Зьміцер Дашкевіч. Чарвяк



старонка1/6
Дата канвертавання21.05.2016
Памер0.82 Mb.
  1   2   3   4   5   6
Зьміцер Дашкевіч. Чарвяк

Я стаяў у “клетцы”. Гэта была адна з трох камер КПП-2 — 50 на 50 см, з цаглянымі сценамі і замест дзвярэй кратамі, якія гэтак жа адчыняліся і зачыняліся. Дзякуючы дызайнерскім асаблівасцям, буды гэтыя і называюць у народзе “клеткамі” ці “стаканамі”.

КПП-2, як і кожнае такое КПП у іншых лагерах, падзяляе жылую і працоўную зоны. Апроч камер для правапарушальнікаў, на КПП, перадусім, знаходзяцца: пакой дзяжурнага, дзе ўсталяваны электронныя прыборы кантролю калоніі; у выглядзе дзвярной рамы — металашукальнік, праз які мусяць праходзіць зэкі вяртаючыся з прамзоны. Ёсць тут яшчэ невялікі кабінецік, на сцяне яго вісіць пластыкавы макет зоны з усімі абарончымі рубяжамі: адначасова і пакой для інструктажу змены перад працаю, і перакусачная; а побач месціцца пакой для дагляду асуджаных, перад закрыццём у “стакан”. У пакоі гэтым, чамусьці, стаіць вялізны сейф.

— Што захоўваеце ў сейфе-та? — запытаў я неяк у кантралёра, каторы асабліва пільна там мяне распранаў.

— Паслядоўнасць растрэлу бандытаў пры надзвычайным становішчы, — ці тое усур’ёз, ці тое па прыколу заявіў мне даглядчык.

— Дык якія вам паслядоўнасці? — даў я ў сваю чаргу параду. — Шмаляйце ўсіх направа-налева і канцы ў ваду.

— Ну так, вады тут шмат, — загадкава пагадзіўся той.

Што мне было яшчэ казаць? Вады і сапраўды там шмат — зона стаіць у возеры. Віцебшчына — край блакітных азёраў.

— Трымай.

Я працягнуў з клеткі руку і зэк гэтак жа хутка паклаў нешта мне ў далонь ды тут жа выйшаў у шэрагу асуджаных, што вярталіся з працы ў зону.

Я расціснуў кулак—то былі тры шакаладныя цукеркі. Мяне ажно праняло: не тое, каб ад шакаладных пачастункаў (раздаваць якія невядома каму — гэта святатацтва для зэка), як ад разумення таго, што сярод гэтага шэра-чорнага натоўпу чалавекаў, усё ж, больш, чым тое можна было б меркаваць. Вось гэты—невядома хто,але не пабаяўся падтрымаць, хоць, безумоўна, ведае, што вокамгненна можа патрапіць у няласку і стаць побач, у суседнюю клетку.

— Што там перадалі табе? — адразу падскочыў малы вяртлявы кантралёр.

— Цукеркі.

— Хто перадаў?

— Не ведаю.

— Пакажы.

Я дастаў цукеркі з кішэні.

— Давай сюды.

— Ды ўжо не перапрацоўвай ты можа? — кінуў я спакойна, але з некаторым абурэннем.

— Я тут пакладу, — асёкчыся апраўдаўся Дзяніска, — непаложана.

— На, — непаложана, дык непаложана.

— Во, будуць наверсе, — і стаўшы на дыбачкі, ён паклаў непаложанае на дах майго стакану. — Па вызваленні забярэш.

Я прамаўчаў, даючы разумець, што забяру і без ягоных парадаў: дзе тое бачана, каб зэк шакалад мог забыць?!

Неўзабаве прыйшоў і мой вызваліцель — доўгі руды кантралёр з траха лупатымі вачыма. Адчыняючы клетку, ён з усмешкаю запытаў:

— Ну што ты, усё парушаеш?

— Канешне, — пацвердзіў я, выйшаўшы з камеры, і адразу згроб з даху цукеркі.

— Ты мо завязвай з гэтым?

— Не магу: парушаць рэжым — гэта маё крэда. І тут, і на волі.

— Раскруцяць жа.

— Ды кішка ў іх танка, — адсёк я ўпэўнена.

— Не, тут раскруцяць, павер мне, — паківаў той.

— Ну дык няхай і круцяць, у нас усё адно, за кожным вызваленнем ідзе арышт.

Пасля колькісекунднай паўзы рыжы зрабіў дапушчэнне:

— Тут ты мо і маеш рацыю.

— Гэта не я, гэта класік гулагаўскай прозы жыцця, — удакладніў я, ідучы ды выхаду, і кінуў на развітанне: — Давай!

— Сёння ўжо не завітаеш да нас? — падкалоў мяне кантралёр.

— Куды ж ужо на ноч? Заўтра мо, пасля “промкі”.

— Ну глядзі, нашыя апартаменты заўсёды радыя вас прыняць.

— Гэта не можа не абнадзейваць, Пятро! — падзякаваў я і выйшаў з КПП.

Перад адбоем я піў смачную гарбату са смачнымі шакаладнымі цукеркамі і думаў: “Дай Бог харошаму чалавеку здароўя і добрую жонку!”

Што такое “промка”? “Промка” —гэта галоўны інструмент перавыхавання зэка. Як падаткавікі маюць штомесяцовую разнарадку на колькасць злоўленых неплацельшчыкаў “мзды”, дзяржкантрольшчыкі — на колькасць выяўленых сабатажнікаў мадэрнізацыі і г.д., і г.д., так і турэмшчыкі маюць спушчаны з вярхоў план на адсотак перавыхоўванага кантынгенту, і адсотак не абы які — 100 працэнтных пунктаў. І няхай ніхто не думае, што гэта завялікія патрабаванні, бо зона іх не толькі выконвае, але і перавыконвае. Не, я не пра прыпіскі, усё адбываецца цалкам законна, па наступнай схеме. Выходзіць на промзону, да прыкладу, 10 зэкаў — гэта азначае, што ўсе яны перавыхоўваюцца і перавыхаваныя да рэшты вызваляюцца ўмоўна-датэрмінова ці, хаця б, “па званку”. Ужо маем 100 працэнтаў перавыхаваных. Праз колькі месяцаў— “дома” 9 з 10. Іх зноў перавыхоўваюць, зноў вызваляюць, і вось, маем мы —190%! Канешне, было б 200%, але адзін, пасля першага перавыхавання, баршчануў на волі “максімкаю” і ад перадозу аддаў душу сваю іншым выхавальнікам. Сапсаваў, паскуднік, паказнікі!

Таму, каб паказнікі не псаваць, усе павінны выходзіць на “промку”. Як там працуюць і ці працуюць увогуле —гэта іншая гаворка, а якая выніковасць —увогуле не адной дысертацыі тэма. Галоўнае — хадзіць, перавыхоўвацца. І я хадзіў, я ўмацоўваў справаздачнасць — каб турэмшчыкі мелі прэміі, каб былі сытымі і поўнымі сілаў на нялёгкую місію перавыхавання.

І заўтрашнім пагожым чэрвеньскім днём я ішоў на промку з самымі шчырымі намерамі пазмагацца за працэнтныя пункты — пазагараць. А дзень якраз выдаваўся сонечным, і пакуль неба дарыла такі шанец, я прыпальваў год не бачыўшую сонца скуру — скінуўшы кашулю, прагульваўся па пляцы.

Пляц — заасвальтаваная прастора метраў 20 на 50, якую атачаюць некалькі працоўных цэхаў прамзоны. На высокім ганку аднога з будынкаў, насупраць цэху ў якім знаходзілася мая працоўная кніжка, сядзеў на зэдліку нехта белы, быццам анёл ды пабліскваючы на сонцы схіліўся над кнігаю. Заўважыўшы мяне, белы чалавек махнуў рукой і нягучна, але дастаткова каб я чуў, гукнуў:

— Здароў!

— Здароў, — адказаў я, падышоўшы бліжэй.

Анёлам апынуўся сярэдняга росту, плячысты, жыццярадасны зэк з прасветленым шырокаскулым тварам, блакітнымі вачыма, над якімі чорныя бровы злучаліся ля самога носа, шырокаватыя ноздры якога маглі сведчыць аб характарнасці, а завяршаючы партрэт высокі лоб — аб мудрасці, ці аб заўчасным аблысенні. Закрыўшы невялічкае выданне Новага Запавету “Братоў Гедэонаў” светлы чалавек адказаў на мой запытальны позірк:

— Гэта я табе ўчора цукеркі перадаў.

— А-а, — працягнуў я. — Дзякуй. А то ж я і не пазнаў бы — хутка неяк усё адбылося.

— Не забраў кантралёр?

— Ты што, як мог ён так рызыкаваць здароўем? — пасміхнуўся я і дадаў сур’ёзней: — Не, проста ўзяў на захаванне.

— Ну дык добра, — кіўнула астрыжаная пад нуль галава белага зэка.

Я стаяў перад ім і глядзеў на цэх, разважаючы, чым тут маглі б займацца.

— Пякарня, — кіўнуў мне суразмоўца.

— Зразумела цяпер, а тое я думаю: “Што гэта такое: усе зэкі як зэкі — чорныя і чумазыя, а тут — белыя і чыстыя?” — патлумачыў я пра сваю цікаўнасць і запытаў, кінуўшы на Кнігу: — Веруючы?

— Так, канешне.

— “Канешне”, — паўтарыў я. Каму — “канешне”, а большасці б пуза толькі забіць ды чыфірнуць пад цыгарэтку.

— Так і ёсць.. — сумна прамовіў светлы чалавек, — але і на волі тое ж самое.

— Сапраўды, і на волі… — выдыхнуў я і задумаўся. — На волі толькі патрэбы іншыя.

Цяпер задумаліся мы абодва.

— Хадзіў у царкву па свабодзе? — перапыніў я паўзу, узгадаўшы аднога свайго сябра са шклоўскай калоніі, каторы перад зняволеннем наведваў пратэстанцкую царкву, потым сышоў у свет, а са свету, як і мае быць, — у месцы не гэтак аддалёныя.

— Спрабаваў, захаджваў пару разоў… І ведаў, адчуваў у сэрцы, што кліча Бог… але… ведаеш як яно бывае — свет праглынуў…

— Ведаю, — паківаў галавою я.

— І вось навука, — белы зэк абвёў рукою будынкі, — ізноў тут.

— Колькі ж табе вучыцца прапісалі?

— Дванаццаць.

— Н-да… дванаццаць, — пры агучванні такіх тэрмінаў не ведаеш што і казаць. — Гэта — ніколі.

— Зьміцер! — гукнуў ад майго цэху Віця — брыгадзір з зэкаў, да якога я быў прыстаўлены. Ці гэта ён да мяне быў прыстаўлены? Не ведаю, разабраць было цяжка.

— Нешта там хочуць, — кіўнуў я пекару. — Пайду пакуль.

— Паслухай, — спыніў ён мяне.

— Ну.

— Хацеў паразмаўляць з табою на адну тэму.

— Можна, — згадзіўся я, — тут жа суполка збіраецца ў царкву па нядзелях. Пойдзеш?

— Пайду.

— Дык во, сходзім, а пасля можна і пагаварыць.

— А ізалятар не выпішуць табе да нядзелі?

— Ну, мо, пратрымаюся на волі пару дзён, — выказаў я верагоднасць, усміхнуўшыся зэкаўскаму аксюмарану пра волю ў зоне.

Да нядзелі, усё ж, на свабодзе ўдалося пратрымацца. А 14-й, перад пачаткам служэння, я выйшаў з трохпавярховага будынку, у якім месціўся мой атрад, у “лакалку”. “Лакалкай” называюць своеасаблівы панадворак — агароджаную трохпавярховым прэнтам тэрыторыю вакол атрада, якая пазбаўляе зэкаў мажлівасці перасоўвацца па ўсёй зоне, лакалізуе іх, так бы мовіць, непасрэдна ля самай хаты. Як і любы плот у вёсцы якой, лакалка таксама мае весніцы, але тут — жалезныя, з тых жа прэнтаў, і на электрычных замках. Таму, у адрозненне ад панадворку уласнай хаткі, з панадворку зонаўскага зэк выйсці самастойна не можа — толькі пад суправаджэннем заўхоза атрада (з зэкаў) ці супрацоўніка калоніі.

Агледзеўшыся ў “лакалцы”, якая ў выходны сонечны дзень была падобна на ходнік сталічнага праспэкта перад Макдакам, я ўбачыў ля весніц пекара, каторы прыхіліўшыся да плота слухаў кагосці, актыўна жэстыкулюючага перад ягоным тварам. Белы чалавек сёння быў ужо гэткім ж шэра-чорным, але выдзяляў яго з агульнае масы такі ж прасветлены твар і яшчэ вялікая Біблія, якую ён, узяўшы рукі пад пахі, прыціскаў да грудзей.

— Вітаю, — прамовіў я цішэй, каб не перашкаджаць размове —у прыстойным калектыве гэта не прынята — і махнуў галавою: — Ідзеш?

Якраз у гэты момант пачалі выходзіць з “лакалкі” асуджаныя, што меліся ісці на служэнне, і пекар з заўсёднаю ўсмешкаю спахапіўся: — О, хадзем!

Мы тут жа выйшлі ў шэрагі іншых жадаючых асвяціць сёмы дзень.

Пакойчык, дзе збіраліся па нядзелях хрысціяне, знаходзіўся ў суседнім будынку, старым корпусе зоны — базыльянскім кляштары.Веруючыя, будуючы яго ў XVII стагоддзі наўрад ці маглі ўявіць, што сцены гэтыя будуць служыць людаедам бальшавіцкім, потым нацысцкім, потым ізноў бальшавіцкім, а ўрэшце рэшт стануцца самай жорсткай зонай Беларусі, дзе толькі ў некалькіх пакоях раз на тыдзень будзе дазволена маліцца.

Для таго ж, каб у пакойчык той патрапіць, трэба было загадзя падаваць замову адміністрацыі, якая складала спіс, і нядзельны паставы, каторы дзяжурыў на невялікім пятаку зону — выхадзе з двух “лакалак”, — правяраў, ці не праціснуўся сюды лішні — які-небудзь жадаючы прабрацца са свайго корпусу ў суседні да земляка на гарбату.

Адзін раз перад гэтым я ўжо быў на служэнні, якое праводзіў дыякан мясцовай пратэстанцкай суполкі, і якое наведвала штотыдня дзесяць-дванаццаць авец, з каторых некаторыя былі ўжо знойдзены. Гэтым разам нас таксама выйшла чалавек дзесяць. Кантралёр пералічыў паству па спісе, і я памкнуўся ўжо ісці за астатнімі, як заўважыў, што светлы чалавек стаіць са сваім таварышам на месцы ды гэтак жа прыціскае да грудзей Біблію, і таму я яго падахвоціў:

— Дык пайшлі!

— Не, я ж у праваслаўную, — адмоўна закруціў ён галавою.

— Праваслаўную? — утаропіўся я.

— Так.

— Ну… давай тады… мо як убачымся, — прамармытаў я і пасунуўся за сваімі адзінаверцамі, каторыя ўжо заходзілі ў суседні лакальны ўчастак кляштарскага корпуса.

Цікава, праваслаўны… І адкуль прыйшло мне, што пратэстант ён? Зрэшты, праваслаўны — і дзякаваць Богу — Хрыстос Адзін. Мо яшчэ пагаворым калі-небудзь — бліжэйшыя паўгода нікуды з зоны я не збіраюся.

* * *

— Можа давай у ніжнюю пасадзіш, каб не валачы кешары гэтыя.



— Не, Зьміцер, ніжнія цякуць там пастаянна, давай наверх, — адказаў на маю просьбу старэйшы змены, мой цёска прапаршчык Зміцер.

Прыйшлося цягнуць дзве торбы пажыткаў па вузкай жалезнай лесвіцы, якая пад вострым вуглом злучала адзіночныя камеры першага і другога паверхаў. Паставіўшы рэчы на падлогу, зробленую з навараных прэнтаў так, што можна было бачыць скрозь іх ніжні паверх, я спусціўся за матрацам. Гэтым разам прапаршчык падняўся следам за мною, адчыніў другую ад вугла камеру — 20-ую, і з усмешкаю прамовіў:

— Міласці просім!

— Дзякуй за сэрвіс!

Як толькі дзверы за мною зачыніліся, хуткімі ўдарамі ў сцены затарабаніў сусед — жыхар сярэдняй з пяці адзіночак на паверсе. Гэта быў маяк на сувязь, і я крыкнуў:

— Гавары!

— Хто заехаў?

— Дашкевіч.

— А-а… І што далі?

— Год.

— Нармальна… Ну дык з новым годам!

— Дзякуй, і табе не хвараць, — адказаў я, зацягваючы рэчы далей, углыб камеры. — Давай пазней перамовім, трэба раскласціся.

— Добра, — згадзіўся зэк з 21-й, — маякуй як што!

Для раскладвання, у прынцыпе, варыянтаў шмат не было: усёй адзіночкі маёй было метр ушыркі і два ў даўжыню. Адразу ля дзвярэй знаходзіўся пляскаты ўнітаз з кранам над ім. За эканамічным вынаходніцтвам унітаза-ўмывальніка мацавалася да сцяны яшчэ адна знаходка камуна-гулагаўскай інжынерыі — ложак-стол: жалезная нара, да якой знізу прывараны столік у 25 на 25 сантыметраў. Калі нара на дзень падымалася і прышпільвалася да сцяны — у хаце з’яўляўся столік, калі нара на ноч апускалася — столік знікаў. Побач з нараю быў увараны ў дол жалезны зэдлік, але аддадзім належнае, з прышрубаванаю на ім у часы “перабудовы” драўлянаю дошчачкаю. На ноч зэдлік знікаў таксама — на яго клалася нара. У сцяне насупраць дзвярэй была даволі вялікая, і тым больш для адзіночкі, фортка шырынёю амаль у шырыню самой камеры і вышынёю троху больш за метр. Пад вакном дзве шырокія трубы служылі батарэяй.

Такія адзіночкі вы не сустрэнеце ў Беларусі больш нідзе. Так сведчаць стрыжаныя. Гэта толькі тут, у былой, — адной з трох на ўсю краіну Саветаў, — зоне асобага рэжыму. Цяпер “асобікаў” сядзіць ў калоніі ўсяго тры камеры, а вось дзесяць адзіночак, для іх прызначаных, служаць усім “страгачам”.

Агледзеўшы гаспадарку сваю, я ўзяўся за выканне галоўнага рытуалу зэка — варкі гарбаты. Хоча зэк тое ці не вельмі жадае, але як толькі з’яўляюцца пад рукою кіпяцільнік і разетка, зэк абавязаны заварыць чорнай травы. Пры адсутнасці прыладаў для варкі, зэк мучыцца доўга не будзе: ён раскладзе вогнішча, сцягне агонь з неба ці яшчэ што-небудзь вынайдзе, але травы, чорнай як ягонае жыццё, заварыць.

Я расклаў нару, якую не замыкнулі — меў права карыстацца ёй і ўдзень, да ўступлення прысуду ў законную сілу я быў ў статусе падследчага і сядзеў у адзіночцы ва ўмовах агульнага рэжыму. Стала бачна, што пашпацыраваць тут ужо не атрымаецца — ад сцяны да нары заставалася сантыметраў трыццаць. “Ладна, яшчэ панашпацыроўваюся,” — думаў я раскручваючы на жалезным ложку тонкую сваю “вату”, на якую з гарачым кубкам у руках адразу прысеў і прыхіліўся да сцяны.

Цяпер можна было б нават выдахнуць, быццам пераадолеўшы самы цяжкі жыццёвы этап. Этап і сапраўды быў не з простых, але колькі іх зараз наперадзе, этапаў гэтых, і дзе канец іхні — ведае ўжо адзін толькі Бог. Таму раслабляцца не выпадала. Аднак так хацелася троху, але адысці ад рэальнасці, перавесці дыханне, забыць пра ўсё!.. Хаця б на гэтыя шэсць сутак. Шэсць сутак, якія я маю да новага этапу ў невядомасць.

Здароў, Дзёня!”, “Дзёня, здароў!”, “Дзяніс, здаровенька!” — віталіся ПКТэшнікі, падымаючыся па жалезнай лесвіцы на шпацыр.

Здароўкі!”, “Вітаю, сябры!”, “Здаровенька!” — адказваў зэк з 19-й, той вуглавой адзіночкі ля самае лесвіцы.

Так паўтаралася тры разы — у колоніі было тры камеры ПКТ, якія знаходзіліся ў суседнім будынку, што амаль прыліпаў да нашага — тут месціліся і мы, і прагулачныя дворыкі, таму ПКТэшнікі ішлі гуляць паўз адзіночкі.

Завёўшы на прагулку ПКТ, кантралёр падышоў да нашых камер і запытаў у 19-й: — Зараз на “ гулку” пойдзеш ці пасля абеду?

— Давай зараз, — адказаў надта папулярны арыштант з вуглавой.

— А ты? — адчыніў старшына вочка у маёй хаце.

— Давай таксама зараз, — пацвердзіў я, вырашыўшы падымацца, — чатырнаццаць гадзін сну, для першага разу, дастаткова. Ды хацелася таксама і з ПКТэшнікамі перасекчыся (некаторых з іх ведаў з часу сваёй адсідкі ў ПКТ) і карцела пабачыць, што ж за сусед у мяне такі аўтарытэтны.

Апытваць астатнія адзіночкі кантралёр не пайшоў — шасцярых прагулачных дворыкаў на ўсіх не хапала усё роўна, і змена ў любым выпадку вымушана была выводзіць на прагулку яшчэ адну партыю, замест таго, каб сядзець спакойна пасля абеду і пацягваць “купчык”.

Кантралёр завёў майго суседа і прыйшоў за мною.

— Пайшлі, — кіўнуў ён, адчыніўшы дзверы.

— Пайшлі.

Мінуўшы адзін невялікі пакой, які аддзяляў адзіночкі ад дворыкаў, я адчыніў дзверы на вуліцу і ступіў на дах. Так, такіх дзівосных дворыкаў для прагулкі няма нідзе: апроч таго, што яны на даху, дык яшчэ і сцен не маюць, замест якіх — краты, і таму можна не толькі пабачыць зэкаў з суседніх камер, але і назіраць за цудоўнымі краявідамі, якія адкрываюцца з даху: возерам, лесам, дарогаю за ім, а потым ізноў: возерам, лесам, прыгожымі домікамі дзіўнага краю блакітных азёр, кляштароў і зонаў.

— Здаровенька! — павітаўся я.

У адказ загучала некалькі галасоў. Я зайшоў у апошні дворык. Перада мною адзін быў вольны, у наступным гуляла чалавек шэсць, у іншых таксама соўгаліся шэрыя постаці.

— Ну як ты, Дзімыч, асудзіўся? — запытаў Віталя, адзін са знаёмых мне па ПКТ асуджаных.

— Дык дзякаваць Богу, асудзіўся.

— Ведаем мы ўжо, ведаем. Нармальна адважылі табе, мы тут не думалі, што столькі дадуць.

— Ды я і сам не думаў. Спачатку я не думаў, што пачнуць круціць; потым я не думаў, што раскруцяць; потым — што так адважаць, — я ўсміхнуўся. — А цяпер яно і сапраўды: далей лепш ужо нічога і не думаць.

— Да, бо ёсць у стацці чатыры–адзін-адзін пачатак, і няма ў ёй канца, — агучыў філасофію ўсіх парушальнікаў рэжыму адзін з зэкаў і, сустрэўшыся са мною позіркам, запытаў: — Памятаеш мяне?

Я паглядзеў на зэка, потым іншых агледзеў, большасць з каторых не ведаў — за тры месяцы пасля майго вызвалення з ПКТ кантынгент змяніўся амаль цалкам. Гэты ж твар быў быццам знаёмы, але ніяк не мог прыгадаць, дзе я яго бачыў?

— Не.

— Алег мяне, памятаеш: у каранціне, у “Горках”, гарбату мы пілі, фоткі я свае табе паказваў?

— Ага, было такое, — узгадаў я. — Ты прабач, не заўсёды прыгадаеш адразу — столькі гэтых турмаў-этапаў-зонаў. А ў “Горках”, што я там: пару дзён каранціна і — ў ізалятар, а потым як выйшаў, дык вас там ужо па атрадах раскідалі.

— Ну так, павалтузілі цябе. Але я сачу за табою! — рапартаваў Алег. — Чытаю ў “Народнай Волі” пастаянна. Ты — маладзец, я це гавару, руліш граматна.

— Граматна? — у дадзеным кантэксце такі выраз азначаў, што я сам сабе шукаю прыгодаў. — Век бы грамацейства гэтага не бачыць. Я проста не магу дазволіць перамалаціць сябе, ды яшчэ каб задарма, — патлумачыў я сваю грамату і дадаў рэалістычную ацэнку: — Канешне, могуць сажраць, але хаця б пару чалавек ды падавіцца.

Прайшоўшы пару разоў па клетцы, узгадаў я добрым словам беснаватую горкаўскую калонію і запытаў:

— А што, чытаюць такія газеты яшчэ ў “Горках”?

— З цяжкасцямі. Гэта ўжо як ты паехаў, блатныя хадзілі і забаранялі “Народную Волю”, “БелГазету” падпісваць. А не, каму — у мазгі, каму — “рамсоў” навешаюць, ты ж ведаеш, як яно там робіцца, калі хто супраць операддзела.

— Ага, троху сербануў.

— Ну во, сам не разумею — як выграб? — выказаў здзіўленне Алег і зацягнуўся цыгарэтаю. —Я ж там па справе пісаў ўсё, і ў “БелГазету” дасылаў некалькі разоў, але ў “Горках” не выпускаюць такое. Паскандаліў потым з блатнымі, далі паўгода ПКТ і адразу вывезлі. Ды і дзякуй Богу! Зараз, во, хоць даслаў у “Белку” дакуманты свае. Мо хаця б яны разварушаць што, бо спадзявацца ў гэтай дзяржаве няма на каго.

— Гэта так, спадзявацца можна толькі на скуру сваю, — згадзіўся я і вырашыў пацікавіцца яшчэ пра лёс аднога свайго завочнага сябра, каторы сербануў у “Горках” за мяне добра: — А што Ладноў Дзяніс, вызваліўся?

— Ну так, выйшаў з ПКТ і праз тыдзень— на волю.

— Дык а прыязджалі да яго з праверкамі?

— Былі нейкія, але ён пайшоў у адмову: не было такога, я — ні я.

— Як так? Яго ж там пры мне калацілі… Сіні як ізалента быў, — не мог зразумець я такой “адмовы”, узгадваючы тым больш, як лупілі Дзяніса на “прадоле” ізалятара і, каб не чутны быў ягоны дзікі роў, цягнулі па падлозе ў лазню. Лазня ж у “Горках” выконвае дзве функцыі: пакой для мыцця, дзе зручна раз на тыдзень адшараваць гразь; і пакой для біцця, дзе яшчэ зручней збіваць біялагічную адзінку пад назваю “зэк”: па-першае, ніхто не чуе, а па-другое, хутка змываецца кроў са сценаў і падлогі — толькі пару тазікаў вады і трэба.

— Ты што, не разумееш, што такое “дзявятка”? Гэта цябе там — ды яшчэ з адвакатам — пабойваліся. А так — праверка прыехала і ўехала, а людзям жыць потым як? Ды нават калі і пакажаш пабоі, — махнуў рукою Алег і задаў самае важнае пытанне: — як дакажаш, што ця блатныя з мусарамі валтузілі? А потым прыдуць блацюкі ў камеру, паламаюць косці і шчэ ў “петушатню” загоняць. І колькі там такіх выпадкаў было! Таму, каму гэта трэба, Дзімон?

— Н-да, сітуацыя вясёлая… — паківаў я галавою і выказаў найбольш для мяне і заўсёды незразумелае: — Самае парадаксальнае, што церпяць жа, рабы!.. Ды і з гэтымі, беснаватымі, ніхто нічога зрабіць не можа.




  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка