108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі



старонка11/21
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   21
Адчуваньне, што ты ў заваленай шахце. Зьнясілены, раструшчаны, кінуты. І раптам у апраметную імглу пранікае малюпасенькі праменьчык сьвятла. І гэта дае табе сілы, веру і надзею. У слабеючых руках зьяўляецца сіла. Ты скрабеш пароду і паўзеш да сьвятла і жыцьця. І гэта ня мой пэрсанальны сэнтымэнталізм.
Побач са мной Аляксандар Арастовіч, разгублены і зьдзіўлены. А ў руках прадмет, які выклікаў гэтае зьдзіўленьне, — паведамленьне аб грашовым пераводзе. Ад незнаёмай яму жанчыны. «Якія яны ўсё ж такі малайцы!» Здаецца, зараз пырсьне на паперку ​​сьлязой. Я яго разумею. Мы абодва ўбачылі адно і тое ж сьвятло, якое пракралася ў наша падзямельле.
* * *
Зьбіраю брудныя рэчы. Для іх прыстасаваў чорны поліэтыленавы пакет. Сартаваньне па пакетах з выкарыстаньнем каляровай гамы — гэта эўрапейскія тэхналёгіі на рэжымным аб'екце з савецкага мінулага. Заўтра паспрабую здаць у пральню. Гэтае права дэ-юрэ распаўсюджваецца на іншагародніх, не менчукоў, але дэ-факта залежыць ад таго, зь якой нагі ўстаў начальнік СІЗА. Гэта на яго імя трэба пісаць прашэньне, каб узялі ў пральню брудныя рэчы. Дарэчы, наконт любой драбніцы, будзь гэта замена лямпачкі або набыцьцё прадуктаў за свае ж грошы, трэба зьвяртацца да начальніка. Кожная чалабітная павінна нагадваць пра тваю залежнасьць і твой паднявольны статус.
* * *
Камэра — памяшканьне шматфункцыянальнае. Гэта і спальня, і кухня, і пральня, і спартзаля. Сёньня ў яе статус цырульні. Выдалі машынку для стрыжкі.
Абставіны не спрыяюць манікюру-пэдыкюру, але і апускацца да стану занядбанага калгаснага саду ня хочацца. Кажуць, некалі можна было замовіць цырульніка проста ў «амэрыканку». Пішаш заяву, і чалавек з наборам нажніц да тваіх паслуг. Адзіная ўмова — стрыжка праходзіць у прысутнасьці кантралёра, і ты ня маеш права гутарыць з цырульнікам. Але гэта ў мінулым. Сёньня можна спадзявацца толькі на спрыт калегаў па няшчасьці.
Я вырашыў не падстаўляцца пад нажніцы і брытву. Прынамсі ў агляднай будучыні. Гэта свайго кшталту экспэрымэнт па стварэньні новага іміджу. Раз ужо так склаліся абставіны, чаму б не пабыць такім, якім ня можаш быць у звычайным жыцьці?
У такі дзень ёсьць магчымасьць бачыць сябе ў люстэрку. Расьліннасьць ужо пакрыла значную тэрыторыю твару. Здаецца, гэта надае абрысу дадатковую суровасьць і жорсткасьць. А гэта якраз тое, што трэба ў маім становішчы.
Сукамэрнікі ж бяз жалю расстаюцца з валасяным покрывам. Працэс адбываецца наступным чынам. На бэтоне расьсьцілаюць газэту, на яе ставяць крэсла. Паддосьледны «кліент» з тунікай-прасьцінаю на плячах, усьмешлівы практыкант-цырульнік, машынка гудзе ў руках. Усе астатнія жыва камэнтуюць падзеі і не скупяцца на парады. Самая папулярная прычоска — бокс. Машынку выстаўляеш на двойку — і пайшоў гуляць па чэрапе. Туды-сюды.
* * *
Баюся сурочыць, але, здаецца, мае лісты даходзяць дадому. Гэтую аптымістычную выснову я зрабіў на падставе зьмесьціва перадачы. Анучныя рукавіцы, шапка, грабянец. Гэта ўсё тое, пра што я прасіў у лісьце. Дзякуй богу! Я бясконца рады хай сабе і аднабаковаму руху інфармацыі, і таму застаюся ў добрым гуморы. І ў камэры ўжо ня так зябка, і ў кашы нейкі іншы водар, які ўзбуджае яго вялікасьць апэтыт.
Зараз на шпацыры буду адчуваць сябе значна камфортней. Дагэтуль на зарадцы мусіў выкарыстоўваць скураныя пальчаткі, цяпер жа ў анучных рукавіцах будзе нашмат спрытней. Яшчэ адна шапка — добры дадатак да капюшона курткі. Грабянец — наагул рэч неабходная для маіх валасоў, якія вяртаюцца ў юнацтва.
29 студзеня, субота
Мэдыцынскае абслугоўваньне ў СІЗА мае сваю спэцыфіку і асаблівасьці. Лекарскі пакой — на ніжнім ярусе. Невялікія сенцы і сам кабінэт. Два сталы. Два акны. На падваконьнях парачка вазонаў. Некалькі шафаў з прэпаратамі. Кушэтка. Крэслы. Белая вага. Перасоўная шырма. На сьцяне некалькі плякатаў. Трэба прызнаць, дзіўнага зьместу. Да прыкладу, набор парадаў парадзіхам. «Амэрыканка» ніяк ня цягне на радзільнае аддзяленьне. Хутчэй тут падабенства да моргу.
Лекар — змрочны тып з гумовым тварам. На ім адзін і той жа застылы выраз. Штампоўка ліцейнага цэху. Што адчувае гэты чалавек, зразумець немагчыма. Твар не чытаецца. Ні жалю, ні раздражненьня, ніякіх эмоцыяў, нічога. Вочы, здаецца, не міргаюць і хутчэй скануюць, чым глядзяць на цябе. Ён таксама носіць свайго кшталту маску і вельмі арганічна ўпісваецца ў чорна-зялёную тканіну, у якую зацягнутыя твары ахоўнікаў. Мабыць, такім і павінен быць лекар СІЗА КДБ. Ён частка агульнага інтэр'еру. І калі ёсьць задача стварыць у чалавека, які трапіў у «амэрыканку», адчуваньне безвыходнасьці, то зь ёй ён спраўляецца бліскуча. Ужо на першай сустрэчы ў мяне зьявілася аналёгія зь лекарам канцлягера. І ў далейшым яна толькі ўмацоўвалася. Гэта тыпаж.
А вось яго асыстэнтка выбіваецца з інтэр'еру і ў гэтай чорнай зграі выглядае крыху напужанай белай варонай. Можа, гэта ўзроставае і яна яшчэ не пасьпела прасякнуцца тутэйшымі традыцыямі. Зь цягам часу людзі робяцца падобнымі да рэчаў, якія іх атачаюць.
Калі ж зірнуць на сытуацыю без прывязкі да майго цяперашняга становішча, то я з задавальненьнем канстатую, што тутэйшы лекар — гэта ўсё ж выключэньне, а ня правіла. Ён складае рэзкі кантраст мэдыкам, зь якімі мне давялося сутыкнуцца падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У лістападзе я мусіў легчы на ​​апэрацыйны стол. Перасунуць дату было ніяк немагчыма, і так гэтай апэрацыі чакаў паўгода.
Сустрэлі мяне ў мэдыцынскай установе з сумесьсю зьдзіўленьня і ветлівасьці. Зьдзівіліся, што я адстаяў у агульнай чарзе. Узрадаваліся самой магчымасьці непасрэднай гутаркі. Прынамсі, мне так здалося. Кіраўнік цэнтру зладзіў гадзінную экскурсію. Трэба сказаць, паглядзець было на што. І ўбачанае на свае вочы, пачутае сваімі вушамі захапляла і натхняла. Без перабольшваньня.
Дарэчы, мяне паспрабавалі зьмясьціць у VIP-палату, супраць чаго я запярэчыў. Не таму, што сьціплы, проста ў гэтым не было ніякай неабходнасьці. Палата на чатырох — цалкам камфортная. Хоць, не схаваю, прапанову пачуць было прыемна.
На суседнім ложку ляжаў здаравенны дзяцюк. Падумалася — напэўна, спартовец. Практычна не памыліўся. Спартсмэн, але былы. Выпускнік інстытуту фізкультуры. А цяпер... капітан спэцназу. Гэта быў свайго роду маленькі сюрпрыз. Па маёй правай, праблемнай руцэ ў свой час патапталіся капітанавы калегі. Сам кэп аказаўся зусім сабе прасунуты. З ноўтбукам у здаровай руцэ. Падзараджаўся спэцназавец навіннай стужкай «Хартыі» і «Белпартызана».
Мы абодва часова аднарукія. Ён бязь левай, я бяз правай. Гаворым пра выбары. Капітан мае намер аддаць свой голас альбо Саньнікаву, альбо Раманчуку. І тут у палату ўвайшоў, не, хутчэй укаціўся, кругляк. Твар расьпілаваны ўсьмешкай напалам, у кулачышчы — вялікая сетка з аранжавымі апэльсінамі.
Пасьля сыходу калегі капітан апэтытна зарагатаў: «Толькі наш брат мог прынесьці апэльсіны! І што мне цяпер зь імі рабіць?» — бездапаможна тыцкаў ён у аранжавыя шары белай павязкай.
Пасьля апэрацыі я быў абкружаны ўвагай і клопатам мэдпэрсаналу. Праўда, не абышлося без кур'ёзу.
Рэч у тым, што на Кастрычніцкай плошчы была заплянаваная сустрэча некалькіх кандыдатаў у прэзыдэнты з выбарцамі. Свайго кшталту рэпэтыцыя Плошчы. І тут да мяне зачасьцілі лекары. Зазіраюць у палату кожныя паўгадзіны. Спачатку я не зразумеў, у чым справа, пакуль адзін зь іх не раскрыў карты: «Анатоль Уладзіміравіч, сёньня ў горадзе акцыя, дык вы ўжо нас не падвядзіце. Да нас тут прыходзілі... Ну, самі разумееце... Адным словам, трэба, каб вы не пакідалі палату».
Так, КДБ адпякае! У мяне далонь прашытая, рука па локаць запакаваная ў жорсткую павязку. Кропельніца, прылада адводзіць кроў ад раны, абязбольвальныя ўколы. Вядома ж, я даў слова! Але, мабыць, начальства вырашыла падстрахавацца — на працягу дня галава мэдсястры, нібы зязюля ў гадзіньніку, рэгулярна зазірала ў прастору дзьвярэй і, зафіксаваўшы маю прысутнасьць у палаце, зьнікала.
Маё вымушанае знаходжаньне ў мэдыцынскай установе мела практычны працяг. У праграму кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука мы тут жа ўнесьлі пункт аб стварэньні ў кожнай вобласьці спэцыялізаваных мэдычных цэнтраў. І, трэба прызнаць, гэтая прапанова мела посьпех і падтрымку на наступных сустрэчах з выбарцамі. Прычым катэгарычную.
Мэдыцына можа і павінна быць адным з прыярытэтаў беларускай дзяржавы. Кваліфікацыя мэдпэрсаналу пакуль яшчэ дазваляе ставіць самыя амбітныя задачы. Можна ня толькі ліквідаваць гэтыя ганебныя чэргі ў паліклініках, але і зарабляць добрыя грошы. Пры разумнай палітыцы мэдыцына можа стаць візытоўкай Беларусі, аналягам швайцарскіх гадзіньнікаў або фінскай сыстэмы адукацыі.
Сёньня я не ўтрымаўся ад спакусы праверыць гэты пункт праграмы на сукамэрніках. Бліскучы вынік! Калі б гэта было ў пэрыяд выбарчай кампаніі, я б забраў усе галасы. Стоадсоткавая падтрымка.
30 студзеня, нядзеля
І ў звычайным, будзённым жыцьці бывае па-ўсякаму. У становішчы ж вязьня СІЗА ўсякія рамкі рассоўваюцца, расьцягваюцца. Часам да стану нечаканага і нязвыклага.
Няпроста знаходзіцца ў абмежаванай прасторы чатыром-пяці мужыкам. Часьцяком зусім розным — па характары, па поглядах. Часам узьнікаюць перапалкі, здараюцца і ўспышкі гневу. Але ўсе разумеюць, што паасобку ня выжыць. І гэта аб'ядноўвае, робіць нас лепшымі, чым мы ёсьць на самой справе.
У нашым становішчы людзі робяцца шчырэйшымі. Ім хочацца выгаварыцца. Ёсьць попыт на спагаду, на разуменьне. Адчыняюцца дзьверы, у звычайным жыцьці зачыненыя для іншых. Ува мне бачаць таго, каму можна паспавядацца.
Я павінен ведаць усё. У мяне на ўсё павінен быць адказ і парада. Натуральна, я ўсяго ня ведаю. Але расчароўваць не магу. І так навокал столькі нэгатыву. Хай даруюць, але часам я хітрую. Часам прыдумляю. Галоўнае, каб даць чалавеку, які зьвярнуўся да мяне, пункт апоры, усплёск надзеі, порцыю аптымізму.
Мяне называюць Правадыром. Можа, гэта не выпадкова?
Гэтага часу было цалкам дастаткова, каб ня толькі скласьці думку пра тых, хто побач, але і сыстэматызаваць кантынгент «амэрыканкі» па групах. Па-першае, кідаецца ў вочы даволі вялікая колькасьць прадстаўнікоў бізнэсу. Відавочны доказ таго, што прадпрымальніцтва ў Беларусі — справа рызыкоўная і небясьпечная. Як правіла, гэта людзі ад трыццаці да сарака з хвосьцікам. Адукаваныя, з наборам здольнасьцяў, якія дазволілі дамагчыся немалога нават у неспрыяльных умовах беларускай рэчаіснасьці.
Другая група — гэта чыноўнікі, людзі з кіраўніцтва прадпрыемстваў. Зразумела, з прыстаўкай «экс». Нядаўнія ўладальнікі кабінэтаў на некалькі вокнаў, пэрсанальных аўто і асабістых сакратарак. Чыноўнікі — гэта людзі з прыемным мінулым, цяпершчынай, якая страшыць, і невядомай будучыняй. Асобна тут стаяць чыноўнікі ў пагонах. У асноўным МУСаўцы.
Трэцяя група — маладыя людзі, якім ледзь за дваццаць. Сядзяць на наркатычнай іголцы і падсаджваюць на яе іншых. Наконт першай часткі можна было б сказаць: чорт з вамі, а наконт другой — нашто ж вы іншых губіце? Як правіла, паводле прысуду атрымліваюць на поўную катушку. Восем-дзесяць гадоў. Але пры адсутнасьці нейкіх надзвычайных здарэньняў гады праз чатыры іх чакае воля.
І чацьвёртая група — гэта мы, «ворагі народу».
Сярод чынавенскіх пэрсанажаў я б вылучыў былога намесьніка мэра Магілёва Ўладзіміра Цітка. Недурны, таварыскі на мяжы балбатлівасьці. У той жа час даволі скрытны.
Ху із містэр Ціток, я даведаўся толькі, калі мы рассталіся. Пакуль мы разам сядзелі ў чацьвёртай камэры, экс-чыноўнік граматна і прафэсійна граў ролю пакрыўджанага лёсам і ўладамі пажылога чалавека. Маўляў, прывёз на лецішча трохі пяску зь дзяржаўнага кар'еру, вось і ўсе грахі. Потым, праўда, пад настрой выціснуў зь сябе апісаньне пагоні і далейшага затрыманьня. Гадзінная аўтамабільная гонка-перасьлед па прасёлкавых дарогах. З маячкамі, віскам тармазоў і ляжаньнем на капоце. Гэтай гісторыі было дастаткова, каб засумнявацца, што ўсе праблемы — толькі ў кучы пяску.
Пры гэтым Уладзімір дэманстраваў нядрэннае веданьне агульнапалітычнай і эканамічнай сытуацыі ў краіне. Арыентаваўся ў калодзе беларускай апазыцыі. Даў зразумець, што на «ты» з нашым Валодзем Шанцавым (лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі).
Пасьля таго як над пяшчанымі кар'ерамі Ўладзіміра Цітка была прыўзьнята заслона таямніцы, усё стала на свае месцы. Будаваў экс-чыноўнік, вядома ж, ня лецішча-хацінку, а сучасны катэдж. І, трэба разумець, ня толькі за кошт працоўных ашчаджэньняў. Зрэшты, гэта ўжо справа кампэтэнтных органаў. Магчыма, у гэтай справе, без палітычнага складніку, яны будуць бесстаронна прытрымлівацца літары закону.
Мне ж стаў зразумелы скепсіс, які Ўладзімір Ціток дэманстраваў у дачыненьні да палітычнай апазыцыі. Лягічнымі выглядалі цяпер і выказваньні ў абарону ўладнай вэртыкалі, і рэвэрансы ў бок «добрага цара». Нават у СІЗА ён заставаўся часткай той самай сыстэмы, якая спачатку яго выгадавала, а потым кінула на нары «амэрыканкі». Беларускі чыноўнік — збольшага істота баязьлівая. Яго адметная рыса — прыстасаваньне да навакольнага асяродзьдзя. У лесе ён будзе зялёны, у пустыні — жоўта-карычневы. У вадзе ў яго вырастуць жабры, пры наяўнасьці мух і камароў ён абзавядзецца хвастом.
Зь бізнэс-групы самае моцнае ўражаньне на мяне зрабіў Саша Кісялёў. «Алігарх», як паўжартам-паўсур'ёзна, але паважліва называюць яго ў СІЗА, аказаўся вельмі пазытыўным хлопцам. Па беларускіх мерках у Кісялёва быў прыстойны бізнэс: пастаўкі садавіны. І гэта далёка ня ўсё, чым займаўся бізнэсмэн Аляксандар Кісялёў. Асноўны профіль — стварэньне бізнэсу з нуля, а затым яго продаж. У Аляксандра расейскі пашпарт. Ён скончыў Гомельскі каапэратыўны інстытут. У Беларусі знайшоў сваю другую палавінку, і цяпер у іх чатыры дачкі. Жаночы батальён, як жартаваў Алігарх падчас нашых шчырых гутарак за кубкам гарбаты. Бацькі жывуць у Расеі. У «амэрыканцы» ўжо больш за год. На фірму наляцелі людзі ў масках і павезьлі з сабой больш за трыццаць чалавек. Усіх разьмясьцілі на «Валадарцы», Кісялёва адправілі ў «амэрыканку». Сярод затрыманых апынуўся і брат Аляксандра, які прыехаў пагасьцяваць да сваяка ў Беларусь. Вось такая беларуская гасьціннасьць!
Саша — чалавек камунікабэльны. Як высьветлілася, мы зь ім маглі пазнаёміцца ​​раней. «Я неяк бачыў вас на аўтазапраўцы на другім кальцы. Нават хацеў падысьці павітацца, але не наважыўся. А вось цяпер абставіны зьвялі нас».
У мяне склалася думка, што з Кісялёва выбіваюць грошы. Яму адкрыта і цынічна прапануюць выкупіць свабоду. Сваю і падначаленых. Цана прыстойная — 30 мільёнаў даляраў. Аляксандар гатовы на дваццаць. Такі, на яго думку, кошт ягонага асабістага самалёта. «Прадам самалёт і разьлічуся. І не таму, што вінаваты. Хачу, каб адпусьцілі людзей, за якіх я адказваю». Але, як сьцьвярджае Аляксандар, такі фармат не задавальняе дзелавых людзей з канторы. Ідзіце і думайце, кажуць яму. Але нічога іншага прадпрымальнік прыдумаць пакуль ня змог. Больш як за год Аляксандар зьмяніў тут дванаццаць камэр. Разам мы былі два тыдні, потым яго перавялі ў трынаццатую. Можа, яна адчыніцца ў прастору, якая завецца свабодай?
Кісялёў выявіўся ня толькі цікавым, таварыскім чалавекам, але і кантрастуе з вобразам багатага расіяніна. Я такі ж, як усе, чыталася ў ягоных учынках і меркаваньнях. Ніякай распальцоўкі і бравады. Яму падабалася кухарыць. З асаблівым задавальненьнем Алігарх калдаваў над гатаваньнем салатаў. Ён стругаў, чысьціў, рэзаў, зьмешваў, саліў, перчыў. Адным словам, калдаваў! І, дзеля справядлівасьці трэба сказаць, выходзіла ў яго смачна.
У суботу Кісялёў, надзеўшы хірургічныя пальчаткі, старанна цёр халодны і вечна брудны бэтон. Ён усё рабіў грунтоўна. У свае трыццаць восем меў уласнасьць ня толькі ў Менску, але і ў Маскве і Лёндане, пасьпеў пабываць у шмат якіх кутках плянэты. У тым ліку за штурвалам асабістага самалёта. І калі мяне сукамэрнікі прасілі распавесьці пра ўнутраны сьвет беларускай і замежнай палітыкі, то Аляксандра — пра падарожжы па белым сьвеце.
31 студзеня, панядзелак
Апошні дзень студзеня. Тут, у казэматах «амэрыканкі», слова «апошні» афарбавана прыемнымі тонамі і нясе пазытыўную сэнсавую нагрузку. Хочацца, каб усё, што адбываецца вакол цябе, было апошнім. Апошнія месяц, тыдзень, дзень знаходжаньня ў СІЗА, апошняя вячэра, апошні шпацыр. Лаўлю сябе на думцы, што жыву чаканьнем імгненьня, калі пайду адсюль. Зрэшты, зразумець няцяжка, бо думаю пра гэта ўвесь час. І думаю ня я адзін.
Я хачу сысьці. Сысьці і не вяртацца сюды ніколі. Ніколі! Ніколі не адчуваць гэтага спэцыфічнага паху «амэрыканкі», ня чуць гэтых крыкаў ашалелых ахоўнікаў. Ніколі ня бачыць гэтых чорна-зялёных масак, гэтай сеткі над галавой у дворыку для шпацыраў.
Максім ужо каторы дзень дастае з баулаў акуратна складзеныя рэчы і перакладае іх зноўку. У яго ўсё выверана і рассартавана паводле доўгага сьпісу. У кіляграмах, у штуках. З дня на дзень у яго этап. Наперадзе чатыры гады калёніі. А пакуль ён чытае нам курс зэка, які ўпершыню адпраўляецца ў зону. Матаю інфармацыю на вус. Хто ведае, што чакае мяне празь месяц-другі. СІЗА, калёнія, турма — усё гэта клясы адной школы. Школы выжываньня.
А тым часам нас пакінуў Андрэй-Пракурор. Дакладней, адбылася ратацыя. Пракурор пайшоў дадому! А замест яго ў той жа дзень у камэры зьявіўся Раманоўскі Аляксандар Аляксандравіч. Чалавек з акадэмічнай бародкай.
Андрэя ў той дзень выклікалі на допыт. Але ўсё зьвялося да кароткага інфармаваньня пра новы паварот у расьсьледаваньні. Справу панізілі ў статусе. З рэспубліканскага спусьцілі на абласны ўзровень, і цяпер яе будзе весьці сьледчы Камітэту дзяржкантролю па Менскай вобласьці. Гэта можа азначаць толькі адно: справа развальваецца. Адпаведна, утрыманьне пад вартай замянілі падпіскай аб нявыезьдзе. Андрэй быў шчасьлівы! І мы адкусілі па кавалачку ягонага шчасьця.
Скарыстаў сытуацыю і напісаў у сшытку Пракурора хатні тэлефон. Я папрасіў. Ён паабяцаў. Застаецца спадзявацца, што Андрэй патэлефануе, і гэта будзе падарункам ад мяне маім любым.
Андрэй прабыў у «амэрыканцы» больш за чатыры месяцы. Яму прад'явілі сур'ёзныя абвінавачаньні ва ўкрываньні даходаў. Нібыта ён сапраўдны ўладальнiк чатырох камэрцыйных структур. Па мерках невялікага Дзяржынску зусім нішто сабе. Дакумэнтальна ж ён усяго толькі кансультант па юрыдычных пытаньнях адной структуры. Адпаведна, ніякіх фінансавых дакумэнтаў зь ягоным подпісам не існуе. Уся доказная база — на ўзроўні слоў «ну мы ж ведаем». Андрэю па-сяброўску прапанавалі выплаціць больш за 20 мільярдаў рублёў, потым зьнізілі гэтую суму да сямі. Ён упёрся і запатрабаваў прад'явіць доказы ягонай віны. Час ішоў. Тыя чакалі — гэты сядзеў. Так што, падобна, бралі на змор.
Але, відаць, цярпеньне экс-пракурора выявілася мацнейшым за чаканьні сьледчых. Да таго ж пачалося актыўнае абмеркаваньне зьмякчэньня крымінальнага перасьледу за эканамічныя злачынствы. У прэсе нават былі апублікаваныя тэзы будучай лібэралізацыі. Андрэева адвакатка перадала гэты дакумэнт, і вечарамі народ вывучаў яго з алоўкам у руках. Хутчэй за ўсё, гэта і стала галоўным аргумэнтам на карысьць разгрузкі сьледчых ізалятараў ад Андрэя і яму падобных.

Люты 2011


1 лютага, аўторак
Мы з Раманоўскім селі кідаць косьці. Апошнім часам гэта стала абавязковым пунктам майго распарадку дня па абедзе. Справа гэтая, трэба прызнаць, азартная і апэтытна пажырае час. Пяць белых касьцей у чорную крапінку, аркуш паперы з раскрэсьленай табліцай — і наперад! Трасеш косьці ў стуленых далонях і потым выкідаеш на вышчарбленую паверхню крэсла ці тумбачкі. А паралельна гутарым. Збольшага ні пра што звышнатуральнае, але часам трапляем на жылу цікавай тэмы. Як, напрыклад, сёньня. Слова за слова, і на язык трапіўся даволі вядомы, а дакладней — скандальна вядомы генэрал-пісьменьнік Чаргінец. Пачуўшы гэтае прозьвішча, Сан Саныч скрывіўся так, быццам яго прымусілі жаваць гнілую дзічку. Убачыўшы ​​такую ​​рэакцыю суразмоўцы, я мазнуў штрых да партрэта «вэтэрана аўганскай вайны»:
— Вельмі адыёзная фігура...
— Анатоль Уладзіміравіч, я з гэтым чалавекам не адну бочку алькаголю выпіў. У маёй асабістай бібліятэцы ўсе яго тварэньні з асабістымі аўтографамі пыляцца, — пры слове «тварэньні» Сан Санычаў твар прадэманстраваў рэакцыю на яшчэ адну надкушаную дзічку.
Так, здаецца, канкураваць у напісаньні партрэта Чаргінца я наўрад ці змагу: выпіваць зь ім не выпіваў, кніг ягоных ня маю.
— Надзвычай непрыемны тып, павінен вам сказаць, — працягваў разгортваць тэму Сан Саныч. — Вы ведаеце, чым ён займаўся ў Аўганістане?
— Магу толькі здагадвацца. Але пэўна ж не сядзеў у засадзе з кулямётам.
— А я не здагадваюся, я ведаю! Пастаўкамі алькаголю. У бляшанкі з-пад глыбоцкай згушчонкі закочвалі гарэлку і пастаўлялі ў Аўган. Нядрэнны, я вам скажу, бізнэс. І гэта толькі невялікая частка таго, што я ведаю.
— Алькаголь у бляшанкі з-пад згушчонкі? Ня можа быць!
— Можа, — катэгарычна адрэзаў мой суразмоўца.
Адчувалася, што некалі іх сапраўды зьвязвалі адносіны як мінімум прыяцельскія. Я глядзеў у немігучыя вочы суразмоўцы і спрабаваў зразумець: гэта сапраўды праўда ці крыўда трэснутай дружбы?
— Ды вы проста скарбонка эксклюзіўнай інфармацыі!
Гэты камплімэнт відавочна спадабаўся Раманоўскаму, і ён агаліў кранутыя жаўцізной зубы.
— Дайце мне магчымасьць пабыць начальнікам карнага атрада новай улады, і вы даведаецеся столькі цікавага, што галава пойдзе кругам. Я гэтулькі сволачаў ведаю. Усю іх паднаготную. Працы хопіць надоўга.
— На жаль, расчарую, ня будзе ў нас такой пасады.
— Тады пракурорам ці хаця б начальнікам «амэрыканкі». Усё прыпомню, нічога не прапушчу. Памяць на дрэннае ў мяне выдатная.
— Злы вы, Аляксандар.
— А вось вы добры, але сядзім мы з вамі ў адной камэры і на адну парашу ходзім. Сьвет вакол нас такі: чалавек чалавеку — воўк. І вы альбо прыкідваецеся, што гэтага ня ведаеце, альбо жывяце ў сваім, але прыдуманым вамі ж сьвеце.
Цікавая штучка, гэты Аляксандар Раманоўскі. У меркаваньнях рэзкі, а часам настолькі катэгарычны, што размова адразу заходзіць у тупік. Думаю, раней ён дзесьці ў сілавых структурах працаваў, а потым ужо выйшаў на бізнэс-арбіту. Але, напэўна, запуск выйшаў не зусім пасьпяховы.
На ягоным твары — суровасьць, катэгарычнасьць, жорсткасьць. Праўда, акуратная сівая прафэсарская бародка крыху зьмякчае ўспрыманьне. Дый інакшы выраз часам відаць. Ня часта, але здараецца. У прыватнасьці, калі Раманоўскі чытае лісты ад дачкі, твар зьмяняецца да непазнавальнасьці. Відаць, што гэтых людзей зьвязваюць пяшчотныя пачуцьці, ня толькі роднасныя, але і сяброўскія. Дачка яшчэ школьніца. Дзіця позьняга каханьня.
Сан Саныч мае вялікую цікавасьць да Арастовіча. Недзе на беразе Менскага мора нядаўні бізнэсмэн набыў апэтытны кавалачак зямлі. Былі і, здаецца, яшчэ застаюцца пляны, каб яго ўпарадкаваць. У камэру Раманоўскі прыйшоў з інфармацыяй, што сярод палітычных ёсьць нехта Арастовіч, бясплатны кансультант па будаўніцтве. Калі Сан Саныч пазнаў у Сашу таго самага экспэрта, тут жа ўзяў яго ў абарот. Схапіў паперу і пачаў крэсьліць схемы, пляны будоўлі. Арастовіч у нас папулярны, што тут скажаш. Яго цяпер так і клічуць — Архітэктар, і інфармацыя пра яго і ягоныя бясплатныя кансультацыі ўжо вандруе па сарафанным радыё «амэрыканкі».
Вось і цяпер яны схіліліся над табурэткай з аркушыкамі, нібы над плянам найважнейшай апэрацыі. Яны ў іншым сьвеце — там, дзе будуюць, там, дзе ствараюць.
Але рэзкі крык і прыглушаны тупат за дзьвярыма вяртае ўсіх у рэальнасьць. Пачынаецца чарговая дрэсіроўка кантынгенту «Амэрыканкі». Так што будоўля пакуль адкладаецца!
2 лютага, серада
Уцягваем Арастовіча ў сьвет азартных гульняў. І ў кіданьні касьцей яму сёньня няма роўных. Флэш, пара, дзьве пары, біг — што ні кідок, то фігура. Пачаткоўцам шанцуе! На шырокім Аляксандравым твары ёсьць дзе разьмясьціцца эмоцыям, і яны ўсе там.
У самы разгар косьцекіданьня ўварваліся «чорна-зялёныя». А перад гэтым за тым, што адбываецца ў камэры, назірала нечае вока ў жалезнай акантоўцы дзьвярэй. Сапраўды, не выпадае пазытыўным пачуцьцям разгульваць па камэрах СІЗА. Усіх пагналі ўніз. Мы дамовіліся, што з гэтага часу на чале калёны ідзе толькі Раманоўскі. Яго цяжка асядлаць і прымусіць рухацца рысьсю або галёпам. Дый сівая расьліннасьць у спалучэньні з глыбокімі зморшчынамі можа стаць падставай для паблажкі, некаторай зьніжкі на ўзрост. Вярнуўшыся з спартзалі, давялося поўзаць на карачках і зьбіраць раскіданыя па падлозе косьці. Праўда што, паскудзіць можна па-рознаму, у тым ліку і па-дробнаму.
— Трэба ж, колькі разоў ужо разьдзяюць і прыстаўляюць да сьценкі, а не магу да гэтага прывыкнуць. Калоціць усярэдзіне, і, здаецца, нават рукі дрыжаць. Як у алкаша апошняга, — Раманоўскі пільна разглядае свае далоні.



1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка