Змест экскурсіі па музеі “Спадчына” (раздзел “Беларуская хатка”)



Дата канвертавання05.07.2016
Памер58.92 Kb.
“Зацвярджаю”

Дырэктар ДУА “САШ №2 г. Бярозаўкі”

________________В.В. Куршук

“____” __________ 2010г.



Змест экскурсіі па музеі “Спадчына”

(раздзел “Беларуская хатка”).

На ручніках, - расшытых пеўнямі,

Хлеб – соль падносім да гасцей,

Вядзем за стол, каўшамі пеннымі

Частуем квасам пагусцей.

І не хаваем – дзе падзенешся? –

Сваіх пачэсных мазалёў.

А трэба – крошка падзелімся:

Лепш сто сяброў, чым сто рублёў.

Я хачу вас запрасіць у незвычайнае падарожжа – у мінулае краіны беларусаў. На жаль, сучасныя пасажырскія лайнеры і нават магутныя рэактыўныя самалёты туды не лятаюць. І ўся сучасная тэхніка не можа нам дапамагчы апынуцца ў мінулым. А так хочацца паглядзець, як жылі калісьці нашы продкі, далёкія і блізкія.

Над ўсёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы. На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на слупах капліц…. Гнёзды паўсюль. І таму Беларусь можна назваць “Зямлёю над белымі крыламі”. Да пэўнай ступені бусел – сімвал Беларусі. І для вас я хачу, наколькі хопіць маіх ведаў і здольнасцей, расказаць пра яе.

Дык давайце зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз.

Ля ўваходу ў хату, справа, печ. Печ- гэта цеплыня. Печ- гэта здароўе застуджанаму. Печ – гэта і гарачая, смачная ежа. Печ звычайна займала месца у бліжнім ад уваходу куце і была звернута вусцем да сцяны з вокнамі. Унутры печ мела под, па якім палілі дровы і гатавалі страву, зверху паднябенне, закрывалася яна заслонкамі.

За печчу уздоўж астатніх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі, а ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. На покуці займаў месца засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям’я садзілася за стол. На покуці займаў месца гаспадар, каля яго паслядоўна па старшынству іншыя члены сям’і.

У зімовы час сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. У доўгія вечары пры святле лучыны, светача ці каганца тут рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і пралі, ткалі, шылі адзенне і вышывалі.

Значную ролю ў хаце адыгрывалі прадметы ткацтва (посцілкі, дываны, абрусы, ручнікі).



Прылады ткацтва

Калаўрот – прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. Для нашай Гродзеншчыны характэрны такі від калаўрота як стаяк. Калаўрот мае наступныя рабочыя часткі: кола, педаль, якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам.

На Беларусі калаўрот з’явіўся ў 16 ст. на мануфактурах, а з сярэдзіны 19 ст. выкарыстоўваецца ў сялянскім побыце.



Верацяно – прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пенькі. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная, крыху завостраная палачка, пазней – конусападобная палачка даўжынёй 20 – 30 см. З завостраным верхам, патоўшчаным нізам. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных вераценах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы – паглыбленні.

Бёрды – ткацкая прылада, што служыць для прыбівання ўтку ў кроснах. Прамавугольная рама (шырынёй 40 – 50 см. і больш выш. 15 -18 см.) з устаўленымі і замацаванымі пласцінкамі (трасцінкамі) з тонкай (1мм) асінавай ці кляновай лучынкі. У 20 ст. бёрды пачалі рабіць з металічнымі пласцінкамі. Для ткання бёрда ўстаўлялася ў набіліцы. Для вырабу суцэльных посцілак выкарыстоўвалі бёрду да 1,5 м шырынёй. Бёрда для ткацтва рагож рабілі з дубовых пласцінак з вочкамі пасярэдзіне.

Ганчарныя вырабы.

Збан – ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам – ручкай.

Выраблялі збаны чорна-задымленыя і паліваныя на ўсёй Беларусі. Часта аздаблялі лінейна-хвалістымі контррэльефамі, глянцаваным арнаментам у елачку і клетку, спіральныя лініі, геаметрычнымі і расліннымі размалёўкамі і каляровымі фарбамі.



Гарлач – ганчарны выраб і гліняная пасудзіна для захавання малака і малочных прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі). Выраблялі гарлачы гартаваныя, чорназадымленыя і паліваныя. Упрыгожвалі глянцаваннем, прачэрчаным на сырой паверхні лінейна-хвалістым арнаментам, геаметрычнай і расліннай размалёўкай, каляровымі фарбамі.

Слой – ганчарны выраб, высокая пасудзіна з пукатымі, радзей прамымі бакамі і шырокім горлам, з прамымі ці расхімнымі беражкамі. Называлася таксама слоік. Часам меў адно ці два вушкі. Памеры ад 0,5 л. да 20 л.

Макацёр – ганчарскі выраб, глыбокая гліняная пасудзіна з слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, якая служыла пераважна для расцірання маку і іншых прадуктаў. Памер звычайна 1 – 4 л. Бытавала паўсюдна.

Народнае ткацтва і вышыўка.

Фіранкі – выраб з тканіны для завешвання і ўпрыгожвання акон. У сялянскім побыце вядомы з канца 19 ст. Фіранкі аздаблялі вышыўкай, натыканнем, набойкай, фальбонаю. Пашыраны былі фіранкі, аздобленыя выцінанкамі, а таксама маляваныя. Узорыстыя фіранкі разам з ручнікамі, абрусамі і посцілкамі ўваходзілі ў пасаг маладой. Бытуюць і ў наш час.

Сурвэтка – узорыста тканы, вязаны, вышыты выраб з лёну, бавоўны для ўпрыгожвання жылога інтэр’еру. Форма сурвэткі разнастайная: прамавугольная, квадратная, круглая, многавугольная… . Пашырылася ў 20 ст.

Абрус – настольнік, тканы, вязаны або плецены выраб, прызначаны для засцілання стала. Лакальная назва скацерка. Абавязковы атрыбут традыцыйна сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў. Абрус (даўжыня 1,5 – 2 м., шырыня – 1 - 1,5 м.) звычайна складаўся з адной або дзвюх сшытых полак ільняной даматканай матэрыі. Абрус упрыгожвалі вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі. Ім накрывалі стол на Каляды, Вялікдзень і іншыя святы, уваходзіў у пасаг нявесты.

Посцілка – узорыстатканы выраб утылітарнага, дэкаратыўнага, а ў мінулым і абрадавага прызначэння. Посцілкай засцілаюць ложак, ёю накрываліся, яе вешалі на сцяну для ўпрыгожвання інтэр’ера сялянскай хаты. Посцілкай засцілалі выязныя сані і вазы, клалі маладым у ногі ў час благаславення іх у вясельным абрадзе, лічылі важнай часткай пасагу маладой. Грубатканую посцілку называюць радзюшкай. Традзіцыйныя посцілкі ткалі у 3-4 ніці або перабіранай (“на птужкі”, “на матузы”) ці шматнітовай тэхнікай ткацтва. Паводле формы прамавугольныя (1.5-2.3м даўжыні, 0,9-1,5 м шыріні) з двух (рэдка аднаго)кавалкаў тканіны з ільнягых нітак. У наш час посцілка ўвайшла ў інтэр’ер гарадской кватэры і вясковай хаты. Іх вырабляюць на фабрыках мастацкіх вырабаў, а таксама па-ранейшаму ткуць на кроснах. У мастацкім афармленні найбольш характэрныя кампазіцыі з геаметрычных форм арнаменту са спалучэннем двух колераў (бела- чорны, вохрыста-чорны, малінава-чорны, бела-карычневы.)

Духоўная спадчына

Павук - прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш; традыцыйнае ўпрагожванне інтэр’ера беларускага народнага жылля. Павук падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найбольш пашырэнне мелі павукі з саломы (шарападобныя, рамачныя, зорчатыя). У аснове ромбічнага павука васьмігранная фігура з 12 саломінай аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі павукі меншых памераў саламяныя ланцужкі.

Пісанкі – размаляваныя рознымі ўзорамі курыныя яйкі. Называлі таксама крашанкі, шаляванкі. У побыце беларусаў вядомы здаўна. У дахрысціянскі перыяд былі звязаны з веснавымі святамі, сімвалізавалі абуджэнне прыроды, яе пладавітасць і жыццёвасць; з прыняццем хрысціянства ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня.

Посуд і прылады працы -

Вілкі - хатні бытавы (пячны) інвентар. Лакальная назва ўхваты. Паўкруглы жалезны рагач, насаджаны на доўгае драўлянае цаўе. Служыць для падхвату гаршкоў, чыгуноў, якія ставяць у печ або дастаюць з яе. У інтэр’еры традыцыйнай сялянскай хаты вілкі займаюць месца каля печы ў качарэжніку, разам з качаргой і іншым пячным інвентаром.

Лыжка – прадмет сталовага прыбора. Бываюць драўляныя, металічныя, касцяныя; маюць круглы ці авальны чарпачок і ручку- дзяржанне. На Беларусі вядомы з ранняга Сярэднявечча. У асяроддзі пануючых класаў бытавалі лыжкі з каляровых і каштоўных металаў, багата аздобленыя. У народным асяроддзі бытавалі драўляныя лыжкі, зрэдку аздобленыя на дзяржаннях трохграннымі выемкамі, касымі рыскамі. Вялікую лыжку называлі апалонікам.

Шархуны – самагучальны музыкальны інструмент. Называлі таксама шаргуны, шалашкі, шалестуны, бомы, бразготкі. Складаюцца з некалькіх (да 11) бронзавых (часам медных) пустацелых шарыкаў розных памераў са шротам унутры, з провязямі па баках і вушкам у верхняй частцы. Пры патрэсванні ўзнімае меладычная звонкае рознагалосае гучанне. Выраблялі мясцовыя кавалі.

Дзякуй за тое, што ў нашу хатку!



Спадзяемся, што вы яшчэ не аднойчы прыедзеце да нас у госці!

Да новых сустрэч!




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка