Юрась нераток (Юрий горбачев) (Минск) биография



Дата канвертавання26.11.2016
Памер165.5 Kb.
ТыпБиография
Юрась НЕРАТОК (Юрий ГОРБАЧЕВ)

(Минск)
БИОГРАФИЯ
Юрась Нераток (Гарбачоў Юрый Юр’евіч) нарадзіўся ў 1961 годзе ў сям’і настаўнікаў-філолагаў. Піша вершы і прозу. Выдаў зборнік вершаў «Фотаальбом» («Тэхнапрынт», 2003 год) і зборнік апавяданняў «Закуцце» («Мастацкая літаратура», 2007 год). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Мінску, працуе на НВА «Цэнтр». Член студыі «Пралог» са дня заснавання.
СТИХОТВОРЕНИЯ
АДЗІНЫ ВЕРШ
Пішу няшмат – каму яно патрэбна?

Каму цікава, як душу ты рвеш?

Але скажу без прыкрасці хвалебнай:

Што б ні пісаў – пішу адзіны верш.


Над хмарамі апісваю кругі я,

Кашу быльнёг, машчу праз багну гаць…

Але пакуль здараюцца другія.

Адразу не ўдаецца распазнаць,


І часам торгне: вось ён, недзе блізка!

І веру, што наяве, як у сне,

Ён вырасце, як яблыня з агрызка,

Як з кропелькі вясёлка праблісне.


І як бы ні прыспешваў час-гадзіннік,

Я мітуснёй жыццёвай не грашу.

Не напісаў пакуль што верш адзіны,

Таму яшчэ, прабачце, і пішу.


ТРЫ МАЙСТРЫ
Калі быў яшчэ маладым белы свет

І зоркі свяцілі не так,

Дружылі Мастак, Музыкант і Паэт.

Паэт, Музыкант і Мастак.


І зранку, узяўшы палітру ў руку,

Ішоў да карціны Мастак.

Выводзіў віхуру, маланку, раку

І човен – няпэўнасці знак.


Падладзіўшы лютню, ішоў Музыкант

На шумны вясёлы базар.

На грыф начапіўшы смарагдавы бант,

Іграў ён пра месяц між хмар.


А ў вечар глухі, навастрыўшы пяро,

Сядзеў пад лучынай Паэт.

Ліліся радкі пра святло і дабро,

Што ззялі з далёкіх планет.


Жылі яны так і не год, і не тры –

У згодзе з відна да відна, –

Пакуль не зазналі аднойчы майстры:

Ва ўсіх іх – жанчына адна.


Не сталі складацца ў Паэта радкі,

Хоць часам крывёю пісаў.

Ён вершы старыя парваў на шматкі

І сумным астролагам стаў.


Мастак свае фарбы змяняў на віно

І піў да імглы-пустаты.

Затым у каміне спаліў палатно

І стаў перабельваць платы.


Глядзеў Музыкант, быццам нешта згубіў, –

Нічога не ўмеў, як іграць.

Ён лютню прадаў і шарманку набыў.

І з ёю пачаў жабраваць.


Далі напаследак бясстрасны зарок:

Другім не лічыць за віну.

Але не сустрэцца ім болей утрох,

Бо кожны кахае адну.


Мінаюць стагоддзі, як прывідны дым.

І быў бы наіўным сюжэт,

Калі б не жылі ў чалавеку адным

Мастак, Музыкант і Паэт.


НАЧНЫ БАЛЬ
Узнеслася поўня над лесам, бы шарык надзьмуты.

Святлом ад кандэлаў палац азарыўся знутры.

Шыкоўны быў баль – і петарды ўзляталі салютам,

І тузалі віяланчэлі Еўтэрпы майстры.


І ззялі ад шчасця свайго жаніхі і нявесты.

Бруілі фігуры кадрылі, як звонкі ручай.

Прывабныя людзі рабілі прыгожыя жэсты.

А я, нехлемяжы, шукаў, куды скінуць адчай.


Ды прыкрая зайздрасць патрохі завяла і знікла –

Да гэтай вясёлай гурмы быў прыбіцца гатоў.

Пакуль разважаў, грацыёзная музыка сціхла.

І раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў.


Кружыліся ў вальсе чаруючым сталыя пары –

Паменела іх, стаў спакойным кандэлаў агонь.

Мужчыны аб нечым сваім расшумеліся ў бары,

А нехта з жанчын неўпрыкмет пазяхаў у далонь.


Сярод гаманы шматгалосай у зале палаца,

Якая глушыла часамі напевы альтоў,

Здалося, што нехта паклікаў. Памкнуўся падацца –

Ды раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў.


Сівых кавалераў вялі распаўнелыя дамы.

А большасць глядзела, бо так дазваляў этыкет.

А скрыпкі ігралі даўно з манатоннасцю гамы

Мінорна-бясстрасны, як восеньскі дождж, менуэт.


І шмат хто з жанчын быў, напэўна, зусім без партнёра:

Яны назіралі за танцам з самотнасцю ўдоў.

Хацелася нешта сказаць, каб усіх падбадзёрыць –

Ды раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў.


Не танцы ішлі, а тужліва кагось адпявалі.

Было відавочна, што трызнай закончыўся баль.

Зляталі са струнаў матываў жалобныя хвалі –

То ў тон са старымі заплакаў бяздушны раяль.


Пранеслася ўдалеч жыццё залачонай карэтай.

І гаснуць кандэлы, і пройдзены шлях да кладоў.

Пара развітацца з палацам і выйсці адгэтуль…

Ды раптам усё пастарэла на дваццаць гадоў.


Пыл, пух, павуцінне – астатняе бачыцца мройна…

Знянацку – вільготнага ветру разгульны парыў!

А з першымі промнямі стала нябачнаю поўня

І знік таямнічы палац, як ніколі не быў.


ВЯДЗЬМАРКА І ДЗЯЎЧЫНА
Там, куды не дойдзе госць нязваны,

Заблукаўшы цёмнаю гадзінаю,

Там, дзе разам сходзяцца туманы

На світанні ў рэчку ціхаплынную,

На краёчку вёскі ў роднай хаце

Дзеўчына жыла з удовай маці.


А за вёскай, дзе гушчар імшарны,

У якім і грыб не прабіваецца,

Дзе і звер драпежны велізарны

Збочыць і паскорыць бег стараецца,

Між струхлелых вольхаў на палянцы

Век вядзьмарка бавіла ў зямлянцы.


І ў пару, калі вылазяць гады

І спялеюць ягады паганыя,

Выйшла басанож дзяўчына з хаты,

Каб спазнаць пра лёс свайго каханага.

…Не паспела запытаць вядзьмарку,

Як паднесла тая з нечым чарку.


Бліснула калючымі вачыма:

“Не бывае сродку больш надзейнага!”

Ледзь глынула з чаркі той дзяўчына –

І ўляцела ў прорву чарадзейную.

Колькі прамінула – год ці тыдзень –

Бачыў з неба толькі месяц-злыдзень.


…Глянула – вакол зямля сырая.

Громам працяла здагадка млосная:

Выкрала ў яе карга старая

Маладосць і прыгажосць зайздросную!

І, як ранак даў святла палоску,

Пабрыла з бядой сваёй у вёску.


…Бомы звоняць весела ў карэце –

Пан забраць прыехаў сваю жоначку.

Хоць каханы, што блукаў па свеце,

Зноў вярнуўся ў родную староначку.

А душа матулі ад папрокаў

Паляцела да сівых аблокаў.


Льюцца слёзы па шчацэ старэчай…

Толькі хтось з сялян прыкмеціў прышлую.

Гікнуў: “Людзі! Кепская сустрэча!

Трэба гнаць у лес вядзьмарку дышлямі!

Хай сядзіць, дзе і сядзець павінна!”

І каханы першым бег з дубінай…


Вось і ўсё. Зрабіла, што хацела,

І ў зямлянцы зноўку аказалася.

Бо не забірала яна цела,

А душой з дзяўчынай памянялася.

А чаму, нашто, з якой прычыны?

Цяжка зразумець душу жанчыны…


КАЗАЦКАЯ
Леглі травы росныя

На былыя дні.

Залатымі косамі –

Сонца прамяні.


Шчасце ты казачае –

Стэпы ды равы…

Што вы, кані, плачаце?

Я ж яшчэ жывы!


Ах ты, доля рваная –

З гор і курганоў.

Не чакай, каханая,

Казака дамоў.


Роем пчолаў з вулею –

Думкі з галавы.

Размінуўся з куляю –

Значыцца, жывы.


Вецер смяглы дыхае

Пахам палыну.

Льецца песня ціхая,

Лашчыць гук струну.


А з нябёс курлыкаюць

Сумна журавы.

Нібы ў вырай клікаюць…

Але ж я жывы.


Для душы астылае

Распалю касцёр

За радзіму мілую,

За братоў-сясцёр.


Залівае хваляю

Рэчка паплавы.

Размінуўся з шабляю –

То яшчэ жывы.


Воля мая крохкая,

Як мне жыць, парай!

Сцежкаю-дарогаю –

У далёкі край.


Груганова карканне,

Вухканне савы…

Толькі гінуць рана мне –

Я пакуль жывы.


СТАРЫ ВОІН
Крывавай плямай сонца знікла

За змрочны могілкавы бор.

Былы салдат з тугою звыклай

Курыў махру і піў кагор.


Гамонкі тлумныя сціхалі,

Цямнелі цені на траве…

Гайдаліся ўспаміны-хвалі

Ў яго ссівелай галаве.


Ён зноўку чуў жалеза бразгат

І бачыў баявых сяброў,

Ішоў у цемры сцежкай гразкай

І падаў, ранены, у роў.


Палоніў розум хмель паволі,

Накатваліся жаль і злосць,

Бо страціў ён на ратным полі

І сэнс жыцця, і маладосць.


Ён праклінаў вайну-паганку,

Бо разумеў, што ваяваў

За тое, каб яго каханку

Хтось жонкаю сваёй назваў.


Каб бегалі чужыя дзеці

І падрасталі неўпрыкмет.

І каб ніхто ва ўсім сусвеце

Не зразумеў яго, як след.


Не перамога – паражэнне,

Нявыплатны памер цаны!

…Трыццаты год ад нараджэння,

Дзесяты год пасля вайны…


НА ПАСТУ
Зноўку грозіць навальніца

З чорна-хмарнага крыла.

Я павінен быў змяніцца,

Толькі змена не прыйшла.


Калыхне сумнеў парою:

Можа, я стаю дарма?

Можа, тых, хто даў мне зброю,

І ў жывых даўно няма?


Ціха плешчацца крыніца

Ў палыновай лебядзе.

Я павінен быў змяніцца –

Толькі змена не ідзе.


Падпалю сухое вецце,

Распаўзецца горкі дым.

Можа, я адзіны ў свеце?

…А на гэтым? Ці на тым?


Хутка лета схлыне ліўнем,

Будуць восень і зіма…

Я змяніцца быў павінен,

Толькі змены ўсё няма.


Кіну марныя папрокі

Ў бок адчаю і тугі.

Мерна складваюцца крокі

Ў бессэнсоўныя кругі…


НЕХТА ІДЗЕ
Нехта ідзе,

Толькі ў цішы грукочуць абцасы.

Гулкай хадзе

Канкурэнтаў абшар не дае.

Быццам кладзе

На жалезную лесвіцу прасы.

Нехта ідзе –

Не спяшаецца і не злуе.


Нехта ідзе.

Час спыніўся, расцёкся ў бясконцасць.

У чарадзе

Смутных ценяў – ні цел, ні выяў.

Ён не з людзей –

Ад яго не знайсці абаронцаў.

Нехта ідзе

Ні па справах, ні дзеля забаў.


Нехта ідзе.

Ён не мае ні страху, ні гневу.

Не ліхадзей,

І дабро – не яго іпастась.

Ён не ўпадзе

На зямлю і не ўздымецца ў неба.

Нехта ідзе,

Ён не будзе паўзці і лятаць.


Нехта чужы

І да болю і жудасці блізкі.

Быццам вужы

Распаўзаюцца думкі наспех.

На рубяжы

Дзвюх дылем мосцік існасці хісткі.

Лесам – крыжы:

Вечны могільнік альф і амег.


Крокі бліжэй…
МЫ – ТУТ
Прывітанне табе, прывітанне,

Неахайны, нікчэмны люд!

Вось і скончылася чаканне –

Мы тут!
Вы баяліся стоеннам жахам

І з адчаю хаваліся ў кут.

Памянялася ўсё адным махам –

Мы тут!
Ад жыцця вы чакалі раю:

І граблі, і сціскалі ў жмут…

І нарэшце дайшлі да краю –

Мы тут!
Вы звярталіся часам да Бога

Са сляпым спадзяваннем на цуд.

Але вы не зрабілі нічога –

Мы тут!
Вымаўлялі празрыстыя словы,

Каб схаваць свой унутраны бруд.

Тупа верылі: час прыйдзе новы.

Мы – тут!


Вы надзеі слабыя ўскладалі

На спагадны вышэйшы суд.

Але ўсё ж такі нас чакалі!

Мы тут…
Знікне, знесены жорсткім ветрам

Вашых мараў юрлівых хлуд!

Клічуць вас апраметныя нетры –

Мы тут!
ЗВЕР
Куды імкнешся,звер,

Свавольна і панура?

З якіх ты ўцёк вальер,

Якая гоніць бура?


Бязветрана наўздзіў,

Шырока сонца льецца.

А ты – той час забыў,

Калі сядзеў у клетцы.


Чаму спыніўся, звер,

І раздзімаеш ноздры?

Дзе ўбачыў ты бар’ер?

Што ловіць нюх твой востры?


Ніякіх перашкод,

І немагчымы выстрал.

Ні пастак, ні балот,

І далягляд празрысты.


Чаго шукаеш, звер,

Увішна, безупынна?

Нястомны землямер

Уласнай каляіны…


Гараць вачэй кружкі –

Усё ж тваё ў прасторы:

І сцежкі, і сцяжкі,

І логавы, і норы.


Каго баішся, звер,

Неутаймавана, звыкла?

Якіх благіх хімер

Пужае выскал іклаў?


Ты зжор усё наўсцяж

Азартна і цвяроза.

Сабе – адзіны страж

І вечная пагроза.


Пра што ты выеш, звер,

У тон ліхой гадзіне?

І кіпцюры цяпер

Рвуць скуру на грудзіне.


Глядзець няма каму

На подзвіг твой крывавы –

Не зведаць аднаму

Ні літасці, ні славы.


Чаго ты хочаш, звер?

Бо ўжо трываеш ледзьве ж…

Ускінеш зрэнкі ўверх,

Аднак Яго не ўгледзіш.


Хвіліны забыцця

Зямля ўспрымае хныла,

Бо без твайго выцця

Сама б, напэўна, выла.


ДЗЯДЬКА ПАМЁР
Сёння спыніцца змрочная хмара,

І прыціхне засмучаны бор,

І не ўспыхне ў рэфлектары фара…

Сёння сумна, бо дзядзька памёр.


Дзед стагодні прымесціцца зрання,

Каб на прызбе смаліць “Беламор”

І ківаць у адказ на пытанне:

“Чулі, дзеду? То ж дзядзька памёр!”


Торгне маці малога гарэзу:

“Забрытай свой бязглузды гумор!

Наламай лепш духмянага бэзу…

Трэба плакаць, бо дзядзька памёр!”


Не наладжвалі сёння пахмелля

Ні шафёр, ні электраманцёр.

Бо якое быць можа вяселле?!

Дзень жалобны, бо дзядзька памёр.


Гральшчык дзёгцем шарніры прамажа

І настроіць баян на мінор

Пад матыў пахавальнага марша.

Трэба музыка – дзядзька памёр!


Хутка час рыхтаваць на хаўтуры

Самагон і вяндліну з камор…

Але ўвогуле дзень сёння хмуры

І турботны, бо дзядзька памёр.


ЧЭРАП
Нашто натхненне? Хоць не страціць меру б!

Што дойдзе да патыліцы скрозь лоб?

…Калісь аптымістычны далакоп,

Капаючы дзірван, адрые чэрап.


І, выдыхаючы з сябе ці гар, ці шмаль,

Ён, недавучаны філосаф ці гісторык,

Карцінна ўздыме чэрап: “Бедны Ёрык!”

І не памыліцца, няўрымслівы, амаль.


Ды буркне брыгадзір: “Ну, годзе-годзе!

Давай, што засталося, разальём.

Нясі на звалку і прыкінь галлём.

Ты ж маладзей не менш, чым на стагоддзе!


Ну, што рабіць? Такі наш плынны век:

Само жыццё плюс памяць пасля смерці…

Ён меў не толькі чэрап – мозг і сэрца.

Таму пакінь свой блазнаваты здзек!


Прапала памяць – і няма асобы,

Давёз яго да забыцця Харон…

Усё, працуем! Часу – не вагон.

…Спякотна сёння. Можа, скінуць робы?”


СПОВЕДЗЬ СТРУНЫ
Зараву-запяю

Ваўкалакам да поўні бліскучай.

Хай паэт-пустазвон

Ненавідзіць-баіцца-кляне!

Я паэта заб’ю –

Ён даўно мне абрыд-надакучыў!

І жаўтлявы плафон

Да шаленства даводзіць мяне.


Ён часамі – жміндай,

А часамі – мантач-утрыманец.

Ганарысты, як слуп,

Ці прыніжаны, як тратуар.

Жорсткі, як самурай,

Кампрамісны, як бомж-абадранец.

Простакутны, як куб,

Сінусоідны, як будуар.


Я паэта заб’ю,

Бо ён крадзе мае цыгарэты!

Стос распісак-даўгоў

Хай з сабой у труну забярэ!

…Я нярэдка злую.

Толькі як дасягнуць грэшнай мэты?

Бо мяне ад яго

Аддзяляе мяжою барэ.



АПОШНІ ПАЭТ
У яго чаравікі нямодныя,

Ён выходзіць у дождж без плашча,

Ён не верыць, што зоркі – халодныя,

А Зямля – гэта сплюшчаны шар.


Ён няўчас да знаёмых з’яўляецца

І заўсёды не спіць дапазна,

Кожны год непрытворна здзіўляецца,

Калі зноўку прыходзіць вясна.


Любіць ён назіраць за стракозамі

І не бачыць мігцення гадоў.

Размаўляць ён умее з бярозамі

І шкадуе бяздомных катоў.


Пастаянства не лічыць руцінаю

І хавае пачуцці свае.

Безнадзейна кахае адзіную,

Хоць з юнацтва не бачыў яе.


Ён зласліўцам жадае найлепшага

І злачынцаў не хоча караць.

І пакуль што ніводнага вершыка

Не стварыў… І не будзе ствараць.


НЕ ЎСЁ ТАК ДРЭННА!
Жыццё ідзе то хваляй, то зігзагам.

Часцей бывае прыкра, чым прыемна.

І колькі ні размахвай белым сцягам –

Няўмольны лёс… Аднак не ўсё так дрэнна!


І як не беражы сваё здароўе –

То скокне ціск, то забаліць калена.

А ёсць жа рак, гангрэна, белакроўе,

Інфаркт, інсульт… Аднак не ўсё так дрэнна!


Заробак наш – пракормна-камунальны,

Работа – што касьба сабакам сена:

Шмат валтузні, а вынік мінімальны,

Калі і ёсць. Аднак не ўсё так дрэнна!


Факіры, дрэсіроўшчыкі, жанглёры –

Такая палітычная арэна.

А паспрабуе шчырым быць каторы –

У міг зжаруць. Аднак не ўсё так дрэнна!


Бяздумна-хцівым чалавечым родам

Загаджана няшчадна айкумена.

Ды, падаецца, клімат за прыроду

Разлічыцца… Аднак не ўсё так дрэнна!


Бацькі – зануды, дзеці – спінагрызы,

А жонка – сексуальнае палена.

У кожнага – прэтэнзіі, капрызы

І прынцыпы. Аднак не ўсё так дрэнна!


Ды і сяброўства – горкаю рабінай,

Бо дружбакі – калі ім што патрэбна.

А пахіснешся – адвярнуцца спінай,

Ці чым яшчэ… Аднак не ўсё так дрэнна!


А кінеш на сябе бясстрасным вокам:

То піва п’еш, то пазяхаеш лена.

І ўзбудзіць толькі ўдар электратокам,

Хаця б дубцом. Аднак не ўсё так дрэнна!


Жыццё – гульня, а людзі ў ім – паяцы.

Які тэатр, калі ёсць толькі сцэна?!

Няма каму над намі ні смяяцца,

Ні гараваць… Аднак не ўсё так дрэнна!


Мінае маладосць каварна хутка.

Сапхне ў кювет бязлітасная змена!

А там – цыроз, склероз, пратэзы, вутка

І гаймарыт… Аднак не ўсё так дрэнна!


І нават тыя, хто пакуль у сіле,

Праз нейкі час сканаюць неадменна.

Так і стаім: адна нага ў магіле,

Другая ў тле. Аднак не ўсё так дрэнна!


Дастала хаатычная рухомасць:

То марш, то менуэт, то макарэна!

Сэнс існавання ўлез у падсвядомасць

І не вяртаецца. Аднак не ўсё так дрэнна!


Праз думкі, рыфмы, вобразы і словы

Дабраўся да апошняга катрэна

І вызначыў, што верш не адмысловы

І роспачны. Аднак не ўсё так дрэнна!








: sites -> default -> files -> docs
docs -> Закон рэспублiкi беларусь 22 сакавiка 1995 г. N 3680-xii аб бiблiятэчнай справе ў рэспублiцы беларусь
docs -> Графік прыёму грамадзян па асабістых пытаннях
docs -> Пастанова мiнiстэрства культуры рэспублiкi беларусь 31 снежня 2008 г. N 49
docs -> Пастанова мiнiстэрства культуры рэспублiкi беларусь 27 чэрвеня 2007 г. N 31
docs -> Адукацыя і выхаванне
docs -> Тыпавыя штаты ўстаноў клубнага тыпу, навукова-метадычных цэнтраў I
docs -> Загад мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi беларусь




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка