Замежная інфармацыя ў беларускай савецкай прэсе



Дата канвертавання15.05.2016
Памер61.69 Kb.


Наталля Зубчонак

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
ЗАМЕЖНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

Ў БЕЛАРУСКАЙ САВЕЦКАЙ ПРЭСЕ

(па матэрыялах газет 20-х гг. ХХ ст.)
Міжнародная праблематыка ў наш час з’яўляецца неад’емнай часткай зместу кожнага сродку масавай інфармацыі. Працэс сусветнай глабалізацыі захапіў масмедыйную сферу. Праз СМІ дзяржавы вызначаюць сваю ролю ў міжнародных адносінах.

Сёння Рэспубліка Беларусь імкнецца да наладжвання цесных сувязей з самымі рознымі краінамі. Шматвектарнасць сучаснай палітыкі беларускай дзяржавы вызначае накірункі яе развіцця. Знешняя палітыка краіны накіравана ў першую чаргу на каардынацыю сваіх дзеянняў з Расійскай Федэрацыяй праз наладжванне цесных сувязей як з цэнтрам, так і з рэгіёнамі. Пашыраецца ўзаемадзеянне з краінамі Еўрапейскага саюза, Лацінскай Амерыкі, Бліжняга Ўсходу, Паўночнай Афрыкі, ЗША. Тым не менш, асноўнымі прыярытэтамі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь было і застаецца забеспячэнне бяспекі, а таксама захаванне дзяржаўнай незалежнасці.

У асвятленні міжнароднай праблематыкі сродкі масавай інфармацыі ў першую чаргу залежаць ад знешнепалітычнай пазіцыі ўрада краіны, а таксама ад інтарэсу чытачоў да замежнай тэматыкі. Увогуле прынцыпы распаўсюджвання замежнай інфармацыі фарміраваліся на працягу дастаткова доўгага перыяду. Сучасныя журналісты-міжнароднікі паспяхова засвойваюць вопыт савецкай прэсы.

Многія аспекты функцыянавання савецкага грамадства вызначылі і асаблівасці распаўсюджвання міжнароднай інфармацыі. Аналіз матэрыялаў беларускіх газет, якія выходзілі ў перыяд станаўлення сацыялізму, дазваляе іх паказаць.

Зыходзячы з аналізу ўмоў сацыяльна-эканамічнага развіцця, 1920-я гады ХХ ст. характарызуюцца як перыяд палітычнай нестабільнасці. У сродках масавай інфармацыі перавага аддавалася абмеркаванню ўнутраных праблем, выкліканых складаным працэсам аднаўлення народнай гаспадаркі, наладжвання сацыяльнага жыцця, усталявання моцнай палітычнай сістэмы. Па гэтай прычыне міжнародная тэматыка ў прэсе адыходзіла на другі план. Тым не менш, урад краіны надаваў вялікае значэнне развіццю прэсы, якая пачынала выконваць функцыі добраагранізаванай агітацыйна-прапагандысцкай сеткі. Журналісты актыўна ўключыліся ў інфармацыйнае суправаджэнне мабілізацыі грамадства на ажыццяўленне такіх палітычных кампаній, як НЭП, індустрыялізацыя, калектывізацыя. Паступова вызначаліся напрамкі і падыходы да распаўсюджвання міжнароднай інфармацыі. Прэса пачала актыўна сачыць за падзеямі ў суседніх краінах, даваць ацэнкі і каменціраваць інфармацыю, выпрацоўваючы канцэпцыю міжнароднай журналістыкі новай грамадска-палітычнай фармацыі.

Так, вялікую цікавасць беларускія газеты праяўлялі да сітуацыі ў Польшчы, што было абумоўлена падзелам краіны на ўсходнюю і заходнюю часткі пасля падпісання ў 1921 г. Рыжскай дамовы. На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў “Беларуская вёска” друкавала рубрыку “У панскай Польшчы”. У матэрыялах газеты чытачам расказвалася аб гаротным становішчы беларускіх сялян, аб эксплуатацыі працоўных, аб сацыяльнай несправядлівасці ў капіталістычных краінах увогуле. Пры гэтым неаднаразова падкрэслівалася, што ўсе народы свету свядома імкнуцца да сацыялізму – адзінага справядлівага грамадскага ладу (“Паўстанскі і партызанскі рух не сціхае” (БВ, 20 снежня 1924 г.), “Панскі суд над сялянамі беларусамі” (БВ, 17 снежня 1924 г.), “Польская дзяржаўная дума выдала суду дэпутатаў ад працоўных мас Польшчы і замежнай Украіны” (БВ, 24 снежня 1924 г.).

У міжнародным накірунку важнай складаючай ідэалагічнай канцэпцыі стаў вобраз ворага як важнейшы элемент псіхалагічнай вайны. Супрацьпастаўленне сацыялістычнага ладу жыцця капіталістычнаму, пры якім мела месца эксплуатацыя працоўных, стала асноўным крытэрыем адбору інфармацыі для прэсы. Газета “Савецкая Беларусь” у 1920-я гг., таксама шмат увагі надаючы міжнародным навінам, на першай паласе побач з перадавіцай друкавала інфармацыю ў дзвюх рубрыках: “Што чуваць заграніцай” альбо “Апошнія навіны”. Асобна выходзілі звесткі аб падзеях у Польшчы, на Бліжнім Усходзе, Афрыцы і іншых краінах. Як правіла, замежныя блокі складаліся з кароткіх інфармацыйных паведамленняў (сёння гэта дайджэст – Н.З.): “Берлін, 17-10. Нанова адчынены рэйхстаг дзеліцца на 2 часткі: аб’яднаньне буржуйных партыяў і грамада аб’яднанай сацыял-дэмакратыі” (СБ, 21 кастрычніка 1922 г.); “Науэн, 19-10. У Канстантынопаль прыбыў нанава назначаны Ангорскім урадам губернатар Фракіі” (СБ, 21 кастрычніка 1922 г.).

Паступова выпрацоўвалася заканамернасць пры адборы інфармацыі – значную перавагу аддаваць негатыўным, надзвычайным падзеям міжнароднага жыцця. Чытачам прапаноўвалася правесці параўнанне, даць ацэнку прадстаўленым фактам – “Міністэрскі крызіс у Англіі” (СБ, 22 кастрычніка 1922 г.), “Студэнцкі атрад польскіх фашыстаў” (СБ, 24 кастрычніка 1922 г.), “Тэрарызуюць рабочых” (СБ, 21 кастрычніка 1922 г.); “Бэрлін, 18-10. Больш 7 000 рабочых занятых у цюрынгскай тэкстыльнай прамысловасці, абвясцілі забастоўку, патрабуючы павялічэння заработку”(СБ, 21 кастрычніка 1922 г.).

Знешнепалітычнай ідэалагічнай канцэпцыяй савецкай краіны стаў прынцып інтэрнацыяналізму, імкненне распаўсюджваць ідэі сацыялізму ва ўсім свеце. На старонкі газет трапляла даволі шмат інфармацыі аб жаданні ўрадаў капіталістычных краін наладжваць палітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі з савецкай Расіяй – “Бэрлін, 17-10. Старшыня марсэльскай гандлёвай палаты Жыро заявіў, што Францыя павінна зрабіць ўсё, каб не правароніць расейскага рынку” (СБ, 21 кастрычніка 1922 г.); “Пытанне аб збліжэнні Францыі з Расеяй” (СБ, 22 кастрычніка 1922 г.). Нярэдка можна было прачытаць карэспандэнцыі, у якіх паведамлялася аб пашырэнні камуністычнага руху, напрыклад, перамозе камуністаў у парламенце. Савецкі ўрад вітаў імкненне пралетарыяту капіталістычных краін далучыцца да барацьбы за сацыялізм – ”Бэрлін, 17-10. На выбарах прэзідыуму бэрлінскага аддзелу нямецкага саюзу мэталістаў атрымаў пабеду сьпіс камуністаў” (СБ, 24 кастрычніка 1922 г.); “К удзелу Расеі на канферэнцыі” (бліжнеўсходняя канферэнцыя, на якую была запрошана савецкая дэлегацыя – Н.З.).

Савецкімі ідэолагамі шмат рабілася і для таго, каб не дапусціць распаўсюджвання аб’ектыўнай праўдзівай інфармацыі з-за мяжы, “ізаляваць насельніцтва ад варожай прапаганды”. Так стваралася новая інфармацыйная рэальнасць. Адмоўна трактуючы розныя бакі грамадскага жыцця ў замежных краінах, супрацьпастаўляючы ім савецкую рэчаіснасць, сродкі масавай інфармацыі выхоўвалі ў грамадстве давер да ўлады, а нізкі ўзровень адукацыі і палітычнай культуры забяспечвалі негатыўнае стаўленне насельніцтва да капіталістычных краін. З іншага боку, тая вялікая ідэалагічная і прапагандысцкая праца, якую праводзіла савецкае караўніцтва праз сродкі масавай інфармацыі, забяспечыла на працягу сямідзесяці гадоў трывалы імідж СССР як самай магутнай і квітнеючай краіны свету.

Пры аналізе асаблівасцей перадачы замежнай інфармацыі савецкай прэсай нельга таксама не адзначыць тую неадпаведнасць, якая існавала паміж светаўспрыйманнем грамадзян і фактычным міжнародна-палітычным становішчам. У грамадскай свядомасці быў занатаваны падзел свету на “чорны” і “белы”, на “сваіх” і “чужых”. На старонкі газет не траплялі рэальныя супярэчнасці паміж дзяжавамі. А журналістыка як выключна кан’юктурная дзейнасць абслугоўвала ў першую чаргу інтарэсы ўладаў і напрамую залежыла ад палітыкі дзяржавы. Так, у СССР у поўнай меры рэалізавалася аўтарытарная сістэма журналістыкі, пры якой палітычны ўрад кантраляваў усе аспекты жыцця чалавека, а СМІ стваралі ілюзію адабрэння грамадствам яго дзеянняў.

Вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі мова і стыль матэрыялаў прэсы. Лозунгавасць, залішняя эмацыянальнасць, ваяўнічасць у змесце публікацый былі ўласцівы практычна ўсім савецкім выданням. Газеты часта змяшчалі палітычныя плакаты, карыкатыры, дзе ў сатырычным колеры паказвалі вострыя бакі жыцця ў капіталістычных краінах – “Свабодныя” выбары”, надпіс пад плакатам: “Галасаванне простым падняццем рук ” (Чырвоная змена, 12 ліпеня 1922 г.).

Такім чынам, ідэалагічная работа, накіраваная на выхаванне праз сродкі масавай інфармацыі ў грамадстве негатыўных адносін да капіталістычнага ладу і ідэалізацыю сацыялістычнай рэчаіснасці, была арганізавана на высокім узроўні. Вынікам жа гэтага супрацьстаяння стала “халодная вайна”, якая пачалася пасля Другой сусветнай і доўжылася амаль да 90-х гг. ХХ ст. Самыя магутныя дзяржавы свету – СССР і ЗША – i iх саюзнікі вымушаны былі замест эфектыўнага ўзаемадзеяння дэманстраваць усяму свету ваенна-эканамічную і палітычную перавагу.

Сёння аб’ектам міжнароднай журналістыкі служаць змяненні ў свеце, працэсы глабалізацыі, шляхі вырашэння праблем сучаснасці на нацыянальным, рэгіянальным і сусветным узроўнях, развіццё дэмакратыі і плюралізму, прызнанне правоў чалавека і рыначных адносін з іншымі дзяржавамі і разастайнымі міжнароднымі арганізацыямі. У наш час гэта асноўныя напрамкі развіцця міжнароднага супрацоўніцтва праз журналістыку, асноўнай мэтай якога застаецца ўмацаванне ўзаемасувязей паміж краінамі і народамі ў самых розных сферах палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай жыццядзейнасці.


Літаратура

1. История международных отношений: учебное пособие. В 4 ч. / под. ред. А. В. Шарапо. - Минск: БГУ, 2007. — Ч. 2. – 391 с.

2. Политология: учебник / Н.А. Антанович, Н.П. Денисюк и др.; под ред. С.В. Решетникова. – 6-е изд. перераб. и доп. – Минск : Тетрасистемс, 2010. – 528 с.

3. Фатеев, А.В. Образ врага в советской пропаганде. 1945-1954 гг. / А.В. Фатеев. – М., 1975. – 232 с.




: bitstream -> 123456789 -> 147789
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка