Юрась Барысевіч



Дата канвертавання23.06.2016
Памер49.26 Kb.
http://knihi.com/frahmenty/7barysievich.htm

Юрась Барысевіч

АХВЯРЫ СЬВЯТЛА

 

Сьвятарным цэнтрам сям’і, ролю якога цяпер адыгрывае тэлевізар, на працягу тысячагодзьдзяў быў нязгасны агонь на падлозе пячоры ці хаціны. Полымя лічылася жывым, яно дзяліла вячэру зь людзьмі й сымбалізавала шматвяковае адзінства роду. Захавальніцамі агню, як цяпер — тэлепраграмы на тыдзень — звычайна былі дзяўчаты. У Рыме сьвятарны агмень горада ахоўвалі жрыцы-вясталкі (як і савецкія школьніцы, што праз шмат стагодзьдзяў стаялі ў ганаровай варце ля Вечнага агню, яны мусілі захоўваць цноту). Агонь чысты сам і ачышчае тых, хто яго сузірае.



Аб’ектам культу можа стацца любая крыніца сьвятла — фізічнага або духоўнага: асьветнікі й бадхісатвы, мемарыял спаленай карнікамі вёскі, “лямпачка Ільліча”. У Савецкім Саюзе камуністы жартам казалі: “Нам сонца ня трэба — нам Партыя сьвеціць!”

Усялякі культ патрабуе ахвяраў — і ня толькі ад нас, але й ад нашых багоў. Напрыклад, ацтэкі меркавалі, што цяперашняе сонца (яно на небе ўжо пятае па ліку) нарадзілася ў вялізарным вогнішчы, у якім бог Кетцалькаатль спаліў уласнага сына, а першыя людзі былі створаныя з попелу й здадзенай багамі на гэтую справу крыві. Біблейскі бог падзяліўся зь людзьмі спачатку духам, а цераз Хрыста — і сваёй крывёю. У сваю чаргу, багі сілкуюцца нашымі дыетамі ды іншымі самаабмежаваньнямі.

Ахвярная кроў злучае жывых, нябожчыкаў і багоў у супольнае несьмяротнае цела. Хрыстовая кроў, ужываная ў выглядзе прычасьця, яднае вернікаў з усімі хрысьціянамі, дзе б і калі б яны ні жылі — хай сабе й да нашае эры.

Культ сонца яднае нас з расьлінамі й жывёламі, агмень — з уласным родам, а нацыя (пра гэта казалі Гётэ, Гюго, Пазьняк і шмат хто яшчэ) пачынаецца з тэатра. Вядома, у тэатар хо-


дзяць тысячы, а не мільёны. Але можна пагадзіцца з думкай мастацкага кіраўніка “Вольнай сцэны” Валерыя Мазынскага: тэатар выпускае энергетыку, якая даходзіць “амаль да Серабранкі” — нават да таго чалавека, які ніколі ня бачыў і ня ўбачыць самой сцэны.

Пасярод першага эўрапейскага (на маю думку, і першага нацыянальнага) тэатра ў старажытных Афінах гарэў ахвярнік Дыяніса — і гэта можа патлумачыць нам, чаму тэатральная заслона заўжды чырвонага колеру, і чаму якога б колеру ні было сьвятло, што залівае магічную прастору сцэны, — яно заўсёды нагадвае кроў. Сучасны тэатар паходзіць з крывавых містэрыяў сярэднявечча й антычных вакханаліяў — рытуальных оргіяў з ахвяраскладаньнямі ў гонар Дыяніса (Вакха). На адным з такіх карнавалаў вакханкі разадралі вядомага сьпевака Арфея (такая ж доля пагражае сучасным зоркам эстрады — таму яны не пагаджаюцца даваць канцэрты бязь целаахоўнікаў). Грэкі штогод — у дзень найвышэйшага сонца — сымбалічна забівалі і самога Дыяніса ў абліччы казла ці быка, каб прымусіць яго зноў нарадзіцца зімой (на Каляды). Шанаваньне бога віна і ўсіх расьлінаў было адным зь безьлічы культаў паміраючага й аджываючага бога, зь якіх потым разьвілася хрысьціянства.

Рытуал забойства бога быў пашыраны ў многіх земляробчых народаў, у тым ліку ў славянаў. Удзельнікі абрада рабілі велізарную ляльку або апраналі богам палоннага. Спачатку ім усяляк паказвалі сваю любоў і шанаваньне, а потым пудзіла спальвалі або тапілі ў рацэ, а падобнага да бога чалавека зьбівалі на горкі яблык ці сапраўды забівалі, а часам і зьядалі з надзеяй, што разам з богам уваскрэсьне пасьля зімовага сну й прырода.

Некаторыя традыцыі гэтага старажытнага сьвята сёньня адрадзіліся ў авангардным тэатры і мастакоўскіх пэрформансах. Найбольш папулярная тэма тут — рытуальнае забойства або самагубства. У беларускім мастацтве апошніх гадоў можна прыгадаць, напрыклад, пэрформансы Алеся Пушкіна на тэму забойства Язафата Кунцэвіча і Джахара Дудаева, акцыю самапахаваньня жыўцом Зьміцера Вішнёва, сэрыю пэрформансаў І. Сіна “Ільля Сін памёр”, рытуальныя забойства і зьяданьне цела невядомага літаратара на паэтычным канцэрце ля помніка “сонцу беларускай паэзіі” Янку Купалу, раздачу гледачам перад творчай вечарынай Альгэрда Бахарэвіча ягоных мазгоў, зробленых зь сьвінога фаршу й клубнічнага соку, дый маю спробу на фэсце пэрформансаў “Navinki ‘99” вынуць з разрэзанага жывата толькі што з’едзеную кнігу “Цела і тэкст”.

Авангардысты імкнуцца вярнуць мастацтву сакральную форму й сутнасьць магічных рытуалаў, спадзеючыся вызваліць гледача з палону ў індустрыялізаваных відовішчаў мас-культуры. Тэатар ня можа пераўзыйсьці кіно й тэлебачаньне ў колькасьці паказаных забойствах, але захоўвае неаспрэчную перавагу ў “якасьці”, сэнсоўнасьці чалавечых ахвяраскладаньняў.

Спадарожнікавае тэлебачаньне й інтэрнэт гуртуюць нас сваім халодным сьвятлом ужо ня ў нацыі, а ў чалавецтва — такое, якім яно бачыцца з Атлянты, Сіэтла ды Галівуда. Тэлеэкран залівае прыцемкі нашых кватэраў ня столькі сьвятлом, колькі халоднай крывёю: найвышэйшы рэйтынг маюць навіны пра катастрофы й тэрарыстычныя акты, фільмы й рэпартажы з бойкамі й стралянінай. Крывавыя відовішчы — адзінае, што масавы глядач гатовы спажываць у неабмежаванай колькасьці. Людзі ўжо амаль ня вераць у існаваньне нашага сьвету і патрабуюць паказаць ягоную кроў, каб пераканацца, што ён сканаў яшчэ ня ўвесь.

Можна спадзявацца, што зь цягам часу чалавецтва вырасьце ў больш разумную істоту, але пакуль што ягоны інтэлект знаходзіцца на эмбрыянальнай стадыі разьвіцьця. “Тэлевізаванае” чалавецтва — гэта ўсясьветны натоўп, а не ўсясьветная нацыя.

Віктар Пялевін у рамане “Generation П” выказвае меркаваньне, што аўдыторыя тэлебачаньня й кожны асобны глядач па сваёй фізыялёгіі нагадвае малюска, які харчуецца й спаражняецца (серыць) грашыма. Культ спажываньня, які разьдзьмувае тэлерэкляма, ператварае чалавека ў своеасаблівы ORANUS (дупарот) — адну зь безьлічы жывых пацерак, што самі паўзуць адна за адной, чапляючыся за агульны шнурок грошай ротам і анусам, да ахвярнага вогнішча, у якім і згараюць іхныя жыцьці. Сучасныя людзі жыўцом палаюць у пекле, а не заўважаюць гэтага таму, што замест печаў бачаць тэлеэкраны й супэрмаркеты. На думку Пялевіна, тэлевізары зьяўляюцца прамымі нашчадкамі распаўсюджаных калісьці на Блізкім Усходзе печаў для чалавечых ахвяраскладаньняў. Аднак, варта адцеміць, гэтыя печы пакінулі значны сьлед і ў гісторыі тэатра, і ў гісторыі царквы. Найбольш папулярным сюжэтам у паўлітургічнай драме Сярэднявечча была біблейская гісторыя пра кінутых у печ бабілёнскімі халдзеямі і ўратаваных анёлам юнакоў, якія адмовіліся пакланіцца залатому ідалу (на гэтую ж тэму Сімяон Полацкі напісаў першую ў Расеі п’есу “Пра Навухаданосара цара, пра залатое цела і трох юнакоў, у печы ня спаленых”). Каталікі рабілі інсцэніроўку гэтага паданьня на могілках або на плошчы перад касьцёлам, праваслаўныя ж будавалі двух’ярусную печ і падмосткі ў царкве — ператваралі ў спектакль зь піратэхнічнымі эфэктамі саму літургію (звычайна перад Калядамі). Праваслаўная літургія ўвогуле вельмі падобная, паводле структуры, да антычнага тэатра.



На думку Жана Както, сам тэатар — гэта велічэзная печ: “той, хто і не падазрае пра гэта, усё адно паволі падсмажваецца там або згарае імгненна”. Сапраўды, падчас спяктаклю станоўчыя героі імкнуцца запаліць душы гледачоў, нібы сьвечкі ў храме, сваім нутраным сьвятлом. Ліхвярам жа, нават калі іх іграюць кепскія акторы, кожны паказ дазваляе адпачыць некалькі гадзінаў ад вечных пакутаў у пекле: замест іх там у гэты час палаюць душы артыстаў.

Некаторыя афрыканскія плямёны падсілкоўваюць полымя ў сьвятарным агменю вёскі адмысловымі кавалачкамі дрэва, у якіх жывуць душы іхных продкаў (беларускія сяляне, пакуль у хатах не было тэлевізараў, таксама верылі, што менавіта празь печ адлятаюць да неба душы нябожчыкаў). Ня выключана, што й мы сёньня ня самі спальваем свае жыцьці ў тэлевізарах і кампутарных гульнях: у ахвярнік “глябальнай вёскі” нас падкладаюць рукі нашых нашчадкаў.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка