З досведу падрыхтоўкі і правядзення ў школе калектыўнай творчай працы “Этнаграфія маёй вёскі” Падрыхтоўка



Дата канвертавання15.05.2016
Памер146.63 Kb.
З досведу падрыхтоўкі і правядзення ў школе калектыўнай творчай працы “Этнаграфія маёй вёскі”

Падрыхтоўка

Штогод у нашай школе праходзіць свята “Наш край” з рознай тэматыкай: “Нашы славутыя землякі”, “Паўстанне 1863 г. у нашым краі”, “Вайна вачыма маіх землякоў”, “Спрадвечныя назвы нашай зямлі”, “Мой радавод”, “Легенды майго краю” і інш. У 2010 годзе сябры краязнаўчага гуртка абралі тэмай даследавання - “Этнаграфія маёй вёскі”. Звычайна свята “Наш край” рыхтуюць актывісты-краязнаўцы - сябры краязнаўчага гуртка, вучні-экскурсаводы школьнага музея. Вакол іх складваюцца малыя групы, кожная з якіх атрымлівае ад арганізатараў заданне: даследаваць нейкую з’яву і прадставіць вынік на свяце. На гэты раз малыя групы склаліся не па класах, як было звычайна, а па месцы жыхарства. Кожная з групаў на чале са сваім лідэрам, сябром краязнаўчага гуртка, бралася ажыццявіць этнаграфічную экспедыцыю ў сваю вёску і паспрабаваць знайсці там элементы духоўнай і матэрыяльная культуры, зафіксаваць і прэзентаваць на свяце “Наш край” у любой форме.

На паседжанні краязнаўчага гуртка мы больш падрабязна вывучылі, што такое этнаграфія, навошта яна патрэбна, як этнографы праводзяць даследаванні, былі распрацаваныя памяткі “План этнаграфічнага апісання вёскі”, “Памятка этнографу па збору матэрыялаў”, была рэкамендавана літаратура па этнаграфіі. Склалі аб’яву, якая была вывешана ў школе на інфармацыйнай дошцы і на краязнаўчым сайце. Кожная з малых групаў атрымала памяткі, лідэр групы абавязаны быў пазнаёміць яе ўдзельнікаў з гэтымі памяткамі, вывучыць іх у сваёй групе. Кожная група сама павінна была выбраць інфармантаў у сваёй вёсцы, аб’екты для вывучэння, размеркаваць, хто што будзе рабіць індывідуальна.

Прэзентацыі на свяце праходзяць у выглядзе конкурсу, пераможцы атрымліваюць прызы – кнігі, дыскі з беларускай музыкай, паездку ў тэатр ці экскурсію ў які-небудзь цікавы горад Беларусі.

У школе была вывешана аб’ява:

Свята "Наш край" – 2010

Свята "Наш край-2010" адбудзецца 18 снежня.

Сёлета прапануем узяць удзел у конкурсах:

1. Мой экспанат для школьнага музея.

2. Этнаграфія маёй вёскі.

Удзельнікі: 5-11 класы.

Што рабіць?

Этнаграфія (апісанне народа) вывучае матэрыяльную і духоўную культуру народаў. Для ўдзелу ў конкурсе трэба ажыццявіць этнаграфічную экспедыцыю ў вывучаемую вёску, пагутарыць з цікавымі людзьмі, запісаць іх інфармацыю, сфатаграфаваць адметныя мясціны, будынкі, рэчы, скласці апісанне вывучаемай вёскі у выглядзе альбома ці электроннай прэзентацыі, а потым прадставіць сваё даследаванне на свяце "Наш край".

Ты можаш прыняць удзел у складзе каманды ці індывідуальна, скласці апісанне ўсёй вёскі па прапанаванаму плану ці даследаваць толькі адзін элемент матэрыяльнай ці духоўнай культуры - пабудову, прыладу працы, песню ці легенду.

Для чаго гэта трэба?

Мы жывём у свеце, дзе ўсё становіцца аднолькавым, стандартным. На нашых вачах знікае традыцыйная культура народаў - звычаі, абрады, пабудовы, касцюмы, песні - тое, што робіць нас адметнымі ў гэтым свеце. Сваім даследаваннем ты можаш дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.

Што за гэта будзе?

Цікавыя матэрыялы будуць размешчаны на сайце. Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымаюць прызы, для іх будзе арганізаваная паездка ў тэатр і экскурсія ў самы старажытны горад Беларусі - Полацк.



Памятка этнографу па збору матэрыялаў

1. Асноўным метадам этнаграфічнага вывучэння культуры і быту народаў з'яўляецца назіранне. Этнографы выязджаюць у экспедыцыі і збіраюць палявыя матэрыялы - запісы назіранняў і размоў з насельніцтвам, фота, малюнкі і чарцяжы, якія фіксуюць прадметы матэрыяльнай культуры (жыллё, адзенне, хатняе начынне, прылады працы, сродкі транспарту) або з'явы духоўнай культуры (запісы песень, фота вясельнага абраду, пахавальнага абраду, народных танцаў, гульняў і да т. п.).

2. Збіраюцца таксама прадметы быту, якія потым перадаюць у музей у якасці экспанатаў. На сабраныя прадметы складаюць пашпарт: назва прадмета, дзе знойдзены, яго прызначэнне, уладальнік, калі зроблены, хто зрабіў, матэрыял, памеры, канструкцыя, назвы асобных частак, тэхніка вырабу, пераробкі, захаванасць. На буйныя прадметы неабходна скласці апісанне, зрабіць абмеры, сфатаграфаваць або намаляваць.

3. Неабходна правільна выбраць інфарматара. Ім можа быць толькі жыхар той вёскі, дзе праводзіцца даследаванне, пажадана ўраджэнец. Інфарматарамі павінны быць прадстаўнікі розных палоў і ўзростаў.

4. Пры апытанні насельніцтва неабходна фіксаваць два слаі інфармацыі; "як было раней" і "як цяпер" з дакладнымі датамі.

5. Звесткі ад аднаго інфарматара трэба пераправяраць праз іншых інфарматараў.

6. Пажадана весці запіс на магнітафон, дыктафон.

7. Пры запісе размовы з інфарматарам неабходна ўказаць:

-яго прозвішча, імя, імя па бацьку;

-год нараджэння;

-месца нараджэння;

-год вяселля;

-год пераезду (калі не ўраджэнец) у вёску, дзе вядзецца збор інфармацыі;

-род заняткаў, сацыяльны статус.


План этнаграфічнага апісання вёскі

1. Назва паселішча, яго паходжанне са слоў жыхароў, легенда.

2. Планіроўка (вулічная, кальцавая, кучавая), падзел на часткі, іх назвы.

3. Колькасць сядзіб, грамадскіх будынкаў раней і цяпер.

4. Грамадскія пабудовы - школы, цэрквы, крамы - раней і цяпер.

5. Прамысловыя і рамесныя пабудовы - кузні, млыны і г. д.

6. Рамёствы. Якія рамёствы былі развітыя ў вёсцы раней, ці ёсць цяпер майстры - ганчары, кавалі, бондары, цесляры, гарбары, пчаляры, ткачыхі, вышывальшчыцы і г. д.

7. Месцы грамадскіх сходаў.

8. Добраўпарадкаванасць паселішча - масты, дарогі, калодзежы.

9. Могілкі. Самыя даўнія пахаванні раскажуць пра ўзрост вёскі, яе гісторыю, этнічны і рэлігійны склад.

10. Геаграфічная характарыстыка паселішча - прырода, цікавыя прыродныя аб'екты.

11. Кароткая эканамічная, сацыяльная, канфесійная характарыстыка вёскі.

12. Этнічны склад жыхароў.

13. Народнае адзенне. Асноўныя часткі народнага строя (дзявочага, жаночага, хлапечага, мужчынскага, дзіцячага, старых людзей), абутак, галаўныя ўборы.

14. Ежа. Што елі кожны дзень, на святы, правілы паводзін за сталом, абрадавая ежа, посуд. Рэцэпты асобных страў.

15. Народная медыцына. Хваробы, хто лячыў, лекавыя расліны, знахарства.

16. Святы, звычаі, абрады, што адзначаліся ў вёсцы - каляндарныя (Каляды, гуканне вясны, Вялікдзень, Радаўніца, Юр'я, Купалле, Дзяды і інш.) і сямейныя (радзінны абрад, вяселле, будаўніцтва новай хаты і перасяленне, провады ў войска, пахавальна-памінальны абрад).

17. Назвы палёў, лясоў, лугоў, балот, крыніц вакол вёскі. Адкуль яны паходзяць? Легенды і паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі. Пажадана намаляваць тапанімічную карту.

18. Песні, казкі, прымаўкі, прыказкі, легенды, прыкметы, загадкі.
Літаратура, якую можна выкарыстаць:


  1. Этнаграфія Беларусі.Энцыклапедыя. Мінск., 1989

  2. Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік. Мінск., 2006.

  3. Памяць. Пухавіцкі раён. Мінск., 2003.


Конкурс "Этнаграфія маёй вёскі"

У ходзе падрыхтоўкі ўтварылася 7 каманд, якія ажыццявілі этнаграфічныя экспедыцыі ў "сваю" вёску, паспрабавалі знайсці элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры па прапанаванаму плану. Атрымалася 3 электронныя прэзентацыі - пра Церабуты, Тальку, Суцін і 4 папяровыя - пра Дзям'янаўку, Слабодку, Арэшкавічы, Мацеевічы. Кожная з каманд прэзентавала на свяце знойдзеную інфармацыю. Журы ацэньвала навізну, арыгінальнасць зместу, а таксама форму падачы звестак.

2-гі этап конкурсу - камандам было прапанавана адказаць на пытанні этнаграфічнай гульні, складзеныя па выніках экспедыцый Наталляй Валянцінаўнай Ільініч.
Этнаграфічная гульня


  1. Як называлася пральная машына ў вёсцы Слабодка гадоў 100 таму назад? Што выконвала ролю пральнага парашка? Пра гэта нам расказала на Слабодцы Галіна Мікалаеўна Каралькова (Кульбіцкая).

Прыкладны адказ: Бялізну пралі ў жлукце, а ролю пральнага парашка выконваў бярозавы попел. Жлукта - вялікая бочка ці кадаўб (выдзеўбаны са ствала дрэва). Бялізну складвалі ў жлукту, перасыпалі бярозавым попелам і залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы (закрывалася коркам), а бялізну паласкалі на рэчцы ці ў ночвах.

  1. Раней мост праз Свіслач паміж Церабутамі і Арэшкавічамі быў драўляны. На зіму бярвенні здымалі, заставаліся адны апоры (сваі), а вясной на іх зноў вярталі насціл з бярвенняў. Зімой людзі хадзілі-ездзілі па лёдзе, а калі рака яшчэ не стала ці ў разводдзе - плавалі на чоўнах. Для чаго здымалі на зіму насціл з бярвенняў?

Прыкладны адказ: Як сцвярджаюць жыхары вёскі Церабуты Баешка Тамара Пятроўна і Марцінчык Васіль Аляксандравіч насціл з бярвенняў зімой здымалі з маста, бо Свіслач так моцна вясной разлівалася, што зносіла мост.

  1. Раней арэшкаўцы ездзілі ў мястэчка Пухавічы зімою проста па лёдзе ракі Свіслач. Запрагалі каня ў сані і ехалі. Што рабілі людзі, каб коні не падалі на гэтай лядовай дарозе?

Прыкладны адказ: Тады коні былі кутыя. Вось цяпер калгасных коней не падкоўваюць, а тады ў кожнай вёсцы быў каваль, кузня і кожнага каня падкоўвалі. Таму яны не падалі на лёдзе .(Сведчанне Марцінчыка В. А.)

4. За ракой Тальлю ў Руднянскім лесе ёсць урочышча Ласіныя ямы. Якуб Колас у паэме "Міхасёвы прыгоды" згадвае пра яго:

Што гэта за ямы? І чаму Ласіны?

Сам сябе пытае розум той дзяціны.



Такое пытанне ўкладвае паэт у вусны малога сына Міхася. Мы таксама спыталі пра паходжанне назвы гэтай паляны ў жыхара Талькі, былога лесніка Мікалая Цітавіча Злобіча. Дык чаму ж паляна ў Руднянскім лесе называецца так - Ласіныя ямы?

Прыкладны адказ: Мікалай Цітавіч Злобіч сцвярджае, што там рабілі лоўчыя ямы на ласёў. Гэта вельмі старажытны спосаб палявання. Выкопвалі ў зямлі яму, пасярэдзіне забівалі гладкі завостраны дубовы кол,перакрывалі яе тонкімі жэрдкамі, маскіравалі імхом і лісцем. У такую яму мог трапіцца не толькі лось, але і дзік, мядзведзь. Рабілі іх на звярыных сцежках, ля вадапояў, у праходах жардзяных платоў. Дарэчы, сведчанне талькаўскага лесніка пацвярджае Энцыклапедыя “Этнаграфія Беларусі”: “Асобныя выпадкі лоўлі звяроў з дапамогай лоўчых ям зафіксаваны ў 1920-ыя гг. у Асіповіцкім раёне.” ( стар. 294). Урочышча Ласіныя ямы знаходзіцца ў лесе за Тальлю, як ісці ў бок возера Грымячага, а гэта ўжо Асіповіцкі раён.Вось як назва ўрочышча можа расказаць пра заняткі людзей.

  1. Храмавыя святы былі ў кожнай з вёсак, дзе была царква ці нават капліца. Сёння ў нашай Талькаўскай царкве гэта Пакровы, у Арэшкавіцкай капліцы - гэта быў Спас, а калі былі ці ёсць храмавыя святы ў Мацеевічах, на Сарафіне, у Блужы?

Адказ: У Мацеевічах бацюшка прыязджаў на Ільлю-Прарока, 2 жніўня і гэта было галоўнае храмавае свята ля Мацеевіцкай капліцы.(Сведчанне Радзюк Т. П.)

На Сарафіне фэст і да сёння адбываецца штогод 13 чэрвеня, у дзень св. Антонія.

Ля Блужскай прыходскай царквы галоўнае свята адбывалася на Прачыстую (Успення), 28 жніўня. ( Сведчанне Рабізы М. І. )

Храмавыя святы праводзяць на той дзень, калі быў асвечаны храм. Сёння ўсе храмы нашай мясцовасці разбураны. Храмавыя святы захаваліся толькі два - фэст на Сарафінавай гары і свята Пакроваў у новай Талькаўскай царкве.

  1. Марцінчык Васіль Аляксандравіч з Церабутаў расказаў нам, што ў 1930-ыя гады сям'ю яго бацькі аштрафавалі за тое, што бацька закалоў свайго кабана, абсмаліў і разабраў. Прыйшоў участковы і наклаў штраф 100 рублёў. За што аштрафавалі сям'ю Марцінчыкаў. Што яны няправільна зрабілі?

Прыкладны адказ: Быў час у СССР, калі сялян прымушалі здаваць дзяржаве скуру з забітай жывёлы. Відаць, была патрэба ў скуры для вырабу абутку. Са скурай цялят, кароў праблем асаблівых не было – сяляне не супраціўляліся гэтаму, а вось лупіць скуру са сваіх свіней ніяк не хацелі. Чаму? Бо што ж гэта за сала без скуркі?

  1. Сям'я Жыдовіча Язэпа з Арэшкавічаў была раскулачана ў час калектывізацыі: маёмасць іх забрала дзяржава, а саміх іх арыштавалі. Бацька памёр у мінскай турме, а сын нават змяніў прозвішча (на Жыновіча), каб пазбегнуць лёсу сваіх бацькоў. На гарышчы хаты кулака Жыдовіча знайшлі рэчы, якія сведчылі пра тое, што Жыдовіч Язэп быў працавіты, ашчадлівы гаспадар, але наўрад ці быў багаты. Пра гэта нам расказаў Марцінчык Васіль Аляксандравіч. Што за рэчы былі знойдзены на гарышчы хаты Жыдовічаў?

Прыкладны адказ: У “кулака” Язэпа Жыдовіча на гарышчы хаты вісела аж 30 пар лыкавых лапцей. Вось дык кулак – у лапцях!

  1. У вёсцы Слабодка нам расказалі, што раней тут праводзілі абрад калядавання, толькі вось называлі яго іначай. Як называлі абрад калядавання ў Слабодцы?

Прыкладны адказ: На Слабодцы “казла вадзілі” і спявалі пры гэтым:

Ой, пайшоў казёл

Па крутых гарах,

Па жоўтых пясках,

Знайшоў караля з караліхаю

І гаспадара з гаспадынькаю.

Гаспадынечка-журавіначка!

Запалі свечку, пайдзі ў клетку –

Набяры мачку на тарэлачку,

Рэшата аўса, наверх каўбаса,

Яшчэ таго мала, трэба кусок сала.

  1. У Слабодцы ў 19 ст. жылі людзі толькі з адным прозвішчам. Якім?

Адказ: Кульбіцкія. У інвентары Блужскага маёнтка 1844 г., якому належала Слабодка, напісана, што ў Слабодцы жыло 8 двароў Кульбіцкіх і 1 Ханасоўскіх. І цяпер на Слабодцы і ў Тальцы шмат людзей з такім прозвішчам.

  1. Што такое боўдзіла? Пра гэту рэч нам расказала жыхарка Слабодкі Каралькова Галіна Міхайлаўна.

Прыкладны адказ: У Талі тады было дужа шмат рыбы. У бацькі быў човен з асінавага палена, ставіў на рацэ нерат і боўдзілам пужаў рыбу, каб яна плыла ў бок сеткі. Боўдзіла – такая палка з бляшанкай на канцы. Калі па ёй стукаць, то рыба плыве ад гэтага гука туды, куды трэба рыбаку – у нерат.

Цяпер у Талі рыбы мала, знікла пасля асушэння балотаў, - лічыць Галіна Міхайлаўна.


  1. У 19 ст. у Арэшкавічах была вёска (яна знаходзілася ў правы бок ад дарогі), там жылі праваслаўныя, сяляне: Марцінчыкі, Кургановічы. А налева ад дарогі была аколіца, там жыла дробная шляхта, каталікі: Жангаловічы, Дамброўскія, Грыбоўскія, Быхаўцы, Сухадольскія, Быкоўскія, Грушвіцкія, Аземблоўскія, Змечароўскія, Гіліцкія, Глінскія, Радзіеўскія (НГАБ 160, воп. 1, спр. 354, арк. 28). Марцінчыкаў і Кургановічаў сёння у Арэшкавічах шмат, а вось дзе нашчадкі арэшкавіцкай шляхты? Здаецца, ёсць толькі людзі з адным з названых прозвішчаў - Радзіеўскія. А дзе ж астатнія? Няма нават надмагільных камянёў з такімі прозвішчамі на могілках. Якая дэмаграфічная катастрофа адбылася са шляхтай Арэшкавічаў?

Прыкладны адказ: Кургановіч Іван Іванавіч сцвярджае, што старыя арэшкавіцкія могілкі былі зішчаны ў гады савецкага атэізму. Сёння на іх месцы стаіць дом культуры з праўленнем калгаса, магазін. Відаць, там хавала сваіх нябожчыкаў арэшкавіцкая шляхта. А дзе ж іх нашчадкі? Шляхта аколіцы Арэшкавічаў удзельнічала ў паўстанні 1863 г. – і за гэта выслана ў Сібір. У гады сталінскіх рэпрэсій, раскулачвання таксама пад удар трапіла найперш шляхта як больш заможныя земляробы – “кулакі”, “палякі”. Вось таму і няма зусім сёння ў Арэшкавічах ні людзей з такімі прозвішчамі ні нават іх магіл.

  1. Світкі рабілі з воўны, кашулі з кужалю, а вяроўкі рабілі з чаго?

Адказ: З пянькі. Пянька - трапаная канапля. Валакно канаплі больш грубае, чым ільнянае. Акрамя вяровак з яго рабілі канаты, мешкавіну. А з канаплянага семя рабілі алей – аздаблялі ім кашы, бульбу, асабліва ў час посту. А пра тое, што канапля ўтрымлівае наркатычныя рэчывы і не ведалі. (Сведчыць Каралькова Г. М.)


  1. На Слабодцы Галіна Мікалаеўна Каралькова праспявала нам баладу пра злога бацьку, які выгнаў сваіх дзяцей з дому, "каб іх воўк паеў". Хлопчык і дзяўчынка ператварыліся ў кветку-траву з надзеяй, што калі дзеўкі будуць на Купалле збіраць купальскія зёлкі, то ўспомняць гісторыю няшчасных брата і сястры. Якая кветка ўзнікла ў выніку гэтай няшчаснай падзеі?

Адказ: Гэта купальскія зёлкі “браткі” – на адным кусце рознакаляровыя кветкі –белыя і сінія, жоўтыя і ліловыя. У купальскіх баладах спяваюць пра тое, як па волі злога лёсу быў дапушчаны інцэстуальны шлюб брата і сястры. Маладыя жахнуліся і ператварыліся ў “травіцу брат-сястрыцу” або іначай “браткі”.

  1. Талька і Слабодка стаяць на рацэ Таль, Суцін на - Суцінцы, Арэшкавічы і Церабуты - на Свіслачы, а на якой рэчцы стаяць Мацеевічы?

Адказ: Гэтую невялікую рачулку, прыток Талі, мясцовыя жыхары называюць Дубавіца.

  1. Соф'я Пятроўна Старадубец з Мацеевічаў расказала нам, што яе маці назвала свайго першага ўнука рэдкім імем Юльян у гонар нейкага свайго знакамітага земляка. Хто ён? У гонар каго і чаму мацеевіцкая жанчына дала свайму ўнуку такое імя?

Адказ: Славутым уладальнікам нашых земляў у 19 ст. быў памешчык Юльян Булгак. Пан быў гаспадарлівы і добры чалавек, у памяці мацеевіцкіх людзей застаўся выключна станоўчай асобай.

16. У нашых вёсках былі развітыя ўсе ніжэй пералічаныя рамёствы. Трэба ўстанавіць адпаведнасць паміж назвай рамяства і вырабамі, якія яны робяць.

Рамёствы

1. Ганчар а) капаў канавы, студні, сажалкі, пракладваў дарогі

2. Каваль б) вырабляе скуру для пашыву абутку

3. Бондар в) робіць раменную вупраж: хамуты, церазсядзёлкі

4. Сталяр г) скураны абутак

5. Кравец д) будуе драўляны дом

6. Цясляр е) шые верхняе адзенне з палатна, сукна, футра

7. Шавец ж) апрацоўка аўчыны і шкур пушных звяроў для кажухоў

8. Рымар з) плугі, бароны, сярпы, нажы, сякеры

9. Гарбар і) гліняны посуд

10. Стэльмах к) робіць бочкі, кубельцы, дзежкі, жлукты

11. Грабар л) робіць колы, калёсы, сані, вазкі

12. Кушнер м) вокны, дзверы, мэблю.

Правільны адказ:

1. Ганчар - і

2. Каваль – з

3. Бондар - к

4. Сталяр - м

5. Кравец - е

6. Цясляр - д

7. Шавец -г

8. Рымар – в

9. Гарбар – б

10. Стэльмах – л

11. Грабар - а

12. Кушнер – ж.

17.Таццяна Пятроўна Радзюк з Мацеевічаў расказала нам пра выпадак, што адбыўся з ёю ў час вайны. У Мацеевічы прыйшлі партызаны (яны часта тут бывалі), а ў гэты час з'явіліся немцы (а гэта было рэдка). Пачаўся бой проста ў вёсцы, кулі разбівалі шыбы, а ў яе ў гэты час пачаліся роды - на свет з'явіўся яе першынец. На шчасце, усё абышлося добра, але ж во дужа не ў час пачаліся гэтыя роды, - кажа Таццяна Пятроўна. І дадае наконт гэтага трапную беларускую прыказку. Якую?



Адказ : “Смерць і радзіны не чакаюць гадзіны”.

18. Згодна пісьмовых крыніц адным з асноўных заняткаў жыхароў Арэшкавічаў спрадвеку было бортніцтва - збор мёду дзікіх пчол. Так, у інвентары 1596 года гаворыцца, што жыхары Арэшкавічаў маюць 1096 калод пчол. Не забыты гэты занятак і сёння ў нашай мясцовасці. У садзе Васіля Аляксандравіча Марцінчыка ў Церабутах мы ўбачылі вулей, зроблены з кавалка 200-гадовай сасны. Такі вулей знаходзіўся на дрэве ў лесе, а галоўным шкоднікам у справе збору мёду ў лесе былі мядзведзі. Залезе мішка ў дупло, мёд выдзера і рой разбурыць. Як бортнікі змагаліся з гэтым шкоднікам, нам расказаў наш субяседнік. А як думаеце вы, як бортнікі змагаліся з мядзведзямі?



Прыкладны адказ: У ствол дрэва забівалі вострыя жалезякі, якія тырчалі ў розныя бакі. Бортнік меў спецыяльныя прыстасаванні, каб дабрацца да борці не па ствалу. А мядзведзь лазіць па дрэвах менавіта па ствалу і абмінуць перашкоду не мог.

19. Усе ведаюць, што бор - гэта лес. Аказваецца, гэта слова азначала не проста лес, а адзінку вымярэння - чаго?



Адказ: Бор – участак лесу, на якім было 60 борцяў.

20. Недалёка ад Дзям'янаўкі ёсць ўрочышча Лысая Гара. Аказваецца, гэта вельмі распаўсюджаная назва мясцовасцей - на Беларусі такіх назваў зафіксавана этнографамі каля 100. Што за мясціны называлі нашы продкі такім дзіўным імем?



Адказ: Лысая Гара – назва сакральных узгоркаў, якія звязаны ў народных уяўленнях з прыстанішчам нячыстай сілы, асабліва на Купалле. На такіх месцах, мяркуюць этнографы, раней знаходзіліся паганскія свяцілішчы, а пасля прыняцця хрысціянства зборышчы на іх залічваліся да шабашоў.
Вынікі конкурсу

Найбольш змястоўнай прэзентацыяй журы прызнала працу пра Арэшкавічы (адказная - Марцінчык Наста), на другім месцы аказалася каманда з Дзям'янаўкі (Усцінчык Ганна), а трэцяе месца было прысуджана тым, хто збіраў матэрыял пра Церабуты (Слуцкі Міхаіл). Асобна была адзначана суцінская каманда - атрымала падзяку "за ініцыятыву і самастойнасць" (Вернікоўская Ганна).




: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка