За два гады рэжысёр Віктар Бутакоў паставіў у Слоніме 7 спектакляў. Рэжысёр працаваў плённа і шчыра



Дата канвертавання15.05.2016
Памер96.57 Kb.
2001-2002 гады
За два гады рэжысёр Віктар Бутакоў паставіў у Слоніме 7 спектакляў. Рэжысёр працаваў плённа і шчыра.

Новай яго прэм’ерай у Слоніме была пастаноўка п’есы “Непаразуменне” лаўрэата Нобелеўскай прэміі Альбера Камю. Рэжысёр Віктар Бутакоў, узяўшы да пастаноўкі гэтую п’есу, безумоўна, ішоў на пэўную творчую рызыку. Але рэжысёр здолеў з рэалістычнай выкрывальнай драматургіі па-майстэрску дасягнуць псіхалагічнай глыбіні і філіграннай дакладнасці рэжысёрскага рашэння сцэн і адзінства пастановачнай задумы. Глядач адчуў па-сапраўднаму ўвесь трагізм, спустошанасць душ Марты, яе маці і іх слугі.

Сама п’еса Альбера Камю – гэта тэма абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Таму вялікая, у першую чаргу, заслуга была рэжысёра Віктара Бутакова, які асмеліўся ажыццявіць драму. Спектакль, сапраўды, быў складаны і з пункту рэжысуры, і з пункту акцёрскага выканання галоўных роляў. Акцёры тэатра, якіх добра ведае слонімскі глядач, на дзіва хутка і па-майстэрску ўдала памянялі сваё сцэнічнае амплуа.

Зусім іншымі гледачы ўбачылі Наталлю Шугай (Марта), Ірыну Яцук (Марыя), Аляксандра Шалахонава (Ян), Тамару Галаванаву (маці Марты). Акцёры зразумелі філасофскую глыбіню п’есы і спектакля, а таксама задумку рэжысёра. Не ўсё ў іх атрымалася выдатна, але поспех быў адчувальны. Героі артыстаў мусілі жыць і дзейнічаць так, каб адчуваць сябе шчаслівымі ў тым абсурдным свеце. Яшчэ сам аўтар п’есы Альбер Камю лічыў, што жыццё чалавека – гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.

Вельмі ўдалым у спектаклі было музычнае афармленне. Тэатральны крытык Вячаслаў Іваноўскі на адным з абмеркаванняў спектакля сказаў: “Асобна трэба адзначыць арганічнае музычнае вырашэнне спектакля. Малады слонімскі кампазітар Алег Грасевіч напісаў цікавую арыгінальную музыку да спектакля, далёкую ад музычнага ілюстратарства. Шырока выкарыстоўваючы сучасныя прыёмы спалучэння ў музычным радзе элементаў сінтэзіраваных шумоў, кампазітар якраз і дасягнуў стварэння вельмі важнай для спектакля гукашумавой атмасферы, значна пашыраючы тым самым эффект дакладнага псіхалагічнага ўздзеяння на гледача”.

9 снежня ў Слонімскім беларускім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Сямейны партрэт з чужым” па п’есе рускага драматурга Сцяпана Лабазёрава. Спектакль паставіў галоўны рэжысёр тэатра Віктар Бутакоў.

Падзеі ў спектаклі адбываліся ў расійскай глыбінцы ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У звычайную вясковую сям’ю Цімафея і Кацярыны, якія здаюць пакойчык пад “гасцініцу”, пасяляецца 25-гадовы Віктар. Ён прыехаў у вёску афармляць клуб. А вось спыніцца часова не было дзе. Таму і выбраў мясцовы халасцяк Міхаіл для Віктара пакойчык у доме гэтай сям’і.

У час засялення госць знаёміцца з гаспадаром, бабкай і прыгожай Таняй, а пасля пытаецца ў Міхаіла:

— Слухай, а колькі гадоў гэтай Тані?


  • Навошта табе? – пытаецца Міхаіл.

  • Такая дзяўчынка! А чаго ты адразу, сам з ёю, ці што? Ты ж для яе стары!

Міхаіл зазлаваў, найперш з-за таго, што Таня спадабалася Віктару. Каб неяк падстрахавацца ад будучых блізкіх узаемаадносін, якія б маглі ўзнікнуць паміж Віктарам і Таняй, Міхаіл шэпча бабцы і ўсім астатнім, што іх кватарант нядаўна вярнуўся з дурдому, і каб яны былі з ім вельмі асцярожныя. Ён нават бярэ ў бабкі распіску, што ён іх аб гэтым папярэдзіў. Адначасова кажа і Віктару, што яго падсялілі да псіхаў:

  • Не выходзь, не размаўляй і наогул – маўчы. Галоўнае – з дачкою не ўздумай. А то яны такі вэрхал паднімуць...

З гэтага моманту ў сям’і, куды пасяліўся малады чалавек, пачынаюцца прыгоды і праблемы. З іх і атрымалася бытавая камедыя, якая адлюстроўвала ці не сённяшнія будні нашага аднастайнага жыцця. Галоўная гераіня спектакля ў фінале разважае: “Усе чамусьці бегаюць, крычаць, равуць, атручваць некага збіраюцца, не разумееш, хто цяпер дурань, хто разумны... Відаць, толькі кошак тапіць нам даручаюць...”.

У спектаклі “Сямейны партрэт з чужым” -- шэсць дзеючых асоб, ролі якія выконвалі Уладзімір Навумік (Цімафей), Вікторыя Міхальчык (Кацярына), Наталля Шугай (Таня), Тамара Галаванава (бабка), Васіль Сявец (Віктар), Сяргей Лішык (Міхаіл). Найбольш удала са сваімі ролямі справіліся артысты

У. Навумік, В. Сявец і С. Лішык. На іх і трымаўся ўвесь спектакль.

Віктар Бутакоў вельмі хацеў паставіць сучасную п’есу беларускага драматурга. Прапанаваў яму п’есу Уладзіміра Бутрамеева “Чужыя грошы”. П’еса рэжысёру спадабалася і ён яе паставіў. Спектакль называўся – “Па кім звоніць звон”. Назва спектакля ў пэўнай ступені прадвызначала і накірунак сцэнічнай інтэрпрытацыі бутрамееўскай п’есы.

Гэты спектакль быў паказаны ў межах конкурснай праграмы Другога фестываля беларускай нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. Гэта быў першы за гады існавання выхад Слонімскага беларускага драматычнага тэатра, як прафесійнага тэатра, на імпрэзу такога ўзроўню. Для слонімскіх акцёраў гэты ўдзел стаў карысным хаця б таму, што яны, так ці інакш, атрымалі магчымасць адчуць тэатральнае жыццё Беларусі.

У канцы 2002 года Віктар Бутакоў ставіць навагоднюю казку “Белая Мышка”, якую я напісаў разам з Аляксеем Якімовічам. Галоўнымі героямі казкі былі Дзед Мароз, Снягурка, Певень, Чапялейка, Моль і вядома ж – Белая Мышка. Прыгодніцкі канфлікт у спектаклі адбываўся вакол зніклага снежаньскага гадзінніка, без якога ўсе людзі і лясныя гаспадары не змогуць сустрэць Новы год. Аказваецца, што гадзіннік прыхавалі нядобрыя Чапялейка і Моль, таму станоўчыя героі – Дзед Мароз, Снягурка, Белая Мышка і Пеўнік – усё робяць дзеля таго, каб вярнуць на ёлку гадзіннік, які працікае дванаццаць гадзін, і наступіць Новы год.

Да ўсяго сказанага пра творчае жыццё тэатра ў 2001-2002 гадах, трэба нагадаць, што 10 красавіка 2001 года ў тэатр прыйшоў новы дырэктар – Мікалай Васільевіч Лішык. Тэатрам ён кіруе ўжо 7 гадоў.

2003 год

У сакавіку тэатр пакінулі рэжысёр Віктар Бутакоў і яго жонка – артыстка Тамара Галаванава. У калектыў вярнуўся Віктар Небальсін і пачаў працаваць галоўным рэжысёрам. За год ён паставіў спектаклі “Сямейны уік-энд”, “Крыштальную сняжынку” і “Пудзіла”. Дарэчы, п’есу “Пудзіла” напісаў Аляксей Якімовіч. Гэта быў сёмы спектакль пастаўлены на слонімскай сцэне паводле ягоных драматычных твораў.

Гледачам запомніўся спектакль “Пярсідскі бэз”, які паставіў малады рэжысёр, выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў Дзяніс Нупрэйчык. У спектаклі было толькі дзве ролі – Ён (артыст Сяргей Лішык) і Яна (артыстка Ірына Яцук) і два супрацоўнікі міліцыі (артысты Віталь Спасюк і Сяргей Фурса. Іх ролі без слоў). Рэжысёру і акцёрам удалося паказаць жыццё ў трагічны момант лёсаў двух людзей.
2004-2005 гады

За два гады на слонімскай сцэне гледачы ўбачылі 7 спектакляў у пастаноўцы Васіля Сяўца і Віктара Небальсіна. Адзін спектакль “Зайка-зазнайка” паставіла былая артыстка тэатра Анжэліка Прэдка.

Віктар Небальсін вырашыў ажыццявіць пастаноўку трагікамедыі Андрэя Макаёнка “Трыбунал”. Драматург напісаў гэту п’есу ў 1970 годзе. Яна – пра неўміручасць нашага народа. І калі ў папярэдніх беларускіх п’есах пра Другую сусветную вайну станоўчыя персанажы характарызаваліся аднабакова ўзвышана, манументальна статычна. То Цярэшку Калабка Андрэй Макаёнак не толькі не падсаджвае на п’едэсталы, а нават запіхнуў яго ў мяшок. А справа была вось у чым. Простага беларускага калгасніка Цярэшку Калабка (артыст Уладзімір Навумік) немцы прызначылі старастам. Цярэшкава жонка (Ірына Яцук) і дзеці ўспрынялі гэта як самую страшэнную ганьбу. Больш таго, з двухсэнсоўных размоў Цярэшкі, з яго знешне бесклапотных жартаў вынікала, быццам ён сам згадзіўся быць старастам, каб атрымаць нарэшце ўладу над людзьмі. Аднак гэта падманнае разуменне сутнасці падзей, якія раскрываліся на сцэне. На самай справе Цярэшка меў сувязь з партызанамі і выконваў заданне – і для партызан было вельмі важна, каб на чале вясковай улады, якой давяралі немцы, быў свой чалавек.

У спектаклі было няшмат дзеянняў. У ім пераважала больш размоў, знешне бяскрыўдных жартаў Цярэшкі, якога жонка з дзецьмі завязалі ў мех і судзілі сямейным трыбуналам за здраду. Але гледачы разумелі, як глыбока пакутуе герой. Як хацелася б Цярэшку адкрыцца родным людзям, што ніякі ён не стараста, што ўсё гэта для адводу вачэй, што ён быў і застаўся патрыётам сваёй краіны...

А рэжысёр Васіль Сявец у сваім спектаклі “Курыца” паказаў нам прыгажосць, якая абяззбройвае мужчын перад жанчынамі. Бо што ж прымусіла артыстку Дашчатаўскага драмтэатра Алу Кастрову (артыстка Ірына Яцук) бесцырымонна ў пяць гадзін раніцы ўварвацца ў той самы пакой інтэрнату, дзе некалі са сваім мужам-адміністратарам пачынала сваё сямейнае жыццё? А хапіла толькі аднаго тыдня яе адсутнасці, як муж Алы закахаўся ў маладую “курыцу” – артыстку Нону Дубавіцкую (артыстка Наталля Шугай) і гатовы ўцячы з ёй, пакінуўшы Але дзвюх пятнаццацігадовых дачок.

У спектаклі “Курыца” артыстам тэатра ігралася лёгка. Бо яны ігралі ролі артыстаў, у якіх сваё жыццё з праблемамі, радасцямі і расчараваннямі. А з гэтым калектыў тэатра добра знаёмы.


2006-2010 гады

Паціху да беларусаў пачынае вяртацца наша літаратурная, гістарычная і культурная спадчына. Гэта пацвярдзіў і новы спектакль “Пакрыўджаныя” паводле п’есы забытага беларускага драматурга Леапольда Родзевіча (1895–1938) у пастаноўцы рэжысёра Віктара Небальсіна. Фонд прэзідэнта Беларусі па падтрымцы беларускай культуры і мастацтва выдаткаваў на пастаноўку гэтага спектакля 30 мільёнаў беларускіх рублёў.

У 1916 годзе, калі Леапольду Родзевічу быў толькі 21 год, ён стварыў сімвалічна-рамантычную драму “Пакрыўджаныя”, якая асобным выданнем была апублікавана ў 1921 годзе. І дзесьці ў 1990-х гадах спектакль па гэтай п’есе ўпершыню паставіў Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. І вось новае сцэнічнае ўвасабленне “Пакрыўджаных”. Дарэчы, гэты драматычны твор тэатразнаўцы да сённяшняга дня ставяць на адзін узровень з купалаўскім “Раскіданым гняздом”.

Дзеянне “Пакрыўджаных” адбываецца ў часы паншчыны. У аснове твора ляжыць ідэя асабістай свабоды чалавека. Яна ўвасоблена перш за ўсё ў вобразе старога Тодара, народнага самародка-разьбяра, ролю якога цікава выканаў артыст Сяргей Лішык.

Ролю яго дачкі Улляны прафесійна сыграла Наталля Шугай. Яе гераіня розная: то шчырая, то добрая, то бессардэчная. Спачатку яна кахае корніка Піліпа, але калі іх каханне пракляў бацька, Піліп звар’яцеў, а Улляна “пайшла па руках”. Вобраз Піліпа цікава і своеасабліва ўвасобіў на сцэне артыст Сяргей Фурса. Яго герой атрымаўся настолькі праўдзівым, настолькі здаецца пакрыўджаны лёсам, што сцэнічная драма, думаецца, адбываецца не на сцэне, а ў рэальным жыцці.

Кропку ў спектаклі ставіць Тодар. Ён кажа: “Эх, Улляна! Пакрыўдзіў мяне й Піліпа Бог, але цябе яшчэ больш пакрыўдзіў: згас свет у маіх вачах, застыг розум у Піліпа, а ў цябе, Улляна, душы няма”.

Спектакль “Пакрыўджаныя” нялёгкі. Гледачам самім прыходзіцца шмат дадумаць, разважаць на няпростым чалавечым жыццём, над характарамі людзей. Толькі як бы ні складвалася наша жыццё, чалавек павінен сам выбіраць: каго кахаць, з кім жыць, каго шанаваць.

На сцэне тэатра ажылі і героі італьянскага драматурга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Дарыо Фо. Пастаноўку новага спектакля “Свабодны шлюб” ажыццявіў рэжысёр Валерый Голікаў. Гэта дэбют рэжысёра, і, як адзначылі на абмеркаванні спектакля сябры мастацкага савета тэатра, даволі ўдалы.

Што можа быць цудоўнейшым за свабоду? Што можа быць небяспечнейшым за яе? Пра гэта можна шмат палемізаваць, спрачацца, казаць і пісаць. Але аўтар п’есы, як і рэжысёр, прапанавалі сваё рашэнне гэтага вечнага пытання ў спектаклі “Свабодны шлюб”.

Антонія (артыстка Ірына Яцук) і яе муж — інжынер Мамбрэці (артыст Сяргей Яўменаў) — самая нядобранадзейная ў Італіі... сям’я. А можа, гэта проста свабодная пара? Ці саюз двух адзінокіх людзей пад адным дахам? “Тры ў адным” — вось, бадай, самае правільнае вызначэнне.

Дзея спектакля пачыналася з самай звычайнай сітуацыі, якая склалася ў выніку доўгага і пяшчотнага сутыкнення чалавечых душаў — са спробы суіцыду аднаго з іх. А далей няхай разважаюць гледачы: патрэбна свабода ў сям’і ці не?

Монаспектакль нялёгкі, бо ў асноўным на сцэне дзве дзейныя асобы — два артысты. Толькі ў фінале на сцэне з’яўляецца прафесар (артыст Сяргей Фурса). Але спектакль глядзіцца, сумаваць гледачам ён не даваў. Артысты стварылі яркія, шчырыя вобразы сваіх герояў, асабліва гэта ўдалося Ірыне Яцук, якая вядзе спектакль і на якой, у прынцыпе, і трымаецца ўся пастаноўка.

Спектакль для дзяцей “Зялёны атрад” (рэжысёр Васіль Сявец) не шкодзіла б паглядзець і дарослым гледачам. Бо ў тых дзеях, якія адбываюцца ў спектаклі, адлюстравана наша рэчаіснасць. Рэчаіснасць, звязаная з навакольным асяроддзем, з яго аховай і чысцінёй.

Маленькія лясныя жыхары — лісяня, мядзьведзяня і ваўчаня вырашылі стварыць зялёны атрад, каб ратаваць лес ад засмечвання і безладдзя. Але, каб зялёны атрад “зарэгістравалі” — неабходна мець свой статут, замацаваны пячаткаю. Толькі гэта зрабіць не так і проста, бо пячатка знаходзіцца ў бабы Ягі. Вось тут і пачынаюцца казачныя прыгоды, якія вельмі падобныя на рэальныя і сучасныя. Тым не менш, сябры з зялёнага атрада ўсе перашкоды праходзяць і дабіваюцца сваёй мэты.

У галоўных ролях спектакля заняты артысты Наталля Шугай, Сяргей Фурса, Уладзімір Навумік, Сяргей Яўменаў, Ірына Яцук і Дзяніс Прысняк.

“Каму і навошта патрэбны казкі? Гэты жанр я лічу вельмі неабходным. Казка — гэта эпіграф жыцця. Гэта малітва на сон, на сумны настрой, на дрэннае надвор’е. І для дзяцей, і для дарослых. Дзеці становяцца мудрэйшымі, а дарослыя вяртаюцца да чыстай крыніцы маленства. Казка — сувязь пакаленняў. У гэтым іх галоўнае чарадзейства”, — гэтыя словы належаць драматургу Наталлі Абрамцавай. Яна пражыла кароткае жыццё, але пасля сябе пакінула шмат цікавых твораў для дзяцей, найперш навагодніх п’ес. Некалькі гадоў таму на сцэне Слонімскага драматычнага тэатра была пастаўлена яе п’еса “Дзень нараджэння”, а напрыканцы 2007 года адбылася новая прэм’ера па п’есе Наталлі Абрамцавай “Патэлефануйце снягурачцы”. Гэта навагодні спектакль і падарунак не толькі дзецям, але і іх бацькам.



Спектакль паставіў рэжысёр тэатра Васіль Сявец. Як адзначыў галоўны рэжысёр тэатра Віктар Небальсін, спектакль у пастаноўцы Васіля Сяўца атрымаўся лепшым, чым сама п’еса. Магчыма, і так. Бо спектакль сапраўды вясёлы, шчыры, музычны. Майстэрства рэжысёра і прафесійная ігра акцёраў стварылі на сцэне казачны цуд. Ды і сцэнічныя героі на сцэне зусім не падобныя на традыцыйных: воўка, лісу, зайца. У новым спектаклі іншыя казачныя героі: філін, лось Топа, папугай, снягурачка — гэта станоўчыя героі, ролі якіх выконваюць артысты Віталь Спасюк, Сяргей Яўменаў, Сяргей Фурса, Наталля Шугай. Дарэчы, роля снягурачкі ў артысткі Наталлі Шугай не першая. “Я ўжо сыграла ролю трох снягурак у розных спектаклях, — сказала артыстка. — Але ўсе снягуркі розныя, бо задачы ў кожнай снягуркі неаднолькавыя. Хаця па характары ўсе снягуркі добрыя і ветлівыя, яны з’яўляюцца ўнучкамі Дзеда Мароза і з іх трэба браць прыклад. А яшчэ ў нашых спектаклях снягуркі змагаюцца са злом і абараняюць дабро”.

Ёсць зло і ў гэтым спектаклі, якое ствараюць нуда Зялёная, зайздрасць Чорная і баба Яга. Іх ролі цікава выканалі артысткі Надзея Ільчанка, Вікторыя Міхальчык і Ірына Яцук. Гэтым артысткам часцей за ўсё дастаюцца ў дзіцячых спектаклях ролі адмоўных герояў. І яны спраўляюцца з імі па-майстэрску ярка і лёгка. Дарэчы, артыстка Слонімскага драматычнага тэатра Ірына Яцук прызнана лепшай артысткай 2007 года Гродзенскай вобласці. Ёй уручана прэмія імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама.
: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка