Ярохіна Марыя Пятроўна Верхняе Стунжава



Дата канвертавання06.07.2016
Памер17.24 Kb.
Ярохіна Марыя Пятроўна Верхняе Стунжава

Адлік сваіх ваенных успамінаў я вяду ад лютага лютаўскага дня 1943 года. Жылі мы ў Верхнім Стунжаве пад Сар’яй. Сабраліся аднойчы пайсці ў Вознава з воўнай – там партызаны стаялі, нават чохры ў іх былі.

Ноччу спалася дрэнна, штосьці трывожыла. Хаця мы тады наогул жылі насцярожана: прагрукочуць недзе калёсы, а мы, як бацька вучыў,– хавацца! Але на гэты раз было асаблівае прадчуванне. Мама мяне яшчэ суцяшала, маўляў, і ёй перад дарогай заўсёды сумна. А зранку, накінуўшы хустку, выйшла на ганак нас праводзіць, і сястра мая Рэня, пятнаццаці год, прытулілася да яе. І слёзы горкія нам услед, быццам у дальнюю дарогу адпраўляемся. Дасюль бачу іх абедзвюх на родным ганку, дасюль махае мне маці рукою.

Толькі адышлі ад вёскі – заціўкалі фантанчыкамі ў снезе кулі. Мы кінуліся ў ручаіну і пайшлі далей кустоўем. У Сар’ю нас партызаны прапусцілі, але забаранілі куды-небудзь далей ісці. Зайшлі да брата Веры Жук, што ішла разам з намі. Праз гадзіну з боку Стунжава ўзвілося полымя. Гаспадар хаты залез на дах і, агледзеўшыся, пачаў запрагаць каня: “Будзем уцякаць!”. Але заўпарціліся маці з жонкай – хто тады ведаў, што іх чакае? Разоў, мо, пяць кідаўся да каня, а потым бачым праз вакно: ад Абразэева і Пушалат ідзе ланцуг фашыстаў у белых халатах. Яшчэ і самалёт прызямліўся, і адразу паўсюль поўна немцаў. Усіх, хто знаходзіўся ў хаце, павялі да млына, што быў на ручаі. Да вечара нагналі шмат людзей. Ішлі цэлымі сем’ямі з Ракшняў, з Мушына і іншых вёсак, неслі немаўлятак на руках.

Пачалі выбіраць маладзейшых. Як мы ні хаваліся за людзей, павыцягвалі нас з натоўпу чалавек дванаццаць, загналі ў спальню адной з хат, а ў прыхожай стол стаяў з гарэлкай ды ежай. Вартаваў нас латыш. “Не плачце,– кажа,– а то расстраляюць.” І дае нам хлеба з маслам, ды яшчэ мёдам намазана. А ў нас у горле акамянела, і самі як здранцвелыя. Так і трымалі ў руках той хлеб.

А астатніх людзей павялі ўздоўж ручая, там сушылка стаяла без вокнаў, адны дзверы. Загналі туды людзей і дзверы замкнулі. Аўтаматчыкі залеглі паводдаль у снезе і давай страляць з усіх бакоў. Мусіць, запальнымі білі, бо хутка будыніна загарэлася. Людзі выскоквалі з агню і траплялі пад кулі. І крык стаяў на ўвесь свет, пакуль дах не абваліўся. Мы трэсліся і плакалі. Зразумелі, што і ў нашым Стунжаве тое самае адбылося.



Потым ужо даведаліся пра сваіх. Усе нашы сем’і згарэлі. У Веры спалілі мужа і двух дзяцей. Бацька мой, пачуўшы стрэлы, бег за намі ўслед, упаў ля ручая – сэрца не вытрымала. З дзядзькавай сям’і сын кінуўся да лесу, расстралялі яго на бягу. Ягоны бацька кінуўся са схованкі – і таксама разрыў сэрца. Мусіць, чулыя сэрцы ў братоў былі. А астатнія пайшлі ў полымя…
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка