З гісторыі Полацкай зямлі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер72.1 Kb.
З гісторыі Полацкай зямлі
У гісторыі беларускай дзяржаўнасці, і ўвогуле ў айчыннай гісторыі, асобную ролю адыграла Полацкае княства. Яно склалася ў раёне Падзвіння і Верхняга Падняпроўя на землях крывічоў. Яго палітычным цэнтрам стаў горад Полацк. Найстаражытнейшы горад Беларусі, у летапісу ён узгадваецца ўпершыню пад 862 годам. Але вытокі гэтага горада, як сведчаць археалагічныя даследванні, у тым пасяленні, якое ўзнікла яшчэ раней, калі тут пражывалі балцкія плямёны. Паступова гэты горад стаў узмацняцца і пераўтварыўсяа ў палітычны цэтр княства. Гэта было першае дзяржаўнае ўтварэнне на беларускіх землях. Яно ўжо ў Х веке мела ўсе прыкметы, характэрныя для дзяржавы. У тым ліку наяўнасць вярхоўнай улады ў асобе князя, узброеныя сілы, адміністрацыйна-тэрытарыяльную структуру. Праўда, гэта структура склалася не адразу. На думку беларускага даследчыка Г. Семянчука, фарміраванне тэрыторыі Полацкага княства праходзіла ў тры этапы: 1) пачатковы – да канца Х ст.; 2) першая палова ХІ ст. (да 1044г.); 3) другая палова ХІ ст. Да канца ХІ ст. гэты працэс у асноўным скончыўся. На той час яна мела агульную плошчу каля 100 тыс. км2 і межавала на поўдні з Тураўскім княствам, на поўначы і паўночным усходзе з Наўгародскай зямлёй, на ўсходзе са Смаленскім княствам, на захадзе з літоўскімі і латышскімі плямёнамі, якія знаходзіліся пад уплывам полацкіх князёў. У канцы ХІІ – пачатку ХІІІ стст. пад пратэктаратам Полацка знаходзіліся таксама два невялікія княствы - Герцыке і Кукенойс, якія васальна залежылі ад полацкіх князёў. Як бачым, Полацкае княства сапраўды было буйнейшым дзяржаўным утварэннем, якое пры гэтым “уяўляла найбольш самастойную палітычную адзінку Старажытнай Русі”. Так яго ацаніў расійскі гісторык Л.Аляксееў. Улада полацкага князя распаўсюджвалася на вялізныя тэрыторыі, неселеныя не толькі ўсходнеславянскімі плямёнамі крывічоў, часткова дрыгавічоў, радзімічаў, але і на некаторыя землі балтаў (латгалаў, селаў, земгалаў, куронаў) і фіна-угорскіх плямёнаў (ліваў). Па-сучаснаму адміністрацыйнаму падзелу ў склад Полацкага княства ўваходзілі цалкам Віцебская вобласць, паўночная частка Мінскай і паўночна-заходняя частка Магілёўскай вобласці.

Неабходна адзначыць, што ўзвышэнне Полацка, ператварэнне яго ў буйны палітычны цэнтр Старажытнай Русі шмат у чым было звязана са зручным геаграфічным становішчам земляў полацкіх крывічоў. Праз гэтыя землі праходзілі тады важнейшыя гандлёвыя шляхі, якія звязвалі ўсходнеславянскія землі з многімі краінамі, у тым ліку і славуты шлях “из варяг в греки”. Гэтыя шляхі адначасова служылі і асноўнымі магістралямі ўнутранага гандлю, выкарыстоўваліся князямі і пры вырашэнні знешнепалітычных спраў.

Невыпадкова таму полацкія князі імкнуліся забяспечыць самастойнае дзяржаўнае развіццё сваіх зямляў, актыўна процідзейнічалі цэнтралізатарскай палітыцы Кіева. Гэтаму спрыяла і тое, што ўжо ў канцы Х ст. тут была адноўлена ранейшая дынастыя Рагвалодавічаў, якую прадстаўляў князь Ізяслаў – сын Рагнеды, унук Рагвалода. Ен быў высланы ў Полацкую зямлю разам з маці кіеўскім князем Уладзімірам і неўзабаве заняў княжацкі стол у Полацку.

Ужо сын Ізяслава Брачыслаў (1001 – 1044 гг.) распачаў актыўную барацьбу па ўмацаванню Полацкага княства, пашырэнню яго тэрыторыі. Так, у выніку пагаднення з кіеўскім князем Яраславам Мудрым (дарэчы, гэта быў яго дзядзька) Брачыславу Полацкаму ў 1021 г. (па выніках паходу на Ноўгарад) не толькі ўдалося ўключыць у склад Полацкага княства землі ў вярхоўі Заходняй Дзвіны і Ловаці з гарадамі Віцебск і Усвяты і тым самым замацаваць за сабой важныя валокі, якія злучалі гэтыя дзве ракі на шляху “из варяг в греки”, але дабіцца фактычнай незалежнасці ад Кіева. Як адзначаў гісторык Б. Грэкаў, Полацкае княства ўжо з 1021 г. стала “жыць аўтаномным жыццём, вядучы працяглую барацьбу з Кіевам”. Некаторыя гісторыкі лічылі, што Брачыслаў Ізяслававіч тады разам з Яраславам Мудрым быў суправіцелям усіх зямель Кіеўскай Русі. А гэта таксама сведчанне ўзросшай палітычнай ролі Полацка.

Узмацненню Полацкага княства спрыялі тады і тыя змены, якія адбываліся ў экнамічным развіцці яго зямель. Як раз у той час актывізавалася гарадское жыццё, рамесная дзейнасць, гандлёвыя сувязі, завяршаўся працэс славяна-балцкай асіміляцыі ў месцах рассялення крывічоў. Усе гэта стварала матэрыяльныя перадумовы для самастойнага развіцця княства і яно ўсё больш актыўна стала адстойваць сваю незалежнасць, што найбольш яскрава праявілася ў час княжання Усяслава Брачыслававіча (1044 – 1101 гг.). Гэта быў буйны дзеяч не толькі Полаччыны, яго ведала ўся Русь (ён нават названы быў Усяславам Чарадзеям). Менавіта ў гэты час Полацк стаў асноўным канкурэнтам Кіева. Адным з эпізодаў барацьбы Усяслава з Кіевам з’явілася бітва на р. Нямізе, што адбылася ў 1067 г. У гэтай бітве Усяслаў пацярпеў паражэнне, быў узяты ў палон князямі Яраслававічамі і нават пасаджаны ў драўляны поруб у Кіеве. Але падчас паўстання 1068 г. кіеўляне вызвалілі Усяслава і абвясцілі яго вялікім князем кіеўскім. Каля сямі месяцаў ён знаходзіўся на кіеўскай прастоле, затым збег у Полацк. Аднак і пасля гэтых падзей Усяслаў працягваў барацьбу з Кіевам. Есць падставы сцвярджаць, што ў аснове канфлікту паміж Усяславам і Яраслававічамі (як і барацьбы яго бацькі Брачыслава) ляжалі прэтэнзіі полацкіх князёў на вялікакняжацкі кіеўскі пасад. Полацкія князі Ізяслававічы, зыходзячы з свайго паходжання ад першай жонкі Уладзіміра Рагнеды і яго сына Ізяслава, як старэйшага ў родзе, лічылі сябе законнымі спадкаемцамі вялікакняжацкага прастолу. Так што нельга перабольшваць сепаратызм полацкіх князёў. Да таго ж трэба мець на ўвазе і той факт, што “ваенна-палітычныя канфлікты ХІІ ст. насілі выразнай феадальны характар дзе функцыяніравала сістэма сюзерэнітэту-вассалітэту”. На гэта ўказвалі многія расійскія гісторыкі, і такую думку падзяляе шэраг сучасных украінскіх і беларускіх нгавукоўцаў, у прыватнасці, Талочка А.П., Ляўко В.М., Штыхаў Г.В., Заяц Ю.А., Марзалюк І.А. Беларускі гісторык У. Ігнатоўскі ў свой час ваенныя канфлікты, якія адбываліся ў Кіеўскай Русі, назваў “хатнімі войнамі”. Праўленне Усяслава працягвалася 57 гадоў. Яно, як слушна заўважыў М. Ермаловіч, склала цэлую і асабліва багатую эпоху ў полацкай гісторыі, а само гэта княства дасягнула найбольшай магутнасці.

Пасля смерці Усяслава Полацкая зямля стала аслабяваць і неўзабаве раздзялілася на ўдзелы, якія ўзначалілі прадстаўнікі полацкай княжацкай дынастыі. Разам з тым і ў гэты перыяд не спынілася барацьба з Кіевам, які па-ранейшаму імкнуўся ўтрымаць у сферы свайго ўплыву полацкія землі. На гэтыя землі кіеўскія князі рабілі неаднаразовыя паходы, якія адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах. Так, старажытнарускія летапісы паведамляюць аб паходзе кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха ў 1115 і 1116 гг. на Мінскае і Друцкае княствы. На Мінскае княства быў зроблены паход і ў 1119 г., і мінскі князь Глеб трапіў у палон, быў адпраўлены ў Кіеў, дзе і памёр (“Володимер взя Менск у Глеба и Всеславича самого привде Киеву” – запісаў летапісец).

У 1127 г. буйны паход на Полацкія землі арганізаваў сын Манамаха кіеўскі князь Мсціслаў. Па колькасці ўдзельнікаў гэта быў беспрэцэдэнтны паход на Полацкія землі. У ім удзельнічалі дружыны з васьмі княстваў. Утым ліку з Турава, Уладзіміра-Валынскага, Чарнігава, Смаленска, Курска, Гродна, Ноўгарада і нават атрады цюрскіх качэўнікаў. Аднак шырокіх ваенных дзеянняў тады не адбылося, відавочна таму, што палачане прагналі свайго князя Давыда і згадзіліся прыняць стаўленіка Кіева – друцкага князя Барыса-Рагвалода.

Барыс-Рагвалод, аднак, княжыў у Полацку зусім нядоўга, у 1128 г. (ці 1129 г.), ён памёр і , відаць, ужо тады полацкія князі перасталі выконваць абавязацельствы, якія раней далі Кіеву і, у прыватнасці, адмовіліся ад удзелу ў паходзе супраць полаўцаў (яго рыхтаваў Мсціслаў), за што былі схоплены кіеўскімі ваяводамі і адвезены ў Кіеў, а потым высланы ў Візантыю. Але і гэта крайняя мера не прывяла да ўзмацнення пазіцый Кіева ў Полацкай зямлі. У 1132 г. да ўлады ў Полацку прыйшоў унук Усяслава Васілька, які выгнаў з горада пасажанага тут кіеўскага князя Светаполка. Праз некаторы час Полацкае княства канчаткова выходзіць з-пад кантролю Кіева.

Далейшая гісторыя Полаччыны характарызуецца ўскладненнем як ўнутранага жыцця, так і знешніх адносін. Працягваліся княжацкія ўсобіцы, барацьба за ўладу. Прычым, яна адбывалася ў асноўным паміж прадстаўнікамі трох галін княжацкага роду Ізяславічаў: віцебска-ізяслаўскай (“Святославичи”), мінскай (“Глебовичи”) і друцкай (“Рогволодовичи”). Асабліва яна ўзмацнілася ў другой палове XII ст., а гэта аслабіла Полацкія землі, і яны былі ўцянуты ў сферу ўплыву Смаленскага княства. Гісторыкі, якія займаліся вывучэннем узаемаадносін полацкіх і смаленскіх князёў у ХІІ – першай трэці ХІІІ стст., адзначаюць, што гэтыя ўзаемаадносіны адыгралі значную ролю не толькі ў гісторыі Полацкай і Смаленскай, але і іншых старажытнарускіх зямель. У гэты час “Полацк і Смаленск утварылі некі рэгіянальны саюз, заснаваны на гандлева-палітычным супрацоўніцтве ўздоўж заходне-дзвінскага рачнога шляху”. Пры гэтым галоўную ролю ў іх аб’яднанні адыгралі смаленскія князі, якія дабіліся пэўнага сюзерэнітэту над данай тэрыторыяй. Аднак актывізацыя літоўскіх князёў у сярэдзіне – другой палове ХІІІ ст. ускладніла становішча ў рэгіёне, і полацкія, а потым і смаленскія землі будуць уключаны ў склад новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага.

Вось такія асноўныя падзеі палітычнай гісторыі Полацкага княства часоў Старажытнай Русі, на наш погляд, трэба вылучыць. На заканчэнне гэтага пытання неабходна адзначыць, што гісторыкі заўсёды ўказвалі на важную ролю Полацкага княства ў гісторыі Беларусі, звязваючы з ім нават асобны перыяд. Таксама высока яно ацэньваецца і ў сучаснай гістарыяграфіі, і, у прыватнасці, у публікацыях беларускіх гісторыкаў. Некаторыя з іх нават называюць Полацкае княства беларускай дзяржаваю. З тэрытарыяльна-геаграфічнага пункту гледжання такая ацэнка зусім правамерна, але трэба ўлічваць і тое, што беларускі этнас у час існавання Полацкага княства яшчэ не склаўся.

Нельга і адрываць Полацкае княства ад іншых старажытнарускіх земляў, выводзіць яго за рамкі Кіеўскай Русі. Хоць Полацкае княства і было найбольш самастойнай палітычнай адзінкай Старажытнарускай Русі, яно сфарміравалася на аснове агульных заканамернасцяў, якімі характэрызавалася развіццё ўсходнеславянскіх земляў у сярэднявеччы і, як адзначаў расійскі гісторык Л. Аляксеяў, “нягледзячы на рысы абасобленасці, Полацкая земля ніколі не парывала эканамічных і культурных сувязей з Кіеўскай Руссю”.

На наяўнасць такіх сувязяў указвалі і іншыя гісторыкі. “Роднасць моў, агульныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва заходніх зямель Русі з насельніцтвам іншых старажытнарускіх княстваў, - піша беларускі гісторык Г. Штыхаў, - падцвярджаюцца дадзенымі археалогіі, гісторыі, архітэктуры, этнаграфіі, тапанімікі, фальклору”. Такой думкі прытрымліваецца і Э. Загарульскі. “Аналіз гістарычных крыніц, - адзначае ён, - не пакідае сумненняў у тым, што Полацкая зямля ўжо з Х ст. складала арганічную частку Русі”. Вельмі яскрава ахарактарызаваў становішча Полацкай зямлі ў складзе Старажытнарускай дзяржавы беларускі гісторык М. Ткачоў. На яго думку – “гэта залатое зерне залатога коласа, якім была Кіеўская Русь”.


Рекомедуемая литература
Алексеев Л.В. Полоцкая земля (Очерки истории Северной Белоруссии) в IX – XIII вв. – М., 1966.

Арлоў Ул. Ефрасіння Полацкая. – Мн., 1992.

Арлоў Ул. А. Асветніца з роду Усяслава. – Мн., 1989.

Арлоў Ул. Таямніцы Полацкай гісторыі. – Мн., 1994.

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяды. – Мн., 1990.

Штыхов Г.В. Древний Полоцк. IX – XIII вв. – Мн., 1975.



Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX – XIII вв.). – Мн., 1978.

Штыхаў Г.В. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2-е выданне, выпраўленнае. – Мн., 2002.
: uploads
uploads -> Конкурс для маладых журналістаў 4 Майстэрня грамадзянскай актыўнасці для моладзі 5
uploads -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
uploads -> Гданьск пачынаецца ў наваградку пралог як заўсёды, сонца мела
uploads -> Вучэбны матэрыял да ўрока №9 М. М. Брылеўскі
uploads -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
uploads -> Клуб Лакальных Лідэраў 6 Семінар у Вільні для журналістаў 7 конкурс адукацыйных матэрыялаў 8 конкурс
uploads -> Віктар Крэс панятоўскія-крэпышы герба «юноша»: радавод старажытнага
uploads -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
uploads -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
uploads -> Клубы і аматарскія аб’яднанні сеткі публічных бібліятэк Стаўбцоўскага раёна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка