108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі



старонка5/21
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.33 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21
Мы ўскочылі як па камандзе. Счапіліся плячыма ў адзін круг, зьвязаныя адным нябачным ланцугом. Цалаваліся нашы конаўкі. Абдымаліся нашы думкі. Нам было добра на нашым невясёлым сьвяце.
Але неўзабаве сьвяткаваньне давялося згарнуць. На патрабаваньне працоўных у чорных масках. Нашы ўсьмешкі раздражнялі іхнія вочы. Нашы тосты абуралі іхнія вушы.
Забраўшыся ў кокан пасьцелі, заплюшчыў вочы. Падкаціўся клубок. Як жа мне ў гэтыя хвіліны хацелася быць у коле сям'і! Гэты стан немагчыма перадаць словамі.

1 студзеня, субота


Сёньня я аканфузіўся. Пасьля дзесяцісуткавай галадоўкі і некалькіх дзён умеркаванага харчаваньня схадзіў у туалет. З сур'ёзнымі намерамі. Аднак з самага пачатку ўсё пайшло наперакасяк. Просты ўвогуле працэс у суправаджэньні чатырох пар вачэй ператварыўся ў цяжкааадольную перашкоду. Адчуваў сябе ў вышэйшай ступені дыскамфортна. Адчуваньні безабароннага галыша сярод натоўпу цікаўных. І хоць усе былі занятыя выключна кожны сабой, нейкае невытлумачальнае пачуцьцё сарамлівасьці глушыла ўсе жаданьні. Да таго ж хвілін празь пяць з вонкавага боку пачалі лупіць дубінкамі па жалезнай абшыўцы дзьвярэй. Пачалася невялікая паніка. А яшчэ праз пару хвілін на парозе вымаляваўся чорны сылюэт. Маска зьлёгку пахіствалася і дэманстратыўна жанглявала чорнай гумовай палкай. Усе пасьпешліва зьбіліся ў кучку, якая неўзабаве прыняла форму выцягнутага шнурка. Вядучы, Уладзімір Ціток, стараўся накрыць вядро накрыўкай. Непаслухмяныя рукі дрыжалі, і плястыкавая талерка ўпарта не жадала займаць сваё месца. Вядзёныя спачувальна глядзелі на магілёўца. Ахоўнікаў жа гэта забаўляла. Пярэдні смачна прылажыўся дубінкай па абшыўцы адкрытых дзьвярэй і загарлаў:
— Наперад! Бягом!
Уладзімір пачаў перабіраць нагамі. Паміж ім і Аліневічам тут жа ўтварылася дзірка.
— Стаяць! Назад!
Разарваны ланцуг самкнуўся.
— Што няясна? Бяжым па камандзе, не спыняючыся!
Маска голасам і целам напірала на Уладзіміра. Было відаць, як патыліца Цітка хваравіта чырванее.
— Наперад!
Гэтым разам Уладзімір быў не такі жвавы, а Ігар не такі марудлівы. Ссутулены жывы ланцуг напружыўся, спружыніў, але не разарваўся. Пераадолеў палову дугападобнага калідора, ускараскаўся па лесьвіцы на другі паверх і шмыгануў у жалезабэтонную нару. Аддыхаліся. Ва Ўладзіміра на твары адбітак грымасы болю. Ціск ад ціску. Добра, што хвілін празь дзесяць прыйшоў кантралёр Вадзік і павёў Цітка да лекара. Мабыць, выгляд у нашага сукамэрніка быў настолькі непрытворна хваравіты, што нават маскі на нейкі час заткнуліся цішынёй.
На працягу дня запасіў рашучасьць і злосьць. Рэшткі сарамлівасьці змагаліся з жыцьцёвай патрэбай. І вячэрні паход у туалет прынёс жаданы вынік.
Было такое адчуваньне, што з арганізма ў каналізацыю вывалілася частка страўніка ці кішак. Нават у дол уважліва пакасіўся. Не, здаецца, усё патрэбнае засталося пры мне. Добра, што ўсё добра канчаецца. Я быў увесь мокры ад напругі, стараньня і стомы. І непрыхавана шчасьлівы. Трэба ж, якія эмоцыі і пачуцьці можа выклікаць гэбэшны сарцір.
2 студзеня, нядзеля
Раніцай чакаў «сюрпрыз». У дзесяцілітровым цэбры з прадуктам вадкай перапрацоўкі нашых арганізмаў. А дакладней, у падзеях, якія разгортваліся вакол пасудзіны. Сёньня маё дзяжурства па камэры. І першая задача дзяжурнага — вызваліцца ад сьмецьця і ад зьмесьціва «біятуалета». Наведваньне прыбіральні — справа добраахвотная. Сёньня ахвотных не знайшлося. Усе дружна падышлі да вядра, у якім плавалі мандарынавыя лупіны, зрабілі сваю справу і зноў палеглі. Іду адзін. Балазе сьметніца пустая, а вядро запоўнена не да краёў. Толькі выйшаў з пасудзінай у калідор, як раздалася каманда:
— Да сьцяны!
Чаго б гэта? Паставіў цэбар і павярнуўся тварам да сьцяны.
— Рукі!
На запясьцях шчоўкнулі кайданкі. Каманда:
— Уніз!
Гэта значыць, трэба ісьці не ў бліжэйшы туалет на паверсе, а спускацца ў той, што паверхам ніжэй. Гэта значыць — спускацца ўніз па лесьвіцы ў кайданках, з запоўненым на дзьве траціны бітонам у руках.
Так, вясёлы старт новага году. Мяне экзамэнуюць усё больш вышукана. Гэта яўная правакацыя. Прычым калі я зараз завалюся, у яе будзе рэальна кепскі пах. І, паводле задумы яе арганізатараў, я, мабыць, павінен папрасіць ласкі ці хоць бы расьпісацца ў фізычным бясьсільлі. Уся зьмена тут. Сабраліся на відовішча. Як нічога ніякага, прыхопліваю пальцамі ручку плястыкавай пасудзіны і рухаюся да лесьвіцы. Унізе згрудзіліся «чорныя» і «зялёныя». Стаўлю нагу на лесьвіцу і раблю крок уніз. Мяне ніхто не падганяе. Усё праходзіць у нязвыклай цішыні. Такое адчуваньне, што зроблены стаўкі: прайду ці завалюся. Раз, два, дзесяць... Вось пад нагамі роўная паверхня. Перад дзьвярыма кантралёр здымае кайданкі, а адна з масак шматзначна прамаўляе: «Д-а-а-а!» Гэты гук, вырваўшыся міжволі, кажа, што лік 1:0 на маю карысьць. Толькі ў прыбіральні я адчуў, што ўвесь мокры. Халоднай вадой мыю твар. Зьмесьціва пасудзіны выліваю ў адну з адтулін каналізацыі. Здымаю шлянг, уключаю ваду і мыю плястыкавае вядро. Халодныя пырскі сьцёбаюць па руках. Мяне ніхто не падганяе. Потым заліваю ў бачок хляраваны раствор. Раблю паўзу, аднаўляю дыханьне і стараюся максымальна сканцэнтравацца ў чаканьні новых правакацыяў. Сам стукаю ў дзьверы, сыгналізуючы, што гатовы падымацца наверх.
За дзьвярыма нечакана ўзьнікае дзяжурны Віктар Віктаравіч. Прапаршчык асабіста зашчоўквае кайданкі. Але цяпер мае рукі сьпераду. Трэба разумець, чарговы экзамэн я здаў. Сьведчаньнем гэтага — і маўчаньне канваіраў. Падымаюся па лесьвіцы. У камэры соннае царства. Рыхтуюся да сьняданку. На тумбачку каля дзьвярэй выстаўляю пяць місак для кашы. Чатыры мэталічныя і адну плястмасавую. Сюды ж плястыкавы слоічак з рэшткамі цукру. Кавалкі ўчорашняга хлеба завязваю ў цэляфанавы пакет. Наліваю ваду ў плястмасавы збан бардовага колеру. Гэта на гарбату. Адчыняецца фортка, і ў праёме ўзьнікае плястмасавае вядзерца, у якім кіпяцільнік. Кіпень разьліваю па конаўках з пакуначкамі гарбаты і тут жа паўторна закідаю кіпяцільнік у бардовы збан. Трэба пасьпець згатаваць ваду яшчэ раз. Гарбата — гэта ня толькі пітво, але і сродак сагрэцца.
Чуваць, як за дзьвярыма спыняецца вазок. У адчыненую кармушку выстаўляю міскі. У кожную плюхаюць па чарпаку груцы. Аддаю рэшткі хлеба ў абмен на тры боханы, два белага і адзін чорнага. Таксама атрымліваю пяць чайных лыжак цукру.
З-пад коўдраў выкалупваюцца, вылазяць сукамэрнікі. Твары — застылыя маскі без аніякіх эмоцыяў. Пасьля кашы і гарачай гарбаты астылая за ноч прастора камэры пачынае напаўняцца гукамі, галасамі. Органы дотыку, нюху намацваюць хоць і слабы, але ўсё ж пульс жыцьця. Каля рукамыйніка невялікая чарга. Яна ж узьнікае ля кармушкі, калі раздаецца каманда: «Лекі!» На мэдыкамэнты тут устойлівы попыт. Хтосьці глытае дзеля прафіляктыкі, а для кагосьці гэта жыцьцёвая неабходнасьць.
Дарэчы, тут чуваць дыханьне мэтро. І даволі выразна. Але толькі ноччу, пасьля адбою, калі ў камэры поўная цішыня. Адчуваецца лёгкая вібрацыя, вуха ловіць гукі цягнікоў, якія нясуцца па тунэлях.
Першыя дні новага, 2011 году ў цэлым нічым не адрозьніваюцца ад апошніх дзён старога, 2010-га. Тыя ж абшарпаныя сьцены, тое ж павуціньне мэталічных пруткоў на вокнах, тыя ж маскі за дзьвярыма, прызначаныя, мабыць, наганяць страх, тая ж бранябойная груца ў місцы. Калі чаго і чакаць, то горшага. А яно на адлегласьці працягнутай рукі. У каардынатах часу, які вымяраецца суткамі. Пазытыў праглядаецца хіба што, калі зірнуць у будучыню. Бо маразм ня можа доўжыцца бясконца. Ну месяц, ну год, два. Ува мне то гаварыў аптыміст, то слова браў пэсыміст. Часам яны спрабавалі выказацца адначасова. Ніколі я так доўга і захоплена не размаўляў сам з сабой.
Ноччу спалася дрэнна. Узбударажаны дзённымі падзеямі мозг страчыў думкі. Думаў пра дом. Як яны там безь мяне? Гэта ўсяго другое навагодняе сьвята, якое мы не адзначалі разам з маёй Сьветай. Першае — калі адразу пасьля вясельля я надзеў кірзавыя боты і пайшоў аддаваць доўг Радзіме.
На вячэру быў селядзец. У адной місцы пяток селядцовых хвастоў, у другой — саладжавая, а значыць, падмарожаная бульба ў мундзірах. Ні першае, ні другое ня выклікала ўсплёску страўнікавых эмоцый. Абмежаваўся гарбатай і пернікамі. Самаадчуваньне нібыта някепскае. Хіба што лёгкае, але бязбольнае бурчаньне ў жываце. Напэўна, зараз я б добра ўпісаўся ў рэклямны ролік якога прэпарата, каб худзець.
3 студзеня, панядзелак
Пад шумавы акампанэмэнт «зондэркаманды» падняліся, памыліся, схадзілі ў туалет, прагрэлі вантробы гарбатай, адрапартавалі дзяжурнаму і застылі ў чаканьні прагулкі. Набягае лёгкая дрымота. Усе сядзяць з заплюшчанымі вачыма, захінуўшыся ў маўчаньне. Гульня ў даганялкі са сном, які ўцякае прэч. Пэрыядычна хто-небудзь з ахоўнікаў рэзка, мабыць, гумовай палкай, б'е па дзьвярах камэры. Абмяклыя целы ўздрыгваюць, і вочы ашалела глядзяць па баках. Непрыемныя адчуваньні. Нібы дубцом па твары. Чаканьне загрузла ў напружаньні. Спрабую пераключыцца на канспэктаваньне думак. Ручка адмаўляецца пісаць. Здаецца, ад холаду чарніла застывае. Пальцы з прыкметамі лёгкага здранцьвеньня.
Нарэшце два стукі ключом па ручцы дзьвярэй. Час прагулкі ў дворыку. Пачынаем таропка адзявацца. Дзьверы наросьцеж. Шыхтуемся паравозікам. Аднак кантралёр па мянушцы Доўгі тыкае ў мяне пальцам і камандуе: «На выхад!» Выходжу. Каманда: «Да сьцяны!» Паварочваюся тварам да глухой сьцяны, якая вэртыкальна бяжыць уверх мэтраў на пяць-шэсьць, да купала, насунутага на будынак. Пад далонямі холад бэтону прабіваецца скрозь напластаваньні фарбы. Стаю на расьцяжцы. Сэрца бухае, як насьценны гадзіньнік. У роце — як у высахлым калодзежы. Выварочваюць пустыя кішэні. Здымаю боты. Кантралёр запускае руку ўсярэдзіну, дастае вусьцілку. Трэба ж, які старанны. Трасе ботам.
— Рукі назад!
На запясьцях шчоўкаюць кайданкі.
— Наперад!
Маскі тут жа пачынаюць грымець палкамі па жалезных парэнчах. Дзесьці збоку затрашчаў электрашокер. Канцэнтруюся на пераадольваньні прыступак. З паралізаванымі рукамі ня тое што бегчы, ісьці няпроста. Маскі зьверху, маскі зьнізу. Тыя, што ўнізе, патрабуюць: «Хутчэй!» Як ні дзіўна, але напружаньне, якое толькі што пульсавала па целе, раптам недзе расьсеялася. Іду і лічу прыступкі. Адна, дзьве... пятнаццаць... Вось нага кранулася роўнай паверхні падлогі.
— Галаву ўніз! — раве цыбаты ў зялёнай масцы.
Здаецца, ён хоча прыціснуцца сваёй глоткай да майго вуха. Да адчыненых дзьвярэй, якія вядуць у двор, мэтраў шэсьць. Адтуль цягне сьцюжай. Наша камэра якраз над выхадам на вуліцу. Напэўна, таму ў ёй так холадна. Дзіўна, чаму я пра гэта думаю. Не пра тое, што мяне зараз могуць ударыць, замкнуць у карцэр. Вось яны, асаблівасьці чалавечай псыхікі.
Перад дзьвярыма, на якіх зялёны кружок зь лічбай «2», кантралёр здымае кайданкі і запускае мяне ўсярэдзіну дворыка. Разьмінаю запясьці. Чакаю астатніх. Хвіліны цікаюць. Паўза відавочна зацягваецца. Але вось перакошаныя дзьверы застагналі. На парозе Дыджэй. Новая ўводная: «На выхад!»
Рэпэтыцыя працягваецца, мільгае думка. Выходжу. Да сьцяны! Рукі назад! Спэцыфічны гук зашчоўкваньня кайданкаў. Усё ў адваротнай пасьлядоўнасьці. Тыя ж каманды. Тыя ж патрабаваньні. Падымаюся і ў думках рыхтуюся да чарговага спуску ўніз па лесьвіцы. Так можа працягвацца доўга. Але перад дзьвярыма камэры мяне вызваляюць ад жалезных бранзалетаў, і я апынаюся сярод астатніх. Кожны сьпяшаецца задаць пытаньне. Аказваецца, уводзіцца новае правіла прагулкі. Паводле прынцыпу «або ўсе, або ніхто». Сёньня ніхто. Кірыл тэмпэратурыў і, натуральна, у такім разабраным стане ня мог выходзіць на вуліцу. На аргумэнт, што ён хворы і запісаўся да доктара, кантралёр толькі рукой махнуў. Зрэшты, што ён мог сказаць? Што працуе прынцып сталінскіх лягераў, калі праблему аднаго распаўсюджваюць на ўсіх? Маўляў, вы пазбаўленыя права на шпацыр і будзеце сядзець у зачумленай прасторы, таму што адзін з вас — слабое зьвяно. А мы тут зусім ні пры чым. Вырашайце праблему слабога зьвяна! Тыповае правіла савецкіх лягераў. Толькі гэта не гістарычны фільм пра мінулае, гэта ўсё сапраўднае, не прыдуманае, адбываецца тут і цяпер. Я не выключаю, што новае правіла зьвернута супраць такіх, як я. Раней я ігнараваў шпацыры, каб мінімізаваць сутыкненьні з маскамі. Зараз гэта робіцца немагчымым.
4 студзеня, аўторак
Кірылу палягчэла, і мы папрасілі гадзіну шпацыру. Мяне зноў вышмаргнулі першым. Патрымалі на расьцяжцы, прашманалі, закальцавалі ў кайданкі. Ды так, што пасьля кожнага, нават слабога, варушэньня мэтал яшчэ мацней урэзваўся ў запясьці. У дворык і назад вялі асобна ад усіх. Значыць, гэта ня разавы бзік адміністрацыі. Гэта стратэгія дзятла. Доўга і тупа. Па нэрвах, па кропках, за якімі пачынаецца боль. Якая рэфлексія? Ну што ж, калі гэта выклік, то ён прыняты! Што было — бачылі, што будзе — паглядзім!
Рыпеньне дзьвярных завес. На парозе — чорна-зялёная маса. Плянавы агляд! Гэтыя словы — як прысуд. Прысуд, які ты чуеш кожны дзень. Цяпер ужо літаральна кожны. І ўсё роўна да канца ня можаш прывыкнуць, прыстасавацца. Яны толькі заходзяць, а цябе пачынае каўбасіць. Сэрца б’ецца часьцей. Усярэдзіне напружаньне такое, што, здаецца, дакранесься — і ўдарыць токам. Да дрэннага прызвычайваесься цяжка.
Сёньня нас падзялілі. Усіх пагналі ў бліжэйшы туалет.
— А вы застаньцеся!
У мурах «амэрыканкі» любое выключэньне горшае за любое дрэннае правіла. Так і ёсьць, пагналі ўніз па лесьвіцы. З гукавым суправаджэньнем. У спартзалі прыставілі да сьценкі. З вывернутымі вонкі далонямі. Маска чаравікам прайшлася па шчыкалатцы. І не зразумець, чаго больш, болю ці злосьці. Кантралёр абмацаў, вывернуў кішэні спартыўных штаноў. Зрабіў гэта па-майстэрску. Стаяньне ля «сьцяны нянавісьці» працягвалася даўжэй, чым звычайна. Спачатку рукі, а потым і іншыя часткі цела пачалі зацякаць і камянець.
— Ня торгаемся!
— Я сказаў, ня торгаемся! — Чыйсьці рот непрыемна апякаў маю голую патыліцу. Але ва ўсяго жывога ёсьць межы магчымага. Не магу больш трываць. Перакідаю цяжар цела спачатку на правую нагу, а потым на левую.
Тут жа ўдар чаравікам па шчыкалатцы і чарговая пагроза:
— Стаяць, або пакладу на падлогу!
— Я ня помнік!
— Ты можаш ім стаць! — надрываўся ўсё той жа голас.
— Нашто гаварыць, рабі!
Я павярнуў галаву ў бок таго, хто гаварыў. Здаецца, ён не чакаў такога. Нават адхіснуўся. Здаровы дзяцюк, вышэйшы за мяне на галаву.
— Да сьцяны галаву павярні!
— А вочы ў вочы што, слабо? — я па-ранейшаму глядзеў у прарэзы маскі. — Або вы можаце толькі ззаду і спадцішка?
Чалавек у чорным зрабіў крок да мяне. Схапіў за шыю, націснуў так, што мая галава ўваткнулася ў сьценку.
— Я табе зараз мазгі выб'ю, — прахрыпеў узбуджаны карнік.
У той момант я ўжо не кантраляваў ні сябе, ні сытуацыю.
— Давай. Вы ж гэта ўмееце рабіць. Патрэніраваліся на Ганчару і Захаранку.
Рука яшчэ мацней сьціснула мне шыю, але праз імгненьне аслабела і спаўзла. За сьпінай узьнікла нейкае варушэньне. Я толькі пачуў іншы голас: «Канчай».
Голас кантралёра разьвярнуў мяне тварам да суправаджаючых. Тры маскі нешта ціха, але эмацыйна абмяркоўвалі ў куце каля стоса напаўірваных матрацаў. Здаецца, гаварылі пра нядаўні інцыдэнт. Нейкія рознагалосьсі, мільганула думка.
Я перайшоў ва ўласнасьць кантралёра.
— Разьдзяемся!
Я зьняў боты, шкарпэткі і ступіў на драўляны насьціл, які ляжаў на бэтоннай падлозе. Пачаў не сьпяшаючыся сьцягваць адзежу. Выварочваю шкарпэткі. Кантралёр абмацвае швы адзеньня. Стаю голы, злы, узбуджаны. Маскі скончылі гутарку. Той, хто правакаваў сілавую размову, накіраваўся ў наш бок.
— Стаў на падлогу! — раздалося ўказаньне з адтуліны для рота.
— Калі ласка.
З дошак перабазаваўся на ледзяную падлогу.
— Прысядаем! — гэта ўжо каманда ад кантралёра.
Прысеў — устаў. Прысеў — устаў. І так разоў трыццаць. Як мне ўжо патлумачылі, з дапамогай гэтай працэдуры спраўджваюць, ці не схаваў ты чаго ў заднім праходзе. І што там можа схаваць беларускі палітвязень? Хіба што асабістую нянавісьць!
— Да сьцяны!
Голага на расьцяжку?! Такога яшчэ не было. Цела імгненна пакрылася мурашкамі. Стаю хвілін пяць.
— Адзяемся!
Сьпяшацца цяпер, здаецца, няма куды.
— Хутчэй варушыся! — не сунімалася маска.
Але вастрыня моманту ўжо мінулася, я пачаў вяртаць кантроль над падзеямі. І, галоўнае, над самім сабой.
Па лесьвіцы вяртаўся не сьпяшаючыся. Грукаў палкай толькі няўрымсьлівы і злосны масачнік. Сукамэрнікі сустрэлі роспытамі, што ды як. У іх усё прайшло значна спакайней. Вось толькі ў камэры кантралёры пакінулі пасьля сябе дэманстратыўны пагром. Дый то да майго вяртаньня яго наступствы былі зьведзеныя да мінімуму. Мне ж хапіла пяці хвілін, каб сабраць і зноўку раскласьці свае няхітрыя пажыткі ў тры пакеты. Бялізна, ручнікі, мыла, туалетная папера, майкі... Пераправерыў сшыткі з запісамі, дакумэнтамі. Здаецца, усё ў наяўнасьці.
Прыпаў да ўмывальніка. Здавалася, на патыліцы засталіся чужыя пальцы. Хацелася хутчэй змыць гэтыя нябачныя брудныя адбіткі.
5 студзеня, серада
Вывелі з камэры. Прыставілі да сьцяны. Абшнарылі. І надзіва спакойна павялі ўніз. Я ішоў паміж маскамі з закрытымі ротавымі адтулінамі. І гэта было нязвыкла. Па вушах ня біў слоўна-шумавы паток. Ішоў сваім ходам, а ня «ластаўкай», нават без падштурхоўваньняў. Спусьціліся па лесьвіцы. Унізе павярнулі направа па калідоры. Завялі ў невялікі пакой. Стол. Дзьве табурэткі, умантаваныя ў бэтон. У куце тумбачка з чырвоным тэлефонным апаратам. У акне тырчыць кавалак даху будынка. Стоп! Ды я, здаецца, тут ужо быў. Пэўна! Памылкі быць ня можа.
Нахлынулі ўспаміны. Па мосьце часу зьбег у красавік 2006-га. Менск. Стрэлка гадзіньніка паказвае гадзіну папаўдні. На 14-ю прызначана пасяджэньне аргкамітэту па правядзеньні «Чарнобыльскага шляху». Рухаюся ў бок гаражнага каапэратыва «Будаўнік», што на вуліцы Ціміразева. На прыпынку грамадзкага транспарту погляд вырывае з натоўпу чалавека моцнага целаскладу і з кароткай стрыжкай. Нейкае непрыемнае пачуцьцё варухнулася ўсярэдзіне. Прысьпешваю крок. Каля брамкі серабрыстае аўто. Усярэдзіне — двайнік таго, што бачыў зараз на прыпынку. Нядобрыя прадчуваньні толькі ўзмацніліся. Набіраю адзін тэлефонны нумар, другі — безвынікова. Трубка адказвае казённым голасам: «Дадзены тып злучэньня немагчымы». Тэлефон заблякаваны. Спускаюся па прыступках у гараж. У канцы доўгага калідора бачу тры сылюэты. Прадчуваньні робяцца перакананьнем, што рыхтуецца нейкая правакацыя.
Дарогі назад няма! Выяжджаю спачатку з гаража, потым з будынка. Наперадзе — тыя трое, што мільгалі ў праёме дзьвярэй. Не разьмінуцца. Робяць выгляд, што хочуць нешта спытаць. Спыняюся і трохі апускаю шкло. Заўважаю ў вушах незнаёмцаў перагаворныя прылады. Бліжэйшы строіць зь сябе сапсаваны навігатар і пытаецца, як знайсьці нейкі гараж. Двое пры левай дзьверцы майго «рэно», трэці прыстройваецца да правай пярэдняй. Злавіўшы момант, калі ніхто не перагароджвае дарогу, націскаю на газ і прасьлізгваю паміж «шукальнікамі страчанага гаража». І тут жа заўважаю, як падняўся шлягбаўм і пад яго заяжджае міліцэйскі аўтамабіль. Так, здаецца, прарывацца прыйдзецца з боем. Фотаапаратам раблю некалькі здымкаў сустрэчнага аўто. Прытарможваю і мяркую, што рабіць далей. Ззаду трое невядомых, наперадзе міліцэйскае аўто. Нічога добрага ні ад тых, ні ад другіх чакаць не выпадае. У гэты час з-за рога будынка да маёй машыны кінулася постаць. Незнаёмы ўчапіўся ў ручку дзьвярэй кіроўцы і расчыніў іх. Тут жа яшчэ адзін у цывільным. Мяне выцягваюць з салёну і спрабуюць кульнуць на асфальт. Машына на аўтапілёце коціцца далей з горкі і мякка ўпіраецца ў міліцэйскую. Бакавым зрокам бачу людзей на прыпынку грамадзкага транспарту і, разумеючы, што ў гэтай няроўнай сутычцы шанцы вырвацца нулявыя, крычу, каб прыцягнуць увагу. Падасьпела тройка «шукальнікаў», мяне завалілі на асфальт, ззаду на руках шчоўкнулі кайданкі. Хтосьці насунуў мне на галаву маю ж куртку, хтосьці балюча націснуў каленам на хрыбет. Мяне закідаюць на задняе сядзеньне майго ж «рэно». Я заціснуты паміж двух выкрадальнікаў. Галаву нахілілі так, што яна легла на калені. Наперадзе яшчэ двое. Выяжджаем і паварочваем налева. Ага, ня ў горад. Праз хвіліну машына спыняецца, мяне выцягваюць і тут жа запіхваюць у іншы аўтамабіль. Мяркуючы па парожках, гэта той серабрысты «опэль», які стаяў пры брамцы. Едзем. Стараюся ўгадаць маршрут. Няўжо за горад? На гарадзенскую трасу? На базу Паўлічэнкі (сумнавядомы камандзір «эскадрону сьмерці»)? Адразу падумалася пра Віцю Ганчара і Юру Захаранку. Пад лыжачкай непрыемна засмактала. Але вось машына пачынае пэрыядычна спыняцца. Мабыць, сьвятлафоры. Значыць, усё ж такі горад. Ехалі хвілін пятнаццаць. З нацягнутай на галаву курткай мяне дастаюць з салёну і, прытрымліваючы за локці, заводзяць у нейкі будынак. Некалькі разоў праводзяць праз рамку мэталашукальніка. Далей нейкімі калідорамі, потым пакой, крэсла і нечые рукі на плячах. Час цягнецца марудна. Спрабую засяродзіцца на абдумваньні паводзінаў адпаведна ведамаснай прыналежнасьці выкрадальнікаў. Ізноў калідорамі, кароткай лесьвіцай уніз. Новы пакой. Садзяць на крэсла. Здымаюць кайданкі. За сьпінай рыпеньне дзьвярэй, крокі аддаляюцца. Зрываю капюшон, разьмінаю рукі, якія пасьпелі зацекчы, аглядаюся. Невялікі пакой. Стол. Два крэслы. Усё гэта намёртва прыкручана да бэтоннай падлогі. На тумбачцы ў куце чырвоны тэлефон. У закратаваным акне кавалачак неба і агрызак даху. Час цікае. Няпэўнасьць. У роце пустыня, у мачавым пухіры — мора. Здымаю трубку і таму, хто падняў яе на тым канцы дроту, выказваю сваё жаданьне наведаць туалет. Праз хвіліну пракручваецца ключ і на парозе зьяўляецца чалавек у зялёным камуфляжы. Папярэджвае, што глядзець павінен толькі перад сабой. Ідзем па калідоры. На дзьвярах, якія выходзяць у калідор, пасьпяваю заўважыць таблічкі «Ідзе допыт». Ага, пэўна нейкая сілавая структура. І, хутчэй за ўсё, КДБ. Невялікі туалет. Умывальнік. І нават ружовы кавалачак мыла.
Вяртаемся ў той жа пакой. Але ў адзіноце застаюся нядоўга. Зьяўляецца чалавек у камуфляжы. Гучыць загад: «Глядзець наперад, рукі за сьпіну!» Зноў бранзалеты. Нехта нябачны зноў нацягвае мне на галаву куртку. Тым жа маршрутам назад. На вуліцы саджаюць у аўтамабіль. Мяркуючы па высокім парогу, гэта мікрааўтобус. Едзем даволі доўга. Нейкі час машына гойдаецца на выбоінах, потым замірае. Зноў будынак, калідоры, пакой. Пахі мэдыцынскай установы. Белыя халаты дазваляюць беспамылкова вызначыць месцазнаходжаньне. Шпіталь. За сталом двое. «Здыміце кайданкі», — тонам загаду просіць лекар. Ёсьць магчымасьць разгледзець сваіх выкрадальнікаў. Яны хоць і на адлегласьці выцягнутай рукі, але стараюцца трымацца да мяне бачком. Іх трое. За галоўнага — невысокі круглатварыў чорнай скураной куртцы.
Лекар заносіць анкетныя дадзеныя ў журнал. Я ахвотна дзялюся інфармацыяй. Калі ня дай бог што, прынамсі застанецца запіс з рэгістрацыяй майго месцазнаходжаньня. Мне належыць прайсьці агляд на прадмет наяўнасьці ў крыві алькаголю. Дзіўна ўсё гэта. Не магу зразумець, у чым фішка і чаго варта чакаць далей. Падыхаў у трубку прыбора, падзяліўся крывёю. Працэдура завершана. Усё ў адваротнай пасьлядоўнасьці. Кайданкі на запясьцях, куртка на галаве, гудзеньне мікрааўтобуса, калідоры і той жа самы пакой з чырвоным тэлефонам.
І зноў няпэўнасьць. Час распыліўся ў прасторы. Нарэшце расчыніліся дзьверы, і ўвайшоў канваір. Перадысьлякацыя. Пакой прастарнейшы. За мной уваходзяць трое. Адзін дзелавіта ўсталяваў відэакамэру, двое па-гаспадарску селі за стол. Насупраць сьветлавалосы сярэдняга веку з зачасанымі назад валасамі, другі, круглатвары, які суправаджаў у шпіталь, прыстроіўся зьлева. Той, што цераз стол, дастаў чысты аркуш паперы і, утаропіўшы ў мяне вочы, з мэталам у голасе прамовіў:
— Прозьвішча?
— Чыё? — парырую пытаньне пытаньнем.
— Ваша, — раздражнёна кідае незнаёмы.
— А ваша? — падтрымліваю слоўны пінг-понг.
— Тут я задаю пытаньні, — у голасе дадаецца холаду.
— Ну, у такім выпадку самі на іх і адказвайце, — дэманстратыўна адварочваюся.
— Прозьвішча?
Здаецца, мы заходзім на другі круг.
— Чыё?
— Ваша!
— А ваша?
Пасадка без узьлёту. І так пяць, дзесяць, пятнаццаць разоў запар. Я ўжо зьбіўся зь ліку.
Гульня нэрваў працягвалася, можа, гадзіну, можа, больш.
— Я ня буду адказваць ні на якія пытаньні, пакуль вы не растлумачыце матывы майго затрыманьня і не прад'явіце дакумэнты, якія сьведчаць вашу асобу. Гэта маё апошняе слова.
Я перастаю рэагаваць на кадэбэшніка са звычкамі дзятла. Сьветлавалосы тут жа ўдае прыступ гневу і, кінуўшы ручку на стол, выбягае з пакоя. Яго напарнік пачынае старанна ўдаваць добрага сьледчага.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка