Закон Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 г. №420-3



Дата канвертавання15.05.2016
Памер45.91 Kb.
ТыпЗакон
ДУА «Гімназія №1 імя К.Каліноўскага г.Свіслачы»


Інфармацыйна - метадычны бюлетэнь


2010 год
АБ ПРАВІЛАХ



БЕЛАРУСКАЙ АРФАГРАФІІ І ПУНКТУАЦЫІ

Закон Рэспублікі Беларусь

23 ліпеня 2008 г. № 420-3
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года

Артыкул 1. Зацвердзіць Правілы беларускай арфаграфіі i пунктуацьі.
Артыкул 2. Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі i пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўcix сферах i выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы.
Артыкул 3. Савету Miністраў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня 2010 года:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.
Артыкул 4. Гэты Закон уступае ў сілу з 1 верасня 2010 го­да, за выключеннем гэтага артыкула i артыкула 3, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка

Змены ў новай рэдакцыі ”Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі“

23 ліпеня 2008 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які з’яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Закон уступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.



Неабходнасць увядзення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” абумоўлена наступнымі прычынамі:

  • Звод “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”,

выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў.


  • Правапіс рэгламентуе аднастайную перадачу на пісьме

жывой мовы, і таму ён не можа працяглы час заставацца без змен. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра паўстала гэта праблема для беларускай мовы ў канцы ХХ ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.


  • У падрыхтаваным Законе Рэспублікі Беларусь Аб Правілах

беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове.

У правілы беларускай мовы ўнесены наступныя змены:

  1. пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Прапануецца, напрыклад, пісаць трыа, адажыа, Токіа і пад. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца трыо, адажыо, Токіо). У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы –эр, -эль прапанавана перадаваць як –ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар і пад. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца прынтэр, камп’ютэр, пэйджэр);

  2. паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць (паводле дзеючых “Правіл” пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць);

  3. пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна і г.д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца ва універсітэце, пасля унікальнай аперацыі, фауна);

  4. у адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад, прапануецца пісаць гаркам, газпрам і г. д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца гарком, газпром);

  5. уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на –ск(і), утвораных ад уласных назваў. Прапанавана пісаць чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі (паводле дзеючых “Правіл” пішацца чаньчуньскі, цяньшаньскі);

  6. упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д.;

  7. уведзены новы параграф “Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў”. З вялікай літары прапануецца пісаць асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Троіца і інш.;

  8. у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе;

  9. рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам –ава- (-ява-) і –ірава- (-ырава-): ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г.д.;

  10. са зводу правіл выключаны раздзелы “Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў”, “Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў”, “Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў”. Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення і знаходзяць адлюстраванне ў граматыцы беларускай мовы;

  1. уведзены новы раздзел “Правапіс некаторых марфем”, у якім у сістэмным выглядзе сабраны звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў;

  2. спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка