З кн. "Рisma", t 2, Wilno, 1875, str. 3-61 Антонію Эдварду Адынцу



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер420.61 Kb.
  1   2   3
Баруны

(з кн. “Рisma”, t 2, Wilno, 1875, str. 3-61)


Антонію Эдварду Адынцу,

барунскаму аднакашніку,

у сэрцы якога я знайшоў роўны

майму запас пачуццяў і ўспамінаў,

з якіх складаецца гэта карціна,

прысвячаю яе і адрасую.


Dalckich dzwonow dzwiek mie dolata,

Kraj przypomina Obrazy Litwy,

Wspominam moje dziecinne lata,

Mowie dziecinne moje modlitwy!1


Адынец. Думкі ў Італіі.
1
Пад апекай слаўнай цудамі Маці Божай у Барунах расло і вучылася ў школе штогод некалькі соцень дзяцей. Бацькі з далёкіх і блізкіх ваколіц Ашмян, прывёзшы сюды і пакідаючы сваіх сынкоў, прыводзілі іх да алтара Багародзіцы, са слязамі прасілі ў яе ласкі, вылівалі на іх дзіцячыя галовы сваё пяшчотнае благаславенства і са спакойным сэрцам вярталіся потым дадому; няраз з апошняга за Барунамі ўзгорка, з якога ўжо толькі крыж касцёла можна было ўбачыць, заплаканая маці яшчэ раз выходзіла з экіпажа і пасылала гарачыя малітвы ў тое месца, дзе яна пакінула наймілейшую ёй істоту, душу сваёй душы, у той час як аддзелены ад мамачкі хлопец плакаў, стоячы на вуліцы, і пазіраў на дарогу, на якой знік экіпаж, і на якой такім чынам сустракаліся парывы іх узаемнай тугі!!!

Ці здаралася катораму з маіх барунскіх калегаў быць цяпер у апусцелых Барунах? О! Напэўна, не аднаму. Але ці хто з роўным майму пачуццем назіраў тут на сляды сваёй маладосці? Ці з гэткім жа шчырым смуткам упаў на калені перад тым самым абразам, перад якім калісці кленчыў у час службы? Ці вымераў душою тую прастору і розніцу часу, і гэтую яшчэ большую розніцу паміж сваім юнацкім і змучаным прыгодамі жыцця сэрцам? Ці адчуў глыбока ўнутры сябе тое злітаванне над сабой, якім чалавек аблягчае жыццё перад Даўцам жыцця, і ў якім выклікае на сябе яго прыхільны позірк, як дзіця кліча далёкую клапатлівую маці?

Баруны ляжаць у лясістай частцы ашмянскага павета:

“Gdzie niedzwiedz mial legowisko,

Lub gdzie los swe pastwisko,

Tam grzesznik pokarmen zyje niebieskim;” і г.д.2

– гаворыць старая песня, складзеная ў гонар цудоўнага Барунскага абразу. Відаць, пушча была вельмі глухая ў той час, калі пакорныя манахі св. Базыля выбралі тут сабе сядзібу ў малалюдным месцы. Затым велічны храм і абшырны кляштар выраслі на гэтым месцы, якое ўжо слыло асаблівымі ласкамі Маці Божай; а ў канцы гэта пустыня ажывілася зборышчам дзятвы, апяваючай кожную нядзелю гісторыю і славу гэтага месца.

З моцна ўзрушанай фантазіяй, з расчуленым сэрцам я выйшаў на Барунскі рынак з касцёла, у які быў накіраваўся проста з экіпажа. Якраз западаў змрок прыгожага летняга вечара, і мне здавалася, што зараз з усіх дамкоў, акружаючых рынак, высыпе мноства вяселых хлопчыкаў, што разлягуцца іх гучныя галасы; што зараз рэха адаб'е рытмічныя ўдары мяча аб вежы і сцены наўкола касцёла; што паволі выйдуць з кляштара ксяндзы-выкладчыкі, і нават сам дабрадзей ксёндз-прэфект; што, ласкава прыглядаючыся некаторы час да гэтага ўсеагульнага вэрхалу, да гэтай жывой карціны весялосці, асабліва малодшыя і жывейшыя з іх не вытрымаюць пад канец, як ніколі не вытрымлівалі ў павазе сваёй пасады і звання, а злучацца ў братэрскую роўнасць і ад усяго сэрца падзеляць бадзёрыя і нявінныя студэнцкія свавольствы! – Бо колькі ж гэта разаў ксёндз-фізік, напрыклад, або ксёндз-выкладчык красамоўства, закруціўшы хабіт3 вакол ботаў, бег да мэты, як лось, або прыкладаў сваю шырокую лапу да муру як мішэнь для мяча, або з палкай на плячы замест карабіна муштраваў роту выбраных і гэтк жа як ён узброеных рыцараў!

Але мае чаканні, выкліканыя ўспамінамі, не змянілі цяперашняй рэчаіснасці. Напаўразваленыя дамкі не раіліся дзятвой, па могілках хадзіў пануры манах, па вуліцах совалася абдзёртая галота, на рынку толькі пад капліцай сядзела абдзёртая баба ў лахманах і сярод глухога маўчання мармытала вячэрнюю малітву, якая асабліва пасавала да гэтай карціны галечы і жалобы. Ці гэта не стопяцідзесяцігадовая вечная Радуціна, падумаў я, колішні страх і забава студэнтаў? Відаць, не, але, займаючы тут звыклае і ўлюбёнае яе месца, яна нагадала мне постаць, рысы і ўчынкі даўняй Радуціны.

Гэта была сапраўдная Барунская Megmeryllis: баба старая, але бадзёрая і высокая, часта напалову п'яная, часта паўвар'ятка. Калі, шырока распусціўшы лахманы, яна ішла з узнятай галавой праз рынак, размахваючы чорнай качаргой і спяваючы якуюсьці ненабожную песню хрыплым голасам, дзятва ўцякала з дарогі, крычучы: “Чараўніца! Чараўніца Радуціна!!”

Але, калі спакойна і сумна седзячы вечарам на сваім камені пад капліцай, яна магла прывабіць каторага з больш смелых сваіх любімцаў, то пачынала расказваць яму цікавыя гісторыі, аб вурдалаку, які вось тут з гэтага самага склепу вылазіў штоноч з-пад касцёла і ішоў проста на могілкі, а потым зноў вяртаўся ў склеп, як яму потым галаву адсеклі, і ён ужо потым не хадзіў; як ляцела саранча, аж сонца відаць не было, а на крыльцах у кожнай было напісана, што гэта кара Божая; як было паветра4 і ўсе паўміралі; як потым гэты касцёл муравалі і Радуціна цагліны падавала, а адзін муляр зваліўся з даху, але цудам Маці Барунскай устаў з зямлі жывы і здаравюсенькі; а калі гэта ўсё было, то заўсёды гадоў сто назад! Калі яна так расказвала, то адразу збіралася ўсё большае кола слухачоў, забываліся аб Радуціне-чараўніцы, а беднай старой Радуціне клалі ў яе чорныя торбы і кішэні медзякі, пірагі і абаранкі, – “Дзякуй, вам, Ясь! Антось! Леанардак! Дзякуй вам, – гаварыла яна, – дайце лапкі, я вам за гэта паваражу”. Адразу некалькі дзесяткаў рук высоўвалася наперад: неспакойная цікавасць была намалявана на чырвоных шчоках хлопчыкаў. Радуціна брала па чарзе кожную руку і, гледзячы ў вочы, са зласлівай усмешкай імправізавала прароцтвы: “Ты будзеш!!! О! Табе будзе добра на свеце! Ты будзеш эканомам”. Баба ведала, што гэта сын маршалка. “Антось эканом! Антось эканом!” – крыкнула ўся чарада, і сын маршалка апусціў нос на квінту ніжэй. “А ты! Ты хоць сабе цяпер худы хлопец, шляхтуна з Палянік, ты будзеш... генерал!” – “Леось генерал: віват Леось генерал!” – зноў азваўся скакучы хор удзельнікаў гэтай сцэны.

– А я? А я?" – крычаць усе разам, таўкуцца адзін перад другім і гвалтам праціскаюць наперад далоні. – “Ты! ты будзеш спяваць мілодыі Арэмус” – “О найдаражэйшы Ясь! найдаражэйшы, віншуем, брава! Арэмус! Арэмус!”. I Ясь не ведаў, ці радавацца, ці плакаць над сваім прызначэннем. “А ты, паніч! Табе ў суботу пянёк, а ў нядзелю – пірагі”.

Радуціна нядаўна вярнулася з вандроўкі на ваколіцах; усюды ў дамах бацькоў ахвотна і ветліва прымалі барунскую бабу, і яна ведала аб абяцаным у нядзелю прыездзе мамы Тадэвушка, і ведала, што Тадэвушак – страшэнны гарэза, пэўна, не міне суботняга разбору.

Раптам баба ўстае, выпростваецца, страшэнна крывіцца і як зараве хрыпла:

„Pewny czlowek bogaty

W zloto, srebro, szarlaty,

W zbyt kosztowne szaty,

Mial aksamit, purpury,

A na mnie laty, dziury”5 (Песня аб св. Лазары)

Постаць, міна, голас і качарга, на якую яна абапёрлася, вяртае Радуціну-чараўніцу; перапалоханая зграя разбягаецца ў імгненне вока, і не адзін перапалоханы хлопец не мог заснуць, слухаючы, як панура і ціха яна да поўначы яшчэ выцягвала гісторыю Лазара з-пад капліцы, як з магілы.

Згаслі бляскі дня, неба абсыпалася зоркамі, ноч прыгожая і ціхая дадавала новай прывабнасці маім думкам, а кожнае месца, кожны мой крок аднаўлялі ў памяці залатыя хвілі дзяцінства. Там, за гумнамі і платамі, уставаў штозіму грозны ледзяны вал; Колькі ж трэба было скачаць снежных клубоў, каб збудаваць яго і як след умацаваць! Перад ім на варце, як перад зачараваным палацам Amadisa, стаяў магутны велікан: галава сфінкса, з двух чорных вуглёў вочы, тулава Бахуса, а ногі радоскага калоса; у руцэ трымае ўзнятую дубіну Геркулеса, і бяда таму, хто да яе даткнецца. Штовечар, калі адліжнае паветра дазваляла лягчэй ляпіць снежкі і ледзяныя фігуры, гэты вал павінен быў вытрымаць моцныя штурмы. Рынак і вуліца Мінская атакуюць вуліцу Віленскую; з аднаго боку камандуе пан Леон, свежапрызначаны Радуцінай генерал; з другога – пан Юстын, пажылы інфіміст6, трохгадовы ветэран першага класа, праўда, нямоцны пры доказе, што “людзі адрозніваюцца ад жывёл розумам і мовай”, але затое вопытны гулец у матоны7, першы рыцар па слізгауцы і наймужэйшы павадыр у час гульні ў снежкі.

„Wysuwa sie ochotnik

Z tej, z onej strony,

Zrazu poszly na udry, potem na plutony”.

(“Амфітрыён” у перакладзе Заблоцкага)8

Град снежак перакрыжоўваецца ў паветры, і хоць вячэрні змрок пакрывае бітву, аднак запальчывасць, шум, крык і ўсеагульная неразбярыха ўсё ўзрастае.

... Але ў гэты момант з боку кляштара бліскае святло, гэта знаемы ліхтарык. – “Ксёндз-прэфект! ксёндз-прэфект!” Гэтая перасцярога аблятае абодва бакі: бітва перапынена; агеньчык набліжаецца... тут апошні і густы град ледзякоў ляціць з абодвух бакоў на гэту мішэнь, якая свеціцца здалёку... і ўсе разляцеліся! а ксёндз-прэфект са шматразовымі кантузіямі і пабітым ліхтаром знаходзіць пустым пляц бою.

Наступае рэвізія па кватэрах; дарэмныя намаганні знайсці вінаватых. Сядзяць усюды хлопцы спакойна за сталамі і, заткнуўшы вушы і зажмурыўшы вочы, верашчаць на забой:

“Былі такія, былі такія Анёлы, Анёлы, Анёлы, якія вялі вайну супраць Бога” і г.д.

(з гісторыі касцёла для 1 кл.)


II

Апошні на Літве пустэльнік жыў 20 гадоў назад пад Барунамі: Мне, які ведаў адлегласць яго пустэльні ад мястэчка, ледзь удалося адшукаць гэтае месца. Буйныя дрэвы выраслі на некалі чыстым яго агародзе, пустазелле рассеялася па дзёрне шчуплага дзядзінца, а малы ўзгорачак з развалін азначаў магілу запалай хаткі.

Шаноўны старац! як жа ён любіў барунскую дзятву! Ён быў суддзёй нашых спраў, а часта паручыцелем у пана дырэктара або ксяндза-прэфекта; ён кіраваў збіраннем на зіму арэхаў, лясных яблыкаў і груш, якіх у сябе для сваіх штодзённых гасцей меў нявычарпаную колькасць.

На яго старэчым твары, аздобленым густой і сівой барадой, быў у той час самы шчыры выраз захаплення і глыбокай веры., якой яго простая душа палала да Бога. Слёзы каціліся па яго бледных шчоках, калі, на каленях, з узнятымі рукамі, ён злучаў свой дрыжачы голас з хорам дзятвы, якая спявала “Святы Божа!”.

“Святы моцны! Святы бессмяротны! Памілуй нас!”. Так разам узляталі ў неба малітвы з абодвух крайніх крэсаў людскога жыцця, надзеі на жыццё і надзеі пасля жыцця: малітвы дзіцячых просьб, захаплення і хвалы, чыстыя, жывыя, бліскучыя, як брыльянты на аздобу кароны Маці Божай, што сыпалі на яе алтар, і малітва жабрачай пакорнасці, скрухі, жалю, а можа і пакуты, глыбокая і цяжкая, як з цяжкасцю прыўзнятая і пакладзеная ў ахвяру на прыступцы алтара каменная глыба.

Зрэшты, пакутныя малітвы айца Ануфрыя, з упэўненасцю, не былі горкімі. Заклапочанае сумленне не асудзіла яго на адзіноту сярод людзей, і не атручвала гэтай адзіноты; яго банальнае мінулае, так сказаць, не ішло па вострых шчарбінах жыцця, выпадкі б якога, завяршаючыся пустэльніцтвам, маглі паслужыць асновай рамантычных аповесцяў. ІІІляхціц, змоладу жаўнер, потым прыдворны аднаго з літоўскіх магнатаў, нарэшце – гаспадар на малым уласным кавалку зямлі, ён ажаніўся і вёў разам з адданай яму жонкай спакойнае жыццё, па звычаю, простай і дабрадушнай нашай шляхты, прызвычаенай да бляску, выхаванасці, які ён набыў у розных формах. Уцеха іх пажылога веку, надзея старасці, адзіны сынок, рос ў яго гадоў да сямі бадзёрым і здаровым. Гарцаваў ён раз на коніку на полі, а батькі глядзелі на яго з пяшчотой радасцю з вішнёвага садка. “Моцны хлопец” – казаў бацька – “Каханае дзіця!” – гаварыла маці, – што з яго будзе?”

Будзе добры чалавек, Тарэся! Аддадзім яго вучыцца ў школу. – А потым? – А потым, як усяму навучыцца, вернецца да нас. – А потым, маё сэрца? – Потым, а мая душка!.. што ж потым? цяпер няма такіх двароў, у якіх я змоладу служыў: у войска!.. – Ён у нас адзін, хто ж дагледзіць нашу старасць? – Ну, потым, так атрымліваецца, мая душка, ажэнім яго. – А потым? – Ха! Потым, смешная ты, мая Тарэся; потым мы будзем калыхаць унукаў, а Антось будзе гаспадарыць, працаваць будзе на сваіх дзетак і на сваіх бацькоў. – А потым, маё сэрца, будзем жаніць нашых унукаў. – Ого! мая душка, ты б хацела жаніць да сёмага калена! Не, мая Тарэся! потым мы будзем старыя, ты будзеш прыбіраць унучкам лялькі, а я буду стругаць конікі ўнукам, і мы будзем спакойныя і шчаслівыя! – Так! Будзем шчаслівыя! – Паўтарыла жонка ў мацярынскай расчуленасці-будзем шчаслівыя... “Як раптам, ах! – О Божа!” – раптоўна крыкнула яна і ўпала без духу! Конік Антося спужаўся якогасці куста, раптоўна напружыўся, скінуў седака і паляцеў як страла... Маці ўжо больш нічога не бачыла, але бацька ў імгненне вока пераскочыў плот садка і што духу бег за канём, які цягнуў за сабоў каханага Антося, завязлага нагой ў стрэмені; нарэшце, конь заграз у балотцы, і няшчасны бацька дабраўся да збітага, залітага крывёй і не падаючага прыкмет жыцця сына!!! Вось, яны, людскія надзеі! Вось яно, людское шчасце! – Зайдросны да чалавека, нябачны вораг нашага роду, сатана, здаецца, чакаў апошніх слоў усцешанай маці яе самых дарагіх надзей! – “Так будзем шчаслівыя!” Ён схапіў гэтыя словы у свае кіпцюры, заядла іх накамячыў, разбіў і кінуў пад ногі… ІІІкада! З гэтай пары іх ужо ніколі не паўтарылі гэтыя вусны.

Прынёс дрыжачы і заплаканы бацька каханае сваё дзіця дадому і паклаў на ложак, прынесена была з садзіка жонка. Хутка яна прыйшла да памяці і першыя яе словы былі: “Сын мой! Мой Антось!”. Яна убегла у другі пакой, дзе, схілены над ложкам, яе муж спыняў кроў з Антосевых ран і прыводзіў яго да памяці ўсялякімі спосабамі. Ён узняў галаву на крык жонкі, абое яны сталі над сынам як укапаныя і паглядзелі адзін на аднаго!!! Ах! Гэты позірк, якога я не магу ўявіць, гэты позірк бацькоў над трупам свайго дзіцяці! Не ўяўляй яго таксама і ты, чытач, калі з'яўляешся бацькам, каб не мець шмат бяссоных начэй. Позірк гэты пранізаў іх да глыбіні, устрасянуў усю іх сутнасць, выціснуў нарэшце крывавыя слёзы з заслупелых вачэй, хатка разлеглася плачам абодвух бацькоў і енкам адданай чэлядзі… Праз некалькі дзесяткаў гадоў пасля гэтага, айцец Ануфры, расказваючы аб гэтай пакутлівай хвіліне свайго жьцця, не мог знесці яе вобразу, ён переставаў гаварыць, цяжкія ўздыхі перашкаджалі яму дыхаць і звязвалі язык, і толькі пасля доўгай хвіліны аслупення слезы развязвалі яму вусны і ён, зноў вальней дыхаючы, зааканчваў свой расказ.

Аднак Антось аджыў, але дасюль жывая радасць бацькоў змянілася хутка на пастаянны смутак. Гэтак жа нечаканае падзенне іх сына ператварылася ў пастаянную хваробу. Ударанае небяспечна ў грудзі, дзіця сохла і слабела на вачах; дарэмна штодзень выкарыстоўвалі і доктарскія, і хатнія лекі.

Час ад часу бліскала надзея: хлопцу на некалькі дзён станавілася лепш; у той жа час узбадзёрвалася і жыццё бацькоў, якое вянула разам з ім; але калі хвароба хутка вярталася зноў, разам з ёй вяртаўся ўсё большы смутак. Неспакойная маці туліла да грудзей сваё каханае дзіця, і як магла лагодзіла яго пакуты; іншы раз, трымаючы яго на руках, яна падала перад абразам Маці Божай, а сваімі слязамі і малітвай яна нагадвала мацярынскі боль Марыі пры смерці Сына на крыжы. То бацька, беручы хворага сына з рук маці, насіў яго, песціў, цалаваў, як бы хочучы пераліць у яго ўласнае здароўе. Хлопчык у гэты час забываўся аб сваей хваробе, абдымаў бацькаву шыю, клаў бледную галоўку яму на плячо і суцяшаў яго, гаворачы: “Не плач, ойча! Я буду здаровы, мне ўжо лепш”. Ах! У гэты момант сэрца бацькі, які не меў ніякай надзеі, разрывалася, аднак яму пачынала здавацца, што смерць не здолее вырваць сына з яго рук, і таму ён так насіў яго на сваіх грудзях як мага даўжэй і з цяжкасцю клаў на ложак, ад якога абодва яны не адступалі ні на крок. Нарэшце маці, уласным жыццём прывязаная да жыцця дзіцяці, неспакойная ад няспынных горкіх клопатаў, змучаная бяссонымі начамі, сама ўпала ў хваробу і побач з сынам заняла ложак.

– Або дай мне, Божа, устаць з ім разам, або з ім разам памерці! – іншы раз усклікала яна, і, слабеючы штодня, здавалася, угадвала свой лёс.

Сярод такога сумнага стану спраў аднойчы вечарам хворыя, якія ляжалі ў другім пакоі, пачулі ў першым: “Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус” і адразу ж пасля гэтага: “Прывітанне ад Святога Юстына!”.

– Хто там? – азвалася слабым голасам гаспадыня.

– Падарожніца, бедная, убогая: хаджу па святых мясцінах, па цудатворных, просячы Бога за здароўе маіх дабрачынцаў; вяртаюся з Мядзела ад Святога Юстына, а іду ў Баруны. Кірые элейсан, Хрыстэ элейсан! і г.д. Хворая у той жа момант спаўзла з ложка і, увайшоўшы ў першы пакой, убачыла, што там стаяла старая баба ў звычайным уборы вандроўных святош. Грубы суконны паўплашчык, чорны, моцна выцерты, з-пад яго доўгая каронка9, на канцы якой крыжык і некалькі бронзавых медалікаў; на грудзях – вялікія шкаплеры10, а на плячы – як знак жабрацкага цэху, ад якога яе ўбор, здаецца, адрозніваўся – торба, праўда, залатаная, але моцна пукатая, і дарожны кій, які хутчэй падышоў бы дужаму парабку, чым убогай і слабай жанчыне; да гэтага – каптур на галаве, надзеты крыху набок, позірк смелы і цікаўны, а постаць высокая і прамая.

Гэткая фігура, якая стаяла у канцы цёмнага пакоя і панурым голасам мармытала малітву, напоўніла хворую тым самым пачуццем трывогі і страху, якім не раз у вобразе чараўніцы напаўняла барунскіх студэнтаў. Бо гэта была знаемая нам Радуціна, у дарожным і святочным сваім уборы, якая вярталася з набожных вандровак, якія яна рабіла штогод у розныя бакі, не столькі для святасці, колькі для наведвання знаёмых двароў, збору запасаў навін на цэлы год і шчодрай у адпусты падаянкі. – Ах! мая бабка, памаліся за здароўе майго сына – прамовіла, асмеліўшыся, пані Ануфрава. – Добра, дабрадзейка: але, здаецца, што і дабрадзейка не надта здаровая! – адказала Радуціна. – Так, мая бабка! але менш аба мне! – Пан Бог з намі, дабрадзейка, як гэта менш? Я памалюся за маці і за сына, а малітвачку маю надзейную; толькі раскажы мне, дабрадзейка, аб хваробе, як што ёсць? і адкуль узялося ліха? Можа калтун, можа чары, урокі? – Не, мая бабка, – і тут гаспадыня расказала ўсю гісторыю здарэння з Антосем, і нават, завёўшы бабу у спальню, паказала ёй хворага. – Вы, дабрадзейка, дрэнна зрабілі, што адразу ж пасля здарэння не ахвяравалі сынка святым мясцінам: у Жыровіцы, у Буду, у Баруны! Ой! у Баруны, дабрадзейка, у Баруны!

Я не раз сама бачыла, як хворы туды ледзь прыцягнуўся, а ласкай і цудам нашай барунскай Апякункі вярнуўся здаравюсенькі як рыбка! у Баруны вязіце сынка, дабрадзейка! – Засвяціла надзея, няшчасныя бацькі хапаліся за яе. Пасля кароткай парады было вырашана пад кіраўніцтвам Радуціны зрабіць набожнае паломніцтва ў Баруны і выбрацца ў падарожжа заўтра ж; а тым часам бабу пачаставалі шчодрай вячэрай, і на ноч ёй быў прызначаны зручны гатэль у адрыне, на свежым сене.

Назаўтра, ледзь заспяваў певень і абвясціў світанне, пан Ануфры ўжо ладзіў дарожны воз. Выйшла і Радуціна з адрыны з каронкай у руцэ, і, пахаджваючы па гумнішчы, адмаўляла ружанец, іншы раз перарываючы малітвы заўвагамі адносна дарожных запасаў, без сумнення, неабходных як хвораму, так і здаровым.

Нарэшце парабак вынес схварэлага Антося, за якім выпаўзла і яго слабая маці; абое размесціліся на возе, парабак сеў за фурмана, пан Ануфры побач пешшу, а Радуціна павінна была ўперадзе весці гэты караван. Яны ўжо рушылі, калі высыпалі верныя і добрыя слугі, абступілі павозку, усе цалавалі рукі пані, панічу і пану, са слязьмі даручалі іх Богу і зычылі шчаслівай дарогі. Пан Ануфры, даручаючы ім сваю худобу і дамок, таксама расплакаўся; Антось развітваўся з горка плачучай сваей мамкай, а сабака Разбой поўзаў і лашчыўся каля ног сваіх гаспадароў, як бы просячы дазволу на падарожжа.


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка