З кн. "Рisma", t 2, Wilno, 1875, str. 3-61 Антонію Эдварду Адынцу



старонка2/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер420.61 Kb.
1   2   3

Радуціна ўселася на ганку пад гумном, абапёрла рукі і падбародак на кій, і час ад часу сумна ківала галавой. – Едзем, – сказала нарэшце больш за ўсіх залітая слязьмі пані Ануфрава, будзьце здаровы, дзеткі! прасіце Бога, каб мы да вас вярнуліся… а калі не вернемся, маліцеся за нашы душы! – Нарэшце рушылі.


– Затрымайце сабаку, – азваўся пан Ануфры. Разбоя ўзялі за шыю, але заўседы лагодны сабака, на гэты раз аказаўся сапраўдным разбоем; ён заядла гыркнуў, вырваўся з рук трымаўшага яго хлопца, пераскочыў замкнёныя вароты і далучыўся да падарожных. Пан Ануфры ўжо не меў сэрца прагнаць яго, ласкава пагладзіў, а Разбой бадзёра падскочыў і шчаслівы пабег наперад. Потым ён быў адзіным таварышам і вартаўніком свайго гаспадара на пустэльні і любімцам і пестуном усёй барунскай школы. О! калькі ж разоў я гладзіў яго ўласнай рукой! амаль штодня ён наведау сваіх сяброў у мястэчку, заходзіў між іншым да ксяндза-канапшчыка ў кляштары, потым наносіў візіты, і як бы інстыктыўна заўсёды трапляў туды, дзе быў свежы транспарт ад мамачкі. У гэты час, палажыўшы пысу на калені хлопцу, які дзяліў паміж калегамі выборныя прысмакі, Разбой спакойна чакаў сваёй порцыі, і порцыя Разбоя не была найменшай. На трэці дэень пад захад сонца, ідучы наперадзе, Радуціна ўпала на дарозе на калені: здзіўленыя падарожнікі наблізіліся да яе і заўважылі крыж барунскага касцёла, тады бацькі Антося зрабілі тое ж самае. О! ці маглі ж калі чые-небудзь малітвы быць больш гарачымі, чым бацькі і маці, якія прасілі здароўя для адзінага дзіцяці і ў глыбокай веры аддавалі іх як бы асабіста прысутнай апякунцы нешчаслівых! Прыўзнялі і Антося на возе, і яму загадалі маліцца, але са страхам бацькі заўважылі поўную слабасць дзіцяці; ён не меў сілы згаварыць пацер і толькі канвульсійна схапіў за шыю бацьку і маці, і апошнім выразам усяго свайго кароткага жыцця і апошняй хвіліны вымавіў: “Маці! Бацька! Як жа моцна я вас люблю!!! як жа вас люблю!…” I апаў на воз.

Тэрмінова вырушылі да мястэчка ў надзеі якога-небудзь паратунку, але пакуль да яго дамчалі, Антося ўжо не было... Жахлівы быў у той час выгляд гэтага смяротнага возу. Маці не плакала; не слёз, а жыцця яе апошнія кроплі сачыліся над трупам дзіцяці, са ссінелым тварам і шклянымі вачыма яна трымала на каленях бледную галаву памерлага, старанна асцерагаючыся, каб яна не ўдарылася ад трасення возу. Няшчасная! Яна ведала, што сын яе ўжо не жыве, але яшчэ песціла яго!.. Бацька, якому гэты нечаканы і жахлівы ўдар сціснуў сэрца, вусны і павекі, упаў пасярод воза пад ногі дзіцяці; дарэшты перапалоханая і непрытомная Радуціна сядзела побач з фурманам. Бачачы яе твар, бледны і высахлы, растрапаныя валасы, худую і дзікую фігуру, бачачы, як, выцягваючы наперад доўгія і сухія рукі, яна падганяла каня, можна было б сказаць, што гэта смерць, наладаваўшы цэлы воз сваіх ахвяр, прэ іх гвалтам на магілы.

Назаўтра маці палажылі побач з сынам на катафалк, а бацьку на ложак у ксяндза-аптэкара, хто б знес столькі няшчасцяў зараз!!!

Час, старанні і рэлігійнае суцяшэнне, якімі добрыя манахі штодзённа асалоджвалі долю няшчаснага, вярнулі здароўе целу і некаторы спакой яго розуму; а можа, больш чым усё гэта, хто б мог чакаць, частыя размовы з Радуцінай, якая амаль штодзённа расказвала яму як бы весткі ад жонкі і сына з таго свету, свае сны аб іх або здані, зрабілі на яго гэтакі ўплыў.

– Дабрадзею! сёння я бачыла ў сне яемосць нябожчыцу ў садзе з Антосем. Пане, свяціся над іх душачкамі! Абое ў белі; але які сад, дабрадзею! як рай. Яемосць ходзіць і кветкі збірае, і прыбірае імі паніча: падыходжу я, дабрадзею, яна мне дае кветачку, і якую ж кветачку? ключыкі. “Занясі, кажа,-майму мужу”, – то я і ўзяла кветачку і ... прачнулася. А што ж гэта значыць? абавязкова дабрадзею, што сама яна з сынком у раі, і нам дае ключыкі ад раю. – То яна бачыла сына і маці на каленях перад алтаром Прачыстай барунскай, але заўсёды ў белі, значыць, заўсёды з вывадам: “Ужо гэта дарэмна, пане дабрадзею, такая воля Пана Бога, жыць даўжэй яны не маглі, але яны пад апекай Маці Божай шчаслівейшыя за нас, бо і ў небе, і моляцца за ягамосця”. У хваробах душы, так як і ў хваробах цела, часта, калі майстэрства вычарпае надарэмна ўсе мудрыя спосабы, простае лякарства, пададзенае зычлівай рукой і прынятае з даверам, вылечыць. Падобным чынам апавяданні Радуціны, такія згодныя з паняццем і ўяўленнем няшчаснага бацькі, захапілі простае і поўнае веры сэрца яго і абудзілі ў ім пакорнае падпарадкаванне волі Бога, але адначасова і прывязалі яго да месца, у якім цень ад магілы жонкі і сына штодзень падаў яму на сэрца, і ў якім ён штодзень зносіўся з імі душой і малітвай. Пан Ануфры пазбыўся лёгка і хутка сваёй худобы, а паколькі адсутнасць папярэдняга настрою была для яго перашкодай для пераходу да манаскага хабіту11, ён заняў пакінутую ўжо некалькі гадоў малую пустэльніцкую хатку пад Барунамі, і з таго часу пустэльня, касцёл і могілкі складалі круг, па якім бегла штодзень яго жыццё, і гэтай жа дарогай прайшлі яго астанкі ў апошні раз на вечны спачынак побач з жонкай і сынам.

Гэтыя мае думкі, якія сёння ператварыліся ў апавяданне, скончыліся новым уздыхам да Бога за душу айца Ануфрыя, калі рэха ўдараў гадзінніка на барунскай вежы абвясціла мне поўнач. Вернемся, падумаў я, у мястэчка, пакладзём стомленую галаву ў кутку, у якім так спакойна некалі спалася, прызавём святую Апякунку дзіцячых гадоў, каб яна прагнала з павек клопаты сталага ўзросту! каб я заснуў сном салодкім, сном лагодным, сном студэнта, які ведае свой урок на заўтра! сном, у якім апошняя вясёлая думка зліваецца з першай мілай марай!


Ш


Марыць аб будучым, чэрпаць слодыч з мінулага шчасця – гэта браць працэнт ад капіталу шчасця, якое ляжыць ва ўласным сэрцы.

Чалавечае жыццё праходзіць паміж успамінамі і надзеяй. Успаміны ідуць за чалавекам, стомленаму яны падаюць чару салодкага нектару, які абуджае ў ім сілу і цярплівасць для далейшай дарогі: наперадзе – надзея, несучы ў руцэ бліскучы прывід шчасця, адлятае ад чалавека, чалавек даганяе яе з усёй сілы, і калі яму здаецца, што ён дасягае яе, яна зноў аддаляецца, як фантастычны цень, і чалавек даганяе яе зноў!..

Такім чынам яны прыбываюць на край жыцця; тут надзея адрываецца ад зямлі, раптоўна пераадольвае гэты край і, непарушная, спыняецца ў вечнасці; ідзе туды за ёй чалавек, а людзям пакідае... успаміны!

Якім жа чыстым і мілым было тое, да чаго вярнула мяне раніца ў Барунах! Гэта майская раніца, пагодная і ціхая, ахалоджаная толькі лёгкім і духмяным павевам! Хто не ўспомніць, што яна магла быць гадавінай не адной, маёукі, найвесялейшай хвіліны студэнцкага жыцця. Жыццё гэта – на ўсім сваім працягу не з'яўляецца ўсё ж самым вясёлым: праца нудная і прымусовая, безагаворачнае паслушэнства, аддаленне ад сваіх самых мілых, а таму туга і смутак, часта незаслужаная кара, усё гэта дае дзіцяці пакаштаваць як бы часцінкі горычы далейшага жыцця! Але як у самы змрочны дзень вясны адзін пробліск сонечнага промня ў імгненне вока разганяе хмары і развясельвае прыроду, так у час вясны жыцця адна шчаслівая хвілінка адсоўвае ў бяспамяцтва ўсё прыкрае мінулае: яна бадзёрыць, уздымае, сваволіць у дзіцяці, шалее ў юнаку! Ах! Чаму ж гэтага няма ўвосень года? Чаму ж гэтага няма ўвосень жыцця?

І вось маёўка. О, гісторыю маёўкі належыць пачаць ад папярэдняга вечара.

Рассыпаная па рынку моладзь карыстаецца вольнымі вечарам, мяч шыбуе ў паветры, ксёндз-фізік вышэй касцёла выбівае яго бітай. Ну і свой жа быў наш Reverendissimus12 фізік! брат за брата з намі! Ён лепш за ўсіх пускаў даўгахвостых змеяў, што даказвала, як ён сам гаварыў, яго спрыт у механіцы; ён вынайшоў вялікі спосаб рабіць казлістыя мячы, раячы скручваць іх з дапамогай эластычнай гумы; ён не адзін раз выпрасіў у ксяндза-прэфекта прабачэнне для разбойніка, які каменьчыкам з-за плоту або кавалкам лёду зімой пасадзіў жыду на ілбе сіняк. – Нельга, – казаў ён, – жыдам, мосціпане, як ворагам патронкі гэтага святога месца, жыць у Барунах, дык чаму ж яны цягаюцца па вуліцах? дражняць толькі дзяцей, мосціпане, і нічога больш! Не бойцеся, хлопцы, мы яшчэ будзем жыдоў на каменнях перад школамі, мосціпане, пляжыць; дай спакой, ксёнжа прэфект, гэта цудоўны хлопец, добра вучыцца, вон жыды з кляштара! Бо ясам, цябе, мосціпане, кіем пачастую. – I канец справе: што ж магло пярэчыць гэткай важнай вымове і што магло больш прывабіць сэрцы простага люду?

Дык вось, ксёндз-фізік, адыходзячы, стомлены вячэрняй гульнёй, паглядзеў на захад і як бы нехаця кінуў заўвагу: заўтра цудоўны дзень, варта было б, дзеці, падумаць аб маёўцы. Ксёндз-фізік ніколі не памыляецца ў прадказаннях; заўтра цудоўны дзень, таму адразу ж пад касцёлам склалася вялікая нарада, ён кіруюць некалькі з іхмосцяў дырэктараў, і на ёй аднадушна дамовіліся прасіць аб маёўцы на заўтра. Адпраўленая тут жа ўслед за ксяндзом-фізікам да ксяндза-прэфекта дэлегацыя, выбраная з найбольш смелых малайцоў, якія ў ласцьі ў ксяндза-прэфекта, праз чвэрць гадзіны вяртаецца з кляштара. Паслы крычаць здалёку: Маёўка! Маёўка!, Гэты вокліч паўтарыў рынак: – Маёўка! У адказ на гэты лозунг пан Казімір, школьны архібарабаншчык, ведае, што яму рабіць; ён бяжыць у касцёл, хапае з хораў велізарны бубен і, дубасячы ў яго што сілы, маршыруе на ўсім мястэчку, шматлікі натоўп, які бяжыць за ім, заглушае гукі бубна бесперапынным крыкам: “Маёўка!” Калі ж у пана Казіміра самлелі рукі, а ў крыкуноў ахрыплі горлы, усе нарэшце разбегліся па хатах, упалі на пасцелі, і кожнаму сніцца маёўка. Назаўтра, ледзь засвяціўся дзень, павольныя ва ўсякі іншы час на “раз-два” хлопцы ахвотна ўсхопліваюцца з ложкаў; кожны старанна пакуе дарожныя прыпасы; хутка пап Казімір дае сігнал у барабан, а пенсіянер13-шасцікласнік, акружаны шматлікімі асістэнтамі, выносіць са студэнцкай капліцы школьную харугву. На ёй з аднаго боку выява школьнай патронкі, Багародзіцы, багата вышытая на белым атласе, а на другім баку каласісты сноп жыта, сімвал плёну навукі: а як тлумачыў ксёндз-выкладчык красамоўства, гэты сноп павінен быў азначаць па-лаціне: “Dise puer latine, ego facion Moscipanie!”14, а па-польску: “Вучыся, асёл, добра, то будзеш мець хлеб!”. Каля гэтай харугвы натоўп дзяцей рабіўся ўсё больш шматлікім, разнастайныя галасы і крыкі разлягаліся па ўсім мястэчку, а ў патоўпе аб'ядноўваліся і зліваліся ў адно. Сцэна гэтая надзвычай рухавая і жывая; тут скачуць ад радасці, адтуль бягуць без памяці, падкідаючы шапкі ўгору і ловячы іх ў паветры, там сварацца і мірацца, а сярод усеагульнага шуму чуваць піск настройкі кларнетаў, звон фальшывай скрыпічнай ноткі і мармытанне як бы лагодзячай гэтыя спрэчкі дабрадушнай басэтлі. Вось з кляштара выходзіць галоўны штаб гэтай арміі марадзёраў: ксёндз-прэфсткт, галоўнакамандуючы, і ксяндзы-выкладчыкі, акружаючыя яго намеснікі. Спрытна размахваючы велізарнай бітай, ксёндз-фізік, як не звяртаючы на генерала ўвагі партызан, аперадзіў усіх, стаў у натоўпе і голасна закрычаў.

– Куды ж мы пойдзем, дзеці? – У Гейстуны, крычаць адны, – у Аляны – другія, – у Загор'е, крычаць іншыя. Хто ж аб'яднае гэтыя розныя жаданні? той жа самы кёбндз-фізік, які і пачаў спрэчку.

– “Пойдзем у Загор'е, ксёнжа-прэфект! – У Загор'е, дзеці! ужо я ручаюся мосціпанам, што там будзе добра! Адразу ж, не чакаючы адказу, ён штурхнуў у карак харужага: “Марш у Загор'е, мосцінпане асталоп, марш, – крыкнуў, – марш!” Загучалі кларнеты, скрыпка і басэтля, вырушыла харугва, а за ёй гурмой усе. Развесялёны ксёндз-фізік не даў музыцы скончыць марш, выгукнуў з усёй сілы: “Ozdobo twarzy pokretne wasy”15, а ўсе хорам за ім; кларнеціст змяніў тон і даў колькі мог духу, скрыпач апусціў смычок і перайшоў на дыскант, арганіст, абапіраючыся на басэтлю, як на носах, пілаваў што папала! а навакольнае рэха разносіла хвалу вусам, выказваемую тымі, хто іх яшчэ не меў.

Ваколіца Барун надзвычай прыгожая па дарозе на Мінск. Па ўзгорках, як на хвалях, яна ўздымаецца і апускаецца, а з кожнага ўзгорка адкрыеш кожны раз новыя і заўсёды прыемныя карціны. Найпрыгажэйшыя гаі з разнастайных дрэў і ў розных канфігурацыях і формах уздымаюцца густымі зараснікамі на горы або спускаюцца ў нізіны, расцілаюцца ў далінах паміж шырокімі і пакрытымі высокім збожжам палямі; дзе-нідзе малыя ахайныя вёсачкі пад ценем разложыстых дубоў і бяроз на абодва бакі дарогі; паміж фруктовымі дрэвамі або стогадовымі ліпамі ўзвышаюцца дамы і домікі, адбітыя ў шыбах празрыстых ставаў, як у люстэрках вузкія дарожкі, віючыся па палях і ўзгорках, злучаюць суседзяў, а ручайкі, перабягаючы з аднаго ставу ў другі, шумяць на млынках, раскіданых тут і там і ажыўляюць гэтую прыгожую, людную і прывабную краінку, якая сваёй цэласцю захапляе, а дробязямі прываблівае.

Але калі праз пару вёрст за Барунамі ўзыйдзеш на самую высокую па дарозе гару, карціна раптоўна змяняецца, і табе адкрываецца гарызонт шырынёй у некалькі міль, твой позірк пануе над ім, ён абапіраецца на цёмныя масівы лясоў і пранікае ў глыбокія яры і равы. Налева абазначаюцца ледзь бачныя ў тумане разваліны Кейстутавай турмы з чырвонай цэглы16, панура і крывава, як памяць аб самім Кейстуце ў далёкім мінулым; направа, яшчэ далей і невыразней, бялеюць разваліны замка і касцёл17, сядзіба і магіла Яна Сапегі, старасты ўсвяцкага, баявога некалі літоўскага гетмана, а перад ім яшчэ князёў Гальшанскіх; нарэшце думка, вока і фантазія, уздымаючыся і калышучыся над усім гэтым пышным гарызонтам, над лясамі, гарамі, ярамі і развалінамі, губляюіцца і тонуць у туманным і бяскрайнім блакіце.

Вось па гэтай дарозе, высыпаўшы з мястэчка, цягнулася школьная чэрнь вясёлым паходам не меньш чым паўтары гадзіны, а потым павярнула па малой дарожцы направа да двара, які быў відаць паблізу ўзгорка; гэта мэта падарожжа, Загор’е! Мы маршыруем ужо ў больш роўным страі пад адгалоскі адной толькі музыкі проста на дзядзінец. Калі мы набліжаемся, у вокнах здалёку відаць мноства прыгожых, свежых, румяных тварыкаў, якія цікаўна паглядаюць праз шыбкі, як абразкі Анёлаў за шклом у рамках: а калі харугва набліжаецца да брамы, з прывітаннем выходзіць ветлівы гаспадар, пан шамбелан18 Буйніцкі. Хто ж з маіх калег не ўспомніць, як добры стары быў рад сваім гасцям, як снаваў паміж дзяцей, як, папраўляючы пас на нізкай, каранастай і грубаватай сваёй фігуры, ён бліскаў шырокай лысінай, кланяючыся ва ўсе бакі! За ім высыпае шматлікае кола мамачак і рой як бы рочнакаляровых матылькоў, тых ружовых тварыкаў, якія раней запаўнялі вокны, а цяпер рассыпаліся на дзядзінцы і падскоквалі ў паветры!

Пры гэтай карціне хлопцы крычаць ад здзіўлення, ксёндз-фізік з усменікай гаворыць: – А што ж, дзеці? хіба я не казаў, мосціпане, што тут будзе добра? – хэ! Ой! Бо ксёндз-фізік выслаў на ўсю ноч Радуціну ў бліжнія двары, паведамляючы мамачкам аб маёўцы і запрашаючы ў Загор'е; значыць, ён ведаў, хто там будзе, і таму смела ручаўся, што там будзе добра.

Пяшчоты дзяцей з бацькамі абуджалі б зайдрасць у іншых, калі б усеагульная весялосць не тлуміла ўсіх іншых пачуццяў і думак. Сярод мноства студэнцкіх сястрычак ёсць спакуса і для старэйшых паноў дырэктараў, некалькі дзяўчат, якіх кожную нядзелю яны бачаць у касцёле, і у прысутнасці якіх панове дырэктары папраўляюць хустачкі на шыях і строяць залёнтыя міны. Нарэште прэфект і выкладчыкі ўваходзяць у будынак, за імі старэйшыя панове дырэктары, за імі хлопцы, якія знайшлі тут бацькоў, нарэшце, музыка і ўсе, хто мае ахвоту, прошаныя і няпрошаныя, знаходзяць там багатае снеданне. А тым часам галоўны натоўп маёўкі паварочвае на шырокую раўніну ля падножжа ўзгорка, на якім узвышаецца дом. Ён зрэдку парос пышнымі бярозамі, так, што гатовы цень ад паўдзённай спёкі, і месца для гульні хапае. Там адмяраецца адлегласць мэты, побач вызначаюць пляцоўкі для “зайца”, “даганялак”, “лапты”, у іншым дзе-небудзь месцы садзіцца цеснае кола і скручвае балючае сіло на “шыла”, дзесьці ўселіся ігракі ў “матоны”, о! гэта напэўна будучыя шулеры! – там высыпалі прынесеныя кеглі; у іншым месцы збіраюцца ігракі ў “пону”! словам, кожны выбірае тое, што любіць і перабягае ад адной сваволі да другой.

Пад дрэвам воддаль уселіся два хлопцы; яны не падзяляюць усеагульнай гульні, але, можа, шчаслівейшыя за іншых, яны таксама адчуваюць сардэчную слодыч, успаміны і надзеі! Народжаныя на адной градзе, яны гадаваліся разам на адным дзядзінцы; іх бацькі самыя блізкія суседзі, з радасцю бачылі, як нараджасцца прыязнь хлопчыкаў, і з усмешкай дазволілі Рузі, сястрычцы Адася, дзяліць гульні брата і яго сябра Ігнася; Адась і Ігнась маюць таксама ўжо сваё мілае мінулае, канікулы; яны ўспамінаюць аб ім і лічаць гадзіны, за якімі зноў усміхаецца іх шчаслівая будучыня, таксама канікулы, а ў адной і ў другой карціне Рузя, як іх улюбёная цацка, гуляе і песціцца з імі. Адась любіць сястрычку Рузю, Ігнась любіць Рузю больш чым Адась, сам не ведаючы, як і чаму! – Ці гэта ўжо каханне? – не яшчэ: гэта толькі інстынкт пяшчотнага сэрца, які рана паказвае будучы лёс чалавека! Пяшчота гэта запалае некалі каханнем, потым агорне ўсю істоту, спаліць яе, вытравіць у ім увесь запас пачуццяў і шчасця і пакіне ў сэрцы, як пасля згаслага кастра, попел і шлак... Ці ж такі павінен быў быць лёс Ігнася? На жаль! Такім ён сапраўды быў!!!

У будынку, пасля багатага снедання, у час якога пан Буйніцкі, прыступаючы па многу разоў з бутэлькай старой гарэлкі да іхмосцяў ксяндзоў выкладчыкаў і прыфекта, ні разу не сустрэў няветлівай адмовы або агіды, лёгка дакрануўшыся да сваёй лысіны, сакавіцкі ўдоўчык памаладзеў. Пан Дзевалтоўскі, мэтр музыкі, зразумеў жаданне гаспадара; ён схапіў скрыпку і ўрэзаў паланэз; рэшта паноў віртуозаў стала побач, а ўсцешаны пан шамбелан крыкнуу: “Гу-га!” і схаў у першую пару з пані мастаўнічай.

Дзеці выбеглі ў гай, панове дырэктары сталі за панам шамбеданам, і пачаліся танцы. Мамачак і дачушак было многа, было з каго выбіраць і тому танцы ішлі гучна і бадзёра! але як больш стройная лілея паміж сяброўкамі, так паміж усіх свяцілася панна Катажына, здаровая, прыгожая і вясёлая дзяўчына. Выразнае саперніцтва праяўляецца паміж панамі дырэктарамі, калі надышоў час зарапрашаць яе на танец; навыперадкі і гурмой беглі яны па яе ручку, якую, на жаль! начасцей песціў пан аплікант20 з Ашмянаў, які прыбыў сюды, як на, нешчасце, смялейшы, бо не звяртаў увагі на ксяндза-прэфекта і подлы, высмейваў студэнцкія залёты. Пасля дзесяці ці больш паланезаў, з адбіваннем і без, панна Катажына, завязаўшы на зграбным стане ружовы фартушок, стала на казачок, з-за недахопу адпаведнай партыі малы яе брат стаў насупраць за статыста. Такім чынам, адна Кася завалодала ўсеагульнай увагай: усе колам акружылі дзяўчыну, ксяндзы паставілі на столік недапітыя чарачкі траянкі і з цікавасцю павярнулі вочы на сярэдзіну пакоя. З бадзёрай, вясковай, нязмушанай весялосцю ўбегла дзяўчына ў круг, і ў розных падскоках з канца ў канец пралятала па пакоі, то фартушком сваім гулліва закрывала чорныя свае вочы і моцнай чырванню афарбаваныя вусны, то як бы ахалоджвалася шырока раскрытым веерам, то спрытна складаючы яго, утварала з яго вакол сябе прыгожы і залётны шлейф. “Брава! Брава”– крычалі ўсе, з запалам пляскаючы у далоні; “Бравісіма!” – крычалі малодшыя і больш запаленыя прыхільнікі грацыі панны Катажыны! “Bravissimo in superlativo gradu!”21 – крычаў пяны пан Дзевалтоўскі, нахіліўшы бараду і ажно палажыўшы галаву на скрыпку, на якой размашыста іграў казака, нарэшце танцорка, адкруціўшы ў цэнтры ”млынок”, прысела з паклонам і грацыёзнай усмешкай усёй кампаніі і, асыпаная воплескамі, пабегла адпачыць у другі пакой. Захопленыя і закаханыя паны дырэктары пайшлі за ёй, там кожны рассыпаўся ў пахвалах і кампліментах. Пан Матэуш на працягу ўсіх танцаў абдумваў, што б прыгожага сказаць панне Катажыне; ён ужо перакладаў Тэлемаха, няраз чытаў Гансалва з Кардубы і Нуму Пампілія, але аніяк не мог нічога ўспомніць і прыстасаваць да прыгожых Касіных вачэй, затое ў яго галаве пахабна круціліся радкі з хрэстаматыі 1 класа, якія ён штодзень паўтараў са сваімі вучнямі: “Рarentes carissimos habere debenus”22 і – зноў і зноў: “Рarentes carissimos” і т.д., абараніцца ад гэтага нельга было!

Што ж рабіць? Раптоўна прыходзіць цудоўная ідэя. Паклаўшы, падумаў ён, панну Катажыну ў адзіночным ліку на месца “parentes”23 і пераклаўшы на польскую мову, атрымаецца непараўнаны зварот! Тады ўзрадаваны пан Матэуш падыйшоў да Касі і, нахіліўшы галаву, усе роўна як рыхтуючыся да баксерскага паядынку, сказау: “ Панну Катажыну мы павінны лічыць самай мілай”, адначасова ён узяў яе прыгожаю ручку і ужо падносіў да вуснау, калі бязбожны здраднік, пан Гіяцынт, аплікант з Ашмяны, раптам шапнуў ззаду: “Ксёндз-прэфект ідзе!”. Выпусціў руку каханкі і адскочыў збянтэжаны пан Матэуш … ксяндза-прэфекта не было, легкадумная дзяўчына рассмяялася на ўвесь пакой і ўцякла ў сад, за ёй пабег пан аплікант, а пан Матэуш, пакінуты і збянтэжаны, стаў і не мог зрушыцца з месца, нарэшце прышоўшы да сябе і прыпомніўшы апліканта, ён запальчыва прамармытаў: “Пракляты асёл!”, але ў гэты час аплікант ужо быў з Касяй у садзе.

Так весела пралятаў дзень, калі надышла гадзіна падвячорка, пан шамбелан з усёй кампаніяй выходзіў у гай, і там, стаўшы ў натоўпе дзятвы, гэтак жа ветліва і міла кланяючыся, як у час прывітання, запрашаў на падвячорак. О, як жа яго любілі ў барунскай школе! дзеці і бацькі былі яму аднолькава ўдзячныя. Пан Буйніцкі нас паважаў, чым выклікаў да сябе любоў новага пакалення, гэта была грамадзянская ветлівасць, якую кожны з барунскіх суседзяў дэманстраваў, як і пан Буйніцкі, з гэткім задавальненнем і гонарам, калі меў госцем усю барунскую школу.

Можна было тамсама загаварыць з каторым з хлопцаў аб пане шамбелане; за кожнае двухсэнсоўнае аб ім слова кожны атрымаў бы гуз на лоб, хоць бы адразу ж давялося б адпакутаваць на пяньку. Вясковы падвячорак! сеймікавы буфет! У доўгіх стадолах і адрынках уздоўж пастаўленыя і накрытыя сталы, зэдлі і лава застаўлены гаршкамі цудоўнага кіслага малака; хлеба і солі ў дастатку, місак і драўляных лыжак мноства, студэнцкі апетыт, узбуджаны шматгадзінным свавольствам, воўчы! Але гармонія і згода пры мячы, “шыле” і кеглях парушылася пры місках і гаршках: б'юцца, крычаць, адбіраюць адзін у аднаго лыжкі, разліваюць малако і б'юць посуд; усё сыхоцзіць беспакарана, бо пан шамбелан павёў ксяндзоў і старшыну на падвячорак, а на малацэ ў адрынках засталася вольная галота.

У двары смачная кава з найлепшай вясковай смятанкай і абсыпанымі цукарам цвейбачкамі24, якіх мамачкі навезлі копы, і большая частка якіх потым асела ў выкладчыцкіх келлях, падсілкоўвае вучонае кола, і ператварае вясёлых хвіліну назад таварышаў сур'ёзных і мудрых статыстаў; смачныя “кажушкі”25 злагоджваюць свавольствы траяначкі, пакуль яе дарэшты не выдзьме вячэрні ветрык па дарозе назад.

Доўгі падвячорак цягнуўся аж да заходу сонца, затым па кіўку ксяндза-прэфекта неспадзявана быу дадзены сігнал у барабан. – Ах! Ах! – крыкнулі спалоханыя дамы. – “Час вяртацца”– сумна сказала дзятва і збіралася ля харугвы, убітай пасярэдзіне дзядзінца, на які і ўся кампанія выйшла з пакояў. Такім чынам, пачыналіся развітанні, і ўсеагульныя, і асабістыя: ксяндзы выказвалі пану шамбелану падзякі; пан шамбелан зноў кланяўся на ўсе бакі; хлопцы чапляліся за шыі матак, дзяўчынкі цалавалі брацікаў, панове дырэктары набліжаліся да панны Катажыны: адзін толькі пан Матэуш стаяў здалеку ад яе ... Гэты пан Матэуш быў школьны паэт. Я не ведаю, як яму пазней на свеце дапамагаў Апалон, але ў школе ён усім на патрэбу кампанаваў вершы, складаў арацыі студэнтам, якія ехалі на Вялікдзень або на Божае Нараджэнне да бацькоў; нават ксяндзы-выкладчыкі часамі накіроўваліся да яго, калі ў каторага закульгаў Пегас. Ці мог жа ён цярпліва знесці канфузію ад апліканта, якую той падстроіў у прысутнасці каханкі, ён, паэт? Genus irritable?26

Каханне і помста, дзве наймацнейшыя страсці сэрца чалавечага, без якіх ні раманаў, ні трагедый не было б на свеце, не далі пану дырэктару пакаштаваць ні спакою, ні ўсеагульнай вясёласці, ні падвячорка. Хадзіў ён па гаі і думаў, калі-нікалі мармытаў, разлічваў пальцамі склады і сіметрыю, нарэшце падбег да станцыі эканома і там, вырваўшы з кнігі рэгістрацыі ліст, хутка напісаў тое, што выдумаў, і ўсунуў картку за пазуху. Каханне і помста ў чатырох радках! вялікі ж паэт пан Матэуш!!! І вось, калі адбывалася развітанне, а пан Матэуш стаяў далёка, Юзя, брацік панны Катажыны, схапіў яе за руку, і, цягнучы да саду: “Хадзі, хадзі, Кася, - казаў паціху, -я маю да цябе вялікую справу”, – “Што ж такога? -пытала неахвотна адарваная ад кампаніі панна Катажына, – кажы хутчэй. “На! бяры”,– вымавіў гарэзлівы хлопец, усоўваючы ей у руку лісток паперы: “вазьмі гэта ад пана дырэктара, чытай!” – і ўцёк. З цікавасцю дзяўчына разгарнула лісток і прачытала такія вершы:

“Ani Wenera, ni Prozepina,

Nie jest tak piekna, jak ty, Katarzyna!

Wartasc milosci i slicznego kanta,

Od samego Jowisza, nie od aplikanta”27

Пачырванела Кася, схавала хуценька лісток у торбачку і выйшла з сада. У гэты ж час да яе некалькі разоў набліжаўся пан Матэуш, але яна так заусёды станавілася каля мамы, што ён слова да яе прамовіць не мог. Тым часам пан Казімір біў на забой у бубен, загучаў марш, затым харугва рушыла за браму, а за ёй усе. Аднак жа панна Катажына знайшла час схапіць Юзю за руку і шапнуць яму ў вуха: “Даведайся, Юзя, як-небудзь у свайго дырэктара, хто такая панна Празерпіна і ці далёка жыве? а скажаш мне, калі прыедзеш на канікулы: помні, Юзя! панна Празерпіна”. Бо Кася так раскалькулявала сабе вершыкі барунскага паэта: “Аб Венеры вадаю, бо гэта ёсць у некалькіх свецкіх песнях: яна была калісьці нейкай багіняй. Юпітэр?.. раз пан Гіяцынт з'яўляецца аплікантам Юпітэра, значыць, Юпітэр павінен быць адвакатам у Ашмяне; але Празерпіна? вось загадка; напэўна, гэта нейкая прыгожая паненка, а можа і замужняя... даведаюся аб усім ад Юзі”.

Калі б Кася нарадзілася трыццаццю гадамі пазней, калі б яна сёння выхоўвалася ў лепшых нашых пансіёнах, ужо на дванаццатым годзе свайго жыцця, яна ведала б, хто Юпітэр, а хто Празерпіна, і дзе яны жывуць; яна б танцавала з цудоўнымі манерамі кантрданс28; але ... ці была б такой бадзёрай і вясёлай дзяўчынай, ці так спрытна і рэзва станцавала б казака?

Вяртаемся, значыць? рой нас вакол ксяндза-прэфекта і харугвы як пчолы вакол маткі, пасоўваецца цёмным, густым і шумным клубам! рэшта адстаючых цягнецца па гасцінцы доўгай пасмай, і некаторыя адзіночкі адбіваюцца наўбакі. Мы зноў узыходзім на гару, але ў зваротным кірунку, і нас з яе ўражвае іншы від. Гарызонт тут жа за Барунамі абмяжоўваецца глыбокім паўкруглым лесам, на ім, як на чорным фоне, адбітыя белыя будынкі касцёла, кляштара і барунскіх веж даюць адразу закончаны, сур'ёзны і ўрачысты від. Калі далёкі вандроўнік у Баруны з набожным і рэлігійным пачуццём набліжаецца сюды з пакорнасцю і надзеяй на цудоўную ласку і суцяшэнне ў смутках і клопатах, або па самае вялікае дабрадзейства ў недамаганнях цела, па здароўе, мэта яго дарогі, якая ў той момант паўстае перад ім з гэтай гары ў велічным і адначасова сумным выглядзе, з упэўненасцю, падтрымлівае яго сілу і пяшчотнай верай напаўняе сэрца. Мы, не звяртаючы аніякай увагі, з аднастайным вясёлым гоманам сыходзім з гары і набліжаемся да Барун: але тут раптоўна шум наперадзе спыняецца, а ў задніх радах нястрымана ўзрастае: два розныя з'яўленні адначасова адбыліся ў абодвух процілеглых баках. Абуджаная нашым маршам, адпачываючая ў кустах пры дарозе пасля новага абходу навакольных двароў і пасля шчодрага пачастунку, Радуціна раптам з'явілася перад хлопцамі, з якіх адзін, застаўшыся “зайцам”, вадзіў па зарасніках даганяючых добрых дзесяць “стралкоў”. Раптоўна і звер, і паляўнічыя пачалі ўцякаць да грамады, а за імі выйшла на дарогу з вялікай зялёнай галінай у руцэ чараўніца.

– “А чаго ж вы ўцякаеце? ці то мяне не пазналі?”– крычала яна. “Ясь! Леанардак! Антось! а вы ведаеце, хто вам прывёў у Загор'е мамачак і сястрычак? Гэта мае старыя ногі ўсю ноч мучаліся дзеля гэтага інтарэсу. Ксёндз-фізік сказаў: марш, Радуціна! I Радуціна ногі ў рукі і марш! А вы крычыце на мяне як на гамана! Пачакайце ж ! ...” Такім чынам гнала перад сабой баба, размахваючы галінай, як чароўнай мятлой, зграю марадзёраў, якія ўцякалі з крыкам; але хутка яна запаволіла крок, бо пачула няўпэўненасць у нагах і нейкае кружэнне ў нявыспанай яшчэ галаве; тады, падпіраючыся той самай бярэзінай, яна пацягнулася ззаду за намі, крыху сланяючыся і піскліва выспеўваючы, як бы падганяла нас да вяртання: “Pojdzcie! Pojdzcie! Gaski moje do domu”29. За некалькі дзесяткаў крокаў ад дарогі, на схіле ўзгорка, ёсць вясковыя могілкі, якія выдзяляюцца некалькімі крыжамі і мноствам каменных пліт, як бы выраслых з зямлі,зацененыя некалькімі старымі соснамі; месца вечнага спачынку добрых нашых барунскіх гаспадароў, а калі-нікалі і маладога хлопца, які смерцю закончыў навуку!

Месца гэтае змянілася і цяпер ніколькі: толькі памножаныя камяні і крыжы абазначаюць усё большую колькасць прышэльцаў у зямлю, а сосны і таксама адна няссохлая галінка піхты жывуць там сярод усеагульнага нежыцця, жывуць як бы наперакор смерці ў яе ўласным доме, і, ссучы, як вурдалакі застыглую чужую кроў на ўласныя сокі, доўга яшчэ будуць жыць і прымаць штодзень пад свае старыя кроны памерлых барунскіх жыхароў!!!

Пад адной з іх айцец Ануфры пахаваў сваіх сына і жонку, таму штовечар, калі званы з касцёльнай вежы абвяшчалі гадзіну задушнага пацера, можна было б убачыць паміж камянямі могілак стаячага на каленях на іх магіле і гэтак жа, як камень, непарушнага, гэтага нешчаслівага бацьку і мужа. Хвіліна нашага вяртання з маёўкі збеглася якраз з хвілінай малітвы пустэльніка, і адна адняла ў другой шумнае хваляванне: у плачы і смеху адна злагодзіла другую; пустэльнік выцер слязу, накіроўваючыся да сваіх сяброў, якія набліжаліся, студэнты спынілі гучны спеў, бачачы слязу нешчаслівага свайго прыяцеля. Такім чынам, шчыра павітаны айцец Ануфры далучыўся да нас, і ўсе пайшлі далей...

Пры ўваходзе ў Баруны трыумфальны марш азваўся зноў; у гэты момант дзятва, зламаўшы строй і парадак, кінулася ў мястэчка, як бы хочачы здабыць яго штурмам; музыка змоўкла на рынку, змучаны натоўп рассыпаўся па кватэрах, ксяндзы знікалі адзін за другім у цёмных кляштарных калідорах, пустэльнік, шэпчучы вячэрнюю малітву, прасунуўся паволі па вуліцах, накіроўваючыся да сваёй хаткі, і шум станавіўся ўсё цішэй і цішэй; пакуль, нарэшце, прыгожая майская ноч не агарнула гэтую сядзібу адпачываючай весялосці, раздзеленай на сотні сэрцаў.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка