108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі



старонка13/21
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   21
Праз былога намесьніка генпракурора і экс-дэпутата Сьнегіра зачапіліся за тэму парлямэнту і выбараў. Угрузьлі ў дыскусіі. Галоўнае пытаньне: удзельнічаць ці ігнараваць? Думкі падзяліліся. Калі Арастовіч абгрунтоўваў важнасьць камунікацыяў і працы зь людзьмі, то Раманоўскі са звыклай катэгарычнасьцю адрэзаў: уладу трэба браць сілай! Уладзімір, здаецца, больш быў схільны падтрымаць радыкальную пазыцыю Сан Саныча.
На мой жа погляд, праўда была недзе пасярэдзіне. Вось у 2001 годзе мы ігнаравалі, байкатавалі выбарчую кампанію. І тады гэта было лягічна, бо нам навязвалі новыя правілы гульні. Празь незаконны антыканстытуцыйны рэфэрэндум, празь фізычны разгон парлямэнту і Канстытуцыйнага суду.
У 2004 і 2008 гадах апазыцыя брала ўдзел у выбарчых кампаніях. І гэтаму было сваё тлумачэньне. Уладзе ўдалося прапанаваць насельніцтву сацыяльны кантракт, які задавольваў большасьць людзей. Любыя радыкальныя, катэгарычныя сцэнары выбаршчык адрынуў бы альбо не пачуў.
Я толькі хачу падкрэсьліць, што ідэальных рашэньняў не існуе. Правільнае рашэньне — такое, калі плюсы пераважваюць мінусы.
Але калі б сёньня мне прапанавалі прыняць рашэньне аб удзеле ў парлямэнцкай кампаніі, то мой адказ быў бы — «не». Гэтаму ёсьць абгрунтаваньне. І абломкі прэзыдэнцкай кампаніі, пад якімі мы цяпер апынуліся, тут ні пры чым. Зразумела, што параўноўваць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары нельга. Большасьць выбаршчыкаў разумеюць, што толькі ў парадку дня прэзыдэнцкіх выбараў стаіць пытаньне ўлады, а значыць, і пераменаў. У краіны зьяўляецца шанец, а ў людзей, адпаведна, матывацыя рызыкаваць, змагацца, выходзіць на плошчу.
Зусім іншая рэч — Палата прадстаўнікоў, якая па сваёй сутнасьці і функцыі — аддзел адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта пятае кола ў сыстэме кіраваньня. Прызначаныя дэпутаты — як сланечнікі, яны ўвесь час зьвернутыя тварамі да таго, хто іх прызначыў. Зразумела, што ў такой пазыцыі выбаршчык бачыць хіба што пятую кропку «народнага абраньніка». За гэтыя гады адбылася моцная дэвальвацыя інстытуту парлямэнтарызму. Лукашэнка адсек тры незалежныя галіны ўлады. Замест іх цяпер адзін ствол — збройны.
У парлямэнцкай кампаніі 2008 году мы мелі вельмі моцную каманду кандыдатаў у дэпутаты, разумную, добра прапрацаваную праграму, накіраваную ня толькі на прыхільнікаў пераменаў, але і на тых, хто вагаецца. А што на выхадзе? Што ў выніку? Нашы мандаты скралі. Нахабна і бесцырымонна. Улада адабрала і прызначыла 110 дэпутатаў. Правільна было б называць іх не дэпутатамі, а чыноўнікамі. Больш за тое, наш удзел дазваляў частцы людзей даць веры, што ў краіне сапраўды праходзяць выбары. Мы, вядома, гаварылі пра фальсыфікацыі, пра загадзя выведзеныя патрэбныя выніковыя лічбы ў пратаколах. Але трэба прыняць да ўвагі, што кандыдату ў дэпутаты даецца ўсяго толькі пяць хвілін, каб выступіць на тэлебачаньні, і столькі ж — на радыё. Гэта мізэрны час. Сказаць усё фізычна немагчыма. Таму асноўная вестка гучала так: прыйдзі і прагаласуй за мяне! Яна была дамінуючай і глушыла заявы, што, маўляў, у нас няма выбараў, што ніхто ня лічыць галасы. Людзі ішлі на выбарчыя ўчасткі, і многія, сьмею сьцьвярджаць — большасьць, аддавалі свае галасы Сашу Дабравольскаму, Станіславу Багданкевічу, Людміле Пецінай, Марату Афанасьеву, Юрыю Істоміну, Валодзю Шанцаву, Валянціне Палевіковай, Васілю Палякову і іншым маім паплечнікам. Нашы прозьвішчы ў выбарчых бюлетэнях сталі падставай для разважаньняў. Тым, хто прыйшоў на выбарчы ўчастак, ніхто не выкручваў рукі з патрабаваньнем галасаваць за кагосьці канкрэтна. Выбаршчыкі самі рабілі свой выбар. І раптам празь некалькі дзён яны даведваюцца, што іхні кандыдат-апазыцыянэр так і ня стаў дэпутатам. Як жа так?! За яго ж галасаваў сам выбаршчык, яго жонка, яго сусед, калега па працы! І ў ходзе наступных сацыялягічных апытаньняў большасьць выбаршчыкаў казалі, што выбары былі свабодныя і справядлівыя.
Што рабіць у такой сытуацыі? Выйсьце адно: не гуляць па правілах улады, а прапаноўваць свае сцэнары. Альтэрнатывы я ня бачу.
* * *
Зноў чакаю паштальёна. Ужо трэці дзень. Мой арганізм, маё цела, мой мозг патрабуюць новай энэргетычнай падзарадкі. Чакаў ліста пазаўчора. Учора. Чакаю і сёньня. Адразу па вячэры на вечка, што адвалілася ад дзьвярэй, упаў канвэрт. Усяго адзін. Я ўжо пасьпеў падумаць, што ня мой дзень, як раптам вокліч: «Анатоль, танцуй!» Я хуценька выдаў нешта накшталт танцавальных па і выхапіў з рук Аляксандра даўгаваты канвэрт. Гэтым разам некалькі радкоў напісаныя рукой маёй любай.
Родны наш, прывітаньне!

Вельмі коратка: у нас усё добра.

Усе жывыя і здаровыя. Перажываем і

хвалюемся толькі за цябе!

Беражы сябе! Цалуем!!!
Не стрымаўся, прыпаў вуснамі да ліста. Здалося, што адчуваю пахі. Дома, Сьвятланы. Яны прыемна казыталі, узбуджалі, бударажылі. Закружылася галава. Гэта не хваравітае, гэта прыемнае галавакружэньне. Усяго пяць радкоў, але на іх перачытваньне пайшоў увесь астатні вечар.
Адзінае, на што адхіліўся, дык гэта на чатырохрадкоўе, якое нарадзілася падчас чытаньня ліста:
Семь недель — большое расстояние.

Слабый не пройдёт его.

Бог даёт нам испытание,

И получим всё иль ничего.
А з падзеяў дня, які я не без задавальненьня закрэсьліў крыжыкам у самаробным календары, можна згадаць хіба што харчовы паёк са спэцкрамы. У пару ён прыбыў, бо прадуктовыя запасы вычарпаліся да крытычнага мінімуму, нават хлеба не застаецца, на стале адны крошкі. Праўда, забіваньне страўніка хлебнай масай не праходзіць бясьсьледна — усе калектыўна цярпім на пякотку.
11 лютага, пятніца
Дзень згасае. Вецер вылятае аднекуль з-за рога і бездапаможна ўдараецца ў глухую сьцяну будынка. І кожны такі ўдар суправаджаецца гукам, падобным да ўсхліпу дзіцяці. Жудасны сьпеў стыхіі, якая заблукала ў падваротнях КДБ.
Пад гэты акампанэмэнт спрабую засяродзіцца на пісаньні ліста. Перад вачыма застылі радкі: «Я не зрабіў нічога, за што мне асабіста, вам альбо бацькам было б сорамна. І ноччу я сплю як чалавек, які ў згодзе са сваім сумленьнем».
Напісанае — не перабольшаньне. Ня раз даводзілася тут чуць: «Ну, Правадыр, у цябе і нэрвы! Толькі даткнуўся да падушкі — і ўжо сьпіць». Што ж, гэта сапраўды мой плюс. Каб арганізм акрыяў пасьля дня на нэрвах, патрэбен паўнавартасны сон. Калі ў студзені мне не дазвалялі спаць па начах, то дзень быў — як сплюшчаны ў гармонік пасьля аварыі аўтамабіль. І тады — дзе сеў, там і заснуў. Урыўкамі, кавалкамі, шматкамі. Цяпер начныя катаваньні спыніліся, і арганізм карыстаецца момантам.
Што мне дапамагае? Сярод іншага — здольнасьць пераносіць боль і фізычныя нагрузкі. Гэтыя якасьці не набудзеш з уласнай ахвоты, не пазычыш у суседа, ня возьмеш у крэдыт у банку. Іх я зьбіраў у сабе паўстагодзьдзя. У хакейных баталіях на замерзлай сажалцы, у штодзённых шасьцікілямэтровых «марш-кідках» у школу і назад, за штурвалам збожжаўборачнага камбайна, на ўпараным кані, які нясецца па сельскай бездаражы, у вайсковых ботах і гімнасьцёрцы з рагамі поту пад пахамі.
Гучыць непраўдападобна, але ў войска я трапіў праз блат. Пасьля інстытуту — лепшы студэнт гістарычнага факультэту, імянны стыпэндыят, круглы выдатнік — я павінен быў атрымаць накіраваньне ў асьпірантуру. Аднак паводле добрай савецкай традыцыі ў апошні момант яго аддалі дачцэ міністра лясной гаспадаркі. Дзьверы ў навуку зачыніліся, затое адкрылася пэрспэктыва бліжэй пазнаёміцца ​​зь цешчай. Так мы з жонкай Сьвятланай, выпускнікі гістфаку, апынуліся ў Ашмянах, якія меліся стаць маім галоўным палітычным унівэрсытэтам. Для пачатку атрымаў пасаду — стаў намесьнікам дырэктара па выхаваўчай працы ў школе-інтэрнаце. Кантынгент няпросты: дзеці-сіроты і дзеці зь няўдалых сем'яў. Але я знайшоў зь імі агульную мову, дамогся паразуменьня.
Мы вычысьцілі ад сьмецьця падвалы. Памяшканьні, якія засталіся ў спадчыну ад панскіх часоў, аказаліся вялікімі, прасторнымі. Так зьявілася выдатная трэнажэрная заля, зь вялікімі люстрамі, у якіх мае выхаванцы не безь цікаўнасьці разглядалі свае худыя целы. І, што самае галоўнае, там заўсёды было поўна народу — выхаванцы спачатку адно пазіралі, а потым і саплі, крахталі над жалезам.
З школы зьнік камсамол, затое зьявіўся аматарскі тэатар, і на сцэну пацягнуліся юныя таленты. Пазьней аднаго зь іх, Ваню Ўшакова, я сустрэў у Менску ўжо акторам сталічнага тэатру.
А яшчэ цэлы год усе, ад малога да вялікага, рыхтаваліся да мерапрыемства, якое завецца «Кляс-кілямэтар». Палягала яно ў тым, што першаклясьнік павінен быў прабегчы кілямэтар, а дзесяцікляснік — дыстанцыю ў дзесяць разоў даўжэйшую. Бегалі ўсе, і выхаванцы, і выхавальнікі!
І неяк неўпрыкмет зьніклі з спальняў «бычкі». Курыць ужо не лічылася чымсьці крутым. Крута было разоў дзесяць зрабіць пад'ём пераваротам або 24-кіляграмовую гіру падняць разоў гэтак …наццаць.
Усё было добра. Бянтэжыла мяне адно. У маім уяўленьні мужчына павінен не ўцякаць ад цяжкасьцяў, а пераадольваць іх. Сапраўдны мужык і армія — у тыя часы гэтыя паняцьці былі для мяне, як патроны з адной абоймы. Але мой тагачасны бос, дырэктар школы, меў іншыя ўяўленьні пра абавязак. Да таго ж у яго былі на мяне сур'ёзныя віды. У раёне ў Захаркевіча ўсё было схоплена, у тым ліку і ваенкамат.
Але бязвыхадных сытуацыяў не бывае. Калі вы штурхаеце дзьверы, а яны не адчыняюцца, не канечне трэба выносіць іх плячом. Часам дастаткова пацягнуць дзьвярную ручку на сябе. Давялося маім бацькам праз знаёмага ў сілавых структурах у сталіцы арганізоўваць мой прызыў у войска. Як на цяперашні час, гэта здаецца неверагодным, і шмат хто можа пакруціць пальцам ля скроні. Але так было! Пасьля званка зь Менску пытаньне вырашылася ў лічаныя дні. Апынуўся пад Падольскам, у вучэбнай частцы, дзе рыхтавалі спэцыялістаў для войскаў СПА.
Войска адкрыта расчаравала. Крыклівыя прапаршчыкі, балбатлівыя палітрукі. Усё проста, прымітыўна, зь перавагай шэрых тонаў. Ніякіх інтэлектуальных вяршыняў, суцэльныя спускі. Мусіў пайсьці на пошукі нішы для самарэалізацыі. І я налёг на спорт! Прычым грунтоўна. Спачатку зьявіўся энтузіяст зь Берасьця, у якога замест вушэй вісела нешта бясформеннае, зморшчанае, быццам шматкі анучы, якой падлогу мыюць. Майстар спорту па вольнай барацьбе. Потым адшукалі на складзе прафэсійны барцоўскі дыван. Пасьля гэтага арганізавалі чэмпіянат часьці па барацьбе. Мой новы прыяцель зь Берасьця навучыў мяне пары-тройцы прыёмаў, і я пайшоў валіць-крышыць разраднікаў і кандыдатаў у майстры. Зь першага заходу стаў прызэрам часьці па вольнай барацьбе. Потым падсеў на гіры і празь месяц меў першы разрад па гіравым спорце. Заняўся пад'ёмам пераваротам на перакладзіне і праз паўгода круціў пад дзьвесьце разоў.
Вайсковая служба — гэта ня тое каб страчаны час, хутчэй гэта час малых набыткаў. Такія былі тады мае адчуваньні. Праўда, паступова яны праходзілі рэвізію і карэкцыю.
Вярнуўся ў Ашмяны праз паўтара года. Па кватэры бегаў паўтарагадовы карапуз, мой сынуля Арцём. Ён нарадзіўся празь месяц пасьля таго, як мяне пастрыглі нагала і выдалі камплект абмундзіраваньня, уключна зь белымі анучамі.
Аднак потым факт службы ў войску сыграў для мяне пазытыўную ролю. Гэта было ўжо ў парлямэнце. Сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня была група квотнікаў — вэтэранаў вайны. У парлямэнт іх ніхто не выбіраў, яны трапілі сюды праз адмысловую квоту. Некалькі генэралаў і палкоўнікаў. У запале палемікі, калі заканчваўся боекамплект аргумэнтаў, яны выдзіралі чэку галоўнага пытаньня: а ты ў арміі служыў? Адмоўны адказ аўтаматычна ставіў на табе крыж. Яны цябе проста не заўважалі. Ты імгненна рабіўся другога гатунку чалавекам.
І вось цяпер я, здаецца, паўторна атрымліваю дывідэнды з таго далёкага мінулага. Фізычны капітал, набыты даўным-даўно, пачынае аддаваць працэнты.
12 лютага, субота
Сёньняшні дзень прынёс новую займальную гісторыю на тэму таго, што здаралася з палітвязьнямі ў «амэрыканцы». Распавёў яе таварыш Раманоўскі, і прысьвечана яна была таварышу Вазьняку.
Трохі абжыўшыся ў камэры і акрыяўшы, Сяргей Вазьняк заступіў на дзяжурства. І, па ўсім відаць, былы вайсковец, а цяпер палітвязень вырашыў зрабіць уражаньне на сукамэрнікаў і дзяжурнага па СІЗА. Маўляў, глядзіце, як трэба рабіць узорна-паказальныя даклады!
Не пасьпеў дзяжурны Ганс занесьці сваё цела ў камэру, як Вазьняк страявым, чаканячы крок, рушыў насустрач і добра пастаўленым голасам пачаў рапартаваць атарапеламу капітану. А ў канцы дакладу паставіў тлустую кропку: «Даклад скончаны. Маёр Савецкай Арміі Сяргей Вазьняк».
Задаволены сабой маёр трымаў грудзі як кола. І раптам па ўкормленым Гансавым твары прабегла зьдзіўленьне, якое зьмянілася непаразуменьнем: «Што-о-о?!» — закрычаў кадэбэшнік. «Маёр Вазьняк», — Сяргееў голас зрабіўся на паўтона ніжэйшы і цішэйшы. «Што-о-о?!» — перакошаны ад шаленства твар капітана торгаўся і гарлаў адначасова. «Падсьледны Вазьняк», — патухлы голас Сяргея быў блізкі да шэпту.
Як толькі за Гансам зачыніліся дзьверы, камэра захлынулася рогатам. Вось гэта ўзорна-паказальны даклад!
Ну што ж, людзі, якія ня страцілі ў «амэрыканцы» здольнасьці сьмяяцца, — рэальныя аптымісты. Люблю я гэтую катэгорыю людзей. Напэўна, пэсымісты дакладней могуць апісаць тое, што тут адбываецца, але толькі аптымісты нясуць перамены.
* * *
Апошнім часам ледзьве ня штодня ў нас праходзяць дыскусіі, якія ня маюць нічога агульнага зь перасоленым селядцом, сіняй анучай-дыванком ля ўваходу з маляўнічым надпісам «Сапраўдны палкоўнік» і вячэрнім наведваньнем сарціра. Выходзім на парадак дня агульнабеларускага і міжнароднага гучаньня. Не сядзець жа ўвесь час у дрыгве дробных побытавых праблемаў і буйнамаштабнага гвалту і цынізму.
Сёньня абмяркоўвалі такую істоту, як прызначаны дэпутат. Забаўная выйшла размова. Для пачатку правялі гульню: колькі дэпутатаў ты ведаеш? Я наскроб прозьвішчы чатыры, зь іх парачка знаёмых з часоў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У астатніх — практычна па нулях. Розум тужыцца, але нічога ў галаву не прыходзіць. Але ж калі верыць афіцыйным дадзеным, то ў 2008 годзе за гэтых людзей прагаласавала большасьць выбаршчыкаў, 50 адсоткаў ад сьпісу ўсіх выбаршчыкаў плюс адзін голас. Прычым ужо ў першым туры. Гэта абсалютны эўрапейскі рэкорд! Трэба быць супэрпапулярным і вядомым, каб заручыцца такой фантастычнай падтрымкай людзей. Ды яшчэ з улікам таго, што адначасова за мандат змагаюцца яшчэ чатыры-пяць прэтэндэнтаў. І раптам выяўляецца, што праз два гады ў выбаршчыкаў поўная амнэзія. Яны ня памятаюць, ня ведаюць гэтых папулярных палітыкаў. Гэта можа азначаць толькі адно: у 2008 годзе кандыдатаў не выбіралі, іх прызначылі. Выбарчая кампанія яшчэ не стартавала, а сьпіс «дэпутатаў» ужо ляжаў на стале ў беларускага кіраўніка. Таму няцяжка здагадацца, якая місія такога «дэпутата». Яна вельмі простая: моўчкі націскаць на кнопку пры галасаваньні. Наўзамен яму дазваляюць чатыры гады пасьвіцца на лужку каля «Чырвонага дома». Праўда, усе, хто скубе зеляніну, — на моцнай прывязі і пад пільным наглядам паганятага. Заклікаць да сумленьня такога «дэпутата» бескарысна. Нагадваць пра ягоныя абавязкі — бессэнсоўна.
Адзін час у асобных міжнародных арганізацыяў была спакуса навучыць асновам дэмакратыі гэтых дэпутатаў-чыноўнікаў. Ды тыя і самі палка падтрымлівалі гэтую ідэю, яшчэ ў 2000 годзе, калі вырашалася пытаньне, ці даць Палаце прадстаўнікоў месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Тады лукашэнкаўскія прызначэнцы прысягалі, што жадаюць вучыцца дэмакратыі. Але як гэта зрабіць, калі ты не прадстаўлены ў Асамблеі? У каго браць урокі? І вось ужо дзесяць гадоў палатнікі «вучацца», а Ута Цапф (кіраўніца рабочай групы па Беларусі) іх вучыць у ПА АБСЭ. Менавіта ў гэтыя дзесяць гадоў і было прынята заканадаўства, якое дазваляе ўладзе ажыцьцяўляць шырокамаштабныя рэпрэсіі па ўсёй Беларусі і якое ператварыла краіну ў тэрыторыю савецкага мінулага. Дый наша тут прысутнасьць так ці інакш фармальна запакаваная ў папяровыя законы, праштампаваныя палатнікамі.
* * *
Сёньня дзень генэральнай прыборкі. Камэра атрымлівае інвэнтар: швабру, вядро, анучу. Часам і жменю парашку. Выдаецца кіпяцільнік грэць ваду. Усе кешары, пакеты з-пад нараў перакачоўваюць наверх. Адзін падмятае вышчарбленую падлогу, другі пеністай гарачай вадой спрабуе ня толькі вымыць, але і трохі адагрэць халодны бэтон пад нагамі. Астатнія, каб ня блытацца пад мяцёлкай, — на верхніх нарах. Яны чакаюць, калі можна будзе трапіць на гэтую вільготную падлогу і атрымаць дадатковы кубак гарачай гарбаты.
13 лютага, нядзеля
На вуліцы жудасныя маразы. Шпацыр робіцца не асалодай, а выпрабаваньнем, таму гуляем гадзіну. Але мне і гэта ня ў кайф. Зноў захварэў. Ужо ў суботу паплыў. Ноччу спаў урыўкамі, адным вокам. З трэцяй спробы ўпрасіў зьмену даць лекі. Пашанцавала, што трапіў на Рамана-малодшага. Прыняў конскую дозу — трохі палягчэла, і адразу прыйшоў сон. Раніцай давялося адклейваць цела ад таго, што тут служыць за ложак.
У гэтай будцы з бэтону, затхласьці і холаду арганізм робіцца ўразьлівым і безабаронным, да яго ліпне любая інфэкцыя. А ў выходныя трэба разьлічваць толькі на самалячэньне. Прагназую, што ў панядзелак у мэдпункт выстраіцца чарга.
Хвароба паралізавала ўсякую фізычную актыўнасьць. Падзеі ёсьць, думкі ёсьць, але ня пішацца, не працуецца.
Грэемся размовай. Пасьля абеду традыцыйная гадзіна дыскусіяў. Гэтым разам спрабуем вывесьці аптымальную формулу колькасьці кандыдатаў у прэзыдэнты. Я пераканана і пасьлядоўна адстойваю адзінага кандыдата ў прэзыдэнты — кандыдата ад прыхільнікаў пераменаў. Хоць, калі шчыра, па энэргетыцы, па драйву апошняя прэзыдэнцкая кампанія была ярчэйшая і мацнейшая за папярэднія. Так што ня ўсё вызначаецца колькасьцю.
Гэтым разам улада, здаецца, перайграла саму сябе. У «Чырвоным доме» вырашылі дапусьціць да выбараў ледзьве ня ўсіх носьбітаў прэзыдэнцкіх амбіцыяў. Як выявілася, камандам ня трэба было абцяжарваць сябе зьбіраньнем 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. А справа гэтая цяжкая і клапотная. Ані ў кога не ўзьнікала пытаньняў па факце збору неабходнай колькасьці галасоў да штабоў трох кандыдатаў — Саньнікава, Някляева, Раманчука. Плюс Лукашэнка. Да ўсіх астатніх такія пытаньні былі. Мы, да прыкладу, перасягнуўшы адзнаку ў 128 тысяч, мусілі спыніць збор подпісаў: не дазваляў бюджэт. Так што аб'ектыўна працэдуру рэгістрацыі павінны былі прайсьці чалавек пяць, ня болей. Але ў тых, хто пісаў сцэнар прэзыдэнцкай кампаніі, былі іншыя мэты і задачы.
Кандыдатам у прэзыдэнты трэба было не сабраць 100 тысяч рэальных подпісаў, а фармальна даць такую колькасьць няважна адкуль узятых аўтографаў. Ярмошына атрымала ўказаньне рэгістраваць усіх прэтэндэнтаў з прыкметамі апазыцыйнасьці. Ярмошына зарэгістравала! Разьлік на расфакусоўку ўвагі выбаршчыка. Адзін кандыдат ад улады і тузін — ад апазыцыі. У Лукашэнкавых апанэнтаў былі розныя магчымасьці весьці кампанію. Хтосьці працаваў па ўсёй краіне, хтосьці проста абазначаў сваю прысутнасьць. Але кожны выбаршчык мог выбраць таго кандыдата і тую праграму, якія адпавядалі ягоным уяўленьням пра новага прэзыдэнта Беларусі. Іншымі словамі, выбар аказаўся больш разнастайны, чым у 2001 і 2006 гадах. Да таго ж адчувалася псыхалягічная стомленасьць ад адной асобы, ад адных вусоў. Плюс улада вырашыла трохі адпусьціць цуглі. І ў выбаршчыкаў, у кандыдатаў у прэзыдэнты галава пайшла кругам. Людзі цешыліся самім малюнкам: самотныя зьбіральнікі подпісаў за Лукашэнку і чэргі з ахвотных падтрымаць лідэрскую тройку ад апазыцыі. Далей — болей. Перапоўненыя залі з ужо забытай энэргетыкай пачатку 90-х. Трыццаціхвілінныя выступы ў жывым эфіры і без цэнзуры. Можна толькі здагадвацца, што адчуваў беларускі кіраўнік, бачачы ўсё гэта. Уяўляю, колькі высілкаў спатрэбілася Лукашэнку, каб суняць свае страхі, каб не пачаць махаць шабляй яшчэ да 19 сьнежня. Ён дацярпеў. А паралельна ішла інтэнсіўная праца па падрыхтоўцы пляну разгрому апазыцыі.
У мяне пытаюцца: ці можна было выйсьці на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад прыхільнікаў пераменаў? Так, такі шанец быў. Адзіны кандыдат — гэта пытаньне працэдуры. Мы яшчэ ў 2005 годзе прапаноўвалі рэалізаваць працэдуру праймэрыз (народнага галасаваньня). Тады не пракаціла. Але напярэдадні новай прэзыдэнцкай кампаніі было відавочна, што ісьці на выбары ў адзежцы пяці- і дзесяцігадовай даўніны нельга. Пасьля кожнай кампаніі зьяўляўся попыт на працэдуру зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў. У 2001 годзе адзіны кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімір Ганчарык быў вынікам дамоўленасьці ў кулюарах. У 2006-м пэрсанальная альтэрнатыва вызначалася на Кангрэсе дэмсілаў. Каля тысячы чалавек прымала ўдзел у працы самога кангрэсу і некалькі тысяч было задзейнічана ў яго падрыхтоўцы.
У 2010 годзе гэтага было ўжо недастаткова. І гэта разумелі ня толькі ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
Прадстаўнікі больш як дзясятка палітычных і грамадзкіх арганізацыяў распрацавалі і ўзгаднілі працэдуру народнага галасаваньня па выбарах адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад прыхільнікаў пераменаў. Якія яе галоўныя і бясспрэчныя вартасьці?
Давайце ўявім, што ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты (вядома, за выключэньнем аднаго) сталі ўдзельнікамі праймэрыз за год-паўтара да пачатку прэзыдэнцкай кампаніі. Першае, што яны мусілі б зрабіць, — гэта пакінуць офіс і пайсьці ў народ. Бо паводле працэдуры патэнцыйным удзельнікам галасаваньня мог быць кожны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў васямнаццацiгадовага ўзросту. Але яго ўвагу трэба заваяваць. Яго давер і падтрымку трэба заслужыць. Такім чынам, у палітычных структур і носьбітаў прэзыдэнцкіх амбіцыяў зьяўляецца моцная матывацыя для працы зь людзьмі.
Па-другое, кандыдатам ад прыхільнікаў пераменаў катэгарычна не хапае часу! Месяца агітацыйнай кампаніі відавочна недастаткова для таго, каб данесьці і растлумачыць выбаршчыку сваю праграму. Праймэрыз дазваляюць павялічыць гэты час у разы.
Народнае галасаваньне прыўносіць у асяродзьдзе апазыцыі зусім іншую якасьць узаемадзеяньня. Замест валтузьні пад дываном прыходзіць канкурэнцыя на здаровай аснове. Калі вы прыйдзеце да прахадной трактарнага заводу, каб знайсьці там сваіх прыхільнікаў, але ў сваіх прамовах акцэнт будзеце рабіць на тым, што Мікалай Іванавіч такі, а Ігар Пятровіч сякі, то пралетарыят, і ня толькі ён, пашле вас коратка, але вельмі далёка. Людзям трэба іншая вестка. Ім патрэбная ваша пазыцыя па прыватызацыі. Яны хочуць ведаць, як вы будзеце прыцягваць у краіну непасрэдныя інвэстыцыі, як вы зьбіраецеся змагацца з карупцыяй. Гэта значыць, што кандыдатам трэба мець не набор лёзунгаў і заклінаньняў, а выразныя, прапрацаваныя праграмы. Гэта яшчэ адзін стымул нешта рабіць.
Што мог бы мець пераможца праймэрыз, якія так і не адбыліся?
1. Высокі рэйтынг пазнавальнасьці і падтрымкі яшчэ да старту прэзыдэнцкай кампаніі.
2. Статус ня толькі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, але і лідэра прыхільнікаў пераменаў. Высокую легітымнасьць забясьпечвала б вялікая колькасьць людзей, якія возьмуць удзел у галасаваньні: паводле задумы арганізатараў — ня менш за 100 тысяч чалавек.
3. Каманду, якая ўваходзіла б у выбарчую кампанію ўжо мабілізаванай і працаздольнай.
4. Шырокі рух, часткай якога маглі быць усе, хто паставіў свой подпіс у яго падтрымку.
Чаму гэтага ня здарылася?
Ня ўсе пагадзіліся ставіць свае подпісы пад ужо ўзгодненым дакумэнтам. Зь цяжкавагавікоў адмовіўся Аляксандар Мілінкевіч.
Магчыма, калі б мы патрапілі правесьці народнае галасаваньне і ўвайсьці ў прэзыдэнцкую кампанію з адзіным кандыдатам, удалося б пазьбегнуць таго, што мы цяпер перажываем.
14 лютага, панядзелак
Сёньня сышоў Арастовіч, і ў мяне зьмяшаныя пачуцьці. З аднаго боку, я рады за яго. Шчыра. Як ня цешыцца, калі чалавек вырываецца зь пекла, вяртаецца ў сям'ю, да ўлюбёнай працы. А з другога — гэта страта, якую цяжка запоўніць. Мы добра адчувалі і разумелі адзін аднаго, мы рэальна дапамагалі адзін аднаму. Мяне, вядома, вельмі зьдзівіла, што нас з Аляксандрам зьмясьцілі ў адну камэру. Я яшчэ падумаў: значыць, нехта з нас не ўяўляе ніякай цікавасьці для сьледзтва. Праўда, у адрозьненьне ад мяне, Арастовіча сьледчы не забываў. Яго нават прапусьцілі праз дэтэктар хлусьні. Дарэчы, пытаньні збольшага тычыліся не самога арыштанта, а Статкевіча, у тым ліку і асабістага жыцьця Мікалая.
У апошні тыдзень сустрэч Аляксандра са сьледзтвам стала больш. Так што рашэньне лунала ў паветры.
Сёньня Сашу чарговым разам выклікалі на допыт. Вярнуўся ўсхваляваны, твар у чырвоных плямах, нават зьлёгку заікаецца. Адчувалася, што ў яго ёсьць нейкая важная інфармацыя. Тут кожны баіцца спудзіць удачу, бо столькі і столькіх падманваюць. Але калі прагучала: «Рыхтуйцеся з рэчамі на выхад», стала зразумела, што Саша сыходзіць зусім. Ён тут жа раздаў усё, што можна: цёплыя шкарпэткі, фільтар для вады, гарбату, сухары, шакаляд. Я ўпісаў яму ў сшытак тэлефон і шапнуў: патэлефануй маім. Упэўнены, ён выканае маю просьбу!



Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   9   10   11   12   13   14   15   16   ...   21




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал