе гібець, хадзіце за мной!» Мы спачатку, здаецца, перапужаліся, а пасля нічога. Ён так добра на нас паглядзеў, аж быццам у вачах яго слезы засвяціліся. Сабраліся мы усе — ты, гэта, я, Сымон, Данілка і малыя — ды пайшлі гэтак за ім, кінуўшы і хату, і гаспадарку ўсю сваю. Як толькі мы выйшлі — ён і кажа: «Што б там перад вамі ці за вамі ні рабілася — не аглядайцеся назад, а ідзіце за мной усе наперад, усё наперад!» Ішлі мы гэтак, ішлі, ажно бачьш — нейкае кругом нас страшэннае балота: гадзіны, вужакі, сліўні так і капашаць, як у гаршку якім...



Данілка. Ай-я-я! Вужакі і сліўні?

Зоська. Але нас крануць баяцца: ён усё іх сонцам адстрашвае,— толькі сыкаюць і выкручваюцца. Мінулі мы гэта балота вужачае, ідзём,— ажно ўвайшлі мы ў цёмны-цямнюсенькі, дзікі лес. Вецер у галінах трашчыць і свішча, звяр'ё ўсялякае вые, зубамі ляскоча, на нас кідаецца...

Данілка. Божухна! Звяр'ё ўсялякае! Вось жудасць! Я, мусіць, памёр бы там са страху.

Зоська. Але крануць не смеюць — ён і іх, як вужак, усё сонцам адганяе. Перайшлі мы тэты звярыны лес, ідзём — ажно ўсходзім на вялікае-вялікае поле пясчанае — віхор толькі арэ ды барануе, ды толькі дзе-нідзе на полі гэтым тырчаць пасохшыя вольхі, вербы, асіны. Па гзтым дзярэўі — з аднаго на другое — пера-лятаюць птушкі нейкія чорныя, такія страшный,— жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць кіпцюры, раззяўляюць глюгі,— здаецца, раздзерці і глынуць нас хочуць.

Данілка. Ах, як страшна! Балазе што хоць мяне не глынулі.

Зоська. Але нічога: яго — нашага павадыра — і сонца баяцца. Мінулі гэта поле птушынае, Ідзём. Нарэшце затрымаліся ў тым месцы, дзе вясёлка спускалася. Тут ён ізноў так кажа: «Ідзіце за мной следам па гэтай шматкалёрнай дарожцы!» Мы ўздзівіліся, але што ты зробіш? — пайшлі. I падымаемся штораз вышэй, вышэй, мінулі хмары, воблакі, аж да самых зорак забраліся, а там, па млечнай пуціне, з зоркі на зорку пераскакваючы, цягнемся далей; а зоркі хоць свецяцца, але не пякуцца: як па кветачках гэтых, ступаем па іх...

Данілка. А у ногі не калоліся гэныя зоркі?

Зоська. I прыйшлі мы ў нейкую харошую краіну, якой я ў жыцці не бачыла, не чула і не сніла. Зіхацістыя кветкі сйрозь рассыпаны, як тыя зоркі, што мы ішлі па іх: сады нейкія нянаскія так цвітуць, так цвітуць, куды прыгажэй, як нашы вішні ды яблыні! На гэтых садах калышуцца птушкі райскія — пер'е іх, як брыльянтамі усыпана і дыяментамі; а пяюць яны — мільён салавейкаў нашых так не патрапіць...

У садах па далінках рэчкі бягуць, а вадзіца так пераліваецца, як бы сонца ў тых шкелках, што мы бачылі пры ліхтарах у цэркаўцы!.. Ідзём гэтым садам-раем ды ідзём, ажно калі пагля-дзім!.. Стаіць палац відам не віданы, слыхам не слыханы; увесь зіхаціць, як бы з самага сонца быў зроблены: сцены залатыя-залатыя, а страха бліскучымі маланкамі пакрыта. Увайшлі мы ў гэты палац, азіраемся навокал, і што ж? — На самым пачэсным месцы сядзіць святы Спас, а каля яго Матка Боская, святы Юр'я, Мікола і Ілья!

Данілка. Нават Ілья і Мікола! Вось дык дзіва!

Зоська. I шмат, шмат усялякіх святых, меншых і болыыых! Падышлі мы к Спасу, а ён, добранькі, і кажа: «Годзе вам на зямлі пакутаваць, прыйшла ўжо пара са мной вам разам панаваць! Святы Петра,— тут пака-заў ён на гэнага, што нас вёў,— будзе над вамі апеку мець на векі вечныя...»

 

Паўза.



 

Данілка. Ну, а далей што было?

Зоська. Нічога! Тут я і прабудзілася.

Данілка. Шкода, што мы там не асталіся. Там бы, можа, мне і скрыпку памаглі скарэй зрабіць.

 

Зоська. Мамка, ці ты ўсё чула? Ну, як па-твойму: добры сон ці не?



Марыля. Чаму не чула. Добры сон, вельмі добры сон! Бог яшчэ на нас, як відаць, не забыўся, а я думала...

Зоська. Вось і тата ідзе!

 

Уваходзіць Лявон і садзіцца за сталом. Аленка і Юрка выходзяць.



 

З'ява VII

 

(Марыля, Зоська, Данілка, Лявон.)



 

Лявон. Ну, што? Як маці?

Зоська. Нічога! Мамка сягоння як бы весялей трохі.

Марыля (закашляўшыся). А бач, і ты ўжо прыйшоў! Што ж там чуў?

 

Лявон. Што чуў, што чуў? Старую песню: не адпускаецца. Сягоння высяляць будуць: ужо фурманкі ў іх наладжаны.



Марыля. Так! сягоння! А я і з ложка не магу сысці. Як жа гэта будзе?

Лявон (з горыччу). Нічога! Вынесуць, як княгіню якую. Не бядуй па гэтым.

Зоська. А як жа будзе з пасевамі? Няўжо нам і пажаць не дадуць?

Данілка. Вось дурная! Як жаць не будзеш, дык менш работы будзе, а то ўжо і так па самыя вушы мне гэта гаспадарка дадзела: цягам рабі ды рабі!

Марыля. Куды ж мы дзенемся?

Лявон. Нікуды! У чыстае поле!..

Марыля. Можа, да каго з суседзяў можна было б перабрацца да часу. Не прасіўся?

Лявон. Прасіўся і маліўся. У адных няма месца, другія баяцца: «адвячаць» яшчэ, кажуць, будзем; з судом і законам не жарты.

Зоська. Дык як будзе, татка?

Лявон. Так будзе, як будзе! Ты, Сымон і Данілка служыць пойдзеце, а я з маткай вашай і з меншымі жабраваць пайду. Вось што будзе!

Данілка. І я пайду жабраваць. Не хачу служыць.

Зоська. (глуха). Служыць пойдзем!..

 

Марыля. У жабраніну ісці!.. Божа, Божа!



Лявон (як бы сам да сябе). Служыць і жабраваць! Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зямелькі. Вечна думал! жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; пасеку карчавалі, будаваліся... вечна думал! жыць, а цяпер! Цяпер сын і ўнукі служыць і жабраваць... гаспадарскія сын і ўнукі. Ха-ха-ха! (Ідзе к парогу, п'е ваду і зноў садзіцца.)

Марыля. Я казала, што нічога не выйдзе. Ці з багатым беднаму судзіцца? Пакуль з багатага пух, то з беднага дух. Цэлыя вёскі такіх, як мы, з хат у поле вывозілі ад пасеваў, ад усяго дабра.

Лявон. А чаму стараверы выиграл!, хоць пазней за бацькавага дзеда ў Барках пасяліліся? Чаму?

Марыля. Бо, відаць, для іх права другое.

Лявон. Не ўсё роўна людзі?

Марыля. (кашляючы). Усе роўна, ды, мусіць, не ўсё роўна. Але каб не слухаў гэтага свайго адваката Клепатоўскага, то калі б і выгнал!, дык хоць гаспадарка засталася б, а так...

Лявон. А так прапала, не вернеш! Нашто дарма сабе і другім сэрца ад'ядаць.

Марыля. Жартачкі! Пяць гадоў судзіліся. Апошнюю карову і коніка сёлета прадаў. Апошнюю кароўку!

Зоська. I маю цялушачку, што мамка аддала мне гадаваць сабе на пасаг калісь.

Лявон. Што ўспамінаць, чаго не вернеш! Кожын па часе мае розум. Я толькі хацеў праўды шукаць. Ха-ха-ха! Здурэў і праўды шукаў. (Водзячы вачыма па хаце пасля некаторае паўзы, панура, тужліва.) Дзедава хата састарэлася, як і ён, нябожчык, трэба было новую ставіць... 3 бацькам цягалі бярвенне... падарваўся стары, памёр... тады сам адзін мусіў кончыць... Цяжка было аднаму, але неяк даў рады, толькі трохі нагу прыпсаваў, і хадзіць няма як роўна. (Глянуушы ў акно.) 3 дзедам садок садзілі... Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў... сам умеў прышчапляць. Садок вырас. 3 бацькам ужо кожнага Спаса мел! што свянціць... 3 зямелькай зжыўся, як з роднай маткай... Кожны каменьчык на полі і кожны кусцік на сенажаці змалку ўжо знаў як сваіх пяць пальцаў на руцэ... На гэтых гонейках пасціў скаціну... араў, сеяў, касіў. А тут!.. Суд — вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў. Эх, эх! I я гэта маю дарма ўступіць, адрачыся? Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне.

 

Данілка. Дык хай бы татка купіў ад двара.



Лявон. Купіў, купіў! А закон пазваляе такім, як мы, купляць? А чынш плацячы, я не выкупіў тэту зямлю? Ды што ты знаеш...

Марыля. (як бы праз сон). А цяпер — на бадзянне, на вечныя мукі, вечныя здзекі, на бадзянне вечнае!...

Зоська. Служыць ісці ў чужую хату, да чужых людзей. У няволю ісці!

Лявон (глуха). Чым я вінен? Чым я вінен? Што любіў тэту зямлю, тэту родную нашу!.. За тое вінен я? За тое любіў яе, каб яна мсцілася нада мной, над нам! і ў свет гнала... Ха-ха-ха! Зямля гоніць тых ад сябе, што з веку ў век свенцяць яе сваёй крывёй гарачай і потам салоным? I за што? За што? (Звесіў галаву і няўзнак уцірае слезы.)

Зоська (падыходзщь і гладзщь па галаве бацьку). Не марыкуйце вельмі, татачка! Юньце вельмі бедаваць! Не згінем на свеце... Што ж рабіць? Неяк жа ды будзем жыць. Не маркоцьцеся, татачка. Я сягоння сон добры сніла.

 

З'ява VIII

 

(Тыя ж і Сымон.)



 

Сымон (убягаючы). Гэта! Чаго сядзіш? Дворныя сохі гародніну і пшаніцу заворваюць!

Зоська. Няхай заворваюць! Іх зямля — іх права.

Марыля (кашляючы). Дайце мне вадзіцы! Душна мне!

 

Зоська падае вады, падтрымлівае матку — тая п'е.



 

Сымон. Калі іх зямля, то няхай з'ядуць яе, але дабро наша — мы сеялі!

Лявон (наругаючыся). Мы сеялі, а людзі жнуць, ну дык што ж табе з гэтага прыбудзе што ці адбудзе? Га?

 

Сымон. Тата сваімі судамі гаспадарку ўсю прасудзіў, а цяпер апошняе двару на здзек аддаў!



Лявон. Не я аддаў, а зямля сама сябе аддала ім на здзек. Я, ты, пяты, дзесяты штосьці ей не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяцей.

Сымон. Але нашае працы яна не чураецца. I мы затое павінны бараніць яе ўсёй сваей сілай.

Лявон (насмешліва). Ха-ха-ха! Будзе бараніць той сілай зямлю ад людзей, што тая ж зямля і тыя людзі даўно гэту сілу забралі ад яго! Разумненькі — няма чаго сказаць!

Сымон. У таткі забралі, але ў мяне яшчэ не паспелі, і ў мяне хопіць моцы ў крыўду не дацца, я і не дамся! (Хапае з-за лавы тапор і хоча бегчы, бацька адбірае.)

Лявон. Ані мне важся чапаць іх! А не, то сваей жа рукой заб'ю цябе гэтым тапаром!

Сымон. Я свайго толькі буду бараніць!

Зоська. Тапаром?

Сымон. Хоць бы і сваей галавой! Хто ж мне забароніць? (Тузаюцца.)

Зоська. (разбараняючы і цалуючы рукі Сымона). Кінь, Сымонка! Не йдзі проці волі бацькі! Што ты там адзін зробіш? Мамку хворую толькі перапужалі.

 

Данілка. I мяне напалохалі. Пакіньце! Што вы — малыя дзеці — гэтак тузацца?



Лявон (да Сымона). Пушчай, разбойнік, тапор. (Вырывав.)

Сымон. Эх, тата, тата! А што нас чакае, як мы гэтак будзем папускацца?!

Лявон (апусціўшыся на лаву, панура). Трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзед твой не меў розуму, я не маю, але ты яго мей, каб з часам цябе і тваіх дзяцей не ганялі гэтак, як сягоння.

 

З'ява IX

 

(Тыя ж і Аленка з Юркам.)



 

Аленка і Юрка. (убягаюць у хату, уціраючы кулакамі слезы). Тата! тата! нейкія людзі страху з нашае хаты здзіраюць!

Лявон. Няхай здзіраюць! Не вашае дзела!

Зоська. Я пайду папрашу іх, можа...

Лявон (з сілай). Не трэба! Не йдзі! Годзе ўжо бацька твой спіны нагнуўся і парогаў наабіваў. Я сам вінен і за ўсіх вас адвет панясу перад людзьмі і перад Богам. Трэ было мне ў сваім часе выехаць з гэтае хаты і не чакаць, пакуль аж прыйдуць выкідаць. А цяпер... сам сабе яму выкапаў сваймі рукамі! (Пасля некаторае паўзы.) Так, так, сам сабе яму глыбокую выкапаў... Без часу прыходзіцца ў яе лезці. Згіненне якоесь прыступае і душыць мяне з усіх старой... У вачах цёмна робіцца... думкі туманяцца... штосьці горла сціскае, дыхнуць не дае. Тара нейкая навалілася на плечы і цісне мяне, як каменнем усяго прыгнятае, а звяр'ё нейкае абсядае і на косці мае трухлявыя ласіцца. (Як памешаны.) Дзе я? Што я? Цёмна, страшна кругом!..

 

Чуваць трэск над хатай, сыпецца пясок.



 

Лявон. Во, во! 3 неба пясок сыпецца, а можа, гэта зоркі нашы валяцца, што павядуць нас па свеце з кіем жабрачым? (Прыглядаючыся, трывожна.) Не! не! гэта не зоркі, а жывы пясок, што я на хату цягаў на сваіх плячах... О, мой пясочак... залаты пясочак! Я цябе цягаў на вышкі, угару, а ты мяне ўнізе на век! вечныя засыпеш. Сыпся! буйным градам сыпся!.. (Як бы збудзіўшыся.) Але што я гэта гавару? Што я маруджу? Трэба ісці хутчэй, каб выгадней прыгатавацца ў вялікую вандроўку!

 

Трэск, і відаць праз адчыненае акно, як валяцца салома і канцы палення з страхі. Аленка і Юрка туляцца са страху да Зоські.



 

Лявон. Вы тут пасядзіце, а я найду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Трэба мякчэй намасціць для маці калёсы, бо яны ж не дагадаюцца. На чужой павозцы ваша маці выедзе сягоння, як пані, з свае хаты! (Абмахнуушы рукавом слёзы; выходзячы.) Не выходзьце з хаты, пакуль я не вярнуся.

 

З'ява X

 

(Тыя ж без Лявона.)



 

Данілка. Які тата гэта сягоння нейкі, як не пры сваім розуме.

Сымон. Я думаю! Гэта ж не жартачкі! — ад усяго адпрэчылі, і рук няма за што зацяць... Кожны з розуму сойдзе.

Марыля. (як бы праз сон). Вады мне дайце!

 

Зоська падае. Паўза.



 

Зоська. I што мы будзем рабіць?

Сымон. Зараз гэта вернецца, дык нешта будзем рабіць. Добра, што хоць вы ў мяне тапор адабралі, а то забіў бы каго, і ў вастрозе прыйшлося б гніць.

 

Зоська. Не рабі гэтага, братачка! Тата стары, мамка хворая, гэтыя — малыя яшчэ, дык што яны усе пачнуць без цябе і мяне? А так, пойдзем служыць і будзем як-колечы памагаць ім з апошняга.



Сымон. Але! Трэба памагаць. Трэба пачынаць но-вае жыццё. І я яго пачну. Яшчэ мы знойдзем зямлІ ў сваей старане і яшчэ мы хату адбудуем на сваім загоне! Я добра прыглядзеўся, як людзі жывуць, і добра надумаўся, як трэба жыць. Тата праўду сказаў, што трэба розумам ваяваць, а не тапаром. I я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды!

 

Вялікі трэск над хатай.



 

Зоська (спужаная). Ах! Каб хаця нас без пары хатка не иахавала?

Сымон. Не бойся! Гэта толькі з крокваў закот здзіраюць. Пакуль нас адгэтуль не выпрасяць — столі чапаць не будуць. Ды гэта ж на дварэ: бачыць, што там робіцца...

Данілка. А я ўсё-такі пайду адгэтуль на кожны выпадак. Каб іх паляруш! Скрыпку не даюць спакойна рабіць. Пойдзем, малыя. (Забірае Аленку і Юрку і выходзіць.)

 




  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка