Запрашаем на Вячоркі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер95.54 Kb.
Запрашаем на Вячоркі
Настаўнік-распрацоўнік матэрыяла: Чарнякова Людміла Міхайлаўна (настаўніца музыкі ДУА “Гімназія г. Хойнікі)
Арганізацыйны момант

Мэты:

- стварыць умовы для паглыблення і абагульнення ведаў аб народных традыцыях сваёй Радзімы;

- развіццё цікавасці да абрадаў, звачаяў народа, да нацыянальнай культуры;

- садзейнічаць выхаваннюпачуцця гонару за сваю багатую спадчыну, цікавасць да нацыянальнай културы праз беларускі фальклор.


Падрыхтоўчая работа

Клас дзеліцца на некалькі мікракалектываў. Вучні атрымліваюць заданні: даведацца ў дарослых ці прачытаць у кнігах пра беларускія заклічкі, жарты, гульні. Анекдоты, загадкі. Дзеці даведваюцца ў бабуль, дзядуль, як яны некалі праводзілі вольны час, у якія гулялі гульні, якімі рамёствамі займаліся, што рабілі на вячорках. Дзеці прыносяць з дому ручнікі, даматканыя посцілкі, коўдры, сурвэткі, ганчарныя вырабы.


Ход занятка
Вядучая

Добры дзень, паважаныя госці. У нас існуе добры звычай – вітаць гасцей хлебам, соллю, які падаюць на ручніку.

Мы звычай зямлі сваёй зберагаем,

Гасцей дарагіх хлебам - соллю вітаем!


(Кладзе хлеб – соль на стол)
Рака нараджаецца з ручаёў, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці Радзіме, з ведання яе гісторыі, культуры.

Давайце зараз зазірнем у хату да дзядзькі Цярэшкі і цёткі Васіліны.


(Стаіць упрыгожаная хата, сядзіць гаспадыня, вышывае сурвэтку, гаспадар стругае нешта, Васіліна спявае. Раздаецца грукат у дзверы.)
Васіліна

Цярэшка, ці не толькі прыйшлі да нас дзяўчаты, сёння ж у нашай хаце вячоркі.


Цярэшка

Ну калі так, дык трэба гасцей сустракаць, пайду дзверы адчыню.


(Адчыняе дзверы, у хату ўваходзяць госці і спяваюць.)
Госці

На вячоркі ў Ляхавiчы мы ідзём,

Дарагія дзевачкі,

Гарманіст у нас харошы

Грае нам прыпевачкі.
Васіліна

Добры вечар, дзяўчынкі – весялінкі!

Уваходзьце, калі ласка!
Цярэшка

Ой, сябры! Вітаем вас!

Уваходзьце, хуценька да нас!

Сёння наша хата

Весялосцю багата!
Дзяўчына

Паглядзіце, як прыгожа ўвабрана хата ў цёткі Васіліны!


(Дзяўчаты разглядваюць хату, а Васіліна паказвае, што ў яе хаце ёсць.)
Васіліна

А я сёння рана ўстала,

Ручнік гладдзю вышывала.

Вось які ён у мяне прыгожы атрымаўся.

А гэта вось сатканы абрус з узорамі,

Каб стол быў засланы святочным уборам.

А вось ляжыць палавік паласаты,

Гэта ўбор вясковай хаты.

А цяпер, любыя госці,

Просім у вас мілосці,

Каб вы так не сядзелі,

А ў руках справу імелі.

Сядайце, калі ласка.
(Усе сядаюць і хто пляце, хто вышывае, хто кудзелю прадзе, хто клубкі пераматвае. Усе працуюць і размаўляюць паміж сабой.)
Дзяўчына

А мы лён ірвалі,

У снапы вязалі,

Аббівалі, у полі слалі.

Урадзіўся ў нас лянок,

Белы, слаўны кужалёк.


Дзяўчына

І мы многа працавалі,

Сеялі, палолі, рвалі,

Пражу пралі,

Кросны ткалі.

Выйшлі посцілкі на славу,

Хоць на ложак, хоць на лаву.
Васіліна

Вось, якія чараўніцы,

Вось, якія ўсе майстрыцы,

Возьмуць у рукі палатно –

Ажывае ў іх яно.

Каб было лепш працаваць,

Трэба песню заспяваць.
(Працуюць і спяваюць песню “Як прачнуся я ў панядзелак”. Раздаецца грукат у дзверы.)
Цярэшка

Яшчэ нехта грукоча,

Вельмі на вячоркі хоча.

Пайду сустракаць.


(У хату ўваходзяць хлопцы.)
Хлопец

Як павялося пры сустрэчы

Вітаем шчыра: добры вечар!
Васіліна

Добры вечар, хлопчыкі – малойчыкі!

Мілосці просім да нас у госці!

Вячоркі чакаюць гасцей,

Уваходзьце ў хату хутчэй!

Сядайце, далучайцеся да працы.


(Усе працуюць, гучыць музыка.)
Васіліна

Цярэшка, што ты маўчыш, як вады ў рот набраўшы, раскажы што-небудзь цікавае.


Цярэшка

Зараз, сэрца залатое.

Колісь баба і дзед жылі,

Куры, гусі ў іх былі,

Парасяты і бычкі,

Добра жылі старычкі…

Пабачце, вось лёгкія на ўспамін, да нас завіталі.
(Уваходзяць у хату баба і дзед спрачаючыся.)
Баба

Я табе кажу не прадам.


Дзед

А я табе кажу прадасі.


Баба

Не прадам.


Дзед

Прадасі.
Васіліна

Пачакайце, пачакайце, а што гэта ў вас за спрэчка?
Дзед

Вось хвалёна гаспадыня мая,

Мне не мытую сарочку дала,

Не мытую, не качаную,

У суседа пазычаную.
Баба

А ты што, лепшы за мяне, такога бычка хоча збыць!


Дзед

Ды забярыце вы і кароўку,

Свабадзіце ёй галоўку,

Бо няўмее ні кароўку даіць,

Бо няўмее ні цадзілку памыць,

Толькі умее па вяселлях хадзіць.


Васіліна

Хопіць вам спрачацца, кажуць вы вельмі прыгожа спяваць умееце, паспявайце лепш, а мы паслухаем.


Баба

Спяваць мы вельмі любім, давай паспяваем.


(Песня “Сабірайся ў госці, мой дзядок”:)
Сабірайся ў госці, мой дзядок,

Сабірайся ў госці, галубок.


Не пайду я ў госці, холад на двары

А мне ломіць косці, я ужо стары.


Сабірайся ў госці, мой дзядок,

Сабірайся ў госці, галубок.


Не пайду я ў госці, я ж табе кажу,

Лепш на цёплай печы тошкі паляжу.


Як не пойдзеш у госці, грошай дай.

Трэба мне занесці каравай.


Бяры сабе грошы, ці мне іх шкада,

Толькі адчапіся ад мяне, бяда.


Дык ляжы на печы, стары дзед,

А мяне ў госці павядзе сусед.


Пачакай, гагулька, не спяшай.

Пойдзем разам у госці, мяне не пакідай.


Цярэшка

А давайце я вашага бычка куплю.


Баба

А колькі грошай ты мне за яго дасі?


Цярэшка

Торбу грошай на ўдачу,

Ды яшчэ мяне ў прыдачу.
Баба

Ну калі так, я згодна.

Торбу грошай на ўдачу

Ды Цярэшку ў прыдачу.

Цяпер пойдзеш ты, дзядок

З бычком разам у хлявок.


Васіліна

Ну, хопіць жартаваць, я свайго Цярэшку не прадаю, мне ў гаспадарцы і самой ён патрэбны, сядайце лепей, далучайцеся да нас.


Дзяўчынка

Ой, дзяўчаткі, паглядзіце, Юрасік ідзе, давайце яго паклічам да нас!


(Выбягаюць, пад рукі прыводзяць Юрасіка. Песня “Гэй ты, Юрачка”:)
Гэй ты, Юрачка,

Выхадзі да нас,

Бяры дзевачак,

Ды пускайся ў пляс.


Юрасік

Я б пайшоў скакаць,

Ручанькі баляць,

Ножанькі баляць,

Лепш пайду я спаць.
Дзяўчынкі

Гэй ты, Юрачка,

Выйдзь на ганачак,

Мы дадзім табе

Абараначак.
Юрасік

Выйду я на ганачак,

Дзе ваш абараначак?
(Дзяўчынка вешае вязку абараначак Юрасіку на шыю.)
Юрасік

Вось цяпер пайду скакаць

Покуль грае скрыпка,

Ручкі, ножкі не баляць,

Сярэдзінка гібка!
Васіліна

-Цяпер, хлопцы, не зявайце,

Дзяўчат у гурце выбірайце!
Юрасік

Зараз буду выбіраць

З кім мне лепей у пару стаць.
Хлопчык

А я з той пайду скакаць,

Што ўмее вышываць
Хлопчык

А я вазьму тую,

Што добра танцуе.
Хлопчык

А мне трэба тая,

Што добра спявае.
Хлопчык

А мне да спадобы тая,

Што каса тугая.
Хлопчык

А я з той пайду скакаць,

Што ўмее гатаваць.
Хлопчык

А мне да спадобы тая,

Што добра хату падмятае.
Хлопчык

А мне тая спадабалася,

Што адна засталася.
Юрасік

Гэй, музыка, зайграй,

Жару, пылу паддавай,

Зробім круг вялікі,

Скачуць чаравікі!
Цярэшка

Зайграйце, музыкі,

У мяне лапці вялікі.

Мне бацька іх сплёў

На вялікі Пакроў.
(Выконваецца танец “Карапет”. Чуецца грукат у дзверы.)
Васіліна

Яшчэ нехта спяшаецца да нас у хату. Цярэшка, ідзі паглядзі, ты маладзейшы за мяне.


Дзед Цімох

Добры дзень у вашу хату.


Цярэшка

А вось і дзед Цімох завітаў да нас. І табе старому дома не сядзіцца? Заходзь, калі ласка.


(У хату ўваходзіць дзед Цімох, на баку ў яго вісіць вялікая торба.)
Цярэшка

Якая ў цябе вялізная торба, што гэта ты ў ёй носіш?


Дзед Цімох

А гэта ж я ў ёй вам шмат падарункаў прынёс.


Цярэшка

Ну і дзе твае падарункі?


Дзед Цімох

А ты паглядзі


(Цярэшка глядзіць у торбу.)
Цярэшка

А ні якіх падарункаў я тут не бачу.


Дзед Цімох

А ты што, сляпы, ці не бачыш якая там дзірка вялікая? Гэта ж іду я праз млын, а там зайцоў, зайцоў бегае. Ну дык я іх у торбу, у торбу. Вось і назбіраў поўную гэту торбу, а яны праз гэтую дзірку і паўцякалі.


Васіліна

Ах, каб цябе, дзед Цімох. Гэта ж трэба нам так галаву надурыць, каб разоў 200 нахлусіць!


(Дзед Цімох праходзіць і сядае на скамейку.)
Дзед Цімох

Цярэшка, людзі кажуць, што твая жонка навучылася вельмі смачна гатаваць. Праўда кажуць, ці не?


Цярэшка

Усяк бывае, кажуць, што і каўбаса страляе. Гатаваць мая жонка навучылася добра, гэта праўда. Засталося толькі мне навучыцца есці тое, што яна згатуе.


Васіліна

Няўжо я у цябе такая дрэнная гаспадыня?


Цярэшка

А вось зараз пабачым, якая ты ў мяне гаспадыня.


(Праводзіцца гульня “Хто хутчэй паставіць гаршчок на прыпечак” - пры дапамозе вілаў. Першая спрабуе гаспадыня, потым гаспадыня прапануе гэта зрабіць Цярэшку. У яго гэта атрымліваецца дрэнна)
Васіліна

Вось цяпер усе ведаюць, які ты ў мяне гаспадар.

Ой, госцейкі мае даражэнькія, я вас чакала ды пірог пякла, а гаспадар квасу нарабіў. Цярэшка, ідзі квас нясі.
(Цярэшка ідзе за квасам, а Васіліна раздае пірог і расказвае.)
Сёння мы вячоркі святкуем,

Усіх гасцей пірагом частуем,

І Андрэя, і Сашу, і Колю –

Наядайцеся ў волю.

Не ўсё ж спяваць, ды танцаваць. Кажуць так: “Будзе хлеб – будзе і песня”. І сапраўды красна хата не вугламі, а пірагамі. Цярэшка, дзе ты, хутчэй квас нясі.
Цярэшка

(Нясе збан з квасам і прыгаварвае.)

Чыжык – пыжык,

Дзе ты быў?

На вячорках квас піў.

Выпіў квасу кроплі дзве -

Зашумела у галаве!

Вось Сярожу ды Івана

Напаю з гэтага збана.

Ну а вы, падружкі,

Падстаўляйце кружкі.


(Налівае квас.)
Дзяўчынка

Цярэшка, які у цябе смачны квас, як ты яго рабіў, можа рацэпт дасі?


Цярэшка

А гэта зусім проста. Бярэш вядро вады, тры літры мёду, пуд солі, бутэльку воцату, перамешваеш усё і ставіш на паўгода на печ у цёплае месца, вось табе і квас.


Васіліна

Што ты мелеш, такім квасам атруціцца можна.


Дзяўчынка

Дзякуй за смачны пірог ды цудоўны квас, але ужо позна, пара дамоў збірацца. Нагуляліся самі, людзей павесялілі дый работу зрабілі. Заўтра рана уставаць, ісці працаваць, бо без працы няма чаго хлеба шукаці. Давайце заспяваем напаследак.


(Выконваюць песню “На вуліцы гармонь грае”:)
Усе

На вуліцы гармонь грае,

На вуліцы гармонь грае,

А я пайду пагуляю,

А я пайду пагуляю,
Хлопцы

У мяне шапка на баку,

У мяне шапка на баку,

А ў кішэні грошы,

А ў кішэні грошы.

Паглядзіце на мяне,

Паглядзіце на мяне,

Які я харошы,

Які я харошы.
Дзяўчаты

У цябе ў кішэні грошы,

У цябе ў кішэні грошы,

Які ж ты харошы,

Які ж ты харошы,

На вуліцы гармонь грае,

На вуліцы гармонь грае,

Пойдзем разам пагуляем,

Пойдзем разам пагуляем.
Дзед Цімох

Бывайце здаровы,

Ды ў шчасці жывіце.

А прыйдзем у госці

Дык квасу наліце.
(Пад музыку песні выходзяць.)
Вядучая

Вось і скончылася наша падарожжа ў мінулае. Мы сустрэліся з добрымі, ветлівымі людзьмі, якія ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. Настала пара і нам з вамі развітвацца. Жывіце ў згодзе і радасці, вучыцеся ў нашых продкау мудрасці, помніце іх запаветы, бо без памяці няма сумлення. Бывайце здаровы. Да новых сустрэч!


http://www.veselka.by/?p=1352

http://www.veselka.by/?p=1364



http://www.veselka.by/?p=1387
: sites -> default -> files -> page -> files
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> Мрб тэма: Адкуль пайшлi назвы нашых гарадоў
files -> Медыяадукацыя. Еўрапейскія практыкі і беларуская рэчаіснасць Аналітычная запіска
files -> Агульнае паняцце пра Халакост. “Яўрэйскае пытанне ў Еўропе” (Дадатак №2)
files -> Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў бсср наталля Бартошык, дуа «Бокшыцкая сярэдняя школа»
files -> Вусны часопіс “Мая родная старонка Чашніччына” Кацярына Сабалеўская, дуа «Чашніцкая гімназія»
files -> Краязнаўчая азбука
files -> Складаныя сказы з некалькімі даданымі ў 10 класе
files -> Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
files -> Беларускае пяціборства-хiі магілёў 16 студзеня 2013 года Заданне 1




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка