108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі



старонка18/21
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21
7 сакавіка, панядзелак
Калі ў рапарце дзяжурнага па камэры гучаць словы «Скаргаў і прапановаў няма», значыць, дзень мае як мінімум пазытыўны пачатак. Зь сёньняшняга шпацыру прынёс гатовы верш, пра «сьцяну катаваньняў і нянавісьці». Калі цэнзар прачытае, то экспрапрыяцыі не пазьбегнуць, а не хацелася б страціць гэтыя радкі, таму заканспэктаваў з выкарыстаньнем кропак і працяжнікаў.
* * *
Здаецца, учорашняя размова пра выкрадзеных палітыкаў зачапіла маіх суседзяў. Сёньня тэма «эскадрону сьмерці» вярнулася ў парадак дня нашай размовы. Але калі ўчора мы гаварылі пра Захаранку і Ганчара як пра палітыкаў, то сёньня размова збольшага тычылася асабовага, чалавечага складніку.
Практычна кожны год у маім працоўным графіку — паездкі ў пасёлак Першамайскі, што пад Лідай, і ў пасёлак Васілевічы на ​​Гомельшчыне. Праўда, па першым адрасе маршрут ужо закрыты. Мама Віктара Ганчара і ягоны старэйшы брат Ёсіф адышлі адзін за адным, так і не даведаўшыся ўсіх акалічнасьцяў таго, што адбылося зь іхнім Віцькам.
Пасёлак Першамайскі — кілямэтраў за сем ад Ліды. Тут у двухпавярховым доме жыла мама Віктара. Тут мы яе наведвалі кожны год. Звычайная кватэрка. Па-вясковаму цесна. Стол, старадаўні буфэт, два ложкі, канапа, шафа. Ніякіх прыкметаў багатай забясьпечанасьці. Затое па-хатняму ўтульна. Да 1961 году сям'я жыла пад Слуцкам, у бараку, што яшчэ немцы будавалі. Потым кароткім транзытам празь Бярозу — у пасёлак Першамайскі. Тут Валянціна Адамаўна разам з мужам і падымалі на ногі чатырох дзяцей. Калі выходзіла на пэнсію, яе ўзнагародзілі мэдалём «За працоўную доблесьць». У жыцьці ёй давялося сербануць гора і цяжкасьцяў ня чайнай лыжкай. Распавядала пра жахі вайны: «На маіх вачах паліцаі забілі сем сем'яў, у тым ліку і дзяцей. А што зьмянілася, і цяпер тое ж самае, хоць і вайна скончылася».
А якія Валянціна Адамаўна гатавала нябеснай смакаты калдуны і блінцы! Фірмовыя. Наша гутарка, душэўная, адкрытая, пэрыядычна перарывалася воклічам: «Божа ж мой, дзе мой Віцька? Я ведаю, ён жывы, мне людзі казалі». Мы спрабавалі перавесьці размову на іншыя тэмы. Зь пераменным посьпехам. Празь нейкі час зноў: «Ох, божа, мне б хоць дачакацца Віцю, а тады ўжо хай сабе і памру». Яна так і не дачакалася свайго Віцькі.
«Я шкадую, што Віця пайшоў у гэтыя палітыкі. Працаваў бы сабе ў наргасе. Яго там так паважалі». Якая з маці беларускіх палітыкаў у апошнія гадоў пятнаццаць не казала ці ня кажа аналягічных слоў! Яны сэрцам адчуваюць, па якім мінным полі ходзяць іхнія дзеці.
У гасьцях у Валянціны Адамаўны бывалі ня толькі мы. Расхвальваў яе знакамітыя «калдуны» і Аляксандар Лукашэнка. Паказваючы на ​​старэнькую канапу, жанчына са сьлязьмі на вачах распавядала: «Вось тут сядзеў Лукашэнка, цалаваў мне рукі. Называў мяне мамай. А потым нават не патэлефанаваў». І горкія сьлёзы расьцякаюцца па барознах маршчын.
А вось у Васілевічы мы езьдзім па-ранейшаму. Ульяна Рыгораўна надзіва моцная і душэўная жанчына. Маці вось ужо амаль 12 гадоў чакае сына. «Рыпне масьнічына ў сенцах, і я ўжо на нагах. Мне здаецца, што гэта мой Юрка. Выходжу, а ён усё не прыходзіць».
Баба Ўльяна гаворыць зь лёгкім украінскім акцэнтам. За год яна страціла адразу двух сыноў. Старэйшы, Уладзімір, служыў на атамнай падлодцы і, відаць, хапянуў радыяцыі. «Да старэйшага хоць на магілку магу прыйсьці. Пагавару зь ім, пасяджу побач. А ад Юркі адны толькі фатаграфіі засталіся».
Жыве Ўльяна Рыгораўна ў невялікім драўляным доміку. Адзін невялікі пакойчык — Юраў. Жалезны ложак і ўсюды, куды ні ўпадзе позірк, Юравы фатаграфіі.
У гады вайны маладую дзяўчыну вывезьлі на працы ў Нямеччыну. Адтуль у бабы Ўльяны гутарковая нямецкая мова і галоўная прафэсія па жыцьці — кухарская: у Нямеччыне ў асноўным працавала на кухні. «Гаспадары кармілі нас добра. Мы нават ежу нашым насілі, тым, хто рабіў на заводзе. Аднойчы панесьлі гасьцінцы, а тут самалёты наляцелі. Бомбы вакол рвуцца, страшна да жаху! Потым пасьля бамбёжкі прыйшлі, а на месцы дома і кавярні адны разваліны. Пад імі і сяброўка мая засталася».
Пасьля таго, што сталася зь Юрыем Захаранкам, сям'я ягоная зьехала ў Нямеччыну. З Ульянай Рыгораўнай у іх толькі адна сувязь — тэлефонная. А яна па-ранейшаму прыслухоўваецца да рыпеньня масьніц у сенцах. Можа, гэта Юрка вярнуўся?
* * *
Такія вось атрымаліся ўспаміны. І выснова адпаведная:
— Я, хлопцы, вось што скажу. Я ў палітыцы ў тым ліку і таму, што даўжнiк перад Валянцінай Адамаўнай Ганчар, якая пайшла з гэтага сьвету. І перад Ёсіфам Ганчаром даўжнік. Я ў палітыцы таму, што ў даўгу перад Ульянай Рыгораўнай Захаранкай, якая чакае свайго Юрку. Я ня прагну помсты, я хачу праўды! І, вядома ж, зло павінна несьці пакараньне. А інакш навошта жыць? Ні ў кога няма права забіраць чужыя жыцьці!
Сан Саныч быў больш радыкальны:
— Я б гэтых сволачаў падвесіў за адно месца, і хай бы віселі ў цэнтры Менску, пакуль ня здохнуць. Каб і іншым мярзотнікам непанадна было.
8 сакавіка, аўторак
Ніякіх прыкмет жаночага сьвята ў СІЗА не заўважана. Так, гендэрны дысбалянс праяўляецца нават у гэтым. 23 лютага, у Дзень абаронцы Айчыны, уся адміністрацыя была як начышчаны самавар. І рысам частавалі. Можа, гэтыя праявы носяць кропкавы характар ​​і накіраваныя канкрэтна на жаночы кантынгент «амэрыканкі». Як мінімум у дзьвюх камэрах з васямнаццаці знаходзяцца жанчыны.
На волі ў гэты дзень мы, як правіла, накрывалі сьвяточны салодкі стол, і ўжо колькі гадоў запар я дарыў нашым мілым дамам кругляк літоўскага сыру. Такая вось традыцыя. Са смакам сыру. Хацелася б, каб яна не перапынялася і сёньня.
З раніцы засеў пісаць ліст. І перш за ўсё падзякаваў за духмяную бэльгійскую гарбату Галіне. Знайшоў «смачныя» словы для Рыты і Эндру за іхнюю нябеснай смакаты літоўскую каўбасу. Калі людзі зь іншых дзяржаў знаходзяць магчымасьць абазначыць свае сымпатыі, сваё суперажываньне, то ўяўляю, колькі неабыякавых зь Беларусі спрабуе дастукацца да дзьвярэй «амэрыканкі». У гэтым пляне я не адчуваю сябе адзінокім і забытым. І гэта здорава!
Нарэшце знайшоў сьляды амэрыканскіх вітамінаў. Нейкі час таму яны былі абвешчаныя ў вышук. Я ўжо схіляўся да думкі, што іх элемэнтарна заныкалі, але ў пошуках праявіў упартасьць і настойлівасьць, і сёньня ў маёй прысутнасьці слоік зь вітамінамі, набыты мной у Вашынгтоне, быў знойдзены ў далёкім куце шафы з мэдыкамэнтамі. Вітаміны як мінімум аказваюць пазытыўнае псыхалягічнае ўзьдзеяньне. А пры нашым бедным і аднастайным рацыёне ёсьць і безумоўная карысьць ад насычэньня арганізму дэфіцытнымі мінэраламі.
Увечары перадалі ліст ад Сьвятланы. Яна ацаніла мае паэтычныя патугі.
«Каханы, дзякуй за вершы! Гэта найлепшы падарунак за ўвесь гэты час! Я чытала і плакала. Нэрвы наагул ужо на мяжы, нават сама гэта заўважаю.
Сёньня неяк незаўважна для сябе прахадзіла па горадзе да трэцяй гадзіны. Ішла паўз той будынак, дзе ты сёньня, і раўла ад болю, ад крыўды і злавалася на ўвесь белы сьвет, хоць сьвяціла сонца і дзень быў цудоўны...»
* * *
Калі пра будні «амэрыканкі», то сёньня перадаў дадому сваю «брудную пасылку» — майкі, ручнікі, швэдар, пару вязаных шкарпэтак. Не люблю, калі вакол мяне брудна, і няважна, пра брудны посуд ідзецца, нямытую адзежу ці нячышчаны абутак. Так што падставу для майго задаволенага настрою можна зразумець.
На прагулцы было шмат сонца. Ня цёпла, але ўжо камфортна. Для фізычных заняткаў — сама тое. І так прыемна лавіць тварам сонечных пасланьнікаў. Зьверху, у праёме аконнай нішы, прымаў сонечную ванну Лёлік. Цяпер ён прылятае практычна кожны дзень. Пяром адчувае вясну. Распушыўся. Расхарахорыўся. Пагаварыў зь ім пра надвор'е, пра вясновы настрой. Пасьля вяртаньня са шпацыру чыркануў абзац у аповед пра Лёліка і некалькі вершаваных радкоў.
Увечары вярнуўся да пачатага надоечы ліста.
«Калі-нікалі нахлыне смутак, але імкнуся кіраваць эмоцыямі. Самапавага і годнасьць заўсёды былі для мяне істотнымі. Жыву зь верай у сэрцы, і гэта, як і пачуцьці да родных і блізкіх, умацоўвае мой аптымізм».
* * *
На вячэру быў малочны суп. Гэта мне даспадобы. Заўсёды быў аматарам гэтай стравы, і ў дзяцінстве з усіх супоў, баршчоў аддаваў перавагу малочнаму супу. На другое адрэзаў сьціплы кругляк каўбасы. Не таму, што больш ня хочацца, а таму, што ўсё разьмеркавана на тыдзень наперад. Пытаньне харчовай бясьпекі абвастрылася да рэжыму жорсткай эканоміі. На дэсэрт выпіў дзьве конаўкі духмянай гарбаты. Мы ўсё ж такі дажылі да часу, калі кіпень — ужо не раскоша і не дэфіцыт.
9 сакавіка, серада
Увечары раптам уключылі кнопку доступу да БТ. Як на заказ. І проста на інфармацыйную перадачу. Вядучая пакрыўджаным голасам паведаміла, што ўсім адвакатам дадзена зялёнае сьвятло па доступе да фігурантаў «справы 19 сьнежня». І, маўляў, калі хтосьці не карыстаецца гэтым правам, то гэта пытаньне да адвакатаў, а не да дзяржаўных структураў. Прагучала як апраўданьне. Значыць, нейкае варушэньне па нашых справах ёсьць.
* * *
Перайшоў на рэжым штодзённага лістапісаньня. Цяпер гэтай добрай справай і займаюся.
«Сьвеця, не магу і не хачу табе загадваць ці чытаць натацыі. Але плакаць ня трэба! Магу прыняць толькі сьлёзы шчасьця і радасьці.
У апошні час многімі зроблена шмат, каб у маім сэрцы пасялілася нянавісьць. Але яе там няма. Я сам зьдзіўляюся. Ужо сёньня я ўпэўнены, што з гэтай сытуацыі мы выйдзем больш моцнымі, больш уважлівымі адзін да аднаго. Несправядлівасьць робіць мяне больш адказным у адносінах да іншых».
* * *
Аўторак — час і магчымасьць паглядзець на сябе ў люстэрка. Паглядзеў. Што сказаць? Вяртаюся ў маладосьць. Гэта да пытаньня пра зьнешнасьць. І калі адрослае шчаціньне пускаю пад лязо брытвы кожны аўторак і чацьвер, то шавялюра — недатыкальная. Спачатку пераконваў сябе, што так цяплей (і гэта праўда), ну, а цяпер ніякіх тлумачэньняў няма, ёсьць проста нязвыкла доўгія валасы.
* * *
Перагарнуў апошнюю старонку «Камо грядеши» Сянкевіча. Паспрабаваў апавяданьні Шукшына. Не пайшло, але адгукнулася ўспамінамі пра паездку на Алтай, радзіму Васіля Макаравіча. Улетку мінулага году на канфэрэнцыю ў Барнаул запрасіў Валодзя Рыжкоў. І паездка запомнілася. Праўда, сам горад нічым асаблівым не зачапіў. Хіба што помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў у самым цэнтры. Неяк нязвыкла для расейскай глыбінкі, якая ўсё больш спэцыялізуецца на Леніных, Калініных ды Сьвярдловых. Зрэшты, яны ж — галоўная гістарычная славутасьць і беларускіх плошчаў. Што ў сталіцы, што ў ціхай глушы.
Але паездка ў горны Алтай — гэта нешта. Пабываць у гэтых мясьцінах і не закахацца ў іх немагчыма.
Жылі мы проста на беразе Цялецкага возера. Гэта ўвогуле нешта фантастычнае! Звышгранічна прыгожае. Узімку мядзьведзі на пятай кропцы спускаюцца з гор проста да возера. Паветра ў гарах такое, што дурманіць. Невыпадкова Пуцін нагледзеў тут месцайка для сваёй рэзыдэнцыі.
* * *
Ну, а ў нас тут зусім іншыя водары. Далёка не горнаалтайскія. Вось бы цяпер хвілін хоць на пяць на бераг Цялецкага возера — і зрабіць хоць пару глыткоў горнага паветра! Пацягнуў носам раз, другі... І рашуча прапанаваў праветрыць камэру. Настолькі рашуча, што гэта ня выклікала ніякіх пярэчаньняў.
10 сакавіка, чацьвер
Учора нас пакінуў Сан Саныч. Пайшоў па этапе. Разьвіталіся душэўна. Мы шчыра пажадалі яму як найхутчэйшага вяртаньня дадому. Ён адказаў тым жа. Увечары мне ніхто не прапанаваў згуляць у косьці. На тумбачцы засталася акуратна раскрэсьленая табліца, так і не запоўненая да канца. Побач белыя кубікі ў чорную крапінку. Было сумна. За вячэрай паднялі за Сан Саныча па конаўцы гарбаты — хай усё ў яго складзецца добра!
Сёньня ж у нас падсяленьне. Адразу і не скажу, каторае ўжо па ліку. Прывялі новенькага. У кайданках. І ўжо адзін гэты факт магніціць увагу. Гадоў трыццаць, плюс-мінус. Вельмі незвычайны. Кантрасны. Як бы два розныя чалавекі ў адной цялеснай абалонцы. Шырачэзныя плечы і схіленая галава. Напампаваныя ногі і сагнутыя калені. Жывыя вочы і зацкаваны позірк. У ім дзіўным чынам спалучаюцца фізычная сіла і нейкая душэўная нядужасьць. Ня ведаю, можа, гэта падман першага ўспрыманьня. Пры кожным гуку ўздрыгвае і напружваецца. А калі ўзяць пад увагу, што гукаў-стукаў тут больш чым дастаткова, то напружаньне і нэрвовасьць рэжуць вока. На нас глядзіць неяк спадылба. Маўклівы. Інфармацыю прыйшлося выцягваць празь перакрыжаваны апытальнік. І вось што атрымалася.
У Алега Некрашэвіча, так прадставіўся новенькі, усё па-сур'ёзнаму. Яго падазраюць ва ўчыненьні забойства. Прычым пра беларускую пэнітэнцыярную сыстэму ён ведае не зь міліцэйскіх сэрыялаў. Першы раз трапіў у калёнію праз залішнюю гарачнасьць і абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. У рэстаране нейкі юрлівы дзядзька пачаў лапаць ягоную маладую жонку. Не стрымаўся! І цяпер паўтарэньне пройдзенага? Вось пункты ягонага этапу: сьледчы ізалятар у Чарнігаве, СІЗА ў Віцебску, Навінкі («санаторый» для тых, у каго праблемы з псыхікай) і «амэрыканка». Мяркуючы па ягоным аповедзе, хлопец з прыстойнай сям'і. Бацька — даволі буйны прадпрымальнік на Віцебшчыне, валодае некалькімі перапрацоўчымі прадпрыемствамі. Бізнэс сямейны. Сам жа Алег апошнім часам «акучваў» Чарнігаўшчыну, меў ва ўласнасьці элеватар. Усё выглядала надзейным і ўстойлівым.
Ён не распавядаў шмат пра падрабязнасьці прад'яўленага абвінавачаньня, але цьвёрда рэзюмаваў, што гэта адкрытая «падстава» і спроба выдаіць адкупныя з бацькоўскага бізнэсу.
Як бы там ні было, нам трэба будзе жыць у адной маленечкай замкнёнай прасторы. Алегава мінулае крыху насьцярожвае. Прызнаюся, першай маёй думкай было, што падсялілі яго да нас невыпадкова. Ад чалавека з такім мінулым, з такім артыкулам абвінавачаньня, з такімі фізычнымі дадзенымі можна чакаць чаго заўгодна. Таму ў першыя гадзіны мы напружыліся, сканцэнтраваліся, але ўжо падвечар пачалі паволі жартаваць з новенькага. Ня жыць жа з думкай, што ў камэру ён накіраваны са злым намерам. А калі запраграмавана горшае, то яго не абмінуць. Яго трэба пераадолець, а яшчэ лепш — абясшкодзіць.
З жартамі і падколкамі пакуль ня вельмі выходзіць. Алег на ўсё рэагуе сур'ёзна. Гэта або спадчыннае, або набытае ў нейкіх жорсткіх абставінах.
Уначы я некалькі разоў прачынаўся і зьверху ўніз касіў вокам на навічка. І ня толькі я. Каранеўскі таксама спаў абачліва і час ад часу сканаваў суседа зьнізу. Дый кантралёры праявілі павышаную цікавасьць да нашага новага суседа.
* * *
Учорашняе ўключэньне беларускага тэлебачаньня было разавым. Сёньня нас зноў частуюць тэлепрадуктам, зьляпаным на «РусТВ». Але арганізм катэгарычна адмаўляецца яго засвойваць. Гук прыбралі, і кожны заняты сваімі надзённымі справамі. Я наводжу парадак у справах папяровых.
11 сакавіка, пятніца
Шостая раніцы. Навічок аказаўся лёгкі на пад’ём. Выкінуў з-пад коўдры трэніраванае цела, упэўненымі рухамі заправіў пасьцель. Калі прыйшоў час сьняданку, спрытна падхапіў міскі з кашай, апярэдзіў усіх з запраўкай збана вадой. Адным словам, скарыў нас сваім працоўным энтузіязмам. Але, як выявілася, гэта былі яшчэ толькі кветачкі...
Пасьля ранішняга агляду Алег паторкаў пальцам у сьценку, правёў ім па байніцы акна, агледзеў бэтон пад нагамі і… прапанаваў зрабіць генэральную прыборку. Дакладней, папрасіў у нас дабро. Спачатку мы пакруцілі галовамі туды-сюды: быццам бы і так усё чыста. Але калі ёсьць такое гарачае жаданьне папрацаваць анучай, то хто ж супраць? Алег тут жа закасаў рукавы, агаліўшы ручышчу малатабойцы. Потым зрабіў рэвізію мыйных ды чысьцільных сродкаў і ўзяўся за справу. Ён выціраў, не, правільней — чысьціў, не, дакладней — драіў усё, што траплялася пад рукі. Спачатку гэта было тое, што выконвае функцыю стала. Потым дайшло да сьцен. Аказалася, што ў іх усё-ткі ёсьць колер — мяккі сьветла-салатавы, але ён быў схаваны пад слаямі часу і бруду.
Назіраючы за Алегам, мы зразумелі, што гэты чалавек мае патрэбу ў занятку, напоўненым сэнсам і дзеяньнем. Ён кайфаваў, ён цешыўся. І, галоўнае, гэта быў ужо зусім іншы чалавек у параўнаньні з тым, якога мы ўбачылі напярэдадні. Ну, а мы таксама атрымлівалі задавальненьне ад мэтамарфозаў з нашым новым суседам.
Пераканаўшыся, што навакольнае асяродзьдзе, то бок мы, рэагуем добразычліва і ўдзячна, Некрашэвіч пусьціў нас да сябе ў душу. Душу, якая ледзь не пакінула цялесную абалонку.
Аповед ягоны ўразіў! Я б сказаў, ашаламіў. Нават тут, у гэтых нечалавечых умовах, ён гучаў злавесна. Гаварыў Алег ціха, адчувалася, што ўспаміны даюцца нялёгка. І ў той жа час яму хацелася выгаварыцца, не трымаць унутры сябе тое, што зьбіралася месяцамі.
— У віцебскім СІЗА мяне забівалі. Мэтадычна і мэтанакіравана. У гэта былі ўцягнутыя і адміністрацыя, і падсьледныя, усё жывое і ўсё, што ходзіць на дзьвюх нагах. Прыходзіць дзяжурны. Падымае недакурак з падлогі. Хто курыў? Усе як адзін паказваюць на мяне. Адзінага, хто ня курыць. У карцэр! Толькі выйшаў з клапоўніка, зноў кантралёр — з хусткай у руках. Правёў па нарах. Хто дзяжурны? Усе пальцамі тыкаюць у мяне. У карцэр! Гэта было невыносна. Дзень пры дні. З раніцы да вечара. Так мяне прымушалі прызнацца ў зьдзяйсьненьні таго, чаго я не рабіў. І я зразумеў, што больш не магу. Або трэба падпісваць прызнальныя паказаньні, або... Карацей, выцягнулі мяне зь пятлі. Я ўжо быў дзесьці па дарозе на нябёсы. Пасьля гэтага ад мяне вырашылі пазбавіцца. Закавалі ў кайданкі і пад узмоцненай аховай адправілі ў Менск. Пайшоў па руках людзей у белых халатах. Спачатку была псыхушка, потым бальніца. Пракапалі, пракалолі, пралячылі, і вось я тут. Нагледзеўся і там усякага. Ня ведаю, як не звар’яцеў, як усё гэта вытрымаў. Пасьля таго як мяне этапавалі з Украіны ў Беларусь, я ўпершыню бачу нармальныя твары, бяз злосьці і агрэсіі. Я перастаў верыць людзям, ад іх чакаю толькі правакацыяў і паскудзтваў.
Здаравенным кулачышчам ён выцер сьлязінкі. Аказваецца, мужчынам сьлёзы могуць быць да твару! Прынамсі, ёсьць сытуацыі, у якіх яны натуральныя.
Мяне самога гэты аповед расчуліў да пяршэньня ў горле. Вось што можа зрабіць сыстэма з чалавекам фізычна моцным і, здавалася б, загартаваным знаходжаньнем у месцах ня надта аддаленых.
Я паспрабаваў «насунуць» на сябе Алегаву сытуацыю, і, трэба сказаць, паперлі думкі з зарадамі і плюс, і мінус. З аднаго боку, маё становішча ў сто разоў лягчэйшае. Нас шмат, да нас прыкаваная ўвага калі не паловы сьвету, то паловы Эўропы. Мы верым у тое, што робім. Нават многія з нашых катаў нас паважаюць. А Алег сам-насам са сваімі праблемамі. Ні міжнароднай салідарнасьці, ні шырокай падтрымкі, ні грамадзкага рэзанансу і ўвагі.
Зь іншага боку, трэба разумець: тое, з чым мы сутыкнуліся ў СІЗА КДБ, яшчэ ня дно. І часы Берыі — Цанавы — неперагорнутая старонка.
Алега трымалі ў напружаньні 24 гадзіны ў суткі. Якут і Баптыст ажылі. Пачаткоўца прымушалі спаць тварам да дзьвярэй, рукі — над коўдрай. Гэтай ноччу мы ўсе некалькі разоў прачыналіся, калі кантралёры патрабавалі, каб Некрашэвіч павярнуўся тварам да вочка. Усе Алегавы перамяшчэньні за межамі камэры — толькі ў кайданках. Сёньня нават у закупораным дворыку ён шпацыраваў у жалезных бранзалетах. Аказваецца, тое, што ўжывалася да мяне на працягу некалькіх тыдняў у студзені, гэта прапісана ў нейкіх інструкцыях і тычыцца асабліва небясьпечных рэцыдывістаў. Людзей, здольных на ўсё!
12 сакавіка, субота
Некалькі ўдараў па ручцы дзьвярэй. Шпацыр. Спачатку адводзяць Алега. Чуваць, як шчоўкаюць кайданкі. Мы рушым другім рэйсам. У дворыку бачым Алега. Без наручнікаў. Усьміхаецца. Ён тут жа расьцягнуўся шпагатам і прадэманстраваў тое, што называецца паказальнай прафэсійнай трэніроўкай. Нават кантралёры спынялі захопленыя позіркі на гэтай машыне, зацягнутай у цяглічны гарсэт. Ну, і мы зь Ігарам душэўна адпрацавалі сваю аматарскую праграму.
І зноў разьдзельнае вяртаньне ў камэру. Спачатку адвялі Алега ў кайданках, а потым ужо нас у становішчы «рукі за сьпіну». Ёсьць пачуцьцё няёмкасьці перад чалавекам, да якога ставяцца горш, чым да цябе.
Па абедзе Алегу прынесьлі перадачу — вялікую торбу мясных вырабаў. Адны каўбасы. Каўбаса сыравяленая, сыравэнджаная, кружочкамі, прастакутнікамі. Усё зацьвярдзелае, прыхопленае марозам.
— Напэўна, бацька доўга шукаў, дзе я, і чакаў, пакуль возьмуць перадачу, — выказаў меркаваньне наш новы сусед. — Хутчэй за ўсё, ноччу ў Менск прыехаў. Але галоўнае, яны ведаюць, дзе я. Ох, ды што гэта я захапіўся! Частуйцеся, гэта ўсё наша прадукцыя, можна сказаць, хатняя. Без аніякіх кансэрвантаў і дадаткаў.
Алег мітусіўся паміж торбай і сталом. Плястыкавым нажом старанна пілаваў падмерзлыя палкі каўбасы. У носе прыемна заказытала, вантробы ўвабралі ў сябе салідную порцыю сьліны. І праўда, каўбаса аказалася абалдзенна смачнай. Да таго ж яе было столькі, што былі зьнятыя ўсе абмежаваньні. Бо звычайна мы ўсё сартавалі і, адпаведна, ​​жорстка дзялілі на порцыі ў прывязцы да графіку магчымых перадач зь «Вялікай зямлі». А тут проста нейкае сьвята жывата!
Паралельна з паглынаньнем прадукцыі хатняга мясакамбінату Алег дзяліўся ўражаньнямі ад чарнігаўскага СІЗА.
— Там зусім іншая сытуацыя, іншы чалавечы клімат, ці што. На мяне ніхто не крычаў, не махаў перад носам палкай. Ніхто не патрабаваў, каб я рухаўся са счэпленымі за сьпінай рукамі. Таму, калі мяне этапавалі ў Віцебск, я нібы перамясьціўся ў іншы сьвет. Жорсткі і бязьлітасны.
Але доўга Алег у нас не затрымаўся. Па абедзе паступіла ўводная: з рэчамі на выхад! Толькі-толькі крыху адтаўшы ад ранейшых выпрабаваньняў і непрыемнасьцяў, Алег сыходзіў цяжка, сэрца яго працівілася. Гэта было відаць. А нам было прыемна ад думкі, што хоць на кароткі час мы маглі быць камусьці карыснымі. Тым больш тут.
Разам з Алегам сышоў і «каўбасны паёк». Ня буду хаваць, мы на яго ўжо настроіліся. Ну што ж, дагэтуль у нас быў выбар: цешыцца мясной смакатой або заняцца фізкультурай. Цяпер сытуацыя спрасьцілася. Як у тым анэкдоце: Гасподзь падвёў Адама да Евы і кажа ёй — выбірай сабе мужа! Вось і ў нас зь Ігарам такі самы выбар. Ляжым на верхніх нарах і сапем, як два напаўгалодныя леапарды. Затое як сапецца!
13 сакавіка, нядзеля
Раніцай за гарбатай памянулі добрым словам Алега. Няхай усё ў яго складзецца. Да таго ж, сыходзячы, ён пакінуў нам пару палак каўбасы. Так што сьняданак быў не дыетычны.
* * *
Увесь час, што я ў «амэрыканцы», займаюся рукой, на якой у лістападзе мінулага году была праведзена апэрацыя. Сам распрацаваў комплекс практыкаваньняў, мэтодыку іх выкананьня і няўхільна яе прытрымліваюся. Спробы ж атрымаць кваліфікаваную кансультацыю і дапамогу завяршыліся нічым: ворагам народу не паложана. Так што тут я сам сабе і лекар, і кансультант.
Але зь цягам часу акрэсьліліся іншыя доўгайграючыя праблемы. Акуліст — вось на каго попыт толькі ўзрастае. Лопнула некалькі сасудаў у правым воку. Верагодна, ёсьць праблемы зь ціскам. Зрок я тут пасадзіў капітальна. Але, натуральна, аб кваліфікаванай кансультацыі спэцыяліста можна нават не заікацца. То бок я заікнуўся, але лекар толькі паціснуў плячыма. У гэтыя хвіліны Гіпакрат яму відавочна нічога не нашэптваў. Пакуль ты не асьлеп, ніякай дапамогі, акрамя агульнага агляду ў лекара СІЗА, табе не належыцца. І гэта агульная сытуацыя ў такога кшталту ўстановах. Напрыклад, на Акрэсьціна пры любых сымптомах хваробы нязьменна прапаноўвалі адно і тое ж: пару таблетак актываванага вугалю. Але там лекарка практыкавала яшчэ і «песенную тэрапію». Яе працоўнае месца было проста ў калідоры, і калі яна выконвала свае ўлюбёныя хіты, чуваць было амаль ва ўсіх камэрах.
Найбольшае, чаго ўдалося дамагчыся ў «пытаньні вачэй», — гэта ўгаварыць адміністрацыю дазволіць перадаць ярчэйшую лямпачку. Перадалі. Потым некалькі дзён вялі перамовы аб тым, каб зрабілі ласку замяніць. Прыйшоў Вадзік з калегамі. Нас адкамандзіравалі ў бліжэйшы туалет. Вярнуліся ў тую ж паўзмрочную прастору. З тлумачэньня вынікала, што, маўляў, канфігурацыя імпартнай энэргазьберагальнай лямпачкі несумяшчальная з айчынным пляфонам. Хутчэй за ўсё, цяпер яна асьвятляе нейкі кабінэт, дзе гэтая самая сумяшчальнасьць прысутнічае.
На дадатак да ўсяго вывалілася плёмба. Пры такой вадзе і такім рацыёне — ня дзіва. Пакуль варонка не выклікае болевых адчуваньняў, і дзякуй богу, бо ў агляднай будучыні гэтая праблема ня мае пэрспэктывы вырашэньня. Так што малюся, каб плёмба, якая выпала, была адзінай праблемай.
У СІЗА КДБ колькасьць забаронаў на мэтар квадратны — адна з самых высокіх у краіне. Як выявілася, у пералік забароненых рэчаў можа трапіць і звычайная майка. Учора атрымаў перадачу з партыйнага офіса. Узрадаваўся: усё ОК! Праўда, са сьпісу выкрасьленая адна пазыцыя — майка. Стукаюся ў дзьверы, пытаюся, дзе мая маёмасьць. У адказ вечка раздражнёна ляпае. Праяўляю настойлівасьць. З трэцяга разу кантралёр паведамляе:



Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал