108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі



старонка6/21
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.33 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21
Анатоль Уладзіміравіч, навошта вам непрыемнасьці? — Голас прасякнуты спагадай. — У вашых інтарэсах не ісьці на абвастрэньне. Мы супрацоўнікі камітэту. Пасьведчаньня паказаць ня можам, бо пры ўваходзе ў будынак здаём дакумэнты. Такая працэдура.
Я ня вытрымаў і расьсьмяяўся. Круглатвары сумеўся. Вярнуўся «дрэнны» гэбэшнік. Прысунуў ноўтбук. На экране кадры маёй паездкі ў Тбілісі. Вось я сустракаюся з дэпутатамі, вось з чыноўнікамі з блізкага атачэньня Саакашвілі.
— Хто гэтыя людзі? — пытаецца прытомленым голасам сьветлавалосы.
— Дэпутаты парлямэнту, чальцы ўраду. Тут у вас яшчэ няма кадраў маіх сустрэч з прэм'ер-міністрам Грузіі і са сьпікерам парлямэнту Ніно Бурджанадзэ. І ў чым тут крымінал?
— Вам абяцалі некалькі мільёнаў даляраў на арганізацыю дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, — без найменшага намёку на жарт выпальвае сьветлавалосы.
— А што, у грузінаў сапраўды ёсьць такія грошы? — стараюся быць сур'ёзным і дзелавым. — Вы б мне гэтую інфармацыю перад паездкай у Тбілісі паведамілі.
Я згубіўся ў часе. Калі чарговым разам сьветлавалосы ў гістэрыцы выбег з пакоя, я зразумеў, што начаваць давядзецца па-за сьценамі роднага дома. Дзе-небудзь на Акрэсьціна (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў) або ў «малпятніку» якога-небудзь раённага аддзелу міліцыі. А для зьнешняга карыстаньня паведамяць, што вызначалі асобу невядомага, які нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы. Мае разважаньні перапыніў чалавек у зялёным камуфляжы, і мы рушылі па калідорах. Адчыніліся дзьверы, мяне вывелі ў двор, пасярэдзіне якога стаяў белы, можна сказаць, шыкоўны лімузын. Абедзьве палавінкі задніх дзьвярэй расчынены. І некалькі чалавек у масках. Адзін жэстам запрасіў у салён. Плюхнуўся туды і патануў у мяккіх скураных сядзеньнях. Справа і зьлева прызямліліся маскі. Наперадзе кіроўца і яшчэ адзін у масцы. Машына рванула зь месца ўсёй сваёй моцай. З Камсамольскай нахрапіста завярнула на праспэкт і панеслася ў бок плошчы Незалежнасьці. Едзем моўчкі. Той, што справа, раптам пытаецца:
— І трэба вам гэта? Сядзелі б сабе ціха, і непрыемнасьцяў не было б. Дый нас бы ня тузалі.
— Не паверыце, але па-іншаму ніяк не атрымліваецца. Слова гонару! Кожны год прыяжджаю да мамы Юры Захаранкі і разумею, што ў даўгу перад гэтай жанчынай, якая да сёньняшняга дня чакае свайго сына. Вы ж ня горш за мяне ведаеце, што на самой справе адбылося з генэралам Захаранкам, зь Віктарам Ганчаром. Гэта палітычныя забойствы. І пра «эскадрон сьмерці» вы напэўна чулі. Як можна рабіць выгляд, што нічога гэтага няма?
— Давайце ня будзем пра палітыку, — падаў голас той, што зьлева.
— А чым вы цяпер займаецеся? Гэта і ёсьць палітыка, ды яшчэ і брудная.
Змоўклі. Машына нясецца ў бок Курасоўшчыны. Недзе на самым разрыве сьвятла і цемры спыняемся. Ускраіна Менску. Выходзім. Хочацца ўбачыць хоць адну жывую душу. Нікога. Толькі я і яны. Адзін з суправаджаючых аддае мне тэлефон, фотаапарат і сухім голасам прамаўляе, трэба разумець, афіцыйную заяву:
— Анатоль Уладзіміравіч, вы разумны чалавек і з таго, што адбылося, павінны зрабіць адпаведныя высновы.
Гэта прагучала ня злосна, але ў той жа час вельмі канкрэтна. Мне перадалі чорную метку. Я вырашыў абысьціся без камэнтароў. Вернутыя рэчы моўчкі расьпіхаў па кішэнях.
Белы лімузын растварыўся ў цёмнай ночы. Я патупаў у горад, у бок запаленых ліхтароў. Тэлефон быў разраджаны, фотаапарат вычышчаны, ніводнага кадра. Дайшоў да першага аўтамабіля з шашачкамі, стомлена плюхнуўся на сядзеньне і толькі цяпер адчуў неверагодную стому і спустошанасьць. Да лёгкай млосьці. Дома ўсе былі ў поўным няведаньні і ў вялікай трывозе. Абтэлефанавалі ўсе апорныя пункты міліцыі і дзяжуркі ўсіх сілавых структур, усе мэдыцынскія ўстановы. Вядома ж, безвынікова.
Наступнага дня я рушыў на пошукі свайго аўтамабіля. У РУУС Цэнтральнага раёну паведамілі, што машына на штрафстаянцы. Маўляў, яе эвакуіравалі ад пасольства Румыніі, дзе яна была прыпаркаваная пад знакам «Стаянка забаронена». Машына сапраўды знаходзілася на штрафстаянцы. Ключоў не было. Абышоў «рэно», звонку агледзеў салён і паехаў на Камсамольскую. У грамадзкай прыёмнай напісаў заяву на імя старшыні КДБ. Маўляў, вярніце крадзенае. Падтэкст такі: навошта паскудзіць і гадзіць у стылі дробных тралейбусных зладзюжак? Але гэты эмацыйны парыў не наблізіў мяне да руля майго аўто. Прыйшлося выклікаць спэцыялістаў па ўскрываньні. Пад'ехалі спэцыялісты, управіліся зь дзьвярыма за хвіліну, а ключы я знайшоў усярэдзіне салёна. Здаецца, усё было на месцы, за выключэньнем пасьведчаньня дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Яно зьнікла бясьсьледна. Напэўна, камусьці з выкрадальнікаў сышло за трафэй. Дакумэнту было шкада, усё ж гэта мандат даверу дзясяткаў тысяч выбарцаў. Дый ва ўзаемаадносінах з работнікамі аўтаінспэкцыі ён быў вельмі карысны.
* * *
І вось цяпер я пазнаю мінулае. Той жа падворак, той жа пакой для допытаў і нават маскі-шторкі на тварах. Час цячэ, але сёе-тое зусім не мяняецца...
Самае дзіўнае, што ў пакоі я праседзеў у адзіноце хвілін дзесяць-пятнаццаць. Потым прыйшлі кантралёр і таварыш у масцы і адвялі назад у камэру. Але ўжо ў кайданках. «Ластаўкай». Што ўсё гэта значыць? Што гэта было? Такое адчуваньне, што прывялі на нейкую сустрэчу, але яна чамусьці не адбылася, і мяне пацягнулі назад.
6 студзеня, чацьвер
Ужо ці ня тыдзень няма кантакту з адвакатам. Гэта раздражняе, але ўжо ня дзівіць. У сытуацыі, калі цябе прасуюць, калі зь цябе адкрыта зьдзекуюцца, ніякай уцечкі інфармацыі быць не павінна. У гэтым выпадку адвакат — слабое зьвяно, бо можа быць пераносчыкам і распаўсюднікам праўды пра тое, што адбываецца ў СІЗА. Калі я сёньня запытаў у дзяжурнага, ці ёсьць у мяне права на камунікацыі з адвакатам, чалавек у мундзіры з капітанскімі пагонамі бадзёранька адчаканіў: «Безумоўна!» І потым, ужо на парозе, кінуў: — «Вас шмат, а месцаў для сустрэч з адвакатамі мала».
Так, лёгіка жалезная. Права ў вас ёсьць, а для магчымасьці яго рэалізаваць не хапае месца.
Заплюшчыў вочы і ўявіў праспэкт Незалежнасьці, Камсамольскую вуліцу. Напэўна, там цяпер ідуць, сьпяшаюцца сотні і сотні людзей. І ніхто зь іх нават не здагадваецца, што робіцца зусім побач. За нейкую сотню-другую мэтраў. Тут сапраўды пасьля адбою чуваць, як па тунэлі мэтрапалітэна нясуцца цягнікі, як адчыняюцца і зачыняюцца дзьверы вагонаў. Вось так можна жыць у вялікім горадзе, праходзіць, праяжджаць побач з такім страшным месцам і ні пра што не здагадвацца.
Адначасова са зьнікненьнем адваката прапаў і сьледчы. Гэта таксама цалкам вытлумачальна. Пра што размаўляць? Сваё слова я ўжо сказаў на першым допыце. Дый сам “сьлядак” выдатна ведае, што я такі ж злачынец, як ён касманаўт. У мяне статус закладніка. Прышпіліць мяне да крымінальнай справы па гэтым артыкуле цяжка. Нават калі будзе рыць усё сьледчае ўпраўленьне КДБ, нарыць нічога супрацьзаконнага немагчыма. Гэта калі арыентавацца на прававы бок справы.
Праўда, нельга выключаць, што раптам знойдуцца сьведкі, якім я ўручаў ледасекі і інструктаваў, як секчы дзьверы ў Доме ўраду. Ці спэцназаўцы, якія будуць завучана распавядаць, як я нібыта аказваў ім неймаверна жорсткі супраціў пры спробе прарвацца ў будынак.
Такога сапраўды выключаць нельга, а пакуль сьледзтва можа хіба што абсмоктваць інцыдэнт на плошчы з маім удзелам. Яшчэ перад Новым годам я ўбачыў нейкую тэлеперадачу, у якой дэманстраваліся кадры падзеяў 19 сьнежня. І ў тым ліку эпізод, дзе я закрываю рукой камэру нейкага чалавека ў цывільным. Дый Арлоў на адной зь першых сустрэч, салодка ўсьміхаючыся, прашыпеў: «Дык вы ж журналіста зьбілі. Камэру разьбілі. А гэта ўжо патыхае сур'ёзным артыкулам».
Тут калі чым і патыхае, то дробнай, таннай правакацыяй. Інцыдэнт на плошчы я памятаю ў дэталях. Каля Дома ўраду да мяне прыклеіўся «журналіст» зь відэакамэрай. Справа звыклая. Але калі ён нахабна пачаў ледзь ня тыкаць камэрай у твар, я проста закрыў яму аб'ектыў. Цяпер мне здаецца, што апэратары былі спэцыяльна прыстаўленыя да ўсіх лідэраў апазыцыі, хто быў на плошчы. Ужо тады зьбіраліся матэрыялы для будучай крымінальнай справы.
Натуральна, на экран цяпер выкідваецца ўсё, што можа хоць неяк скампрамэтаваць удзельнікаў падзеяў. Так што відэанарэзка, якая мільганула на экране, калі каго і ўразіла, дык гэта сукамэрнікаў. Для іх сам факт маёй прысутнасьці ў тэлескрыні — гэта падзея. Для іх я кінагерой, нават калі ў мяне і не галоўная роля ў гэтым фільме з гучнай назвай «Жалезам па шкле» (здаецца, такая назва ў гэтай стравы, якой будуць карміць гледача яшчэ не адзін дзень).
Так, на першым часе можна было хоць нешта чэрпаць з БТ. Цяпер жа, зь пераводам нашай камэры ў катэгорыю «прэс-хаты», мы пазбавіліся магчымасьці бачыць нават творы беларускага агітпропу. Тэлевізар у нас забралі і здалі на склад. На той падставе, што выйшла са строю антэна. Такое было тлумачэньне начальніка СІЗА. Няўклюднае. Мабыць, таму крыху пазьней Арлоў зьедліва заўважыў: «Вам жа ж напэўна не падабаецца беларускае тэлебачаньне, так што страта невялікая». Гэты дробны чалавечак нястомны ў вынаходніцтве. Прычым рэалізуецца ён у дэталях, дробязях. Глядзіш, тут пятлю падцісьне, тут шпільку ўставіць, там асколак ці каменьчык падкіне. Са зьяўленьнем Арлова абмежаваная прастора СІЗА скурчылася яшчэ больш. І гэта ўстойлівы трэнд. Магчымасьці сталі зьместам Чырвонай кнігі. Затое ўсюды і на ўсё забароны.
Арлоў — нядрэнны псыхоляг-патолягаанатам. Прычым практык. Для яго мы ўсе паддосьледныя. Яму падабаецца, закасаўшы рукавы, корпацца ў вантробах. Мне здаецца, ён гатовы гадзінамі разглядаць пад мікраскопам, як рэагуюць нэрвовыя канчаткі на холад, сьвятло, крык. І магу толькі ўявіць, што адчувае гэты чалавек, бачачы наступствы чалавечага страху: пашыраныя зрэнкі, пальцы, якія дробна дрыжаць, самаадвольна апарожнены мачавы пухір.Такі б не згубіўся і ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя.
7 студзеня, пятніца
Дзесьці побач гаворыць і паказвае ТБ. Яго гукі пераадольваюць мілімэтровыя шчыліны ў турэмных дзьвярах і пэленгуюцца лякатарамі вушных ракавін. Абмяжоўваемся паглынаньнем гукаў, бо мы па-за зонай доступу да інфармацыі. Гэта складнік узьдзеяньня праз абмежаваньні. На галодным інфармацыйным пайку чалавек робіцца надумлівым, уражлівым і, галоўнае, больш падатным на супрацоўніцтва са сьледзтвам.
Адзіная крыніца інфармацыі — лісты, якія атрымліваюць мае сукамэрнікі. Калі з гэтай крыніцы выключыць асабістае, то ўсім астатнім (а астатнія — гэта я) дастаюцца драбніцы. Пошту прыносяць каля пятай вечара, часам пасьля вячэры. Першыя дні, як толькі адчынялася акенца і канвэрты клаліся бязладным стосам на адвалены драўляны паднос, я інстынктыўна, у два скокі, апынаўся каля дзьвярэй. І кожны раз натыкаўся на расчараваньне. Цяпер ужо не скачу. Ды што там, імкнуся не рэагаваць, а дакладней, не дэманстраваць стан свайго хваравітага чаканьня. Ні жэстамі, ні словамі. Гэта цяжкая задача, але, здаецца, я навучыўся яе вырашаць. Зрэшты, а куды падзецца? Тут увесь час барацьба. За настрой, за фізычны стан і зьнешні выгляд, за годнасьць і самапавагу. І супрацьстаяньне. З адміністрацыяй, са спакусамі, са слабасьцямі, з самім сабой. Увесь час мусіш быць напагатове. Сюрпрызы і неспадзяванкі не прывязаныя да часу і месца. Да іх трэба быць гатовым заўсёды. Круглыя ​​суткі. Яны могуць чакаць цябе і ў кабінэце начальніка СІЗА, і ля «сьцяны катаваньняў» у спартзалі, і пры адбоі, і падчас пад'ёму.
* * *
Пра інтэлектуальны складнік і кругаварот кніг. Тут, у адрозьненьне ад Акрэсьціна, ёсьць бібліятэка. Прыкладна раз на два тыдні кнігі мяняюць. Гэта паводле таго, што апавядаюць сукамэрнікі са стажам. Зрэшты, я ўжо меў магчымасьць назіраць, як гэта адбываецца на практыцы. Спачатку ўсе кнігі адбіраюць з камэр. Яны ляжаць штабэлямі проста на падлозе, па ўсім пэрымэтры круглага калідора. Цікавае відовішча. Потым адбываецца іх пераразьмеркаваньне. Зьмесьціва турэмнай бібліятэкі вельмі пярэстае і поўнае нечаканасьцяў. Ёсьць норма — ня больш як дзьве кнігі ў адны рукі. Калі ёсьць пажаданьні, да прыкладу, запыт на Бальзака ці Дастаеўскага, то цябе выслухаюць. Моўчкі. Але прапануюць тое, што ляжыць пад рукой. Да прыкладу, мэмуары Брэжнева або «Як гартавалася сталь» Астроўскага.
* * *
Да ўмоваў, здаецца, адаптаваўся, ці, можна сказаць, прыстасаваў іх да сябе. У сьпісе праблемаў, якіх магло б і ня быць, — «нікатынавы Чарнобыль». Невялікая прастора камэры і так нашпігаваная рознай дрэньню, а тут яшчэ дымавыя выкіды з чатырох ротавых адтулін. Ледзь прадраўшы вочы, народ цягнецца да цыгарэты. Жалезны зэдлік, што каля акна, раніцай заўсёды заняты. У гэты час на ім у стойцы чаплі абавязкова хтосьці з асалодай зацягваецца. Як ні стараюцца курцы пускаць струмень у кірунку расчыненай форткі, значная частка выхлапных газаў застаецца ў камэры. Здаецца, што нікатынам пахнуць нават мае вантробы, ня кажучы ўжо пра вопратку. Ад апошняй ідзе такі агідны букет, што часам трохі моташна. Таму, калі атрымліваю ручнікі, майкі зь «Вялікай зямлі», перш за ўсё ўтыкаюся ў іх носам і дыхаю, як у кіслародную падушку. Пяць-дзесяць хвілін «інгаляцыі» — і самаадчуваньне на пару пунктаў вырастае.
Змагацца з курцамі няпроста. Апраўданьняў у іх мноства. Але галоўнае — гэта, маўляў, эфэктыўны спосаб барацьбы са стрэсам. Усе ўпэўненыя, што нікатын супакойвае, абвалакаючы ахоўным воблакам нэрвовую сыстэму. Гледзячы на ​​тое, як трасецца Ціток, дый на тых, хто маладзейшы, я б паспрачаўся з гэтым сьцьвярджэньнем.
На шчасьце, сам я пазбаўлены гэтай згубнай залежнасьці. Упершыню цыгарэту паспытаў у далёкім дзяцінстве, гадоў сямі. Нармальны вясковы пацан і пачак папяросаў у надзейнай схованцы — гэта як бы само сабой разумеецца. Цяжка сказаць, як бы разьвіваліся адносіны з гэтым свавольствам, якое часьцяком робіцца хваравітай звычкай на ўсё жыцьцё, ды нагода надарылася. Неяк забег я да свайго лепшага сябра Толіка Лапаціка. Яшчэ на вуліцы пачуў нейкі немы віск, быццам рэзалі кабана. Прачыніў дзьверы ў хату і ахнуў. Ляжыць мой друган на лаўцы са спушчанымі штанамі, ягадзіцамі дагары, а бацька яго — дабрэнны чалавек — па гэтых самых белых кругляшах чорным рэмнем хвошча. Пасьля кожнага такога пацалунку на целе заставалася чырвоная паласа. Побач на стале скамечаны пачак цыгарэт «Фільтар» як рэчавы доказ учыненай правіны. І, трэба сказаць, віск, усхліпы і галашэньне майго сябрука магічна паўзьдзейнічалі на мяне. Калі ўжо дзядзька Чэсь так лютуе, то што са мной зробіць мой баця... Я толькі на імгненьне ўявіў суровы бацькаў твар, і рука сама пацягнулася ў калашыну, дзе ляжала некалькі папяросаў, загорнутых у паперку. Рашэньне было прынята катэгарычна і незваротна. З тых часоў з курэньнем мы заўсёды на адлегласьці. Вось толькі добра б цяпер гэтую дыстанцыю павялічыць.
8 студзеня, субота
Дзьверы зарыпелі павольна і працяжна. І ў прачыненую шчыліну тут жа хлынула агрэсія. Маска была відавочна ня ў духу і не хавала сваёй жывёльнай ахвоты пакуражыцца над паўсоннымі арыштантамі. Зрэшты, усё было як заўсёды. Толькі з большай, чым звычайна, канцэнтрацыяй злосьці, хамства і цынізму. Зноў ва ўжытак пайшло «морду ў падлогу», відавочны доказ таго, што дзень будзе з паднятым хібам і воўчым выскалам. На зьмену заступіла «зондэркаманда» на чале з Барадой. Значыць, добрых навін чакаць не выпадае. Для гэтых людзей тое, што адбываецца, — шоў, пацеха, забаўка. Часам мне здаецца, што яны ці абкураныя, ці замбаваныя. Ну ня можа нармальны чалавек атрымліваць асалоду ад зьдзекаў зь іншых. А ім падабаецца прычыняць боль. Яны смакуюць чужыя пакуты. Тут я разумею, што беларуская талерантнасьць — гэта ў нейкім сэнсе нашы жаданьні і фантазіі. Бо людзі ў масках — гэта ж мае суграмадзяне. Большасьць — беларусы. Але зь іх можна фармаваць кантынгент для працы ў канцлягеры часоў нацысцкай Германіі. І гэта не перабольшаньне. Гэта горка-салёная праўда.
Ужо ня першы дзень спрабую ўявіць іх бяз масак, за сьценамі СІЗА КДБ. У сямейным коле, за абедным сталом, у грамадзкім транспарце. Скажу шчыра, мне гэта не ўдаецца. Хоць, напэўна, у некаторых ёсьць свае дзеці. А значыць, яны павінны чытаць казкі сваім малым. Напэўна, ёсьць мамы і таты. А значыць, яны павінны рабіць для іх нешта добрае і прыемнае. Хутчэй за ўсё, ёсьць і суседзі па лесьвічнай пляцоўцы, зь якімі яны, напэўна, ветліва вітаюцца раніцай і, магчыма, дапамагаюць бабулі перайсьці дарогу.
Але тут яны нелюдзі. Істоты, перапоўненыя злосьцю і агрэсіяй. Можа, ня ўсе, але большасьць. Як наагул магчыма цэлы дзень зьдзекавацца зь людзей, дарэчы, не асуджаных, не прызнаных вінаватымі ў чымсьці, а вечарам быць добрым татам, клапатлівым мужам, таварыскім суседам?
Два розныя жыцьці. У якім жа яны сапраўдныя, а ў якім акторы? Раздваеньне асобы — напэўна, такі дыягназ пасуе гэтым людзям.
На шпацыр сукамэрнікі пайшлі з трэцяй спробы. Спачатку ня так сталі. Потым не туды глядзелі. Нарэшце ня так рухаліся. Зьдзекі суправаджаліся невымоўным выцьцём і зубаскрышальным перастукам гумовых палак. Нават мне, хоць я ігнарую сёньняшні «шпацыр» (маю мэдычнае вызваленьне), было не па сабе. Я адчуваў, як ікраножныя мышцы левай нагі па-здрадніцку дрыжаць. Сволачы, як жа можна так зьдзекавацца?
Празь дзьве гадзіны чацьвёрка, гнаная перастукам палак і немым крыкам, вярнулася ў камэру. Расчараваная, узбуджаная, цяжка дыхаючы. Не пасьпелі запрасіць мяне на экскурсію ў сьвет сьвежых уражаньняў, прынесеных з вуліцы, як дзьверы расчыніліся і чорная маска, ткнуўшы ў Ігара, гаркнула: «На выхад!»
Тыя, хто застаўся — Кірыл, Максім і Ўладзімір — загаварылі адначасова. Зь іхняга блытанага апавяданьня я зразумеў, што Аліневіч нешта напісаў на сьцяне ў дворыку. І гэтая насьценная творчасьць, відаць, не спадабалася вертухаям.
Зноў рыпнулі дзьверы, і ў праёме зьявіўся Ігар.
На лбе выразна чырванелі задзірыны ды сінякі. Што здарылася? Аказваецца, сапраўды падчас прагулкі Ігар вылепіў на сьцяне сьнежкамі: «Віват анархія!» Цяпер яго зацягнулі назад у двор, і адзін з «добрых людзей» загадаў:
— Здымай швэдар і выцірай напісанае.
Ахвяра заўпарцілася:
— Я сатру рукой, але распранацца ня буду.
Адмова ўзбудзіла і без таго зараджаных на агрэсію масачнікаў. Праз пару хвілін незадавальненьне перарасло ў шаленства. Дыстанцыю ад пагроз да сілавога ўзьдзеяньня пераадолелі ў лічаныя сэкунды. У ход пайшлі кулакі. Трое на аднаго. Бяз права на ўдар у адказ. Чым больш Ігар упарціўся, тым больш злосьці выплёсквалася з-пад масак...
Прастора чацьвёртай камэры нагадвала зьмесьціва чайніка перад тым каб закіпець. Эмоцыі віравалі. Зубы клацалі. Пісаць пракурору! Патрабаваць аўдыенцыі ў начальніка СІЗА! Неадкладна дамагацца прыходу лекара і фіксацыі зьбіцьця! У разгар нашай дыскусіі злавесна рыпнулі дзьверы. Зноў тычок пальцам у бок Аліневіча і ўказаньне, якое не абяцала нічога добрага: «На выхад!»
Крыкі з «пакоя катаваньняў» ледзянілі душу. Яны даносіліся да нас, пераадольваючы бэтонную тоўшчу сьцен. Хвілін празь дзесяць экзэкуцыя скончылася. Калі, вярнуўшыся ў камэру, Ігар сьцягнуў зь сябе мокрую разарваную майку, на целе былі бачныя новыя аўтографы «добрых людзей». Паводле ягонага прызнаньня, каб не ўмяшаньне дзяжурнага па СІЗА (якога ў залежнасьці ад сытуацыі клічам альбо Віктарам Віктаравічам, альбо Чыкага Булз), то наступствы маглі быць яшчэ і горшыя.
Калі Ігара другі раз вывелі з камэры, нэрвы спаўзьлі з катушак. Я пачаў малаціць кулаком у дзьверы: «Перастаньце зьдзекавацца з чалавека, інакш зробім бунт!» Адвалілася кармушка, і прачыненую прастору запоўніла фізіяномія Васіля.
— Прозьвішча? — Кантралёр калупаў мяне позіркам. Пачуўшы адказ, фізіяномія зьнікла.
— Пабег дакладваць, — пракамэнтаваў напаўголаса Кірыл.
Мы зноў паглыбіліся ў дыскусію і пошукі адказу, што рабіць. Калі моўчкі праглынуць тое, што адбылося, то нас альбо пазабіваюць сёньня, альбо пакалечаць заўтра. І тут нам яшчэ раз далі зразумець, што мы — як на далоні. Праслухоўваемся і праглядаемся па гарызанталі і вэртыкалі. Па Ігара зноў прыйшлі. Гэтым разам кантралёры. Ціха так павялі. Прыкладна праз гадзіну вярнулі на месца. Вадзілі на спатканьне з... Арловым. Так, так, менавіта зь ім. Ён што, працуе без выходных? Вось гэта імпэт! Вось гэта стараннасьць! Хітры палкоўнік пачаў апрацоўваць Аліневіча, вымаючы то пернік, то пугу. Парэпанаму фігуранту «справы аб падпалах» далі зразумець, што ўсе апэляцыі і скаргі застануцца ў гэтым жа будынку, да каго б яны ні былі зьвернутыя. Хоць да самога Госпада Бога. Стала ясна, што апэляваць да пракурораў, лекараў можна з такім жа посьпехам, што і да табурэткі. І ў апошняга варыянту ёсьць несумнеўная перавага: жалезная канструкцыя заўсёды на адным і тым жа месцы, і да яе можна апэляваць наўпрост 24 гадзіны на суткі. Арлоў нагадаў Ігару, што наша камэра на асаблівым кантролі. Маўляў, тут сабраны кантынгент, які адзначаецца непаслушэнствам і схільнасьцю да парушэньня рэжыму. Адпаведна, і стаўленьне да нас з боку пэрсаналу адмысловае.
Пасьля гэтага паведамленьня ў Уладзіміра Цітка здарылася гістэрыка. Ён і так быў ашаломлены падзеямі, цяпер жа на яго было балюча глядзець.
З абедам прыйшлі новыя тэмы для размоваў, і настрой прыкметна палепшыўся. Так ці інакш, усе разумелі, што нельга заставацца закладнікам сытуацыі і тэмаў, навязаных «добрымі людзьмі». Кірыл з Уладзімірам селі за шашачную дошку, Ігар пісаў ліст дадому, мы з Максімам уткнуліся ў кнігі.
Кожны з нас нібыта знайшоў занятак, які павінен быў адцягнуць увагу ад непрыемных падзей і навін сёньняшняга дня. Тым часам вушы лавілі любыя гукі і шоргаты, якія даносіліся звонку. Арганізм імгненна рэагуе на зьменлівую сытуацыю. Быць напагатове, быць гатовым да ўсяго — такую ​​ўстаноўку даваў мозг кожнаму з нас.
* * *
Па вячэры нас пагналі ў душ. Ледзь пасьпелі скінуць у пакеты бялізну, бо не пасьпець — значыць застацца без купаньня ў гарачай вадзе. Аліневіч адмовіўся пакідаць камэру, каб не правакаваць новы канфлікт. Яго адсутнасьць адразу заўважыў дзяжурны Чыкага Булз. Мабыць, сёньняшнія падзеі яго напружвалі.
— Дзе пяты?
— Зьбілі!
Чалавек у форме прапаршчыка паспрабаваў выказаць зьдзіўленьне.
— На добры лад яму доктар патрэбны, а ня душ.
Гэта завуаляваная спроба навязаць наш плян, што можна і трэба рабіць. Віктар Віктаравіч моўчкі праглынуў гэтую «рэкамэндацыю», аднак праз хвіліну зьнік з шарападобнага пакоя. Маскі задаволена ўхмыляліся, слухаючы нашу гутарку. Як потым распавёў Ігар, прапаршчык прыходзіў у камэру зандаваць сытуацыю. Даведаўся пра самаадчуваньне, уважліва разглядаў гематомы на твары. Але на паводзінах масак інцыдэнт ніяк не адбіўся. Значыць, у іх ёсьць санкцыі на фізычнае ўзьдзеяньне ў дачыненьні да арыштантаў СІЗА. Яны весела жартавалі і ўсім сваім выглядам дэманстравалі, што зь іх як з гусі вада. Значыць, зьдзекі — частка іх працы. За гэта ім плацяць зарплату, а магчыма, і добрыя прэміяльныя.
І ўсё ж душ — гэта душэўна! А то ўжо пачынае здавацца, што пахі «амэрыканкі» ўсмакталіся ў кроў, праніклі ва ўсе поры цела, убіліся ў нос, спляліся з валасамі. Спэцыфічны, ні з чым не параўнальны пах. Сумесь падзямельля, сьметніку і морга. Гэта вакол цябе. Гэта ўжо ў самім табе. Асабліва востра адчуваеш гэта, калі вяртаесься ў камэру са шпацыру або з душа. Але ўжо праз гадзіну хваравітая рэакцыя зьнікае. Ты проста рассычаесься ў гэтых брыдкіх пахах.
Скроб цела грунтоўна, недагледжанымі пазногцямі, пакідаючы чырвоныя пісягі на белай скуры. Пад вяхотку прыстасаваў губку мыць посуд. Яе жорсткі бок прыемна драпаў ногі, рукі, жывот, плечы. Хацелася фізычна выціснуць зь сябе нешта чужое і непрыемнае.
Асалода даўжынёй у 15 хвілін. Прыемнасьці, як правіла, хуткаплынныя. Цыбаты ў чорным і кантралёр узьніклі на парозе без аніякага папярэдняга стуку.
— Усе на выхад! Хутка! Пабеглі!
У вузкім тамбуры цесна ад целаў і мітусьні. Адзяваліся на хаду. Адзеньне ліпла да мокрага цела. Выціраліся ўжо ў камэры.
Тое, што адбылося днём, нагадала пра сябе і ноччу. Аліневіч крычаў: «Ня трэба! Ня буду!» і адмахваўся рукамі. Людзі ў чорным працягвалі перасьледаваць яго і ў снах. Неспакойная ноч. Сон розуму ў адных, сон адным вокам у іншых.
9 студзеня, нядзеля
СІЗА — рэч суровая. Пустэльна-арктычная. А гэта значыць, што чалавечы фактар ​​набывае тут асаблівую значнасьць. Ад таго, хто побач з табой у гэтай экстрэмальнай, звышгранічна нэрвовай сытуацыі, залежыць калі ня ўсё, то амаль усё. Атмасфэра ў камэры нэўтральна-пазытыўная. Гэта як мінімум добра. Асабліва калі ўзяць пад увагу, што паміж палітычнымі і астатнімі спрабуюць убіць клін. Маўляў, усе праблемы і нязручнасьці — непасрэднае наступства знаходжаньня тут апанэнтаў улады. Так што ўсе прэтэнзіі да іх. Прэтэнзіі, безумоўна, ёсьць. Але не да палітычных. Клін не ўбіваецца. Прынамсі, пакуль і ў нашай камэры.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка