Закон рэспублікі беларусь 9 студзеня 2006 г. №98-з аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2005 года Адобраны Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года глава 1



старонка1/4
Дата канвертавання22.07.2016
Памер0.61 Mb.
ТыпЗакон
  1   2   3   4


ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

9 студзеня 2006 г. № 98-З

Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2005 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 21 снежня 2005 года

ГЛАВА 1


АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе

У гэтым Законе выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

ахова гісторыка-культурнай спадчыны – сістэма арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых, інфармацыйных і (або) іншых мер, накіраваных на выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, наданне матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, улік, захаванне, аднаўленне, утрыманне і выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей, што ажыццяўляюцца ў мэтах зберажэння і памнажэння гісторыка-культурнай спадчыны;

гісторыка-культурная спадчына – сукупнасць найбольш адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, увасобленых у гісторыка-культурных каштоўнасцях;

гісторыка-культурныя каштоўнасці – матэрыяльныя аб’екты (матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці) і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека (нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці), якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

калекцыя – навукова абгрунтаваны збор рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або эталонаў фіксаваных нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

камплект – набор рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія маюць агульнае прызначэнне;

культурны пласт – пласт зямлі, які змяшчае рэшткі дзейнасці чалавека;

мемарыяльныя кватэры – нежылыя памяшканні, звязаныя з важнейшымі гістарычнымі падзеямі, жыццём выдатных палітычных, дзяржаўных, ваенных дзеячаў, дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва і прызначаныя для ўвекавечання памяці аб іх, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны

1. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1991 года «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 20, арт. 291; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., № 87, 2/1031), гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

2. Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Прынцыпы і асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

1. Дзяржаўная палітыка ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны грунтуецца на прынцыпах:

1.1. прызнання гісторыка-культурнай спадчыны фактарам развіцця дзяржавы;

1.2. адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны;

1.3. удзелу грамадзян у ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

2. Асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляюцца:

2.1. выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць;

2.2. наданне матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўлік гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.3. захаванне і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.4. утрыманне і выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей з улікам неабходнасці безумоўнага захавання іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей;

2.5. фінансаванне аховы гісторыка-культурнай спадчыны за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 4. Грамадскія аб’яднанні ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Грамадскія аб’яднанні ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны могуць:

аказваць дзяржаўным органам садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

папулярызаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

ажыццяўляць грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

уносіць у дзяржаўныя органы прапановы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

садзейнічаць фарміраванню ў грамадзян патрыятызму, адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны;

ажыццяўляць іншую звязаную з аховай гісторыка-культурнай спадчыны дзейнасць, не забароненую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 5. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны

За парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны настае адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2

ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ Ў СФЕРЫ АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ



Артыкул 6. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама іншымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Артыкул 7. Кампетэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны:

вызначае дзяржаўную палітыку ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

уносіць у міжнародныя арганізацыі прапановы аб уключэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны або Міжнародны спіс сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў гэтай сферы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 1995 года «О Президенте Республики Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1995 г., № 17, ст. 179; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 24, ст. 463), іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 8. Кампетэнцыя Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны



Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечвае рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

зацвярджэння канцэпцый і рэспубліканскіх праграм па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, забеспячэння іх выканання і кантролю за ім;

надання матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і пазбаўлення іх такога статусу;

устанаўлення парадку вядзення Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

устанаўлення парадку фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і парадку азнаямлення з інфармацыяй, якая змяшчаецца ў Банку звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь;

устанаўлення парадку часовага вывазу за межы Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і эталонаў фіксаваных нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Кампетэнцыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны



Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь рэалізуе дзяржаўную палітыку ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

падрыхтоўкі прапаноў па асноўных напрамках дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

распрацоўкі, прыняцця (выдання) у межах сваёй кампетэнцыі актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага Закона, у тым ліку за ўтрыманнем і выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцей;

каардынацыі дзейнасці ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;

арганізацыі і садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

вядзення Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

забеспячэння фарміравання Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь;

аказання юрыдычным і фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, арганізацыйнай, метадычнай і іншай дапамогі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

выдачы юрыдычным і фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, абавязковых для выканання пісьмовых прадпісанняў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

удзелу ў міжнародных праграмах па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

удзелу ў дзейнасці па вяртанню ў Рэспубліку Беларусь гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія апынуліся за яе межамі;

выдачы пісьмовага дазволу на часовы вываз за межы Рэспублікі Беларусь рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і эталонаў фіксаваных нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і ажыццяўлення кантролю за выкананнем умоў іх часовага вывазу;

папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей;

ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Кампетэнцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны



1. Мясцовыя Саветы дэпутатаў удзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

1.1. зацвярджэння рэгіянальных праграм па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і кантролю за іх выкананнем;

1.2. садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па захаванню і аднаўленню гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.3. садзейнічання грамадскім аб’яднанням у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

1.4. папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.5. ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.



2. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўдзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны шляхам:

2.1. распрацоўкі рэгіянальных праграм па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і забеспячэння іх выканання;

2.2. арганізацыі і садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па выяўленню матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, іх вылучэнню для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці;

2.3. арганізацыі і садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па захаванню і аднаўленню гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.4. правядзення ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей і забеспячэння кантролю за іх утрыманнем і выкарыстаннем;

2.5. аказання садзейнічання грамадскім аб’яднанням у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

2.6. заахвочвання грамадзян, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, да ўдзелу ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

2.7. папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.8. ажыццяўлення іншых паўнамоцтваў у адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 11. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь

1. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (далей – Навукова-метадычная рада) ажыццяўляе навукова-метадычнае забеспячэнне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

2. Навукова-метадычная рада ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны:

2.1. прымае рашэнні аб неабходнасці надання матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання ім такога статусу;

2.2. прымае рашэнні аб неабходнасці аднясення гісторыка-культурнай каштоўнасці да пэўнай катэгорыі або аб неабходнасці змянення яе катэгорыі;

2.3. адабрае або не адабрае навукова-праектную дакументацыю на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый «0», «1», «2» і эталонах фіксаваных нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.4. выдае заключэнні аб адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням кандыдатаў на атрыманне пасведчанняў на права выканання навукова-даследчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях;

2.5. выдае заключэнні аб немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення гісторыка-культурных каштоўнасцей у выпадку страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, якія абумовілі наданне ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці;

2.6. выдае заключэнні аб поўным вывучэнні помнікаў археалогіі;

2.7. выконвае іншыя функцыі ў адпаведнасці з гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

3. Палажэнне аб Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і яе склад зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па прадстаўленню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

4. Дзейнасць Навукова-метадычнай рады ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ўтрыманне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, іншых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 3


ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ

Артыкул 12. Віды гісторыка-культурных каштоўнасцей. Комплексныя гісторыка-культурныя каштоўнасці



1. Гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на наступныя віды:

1.1. матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, матэрыяльнае ўвасабленне якіх складае іх змест;

1.2. нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, матэрыяльнае ўвасабленне якіх не аказвае істотнага ўплыву на іх змест.

2. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці могуць з’яўляцца комплекснымі матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, калі:

2.1. два і больш матэрыяльныя аб’екты сабраны разам па пэўных прыкметах і (або) размешчаны побач (пры гэтым у склад комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці як асобны кампанент можа быць уключана навакольнае асяроддзе);

2.2. два і больш матэрыяльныя аб’екты аб’яднаны агульнымі прыкметамі і размешчаны ў розных месцах.



3. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці могуць з’яўляцца комплекснымі нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, калі іх змест выяўляецца праз абрады, фальклор (вусную народную творчасць), у склад якіх уваходзяць розныя па свайму характару дзеянні (танцы, песні, іншыя нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека). Увасобленыя нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, як правіла, з’яўляюцца комплекснымі нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

Артыкул 13. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці

1. Да матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца:

1.1. дакументальныя помнікі – акты дзяржаўных органаў, іншыя пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, старажытныя і іншыя рукапісы і архівы, рэдкія друкаваныя выданні;



1.2. запаветныя мясціны – тапаграфічна акрэсленыя зоны або ландшафты, створаныя чалавекам ці чалавекам і прыродай;

1.3. помнікі археалогіі – умацаваныя пасяленні (старажытныя гарады, гарадзішчы, замкі), неўмацаваныя пасяленні (старажытныя стаянкі, паселішчы, асобнае жыллё); курганныя і грунтавыя могільнікі, асобныя пахаванні, некропалі, маўзалеі і іншыя пахаванні; старажытныя збудаванні і іншыя аб’екты гаспадарчага і вытворчага прызначэння; фартыфікацыйныя збудаванні; культавыя збудаванні (храмы, манастыры, свяцілішчы, месцы спраўляння абрадаў, каменныя крыжы, культавыя камяні, каменныя статуі, абеліскі); інфраструктура сухапутных, водных і водна-волакавых шляхоў; манетныя і рэчавыя скарбы; культурны пласт, у тым ліку ўсе рухомыя і нерухомыя матэрыяльныя аб’екты, якія змяшчаюцца ў ім, а таксама на дне прыродных і штучных вадаёмаў;

1.4. помнікі архітэктуры – будынкі, збудаванні і іншыя аб’екты гаспадарчага, вытворчага, ваеннага або культавага прызначэння, асобныя ці аб’яднаныя ў комплексы і ансамблі (разам з навакольным асяроддзем), аб’екты народнага дойлідства, а таксама звязаныя з указанымі аб’ектамі творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва;

1.5. помнікі гісторыі – будынкі, збудаванні, а таксама мемарыяльныя кватэры і іншыя аб’екты, звязаныя з важнейшымі гістарычнымі падзеямі, развіццём грамадства і дзяржавы, міжнароднымі адносінамі, з развіццём навукі і тэхнікі, культуры і быту, з жыццём выдатных палітычных, дзяржаўных, ваенных дзеячаў, дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва;

1.6. помнікі горадабудаўніцтва – забудова, планіровачная структура або фрагменты населеных пунктаў (разам з навакольным асяроддзем, у тым ліку культурным пластом). Помнікі горадабудаўніцтва, як правіла, з’яўляюцца комплекснымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі;

1.7. помнікі мастацтва – творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і іншых відаў мастацтва.

2. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на:

2.1. нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, перамяшчэнне якіх у прасторы патрабуе ажыццяўлення інжынерных мерапрыемстваў і вядзе да частковай або поўнай страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей;

2.2. рухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, перамяшчэнне якіх у прасторы не звязана са змяненнем іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей.

Артыкул 14. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці

1. Да нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца звычаі, традыцыі, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), мова, яе дыялекты, змест геральдычных, тапанімічных аб’ектаў і твораў народнага мастацтва (народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), іншыя нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека.

2. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на:

2.1. фіксаваныя нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія могуць быць поўнасцю зафіксаваны і не залежаць ад іх стваральнікаў;

2.2. увасобленыя нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, змест або адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх поўнасцю ці часткова страчваюцца са знікненнем іх стваральнікаў, носьбітаў або змяненнем умоў іх існавання.

Артыкул 15. Эталон фіксаванай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Поўная, дакладная і якасная фіксацыя нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці графічнымі і тэхнічнымі сродкамі зацвярджаецца ў якасці эталона фіксаванай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў парадку, устаноўленым Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

2. У выпадку выяўлення больш поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь мае права прызнаць раней прыняты эталон фіксаванай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці несапраўдным і зацвердзіць у якасці эталона нававыяўленую яе фіксацыю.

3. Эталоны фіксаваных нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей падлягаюць ахове, як і рухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці.

Артыкул 16. Катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей

1. Гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на адпаведныя катэгорыі ў залежнасці ад іх гісторыка-культурнай значнасці. Катэгорыя гісторыка-культурным каштоўнасцям надаецца і пры неабходнасці змяняецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе рашэнняў Навукова-метадычнай рады аб неабходнасці аднясення гісторыка-культурнай каштоўнасці да пэўнай катэгорыі і аб неабходнасці змянення яе катэгорыі.

Катэгорыі, нададзеныя гісторыка-культурным каштоўнасцям, указваюцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

2. Матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на наступныя катэгорыі:

2.1. катэгорыя «0» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўключаны або прапанаваны для ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны або Міжнародны спіс сусветнай спадчыны, што знаходзіцца пад пагрозай;

2.2. катэгорыя «1» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць міжнародную значнасць;

2.3. катэгорыя «2» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць нацыянальную значнасць;

2.4. катэгорыя «3» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць значнасць для асобных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

3. Матэрыяльныя аб’екты, якія ўваходзяць у склад комплексных матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, але якім асобна не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, лічацца матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі без катэгорыі.



4. Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на наступныя катэгорыі:

4.1. катэгорыя «А» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя;

4.2. катэгорыя «Б» – гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія поўнасцю або часткова адноўлены (зафіксаваны) на другасным матэрыяле ці адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх аб’ектыўна з часам могуць змяняцца.

ГЛАВА 4


ВЫЯЎЛЕННЕ МАТЭРЫЯЛЬНЫХ АБ’ЕКТАЎ І НЕМАТЭРЫЯЛЬНЫХ ПРАЯЎЛЕННЯЎ ТВОРЧАСЦІ ЧАЛАВЕКА, ЯКІЯ МОГУЦЬ УЯЎЛЯЦЬ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНУЮ КАШТОЎНАСЦЬ

Артыкул 17. Выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць

1. Матэрыяльныя аб’екты, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, выяўляюцца шляхам прафесійнага або выпадковага выяўлення.

2. Нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, выяўляюцца шляхам прафесійнага выяўлення.

3. Выяўленыя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, падлягаюць фіксацыі, навуковай апрацоўцы і мастацкай ацэнцы ў парадку, устаноўленым Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 18. Прафесійнае выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць

1. Прафесійнае выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, ажыццяўляецца:

1.1. у час прафесійнай навукова-даследчай дзейнасці;

1.2. пры накіраванні матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ва ўласнасць дзяржавы.

2. Юрыдычная або фізічная асоба, што ў час прафесійнай навукова-даследчай дзейнасці выявіла матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязана правесці іх фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку, прыняць меры па іх захаванню (з моманту выяўлення да перадачы ўласніку) і не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб выяўленых матэрыяльным аб’екце або нематэрыяльным праяўленні творчасці чалавека.

3. Юрыдычная або фізічная асоба, што ў час прафесійнай навукова-даследчай дзейнасці выявіла матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, не мае права распараджацца выяўленымі матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленнем творчасці чалавека.

4. Матэрыяльны аб’ект або нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, пры накіраванні іх у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ва ўласнасць дзяржавы па рашэнню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь перадаюцца ўстановам культуры, іншым юрыдычным асобам.

Артыкул 19. Выпадковае выяўленне матэрыяльных аб’ектаў, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць

1. Юрыдычная або фізічная асоба, што выпадкова выявіла рухомы матэрыяльны аб’ект, які прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязана прыняць меры па яго захаванню і не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў аб выяўленым аб’екце.

Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або тэрытарыяльны орган унутраных спраў пасля атрымання паведамлення аб выяўленні рухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязаны прыняць гэты аб’ект ад асобы, што яго выявіла, у адпаведнасці з актам прыёму, адзін экземпляр якога перадаецца гэтай асобе, і не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб выяўленым аб’екце.

Захаванне рухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, з моманту яго выяўлення да перадачы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або тэрытарыяльны орган унутраных спраў забяспечвае юрыдычная або фізічная асоба, што яго выявіла, а з моманту яго перадачы – мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або тэрытарыяльны орган унутраных спраў, які прыняў гэты рухомы матэрыяльны аб’ект, ці асоба, вызначаная пісьмовым прадпісаннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.


Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля атрымання паведамлення аб выяўленні рухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, у пяцідзённы тэрмін прымае выяўлены аб’ект у адпаведнасці з актам прыёму-перадачы або пры відавочнай беспадстаўнасці меркавання аб наяўнасці ў аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей складае акт аб адсутнасці ў выяўленага рухомага матэрыяльнага аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей.

2. Юрыдычная або фізічная асоба, што выпадкова выявіла нерухомы матэрыяльны аб’ект (археалагічны аб’ект, элемент дэкору, мастацкага аздаблення, рэшткі роспісу і г.д.), які прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязана безадкладна прыпыніць работы або іншую дзейнасць, якія могуць аказваць уздзеянне на гэты аб’ект, прыняць меры па яго захаванню і паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або мясцовы выканаўчы і распарадчы орган аб выяўленым аб’екце.

Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган пасля атрымання паведамлення аб выяўленні нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, абавязаны не пазней чым у двухдзённы тэрмін паведаміць у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб выяўленым аб’екце.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля атрымання паведамлення аб выяўленні нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, арганізуе не пазней чым у трохдзённы тэрмін прыезд свайго прадстаўніка на месца выяўлення гэтага аб’екта.

Прадстаўнік Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пасля агляду на месцы выяўленага нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, выдае пісьмовае прадпісанне, у якім вызначае часовы рэжым утрымання гэтага аб’екта з указаннем тэрміну яго дзеяння, або пры відавочнай беспадстаўнасці меркавання аб наяўнасці ў аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей складае акт аб адсутнасці ў выяўленага нерухомага матэрыяльнага аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей. Тэрмін дзеяння часовага рэжыму ўтрымання нерухомага матэрыяльнага аб’екта, які можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, можа быць скарочаны або прадоўжаны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Прыпыненыя ў сувязі з выяўленнем нерухомага матэрыяльнага аб’екта работы або іншая дзейнасць аднаўляюцца толькі з пісьмовага дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Юрыдычнай або фізічнай асобе, што выпадкова выявіла нерухомы матэрыяльны аб’ект, які прадугледжаны падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона і можа ўяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, пакрываюцца страты, прычыненыя ёй прыпыненнем работ або іншай дзейнасці ў сувязі з выяўленнем гэтага аб’екта, у парадку і памерах, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Матэрыяльны аб’ект, выпадкова выяўлены ў парадку, устаноўленым пунктамі 1 і 2 гэтага артыкула, разглядаецца Навукова-метадычнай радай для прыняцця рашэння аб неабходнасці надання яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання яму такога статусу. У гэтым выпадку аўтарам прапановы аб наданні матэрыяльнаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці лічыцца асоба, што выпадкова выявіла гэты аб’ект або паведаміла аб ім. Пры гэтым ад названай асобы не патрабуецца ўнясення ў пісьмовай форме прапановы аб наданні матэрыяльнаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе абгрунтавання.

4. Калі выпадкова выяўленаму матэрыяльнаму аб’екту, прадугледжанаму падпунктам 1.2 пункта 1 артыкула 21 гэтага Закона, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ён у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь накіроўваецца ва ўласнасць дзяржавы, а ўласнік зямельнага ўчастка або іншай маёмасці, дзе быў выяўлены гэты аб’ект, а таксама асоба, што яго выявіла, маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 5

НАДАННЕ МАТЭРЫЯЛЬНЫМ АБ’ЕКТАМ І НЕМАТЭРЫЯЛЬНЫМ ПРАЯЎЛЕННЯМ ТВОРЧАСЦІ ЧАЛАВЕКА СТАТУСУ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. УЛІК ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

Артыкул 20. Крытэрыі адбору матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці



1. Навукова-метадычная рада пры разглядзе прапаноў аб наданні матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці зыходзіць з наяўнасці ў прапанаваных для разгляду матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, што пацвярджаецца адпаведнасцю аднаму з крытэрыяў:

1.1. яны з’яўляюцца:

адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;

рэдкім ці каштоўным сведчаннем існавання зніклай цывілізацыі;

эпічным творам, створаным або істотна пераасэнсаваным і відазмененым народам Беларусі;

аўтарскім творам мастацтва, створаным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або пад уплывам беларускай гісторыі, рэчаіснасці, менталітэту, асяроддзя ці іншых фактараў;

выдатным мастацкім творам, шэдэўрам, створанымі і (або) прызнанымі за межамі Рэспублікі Беларусь;

матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленнем творчасці чалавека, асаблівасцямі ладу жыцця, характэрнымі толькі для культуры народа Беларусі;

дакументальнай фіксацыяй, сімвалам або іншым праяўленнем ці абазначэннем з’яў, падзей або працэсаў, якія звязаны з гісторыяй Рэспублікі Беларусь, яе асобных рэгіёнаў, радаводаў ці этнічных груп або маюць міжнароднае значэнне;

выдатным ці арыгінальным вынікам творчага або навукова-тэхнічнага эксперыменту;

рэдкім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або выдатным дасягненнем іншага народа;

вынікам або сведчаннем недаследаваных працэсаў;

пахаваннем славутага чалавека, брацкай магілай воінаў, змагароў, якія загінулі за якую-небудзь адзіную высакародную справу, і (або) ахвяр ваенных падзей, узброеных канфліктаў, масавых рэпрэсій;

традыцыйнай тапанімічнай назвай;



1.2. яны з’яўляюцца рэдкім або выдатным узорам:

створанага чалавекам асяроддзя;

выкарыстання ў дзейнасці чалавека прыродных фактараў і асаблівасцей;

збудавання ці іншага твора, якія маюць тыповыя ўласцівасці, характэрныя толькі для культуры народа Беларусі;

збудавання ці іншага твора, прадметаў быту або прадметаў іншага прызначэння пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;

твора народнага мастацтва пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;

вырашэння гаспадарчых, вытворчых, фартыфікацыйных, арганізацыйных і іншых пытанняў;



стылістычнага напрамку або рэгіянальнай ці этнічнай асаблівасці, выяўленых у любым відзе мастацтва;

1.3. яны непасрэдна звязаны з:

падзеямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця чалавецтва і народа Беларусі;

жыццём і дзейнасцю выдатных асоб свету і Рэспублікі Беларусь;



1.4. яны лічацца:

звязанымі з народнымі паданнямі, легендамі, іншымі эпічнымі творамі, народнымі абрадамі;

матэрыяльнымі аб’ектамі, якія маюць выдатныя ўласцівасці;

1.5. яны аказалі (аказваюць) значны ўплыў на развіццё мастацтва, духоўнасць грамадства, светапогляд людзей у пэўны гістарычны перыяд або на тэрыторыі асобнага рэгіёна ці этнічнай групы;

1.6. яны змяшчаюць у сабе недаследаваны (не поўнасцю даследаваны) культурны пласт.

2.


: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка