Зямля бацькоў – зямля святая



Дата канвертавання15.05.2016
Памер90.62 Kb.
Зямля бацькоў – зямля святая

Ва ўмовах адраджэння беларускай гісторыі, культуры, мовы, узрастае цікавасць да мінулага, сваіх каранёў, да пазнання “малой” Радзімы. Асновай адраджэння нацыянальнай памяці з’яўляецца краязнаўства, якому зараз надаецца вельмі важнае значэнне, бо яно ўсё больш набывае ярка выражаны сацыяльны характар, мае багатую гісторыю і традыцыі.

У Ардацкай сельскай бібліятэцы краязнаўства на працягу апошніх 10 гадоў стала вядучым напрамкам дзейнасці. Бібліятэкар Ардацкай бібліятэкі Гарбачова Ірына Валер’еўна ў сваёй рабоце імкнецца ўплываць на развіццё пачуццяў дачынення кожнага чытача да лёсу сваіх землякоў, выхоўвае любоў да роднага краю, яго гісторыі, інтарэс да сучаснасці і адказнасць за будучае роднай бацькаўшчыны. Уся работа бібліятэкі пабудавана ў цесным супрацоўніцтве з выканкамам сельскага Савета, праўленнем гаспадаркі, сярэдняй школай і іншымі ўстановамі.

Праведзена вялікая работа па збору матэрыялаў па гісторыі роднага краю. Дапамогу ў гэтай рабоце бібліятэкару аказвалі актыўныя чытачы, удзельнікі аматарскага аб’яднання “Пчолка”. Яны наведвалі старажылаў вёскі, запісвалі іх ўспаміны, збіралі цікавыя экспанаты. Вынікам праведзенай работы стаў цікавы краязнаўчы куток “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”, тут прадстаўлены краязнаўчы фонд бібліятэкі, які складаюць матэрыялы з перыядычных выданняў,тэматычныя прэс-дасье, папкі і альбомы, якія дазваляюць зазірнуць у мінулае края, яго сённяшні дзень, пазнаёміцца са знакамітымі землякамі, мясцовымі майстрамі, з прыгажосцю родных мясцін: “З гісторыі нашых вёсак”, “Па дарогах вайны ішлі мае землякі”, “Аб тых, хто ваяваў на фронце”, “Агітацыя ваенных гадоў”, “У полымі Афганскай вайны”, “Помнікі расказваюць”, “Нашы славутыя землякі”, “Рака майго маленства”, “Краявіды роднага краю”, “Мая бібліятэка”. Акрамя гэтага, укараненне новых тэхналогій у работу бібліятэкі дазваляе карыстацца электроннымі носьбітамі інфармацыі: поўнатэкставыя электронныя базы данных, створаныя цэнтральнай раённай бібліятэкай: “Зямля нашых продкаў: Шклоўскі раён”, “Славутыя землякі”, “Эканоміка раёна”, “Край у творах мастацтва і літаратуры”.

Вялікую цікаўнасць наведвальнікаў Ардацкай бібліятэкі выклікае этнаграфічны міні-музей “Зямля мая – абсяг народных скарбаў”. Зроблена вялікая работа па пошуку і збору этнаграфічнага матэрыялу. Падтрымку ў гэтай рабоце бібліятэкару аказалі мясцовыя жыхары і актыўныя чытачы. Міні-музей змяшчае самабытныя ручнікі, адзенне, абутак, калаўрот, посуд, прылады працы нашых продкаў. Інфармацыя аб экспанатах і іх прызначэнні адлюстравана ў альбоме “Аб чым прадметы даўніны табе паведаміць павінны”, матэрыялы з якой актыўна выкарыстоўваецца маладым пакаленнем вёскі.

Цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы аб родным краі праводзяцца тут. Напрыклад, урок краязнаўства “Быт і рамёствы нашай вёскі” выклікаў асаблівую цікаўнасць у чытачоў. Прысутныя даведаліся пра старынныя рэчы, іх прызначэнне ў сялянскім жыцці, а некаторыя прылады працы паспрабавалі ў дзеянні. З кожным годам этнаграфічны куток папаўняецца новымі цікавымі экспанатамі, некаторыя, прадстаўленыя ў некалькіх экзэмплярах, былі прадастаўлены бібліятэкай для раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Раней гэты міні-музей займаў куток ў бібліятэцы, а зараз калі бібліятэка атрымала новае памяшканне, для міні-музея выдзелены асобны пакой. Усяго ў міні-музеі налічваецца больш за 200 экспанатаў.

Асаблівую ўвагу надае бібліятэкар ваенна-гістарычнай спадчыне роднага краю. І гэта не выпадкова, бо усё меньш застаецца тых людзей , якія былі сведкамі тых гераічных падзей. З гэтай мэтай у бібліятэцы была арганізавана пошуковая экспедыцыя “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Мэта гэтага мерапрыемства: прапаганда подзвігу беларускага народа, клопат пра ветэранаў, удзельнікаў вайны, сем’і загінуўшых воінаў, развіццё цікавасці падрастаючага пакалення да гісторыі свайго краю, да яго баявога мінулага, увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны. У час экспедыцыі бібліятэкар са сваімі юнымі памочнікамі збіралі матэрыял аб помніках загінуўшых воінаў, месцах воінскай славы. Разам з выканкамам сельскага Савета і сярэдняй школай бібліятэка займалася добраўпарадкаваннем месц воінскай славы. Штогод праводзіцца акцыя міласэрднасці “Ветэраны жывуць побач з намі”. Бібліятэкар разам з актыўнымі чытачамі наведваюць ветэранаў, сем’і загінуўшых воінаў, ім аказваецца неабходная практычная дапамога, дастаўляюцца кнігі і перыядычныя выданні. Але галоўнае ў гэтых сустрэчах – увага да гэтых людзей, а таксама гутаркі з імі, у час якіх усплываюць старонкі ваеннай гісторыі края. У выніку былі сабраны цікавыя матэрыялы: успаміны ветэранаў, пісьмы-трохкутнікі, унікальныя фотаздымкі. Юныя чытачы бібліятэкі з вялікай ахвотай прымаюць удзел у гэтай акцыі. Сустрэчы з ветэранамі садзейнічаюць пераемнасці пакаленняў. На прыкладзе гераічнага мінулага дзядоў дзеці і падлеткі адчуваюць адказнасць за лёс сваёй Радзімы. На аснове сабранага матэрыялу па ўспамінах ветэранаў, сабраных дакументаў ваеннай пары створаны

тэматычныя папкі, дасье прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Альбом “Па дарогах вайны ішлі мае землякі” – гэта сапраўдны летапіс успамінаў ветэранаў той далёкай вайны. На падставе гэтых матэрыялаў ў бібліятэцы прайшоў цыкл аповедаў аб жыцці кожнага з ветэранаў “Жывыя галасы ўдзельнікаў вайны”. Тут жа сабраны ўспаміны сведкаў вайны, унікальныя артыкулы з газет аб гераічных баях каля вёскі на рацэ Бася, аб ўдзельніках Вялікай Айчыннай вайны, а таксама знайшлі месца пахаронкі, салдацкія пісьмы. Створана прэс-дасье па ўспамінах Віктара Арцем’ева, ураджэнца вёскі Радзішана, у якім прадстаўлены кароткія апавяданні з цыкла “Вайна вачыма падлетка”, якія публікаваліся на старонках раённай газеты, гістарычныя звесткі, дакументы, фотаздымкі пра бацьку В. Арцем’ева, які ўдзельнічаў ў баях за вызваленне роднай зямлі.

Унікальныя дакументы аб загінуўшым на фронце бацьку прадставіла сям’я Кучаравых. Гэта пісьмы-арыгіналы, спраўкі-заключэнні, пасведчанне, фотаздымкі.

Зберагліся ў Ардацкай бібліятэцы і агітацыйныя матэрыялы ваенных гадоў. Год таму назад арыгіналы гэтых дакументаў бібліятэкар перадала ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей, а ў бібліятэцы засталіся ксеракопіі. Гэта газеты-плакаты “Задавім фашысцкую гадзіну”, “Смерць нямецкім акупантам!” з заклікамі беларускага народа на барацьбу з ворагам. Тут прадстаўлены і сатырычныя лісткі “Партызанская дубінка” выданне газеты “За свабодную Беларусь” 1942года выпуску і інш. Яны прадстаўлены ў асобнай папцы “Агітацыя ваенных гадоў”. Гэтыя матэрыялы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў чытачоў.

Зямлякам-франтавікам прысвечана тэматычная папка “Аб тых, хто ваяваў на фронце”, дзе прадстаўлены біяграфічныя звесткі і фотаздымкі.

Патрыятычнае выхаванне падлеткаў і моладзі бібліятэка праводзіць праз урокі мужнасці, гадзіны памяці, вечары- сустрэчы з ветэранамі. Пад час мерапрыемстваў бібліятэкар знаёміць сваіх чытачоў з выданнямі, якія адлюстроўваюць важныя этапы гісторыі народа, з імёнамі землякоў, якія ўпісалі яркія старонкі ў гісторыю краіны, нацыянальнымі традыцыямі, культурай народа. Пазнавальна і цікава для дзяцей і падлеткаў прайшоў урок гісторыі “Бой на рацэ Бася”, дзе расказвалася аб гераічным подзвігу воінаў 459-га стралковага палку па захопу і ўтрыманню плацдарма на Басі. Традыцыйнымі для чытачоў сталі сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны “Я прайшоў па той вайне”, на якія запрашаюцца вучні школ, моладзь. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць пераемнасці пакаленняў, вучаць дзяцей і падлеткаў стойкасці і мужнасці, вернасці Радзіме. У час мерапрыемства праходзіць ушанаванне ветэранаў вайны, у іх адрас гучаць цёплыя словы ўдзячнасці і музычныя віншаванні. Да Дня Перамогі біліятэкар арганізавала ў файе бібліятэкі фота-выставу “Яны прынеслі Перамогу”, якая выклікала вялікую цікавасць ў вяскоўцаў.

Цікавыя мерапрыемствы арганізуе бібліятэка да Дня абаронцаў Айчыны. Так, прайшоў літаратурны вечар “Мы сыны твае, Айчына!”, на які былі запрошаны ветэраны вайны. Гэта мерапрыемства складалася з некалькіх частак: 1 - “Неўміручая слава” – тут праслаўляўся воін-салдат розных перыядаў гісторыі. Гучалі вершы В.Сарокіна, М.Барысава, Л.Ашаніна, М.Пляцкоўскага і інш., напоўненыя гордасцю і ўдзячнасцю воінам за іх мужнасць. 2 – “Вайны свяшчэнныя старонкі”- гэта частка была прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, якая складалася з успамінаў ветэранаў, гучалі вершы ваеннай тэматыкі Ю.Друнінай, А.Твардоўскага, Р.Раждзественскага, К.Сіманава і песні ваеннай пары. 3 частка – “Пазаві мяне, Радзіма”. Прайшлі гады, адгрымелі баі, але каб ніколі на зямлі не паўтарылася вайна, Радзіма прызывае пад свае сцягі маладых абаронцаў, тых, хто з годнасцю прадоўжыць справу дзядоў і бацькоў. Менавіта ім была прысвечана гэта чарговая частка мерапрыемтва. Для хлопчыкаў былі прапанаваны розныя конкурсы: “Знаўцы”, “Успомні пагаворку”, “Першая дапамога”, “Парцянкі”, “Салдацкая бульба”.

Гераічныя старонкі яшчэ адной вайны, Афганскай, упісаны ў гісторыю роднага краю. Асобнае месца ў краязнаўчым кутку адведзена матэрыялам, прысвечаным воіну-інтэрнацыялісту, які выконваючы воінскі абавязак ў Афганістане загінуў, Алегу Фёдаравічу Салапаеву. Тэматычны альбом аб героі-інтэрнацыяналісце “У полымі Афганскай вайны” знаёміць з яго біяграфіяй, змяшчае ўнікальныя асабовыя дакументы. Тут жа прадстаўлены творчыя работы чытачоў бібліятэкі, удзельнікаў конкуса “Вайна ў Афганістане вачыма дзяцей”. Кожны год ў лютым месяцы бібліятэка разам з вучнямі сярэдняй школы праводзіць Дзень памяці “Забыццю не належыць”. У праграме гэтага мерапрыемства мітынг-рэквіем на магіле А.Ф.Салапаева, конкурсы сачыненняў і малюнкаў “Вайна ў Афганістане вачыма дзяцей”.

Ганарацца жыхары вёскі Ордаць сваімі знакамітымі зямлякамі. У бібліятэцы сабраны матэрыял аб Паўлаве Міхаіле Якаўлевічы, Ардацкая зямля ўзрасціла Хортава Міхаіла Мікалаевіча, які з’яўляецца дырэктарам аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў нашай рэспублікі – ААТ “Магілёўскі мясакамбінат”. Беражліва ў Ардацкай бібліятэцы захоўваецца літаратурная спадчына паэта-земляка Анатоля Сербантовіча. Тэматычнае дасье, прысвечанае паэту, карыстаецца папулярнасцю і выкарыстоўваецца пры правядзенні вечароў паэзіі, літаратурных гадзін. Тут сабраны біяграфічныя звесткі, крытычныя артыкулы, а таксама яго цудоўныя вершы, якія праслаўляюць родную краіну, прыроду. Па творчасці паэта праводзяцца ў бібліятэцы літаратурныя і паэтычныя гадзіны “Пад засенню паэзіі”, “Шклоўскі жаваранак”. Вельмі запомніўся прысутным літаратурны вечар “Паэт шчасця і бяды”, дзе прагучалі цікавыя звесткі з біягарфіі паэта і яго творчасці, яго пранікнёныя вершы.



Асобнае месца ў бібліятэцы займае прапаганда народных промыслаў і рамёстваў. Біблятэка цесна супрацоўнічае са сваімі умельцамі-землякамі. А іх у вёсцы нямала. Штогод бібліятэка арганізуе выставы народнай творчасці. У бібліятэцы былі арганізаваны персанальныя выставы майстроў саломапляцення Шчамялёвай С.М., Кучаравай Л.А. “Гэта чароўная саломка”, майстра-рэзчыка па дрэву Каўрова І.І. “Рукатворная прыгажосць”, вастава народнай творчасці “Вытокі натхнення”. Работы вясковых майстроў дэманстраваліся на раённай выставе народнай творчасці “Майстэрства. Фантазія. Шчодрасць”.

Любоў да роднага краю – гэта і любоў да прыроды роднага краю. Бібліятэка працуе па аўтарскай праграме “Прыродная спадчына”, мэта якой: выхаванне любові да роднага краю, вывучэнне, ахова яго прыродных багаццяў. У рамках праграмы праводзяцца мерапрыемствы па асноўных трох тэмах: “Не пазнаўшы свой край, не пазнаеш і свет” – падарожжы па родным краі, запаведныя куточкі Радзімы; “Дом пад блакітным дахам” – пра жывёльны і раслінны свет роднага краю; “Прырода- гэта дом, упрыгожаны працай” – добраўпарадкаванне роднай зямлі: “Свой дварочак, як званочак”, “Вернем чысціню зялёным палянам”. У вёсцы Ордаць маецца шмат прыгожых мясцін. І бібліятэкар Ірына Валер’еўна стараецца засяродзіць увагу сваіх наведвальнікаў на прыгажосці роднай прыроды, імкнецца выхаваць у іх пачуцце беражлівых адносін да яе. Гэтаму садзейнічаюць мерапрыемствы: экалагічныя сцяжынкі ў родную прыроду “Вандроўка ў дзівосны свет”, “Блакітныя вочы зямлі”, “Восень лісцем шапаціць”, “Кветкі лета” і інш., у час якіх праходзіць знаёмства з раслінным і жывёльным светам роднага краю. А ад сутыкнення з прыгожым затым з’яўляюцца прыгожыя малюнкі, падзелкі з прыроднага матэрыялу, фота-вернісажы, якія дэманструюцца ў бібліятэцы на выставе “Які цудоўны гэты свет! Паглядзі…”. З задавальненнем удзельнічаюць дзеці і падлеткі ў экалагічных конкурсах і турнірах, пазнавальных гадзінах, экалагічных тэатралізаваных прадстаўленнях: “Прырода знаёмая і незнаёмая”, “Калумбы сваёй зямлі”, “Зялёны Экаград” і інш.



Вялікую дапамогу бібліятэкару аказваюць удзельнікі аматарскага аб’яднання “Пчолка” і клуба аматараў кветак “Азалія”, якія працуюць пры бібліятэцы. У рамках работы гэтых клубаў праводзіцца работа па добраўпарадкаванню тэрыторыі школы, бібліятэкі, сваіх сядзіб. З задавальненнем дзеці і падлеткі прынялі ўдзел у экалагічнай акцыі “Жыві, крынічка”, у час якой былі прыведзены ў парадак дзве крыніцы. Члены клубаў дапамаглі бібліятэкару сабраць цікавы матэрыял аб роднай рэчцы Бася, якія прадстаўлены ў асобным альбоме “Бася – рака майго маленства”. Тут сабраны цікавыя гістарычныя звесткі аб рацэ, успаміны старажылаў аб крыніцах і іх назвах, назвы віроў, брадоў. Так ужо павялося спакон вякоў, што ў вёсцы ў любую пару года хапае клопатаў па гаспадарцы. Асабліва вясной, летам і восенню зямля-карміцелька патрабуе да сябе найбольшай увагі і клопату. Аднак нашы мудрыя продкі ў свой час умела спалучалі працу і адпачынак. Стала ўжо традыцыйным кожны год сумесна з сельскім Саветам праводзіць Святы вёсак. Так, на свята вёскі Ордаць “Вёска мая, я часцінка твая” сабраліся амаль ўсе жыхары. Пачалося свята з прывітання старшыні сельскага Савета, затым прысутныя пачулі гісторыю ўзнікнення вёскі, пра славутых людзей і падзеі мінулых дзён. Хвілінай памяці ўшанавалі светлую памяць землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, у афганскай вайне. Затым былі ўшанаваны лепшыя працаўнікі гаспадаркі і ветыраны працы. Вялікая ўвага ў вёсцы надаецца добраўпарадкаванню. Атрымалі сувеніры і гаспадары лепшых домаўладанняў. Не абдзялілі ўвагай і самага маленькага жыхара вёскі, і самага старэйшага. Атрымалі віншаванні маладажоны і сем’і, якія адсвяткавалі залатое вяселле. На працягу ўсяго свята вёскі гучалі музычныя віншаванні, песні ў гонар вёскі ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Ардацкага СДК.

З 2007 года ў гістрыю вёскі ўпісана новая старонка – вёска стала аграгарадком. Будзе працягвацца жыццё, будзе працягвацца і гісторыя роднай вёскі.



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка