108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі



старонка20/21
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21

Красавік 2011

1 красавіка, пятніца


Мы заўсёды чагосьці чакаем. Або кагосьці. Кожны дзень. Сёньня, да прыкладу, я чакаю прэсу. Дакладней, газэту «Народная воля». З красавіка падпісаўся. Але не было б то першага красавіка. Чаканьне ёсьць, а газэта не прыйшла. Напэўна, сёньня яе чытае таварыш Арлоў.
— Прозьвішча?
— Лябедзька!
— На допыт!
У зьвязцы з кантралёрам накіроўваемся ў суседні будынак. Здаецца, гэта новы маршрут. Падыходзім да масіўных дзьвярэй. Кантралёр набірае код і чакае. Мае вочы ўторкнутыя ў сьцяну калідора. Мае думкі загорнутыя ў пазыцыю «што было — бачылі, што будзе — пабачым». Праходзім у наступны адсек калідора. Яго аздабленьне кажа пра тое, што тут сядзіба камітэтчыкаў вышэйшага стану. Яшчэ адны дзьверы — і я ў пакоі. Невялікім, але даволі ўтульным. Здаецца, гэта апэндыкс, які прымыкае да кабінэта. Адпаведна, яго ўладальнік не апошні чалавек у гэтым комплексе будынкаў. Па тоўстай дарожцы гэтага «пакоя адпачынку» насустрач бясшумна сьлізгае знаёмы «аналітык». Шырока ўсьміхнуўся, жэстам запрасіў у фатэль зь цёмна-карычневай абіўкай. Сядаю сьпінаю да акна, якое, здаецца, выходзіць на праспэкт. Прастора за акном магніціла і вабіла, але я прымусіў сябе ператварыцца ў плястыкавую абыякавасьць. Бо часам позірк і выраз твару можа сказаць больш за словы.
Камітэтчык разьмясьціўся насупраць.
— Даўно мы з вамі не сустракаліся. Хацелася б давесьці пачатую размову да канца. Гарбаты? Чорнай, зялёнай?
Дагэтуль я стаічна адмаўляўся ад чаяваньняў з камітэтчыкамі. Трымаць дыстанцыю — я выбраў гэтую тактыку і жорстка трымаўся яе зь першай хвіліны ў КДБ. Але тут нечакана для сябе самога пагадзіўся. «Аналітык» паваражыў над заваркай і паставіў на невялікі столік перада мной кубак. Падсунуў вазачку з цукеркамі і печывам. Гаспадар кабінэта дэманстраваў хлебасольную зычлівасьць. Я сербануў глыток. У гарбаты быў нейкі незвычайны пах і прысмак. Прыемны, нават вельмі.
— Дарэчы, як з вашай справай? — сказана зь цікаўнасьцю бабулі на лаўцы ля пад'езда.
— Ды ўсё па-ранейшаму, застаюся ў становішчы закладніка, — іншага адказу ў мяне так і не зьявілася за ўвесь гэты час.
— Наколькі я разумею, цяпер усё ідзе да завяршэньня. Трэба неяк выходзіць з гэтай няпростай сытуацыі, — падобна, камітэтчык сапраўды быў нечым заклапочаны.
Далей ён гаварыў пра важнасьць і актуальнасьць дыялёгу і ўзаемаразуменьня паміж людзьмі з рознымі поглядамі і пазыцыямі. З гэтым нельга было не пагадзіцца. Праўда, крыху нязвыкла было чуць гэта з вуснаў чыноўніка, ды яшчэ пры пагонах. Цікава, а якое ў яго званьне? Я паспрабаваў уявіць суразмоўцу ў кіцелі.
«Аналітык» адразу адрэагаваў на тое, што я на нейкі час выйшаў з калідора размовы.
— Буду шчыры, — голас чалавека, званьне якога я спрабаваў адгадаць, зайграў новымі адценьнямі, — у нас ёсьць неспакой, каб цяпер не ўзмацнілася вонкавая ізаляцыя краіны. Гэта будзе толькі на руку Расеі. Я вам ужо казаў, які калясальны ціск мы зазнаем з боку Масквы.
Адчуўшы, што я з разуменьнем перажоўваю пачутае, «аналітык» сфармуляваў тэму абмеркаваньня.
— Хацелася б пачуць вашу думку: як можна пазьбегнуць канфрантацыі ўнутры краіны і не дапусьціць самага непажаданага — страты сувэрэнітэту, як эканамічнага, так і палітычнага? І як, на вашу думку, можна і трэба выбудоўваць адносіны з Эўропай, ЗША?
Па паўшар'ях сьлізганула думка: вось ты, бацюхна, і дачакаўся дыялёгу з прадстаўнікамі ўлады. Нейкі сюррэалізм! Хацелася ўшчыкнуць сябе за тое, што не баліць.
Адказ на сфармуляваныя пытаньні даўно ляжыць на паліцах майго мозгу.
— Цяжка гаварыць пра дыялёг, калі адна рука працягнутая для поціску, а другая сьціскае ключы ад турэмнай камэры. Навошта трымаць за кратамі людзей, якія ні тэрарысты, ні бандыты, ні ворагі Беларусі? Трэба вызваляць людзей, многія зь якіх проста палітычныя закладнікі.
Стараўся, каб гэта не гучала як прашэньне аб вызваленьні. Цішком пазірнуў на твар насупраць. Ён быў уважлівы і зацікаўлены.
— Па-другое, прыйшоў час праводзіць выбары «без дурных».
На гэтым месцы маіх разважаньняў гаспадар пакоя адпачынку адзначыўся кароткім воклічам:
— Гэта як — без дурных?
— Трэба пачаць лічыць галасы. Хоць бы як у часы першай прэзыдэнцкай кампаніі ў 1994 годзе. Калі амаль 100 працэнтаў чальцоў выбарчых камісіяў прадстаўляюць інтарэсы аднаго кандыдата ў прэзыдэнты, а менш за паўпрацэнта — інтарэсы дзевяці іншых прэтэндэнтаў, то хто прызнае выбары сумленнымі і справядлівымі? Толькі дурань. Але мы сябе такімі ня лічым, і большасьць выбарцаў таксама.
Наперадзе парлямэнцкая кампанія, і ва ўлады будзе спакуса чарговым разам «прызначыць» 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Магчыма, пяць-шэсьць чалавек з апазыцыі. І, безумоўна, усе яны будуць на кароткім ланцужку. Гэта тупіковы шлях. Ён не вырашае ніводнай праблемы. Апазыцыя падрыхтавала прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Прыміце іх!
— Ну вы ж ведаеце, як у нас прымаюцца такога роду рашэньні, — «аналітык» вачыма паказаў на столь.
— Але ж вы адказваеце за аналітыку, а значыць, рыхтуеце аналітычныя запіскі. Адпаведна, нехта кладзе іх на стол таго, хто прымае рашэньні, — вачыма я паказаў на тую ж кропку на столі. — Я проста падазраю, што з розных прычын людзі не жадаюць казаць праўду тым, хто вышэй за іх ва ўладнай вэртыкалі. Але гэта тупік. Няма здаровай палітычнай канкурэнцыі — няма і абнаўленьня. Няма абнаўленьня — няма і пераменаў. Няма пераменаў — няма і разьвіцьця. Заганнае, замкнёнае кола.
Сёньня сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны могуць стаць пляцоўкай для нацыянальнай згоды ўсіх палітычных групаў у Беларусі. І вашы словы гэта пацьвярджаюць. Але мяч тут на палове ўлады.
Яшчэ адна тэма ляжыць на паверхні. Калі ўлада ня ў стане эфэктыўна разьвязваць эканамічныя праблемы, перадайце іх у зону адказнасьці апазыцыі. Не атрымаецца — можна на яе перавесьці стрэлкі віны. Улада навучылася рабіць гэта прафэсійна. Будзе посьпех — можна прысвоіць сабе. Гэта ўлада таксама ўмее рабіць па-майстэрску. Але калі ў бліжэйшай пэрспэктыве не правесьці эфэктыўныя рэформы, краіна сапраўды страціць эканамічны сувэрэнітэт. Нас гэта трывожыць. Не на словах, а ў рэчаіснасьці. Калі гэта турбуе і некаторых людзей ва ўладзе, то трэба справу рабіць, а не канстатаваць відавочнае.
АГП адпачатку стваралася як партыя парлямэнцкага тыпу. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня мы распрацавалі і дамагліся прыняцьця вялікага пакета эканамічных законаў, якія дазвалялі ствараць новую, канкурэнтаздольную эканоміку. Улада выціснула нас на вуліцу. Але і пасьля гэтага мы працягваем генэраваць ідэі, распрацоўваем праграмы, якія, дарэчы, перадаём ва ўрад.
— Так, я гэта ведаю.
Мы перайшлі ў сфэру міжнародных адносін. «Аналітык» не хаваў расчараваньня (ці рабіў такі выгляд), што адносіны з Захадам рэзка пагоршыліся. Гледзячы проста мне ў вочы, ён спытаў:
— Што б вы параілі?
Я зрабіў камплімэнт уладзе, якая перад прэзыдэнцкай кампаніяй сапраўды дамаглася істотных посьпехаў у наладжваньні стасункаў з Захадам.
— Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі апазыцыя страціла манаполію на адносіны з Захадам, — гэта я прызнаў як факт. — Але тое, што зрабіла ўлада ў ноч з 19 на 20 сьнежня, не паддаецца разумнаму тлумачэньню. Вы ж усьведамляеце, што пакуль невінаватыя людзі ў турме, ніхто ў Эўропе ня будзе размаўляць і прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Трэба чакаць, што шмат якія праграмы ў эканамічнай, гуманітарнай сфэрах будуць замарожаныя. Беларусі патрэбны не дыялёг як імітацыя, ёй патрэбны рэальны перамоўны працэс улады і апазыцыі пры пасярэдніцтве адказных міжнародных арганізацыяў. Напрыклад, АБСЭ.
Я зрабіў экскурс у 1999 год, калі ў краіне ішоў рэальны перамоўны працэс улады і апазыцыі пры пасярэдніцтве місіі АБСЭ на чале з Гансам-Георгам Вікам.
— Быў парадак дня. Былі людзі з мандатамі на вядзеньне перамоваў. З боку ўлады — Міхаіл Сазонаў, памочнік Лукашэнкі. Ад апазыцыйных партыяў экспэртную групу ўзначальваў Міхаіл Пастухоў, былы сябра Канстытуцыйнага суду. Дамаўляліся пра цалкам канкрэтныя рэчы — пра доступ апазыцыі да дзяржаўных СМІ і ўмовы правядзеньня свабодных выбараў. Гэта было магчыма тады, калі фінансавае самаадчуваньне ўлады было значна лепшае, — то чаму гэта немагчыма цяпер, калі вы самі канстатуеце наяўнасьць сур'ёзных пагрозаў і рызыкаў для самой краіны?
— Так, усё гэта цікава, але павінен вам нагадаць: офіса АБСЭ ўжо няма ў Менску. Яго мандат не працягнуты.
— Ну што ж, гэта прыкра, але ёсьць нагода празь вяртаньне місіі ў Беларусь вярнуцца ў рэчышча наладжваньня стасункаў з Захадам. Галоўнае, каб была палітычная воля.
Час цікаў. «Аналітык» неяк вельмі ўважліва разглядаў мяне.
— Якія ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА? Ці ёсьць якія праблемы? Можа, у вас ёсьць нейкія асабістыя просьбы?
— Прэтэнзія адна: такой сыстэмы не павінна быць наагул. У нас жа савецкая турма. Нічога не зьмянілася. Калі чалавек трапляе сюды, на яго ўжо не пашыраецца дзеяньне Канстытуцыі. Асабліва калі ты палітычны апанэнт улады. Зрэшты, ёсьць адна тэма, якую я хацеў бы падняць. Гэта курсы падрыхтоўкі новай беларускай апазыцыі ў СІЗА КДБ.
Здаецца, мне ўдалося па-сапраўднаму зьдзівіць суразмоўцу.
— Не зусім зразумеў, пра што ідзе гаворка?
— Нас перасталі прэсаваць асабістымі аглядамі, але ў суседняй камэры знаходзяцца ўдзельнікі падзеяў непасрэдна ля Дома ўраду. Дык вось у іх усё працягваецца. Муштра, забегі ў спартзалю і назад, разьдзяваньні, прысяданьні і іншыя рэчы, якія паводле міжнародных стандартаў кваліфікуюцца няйначай як катаваньні. Не ведаю, якая ставіцца мэта. Напэўна, прыціснуць, запалохаць. Але, мне здаецца, вынік можа аказацца зусім адваротны. Шчыра кажучы, калі гэта адбываецца з табою першы раз, табе як мінімум непрыемна, а папраўдзе, то і страшна. Другім разам страху ўжо менш. І з кожным разам яго доза зьмяншаецца. А цяпер уявіце: вам крыху за дваццаць, вы здаровы, малады, безь фізычных недахопаў. Прабегчы па лесьвіцы, прысесьці, адціснуцца ад падлогі вам цалкам пад сілу. Страх зьмяншаецца, а вось нянавісьць мацнее. Так, аднаго, двух можна зламаць, ператварыць у жэле. Але тры, чатыры стануць мэталам з добрай загартоўкай. Лічыце, яны праходзяць спэцкурс па павышэньні фізычнай трываласьці, псыхічнай устойлівасьці і здольнасьці ненавідзець ворага. Выйшаўшы з «амэрыканкі», яны будуць гатовыя да барацьбы. І яны ня стануць прапаноўваць вам круглы стол і перамовы, яны прапануюць іншыя мэтады і формы барацьбы. У нейкай ступені гэта будуць выхаванцы «амэрыканкі».
— Так, цікавыя разважаньні...
І бяз гэтай рэплікі я адчуў, што гэты высокі сухарлявы чалавек перажоўвае пачутае.
— Ну што ж, дзякуй за шчырую размову.
— Ды няма за што. Уласна, я нічога новага не сказаў. Пра гэта я пісаў і гаварыў, будучы на ​​волі. Так што гэта толькі паўтор ужо сказанага.
«Аналітык» адчыніў дзьверы, і ў пакой увайшоў Вадзім. Я адарваўся ад пухлага крэсла, і мы выйшлі ў калідор. Кантралёр апячатаў мае рукі. Я зрабіў крок і раптам адчуў, як ногі пачалі заплятацца.
— Вам дрэнна? — Голас кантралёра даносіўся як з падзямельля.
— Ды не, усё нармальна...
Я сабраўся, сканцэнтраваўся і рушыў далей. На дварэ палягчэла. Мяхі грудной клеткі працавалі на поўную моц. Да камэры дайшоў на аўтапілёце.
У камэры быў ужо пасьлятрапезны настрой. На стале ў плястыкавай місцы мяне чакала астылая вячэра. Гэта значыць, мяне не было гадзіны дзьве. Як мінімум.
— Мы ўжо думалі, што ты сышоў па-ангельску, не разьвітваючыся, — Каранеўскі не хаваў свайго задавальненьня, што я зноў на суседніх нарах.
Коратка падзяліўся зьместам сустрэчы. Узьлез на свой ляжак, здаецца, толькі зьвёў павекі — і праваліўся ў бездань сну. Прачнуўся ад таго, што нехта тармасіў мяне за плячо. Ігар. Усхваляваны і нават устрывожаны:
— Нешта здарылася? Можа, нездаровіцца?
Атрэсаюся ад рэшткаў сну. Ігарава зьдзіўленьне зразумелае: за ўвесь час у «амэрыканцы» я ніколі ня спаў пасьля вячэры. А тут ня проста задрамаў, а вырубіўся. Прыйшлося распавесьці пра духмяную гарбату, пачастунак «аналітыка». Перайшлі на шэпт. Калі мяне хацелі задурманіць нейкім псыхатропным сродкам, то ў чым тады фішка? Я памятаю ўсе дэталі сустрэчы. Нешта здарылася ў арганізьме, калі я ўжо пераходзіў з аднаго будынка ў іншы. Прыйшлі да агульнай высновы, што сыстэма, у якой я палітычны закладнік, ня ведае цывілізаваных правіл паводзін. Гэта машына па выцісканьні неабходнага выніку. Тут нельга верыць чужым словам. Тут усё прасякнута фальшам, цынізмам. Укалоць, упырснуць, падмяшаць тут можна безь вялікіх праблемаў. У лекі, у ежу казённую, у ваду з волі. Ты безабаронны.
(Як выявілася пазьней, «аналітык» — гэта Ігар Шуневіч, начальнік упраўленьня КДБ па барацьбе з карупцыяй і будучы міністар унутраных спраў Беларусі. — Заўвага аўтара.)
2 красавіка, субота
Сёньня ў дворыку так захапіліся зь Ігарам фізкультурай, што не заўважылі, як з намі ў зьвязцы запрацаваў Несьцярэнка. Ён таксама былы спартовец. Як я разумею, гэтым і зарабляў на хлеб з маслам. Квадратны цягне тэрмін, як ён сам кажа, «за брюлики». Дыямэнтавы сьлед у справе нашага новага суседа адсьвечвае букетам крыміналу. Пасьля затрыманьня ў Несьцярэнкі быў ператрус, падчас якога міліцэйскія сышчыкі знайшлі брыльянты. Як прызнаўся сам квадратны, больш за шэсьцьдзесят каменьчыкаў. Аднак потым сярод рэчдокаў у справе фігуравалі ўжо толькі сорак тры. Але і гэтага хапіла на дзевяць гадоў турэмнага зьняволеньня. Калі расказ адпавядае рэчаіснасьці, то ўзьнікае пытаньне: дзе астатнія камяні? Пра гэта можна толькі здагадвацца. І чаму тады за кратамі толькі гэты хлопец зь Дзяржынску? Зрэшты, уся гэтая гісторыя нейкая мутная.
Такі вось трохі дзіўны пасяліўся ў нас сусед. Насьцярожвае. Зрэшты, тут мы ўжо бачылі ўсялякіх. Прытромся і з гэтым.
* * *
Сёньня даваў чарговае «інтэрвію» Каранеўскаму.
Майго новага прыяцеля зьядала цікаўнасьць: чаму Анатоль Лябедзька сам ня ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі? Во як за месяц вырас мой аўтарытэт у вачах палітычна не ангажаваных сукамэрнікаў!
Я засьмяяўся:
— Дарагі, я і без прыстаўкі «кандыдат у прэзыдэнты» ўжо больш як тры месяцы палірую жалезныя нары. І што наперадзе, ведае толькі адзін Бог. А калі б я быў кандыдатам у прэзыдэнты, мне б далі па максымуме, у гэтым я ня маю і ценю сумневу.
Зрэшты, я так разважаю, калі падзеі ўжо адбыліся. І гэта крык наўздагон. Зрабіў паўзу і коратка дадаў:
— Так, Ігар, склаліся абставіны. Але, як ты разумееш, я ні пра што не шкадую.
Але Ігарава пытаньне ўскалыхнула ўспаміны, падштурхнула да дыскусіі і аналізу.
Сапраўды, чаму? Чаму я пагадзіўся быць акторам другога пляну ў гэтым сэрыяле? Самы час яшчэ раз прабегчыся па яшчэ сьвежых, неастылых падзеях.
Як я цяпер разумею, на тое, каб майго прозьвішча не было ў выбарчым бюлетэні, працавалі многія. І ня толькі ўлада. Апошняя заўсёды праяўляе павышаную цікавасьць і выкарыстоўвае ўсе магчымасьці, каб не дапусьціць мяне да буйных агульнанацыянальных кампаніяў — як тая ж прэзыдэнцкая. Паводле сьведчаньня амбасадара адной з краін ЭЗ, пасьля таго як мне не хапіла васьмі галасоў для перамогі на Кангрэсе дэмсілаў, дзе абіраўся адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад прыхільнікаў пераменаў, у «Чырвоным доме» быў зладжаны банкет. Менавіта з гэтай нагоды. Там сьвяткавалі сваю маленькую перамогу. Я не кажу пра тое, што ўлада жадала бачыць кагосьці канкрэтна ў якасьці адзінага кандыдата, але сьцьвярджаю, што яна катэгарычна не хацела майго абраньня. З усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць.
Што да 2010 году, то ў гэтым кірунку працавала і група Някляева. А дакладней — тыя, хто распрацоўваў стратэгію, рэалізацыя якой павінна была прывесьці да новай расстаноўкі сілаў у апазыцыі, да зьяўленьня «канструктыўнай апазыцыі», якая б мірна суіснавала з Лукашэнкам. І прэзыдэнцкая кампанія ў гэтай стратэгіі — толькі інструмэнт, толькі стартавая пляцоўка.
Толькі цяпер, злучаючы ў адно паасобныя сустрэчы, размовы, рэплікі, я разумею, што ў іх была добра распрацаваная пакрокавая стратэгія і плян дзеяньняў. Праца з АГП выбудоўвалася празь міжнароднага сакратара партыі Андрэя Дзьмітрыева. І часткай пляну было вылучэньне ад АГП любога прэтэндэнта, але толькі не Анатоля Лябедзькі. Дзьмітрыеў прасоўваў тэму новага твару настойліва і пасьлядоўна. Пры гэтым спасылаўся на кантакты і перамовы з нашымі міжнароднымі партнэрамі. Да прыкладу, маўляў, усе яны вельмі прыхільна глядзяць на кандыдатуру Яраслава Раманчука, і пад яго мы зможам сабраць добрае фінансаваньне. Цяпер я разумею, што гэта быў блеф. Іншая справа, што я сам з сымпатыяй ставіўся да Яраслава. Па-першае, як эканаміст ён вельмі добра ўпісваўся ў кантэкст выбарчай кампаніі. Выбаршчыкаў збольшага цікавілі і хвалявалі менавіта праблемы эканамічнага зьместу. Хто вінаваты, выбаршчык сам ведае. Прынамсі, ён так лічыць. Таму ён хоча чуць адказ на пытаньне: а што рабіць? Чаго ж ты маўчыш? Адказвай!
І на фоне іншых кандыдатаў, «чыстых палітыкаў», Раманчук глядзеўся выгадна. На пытаньні, якія тычацца эканамічнага складніку, тыя адказвалі альбо лёзунгамі, альбо з паперкі. А Раманчук адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Ён быў натуральны і пераканаўчы.
Цяпер я разумею: атачэньне Някляева баялася, што са мной ня ўдасца дамовіцца аб зьняцьці на карысьць Уладзіміра Пракопавіча. Як паказалі далейшыя падзеі, ім не ўдалося дамовіцца наагул ні з кім. Разьлічвалі на парад зьняцьця прэтэндэнтаў з дыстанцыі і заяваў у падтрымку Някляева. Гэта павінна было зрабіць кандыдата ад ГП дэ-факта адзіным кандыдатам. Выйшаў, аднак, вялікі пшык.
Гэтаксама ж і з Плошчай. Да 19 сьнежня адказнасьць за яе гатовыя былі несьці амаль усе кандыдаты ў прэзыдэнты. Горда і дэманстратыўна. Але ўжо 20-га яна валялася на сьнезе, вытаптаная спэцназаўскім чаравікам.
Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што мы былі на плошчы, але не прэтэндавалі на тое, каб быць там першымі. Так, штаб Яраслава Раманчука заклікаў браць тэрмасы з кавай і прыходзіць на Кастрычніцкую. Гэта была натуральная грамадзянская пазыцыя. Але нашы амбіцыі выяўляліся ў іншым. Мы абгрунтавана заяўлялі, што маем найбольш прапрацаваную і рэалістычную праграму пераменаў. Мы не без падставаў сьцьвярджалі, што маем самую прафэсійную і эфэктыўную каманду. Але Раманчук яўна ня ўпісваўся ў вобраз Гаўроша на сталічных барыкадах. Гэта мая цытата з апошняй прэс-канфэрэнцыі. І гэта была сумленная пазыцыя. Дый за права быць галоўным рэжысэрам Плошчы ішла сапраўдная барацьба, якая час ад часу ўзрывала інфармацыйную прастору. Тут мы не змагаліся.
Вядома, фінансавыя магчымасьці штабу Някляева істотна перасягалі магчымасьці ўсіх астатніх кандыдатаў, разам узятых. Гэта праўда. Але ня ўсё вызначаецца толькі грашыма. Купіць можна ногі, каб яны разносілі ўлёткі. Купіць можна рукі, каб яны пісалі праграмны маніфэст. Купіць можна язык, каб ён казытаў ваш слых прыемнымі словамі. Але немагчыма купіць сымпатыю, павагу, любоў. І калі вам прапанавалі гэта за грошы, то гэта камуфляж, сынтэтыка, майстэрская падробка.
Але на адных амбіцыях выцягнуць гэтую кампанію таксама было немагчыма. Я хачу! Ён хоча! Яна прагне! Яны жадаюць! У прэзыдыюм! Да мікрафона! На тэлеэкран! У прэзыдэнты! А хто пойдзе разносіць улёткі? Хто будзе арганізоўваць сустрэчы? Правадыроў шмат, індзейцаў малавата! І мінулая прэзыдэнцкая кампанія гэта наглядна паказала. Пры вялікіх амбіцыях і маленькім роце не спрабуйце праглынуць усё і адразу. Можаце падавіцца!
Праект «Гавары праўду!» — гэта спроба стварыць трэцюю сілу. Адна з. У свой час такія спробы рабілі Валер Фралоў, Васіль Лявонаў, Міхаіл Марыніч, і ўсе яны скончыліся аднолькава. Ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці новая або трэцяя сіла — гэта францускі легіён. Вы плаціце — мы ваюем, то бок працуем! Мы разам! Ня плаціце — кожны сам па сабе. Добры дзень і тут жа бывай. Будуць грошы — тэлефануй! Як мяне знайсьці, ведаеш.
У канчатковым выніку ўсё кладзецца на адны і тыя ж плечы. На актыў палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. А ў беларускіх умовах гэта штучны тавар. Людзі, калі яны ня ставяць мэтай зьехаць у палітычную эміграцыю, прыходзяць у апазыцыю сьвядома, а значыць, ня масава. І калі пільней прыгледзецца да тых, хто арганізоўваў працу ў штабе Ўладзіміра Някляева, хто зьбіраў подпісы, хто стаяў у пікетах, то можна ўбачыць, што гэта ў асноўным «францускі легіён», сябры палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў. Але было б несправядліва сьцьвярджаць, што прытоку новых людзей не было зусім. Мы бачылі і ў нашай камандзе шмат новых твараў. Але, як правіла, былі валянтэры. А яны маглі быць удзельнікамі падзеяў, але не арганізатарамі працы.
Для мяне мінулая выбарчая кампанія — добрая школа. Адна з галоўных высноваў, якія я зрабіў: часам у разьведку лепш ісьці аднаму, чым групай. Прынамсі, ня будзеш мучыцца думкай, хто ж цябе здаў.
3 красавіка, нядзеля
У краіне выходны. Людзі позна валяюцца ў пасьцелях. Потым не сьпяшаючыся пацягваюць духмяную каву. Балбочуць праз тэлефон. Хтосьці едзе на лецішча. Хтосьці плянуе пайсьці ў кіно на вячэрні сэанс.
А ў нас усё як заўсёды. Паводле жорсткага раскладу. Нічога новага. Хіба што думкі. Ну ўсё, заўтра бяруся за працу! Рукавы закасаныя. Буду рыхтаваць тэкст выступу ў судзе. А пакуль думаю. Дакладней, працягваю гэтую тэму прапускаць празь сябе. Роздумы пераконваюць мяне: у судзе я ня буду абараняцца, я буду біцца, буду абвінавачваць.
* * *
Несьцярэнка паўдня, практычна не перапыняючыся, распавядаў пра плюсы і мінусы жыцьця ў калёніі. Як ні круці, выходзіць, што ў параўнаньні зь СІЗА ў калёніі значна больш магчымасьцяў. Да прыкладу, ёсьць даволі ўстойлівая сталая сувязь зь «Вялікай зямлёй». З дапамогай тэлефона. Вядома, нелегальна. Плюс значна большая свабода перамяшчэньня. Няма гэтых муроў, якія ўвесь час ціснуць на псыхіку. Няма гэтай затхлай, закупоранай прасторы. Многія працуюць, што разгружае шэрае рэчыва ад бязладных думак. Дый сетка міжасабовых камунікацыяў непараўнальная. Праўда, і самаўпраўства з боку адміністрацыі хапае.
Мы слухалі з адкрытым ротам. Я нават завёў на асобнай старонцы слоўнік новых слоў. Відавочна, варта заняцца вывучэньнем мовы вязьняў. Калі не гаварыць, то хаця б разумець яе трэба.
Ясна адно: у калёніі людзі розныя. Як і на волі. Слова «вязень» яшчэ нічога не азначае. Гэтаксама як «дэмакрат». Апошніх я пабачыў нямала, і, мушу прызнаць, даводзілася сустракаць сярод іх і мярзотнікаў, і крывадушнікаў, і ідыётаў. І мяне адкрыта ванітуе ад дэмакратаў у беласьнежных туніках, надзетых на потныя целы. Ад тых, хто ганарыцца, што ня быў у камсамоле, хто ўхмыляецца, прамаўляючы слова «былыя». А хто былыя?
Былы прэм'ер-міністар Міхаіл Чыгір, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, былы міністар працы Аляксандар Сасноў. Вось яны якраз сапраўдныя. Бо ў кожнага крэдытная гісторыя, бо за кожным учынкі і справы, вартыя павагі. Бо той жа Чыгір мог жа не пратэставаць супраць неканстытуцыйнага рэфэрэндуму і па-ранейшаму езьдзіць у прэм'ерскім «мэрсэдэсе». І Станіслаў Багданкевіч меў магчымасьць ляпіць свой матэрыяльны дабрабыт, не выходзячы з кабінэта кіраўніка Нацыянальнага банку. Мы выцягваем герояў зь мінулага, шукаем прыкладаў для перайманьня ў замежжы. А яны сярод нас. Станіслаў Багданкевіч, Міхаіл Чыгір, Ніл Гілевіч, Юры Хашчавацкі, Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка, Сьвятлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін. Беларусь павінна ганарыцца гэтымі людзьмі. Ганарыцца сёньня, калі яны з намі, а ня заўтра, калі давядзецца апэраваць дзеясловамі ў мінулым часе. Яны ніколі ня здраджвалі сваім прынцыпам, сваім перакананьням.
А вось правільным, чыстапародным дэмакратам у беласьнежных туніках ніхто ніколі не прапаноўваў нават пасаду старшыні сельсавету ў Цюцькавічах. А прапануй — невядома, што здарыцца.
Перачытаў напісанае яшчэ раз. Нейкі я стаў агрэсіўны. Можа, гэта зайздрасьць да тых, хто на волі? Або проста набралася шмат усяго ўнутры. Гэта на волі трэба сачыць за паліткарэктнасьцю, а тут... Тут — што ў галаве, тое і на паперы. Будзем квіты.
* * *
Першы дзень, калі гулялі па дворыку бяз вопраткі. Усе прыкметы сапраўднай вясны. Мы ўжо засумавалі безь цяпла. Знудзіліся па блакітным пакрывале неба.
Займацца фізкультурай у такіх умовах — адна асалода. Сонца зазірала ў дворык гэтак, што прамяні падалі ў адзін кут. Пэрыядычна ў ім зьбіваліся ўсе, выставіўшы твары і заплюшчыўшы вочы. Шчасьлівыя ад асалоды твары.
Пасьля такой сонечнай ванны назад у камэру зусім ня цягне. Тут усё нагадвае пра наш паднявольны статус.
Самаадчуваньне здавальняючае. Імкнуся падтрымліваць форму. Калі да каго і зьвяртаюся ў думках па дапамогу, то да акуліста і дантыста. Варонка на месцы плёмбы, якая выпала, павялічылася, адваліўся кавалак зуба. Найверагодней, гэта ўсё ўжо пад знос, аднавіць зуб ня ўдасца.
* * *
Паводле звыклай традыцыі частку часу правёў за «пісьмовым сталом», функцыю якога выконвае тумбачка. Пачаў зь ліста Сьвятлане. Яшчэ раз прабег вачыма па яе пасланьні, атрыманым учора. Адчуваецца, што мая другая палавінка — пад уплывам вясновых чар. «


1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка