Зэльва 2011 Жаўраначкі, прыляціце, цёпла лецейка прынясіце…



Дата канвертавання15.05.2016
Памер101.56 Kb.
Установа адукацыі “Дзяржаўная сярэдняя школа №3 г.п.Зэльва”


Сцэнарый беларускага народнага свята “Саракі”
Жаўраначкі, прыляціце, цёпла лецейка прынясіце…

Падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Л.І.Камякевіч


Зэльва

2011

Жаўраначкі, прыляціце, цёпла лецейка прынясіце…
Мэта: садзейнічаць паглыбленню ведаў вучняў пра беларускае народнае свята Саракі.

Задачы:

развіваць этнаграфічную культуру вучняў;

выхоўваць цікавасць да народных традыцый, абрадаў, звычаяў.
Падрыхтоўчая работа. Вучні рыхтуюць вершы пра вясну, птушак, дазнаюцца ў старэйшых, якія абрады прымеркаваны да гэтага свята.


Дзеючыя асобы:

Бабуля

Хлопцы


Дзяўчаты

Дзяўчаты заводзяць карагод і спяваюць вяснянку:

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела.

Жавароначкі, прыляціце

I дожджыкам напаіце,

Каб травачкі парасцілі,

Каб волікаў накармілі.
Адна з дзяўчат пытаецца:
— Жаваранак, ранняя птушачка,

Чаго так рана з выраю вылятаеш?

А там пры даліне — там ляжаць крыгі,

А там пры дарозе — снягі і марозы.


Другая адказвае:

— А я тыя крыгі крыламі разаб’ю,

А я тыя марозы нагамі растапчу.

На сцэну выходзяць хлопцы

Першы хлопец:


  • Гэй, хлопцы, хадзем на рэчку, па лёдзе пакоўзаемся!

Другі хлопец:

  • Не, нельга сёння на рэчку. Хіба не чуў, што сёння Саракі? У народзе кажуць: На Саракі — не суйся блізка да ракі.

Трэці хлопец:

  • Што гэта за свята такое? Чаму так называецца?

Другі хлопец:

  • А вось мы зараз пойдзем да бабулі, яна даўно на гэтым свеце жыве і ўсё ведае.

Гурт дзяцей заходзіць у хату да бабулі.

Другі хлопец:

  • Добры дзень, бабуля! Прыйшлі цябе праведаць ды пра сённяшняе свята распытаць.

Бабуля:

  • А вось адгадаеце мае загадкі і самі ўсё зразумееце! Згодны?

Трэці хлопец:

  • Так, бабуля, загадвай!

Бабуля:

  • Слухайце, даражэнькія.

Бабуля загадвае загадкі пра птушак
Праз горы, даліны,

Праз тысячы сёл

3 далёкай краіны

Вярнуўся пасол.

Спаважны, чыноўны,

Ён стаў на страсе

У ботах чырвоных,

Каб бачылі ўсе. (Бусел.)




У пагодлівы дзянёк

Недзе з паднябесся

Пералівісты званок

Славіць працу песняй. (Жаўранак.)



Спераду шыльца,

Ззаду вільцы,

Наверсе чорная палатка,

Спінка роўна ды гладка. (Ластаўка.)

Мабыць, ён не зведаў гора,

Не хадзіў ніколі голы.

Бо, як лета на дварэ



Усё вопратку дзярэ. (Драч.)


Бабуля:

  • Ну што, зразумелі, чаму свята мае такую назву?

Дзеці:

  • Так, бабуля. Бо ў гэты дзень птушкі з выраю вяртаюцца.

Бабуля:

  • Так-так, даўней казалі, нібы на Саракі прылятае сорак выраяў і ўжо канчаткова прыходзіць вясна. Але ёсць меркаванне, што па царкоўнаму календару назва свята пайшла ад сарака чалавек, што пакутавалі ў Севасційскім возеры каля 369 года.

Першы хлопец:

  • Дзякуем, бабуля, цяпер зразумела, чаму свята мае такую назву.

Бабуля:

  • Пра гэтае свята шмат прыказак складзена ў народзе.Ці ведаеце іх, дзеці?

Дзеці:

  • Ведаем, бабуля, ведаем.

Дзеці ўспамінаюць прыказкі і прымаўкі на свята “Саракі”

  • На Саракі пайшла зіма да ракі.

  • На Саракі ў адзін дзень сорак марозаў.

  • На Саракі вылятае сорак выраяў.

  • На Саракі дрэвы адпушчаюцца.

  • На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі.

  • Святыя Саракі ў поле саху валаклі.

  • На Саракі прыляцелі з-за мора птакі.

  • На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца.

  • На Саракі — не суйся блізка да ракі.

  • На Саракі вылятае з цёплага краю вястун вясны жаваранак, пасля яго гракі, што бывае за 12 дзён да адкрыцця вады.


Бабуля:

  • Малайцы, шмат прыказак успомнілі. А ці ведаеце, як гэтае свята адзначалі гаспадыні?

Дзеці:

  • Не, не ведаем.

Бабуля:

  • А гаспадыні выпякалі ў гэты дзень для дзяцей 40 жаваранкаў з цеста і клалі ў адзін з іх «саракоўку» — 20 капеек. Каму яна дастанецца — той будзе шчаслівы. І я для вас, мае дзеткі, прыгатавала печыва. Частуйцеся, калі ласка.

Бабуля запрашае дзяцей сесці за стол і прапануе

пачастунак (выпечанае з цеста пячэнне ў выглядзе птушак, прылад працы і інш.)

Бабуля:

  • Я напякла для вас з цеста 40 жаваранкаў, 40 маленькіх піражкоў і згатавала 40 варэнікаў і 40 галушак. Кожны з вас павінен з’есці сорак клёцак, каб быць увесь год здаровымі, моцнымі. А падсілкаваўшыся, пойдзем у гульні гуляць.



Дзеці частуюцца, дзякуюць бабулі за смачна прыгатаваную ежу.
Бабуля:

  • А цяпер я раскажу, як бавіла час моладзь у гэты дзень. Хлопчыкі павінны былі, закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ або перакінуць цераз хату.

Хлопцы:

  • І мы, бабуля, жадаем паспрабаваць выканаць такое заданне, а што будзе, калі ў нас атрымаецца?

Бабуля:

  • Ну, хлопцы, калі выканаеце гэта, то вясною знойдзеце сорак птушыных гнёздаў або сорак качыных яек.

Хлопцы весела выбягаюць выконваць заданне

Бабуля:

  • А вы, прыгажуні, што засумавалі? Ці ведаеце, чым займаліся дзяўчаты ў гэта свята?

Дзяўчаты:

  • Не, не ведаем, бабуля.

Бабуля:

  • Дык я вам зараз раскажу. Свае забавы былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 галінак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў.

Дзяўчаты:

  • Бабуля, а навошта яны гэта рабілі?

Бабуля:

  • Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, сімвалізавалі сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёй мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду.

  • Дзяўчына:

  • А давайце, сяброўкі, і мы такі абрад правядзем. Можа і цёплае надвор’е хутчэй усталюецца!

Дзяўчаты праводзяць

абрад абуджэння прыроды ад зімовага сну( ламаюць галінкі, рвуць вяровачкі).
Бабуля:

  • А яшчэ дзяўчаты хадзілі гукаць вясну на Саракі. Заводзілі карагод і спявалі песні-вяснянкі.

Дзяўчаты:

  • Дзякуем, бабуля за цікавы аповед, за пачастункі. А мы з дзяўчатамі пойдзем на двор і таксама завядзём карагод і заспяваем вяснянку.


Дзяўчаты выходзяць, становяцца ў карагод і спяваюць.
Жавароначкі, прыляціце,

Вясну красную прынясіце,

Каб сонейка засвяціла,

Каб снег белы растапіла,

Каб садзікі расквяціла.
Жавароначкі, прыляціце,

Зямлю-матухну абудзіце

І дожджыкам напаіце,

Каб травачкі парасціла,

Каб волікаў накарміла.
Свята песенькай сустракаем,

Вясну весела мы гукаем:

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"
Ходзім радасна карагодам,

Выглянь, сонейка, дай пагоду!

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"
Шчасце-долечку мы гукаем,

Мы зямлю сваю адмыкаем.

"Жавароначкі, прыляціце,

Зямлю-матухну абудзіце"

"Жавароначкі, прыляціце,

Зямлю-матухну абудзіце"
Жыта-жыцейка хай рунее,

Кветкі-красачкі хай квітнеюць.

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"
Свята шчырае мы сустрэлі.

Шчыра песеньку мы прапелі:

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"

"Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце"

Спіс выкарыстанай літаратуры


  1. Беларускія абрадавыя песні. Зап. У.Раговіча. Мн., 1985

  2. Беларускі народны каляндар. Аўтар-укладальнік Алесь Лозка. Мн., 1993

  3. Вількін Я.Р. Беларускія народныя гульні. Зборнік дзіцячых гульняў. Мн., 1969

  4. Ліцьвінка В.Д. Святы і абрады беларусаў. – Мн.: Беларусь, 1997

  5. Котович О. Золотые правила народной культуры. Оксана Котович, Янка Крук. – 3-е изд. – Минск: Адукацыя і выхаванне, 2009





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка