Янка Сіпакоў. Прамова ў Ляўках



Дата канвертавання17.06.2016
Памер71.55 Kb.
Янка Сіпакоў. Прамова ў Ляўках.
Дзядзька Янка! Вы чуеце – свята гудзе,

Наша слаўнае свята – Купала.

Колькі вашых сяброў яно, колькі падзей

Каля вас, як ля сцяга, з’яднала.


Дзядзька Янка! Вы бачыце – луг, як букет,

І шчаслівыя ўсмешкі, і радасць Радзімы.

Беларускія песні гучаць на ўвесь свет,

Песні нашых сяброў паядналіся з імі.


Дзядзька Янка! Вы ўмелі прывеціць гасцей,

Паважалі сябрыну, любілі бяседу.

Хай жа з розных краёў і зямель найчасцей

К нам на свята сябры вашы едуць!


Дзядзька Янка! Мы выйшлі з бядот і нягод,

Ды нягоды ў стагоддзях нас не згубілі.

І жыве родны край, і жыве наш народ,

Які вы гэтак шчодра любілі.


Дзядзька Янка! У свеце між іншых краёў

Многа шчырых сяброў Беларусь наша мае,

Беларуская мова ў сям’і дружнай моў,

Як рупліва птушка, лунае.


Дзядзька Янка! Мы ўнукам раскажам, зямлі,

Каб нашчадкам яны перадалі:

Мы шчаслівы, мы на Купаллі былі –

Мы былі на стагоддзі Купалы.


Гучыць песня “Спадчына”.

2007 год стаў юбілейным для нашых знакамітых песняроў, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны нарадзіліся на беларускай зямлі ў адзін год, 1882-гі, толькі Янка Купала, Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 7 ліпеня, на свята Івана Купалы. А Якуб Колас, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, 3 лістапада.

У сусветнай літаратуры XX стагоддзя Я.Купала і Якуб Колас – постаці добра вядомыя і прадстаўнічыя. Іх творы ўвайшлі ў агульначалавечую культурную скарбніцу, сталі набыткам усіх народаў свету. Сёння, у юбілейную гадавіну, мы асабліва ўважліва ўглядаемся ў свет ідэй і паэтычнае аблічча іх духоўнай спадчыны.

Запрашаем сёння ў госці да Янкі Купалы, бо памяць аб ім жыве ў яго вершах, успамінах сяброў, у музеях, створаных у яго гонар, у музычных і мастацкіх творах, прысвечаных беларускаму песняру.



Гучыць песня “Ой рана на Йвана”. Звяртаем увагу на партрэт Я.Купалы.

Між самых крэўных, самых блізкіх

Яго партрэт, знаёмы ўсім.

І дзеці з самае калыскі

Паэта прызнаюць сваім.

Такім і быў ён... Задуменны,

Даступны і негаваркі;

Ўвайшоў у дом. У круг сямейны,

Як уваходзяць сваякі.

(Аляксей Пысін)

Людзі, зачарованыя самабытнай паэзіяй Я.Купалы, плацяць яму шчырай любоўю і ўдзячнасцю. Плыве і плыве бясконцы людскі паток у купалаўскія запаведнікі: на радзіму паэта ў Вязынку, недалёка ад Мінска; у Анопы – творчую калыску песняра, непадалёку ад знакамітага Даўгінаўскага гасцінца; у Ляўкі, што пад Оршай, у літаратурны музей Я.Купалы ў сталічным парку, які носіць яго імя.

На 38-м кіламетры Віленскай шашы, дзе дарога зварочвае ўлева, ляжыць камень-валун (фотаздымак). А на ім купалаўскія радкі: (верш):

З зямлёй і небам звязвае мяне ніць –

Неразарваная векавечная павуціна.

Зямля мяне галубіць, як вернага сына,

А сонца мне душу не кідае туліць.
Яшчэ ў калысцы я навучыўся з песень сніць

Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:

Што роднай нівы я мільённая часціна,

Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.



(“Бацькаўшчына” 1915)
Вязынка... тут на гэтай зямлі, дзе чуваць нетаропкі голас рэчкі Вязынкі, дзе перапляліся ў чароўных карунках танклявыя бярозы, сціплыя вольхі і веліканы-дубы, паэт з’явіўся на свет. У Вязынку Луцэвічі прыехалі ўвесну 1881 года. Дамінік Луцэвіч, бацька, быў працавіты, мудры хлебароб шляхетнага роду-звання. Пасяліўся ён з жонкай Бянігнай у простай сялянскай хаце, ля ракі.

У хатцы маленькай радзіўся паэт,

Дзе гадка дыміла лучына.

Раз першы адгэтуль ён глянуў на свет

Праз вокны вось гэтай хаціны.

(Канстанцыя Буйло “У Вязынцы”)
У 1946 годзе на гэтым доме ўсталявана мемарыяльная дошка, а 20 чэрвеня 1948 года тут адчынены філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы. Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага паэта , у красавіку 1992 года, Урадам Беларусі прынята рашэнне аб стварэнні ў Вязынцы Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка, што раскінуўся на 21 гектар. А ЮНЕСКА ўключае Вязынку ў міжнародны маршрут турызму. Прыводзяць сюды вандроўныя сцяжынкі гасцей здалёку і зблізку. І спасціжэнне Купалы адначасова робіцца адкрыццём краіны.

Прымі маю падзяку, шчодры лес,

Што ты прывёў мяне з краю Еўропы

У гэты кут, пад засень вербалоз,

З настоем агурочніка і кропу,

Што тут, над ціхай Вязынкай-ракой,

Нібы дыханне краю чуўшы зблізку,

Я скалыхнуў удзячнаю рукой,

Далёкі пілігрым, яго калыску.

(Уолтэр Мэй. Пераклад – Язэпа Семяжона)
І вучні нашай школы пабывалі ў доме-музеі Я.Купалы, наведалі ваколіцы, дакрануліся да старажытных камянёў-валуноў, далучыліся душой да гісторыі нашага краю, да паэтычнай спадчыны паэта.

Мелі шмат мы раскіданых гнёздаў,

Дзе ні глянь – курганы, курганы.

Свет застаўся пахмурны і грозны

І пасля найвялікшай вайны.

Толькі Вязынку, хату Купалы

Наш народ захавае навек,

Бо і сёння адгэтуль нямала

Пачынаецца песенных рэк.

(П.Панчанка “Вязынка”)

Хата, дзе нарадзіўся паэт, - помнік беларускага драўлянага дойлідства XIX стагоддзя. У 1972 годзе яна была рэстаўрыравана. Яна мае дзве паловы: у адной мемарыяльная частка музея, а ў другой – гістарычна-літаратурная экспазіцыя.

Як увойдзеш – пры парозе

З гліны печ стаіць, -

На ўсю хату, як ураднік,

З-пад ілба глядзіць.

На куту пад абразамі

Стол стаіць, як пан,

Дзве пры ім таўстыя лаўкі

І адзін тапчан.



(“Мая хатка” 1909)
Каля драўлянага матчынага ложка за быльну зачэплены стары каромысел, на якім падвешана калыска, што гушкала маленькага Янку. Побач з калыскай – хадушок, у якім ён рабіў свае першыя крокі.

Кожны куточак хаты гаворыць аб працавітых, дбайных гаспадарах: на стале пад ручніком – хлеб і соль; на покуці – іконы; на сценах даматканае адзенне, паляўнічая стрэльба бацькі, а ў куточку драўляны куфар, скарбніца чалавечага набытку. Каля печы – гаспадарскае начынне: чапяла, качарга, посуд, хлебная дзяжа, жорны, ступа з таўкачом. І гэты домік стаіць у абдымках зеляніны.

Чарэшні, яблыні і грушы

Сышліся згодна ў рад.

Ківаюць макаўкамі ўдала,

Плывуць напевы ад галін,

Як бы іх кожная ўзывала:

“Хадзі, бяспутнік, адпачынь!

Хадзі, усядзься каля нас ты,

Жыцця прыгод забудзь напасць,

Паслухай музыкі лісцястай:

Яна табе гарт новы дасць”



(“Сад” 1911)
Вязынка – гэта калыска паэта. Але існуюць і другія музеі Янкі Купалы: у вёсцы Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна, дзе Іван Лучэвіч працаваў памочнікам вінакура на бровары ў 1906 – 1907 гг., адкрыўся музей у 2001 годзе. На Лагойшчыне ў Акопах, дзе быў матчын хутарок, дзе Купала стварыў вялікую колькасць твораў, да 110-й гадавіны з дня нараджэння паэта адчыніў свае дзверы філіял музея “Акопы”. А ў 1978 годзе створаны мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”, што на Аршаншчыне, да 100-гадовага юбілею тут адноўлена Купалава дача.

Усе гэтыя назвы – гэта няпоўны пералік сцежак-дарожак, па якіх прайшоўся Беларускі Пясняр. Яшчэ адзін шлях вядзе ў сталіцу, у Купалаўскі парк, да ракі Свіслач.

Цяпер стаіць тут светлы дом,

Музей славутага паэта.

Народнай ласкай і цяплом

К яму сцяжынкі ўсе сагрэты.

Усё сабрана ў доме тым,

Што дарагім было Купалу,

Што сэрцам дорага людскім,

Што скарбам для народа стала.



(А.Астрэйка “Музей Янкі Купалы”)
Літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску – адзін са старэйшых у Беларусі. Ажно 20 верасня 1945 года адчыніліся гасцінна дзверы для наведвальнікаў. Першым дырэктарам музея, яго стваральнікам, яго душой і сэрцам стала Уладзіслава Францаўна, жонка Купалы, для многіх – проста цёця Уладзя. (партрэт)

“Цёця Уладзя” –

Так яе звалі.

Да скону верная

Жонка Купалы.

Яна падзяляла

З ім творчыя мукі,

І радасць, і шчасце,

І горыч разлукі.

Яна, быцам яснае сонца,

Натхняла,

Каб песня лілася

З грудзей у Купалы.

Яго пабрацімы

Усе яе зналі,

І цёцяю цёпла

Заўжды называлі.

Калі аглядаю

Святлітыя залы,

Ну, як тут не ўспомніць

І жонку Купалы!

(Пятро Гарэцкі)
Дом Янкі Купалы згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай Вайны, а разам з ім архіў, бібліятэка. Дзякуючы вялікім намаганням Уладзіславы Францаўны і супрацоўнікаў музея, былі сабраны і прывезены каштоўныя матэрыялы з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільні, Кіева і іншых гарадоў.

Сёння фонды музея налічваюць звыш 36 тысяч экспанатаў, якія даюць магчымасць вельмі поўна даведацца аб жыцці і дзейнасці Купалы, аб лёсе беларускай інтэлігенцыі, увогуле аб гістарычным шляху Беларусі.

Мы ўвесну 2007 года наведалі музей і былі ўражаны адначасова і велічнасцю, і прастатой. У пакоях пастараліся захаваць купалаўскі дух. Паэт вельмі многа часу праводзіў у сваім кабінеце. І калі зазірнеш туды, то здаецца, што ён тут, толькі выйшаў на хвілінку.

Былая супрацоўніца Наркамасвета БССР Соф’я Шамардзіна ўспамінае: “... на пісьмовым стале – простыя прылады высакароднай справы. Тут няма нічога “рыначнага”. Кожная рэч – нож для разразання кніжных лістоў, прэс-пап’е, чарнільніца, попельніца – усё тут невыпадковае, а строга адпавядае простаму і разумнаму густу пісьменніка”. Зірніце, і сёння тут усё на сваіх месцах.

Янка Купала любіў шахматныя турніры. У доме стаяў антыкварны шахматны столік, дошка якога была зроблена з уральскіх самацветаў. І сёння у сталовым пакоі, які, здаецца, чакае гасцей, стаіць шахматны столік, адчынены патэфон. Пакруціў ручку – і гучыць музыка. (музыка)

Адметнасць Купалаўскага музея – гэта карціны. Асабліва звяртаюць на сябе ўвагу творы Міхаіла Савіцкага. Яны расказваюць аб жыцці і творчасці паэта.

У 2007 годзе экспазіцыя папоўнілася эскпанатамі з Масквы, з гасцініцы, дзе правёў Я. Купала апошнія дні свайго жыцця. Гэта дзверы ў яго пакой, гэта фрагмент лесвіцы, якая да сённяшняга часу хавае таямніцу Купалавай смерці.

(сумная музыка)
Яго – няма!

А песні следам

Штогод – усё мацней звіняць,

І сам ён – звонкая легенда,

Якой і рэху не абняць.

Паслухаем – і сэрцу сцішна:

Мы не сустрэнем больш таго,

Хто Беларусь, як песню, узвысіў,



І ў сэрца кінуў нам агонь.

(В.Таўлай)



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка