З кн. "Рisma", t 2, Wilno, 1875, str. 3-61 Антонію Эдварду Адынцу



старонка3/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер420.61 Kb.
1   2   3

IV

Касцёл і школа – гэта два склады цалкам розных і процілеглых пачуццяў і студэнцкіх памятак; як неба ад зямлі, як рай ад пекла, а, правільней, ад чыстца, як добрае надвор'е ад слоты, так адрозніваецца адно ад другога, асабліва ў Барунах, дзе гмах касцёла, велічны звонку і аздобны ўсярэдзіне, мае ўсё, што можа здзівіць і прывязаць вока і розум дзіцяці. Калі ранішні, нядзельны звон званоў абвяшчае студэнтам дзень адпачынку і гульні, то ў кожны іншы будні дзень школьны званок прарэзлівым бразгатаннем, як сварлівы крыкун, будзіць іх ад прыемнага сну і, паўтораны двойчы, гоніць іх да клопатаў і працы. Калі ўрачыстыя святы касцёл велічна прыбіраецца, калі заклікае дзяцей да службы ля алтара, калі апранае іх у прыгожыя белыя сціхары, як у шаты нявіннасці і весялосці школа ў гэты час, як зласлівы зайдроснік замыкае свае дзверы і чакае ў маўклівасці канца ўцехі, каб зноў іх захапіць і прыгнятаць; у касцёле гімны і песні, якія паўтараюцца гучным хорам, мілыя сэрцу і вуху студэнта, бо ім адказвае рэха з хатняй, прадшкольнай яшчэ, бакоўкі: – у школе прывычны плач штодзень, а архі-плач штосуботу! У школе за печчу, на пяньку, з грозным вокам і дысцыплінай у руцэ – страх, нязносны старац, схуднелы, хцівы на слёзы, на малітвы і просьбы неадчувальны! бяда, калі ён выкаціць свой пянёк на сярэдзіну школы, бяда ў той час, бяда!!! I нарэшце, для завяршэння і нейкага апраўдання гэтай розніцы, даўгачаканы прыходзіў у канцы чэрвеня Святы Пётр і ў адну хвіліну ключамі сваімі замыкаў школу і адчыняў студэнтам дзверы касцёла для ўрачыстай падзякі Богу за пераадоленне і заканчэнне працоўнага тэрміну навукі і для публічнай дэманстрацыі яе, а потым пускаў і іх усіх у рай, гэта значыць, на канікулы дадому.

Таму і я ў сваіх вандроўках па мястэчку холадна мінуў апусцелы школьны дом, падкінуў нагой, як высахлы чэрап ворага, вышчарблены званок, які ўпаў на зямлю і валяўся на дзядзінцы, і адразу ж пайшоў у касцёл, каб там закончыць успаміны дзяцінства, там, дзе і сам закончыў дзіцячы ўзрост, дзе, прадаставіўшы пасведчанне нібы дасканаласці ў навуках, студэнт ператвараецца ў юнака, атрымлівае бласлаўленне касцёла, пажаданні настаўнікаў і з цесных школьных сцяжынак выходзіць на шырокія раздарожжы свету... Успамінаючы гэты акт публічнай дэманстрацыі і развітання са школай, мы ступаем на мяжу самай першай часткі нашага жыцця, якую праходзім з горыччу, канчаем з радасцю, а, аднак, успамінаем з тугой, і ёй, мінулай, зайдросцім!

Велічная нэфа барунскага касцёла ў чаканы дзень 29 чэрвеня напаўнялася ў час вячэрняй службы гасцямі рознага полу, узросту і нават стану. Побач з прыгожымі і ўпрыгожанымі пер'ямі і кветкамі капелюшамі на вясёлых гадоўках маладых мамачак або яшчэ малодшых сястрычак, можна было ўбачыць грэдытуравы30 каптур або дзівачна натапыраны чэпчык над бадзёрым і румяным тварам пані эканомкі побач са зграбнай і багата шнураванай літой фурнітурай тарататкі31 на грудзях пана шамбелана або пана будаўнічага, якой нідзе ўжо цяпер не ўбачыш, стаяў у шэрай капоце32 шляхціц з ваколіцы, або ў выцертым жупане33, падпяразаны шаўковым пасам, стары дваровы слуга, прысланы па панічоў... На лаўках з правага боку і ад лавак ажно да алтара на некалькі радах крэслаў размяшчаўся стракаты натоўп: бабулі, мамы, сястрычкі, цёці спераду, дзядулькі, бацькі, дзядзькі ззаду. У сто пар і больш уваходзіць моладзь і класамі строіцца насупраць публікі, а тым часам ксёндз-фізік ставіць збоку на столік электрычную машыну і батарэю лейдэнскіх бутэлек; ксёндз-матэматык вывешвае на козлах цудоўна вычарчаныя геаметрычныя фігуры, а сам ксёндз-прэфект парадкуе на другім століку прыгожа намаляваныя эраты34, характарыстыкі, і велізарны стос пахвальных грамат, якія павінны былі потым у рамках і за шклом фігурыраваць на дамашніх сценах як памяткі школьных талентаў; кладзе залатую кнігу, з імёнамі лепшых вучняў, і прыціскае ўсё гэга глобусам, як бы хочучы бачным знакам даць зразумець, што галава ўсёй людской дасканаласці...свет! Нарэшце ўсё падрыхтавана, і ўсё пойдзе як па маслу, бо ўсе сценарыі ужо некалькі разоў прарэпеціраваныя. Нарэшце на ківок знізу сімфонія студэнцкай музыкі на хорах адкрывае ўрачыстасць; пасля яе выступаюць адны за другімі і на розных мовах вітаюць публіку. Ах! Чаму ж я не памятаю гэтых прамоў! Які ж выразны і разнастайны дадатак я б стварыў з іх у канцы! Па выразу твару, а часам і па расчуленасці мамы або татачкі можна было б пазнаць, чый сын з'яўляецца аратарам.

Разнесеныя адразу потым і раздадзеныя, як бы кветкі з каша, koperdymenty займаюць прыгожы пол больш, чым уся дэманстрацыя; гэта атрымала расцвіўшую і вялікую, яе талерка, ружу, гэтай дастаўся бліскучы цюльпан, як залаты збанок, другая трымае ў руцэ мармуровую калону з цэлым кашом кветак на капітэлі; у той купідончык цэліцца стралой у велізарнага рыцара, у якога на шчыце, як сімвал, надпіс: “Пахвальная грамата барунскай школы за 5 клас”. – Панне Катажыне дастаўся пры падзеле прыгожы вясковы домік у гайку над ручаём, з гэтакім жа надпісам, які ў рыцара на шчыце; усюды дасціпнасць у задумах і гэткі ж талент у выкананні!!!

Запрошаныя ў якасці экзаменатараў пан падкаморы, пан шамбелан і пан будаўнічы выступілі на сярэдзіну; з гэтымі панамі не было б жартаў, калі б яны захацелі ўспомніць свой альвар34, але, маючы ў руках пытанні, яны не лічылі прыстойным уводзіць вучняў і настаўнікаў у перажыванні іншымі пытаннямі, якія, хто ведае, які б мелі поспех: але, на пытанні, зададзеныя з лістка, адказы былі выдатныя, бо невукам было дазволена выехаць напярэдадні. Так ішоў агляд першых класаў з пахваламі, якія шчодра сыпаліся кожнаму хлопцу і якія працягваліся б далей, але ксёндз-фізік, які стаяў ля сваёй электрычнай машыны, усклікнуў нецярпліва: “Чацвёрты клас, мосціпане, з фізікі! Што такое пярун? – адкажа пан Леанард”.“Пярун,–адказаў голасна і смела пан Леанард, – гэта электрычнасць, а доказ гэтага – лейдэнская бутэлька”. – “Брава! выдатна, мосціпане! а зараз прашу да машыны і зрабі нам, васпан, пярун, мосціпане!”. Усеагульны пратэст супраць гэтага праявіўся сярод дам, але больш дасведчаныя ў справе экзаменатары асмялілі ўсіх, і пан Леанард, пакруціўшы некалькі мінут шарыкі, зарадзіў батарэі і даў агню, а пярун нікога не спалохаў, а ўсіх развесяліў.

– “Пан Ксаверы, раскажы нам, мосціпане, аб паветраных шарах” – зноў азваўся ксёндз-фізік. – “Гэта вялікае вынаходніцтва” “... на зламанне галавы”,– перабіў хтосьці з натоўпу. – Ксёндз-фізік востра паглядзеў у той бок, але не заўважыў вінаватага, а пан Ксаверы, не сумеўшыся, расказаў публіцы гісторыю і спосаб гэтага вынаходніцтва.–“Цяпер з матэматыкі”-загаварыў пан падкаморы, відаць, дзеля гонару сваёй пасады. – “Але, мосціпане, хай бы яшчэ сказалі аб газах, аб зямлі, аб паветры, аб вадзе, аб агні: яны ўсе ведаюць, я запэўніваю”. –“Гэта значыць, аб элементах” – азваўся пан шамбелан. –“Аб якіх элементах, мосціпане? няма ўжо элементаў, скасавалі іх”. – “Як гэта скасавалі? у імя Айца і Сына! хто ж, хіба сам Пан Бог?” – “Не, мосціпане, пан Лавуазье, як пачаў разбіраць па аднаму, дайшло да таго, што і ніводнага не пакінуў, а затое, мосціпане, ён вынайшоў кіслату...” – “Звар'яцеў ты, ксёндз-фізік! што пляцеш!”– казаў здзіўлены пан шамбелан, і мог бы адбыцца вялікі дыспут, але знянацку трэцякласнік ля дошкі выкрыкнуў тонка і выразна – “Centum bowum!”36 – “Вось табе, пане шамбелане, – казаў, усміхаючыся, ксёндз-фізік, – “вось аліменты сentum bowum, сто валоў, гэта квіт за элементы; літара ноцэт, літара доцэт, мосціпане, і паўтараю пану, што элементы скасавалі.” – “Прыніжана прашу! да чаго гэта дайшло?”– бурчаў пан шамбелан, – “На месцы элементаў... Кіслата!”... “Квадрат гіпатэнузы раўняецца двум квадратам з двух іншых бакоў” і г.д. – верашчаў тым часам хлопец і звярнуў увагу ў свой бок. Так прабягалі, а хутчэй, лёгка праслізгвалі па ўсіх навуках. Красамоўства і паэзія далі повад для дэкламацыі вершаў і прозы лепшых паэтаў васемнаццатага стагоддзя. З гісторыі вучні давалі шырокае апісанне асады Троі, егіпецкіх пірамід, вавілонскіх садоў і асірыйскіх ураджаяў (падобных якім ніколі ў Літве не было, – згодна прызналі слухачы). Быў на месцы і глобус! і, трымаючы сярэдняе паміж геаграфіяй і астраноміяй месца, па чарзе выстаўляў першаму або шостаму класу свой пукаты тавар.

У канцы ўстаў ксёндз-прэфект і, адкрыўшы залатую кнігу, пасля кароткай прамовы прачытаў запісаныя ў ёй імёны лепшых вучняў з кожнага класа і пастанову аб іх перавод у вышэйшыя класы. Не ведаю, як здарылася, што сыны прысутных на экзамене бацькоў часцей за ўсё былі ў ёй запісаны, і асвятляліся твары бацькоў і сынкоў невымоўнай радасцю; яны б, напэўна, кінуліся ў абдымкі адны другім, але школьная субардынацыя, гэткая ж строгая, як і вайсковая, трымае хлопцаў у шэрагах і мучае жаданнем як мага хутчэйшага заканчэння парада. Але застаецца прамова – прамова гэта развітальная, з якой выступае вучань, што заканчвае школьны курс, і якая павінна сваёй дасканаласцю прынесці славу прамоўцы і школе. Я сам для сябе некалі складаў яе ў поце твару, і сам яе трымаў пад усеагульныя апладысменты! Яна ўтрымлівала, гэтак жа, як і іншыя падобныя маіх калег, 1-е – выражэнне ўдзячнасці настаўнікам; 2-е – развітанне з сябрамі; 3-е – філасофскія думкі аб марнасці свету і аб вялікай важнасці навук; 4-е – аб Арыстоцелі – настаўніку Аляксандра Македонскага, і, нарэшце, 5-е – ветлівае пажаданне здароўя і ўсяго добрага сабе і усёй выдатнай публіцы. Пасля заканчэння гэтага шэдэўра красамоўства пачыналі зрушвацца з месц... Тут сярод гуку труб і літаўраў апала заслона алтара і, цудоўны абраз Маці Божай у прыгожай зорцы з дарагіх крышталяў і каменняў засвяціўся над сабранымі. Увесь народ, які напаўняе храм, падае на калені, старыя і маладыя, дзятва і бацькі, святары, прастанароддзе, беднякі, якія напаўняюць прытвор, усе пакорна схіляюць галовы да зямлі, у гэты час некалькі дзесяткаў юнакоў устаюць і выходзяць з шэрагаў, набліжаюцца проста да алтара, становяцца на калені на прыступках, і тут раздаецтда хор падабраных, чыстых, звонкіх і моцных галасоў: Sub tuum praesidium confugimus!!!37 і г.д. Колькі ж сэрц разам, колькі ж уздыхаў і малітваў узнеслася ў гэты час да Бога! Колькі ж надзеі і весялосці сцякала ўзаемна з алтара ў сэрцы бацькоў! матак! дзяцей!

Спеў скончыўся; затым хвіліна ціхай усеагульнай малітвы, і зноў!.. паволі паднялася заслона і закрыла абраз. Разам з ёй узняліся і прысутныя, і на ўсіх тварах свяцілася сапраўдная весялосць і поўнае задавальненне дадзенай хвілінай. Загучаў нарэшце гучны марш, які праводзіў гасцей, выходзячых з касцёла і сядаючых у экіпажы, вялікая кавалькада якіх напаўняла ўвесь рынак. Развітанні калег, больш шумныя, чым пяшчотныя, агульны гоман такога шматлюднага сходу, грукат ад'язджаючых экіпажаў, стралянне пугай падпіўшых фурманаў, якое, як стрэламі з пісталетаў, перарывала тонкія выкрыкі прыгожага полу, усё разам гэта стварала маляўнічую і рухавую сцэну, якая цэлымі кавалкамі адрывалася ад агульнай карціны, і пакідала ўсё больш вольным сам яго фон, гэта значыць, барунскі рынак. Нарэшце ўсё разляцелася ў розныя бакі, а рынак застаўся такім пустым і глухім, які ён пусты і глухі цяпер, калі вось я, абапёршыся аб дзверы касцёла, адзінока стаю і вокам маёй душы бачу тут рассыпаных перада мной, і пазнаю ўсіх таварышаў мазольных або прыемных хвілін дзён майго дзяцінства. Дзе ж яны??? дзе мае сувандроўнікі..? (38) ах! труба ўжо, напэўна, Арханёла абудзіць нас усіх і збярэ некалі для выдання апошняй ахвяры перад вялікім Аўдытарам39 усяго свету!

1 Здалёк званоў мне чуецца святло,

Край нагадаў мне малюнак Літвы,

Я успамінаю дзяцінства леты,

Шапчу дзяцінства майго малітвы!



2 “Там дзе мядзведзь меў сваю бярлогу,

А лось сваю пашу,

Там сёння грэшнік жыве ежай нябеснай.”

3 хабіт – штодзённы манаскі ўбор, прадпісаны правіламі.

4 паветра – тут: эпідэмія

5 “Адзін чалавек багаты

У золата, срэбра, розныя каштоўнасці,



У збыт дарагія шаты

Меў аксаміт пурпуры,

А на мне латы, дзіркі”.

6 інфіміеты – вучань інфімы, найніжэйшага класа ў старадаўніх школах

7 матона – картачная гульня

8 “высоўваецца ахвотнік з таго і другога боку, зразу пайшлі адзін на аднаго, потым атрад на атрад”.

9 каронка – карункавая стужка, на якой звычайна віселі атрыбуты веруючых.

10 шкаплер – прамавугольны кавалак сукна з адтулінай для галавы, які накладвалі зверху на адзенне манахі некаторых ордэнаў; моцна веруючыя з простага народу насілі мініяцюру манаскага шкаплера: 2 малыя кавалачкі сукна, злучаныя тасемкамі, на грудзях і спіне; часам шкаплер замянялі адпаведным медалём. Шкаплеры былі ўведзены Св.Бенедыктам.

11 Хабіт – манаскі ўбор

12 Reverendissimus – шаноўны (лац.)

13 пенсіянер-гувернёр, звычайна выпускнік гэтай жа школы.

14 вучы, дзіця, лаціну, я зраблю” з цябе Пана!” (лац.)

15 “Аздоба твару – кучаравыя вусы” – песня на словы польскага паэта к.18 ст. Д.Князніна (прым. аўтара)

16 Крэва (прым.аўтара)

17 Гальшаны (прым.аўтара)

18 шамбелан – прыдворны тытул у старадаўніх манархіях, таксама прыбліжаная асоба якога-небудзь высокага чыноўніка або магната. У пачатку XIX ст. званне шамбелана было рэшткай званняў неіснуючай ужо Рэчы Паспалітай. (Т.К.)

19 “заяц”, “даганялкі”, “лапта”, “шыла”, “пона” – назвы дзіцячых гульняў, сутнасць большасці з якіх застаецца нераскрытай.

20 аплікант – кандыдат на пасаду суддзі, адваката, пракурора або натарыуса

21 Bravissimo in superlativo gradu – бравісімо ў найвышэйшай ступені. (лац.)

22 Рarentes carissimos habere debenus – бацькоў шанаваць належыць. (лац.)

23 Parentes – бацькі. (лац.)

24 цвейбак (ням.) – пірог

25 “кажушкі” – апошні пасілак, звычайна перад дарогай гасцей ўпрошвалі з’есці або выпіць “на кажушкі” (Т.К.)

26 Genus irritable? – з роду паэтаў (лац.)

27 Ні Венера, ні Празерпіна

Не так прыгожа, як ты, Катражына

Варта кахання і добрага канта

Ад самога Юпітэра, не апліканта.



28 кантраданс – складаны салонны танец

29 Ідзіце! Ідзіце! Гускі мае, да дому (польск).

30 грэдытур – старапольская назва шчыльнай шоўкавай або баваўнянай тканіны, якая выраблялася ў Францыі, у Туры, і выкарыстоўвалася галоўным чынам для верхняга адзення.

31 тарататка – верхняе мужчынскае адзенне, шытае з сукна, даўжынёй да калена, са складкамі ззаду, з рукававмі і адкладным каўняром, зашпілялася пры дапамозе пяцель. Яго насілі ў 18 і 19 стагоддзях.

32 капота – магчыма, ад расійскага “капот”

33 жупан – польскі мужчынскі ўбор, які існаваў х 16 ст. Шыўся звычайна з атласу, іншых шаўковых тканін яркіх колераў, апранаўся пад контуш і іншае верхняе адзенне. Уяўляў сабой як бы халат, даўжынёй да костачкі, з вузкімі доўгімі рукавамі, нізкім стаячым каўняром, спятым аздобнай брошкай , ззаду абавязкова шмат складак уніз ад пояса.

34 эрат – табель, спіс прадметаў з ацэнкай ведаў.

35 альвар - падручнік лацінскай граматыкі, які выкарыстоўваўса ў старадаўніх еўрапейскіх школах. У польскіх школах адменены быў Камісіяй Нац. Адукацыі ў канцы 18 ст.

36 сто валоў.

37 Sub tuum praesidium confugimus – “Пад тваю абарону ўцякаем” - словы з вядомай рэліг. песні (лац.) - Т.К.

38 Залескі. Украінская дума (Прым. аўтара)

39 аўдытар – член касцёльнага суда; тут – Бог.
1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка