Заданне ІІ. Вялікае Княства Літоўскае І Рускае ды Вялікае Княства Маскоўскае: два варыянты эвалюцыі дзяржаўнасці ва ўсходняй Еўропе Позняга Сярэднявечча – Ранняга Новага часу



Дата канвертавання15.05.2016
Памер302.46 Kb.
Заданне ІІ. Вялікае Княства Літоўскае і Рускае ды Вялікае Княства Маскоўскае: два варыянты эвалюцыі дзяржаўнасці ва ўсходняй Еўропе Позняга Сярэднявечча – Ранняга Новага часу.

Першая частка тэкстаў адносіцца да Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, гэта дзяржаўныя (агульназемскія) дакументы (Прывілей 1592 г.) ды лісты Льва Сапегі, другая частка – да Вялікага Княства Маскоўскага: “Сказанне пра князёў Уладзімірскіх”, дакументы разраднага прыказу ВКМ. На іх аснове вам належыць вызначыць памуркі дзяржаўнага і сацыяльнага ладу двух княстваў, што змагаліся за панаванне над рускімі землямі, прапаноўваючы два розныя ідэалагічныя падыходы, погляды на само паняцце “Русь”. Параўнанне вам прапануецца зрабіць па наступных пазіцыях:



  • Дяржава і асновы дзяржаўнага ладу.

  • Крыніцы ўлады ў дзяржаўнай сістэме.

  • Манарх, яго роля ў дзяржаўнай і сацыяльнай сістэме.

  • Чалавек і дзяржава, чалавек і грамадства, чалавек і манарх.

У сувязі з абраннем на вялікакняскі стол ВКЛР, Аляксандар Ягелончык выдаў агульназемскі (агульнадзяржаўны) прывілей, працягнуўшы традыцыю, распачатую ягоным бацькам Казімірам.

Агульназемскі прывілей вялікага князя літоўскага і рускага Аляксандра Казіміравіча (Аляксандра Ягелончыка) 1492 г.

06.08.1492 г.

У iмя святой Тройцы i непадзельнага адзiнства, амiнь.

На вечную памяць аб справе.

Усе, што робiцца ў часе, знiкае ў памяцi людзей разам з часам i да ведама будучых не дойдзе, калi не будзе запiсана.

Таму мы, Аляксандр, з Божай ласкi вялiкi князь Лiтоўскi, Жамойцкi, а таксама земляў Pyci гаспадар i спадкаемец, прыняўшы пад увагу сталую вернасць найпачцiўшых, пачэсных, яснейшых, святлейшых, вяльможных, высакародных, шляхетных i асцярожных (circum spectorum) духоўных прэлатаў (praelatorum spiritalium) i свецкiх князёў (saecularium principum), паноў (baronum), баяраў (boiarorum) i мяшчан (ciuium) земляў Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага, Жамойцкага i iнш., якую яны маюць на справе да нас, да нашай светласцi як да iсцiннага i законнага наступнiка1 i натуральнага2 гаспадара i заусёды iмкнуцца ў прышласць пэўна трымаць яе, пасля таго, як тэта добра падмацована ix дзейнасцю, мы палiчылi вартым, каб узнагародзiць ix узаемна за гэта дарамi i вольнасцямi i iншымi нашымi мiласцямi.

Па-першае, названым вышэй прэлатам (praelatis), князям (principibus), баронам (baronibus), нобiлям3 (nobilibus) i мяшчанам (ciuibus) названых земляў вялiкага княства Лiтвы, Pyci i Жамойцi мы далi, дазволiлi i беззваротна даравалi i гэтай граматай даём, дазваляем, даруем i саступаем на вечнасць, цалкам i поўнасцю, тыя правы (iura), вольнасцi (libertates) i палёгкi (immunitates) (iмунiтэты), якiя маюць прэлаты, князi, бароны, нoбiлi i мяшчане каралеўства Польскага. Але, каб з гэтай агульнасцi не магла вынiкнуць якая-колечы двусэнсiца, або сумненне ў будучыню, то самыя вольнасцi i кожную з ix мы ўхвалiлi падаць тутака ў наступным.

[…]


(§ 2). Мы таксама далi i тое, што не жадаем абмяжоўваць названых пралатаў, князёў, баронаў, нобiляў i мяшчан вызначаных земляў вялiкага княства Лiтвы, Pyci, Жамойцi або спаганяць якое-колечы пакаранне, як: пазбаўленне добраў, грашовыя штрафы, астрог, або кара смерцю, паводле даноса, нiводнага чалавека, або паводле абвiнавачвання публiчнага цi тайнага або хаця-б i па сур'ёзнаму падазрэнню caмix гэтых князёў, баронаў, нобiляў i мяшчан, пакуль спачатку на адкрытым судзе з захаваннем каталiцкага праўнага парадку, будзе ўстаноўлен(ы) персанальна iсцец i вiнаваты. Пасля суда i гэтага абвiнавачвання, згодна звычая i правоў як у каралеўстве Польскiм, яны павiнны будуць панесцi абмежаванне, паводле судовай ухвалы, у залежнасцi ад велiчынi i якасцi cвaix учынкау (debent castigah et sententiah, secundum suorum excessuum qualitatem et quantitatem).

[…]


(§ 4). Таксама згаджаемся на тое, каб вышэйвызначаныя князi, бароны, нoбiлi i баяры карысталiся неабмежаванай вольнасцю выхада з нашых земляў Вялiкага Княства Лiтоўскага i iнш., дзеля падшуквання лепшай фартуны i практыкавання ў вайсковых занятках, у якiя-колечы чужаземныя краiны, толькi за выключэннем краж нашых ворагаў, аднак, з тым, каб з добраў гэтых самых выходзячых не занепадалi нашы службы, але каб нам цi наступнiкам нашым, як бы ў ix прысутнасцi, што належыць было ўзнагароджана, выканана i адслужана.

(§ 5). Вышэйвызначаныя князi, бароны, нoбiлi i мяшчане бацькаўскiя добры або iм caмiм наданыя цi падараваныя праз святлейшага Гаспадара добрай памяцi Аляксандра iнакш Вiтаўта i iншых i наданнi, атрыманыя i зацверджаныя праз святлейшага Гаспадара Жыгiмонта i iншых няхай трымаюць i карыстаюцца i валодаюць iмi паводле данiн4, калi дакладна давялi гэта судовым рашэннем, або адпаведным пасведчаннем сведкаў, або праз падмацаванне граматамi. Няхай трымаюць ix па аднолькаваму праву як звыклi ўладаць князi, бароны, нoбiлi i мяшчане каралеўства Польскага i маюць неабмежаваную вольнасць продажы ix, перамены, адчужэння, падаравання i распараджэння, паводле сваей добрай волi, з тым аднак, каб гэтыя абмены, продажы, адчужэнні або падараваннi абвяшчaлi перад нaмi цi перад нaшымi ўрадоўцамi.

[…]

(§ 12). Перш i пераважна мы абяцаем i паручаемся, што дамiнiй або зямель Вялiкага Княства Лiтоўскага мы не паменшым але ix павялiчым у cвaix межах. Як нашы продкi i, у пpывaтнacцi князь Аляксандр, iнакш Biтaўт i Жыгiмонт,- трымалi i ўладалi, таксама i мы ix у цэласцi будзем трымаць, уладаць i захоўваць i, з божай дапамогай, паклапоцiмся ўciмi нашымi ciлaмi ix пашырыць i павялiчыць у адпаведны час.



(§ 13). У справах публiчнага дабра гэтага вялiкага княства нашага мы абавязваемся пасылаць веснiкаў цi пасланцоў пры неадкладнай у гэтым неабходнасцi, паводле рады нашых паноў, да замежных крат, як Масковiя, Заволжская Арда, Перакопская Арда, Валахiя, каралеўства Польскае, княства Мазавецкае, Прусiя, Лiвонiя, Пскоў, Вялiкi Ноўгарад, Цвер i Разань, згодна са звычаем, якi захоўваўся нашымi папярэднiкaмi, а таксама i да iншых некаторых правiнцый, куды запатрабуе неабходнасць i выгада дамiнiяў нашага княства Лiтоўскага. Таксама з якiмi землямi i дамiнiямi мы са здаўна маем запiсы, канфедэрацыi, саюзы i клятвенныя аб(ав)язацельствы светлага мipa, мы ix не жадаем разрываць, але, з божай дапамогай, будзем даводзiць ix да лепшага становiшча i павелiчэння.

(§ 14). Усе нарады i суды, якiя мы з нашымi панамi i раднымi вырaшылi, yxвaлiлi i заключылi, нi з кiм iншым абавязваемся не змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць.

(§ 15). Таксама, калi-б якія колечы пастановы i справы былi перададзены для абгаворвання ў раду з нашымi панамi i самым панам не спадабалiся, то за гэта мы не павiнны на ix гневацца, але будзем мы выконваць тое, што яны радзiлi нам дзеля нашай агульнай карысцi.

(§ 16). Саноўнiцтвы (дыгнiтарствы), трыманні i усе iншыя ўрады цi добры спадчынныя мы абавязваемся не раздаваць нiкому з чужакоў цi iншаземцаў, але толькi прыроджаным жыхарам. […]

(§ 17). Усе ўрады i дзяржавы, без нарады з нашымi раднымi нiкому намi не будуць раздавацца. Калi-ж хто з урадоўцаў будзе перад намi абвiнавачаны як разбурыцель i марнатраўца нашых добраў, то перад нaмi павiнен быць пастаўлены другi бок i, пасля заслухоўвання справы, вiнаваты пaвiнeн быць пакараны па заслугах. Але без вiны мы не маем права пазбаўляць яго пасады.

[…]


(§ 24). Судоў свецкiх мы абавязваемся не весцi або перадаваць ў суды духоўныя i наадварот, судоў духоўных, або спраў, падлягаючых да суда духоўнага абавязваемся нi весцi, нi пазываць i ўсе трымаць па старадаўняму як было пры жыццi нашага бацькi.

(§ 25). Плябеяў5, абавязваемся не адымаць у нобiляў, але ўсю набiлiю захоўваць у яе годнасцi.

[…]

(§ 27). Хто пры жыццi нашага бацькi шукаў дапамогi ў cвaix правах i справядлiвасцi, тым жадаем i абавязваемся без адтэрмiнавання (правалокi) учынiць усякую справядлiвасць з панамi нашай радай.



(§ 28). Мы, а аднолькава i паны-рада нашы, абавязваемся нiчога ня браць ад суда i не стаяць пры адным баку з прычыны фавора, але кожнага аднолькава судзiць, даследаваць або прыводзiць у выкананне выракi.

[…]


На вернасць i пасведчанне ўсяго гэтага мы загадалi падмацаваць гэту грамату нашай прывешанай пячаткай.

Дадзена ў Вiльнi ў панядзелак у самы дзень Ператварэння Гасподня, года 1492.

Пры гэтым былi прысутнымi сведкi нiжэйвызначаныя князi, прэлаты, бароны нашага вялiкага княства Лiтоўскага i мeнaвiтa.

Паважаны ў Хрысту айцец пан Альберт бiскуп Вiленскi,

Вяльможны i высакародны Мiкалай Радзiвiлавiч, ваявода Вiленскi наш кaнцлep,

Пётр, ваявода Трокскi, маршалак земскi,

Ян Забярэзiнскi, кашталян Трокскi, дзяржаўца на Полацку,

Станiслаў Янавiч Кежгайла, староста зямлi Жамойцкай ,

Князь Аляксандр з Гальшан, дзяржаўца Горадзенскi i iншыя вельмi многiя дыгнiтарыi, урадоўцы i дваране прыдворныя нашы, уласная рада Гаспадара вялiкага князя.

У 1588 г., у сувязі з выданнем трэцяй рэдакцыі літоўскага Статуту, падканцлер ВКЛР Леў Іванавіч Сапега выступіў з двума лістамі: першы быў звернуты да Гаспадара Жыгімонта ІІІ Вазы, другі – да ўсіх станаў (саслоўяў) Вялікага Княства. У іх мысьляр і дзяржаўны дзеяч тлумачыць, абгрунтоўвае і абараняе прынцыпы дзяржаўнага ладу Княства.

Зварот падканцлера ВКЛР Л.І. Сапегі да караля польскага, вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы з нагоды прыняцця ІІІ рэдакцыі Статуту ВКЛР.

Найяснейшаму пану, пану Жыкгімонту Трэцяму, Божай міласцю каралю польскаму, вялікаму князю літоўскаму, рускаму, прускаму, жамойцкаму, мазавецкаму, інфлянцкаму і іншых. Тою ж Божай міласцю Гаспадару і каралю дзедзічнаму6 шведскаму, гоцкаму, вандальскаму і вялікаму князю фінлянцкаму, пану ды гаспадару, пану майму міласціваму.



Былі тыя часы, найяснейшы міласцівы Гаспадару каралю, калі ў тым зграмаджэнні ды паспольстве людскім, якое мы рэччу паспалітай7 называем, не правам якім пісаным або статутам, але толькі сваім зданнем і ўпадабаннем8, уладнасць сваю гаспадары і каралі таго свету над людзьмі расцігалі9. Але ж частакроць ад належнай сваёй павіннасці адступалі, ды, на свой толькі спажытак рэчы скіроўваючы, аб супольным і добрым для ўсіх мала дбалі, адтуль тое было ўрасло, што людзі, брыдучыся іх панаваннем і ўладай, не гаспадармі, але тыранамі іх называючы, на самім толькі статуце і праве апісаным усю бяспеку і дабро для рэчы паспалітай грунтавалі. А пра гэта яшчэ вялікі і славуты філосаф грэцкі Арыстоцель паведаў, што там “бельлуа”, а па-нашаму – дзікі звер, пануе, дзе чалавек водле ўпадабання свайго ўладнасць сваю расцігае, а дзе зноў права або статут гару маюць, там сам Бог усім уладарыць. А тая гэтага ёсць прычына, што права ёсць, як яго іншы знакаміты мудрэц уславіў, тым праўдзівым разважаннем і мудрай розуму чалавечага ўласцівасцю, якой Пан Бог натуру чалавека надзяліць пажадаў, каб водле таго прыстойнага і мудрага разважання жыццём чалавечым так кіраваў, як бы таго, што ёсць добрапрыстойнага, заўжды прытрымліваўся, а непрыстойнага – каб асцерагаўся. Але бо ня ўсіх так прырода стварыла, абы болей розуму, чым маёмасцяў сваіх ды бестыяльскіх10 намераў у спадчыну атрымалі, то цуглі або муштук на нахабнікаў Пан Бог і права яго святое ўлажылі, абы за тыя непрыстойныя справы свае слушную кару, а цнатлівыя11 прыстойную плату, атрымалі. І гэта ёсць мэта і вынік усіх правоў на свеце, тым усе паньствы і каралеўствы стаяць і ў цэласці сваёй захаваныя бываюць, дзе ліхія помсту, а добрыя ўзнагароду атрымліваюць, чаго ж заўсёды тыя баяцца, каторым свая воля мілая, а розум ім за непрыяцеля: радыя бы тыя цуглі з сябе скінуць, а правы ўсе, абы над імі не панавалі, радыя б на нішто абярнуці. Паказала сябе тое ў тыя часы ў тых каралевічах і юнаках рымскіх, калі ў часы радаў сенатарскіх, каб цяжкі цяжар панавання каралеўскага або тыранскага з сябе злажыці, а правам апісаным каб сабе радзіць – усялякім чынам таму перашкаджалі юнакі, абы ніякага такога права над сабой ня ведаць, бо казалі, што права бывае глухое, і такое, якое сябе ўпрасіць не дасць, калі ў чым чалавек зробіць злачынства, ня бачыць розніцы між убогім і багатым. А ў пана, аднак, ёсць месца літасці і апекі, ёсць погляд на асобы. А так лепей пад самай каралеўскай уладай жыці, а чым сябе ў такую небяспеку ўдаваці, каб на самім толькі невінаватым жыцці і выкананні правоў шчасце сваё чалавек грунтаваць меў. Такая, распавяду, думка ёсць, і заўжды будзе людзей свавольных ды неўтаймаваных, якім пагроза права ёсць нямілая, а разбэшчанай іх сваёй волі заўжды агідная, што мы, усё прадугледзеўшы, найяснейшы міласцівы Гаспадар, за шчаслівы народ сябе лічым, якому Пан Бог такіх гаспадароў і продкаў Вашае каралеўскае міласці даці зрабіў ласку, якія ня толькі водле волі і ўпадабання свайго над намі ўладу сваю гаспадарскую расцігаці мелі, але і самі нам прыкладам да таго былі, абы мы сабе правы, як найбольшую варту паспалітай вольнасці, стваралі і большага ўладнага вяршэнства гаспадарскага над сабой не дазвалялі, адно пакуль бы ім пэўную мяжу панавання над намі правы замералі, за што славу неўміручую ў памяцях нашых сабе пакінулі. Так, пагатоў, Вашая каралеўская міласць, наш літасцівы пан, імя сваё вялікае між намі вырашыў учыніць, што статут новы, а ў многіх месцах ад людзей мудрых, а ў правах абазнаных, з народу нашага на тое абраных, папраўлены, на тым першым выступе панавання свайго вырашылі нам падцвердзіці. А каб усе суды ў тым панстве Вашае каралеўскае міласці, слаўным Вялікім Княстве Літоўскім, так спраўляць, з ласкі сваёй гаспадарскай вырашылі нам дазволіці, тады я, ад імя ўсёй Рэчы Паспалітай Вашай каралеўскай міласці, свайму літасціваму пану, пакорліва за такую міласцівую ласку дзякую. А паколькі тую працу на сябе ўзяў, каб той статут у друк аддаць, яго ж Вашай каралеўскай міласці прысвячаю, як найвышэйшаму вартаўніку ўсіх правоў і вольнасцяў нашых, Пана Бога просячы, каб ён духам мудрасці і ўсялякай дзельнасцю Вашаю каралеўскую міласць адарыці пажадаў, каб над намі Вашая каралеўская міласць так шчасліва і доўга панаваў, каб і хвала Пана Бога ўсемагутнага праз Вашаю каралеўскую міласць памножаная, і ўся Рэч Паспалітая ў цэласці і ў спакоі была захаваная, а так святалюбівае над намі Вашае каралеўскае міласці панаванне тут, на гэтым свеце, з славаю неўміручаю, а па смерці платай вечнага жыцця было ўзнагароджана. З тым найніжэйшыя службы мае, з верным падданствам ласцы Вашае каралеўскай міласці, шчыра прысвячаю.

Пісана ў Берасці, у год ад нараджэння Сына Божага 1588, месяца снежня першага дня.

Вашае каралеўскае міласці пана, пана майго міласцівага, найніжэйшы слуга і верны падданы Леў Сапега, падканцлер Вялікага Княства Літоўскага.

Зварот падканцлера ВКЛР Л.І. Сапегі да ўсіх станаў (саслоўяў) рэчы паспалітае Вялікага Княства Літоўскага з нагоды выдання трэцяй рэдакцыі Статуту ВКЛР (1588 г.).

Усім станам Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, падканцлер Вялікага Княства Літоўскага, староста слонімскі, маркаўскі і мядзельскі, дабраахвотныя і зычлівыя службы свае прысвячаю.



Бачылі тое ўсіх вякоў людзі мудрыя, што ў кожнай рэчы паспалітай чалавеку прыстойнаму нішто ня можа быць даражэйшага за вольнасць, а няволяю так мае гідзіцца, што ня толькі скарбамі, але й смерцю яе ад сябе адганяці павінен. А таму людзі прыстойныя ня толькі маетнасці12, але і горлаў13 сваіх супраць кожнага непрыяцеля выносіць не шкадуюць, абы толькі пад іхняе жорсткае панаванне не патрапіць, ды, з вольнасці сваёй будучы вырванымі, водле волі і задумак іхніх як нявольнікі ня мусіць жыці. Але мала было б з таго [карысці – заўв. перакл.], як бы чалавек з няволі ад прыйшлага непрыяцеля быў вольны, калі б дамовага14 непрыяцеля над сабой трываць мусіў. Тады той мунштук альбо цуглі на ўтаймаванне кожнага свавольцы было вынайдзена, абы, баючыся права, ад кожнага гвалту і парушэння караны быў, а на слабейшым і горшым ня пасвіўся ды ўціскаці яго ня мог, бо для таго правы ёсць пастаўленыя, абы багатаму ды моцнаму ня ўсё было вольна чыніці. Як Цыцэрон казаў, мы мусім быць нявольнікамі правоў для таго, каб вольнасцямі карыстацца маглі. А калі чалавеку прыстойнаму нічога няма мілейшага за тое, каб, ў айчыне сваёй бяспечна жывучы, не баяцца, абы яго хто добрую славу яго запэцкаў, альбо целе ды на здароўі яго пакрыўдзіў, альбо таксама на ўласнай маёмасці яго пакрыўдзіці мог, тады ні на што іншае, адно на права спадзявацца мае, за якім ад кожнага ў спакоі сядзець, а ніякага гвалту, абылгання ды ўкрыўджвання на сябе ня несці, бо гэта мэта і сэнс усіх правоў ёсць і мае быць на свеце, каб кожны добрую славу сваю, здароўе і маёмасць у цэласці меў, а на тым усім ніякага прыціску не трываў. І тое ёсць нашая вольнасць, якую мы між іншымі народамі хрысціянскімі ўхваляем, што пана, які б паводле волі сваёй, а ня водле правоў нашых панаваў, над сабой ня маем, а як славай прыстойнай, так і жыццем і маёмасцю сваёй вольна карыстаемся. Бо хто б кольвек з тых трох рэчаў у чым нам пакрыўдзіць і паводле ўпадабання свайго, а ня водле правоў нашых, над намі пасвіцца меў, той бы ўжо ня панам нашым, але сказіцелем [ад слова “скажаць” – заўв. перакл.] правоў і вольнасцяў нашых быў, а мы б нявольнікамі яго быць мусілі. І слушна за праўду маем, за што Пану Богу дзякаваці, што пад панаваннем каралёў Іх міласці і вялікіх князёў, паноў нашых, тую ўладу і вольнасць у руках сваіх маем, ды правы самі сабе ствараючы, як найбольш можам, вольнасць сваю ў ва ўсім сцеражэм, бо ня толькі сусед ды паспаліты наш абываталь15 ў айчыне, але й сам Гаспадар, пан наш, ніякага вяршэнства над намі ўжываць ня можа, адно толькі, колькі яму права дазваляе. Таму, маючы такі скарб у руках нашых, які ніякай сумай праплочаны быць ня можа, належыць кожнаму прыстойнаму чалавеку, абы пра яго ведаў, а, будучы добра абазнаным, каб сам сябе і заганы свае ўтаймоўваў, і паводле права пісанага справаваўся, а нікога не крыўдзіў, так, калі кім быў пакрыўджаны, каб ведаў, дзе абароны і лекаў у крыўдзе сваёй шукаці мае, бо як адзін сенатар рымскі іншага папракаў, што права айчыны сваёй ня ведае, так кожны абываталь належыць ганьбаванню, які вольнасцю сваёй грэбуе і правоў сваіх умеці і разумеці не жадае, каторым правам усю вольнасць сваю абароненай мае. А калі якому народу сорамна правоў сваіх ня ведаці, то, пагатоў, нам, якія не чужынскай мовай якою, але сваёю ўласнаю правы пісаныя маем і ва ўсялякі час, калі ў чым нам патрэба да адпору ўсялякай крыўдзе, ведаці можам. А паколькі тая цяжкасць раней нямала значыла, што ня кожны статут мог меці з-за цяжкага і доўгага перапісвання, тады і ў тым, аб гэтай патрэбе кожнага абываталя клапоцячыся і пажытку рэчы паспалітае служачы, наважыўся тую працу на сябе ўзяць, а грошай і сродкаў сваіх не шкадуючы, абы тое ў друк падаў ды дарогу лацвейшую ды спраўнейшую кожнаму да ведання права паказаў, калі ж тое ўжо ў сваіх руках кожны, хто пажадае, меці зможа. Прашу, майце ласку ж, вашы міласці, тую працу ад мяне ўдзячна прыняці, а, маючы вольнасці свае, правам добра абароненыя, за тым сачыце, каб да судоў і да трыбуналаў ня толькі людзей добрых і тых, што правы нашыя добра ведаюць, абіралі, але тых, хто баіцца Пана Бога, ды цнатлівых, якія б не для пажытку свайго ды на шкоду бліжняму, для хабараў сваіх і для падарункаў правы выкручвалі, але, простым шляхам ідучы, святую праўду і справядлівасць аберагалі, а тую вольнасць, з якой цешымся, цэлай нам захавалі. З тым сябе ласцы і міласці вашмосцяў братэрскай аддаю.

Першым у шэрагу “маскоўскіх” дакументаў вам прапануецца “Сказанне аб князях Уладзімірскіх”. Гэты тэкст быў створаны ў канцы XV – пачатку XVI стст. у Маскоўскай дзяржаве, напісаны ў летапіснай манеры, на аснове шэрагу больш старажытных крыніцаў, але з выключна ідэалагічнымі мэтамі. Дакумент уяўляе сабой кароткую гісторыю паходжання ўладзімірскага княскага дому (з якога выходзілі князі маскоўскія), а таксама, калі так можна сказаць, паходжання ўлады гэтага дому.

Сказанне аб князях Уладзімірскіх.

З гісторыі Ханаанскай і Арфаксада, першага нашчадка Ноя, які нарадзіўся пасля патопу. Па бласлаўленні бацькі Ноя ўвесь сусвет быў падзелены на тры часткі між трыма сынамі ягонымі – Сімам, Хамам ды Яфетам. За нядбайнасць быў Хам пазбаўлены бацькоўскага блаславення, таму што не пакрыў нагаты бацькі свайго, Ноя, калі той упіўся віном. Як працвярэзіўся Ной ад віна і даведаўся, што зрабіў над ім меншы сын ягоны, то мовіў: “Хай будзе пракляты Хам, хай будзе ён рабом у братоў сваіх”. І блаславіў ён двух сыноў сваіх, Сіма і Яфета, якія прыкрылі бацьку свайго, не пазіраючы на яго, каб ня бачыць нагаты ягонай. І блаславіў ён Сімава сына Арфаксада, каб пасяліўся ён ў зямлі Ханаанскай. І нарадзіліся ў Арфаксада два сыны-блізняты: імя аднога – Мерсем, іншага – Хус, яны былі заснавальнікамі Егіпту. І пайшлі ад іх шматлікія нашчадкі па родах іхніх. Хус пайшоў у далёкія крэсы Індыйскай краіны, і ягоныя нашчадкі адтуль распаўсюдзіліся на ўсход; нашчадкі ж Мерса распаўсюдзіліся ажно да нас. Нашчадкі Яфета насялілі паўночныя краіны да далёкай поўначы. І гаспадарыў нехта з таго ж роду, імём Фарыс, у Калаўрыйскіх краінах і заснаваў горад у імя сваё па назве Арфакс. Праўнук жа ягоны, на імя Гайдуварый, быў першым стваральнікам астралогіі ў Асірыі, ва ўладаннях нашчадкаў Сіма, а пасля яго быў Сеостар. Гэты ж Сеостар самым першым на зямлі ўкняжыўся ў Егіпце, і па нашчадках ягоных мінула шмат гадоў. І з роду ягонага паходзіў і Фелікс, які кіраваў усім сусветам. Пасля ж Фелікса, па тым, як мінула шмат гадоў, загаспадарыў нейкі цар у Егіпце, які паходзіў з таго ж роду, меў на імя Нектанаў, быў ён волхв, ад яго ў Алімпіяды, жонкі Філіпа, нарадзіўся Аляксандар Македонскі. Аляксандар быў другім уладаром сусвету і валодаў ім дванаццаць гадоў, а ўсяго ён жыў трыццаць два гады; перад сконам ён перадаў Егіпет свайму палкаводцу Пталямею. Маці ж Аляксандрава пасля смерці сына свайго вярнулася да бацькі свайго Фола, цара эфіопскага. Фол жа аддаў яе другі раз замуж за Віза, сваяка Нектанава. Віз жа нарадзіў ад яе дачку і назваў яе Анціяй; ён заснаваў горад у Сасвенах і назваў гэты горад, які зараз называюць Царградам, у гонар імя свайго і сваёй дачкі, Візантыя. Ад Аляксандра Македонскага да Пталямея Леправатага налічвалася дваццаць два Пталямеі.

У Пталямея Леправатага была дачка найразумная, на імя Клеапатра, яна кіравала Егіпецкім царствам разам з бацькам сваім Пталямеем. І ў гэты час Юлій, кесар16 рымскі, паслаў зяця свайго Антонія, стратыга17 рымскага, ваяваць ў Егіпет. Калі Антоній прыйшоў з велізарынм войскам па сушы ды па моры, каб захапіць Егіпет, то Клефпатра паслала да Антонія, стратыга рымскага, сваіх паслоў з багатымі дарамі, мовячы: “Ці ведаеш, о, стратыг, пра егіпецкія багацці? Лепей з мірам цараваць, чым у шаленстве праліваць кроў чалавечую”. Зміласцівіўся Антоній і ўзяў Егіпет без праліцця крыві, і выйшла за яго замуж найразумная царыца Клеапатра; і загаспадарыў Антоній у Егіпце. І Юлій, кесар рымскі, пачуўшы аб свавольстве Антонія, паставіў брата свайго Аўгуста стратыгам над ваяводамі і паслаў яго з чатырма іншымі братамі сваімі і з усёй сілай рымскай на Антонія18. І, прыйшоўшы, Аўгуст захапіў Егіпет, і забіў зяця свайго Антонія, і сам загаспадарыў у Егіпце. Узяў ён і Клеапатру-царыцу, дачку Пталямея Леправатага, і накіраваў яе ў Рым на караблях разам з захопленымі вялікімі багаццямі егіпецкімі. Яна ж мовіла: “Лепей мне царыцай егіпецкай памерці, чым быць прывезенай палонніцай у Рым”, - і забіла сябе змяінай атрутай.

На Юлія ж паўсталі ваяводы Брут, Пампей і Крас19 і забілі яго ў Рыме. І неўзабаве да Аўгуста ў Егіпет прыйшлі звесткі аб гібелі Юлія, і моцна зажурыўся ён ад паведамлення аб смерці брата. І, не чакаючы, склікаў сваіх ваяводаў, і ваенначальнікаў, і нумераў, і прэпасітаў20 і абвесціў ім аб смерці Юлія, цэзара рымскага. Яны ж ўсе, рымляне і егіпцяне, адзінагалосна ўсклікнулі: “О, найслаўны стратыг, Юлія-кесара, брата твайго, уваскрэсіць ня можам, а тваю вялікасць шлюбуем вянцом рымскага царства”. І апранулі яго ў аддзенні Сеостра, першага цара Егіпту: у парфіру21 і вісон22, і падпаясалі яго пасам Дзермлідавым, і усклалі на галаву мітру Пора, цара індыйскага, якую прынёс Аляксандар Македонскі з Індыі, і накінулі яму на плечы мантыю цара Фелікса, які валодаў усім сусветам, і разам усклікнулі гучным голасам: “Радуйся, Аўгуст, цэзар рымскі і ўсяго сусвету!”

У год 5457 (51 г. д.н.э.) Аўгуст, кесар рымскі, пайшоў у Егіпет, дзе царавалі ўладары з егіпецкага роду Пталямеяў, са сваімі ваяводамі. І сустрэў яго Ірад, сын Антыпатра, дапамагаючы яму з вялікай ахвотай і ваярамі, і ежай, і падарункамі. І Бог аддаў Клеапатру і Егіпет у рукі Аўгусту. Аўгуст жа пачаў збіраць даніну з усяго сусвету. Брата свайго Патрыкія паставіў царом Егіпту; Аўгусталія, іншага брата свайго, паставіў уладаром Александрыі, Ірада ж, сына Антыпатра, аскаланіцяніна, за тое, што той ушанаваў яго, паставіў царом над Юдэямі ў Іерусаліме; Азію ж даў Еўлагерду, сваяку свайму; Ілірыка ж, брата свайго, паставіў уладаром ў вярхоўях Істру; а Пруса, сваяка свайго, паслаў на берагі Віслы-ракі ў горад Мальбарк, і Торунь, і Хівойні, і найслаўны Гданьск, і у ва многія іншыя гарады па рацэ, што завецца Нёманам і ўпадае ў мора. І жыў Прус вельмі шмат гадоў, да чацвертага пакалення; і з тых часоў да нашых дзён завецца гэтае месца Прускай зямлёй.

І вось у той час нейкі ваявода наўгародскі на імя Гастамысл перад сконам сваім склікаў усіх кіраўнікоў Ноўгараду і сказаў ім: “О, мужы наўгародскія, раю я вам, каб паслалі вы ў Прускую зямлю мудрых мужоў і заклікалі б сабе з тамтэйшых родаў уладара”. Яны пайшлі ў Прускую зямлю і знайшлі там нейкага князя на імя Рурык, які быў з рымскага роду Аўгуста-цара. І ўмалілі князя Рурыка паслы ад усіх наўгародцаў, каб ішоў ён да іх княжыць. І князь Рурык прыйшоў у Ноўгарад разам з двума братамі; адзін з іх быў на імя Трувор, а другі – Сінявус, а трэці – пляменнік яго на імя Алег. З тых часоў стаў звацца Ноўгарад Вялікім, і пачаў першы княжыць у ім вялікі князь Рурык.

А чацвертае калена ад вялікага князя Рурыка – вялікі князь Уладзімір, які прасвяціў Рускую зямлю святым хростам у год 6496 (988). А ад вялікага князя Уладзіміра чацвертае калена – праўнук ягоны Ўладзімір Усеваладавіч Манамах. Калі сеў ён на вялікае княжэнне ў Кіеве, то пачаў раіцца з князямі сваімі, і з баярамі, і з вяльможамі, так мовячы: “Няўжо я горш за тых, што да мяне царавалі і валодалі харугвамі царства вялікай Русі, такіх, як князь вешчы Алег, які хадзіў і ўзяў з Царграду вялікую даніну для ўсіх ваяроў сваіх і шчасліва дадому вярнуўся, або як Усяслаў Ігаравіч23, князь вялікі, які таксама хадзіў на Канстанцін-град24 і яшчэ больш цяжкай данінай яго абклаў. А мы, Боскай міласцю, узялі ў спадчыну пасад сваіх прашчураў і бацькі свайго вялікага князя Ўсевалада Яраславіча, і спадчыннікі таго ж уганаравання ад Бога. Зараз чакаю рады ад Вас, майго двара, князёў, баяраў, і ваяводаў, і ад усяго хрысталюбівага воінства; няхай славіцца імя святой жыццядайнай Тройцы сілай вашай харобрасці з Божай дапамогай і нашай воляй; якую ж мне раду дасцё?” Так адпаведалі вялікаму князю Ўладзіміру Ўсеваладавічу ягоныя князі, і баяры, і ваяводы: “Сэрца царова ў руцэ Божай, а мы ёсць рабамі тваімі”. Тады вялікі князь Уладзімір збірае ваяводаў умелых і мудрых і ставіць начальнікаў над вайсковымі атрадамі – тысяцкіх, сотнікаў, пяцідзесятнікаў; і, склікаўшы многія тысячы ваяроў, скіроўвае іх у Фракію, вобласць Царграду; і заваявалі большую частку яе, і вярнуліся з багатай здабычай.

У той час уладарыў у Царградзе дабрадзейны цар Канстанцін Манамах і ваяваў ён тады з персамі і лацінянамі. І прыняў ён мудрае царскае рашэнне – скіраваў паслоў да вялікага князя Ўладзіміра Ўсеваладавіча: Неафіта, мітрапаліта эфескага, і з ім двух біскупаў, мілітынскага і мітылінскага, і антыяхійскга стратыга Анціпа, іерусалімскага намесніка Яўстафія і іншых сваіх знатных вяльможаў. З шыі сваёй зняў ён жыццядайны крыж, зроблены з жыццядайнага дрэва, на якім быў укрыжаваны сам уладар Хрыстос. З галавы ж сваёй зняў ён вянец царскі і паклаў яго на талерку залатую. Загадаў ён прынесці сердалікавы25 кубак, з якога Аўгуст, цэзар рымскі, піў віно, і аплечча, якое ён на плячах сваіх насіў, і ланцуг, скаваны з аравійскага золата, і шмат іншых падарункаў царскіх. І перадаў ён іх мітрапаліту Неафіту з біскупамі і сваім знатным паслом, і скіраваў іх да вялікага князя Ўладзіміра Ўсеваладавіча, так кажучы з мальбою: “Прыймі ад нас, о багалюбівы і дабраверны князь, на славу тваю і гонар гэтыя шчырыя дары, якія ад самага пачатку твайго роду і тваіх продкаў з’яўляюцца царскім жэрабем, каб шлюбавацца імі на стол твайго вольнага і самаўладнага царства. Прыймі і тое, пра што будуць маліць цябе нашыя пасланцы – мы ад тваёй вялікасці просім міра і любові: тады царква Божая зацвердзіцца, і ўсё праваслаўе ў спакоі будзе пад уладай нашага царства і твайго вольнага самаўладства вялікай Русі, так што зараз будзеш ты звацца багавенчаным царом, шлюбаваным гэтым царскім вянцом рукою свяцейшага мітрапаліта Неафіта з біскупамі”. І з тых часоў вялікі князь Уладзімір Усеваладавіч стаў звацца Манамахам, царом вялікай Русі. І быў пасля таго ва ўсе часы з царом Канстанцінам у міры й любові З тых часоў і да нашых дзён тым вянцом царскім, які прыслаў грэцкі цар Канстанцін Манамах, вянчаюцца вялікія князі ўладзімірскія, калі ставяцца на вялікае княжэнне рускае.

У часы ж царавання Канстанціна Манамаха адлучыўся ад Царградскай царквы і ад сапраўднай веры адыйшоў рымскі папа Фармоз і ўхіліўся ў лацінства. Тады цар Канстанцін і свяцейшы патрыярх Іларый загадалі сабрацца на сабор у цароўным горадзе свяцейшым патрыярхам – александрыйскаму, антыяхійскаму і іерусалімскаму. І па іх радзе дабрадзейны цар Канстанцін Манамах са святым Сусветным саборам з чатырох патрыярхаў, мітрапалітаў, біскупаў і святароў выключылі імя папы з царкоўных узгадак і адлучылі яго ад чатырох патрыярхаў. І ад праваслаўнай веры адпалі і з тых часоў і па гэты дзень лытаюць, таму і завуцца лацінянамі. Мы ж, праваслаўныя хрысціяне, верым у Святую Тройцу – безпачатковага Айца з адзінародным Сынам і з найсвятым адзінасутным і жыццядайным Духам у адзіным Бостве, і веруем у яе, і славім, і шануем.

Наступныя дакументы дазволяць вам паглядзець на Вялікае Княства Літоўскае і Рускае і ліцвінаў пачатку ХVІІ ст., так бы мовіць, з таго боку барыкадаў, вачыма маскоўскіх дваранаў, князёў і баяраў, афіцэраў і ваяводаў, якім давялося сутыкнуцца з літоўскімі войскамі падчас кампаніі 1615 году. Аддзел лёгкай конніцы ВКЛР на чале з палкоўнікам Лісоўскім зрабіў летам-восенню 1615 г. дзёрзкі рэйд углыб маскоўскіх земляў. Гэтыя крыніцы - справаздачы, дасланыя маскоўскімі ваяводамі ў Разрадны прыказ, дапоўненыя рашэннем баяраў па кожнай з іх, “распытныя словы” – паказанні чалавека, што быў у палоне ў Лісоўскага і інш. Яны распавядаюць пра падзеі літаральна некалькіх дзён – прыблізна з 31 жніўня па 8-10 верасня.

Асноўная ваша мэта пры працы з гэтымі крыніцамі – не зафіксаваць канкрэтныя падзеі, яны носяць даволі дробны і лакальны характар, а паглыбіць разуменне сутнасці сацыяльна-дзяржаўнага ладу ВКМ. Пастарайцеся ўбачыць ускосныя звесткі, якія дапамогуць вам вырашыць пастаўленую задачу.

З дакументаў Разраднага Прыказу Вялікага Княства Маскоўскага.

1615 г. верасня 10. – Справаздача перамышальскага ваяводы С.Ф. Глебава ў Разрадны прыказ аб узяцці Лісоўскім Перамышалю і запіс баярскага прысуду аб пакаранні Глебава.

Гаспадару, цару і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу, усея Русі, халоп твой Сенька Глебаў чалом б’е. Гэтага, Гаспадар, 124-га году верасня ў 1 дзень пасылаў я, халоп твой, ў Ліфін для вестак перамышальскага стральца Восіпку Чарнацова ды Раманава чалавека, Шушэрына Міньку Іванова. Таго ж, Гаспадар, чысла ў ночы прыбег да мяне, халопа твайго, стралец Восіпка Чарнацоў. А ў час роспытаў мне, халопу твайму, сказалі: таго ж чысла верасня ў 1 дзень прыйшлі літоўскія людзі за пяць вёрст да Ліфіна ў вёску Мыжбар. І я, халоп твой, па тых звестках, пасылаў у манастыры ў Перамышальскі ўезд да Тройцы ў Люцікаў манастыр ды да Прачыстай ў Шароўкін манастыр, і ў сёлы, і ў вёскі, каб з манастыроў усялікія людзі ішлі ў горад ў Перамышаль, у аблогу. І ад Тройцы, Гаспадар, з Люцікава манастыру архімандрыт з усёю браццю і слугамі, і з сялянамі да мяне, халопа твайго, у Перамышаль не пайшлі, а пайшлі ў Калугу, а з Шэроўкіна, Гаспадар, манастыру пабеглі ў лес. І пра тое я, халоп твой, да цябе, Гаспадару, раней пісаў, што з манастыроў у Перамышаль ў аблогу ня бегаюць, і да мяне, халопа твайго, аб тым твайго гаспадарскага загаду не было. Ды верасня, Гаспадар, ў 2 дзень прыйшлі літоўскія людзі а другой гадзіне дня за дзве вярсты да гораду Перамышлю на раку Жыздру на Гордзікаў перавоз. І з Перамышлю, Гаспадар, з пасаду жылецкія пасадскія людзі пабеглі з жонкамі і дзецьмі ўсе ў розныя бакі па лясах, а ў горад, Гаспадар, не пайшлі. А толькі, Гаспадар, у Перамышлі ратных людзей было сорак сем чалавек стральцоў, і тых палова хворых, ды чатырнаццаць чалавек пушкароў ды затыншчыкаў ды пятнаццаць чалавек пасадскіх людзей, і тыя ўсе разбегліся. А я, халоп твой, у тыя часы ляжаў хворы і сядзець было ў Перамышлі няма каму, астрогу малога залажыць не было кім26, а снарады, Гаспадар, і зёлкі27 з Перамышлю пушкары і затыншчыкі вывезлі за Аку за раку, штосці, Гаспадар, прывезлі ў Калугу. А літоўскія, Гаспадар, людзі падыйшлі да Перамышлю верасня ў 2 дзень а чацвертай гадзіне дня. Літасць, Гаспадар цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усея Русі, выяві, не кажы над халопам над сваім без следства апалы сваёй гаспадарскай пакласці. А сядзець было, Гаспадар, у Перамышлі няма кім, перамышальскія ўсялякія людзі пабеглі ўсё хто куды, а астрог, гаспадар, вялікі, садзіць не было кім.



Гаспадару цару і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу ўсея Русі верасня ў 10 дзень з затыншчыкам з Рыгорам Івановым. У Разрад.

Чытана лістапада ў 5 дзень; баяры выраклі біць па рынках бізуном і паклаўшы біці, і адвесці да кары да плахі.

1615 г. верасня 8. – Справаздача калужскіх ваяводаў князёў Д.І. Даўгарукага і Т.І. Агеева ў Разранды прыказ аб дзеянні войскаў А. Лісоўскага і войскаў князя Д.М. Пажарскага і запіс баярскага прысуду аб мерах барацьбы з уцекачамі са службы.

Гаспадару, цару і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу ўсея Русі, халопы твае, Данілка Даўгарукі, Цімошка Агееў, чалом б’юць. У гэтым, Гаспадар, у 124-м годзе, верасня ў 5 дзень, прыйшоў, Гаспадар, у Калугу ў з’езджую ізбу да нас, халопаў тваіх, белевец Васілёк Нікіцін, сын Ладыжэнскі. А ў роспыце сказаў нам, халопам тваім: узялі, маўляў, яго літоўскія людзі ў Белеве і прывялі з сабой у Перамышаль, і быў ў палоне ў літоўскіх людзей чатыры дні, а чуў, маўляў, Гаспадар, ад Лісоўскага, [што] толькі ў Белеве і Ліхвіне ваяводы гарадоў ня кінулі, і яму, маўляў, было ісці пад Смаленск, а як, маўляў, Гаспадар, літоўскія людзі прыйшлі ў Перамышаль і перамышальскі нарад знайшлі ў лесе, шэсць пішчаляў нараду ды зёлак бочку; ды Лісоўскі ж, Гаспадар, казаў, што яму ў Перамышлі зімаваць і звязвацца з літоўскімі людзьмі, якія будуць у пасольстве [у ВКМ – заўв. перакл.], а з Перамышлю яму прыходзіць да Калугі, а як будзе, Гаспадар, твой гаспадарскі баярын князь Дзмітрый Міхайлавіч Пажарскі з Украіны пойдзе ў Калугу, і яму [Лісоўскаму – заўв. перакл.] на яго ісці. І мы, халопы твае, тыя весткі да князя Дзмітрыя Міхайлавіча пісалі таго ж чысла. А галовы, Гаспадар, Іван Пушкін з паплечнікамі з сотнямі ад твайго гаспадарскага баярына князя Дзмітрыя Міхайлавіча Пажарскага прыйшлі ў Калугу верасня ў 4 дзень. А твой гаспадарскі баярын князь Дзмітрый Міхайлавіч Пажарскі прыйшоў у Болхаў, а Лісоўскі з літоўскімі людзьмі стаіць у Перамышлі, і каля, Гаспадар, Перамышлю ваююць сёлы і вёскі паляць. Ды верасня ў 6 дзень прыехаў у Калугу чарашнік Фёдар Малова і прывёз тваю гаспадарскую грамату да нас, халопаў тваіх, а ў тваёй гаспадарскай грамаце напісана: велена, Гаспадар, нам у Калузе жыці з вялікай асцярогай, не аплошна, і вартавых па горадзе і па астрозе і на ат’езджых старажах28 паставіці, і залогу распісаці ды і станіцы, Гаспадар, і раз’езды пад Лісоўскага і пад літоўскіх людзей велена нам, халопам тваім, пасылаць, а загадаць, Гаспадар, ім пра Лісоўскага і пра літоўскіх людзей выведваць, дзе зараз Лісоўскі стаіць і куды яго паход рыхтуецца, ды што, Гаспадар, раз’ездчыкі ды станічнікі, прыехаўшы да нас, халопаў тваіх, скажуць, і нам, Гаспадар, тыя звескі велена пісаць да цябе, Гаспадару, ды і да баярына і ваяводам, да князя Дзмітрыя Міхайлавіча Пажарскага з паплечнікамі і па гарадах да ваяводаў і да прыказных людзей усялякія звесткі пра Лісоўскага пісаць жа. І мы, халопы твае, па тваёй гаспадарскай грамаце і па ранейшым тваім гаспадарскім загадзе, у Калузе па горадзе і па астрозе залогу распісалі і калужанаў пасадскіх і ўсялякіх жылецкіх людзей і на ад’езджыя, Гаспадар, старажы высылаем калужанаў жа пасадскіх людзей, а ў станіцы, Гаспадар, і ў раз’езды нам, халопам тваім, пасылаці і па горадзе і па астрозе ў дадатак да пасадскіх людзей у залогу распісаці няма каго, стральцоў, Гаспадар, у Калузе толькі пяцьдзясят чалавек, і ў тых у многіх пішчаляў29 няма, з голаду і з беднасці праелі, што ім твайго гаспадарскага гадавога грашовага і хлебнага ўтрымання не давалася паўтары гады, а каторыя, Гаспадар дваране і дзеці баярскія розных гарадоў і новаахрышчаныя30 і татарове былі на тваёй гаспадарскай службе ў Калузе з намі, халопамі тваімі, і тых, Гаспадар, дваранаў і дзяцей баярскіх і новаахрышчаных і татараў узяў з сабою на тваю гаспадарскую службу твой гаспадарскі баярын і ваявода князь Дзмітрый Міхайлавіч Пажарскі ў Северскі паход31, а каторыя, Гаспадар, галовы з сотнямі Іван Пушкін з паплечнікамі высланы ў Калугу ад князя Дзмітрыя Міхайлавіча для зберагання Калугі ад літоўскіх людзей, і тым, Гаспадар, галовам і дваранам і дзецям баярскім, і атаманам і казакам князь Дзмітрый Міхайлавіч не [да] Калугі загадаў ісці, а [да] Перамышлю на Лісоўскага і на літоўскіх людзей, а ў Калузе, Гаспадар, загадаў быць атаманам Аўдзею Фёдараву ды Мікіце Цяпкіну, а ў іх, Гаспадар, у станіцах казакоў дзвесце чалавек. І ў прыход, Гаспадар, Лісоўскага і літоўскіх людзей, калужскімі пасадскімі людзьмі і тых станіцаў казакамі, залогі ўмацаваць няма кім, аб тым, Гаспадар, нам, халопам тваім, як загадаеш. А с сею, Гаспадар, справаздачаю, выслалі мы, халопы твае, да цябе, Гаспадару, сытніка Дружыну Круглікава ды белеўца Васіля Ладыжэнскага верасня ў 6 дзень, а Фёдар, Гаспадар, Малава з паплечнікамі ў Калузе застаўся для наступных звестак. А што, Гаспадар, пра Лісоўскага і пра літоўскіх людзей звестак будзе, і мы, халопы твае, тыя звесткі да цябе, Гаспадару, адпішам адразу.

Гаспадару, цару і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу ўсея Русі 124-га верасня ў 8 дзень сытнік Дружына Круглікаў.

У Разрад.

Паслаць у ва ўсе гарады, з каторых гарадоў з службы пабеглі [ваяры – заўв. перакл.] і ў тых гарадах уцекачоў біць бізуном на гандлёвых плошчах, лепшых32 выбіраючы, а каго б'юць, і яны імёны назавуць: а пачнуць горшых замест лепшых біць, і ім [тым, хто здзяйсняе пакаранне – заўв. перакл.] самім бізуном быць бітымі… [..].

1615 г. пасля верасня 8. – Распытныя словы ў Разрадным прыказе сына баярскага з Белева В.Н. Ладыжэнскага аб ягоным знаходжанні ў палоне ў А. Лісоўскага.

На Маскве.

А літоўскі палоннік белевец Васіль Ладыжэнскі ў распыце сказаў. Быў ён, Васіль, у Белеве з ваяводамі з князем Міхаілам Даўгарукім ды з Пятром Бунаковым, і жніўня ў 31 дзень у чацвер прыбег у Белеў з Болхава балхавіцянін сын баярскі, а імя яго не памятае, а сказаў, што Лісоўскі прыйшоў да Болхава ў той жа дзень у чацвер, жніўня ў 31 дзень, і да Болхава, маўляў, прыступаў тройчы. І князь Міхайла і Пётар паслалі з Белева ў раз’езд па Болхаўскай дарозе да Барысаўскай засекі яго, Васіля Ладыжэнскага, ды Івана Юшкова ды Сцяпана Стрэшнева ды казака. І яны ездзілі па Болхаўскай дарозе да рэчкі да Рукі ад Белева вёрст з 8 і ўбачылі па вёсках вагні, і, прыехаўшы, сказалі князю Міхаілу і Пятру, што па рэчку па Руку літоўскіх людзей няма. Ды ў тыя ж часы ўбачылі з Белева па вёсках вагні ж пад засекаю ж.

І князь Міхайла Даўгарукі і Пётар пачалі казаць, што Белеў пакінуць, сядзець, маўляў, у ім няма з кім. І ён, Васіль Ладыжэнскі, пачаў князю Міхаілу казаць, каб у Белеве сядзець, а Лісоўскі, толькі б ішоў таемна, і ён бы не паліў, прысутнасці сваёй не выдаваў. Ды і стральцы белеўскія білі чалом князю Міхаілу і Пятру і казалі, каб сядзець. І князь Міхайла і Пётар, прыехаўшы на варту да брамы, запыталіся, хто на варце. І стральцы сказалі, што яны стаяць на варце. І князь Міхайла і Пётар з жонкамі сваімі, пайшлі з гораду прэч ў поўнач праз Аку на гэты [маскоўскі, усходні – заўв. перакл.] бок. І на іх гледзячы ў Белеве ўсялякія людзі замяшаліся й пайшлі з гораду прэч, а ў горадзе засталіся нямногія людзі для абароны маёмасці. Ды і развіднела, а літоўскія людзі да Белева і не падыйшлі. А ў Сямёнаў дзень гадзіне а трэцяй дня прыйшоў да Белева Лісоўскі, і літоўскія людзі, ён, Васіль, быў да іх падыходу ў горадзе, а як літоўскія людзі з’явіліся, і ён, Васіль, з Белеву пабег, і яго, дагнаўшы, літоўскія людзі ўзялі.

[…]


І прывялі яго, Васіля, да Лісоўскага, і Лісоўскі казаў яму, ці дадуць за яго, Васіля, брата яго, Лісоўскага. І ён, Васіль, казаў, што ён чалавек вясковы, а таго ня ведае, ці загадае Гаспадар за яго даць брата яго [Лісоўскага], або не. І Лісоўскі казааў, каб ён даў за сябе, што ў яго ёсць, а ён яго забіці не загадае. І ён, Васіль, даў Лісоўскаму чамадан з адзеннем, шубу кунічную пад сукном, ды два аплеччы жаночыя жамчужныя, ды шапку жаночую нізаную. І Лісоўскі жадаў яго адпусціць, і, падпаліўшы Белеў, Лісоўскі пайшоў да Ліхвіна. А прыйшоўшы пад Ліхвін, стаў палкі на майдане, і з гораду стралялі па ім з гарматкі, і Лісоўскі паслаў пешых людзей, а загадаў ім пасад паліць, а да Ліхвіну прыступам людзей не пасылаў, а астрог вялікі быў не абложаны, і літоўскія людзі астрог падпалілі. І быў ён, Васіль, у Лісоўскага 4 дні, а пра Белеў Лісоўскі казаў, што было яму Белеў ня ўзяць, і з таго Лісоўскі смяецца, што ваяводы гарады самі здаюць.

А як прыйшоў Лісоўскі пад Перамышаль, і стаў у гумнах, мяркуючы, што ў горадзе сядзяць, і разгледзелі, што горад пакінуты, і яны скіраваліся ў горад. Ды літоўскія ж людзі знайшлі ў лесе перамышальскага нараду 6 пішчаляў, ды ядры, ды зёлак бочку.

Ды пры ім жа, пры Васілі, прывялі да Лісоўскага ў Перамышаль мяшчанаў Арыстарха Якаўлева ды Меньшага Стрэшнева, а ўзялі, маўляў, іх у пад’ездзе, ды Рамана Шушэрына, а ўзялі яго ў лесе. І Лісоўскі, узяўшы ў іх граматы аб выкупе, і з тымі граматамі адпусціў у Калугу яго, Васіля.

Ды пры ім жа, Васілі, прывялі да Лісоўскага казакаў трох чалавек, а ўзялі іх у Мошкавічах ў загоне, ехалі ад Ліхвіна ў Калугу. І як тых казакаў прывялі, і Лісоўскі пачаў ім казаць, што, маўляў, было ім, казакам, быць у яго, і казакі, маўляў, назвалі Лісоўскага бацькам, і казалі, спакусілі, маўляў, нас, паабяцалі па 10 рублёў, і мы, маўляў, на тое спакусіліся, а будзем, маўляў, усе ў цябе. І Лісоўскі, маўляў, загадаў знайсці віна, і пачаў іх частаваць.



[…]


1 Наступнік – нашчадак, пераемнік, спадкаемца.

2 Натуральнага – прыроджанага.

3 Нобіль, з лац. – знатны чалавек, так у ВКЛР называлі прадстаўнікоў самых знатных і старажытных родаў.

4 Даніна, тут – княскае падараванне.

5 Рымскі тэрмін “плябей” тут ужыты ў сэнсе “прыгонны селянін”.

6 Кароль дзедзічны – спадчынны, які пераняў стол па праве спадчыны, а не па выбары шляхты, як у Польшчы і ВКЛР.

7 Тут і далей пад словамі “рэч паспалітая” разумеецца ВКЛР (у сэнсе “Рэспубліка Вялікае Княства Літоўскае і Рускае”).

8 “сваім зданнем і ўпадабаннем” – па сваім меркаванні і вырашэнні.

9 “Расцігалі” – распаўсюджвалі, ажыццяўлялі (уладу).

10 “Бестыяльскіх” (ад лац. bestia - звер) – звярыных, д’ябальскіх.

11 Тут – прыстойныя, законапаслухмяныя.

12 Маетнасць – маёмасць, уласнасць.

13 Паняццем “горла” ў ВКЛР азначалі жыццё і пагрозу страты жыцця (сінонім старарускага “жывот”), напрыклад смяротна пакаранне называлася “горла страціць”, “горлам адказваць”.

14 Дамовы – тутэйшы, мясцовы, айчынны (параўн. у польскай мове: wojna domowa - грамадзянская вайна).

15 “паспаліты наш абываталь” , тут – “любы іншы грамадзянін”.

16 Кесар – грэцкая форма слова Caesar. Так называлі Імператараў Рыму і Візантыі, ужыванне гэтага слова ў дачыненні да Гая Юлія Цэзара, ад cognomen якога і пайшоў імператарскі тытул, з’яўляецца відавочным анахранізмам.

17 Стратыг – званне ваенначальніка ў Візантыі.

18 Насамрэч, вайна між Маркам Антоніем і Гаем Актавіянам Аўгустам (па нараджэнні – Гай Актавій Турын, пасля – Гай Юлій Цэзар Аўгуст), які быў унучатым пляменнікам і афіцыйным прыёмным сынам Гая Юлія Цэзара, адбылася ўжо пасля забойства апошняга (44 г. д.н.э.), калі Антоній і Актавіян дзялілі ўладу ў Рымскай Імперыі (32 г. д.н.э.).

19 Насамрэч, Гней Пампей Вялікі загінуў яшчэ падчас вайны з Цэзарам за ўладу (48 г. д.н.э.), а Марк Ліцыній Крас і таго раней, у 53 г. д.н.э., пасля бітвы з парфянамі пры Карах.

20 Нумеры, прэпасіты – ураднікі ў Візантыйскай імперыі.

21 Парфіра – тканіна чырвонага колеру.

22 Вісон – тонкая тканіна белага, радзей – залацістага, колеру.

23 Відаць, маецца на ўвазе Святаслаў Ігаравіч, да якога дапасуецца вобраз Усяслава “Чарадзея” Брачыславіча.

24 Канстанцін-град – Канстанцінопаль (Царград).

25 Сердалік – паўкаштоўны мінерал яркага чырвона-жоўтага або чырвонага колеру.

26 Залога (у арыгінальным дакуменце – “осада”) – ваяры, што складаюць ганізон замку, фартэцыі, гораду і г.д.; “астрогу залажыць не было кім” – “няма з каго скласці залогу замку”

27 “Зёлкі” – тут, відавочна, - порах ды іншыя інгрыдыенты для артылерыі, і, магчыма, гранатаў.

28 Выяздная варта.

29 Пішчаль – від ручной агняпальнай зброі.

30 Новаахрышчаныя – прадстаўнікі пачаткова нехрысціянскага насельніцтва ВКМ (напрыклад, тыя ж татары), якія на службе прыймалі хрысціянства, у адрозненне ад “татараў” – тых, якія заставаліся мусульманамі.

31 “Северскі паход” – паход на Ноўгарад-Северскі.

32 Людзі лепшыя і людзі горшыя – сацыяльныя катэгорыі. Лепшыя – знатныя, горшыя – простага стану.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка