Зямля пад белымі крыламі



старонка1/25
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.32 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25
Зямля пад белымі крыламі
УСТУП

Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы - хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.

І таму мне здаецца, што ў гэтыя - і не толькі ў гэтыя - дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць "зямлёю пад белымі крыламі". І не здзіўляйцеся, дзяўчаты і хлопцы, на дзіўную назву кнігі, якая трапіла да вашых рук.

Да пэўнай ступені бусел - сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсенам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Ёсць яны і на поўдні. Але на ўсход ад Беларусі, калі не лічыць сярэднюю Азію, яны ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.

Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму. І для вас я і хачу, наколькі хопіць маіх ведаў і здольнасцяў, расказаць пра яе.

Па-першае, чаму "Беларусь"? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх.

Першы: белыя адзенні даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры.

Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы - здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Паў Уладзімір, Разань, Кіеў. Да Ноўгарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.

Мы - адбіліся. І менавіта таму мы "белая", "чыстая ад нашэсця татараў" Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. І вы заўсёды памятайце гэта.
Здарылася так, што я пачаў па-сапраўднаму пазнаваць Беларусь толькі ў вашым узросце. Яна была "да вайны", і за час вайны моцна забылася. Бамбёжкі, акружэнні, эвакуацыя. Масква ў кастрычніку 1941 года, горы Урала, Казахстан, Арэнбургскія стэпы. А пасля руіны Мінска і роднае мне Оршы, высечаныя ля дарог акупантамі (ад жаху перад партызанамі) лясы, пераховы забітых людзей. Так усё і пачало запісвацца зноў, нібыта на чыстай дошцы. Любоў да Беларусі нараджалася ў самыя галодныя, халодныя і цяжкія часы. І, магчыма, таму стала асабліва моцная.

Бачыў я пасля, як цяжка даводзiлася нам аднаўляць сваю гаспадарку, падводзiць пад кроквы новыя хаты замест спаленых, садзiць новыя сады, будаваць новыя школы. Бачыў на свае вочы, як аднаўлялiся Мiнск i дзесяткi iншых нашых гарадоў. Бачыў, як набiралi сiлы беларускiя сёлы. I вось менавiта таму, што я - сведка, я i лiчу, што маю некаторае права расказаць пра нашу рэспублiку вам, дарагiя падлеткi.

Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс. Нават у "важлівых дробязях".

Уся розніца паміж мною і вамі ў тым, што я на нейкія трыццаць год старэйшы за вас і таму крыху болей бачыў. Дажывяце да майго - можа, будзеце куды больш бывалыя. А пакуль што я хачу трошкі памагчы вам у вашых першых кроках, даць вам ключ ад нашага дома, каб далей вы ўжо асвойваліся ў ім самі.

Я аб'ездзіў на Беларусі амаль ўсё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей. І менавіта таму, дарагія дзяўчаты і хлопцы, я стану гаварыць з вамі толькі аб тым, што сам бачыў і чуў. Гэта будзе кніга, напісаная сведкам, які многае (што датычыць сучаснасці) бачыў на ўласныя вочы. І я дужа хацеў бы, каб вы мне верылі, нават калі я стану вам расказваць самы незвычайныя рэчы. Таму што жыццё багацейшае, чым мы яго ўяўляем. Жыццё часам бывае настолькі падобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: "Ды не можа гэтага быць!"

Вы можаце спытаць, нашто гэта вам, калi вы самi жывяце тут i шмат чаго бачыце "на свае вочы". Ну, па-першае, Беларусь вельмi розная. Розняцца людзi, будоўлi, пейзажы. Калi вы жывяце на вёсцы недзе пад Столiнам, вы можаце не ведаць, як жывуць вашы браты i равеснiкi недзе на Вiцебшчыне. Па-другое, калi вы - дзiця вялiкага горада, вы можаце ўвогуле не мець уяўлення пра першабытныя лясы недзе над Бярозай-ракой. Па-трэцяе, не тая ўжо i вёска. Людзi носяць не тыя ўборы, глядзяць замест батлейкi тэлевiзары. Яны жывуць нязмерна лепей, але i: падабней адзiн да аднаго. I мне хочацца расказаць вам аб тым, што знiкае i чаму я быў сведкам, каб добра ведалi сваё месца ў гэтым жыццi i вы.

Мне патрэбна будзе расказаць і пра гісторыю. І тут вы, вядома, мажаце злавіць мяне на слове, сказаўшы, што не мог я, скажам, быць сведкам барацьбы майго народа з крыжакамі. Ваша праўда. Але я ў гэтых выпадках, ведайце, браў кнігі людзей найбольш вартых даверу, кнігі сумленныя і цікава напісаныя.

То пойдзем у наша падарожжа.

У дарогу, сябры!
II. Зямля мая беларуская
АД ПАЛЕСКІХ ІМХОЎ ДА АСВЕЙСКІХ КРЫНІЦ

Насельніцтва Беларусі складае больш за 9 мільёнаў 300 тысяч чалавек. З іх беларусаў 7 мільёнаў 286 610 чалавек. У вайну, вы ведаеце, загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. Часам едзеш лесам, і раптам - паляна, здзічэлыя садовыя дрэвы (вёска так і не адрадзілася) і абеліск, а на ім словы, ад якіх сціскаюцца кулакі і ідзе па скуры мароз:

"Тут пахаваны расстраляныя немцамі

12.IX.1943 г.

Кароль Алена Мікітаўна

1925 года нараджэння,

Павел 1920 г.,

Васіль 1898 г.,

Зофія 1892 г.,

Уладзімір 1922 г.,

Іван 1924 г.,

Мікола 1927 г.,

Марыя 1934 г.,

Вера 1939 г.,

бабуля 70 год,

Сіневіч Антон Валяр'янавіч 1884 г.

і Серафіма Іллінічна 1888 г.

і іншыя".

Гэта значыць, за сувязь з партызанамi цi проста так, з помсты, прыехалi немцы, ачапiлi сяло, загналi мiрных жыхароў у гумно i спалiлi. Такiм цi iншым чынам было ператворана ў попел 9200 вёсак. 706 з iх - разам з людзьмi. I 187 засталiся неадноўленыя. Акрамя таго, знiшчана 209 гарадоў i пасёлкаў.

Але не трэба думаць - ды вы і самі чулі гэта з расказаў старэйшых, што забітыя гінулі пакорліва. Гэта не так. Хто мог змагацца - загінуў у баі: на фронце, у падполлі або ў партызанскіх атрадах. Беларусь нездарма называюць краінай класічнай партызанскай барацьбы. Партызанаў было тут 374 тысячы. Падпольшчыкаў каля 70 тысяч чалавек. Гэта толькі тыя, што змагаліся са зброяю ў руках, не лічачы сувязных. А калі ўжо казаць пра тых, хто спачуваў, збіраў звесткі, здабываў медыкаменты, ежу і іншае, калі гаварыць пра так званы "партызанскі рэзерв", то ў лік партызан смела можна залічыць ледзь не ўвесь народ.

Наша Беларусь займае 207,6 тысячы квадратных кіламетраў, ці 0,9% тэрыторыі СССР, але гэта больш чым Балгарыя, больш чым ЧССР, чым Венгрыя, чым Партугалія, Грэцыя, і больш чым Бельгія, Галандыя, Данія і Люксембург, разам узятыя. Працягласць нашай радзімы з поўначы на поўдзень 560 км і з усходу на захад 650 км. Мяжуе яна з Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвою і Польшчай і займае выгоднае геаграфічнае становішча на шляхах з Заходняй Еўропы на Усход і з Украіны ў Прыбалтыку. Гэтае выгоднае становішча, аднак, часта і падводзіла. Дзе выгоднае становішча, дзе зручныя шляхі, там і вораг. Так што ніводная вайна, якая грымела ва ўсходняй Еўропе, не мінула Беларусі.

...Нехта сказаў, што па абрысах наша краіна нагадвае дубовы ліст. Па-мойму, параўнанне не вельмі. На мой погляд яна па абрысах хутчэй нагадвае зубра.

Умоўна Беларусь дзеляць на пяць вялікіх раёнаў.

1) Азёрны край. Гэта самая поўнач рэспублікі.

2) Цэнтр. Ён прыблізна супадае з Мінскай вобласцю.

3) Панямонне. Заходнія раёны па берагах Нёмана.

4) Усход. Аршанскае ўзвышша, Аршанска-Магілёўская раўніна, а таксама раўніны па рацэ Беразіне і каля Чачэрска.

5) Поўдзень, або Палессе.

Я - але гэта мая прыватная думка - выдзеліў бы за кошт усхода і ўсходняй часткі Палесся яшчэ шосты раён. Прыдняпроўе. Занадта ўжо ўплывае на эканоміку, пейзаж, побыт, нават псіхіку чалавека вялікая Рака.

У адпаведнасці з раёнамі розныя і пейзажы.

У іншых краінах ёсць горы ў зялёнай футры лясоў, мора стэпавых траў і проста сіняе мора. У нас гэта ўсё таксама ёсць, толькі што сабранае ў мініяцюры.
Вось АЗЁРНЫ КРАЙ. Марэнныя грады, шматкіламетровыя "агароджы" з валуноў на межах. І, паміж бясконцых градаў і ўзвышшаў, многія і многія сотні азёр. Паверхня самага вялікага з іх, Нарачы, 79,9 кв. км. Глыбіня самага глыбокага (гэта з вялікіх азёр), Струсты, 30 м. А сярод малых ёсць і такія, глыбіня якіх каля 50 м. Азёры гэтыя розныя. Вада Нарачы такая чыстая, што пры вялікай глыбіні можна ўбачыць усё, што ляжыць на дне. А вось вада змрачнаватага, ляснога і балотнага возера Палік (у Бярэзінскім запаведніку) нагадвае густа завараны чай.

Паміж азёраў частыя ўзгоркі, і на іх пілы лясоў, пераважна хвойных. А па схілах - палі. Малінавыя шары канюшыны, сінявокія льны, жыта, сям-там расквечанае валошкамі.

На ўзгорках вострыя шпілі гарадкоў з гарбатымі вуліцамі і вялізнымі купамі старых ліп. Адзін амерыканскі падарожнік, што аб'ехаў палову свету, пісаў на пачатку нашага стагоддзя, што пейзажаў, лепшых за пейзажы беларускія, ён не бачыў ва ўсёй Еўропе.

Часам з адной гары можна бачыць да дзесятка азёр. Асабліва гожыя яны ў летнія ночы, калі ў іх адбіваецца перакулены дагары нагамі спічасты лес і, здаецца, ночы зусім няма і слізгоча ў чыстых, як сляза, глыбінях доўгае, плямістае цельца стронгі. А стронга можа быць толькі ў ідэальна празрыстай, без кроплі каламуці, вадзе.

Зноў на ўсход. І зноў узгоркі і азёры. Мачтавыя бары на схілах. Аж медныя. І - нібы рубеж, які перавалілі, - замест шпіляў, аж празрыстыя, белыя, нібы са святла пабудаваныя, старажытныя званіцы Полацка.
...ЦЭНТР - таксама разнастайны. Поўнач - гэта грады i ўзгоркi, укрытыя сям-там лесам. Сярод iх ёсць i "горы", асобныя вяршынi, якiя не дужа рэзка вылучаюцца ў рэльефе. Гэта гара Лысая, гара Маяк i iншыя. Але тут жа, у нiзiне па Бярозе-рацэ, быццам зусiм iншая зямля. На многiя i многiя дзесяткi кiламетраў старажытныя чорныя лясы, глеба нiбы сочыцца вадой. Рэчкi, азёрцы, межытокi. А над iмi дзiч ялiн, хвояў, бяроз, дубоў, чаромх i ўсяго такога. Лiшайнiк бародамi звiсае з дрэў, чырванеюць на беражках тарфяных вымачын мухаморы, i ў гэтым змроку, валюхаючы, праходзiць гаспадар гэтых мясцiн - мядзведзь.

Калі ехаць на поўдзень - грады паступова паніжаюцца і пачынаецца Слуцкая раўніна: бязмежны разліў палёў, што калыхаюцца пшаніцай і жытам, маленькія пятачкі лесу, вялізныя, як дубы, дзічкі на месцы былых межаў, крыжы ветракоў. Гэта - беларуская жытніца. Так бы мовіць, беларуская Украіна.


...Адразу ясна, што ПАНЯМОННЕ атрымала сваю назву ад галоўнай сваёй ракi, у басейне якой яно i ляжыць. Нёмана. Таго, якi, як кажа беларуская прыказка, "пачынаецца з арэхавай шкарлупiнкi". Гэта дужа цiхая, дужа ласкавая зямля. Мяккiя сытыя ўзгоркi, купы магутных дубоў i лiп на iхнiх верхавiнах, прыгожыя вёскi, бясконцая, глухая Налiбоцкая пушча. Дубы i па берагах. Многа. Вялiзныя, як зялёныя хмары, часта шматвяковыя.

І тое, што надае мясцовасці асабліва рамантычны характар: замкі, што збольшага ляжаць у руінах. На ўзгорках, на берагах рэк, на астравах. Яны дужа розныя, гэтыя старажытныя будовы. То гэта проста нібы каменныя загоны для быдла: квадрат высачэзных муроў метры ў тры таўшчынёй (Ліда). То як быццам нейкая пахаваная пачвара высунула з зямлі сточаныя часам зубы вышынёй з вялізны дом (Наваградак, Крэва). А часам гэта велічныя бела-чырвоныя вежы, муры, што злучаюць іх, багаты палац пад чарапіцай - прыкладзі крыху працы і маеш цудоўны дом адпачынку (Мір).


...УСХОД. Часам марэнныя грады, часам раўнiны. На водападзелах тарфяныя i мохавыя балоты. Дурманiць там галаву багун, а журавiны ўвосень збiраюць саўкамi. Тут трапляюцца бадай што найлепшыя на Беларусi сасновыя бары. Нацэленыя ў неба, звонкiя, прапахлыя жывiцай. Грыбоў - хоць касой касi. На поўднi ўсё часцей i часцей трапляюцца дубровы з iхнiм шырокалiстоўным холадам. Шмат старых паркаў. У прыватнасцi, парк пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэмii, самы стары батанiчны сад рэспублiкi.

І паўсюль яры, поймы, паплавы, што шумяць разнаквеццем, сады.


...ПОЎДЗЕНЬ, АБО ПАЛЕССЕ дарэмна лічаць адной суцэльнай забалочанай нізінай. Ёсць, вядома, і гэта. Некаторыя балоты цягнуцца на дзесяткі кіламетраў і толькі сям-там вытыркаюцца з іх "выспы", гэта значыць, астравы, парослыя першабытным лесам. Калісьці на такія астравы можна было прайсці толькі ў люты мароз або вялікую засуш. Калі наступала раптоўная адліга або ішлі залевы, то чалавек, які зайшоў на выспу, мог застацца там і на год і на два. На пачатку XIX ст. была засуш. Некалькі паляўнічых зайшлі на адну такую выспу і ўбачылі на ёй зрубы, сляды зямлянак, а на галіне дуба вялізны звон, што аж урос верхавінаю ў дрэва. Выявілася, што жыхары бліжэйшай вёскі хаваліся тут ад шведаў. Пасля зарадзілі дажджы. Людзям удалося выбрацца, а маёмасць засталася. Звон правісеў на дубе больш за сто год.

Цяпер, вядома, такая недаступнасць здараецца дужа і дужа рэдка. На гарадзішча-схоў, каля вёскі Гарадное, куды перабіраліся ў вайну тысячы паўтары год назад жыхары, цяпер можна свабодна праехаць гаццю.

Але ж і раздолле на выспах! Хвоі, бярозы, зараснікі маліны, паветра звініць ад птушак, на кожным кроку барсучыныя і лісіныя норы.

А вакол, вядома, балоты. Часам небяспечныя, зарослыя незабудкамі, сіўцом, белакапытнікам, а часам і звычайныя, на якіх танцуюць, падскакваючы ў паветра, жураўлі.

На сухіх месцах саснова-лішайнікавыя бары: зямля аж сівая. І яшчэ дубровы. Велічэзныя. Часам з дубоў, якім пяцьсот - шэсцьсот, нават тысячу год. Амаль равеснікаў Полацка або Віцебска. Колькі б яны маглі расказаць, каб умелі гаварыць! У такіх лясах заўсёды змрок, крыху паплямаваны сонцам; курыцца, як з кадзільніц, зямля, і ў гэтых выпарэннях стаяць стрункія, як калоны, амаль белыя ствалы волатаў. Тут ёсць ласі, козы, дзікі, рысі, бабры, а на захадзе, у Белавежы, першабытныя зубры.

Ёсць тут і малыя пустыні. Высеклі лес, панізіўся ад асушэння ўзровень грунтавых вод, і вось пяскі вырваліся на волю, пачалі крочыць, утвараць барханы, насоўвацца на палі, часам засыпаць балоты (і гэта страшней за балота, бо чалавек можа, даверыўшыся пяску, ступіць і праваліцца, і ніхто нават не даведаецца, дзе ён знік). Менавіта таму з павалам лесу і асушэннем трэба быць дужа-дужа асцярожным.

Аб гэтым цяпер усё больш думаюць, засяваючы пяскі травамі, а пасля лесам. Але аб чым думалі яшчэ год дзесяць назад? Безадказнае асушэнне - таксама шкода. Балота часта не вораг, а захавальнік вільгаці, рэзервуар з'яўлення аблокаў, пачатак крыніцы, ручаіны, ракі.

Ёсць тут i паплавы i ўзвышшы з крутымi абрывамi на берагах. Узвышшы з сухiм гонкiм морам лясоў.

Яшчэ і зараз падчас паводкі многія вёскі стаяць на астравах або па калена ў вадзе і па вуліцах ходзяць маторкі, на якіх возяць вучняў - у школу, сялян - на работу і г.д. А яшчэ нядаўна (подаўна ўжо не быў на Палессі ў час разліву і таму не ведаю, ці ёсць яшчэ такое цяпер) можна было ўбачыць на гэтай бязмежнай, - у шырыню на некалькі дзесяткаў кіламетраў, у даўжыню - на сотні, - роўнядзі вады, нават плывучы кірмаш. Штук трыццаць дужа вялікіх чаўноў, змацаваных масткамі, сотня меншых, і ўсё гэта плыве ад вёскі да вёскі, а пасля да гарадка, прадаваць і купляць. Коні касавурацца за борт: "Ну вас да д'ябла, яшчэ патонеш з вамі", мыкаюць каровы, крычаць пеўні, вішчаць парсюкі. Лодачнік, які плыве насустрач і ведае, што вакол - на кіламетры - вада, і раптам чуе з туману такую сімфонію, можа падумаць, што звар'яцеў.

Ды што казаць, у 1969 годзе бачыў я на Прыпяці такое: плывуць дзве вялізныя лайбы, а ў іх стаіць грузавік. Правыя колы ў адной, левыя ў другой. Дзядзька вычэрпвае з чаўноў цёмную і празрыстую прыпяцкую ваду.

Значыць, пераганяюць кудысь. Ёсць два пункты, а дарогі між імі ніякай няма.

Я ўжо казаў, што выдзелiў бы ПРЫДНЯПРОЎЕ ў асобны раён. I хаця ў географаў такое дзяленне не прынята - я паспрабую гаварыць пра землi над Дняпром, як пра асобны край. Бо ўся гэтая мясцовасць створана Дняпром i нiжняй часткай яго прытокаў, уся носiць на сабе яго адбiтак. I разлiвы, як мора, i паплавы з акiянам кветак (часам чалавек з вудай хаваецца ў iх), з рамонкамi, смолкамi, шалёнай вясёлкай разнатраўя. I старажытныя гарадзiшчы са скарлючанымi дубамi на iх. I гарады i вёскi, што ўзнiклi на тых гарадзiшчах. I сiнiя старыцы ў ценi дубоў на тых жа паплавах. I сотнi курганоў, у якiх спачылi продкi. Бары на "родненькiм" Дняпровым пясочку, i зарасцi шыпшыны i бэзу на месцы былых паселiшч. Шумлiвыя паркi, броханне вялiзнай, з вясло, рыбы, бабёр, што куляецца ў ваду, убачыўшы твой човен, ранiшнiя слупы пары над ракой, вогнiшча касцоў ля будана, брэх сабак у начных вёсках, калi праплываеш паўз iх.

І, галоўнае, далечы, роўных якім не знайсці на зямлі. То снежныя, то шматкаляровыя, то з шаломамі стагоў і качкамі, што ўздымаюцца са "старыкоў". Як шпакоў, гэтых качак!

Гэта пейзаж. Але неад'емную частку пейзажу складаюць цяпер нівы. Гэта не тыя нівы, што на Украіне, Кубані або цаліне - бяскрайнія абшары пшаніцы і кукурузы. У нас яны па 5 - 10 гектараў на поўначы і крыху большыя на поўдні. Бульбяное, жытняе, ільняное поле. Белыя зорачкі, жоўты сухмень, сіняе азерца. А яшчэ малінавая канюшына, белы россып грэчкі, залатое мора лубіну ці сланечніку, бледна-зялёныя кучары гароху.

Ну і, вядома, пашы, выганы з каровамі і авечкамі. Духмяныя зарасці канопляў, "расліны ўцекачоў", бо ў ёй чалавека і з сабакам не дагоніш: сабака адразу губляе нюх.

У каноплях, у пахучай імгле зацішнай

прытулак знойдзе звер і чалавек увішны.

Зайчо, што ўзнята на гародных градах,

ў каноплі ад сабак імкнецца без агляду,

і псам не ўзяць яго у нетрах канапляных, -

саб'юцца са слядоў яны ў імгле духмянай,

дваровы там сядзіць, у цень густы схаваны,

пакуль не адыдзе прыпадак гневу ў пана...

(Адам Міцкевіч. "Пан Тадэвуш")


…Давайце цяпер пяройдзем да вёскі, хаты, чалавека. Толькі я хачу папярэдзіць вас, што гэта будзе размова хутчэй этнаграфічная, што многа чаго змянілася, што вопратку народную носяць не паўсюль, а толькі месцамі, астраўкамі на Палессі, Гродзеншчыне, Прыдняпроўі, што гаспадыні самі цяпер пякуць хлеб нячаста і г.д.

Размова пойдзе пра тыповае, пра тое, што розніць побыт беларуса ад побыту, скажам, грузіна ці ўкраінца.


ВЁСКА, О РОДНАЯ ВЁСКА МАЯ!

Дык вось, вёска. Яна не такая, як на Украіне або на Доне. Там не рэдкасць вёскі ў 200 - 300 - 1000 двароў. У нас 20 - 30 двароў - гэта ўжо вёска. Мала таго, на захадзе яшчэ й дагэтуль досыць многа хутароў, хаця людзі паступова і кідаюць іх. Ёсць, праўда, і вялікія вёскі, двароў на 1500, такія, як Рубель на Століншчыне. Але іх мала, напэўна, некалькі соцень, не больш.

За выключэннем некаторых раёнаў Палесся, беларускую хату ніколі не беляць знадворку, толькі ўнутры. Але старая беларуская вёска, тым не менш, прайграючы ў весялосці знешняга выгляду перад вёскай, скажам, карпацкай або малдаўскай, мае нейкі дужа мілы, задумлівы і паэтычны каларыт, дзякуючы прысадам вялікіх дрэў на вуліцах і ў завулках, векавым дубам на сядзібах, вялізным дзічкам на былых межах, садкам і, урэшце, таму, што калі не адразу за хатамі, то хаця б на гарызонце амаль абавязкова відаць лясы ці пералескі, што калі не тут жа, то непадалёку - рака, рачулка ці возера. Шмат зеляніны, шмат вады, шмат неба над галавою.

У нас хату часта будуюць талакою, з тоўстых і смалістых сасновых бярвенняў. Таму што лесу ўсё яшчэ многа. Па той самай прычыне амаль няма глінабітнай падлогі, як на поўдні СССР, а ёсць падлога з дошак. Столь, вядома, таксама дошкавая, зверху, на гары, на яе насыпаецца пілавінне, для цеплыні. Стрэхі раней былі саламяныя або, на поўдні, з чароту, які даўжэй служыць. Таму даўжэй, што, калі страху растрэплюць вятры і дажджы, чарот можна зняць і зноў перакрыць ім хату. І так два-тры разы. Але і тады часта сустракаліся "шчапяныя" дахі. Цяпер гонтавы дах бывае на хаце часцей за ўсё. За ім ідзе шыфер. Чарапіца сустракаецца досыць рэдка. Дахі двухскатныя. Шатровыя або напаўшатровыя досыць рэдкая рэч.

Хата заўсёды будуецца вокнамі на вуліцу, уваход калісь быў, у пераважнай большасці выпадкаў, з двара, а цяпер ўсё часцей, з вуліцы. Франтон часта аздабляецца разьбою. На Давыд-Гарадоччыне, напрыклад, на ўсіх хатах знак сонца і расліны вакол яго. Разьба і навокал акон і на акяніцах. Не ўсюды, але часта. Раней хату абкружала прызба, цяпер хаты, вядома, на фундаментах.

Для прыкладу апішу некалькі вёсак. Спачатку хутар. Расолы Астравецкага раёна на Гродзеншчыне.

Цэнтральная база саўгаса досыць далёка. Да бліжэйшай станцыі Гудагай некалькі кіламетраў лесам, палямі, пералескамі. Паўсюль раскіданы грады ўзгоркаў, а на іх сіні зубчасты лес. Між градаў палі канюшыны, залатыя лапікі стральчастага лубіну. Праз густыя зарасці чорнай вольхі бяжыць вясёлая і чысцюткая, на дзве трэці зацененая дрэвамі рачулка Лоша. "Лоша" па-літоўску "стронга". І стронга сапраўды водзіцца тут. На беразе рэчкі прыткнуліся наводдаль адна ад адной некалькі спраўных хат са студнямі, пунямі і адрынамі, у якіх так добра спаць на сене. Крыху далей, у звіліне Лошы, векавыя дрэвы былога фальварка. Ад дома засталіся толькі прыступкі ганка, якія вядуць у нікуды. А ля дарогі высачэзны крыж з неашкуранага, крывога дубовага ствала з гэткай жа папярочынай. Кажуць, што крыж пастаўлены былой гаспадыняй фальварка ў памяць аб павешаным правадыры паўстання 1863 - 1864 гг. Каліноўскім, якога яна кахала.

Другі край рэспублікі. Паўдзённы. Лахва Лунецкага раёна Брэсцкай вобласці. Рака з непрыгожаю назваю Смердзь ёсць, аднак адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпадзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунелі. І ў гэтых тунелях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў. Тут цудоўныя новыя пабудовы. У прыватнасці, школа. І, нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў.

Той самы поўдзень, але Мазыршчына. Вёска Данілегі. Гэта адна з тых мясцін, дзе жыхары яшчэ носяць па нядзелях і святах старадаўнюю народную вопратку. Хаты, выцягнутыя ў два рады, так густа абраслі дрэвамі, што здаюцца пагружанымі на дно глыбокага зялёнага возера. Некаторыя з іх пабелены і знадворку. Часам - крытыя трысцём. Вокны абведзены сінім. Наваколле - дрымучыя лясы. Трапляюцца дубровы па 400 - 500 год. Гэта менавіта тут стаіць у атачэнні шасцісотгадовых дубоў - "дуб Крывашапкі", "цар-дуб", "дрэва вечнасці" - вось колькі ў яго назваў. Яму тысяча гадоў. Разменьвае другую тысячу. Немцы хацелі спілаваць яго і вывезці ў Германію, але партызаны паставілі варту. Не ведаю, ці трэба было. Немцам ўсё адно гэта не ўдалося б. З якою тэхнікай падступіцца да дрэва таўшчынёю з вялікі пакой?!

Возера Свіцязь, апетае Міцкевічам. Вялікі, амаль правільны круг, з усіх бакоў зарослы дужа старымі дубамі. Вада тут такая, што, калі нават проста выкупацца - валасы рыпяць дні два. У наваколлі яго тры досыць тыповыя вёскі. Міратычы, што працягнуліся доўгай паласою харошых хат. Тут захавалася даўно зачыненая чатырохсотгадовая драўляная цэркаўка з тыпу "патаемных". Назнарок малая, назнарок у гушчары, каб на час навалы і вайны на знайшлі. Яна славутая цудоўнай народнай разьбою.

Валеўка. Гэта вёска сучасная, але i тут ёсць старажытнасць.

У прыватнасці курганы, гарадзішча, трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы... В.М.Вясняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці, у Валеўку... Тут багатыя фермы і будынкі, школа з музеем, ледзь не самым багатым сярод усіх школьных музеяў на Беларусі: ад палеаліта да нашых дзён. У школе ёсць і свой цікавы батанічны сад з мноствам экзатычных раслін. А ў садзе невялікія сажалкі, у якіх дзеці разводзяць рыбу і куды яны выпусцілі чарапах.

Варонча. Вёска амаль гарадскога тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў. Але і гэта - вёска-музей. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў - а можа, і цяпер стаіць - васьмісотгадовы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Унутры - дупло, у якім могуць паснедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух. Наводдаль - руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польска-беларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама - Верашчакі, сваяка Марылі Верашчакі, першага кахання паэта. Маёнтак Верашчакаў, Туганавічы, быў некалі побач. На яго месцы застаўся парк і "альтанка Марылі", некалькі ліп, пасаджаных кругам. Яны так зрасліся, што, каб адна не ўпала - унутр гэтага драўлянага круга нельга было б трапіць.

Як бачыце, амаль у кожнай беларускай вёсцы ёсць што паглядзець. Толькі трэба ведаць, што глядзець.

Пра воблік новага беларускага сяла, пра саўгасы і калгасы я раскажу крыху далей.
ПРОСІМ У ХАТУ, ГОСЦЕЙКІ НАШЫ!

Але зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры з рознай рознасцю, маслабойкі (цяпер часта сепаратар) і г.д. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача. Тут жа ўлетку спалі старэйшыя (для маладых служыла і служыць адрына з сенам). Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластам жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Раней зрэдку, а цяпер досыць часта ў халоднай палове ёсць і грубка, так што пры выпадку (наезд гасцей ці яшчэ нешта) можна размясціць процьму людзей. У мінулым стагоддзі, калі шафаў, вядома, не было, а ў куфры (скрыні) не ўсё змяшчалася, тут стаялі і "кублы" з лішнім адзеннем і іншым дабром.

У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова, у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя, хто не хацеў ісці проста ў садок, пад дрэвы. Часам яе можна ўбачыць і зараз. Я аглядаў некалькі такіх, і "абстаноўка" іх заўсёды была аднолькавая: нізкая, дужа шырокая і доўгая, "скрыня" на ножках, у ёй сяннік, набіты сенам, мякенькай аўсянай саломай ці гарахавіннем, радно, падушкі і полаг. Абавязкова. Ад камароў. Зроблены з радзіны, падобнай на марлю.

Вернемся ў сенцы. Ага, мы забылі яшчэ вось што. Лесвіцу, "драбіны", або проста бервяно з засечкамі, якое вядзе на гару, дзе вісяць шынкі і летнія каўбасы (зімнія каўбасы, залітыя салам, і само сала - у дзежках і гарлачах, у сенцах ці ў каморы).

Цяпер - у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны. У даўніну бывалі хаты з комінам (цяпер комінам завецца пячны дымаход), плеценым і абмазаным глінаю конусам, пад якім на жароўні ці ў свечніку гарэла лучына, а дым ішоў комінам праз столь і страху. Бывалі хаты з вялізным, таксама абмазаным, каўпаком ля ачага, дзе ў зімнія ночы (там было цяплей) збіралася прасці і майстраваць уся сям'я. Ды і ў розных мясцовасцях хаты былі розныя. На два пакоі (трысцен і ўласна хата), на два пакоі з прыбудовамі і г.д. Але найбольш тыповы выгляд быў такі. З трысцена, дзе елі летам і, хто хацеў, спалі зімой, і куды ўзімку бралі маладняк быдла, быў уваход у хату. Ля ўвахода, справа, мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу, па правай сцяне пол (нары). Пад полам складалі розныя рэчы. Але ўжо тады замест пола часта стаялі шырокія ложкі, адзін з завескаю, для гаспадара. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Часам гасцей клалі і пад лаўкі, залежна ад стану. У беларускай ананімнай паэме XIX ст. "Тарас на Парнасе", дзе іранічна апісваецца гулянка "грэчаскіх" багоў, ёсць такія радкі:

І кожны бог так разгуляўся,

Што аж не можна удзяржаць,

А хто гарэлкі насцябаўся,

Таго пад лаўку клалі спаць.

Перад лаўкамі - стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і - узімку - гаспадыніны кросны.

З упрыгожанняў былі - абразы на покуце. Бывалі сярод іх і лубачныя, але здараліся й дужа цікавыя. Ці старажытныя, ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры, які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што (па беларускай легендзе) аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблукала ў лесе. Не даў раздзерці ваўкам і памог ажарабіцца, а пасля прывёў гаспадару. Згодна павер'ю, калі жарабятка падрасце, то на ім паедзе той, хто дасць волю народу.

І яшчэ адно ўпрыгожанне - тканыя посцілкі (у шашачкі, у шэсць, дванаццаць і дваццаць чатыры "ніты", чынаватыя і інш.).

І, вядома ж, ручнікі. Мноства. Раней вакол абразоў і акон. Цяпер каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца - менш "раслін і кветак". Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае "вясёлка", жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.

Ну вось. А цяпер паколькi я кепскаваты танцор, то пайду танцаваць ад печы. Печ - гэта цеплыня. Печ - гэта здароўе застуджанаму. Печ - гэта i гарачая, смачная ежа. На поўначы печ дужа вялiкая i простая, хiба што з "пячуркамi" для запалак i лучыны на распал. Затое на поўднi яна меншая i часам нагадвае архiтэктурную спаруду. Дзесяткi выступаў i нiш, у якiх глiняныя збанкi, лiверы (пасудзiнка з дзвюма дзiрачкамi, "цякло, бы з лiвера, з вачэй"). Тут ёсць дзе ўстанавiць спарыш (два гаршкi, злучаныя ручкай, каб насiць на поле абед), паставiць i "ўдаву" - гаршчок, падобны на абаранак. Печ уся распiсана кветкамi, дзяўчаткамi з каромысламi i коннiкамi - улюбёны матыў. Зараз у наш час печ выцясняецца плiтамi i плiтамi газавымi, але пакуль ёсць у многiх хатах.

Дзе печ, там i тое, што з печы.
ХЛЕБ I ДА ХЛЕБА

Беларус любіць смачна паесці. Вось апісанне абеду з ананімнай паэмы XIX ст. "Энеіда навыварат" (напісанай як наследаванне Осіпаву і Катлярэўскаму). Пра беларускія ананімы я яшчэ буду гаварыць.

За стол ўсе порадам садзілісь,

Мялянік1 на стале ляжаў.

Дыдона варыва ўлівала,

Шматкамі мяса ў місы клала

І забяляла малаком.

Трупацiла яна крупеню,

Яечню, руднiк, жур, смажэню.

Каму пячэню з часнаком;

Былі й салодкія пацешкі:

Вяземскi пернiкi, арэшкi,

Мязгі й мязюму2 рашаты.

З такой фламандскай сакавітасцю мог апісваць ежу толькі чалавек, які ўмее і любіць пад'есці і якому часам, што ўжо казаць, даводзілася і недаесці.

На куццю на стол ставілася 12, 18, а то і 24 стравы. I ўсё гэта трэба пакаштаваць. Некаторыя са страў я апішу. Не сказаць каб усё гэта заўсёды стаяла на стале, але гэта стравы нацыянальнай кухні.

Перш за ўсё страва інтэрнацыянальная. Аснова ўсяго. Хлеб. Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пякуць яго на паду, на капусных або кляновых лісцях, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з'есці.

Дарэчы, ад хлеба і вылячэнне. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам, - у гарачую пару, калі хлеб не пякуць, - загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пеніцылін!

Улетку, калі дарагая хвіліна, елі праснакі (прэсны хлеб) і цацні. Да белага ставіліся ў даўніну крыху недаверліва, "нэндза прымусіць калачы есці" (г.зн. не здолеў пракарміцца з зямлі, пайшоў у горад на заробкі - апошняя справа! - а там, ясна ж, калачы). Але пірагі заўсёды любілі. З яблыкамі і ўвогуле з садавінай, з чарніцамі, кручаны з макам (струцаль). Калі пяклі іх, то рэшткі цеста раздавалі дзецям, каб кожны спёк сабе хаця б па маленькай булачцы, сваёй. I, як паўсюль у славян, існаваў "зайцаў хлеб", што бацька прыносіць з лесу ці з дарогі.

Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Абраніўшы, трэ было падняць кавалак, пацалаваць і сказаць: "Даруй, божухна". Хлеб абагаўлялі.

Бульба. Другі хлеб. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць - ад гэтай, печанай, і да "клёцак з душамі" (вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам), да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе спосабы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна - дзіва! Бяры і еш. А да яе сала, салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол - лёк). Або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое ў маёй мясцовасці падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параная рэпа, бручка ці нешта такое іншае.

Дарэмна нас дражняць бульбаю. Ёсць бульба, ёсць i да бульбы. Я не кажу пра ежу даўнiх беларускiх магнатаў, усе гэтыя "ласiныя губы ў падсалоджаным воцаце", "бабровыя хвасты" i iншае. Нават кухарская кнiга XIX стагоддзя "Гаспадыня лiтоўская" (Беларусь тады часта называлi Лiтвою), кнiга для сярэднiх класаў, дае тысячы рэцэптаў дужа складаных страў.

Добра. Iдзём далей. Што ў нас на першае?

Боршч раней у нас варылі досыць рэдка. Галоўнай была "капуста" з кіслай або свежай капусты. Затым ішлі "поліўка" - дужа тлусты гарачы суп, падбоўтаны мукой, "панцак" - пярловы суп з грыбамі. "Булён" - адкуль такая назва - невядома, бо гэта проста бульбяны суп, зашквараны салам, а зусім не французскі "бульён". Лапша з курынымі патрахамі. Супы па сезону - шчаўе, маладая крапіва з яйкамі. Славуты халаднік з халодным мясам і гуркамі. Малочныя супы і сярод іх "гушча наліваная" - уласна, пшанічная каша, залітая гарачым малаком. I ўрэшце квас, род баршчу з буракоў. У чырвоны празрысты адвар клалі мяса, грыбы і іншае. Словам, як пісаў Я. Колас:

Аздоблен квас быў i грыбамi

(Выключна ўсё баравічкамі)

……………………………….

Цыбуля, перчык, лiст бабковы-

Ну, не ўясісь, каб я здаровы!

Над сваім апетытам беларус заўсёды пасмейваўся (уменне іранізаваць не толькі над кімсьці, але і над самім сабою - адна з самых, па-мойму, вартых рыс беларускага нацыянальнага характару):

"Прадаў на рынку кабана, пайшоў закусіць. З'еў тры міскі капусты з боханам хлеба, сала хатняга з фунт. Тут купіў яшчэ тры порцыі смажанай каўбасы ды ўмяў. Пасля бульбы змамоніў міскі тры. Зноў баршчу міску ўбіў з булкай. А пасля як успомніў, што брат у салдатах, то як завязала".

Чуллівы чалавек, праўда? Есці не можа, калі брату цяжка.

...Першай стравы, здаецца, насёрбаліся. Пераходзім да другой. Нават не ведаю, з чаго пачаць. Занадта ўсяго. Ну, ясна ж, на другое кашы. Усякія. Робяць у місцы з кашай "калодзеж", наліваюць туды падлівы з мясам і чэрпаюць па краях. "Калодзеж", ясна, шырыцца, і туды даліваюць і даліваюць, аж пакуль не зробіцца адна суцэльная "студня" з мяса. Тады яе дабіваюць лыжкамі і просяць яшчэ.

I яшчэ назаву некалькі назваў без усякай сістэмы. Скажам, калдуны, нешта накшталт вялікіх і доўгіх пельменяў. Ну і, вядома, яешня. Проста яешня "глазуха" і яешня, запечаная з мясам і салам у гаршку -"верашчака".

Або мачанка з блінамі. Своеасаблівая падліва з мяса, рабрынак і сала, падбоўтаная мукой, у якую "мачаюць" бліны. На поўдні і ў Прыдняпроўі вялікім поспехам карыстаюцца "кіяшы" - вараная маладая кукуруза. На кіяш кладуць кавалак масла і, пакуль не растаў, падсольваюць і ядуць.

Цяпер пра мяса. Беларус згодзен толькі з другой паловай украінскай прыказкі "риба - линина, а м'ясо - свинина". Лін у нас не лічыцца добрай рыбай, засалодкі. Але свініна надзейна займае першае месца. Раней галоўным было сала, прычым асаблівым шыкам было есці "сала на повен рот, а хлеба так толькі, для смаку". Цяпер сала ўсё больш саступае месца летнім і зімнім каўбасам, паляндвіцам і іншаму. Вэнджаную ў хатняй капцільні шынку і так ядуць, і закусваюць, і проста перакусваюць, калі раптам перад абедам забурчала ў жываце... Ядуць, вядома, і ялавічыну і бараніну. Ну і, вядома, птушка займае сваё месца на стале. У азёрных і балотных мясцовасцях, дзе і стрэльбы ёсць і на рынак не дужа адвязеш, у сезон ядуць усё, аж да качак, запечаных з прыправамі ў гліне. Гэта на паляванні. I рэдка мне даводзілася есці нешта смачнейшае. Дужа смачная таксама качка з бруснічным варэннем, крышанымі бурачкамі і яблыкамі.

I, ясна ж, рыба. З яе таксама ёсць шмат страў, і апісаць іх тут усе няма магчымасці. Толькі пару слоў пра цудоўную юшку, празрыстую, бурштынавую ад тлушчу і ад таго, што цыбулю туды кладуць, зняўшы толькі верхнія сухія жоўтыя лушпайкі. Ніжнія, таксама жоўтыя, але яшчэ жывыя, не здымаюцца. У юшку ідуць прыправы і прысмакі. Часам робіцца юшка "ў дзве ці ў тры рэдзі". Гэта значыць, што спачатку варацца акуні ці яршы, пасля іх вымаюць, і толькі тады ў адвар кладзецца "сапраўдная рыба", рыбцы, ляшчы, сцерлядзь, калі трапіцца.

У ежу ідуць амаль усе гатункі рыб і іхняя ікра (яе некаторыя соляць). Не ядуць толькі ікры мірона, якая часам бывае атрутная. На поўдні ядуць яшчэ і ўюноў, якіх ловяць узімку так: устаўляюць у палонку кошыкі без дна, напханыя сенам. Але паўночней замест уюна часцей ідзе ў ход вугор. Яго вараць у юшцы, часцей вэндзяць. Добрая таксама і сялява, якую смажаць ва ўласным тлушчы.

Ракаў ядуць далёка не ўсюды. Нядаўна, ловячы рыбу з жыхарамі вёскі Церабяжоў на Століншчыне, убачыў на беразе поўна ракаў, дзе жывых, а дзе і высахлых. Выявілася, што, калі выцягваюць нерат, ракаў выкідваюць, "каб не паскудзілі раку".

- Што ж вы робіце? Смакоцце такое!

- Гідка.

Але як наварыў, сабраўшы (цяпер ужо аддавалі мне), і паказаў, што і як, то ўмялі за добрую душу... I так ва многіх мясцінах.

Не гідуйце, але ёсць пара мясцін, дзе арцелі ловяць жаб (не рапух, а зялёных жабак) і маюць з таго добры прыбытак. Яны ідуць за мяжу.

Пра што яшчэ... Ага, малако. I сырое, і кіслае, і смятана, і тварог. Як пісаў у паэме "Новая зямля" Якуб Колас:

Тварог, запраўлены смятанай,

Нясла з вялікаю пашанай.

Ну і ясна, кісялі, узвары, яблыкі, свежыя і мочаныя і проста залітыя вадою з прыправамі, так што зімою, як свежыя, але нібыта апушчаныя ў яблычны сок, памідоры і гуркі (узімку салёныя). На поўдні і ў Прыдняпроўі нават вінаград беларускіх гатункаў. Хто мае 20 - 30 лозаў, той часам зберагае яго да вясны, уторкваючы чаранкі кожнай гронкі ў дужа познія грушы, што аж да каляд цвёрдыя, як кій. Або ўстаўляе чаранок кожнага грона ў бутэльку з разбоўтаным попелам... I п'юць мёд, вядома, калі ён ёсць.

І, ясна ж, суніцы і чарніцы. Чарніцы часта ядуць, заліўшы ў місе малаком. Рот робіцца чорны, як у злоснага сабакі, затое смачна.

Нацыянальныя беларускія напоі - гэта квас і, перш за ўсё, бярозавік. Сок бярозавы п'юць і свежы і даўшы яму перабрадзіць і крыху закіснуць. Так ён зберагаецца ў бочцы да жніва, і яго бяруць у поле. Кіславата-салодкі (часам у яго дабаўляюць хатні парэчкавы ці яблычны сок), рэзкі, дужа добры ў спёку. Робяць таксама віно з яблыкаў. Выціскаюць сок і даюць брадзіць. Любяць моцнае хатняе піва, а на паўночным усходзе - брагу. Заліваюць наліўкі. Папулярнасцю карыстаецца крупнік, звараны з мёдам, вострымі прыправамі, травамі і карэннямі, а таксама "тройчы дзевяць", лячэбная настойка на дваццаці сямі травах. Рабінаўка, кмяноўка. Я ўжо не кажу аб настоях для лекаў, якіх сотні.

Ну і "жыватоўка" - тое, што ўкраінская "горілка з перцем". I зуброўка - на сапраўднай, пахучай і ільснянай зубровай траве.

I вось вам апісанне гулянкі багоў з "Тараса на Парнасе":

Наперш дала яна капусту,

Тады са скваркамi кулеш,

На малацэ крупеню густу

Дае уволю, толькi еж.

I з пастаялкай жур сцюдзёны,

I з кашы сала аж цякло,

Ды i гусяцiны пражонай

Уволю ўсiм багам было.

Як унясла ж на стол каўбасы,

Блiны аўсяны ў рашаце,

Аж слiнкi пацяклi ў Тараса

I забурчала ў жываце.

Багi гарэлку пiць пачалi,

3 насадкi3 ў чаркi так i льюць,

Падпіўшы, песні заспявалі.

Чаму я апісваю вам гэта? А таму, што ежа розных народаў, як і вопратка і жыллё, усё больш і больш падпадае стандарту.

I ў Маскве, і у Кіеве, і ў Мінску, у хаце і ў сталоўцы - амаль паўсюль вы ясце тыя ж самыя катлеты ды 6іфштэксы, носіце тыповыя вопраткі з падобных матэрыялаў, усё больш забываеце непаўторнасць і адметнасць жыцця той мясціны, адкуль вы родам. А да канца забываць пра гэта нельга.

_______________

1 Гатунак пірага.

2 Разынак, ізюму.

3 Посуд з рыльцам.




  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка