3 Цэнаўтварэнне на прадпрыемстве



Дата канвертавання15.05.2016
Памер240.06 Kb.

Лекцыі па дысцыпліне «Эканоміка арганізацыі (прадпрыемства)», БДТУ, кафедра ЭіКПХЛК, вясна 2009

3.7. Цэнаўтварэнне на прадпрыемстве
1. Эканамічная сутнасць і роля цэнаў у рынкавай эканоміцы

2. Сістэма цэнаўтварэння, віды і разнавіднасці цэнаў

3. Прынцыпы цэ­наўтварэння і функцыі цэнаў

4. Структура адпускной, аптовай і рознічнай цаны прадпрыемства


1. Эканамічная сутнасць і роля цэнаў у рынкавай эканоміцы

Каб зразумець сутнасць паняцця “цана” неабходна разабрацца з паняццем “каштоўнасць” (“вартасць”), у адносінах да якой існуе тэрміналагічная праблема: наяўнасць двух тэрмінаў “каштоўнасць” (ценность) і “вартасць” (стоимость). Эканамісты-класікі імкнуліся выявіць аб’ектыўную аснову цаны (рынкавай ацэнкі) тавараў. Яны выводзілі цану, абапіраючыся на выдаткі працы і іншых фактараў вытворчасці, якія, на іх думку, не залежалі ад суб’ектыўных адносінаў чалавека да рэчы, яго ацэнкі гэтай рэчы.

Адмаўленне суб’ектывізму, характэрнае для марксістскага вучэння, прывяло да замацавання на савецкай і постсавецкай прасторы тэрміну “вартасць”, якая перастала ўспрымацца як каштоўнасная катэгорыя. Сучасны змест паняцця каштоўнасць у заходняй навуцы зацвердзіўся ў канцы 19 ст. у выніку так званай “маржыналісцкай рэвалюцыі”: цэны тавараў выводзяцца непасрэдна з суб’ектыўных ацэнак і перавагаў людзей, што істотна набліжае эканамічныя каштоўнасці да іншых каштоўнасцяў (мастацкіх, чалавечых і г.д.).

А. Сміт (1723-1790) адзначаў, што “слова каштоўнасць (value) мае два розныя значэнні: часам яно азначае карыснасць якога-небудзь прадмету, а часам магчымасць набыцця іншых прадметаў, якую дае ўладанне дадзеным прадметам. Першую можна назваць спажывецкай каштоўнасцю (value in use), другую – менавай каштоўнасцю (value in exchange)” [1, т. 1, с. 44]. Згодна з А. Смітам, правілы “паводле якіх людзі абменьваюць тавары адзін на другі або за грошы… вызначаюць так званую адносную, або менавую, вартасць тавара” [1, т. 1, с. 44].

Нагадаем, што А. Сміт з першых старонак сваёй працы даводзіць, што падзел працы – гэта крыніца павелічэння багацця народаў і тлумачыць падзел працы схільнасцю індывідаў да абмену. Гэта ў сваю чаргу штурхае А.Сміта да разгляду праблемы менавай каштоўнасці: багацце чалавека ва ўмовах падзелу працы вызначаецца не тым, што ён можа стварыць для ўласнага спажывання і выкарыстання, а тым, што ён можа атрымаць у абмен на ўласную працу, прадукт або даход. Менавіта таму багацце – гэта сукупнасць менавых каштоўнасцяў. І Сміт імкунўся іх вымяраць, што патрабавала рашэння задачы вымярэння (як сувымяраць менавыя каштоўнасці ў розныя перыяды часу) і задачы тлумачэння (чаму менавыя каштоўнасці ўстанаўліваюцца так, а не інакш, і што ляжыць у іх аснове). Рашэнне гэтых задач Сміт звязваў з працай, як выдаткамі чалавечых намаганняў, што маюць сваю ўласную меру незалежна ад каштоўнасці іншых тавараў. Праца супрацьпастаўляецца вольнаму часу, гадзіна працы мае падобны сэнс для розных гістарычных эпох, гэта “адзіны ўсеагульны, як і адзіны дакладны вымяральнік каштоўнасці” [1, т. 1, с. 49].

“У грамадстве першабытным і маларазвітым, якое папярэднічала назапашванню капіталаў і пераходу зямлі ў прыватную ўласнасць, суадносіны паміж колькасцю працы, неабходнай для набыцця розных прадметаў, было, відаць, адзінай падставай, якое магло служыць кіраўніцтвам для абмену іх адзін на другі. Так, напрыклад, калі ў паляўнічага народа звычайна прыходзіцца ўдвая больш працы для таго, каб забіць бабра, чым на тое, каб забіць аленя, адзін бабёр будзе, натуральна, абменьвацца на двух аленяў, або будзе варты двух аленяў” [1, т. 1, с. 65].

Далей Сміт адзначае, што ў развітым стане грамадства цэнавыя прапорцыі не супадаюць з прапорцыямі выдаткаў працы і апошнія не могуць служыць асновай цаны, паколькі “работніку не заўсёды належыць увесь прадукт яго працы. У большасці выпадкаў ён павінен дзяліць яго з уладальнікам капіталу, які наймае яго”. Акрамя таго “з таго часу, як уся зямля… пераўтварылася ў прыватную ўласнасць, землеўладальнікі… пачынаюць патрабаваць рэнту нават за натуральны плён зямлі” [1, т. 1, с. 66].

Такім чынам, Сміт прыйшоў да высновы, што натуральная цана тавару (Q) фармуецца як сума даходаў асноўных фактараў вытворчасці: заработнай платы (W), прыбытку (P) і рэнты (R). Натуральныя нормы гэтых даходаў складваюцца на адпаведных фактарных рынках, незалежна адзін ад другога. Тое, што Сміт не лічыў выдаткі капіталу (C) самастойнай часткай цаны тавару ён тлумачыць наступным чынам: “Можа падацца, што неабходна яшчэ чацвёртая частка для замяшчэння капіталу… Але трэба мець на ўвазе, што цана любога гаспадарчага інструменту, хоць бы рабочага каня, у сваю чаргу складаецца з такіх жа трох частак”. Напрыклад, калі мы разлічваем цану 1 м3 круглага лесу, то аплата кошту і ўтрымання каня, які выкарыстоўваецца для нарыхтоўкі, ўваходзіць у цану ў выглядзе тых жа заработнай платы, прыбытку і рэнты, атрыманай тымі, хто вырасціў гэтага каня і харчаванне для яго на продаж. Матэматычна гэта можна адлюстраваць наступным чынам [3, c. 68]:
Q = W0 + P0 + R0 + [C0]


W1 + P1 + R1 + [C1]



…………

Wn + Pn + Rn + [Cn]

Паколькі велічыня выдаткаў капіталу пры пераходзе ад C0 да Cn няўхільна памяншаецца і ў ліміце імкнецца да нуля, то і поўную цану тавару можна прадставіць як

Q = (W0 + W1 +…+ Wn ) + (P0 + P1 +…+ Pn ) + (R0 + R1 +…+ Rn),

што адлюстроўвае логіку А.Сміта.

Сама спажывецкая каштоўнасць (value in use), такая, якой яе бачыў Сміт – гэта з’ява аб’ектыўная, а не суб’ектыўная [4, с. 193]. Гэта разуменне характэрна для класічных эканамістаў, якія выводзілі каштоўнасць (вартасць) тавара з выдаткаў вытворчасці, гэта значыць з боку прапановы. Адсюль узнікла працоўная тэорыя вартасці Д.Рыкарда. Наадварот, маржынальны падыход, замацаваўшы трактоўку вартасці, якую даў Ж.-Б. Сэй, надае асноўнае значэнне суб’ектыўным ацэнкам выгады спажыўцамі, гэта значыць з боку попыту. Дадзеная тэорыя фактараў вытворчасці з’яўляецца сёння агульнапрынятай сярод эканамістаў «мэйнстрыма».



Д. Рыкарда (1772-1823) 7 лютага 1816 г. у лісце да Мальтуса піша: “Калі я пераадолею перашкоды на шляху да яснага разумення пахождання і закону адноснай або менавай каштоўнасці, я вырашу палову задачы” [5, с. xiv-xv]. Рыкарда прыйшоў да высновы, што менавая вартасць адлюстроўвае колькасць працы, затрачанай у працэсе вытворчасці: “большасць усіх дабротаў, што з’яўляюцца прадметамі жаданняў, адстаўляюцца працай”, “каштоўнасць тавару… залежыць ад адноснай колькасці працы, якая неабходна для яго вытворчасці”, і яна ўключае“не толькі працу, выкарыстаную непасрэдна, але і працу, затрачаную на прылады, інструменты і будынкі, якія садзейнічаюць гэтай працы”. У выніку Рыкарда прызнаў, што цана пакрывае не толькі выдаткі капіталу, але і сярэднюю норму прыбытку, прапарцыйную гэтаму капіталу, а не выдаткам працы. Гэта супярэчыла працоўнай тэорыі вартасці, але Рыкарда апраўдваў адступленне ад сваёй тэорыі тым, што ваганні прыбытку маглі нязначна змяніць цану тавару – не больш як на 6-7%. Дж.Стыглер (1911-1991) у сувязі з гэтым у сваім артыкуле 1958 г. назваў тэорыю Рыкарда “93%-ая працоўная тэорыя каштоўнасці”.

Згодна з Карлам Марксам (1818-1883) цана – ёсць “грашовая форма тавараў” [2, т. 1, з. 105], якая “выражае вартасць тавара” [2, т. 1, з. 113].

Адносна ўжывання розных варыянтаў тэрміну К.Маркс адзначаў, што “у 17 ст. мы яшчэ часта сустракаем у англійскіх пісьменнікаў “worth” для абазначэння спажывецкай вартасці і “value” для абазначэння менавай вартасці: гэта поўнасцю ў духу англійскай мовы, якая любіць рэчы, непасрэдна дадзеныя, абазначаць словамі германскага паходжання, а рэфлектыўныя (абстрактныя – У.В.) – словамі раманскага паходжання” [2, т. 1, с. 44]1. Як і Рыкарда, Маркс падкрэсліваў, што толькі рэчы, якія рэгулярна вырабляюцца (тавары), маюць менавую вартасць. Мастацкі твор не мае сапраўднай менавай вартасці, гэтак жа як і зямля [4, с. 417]2.

Маркс пацвердзіў думку Рыкарда, што праца, накіраваная на здабыванне і апрацоўку сыравіны і на вытворчасць сродкаў вытворчасці, складае частку вартасці канчатковага прадукту. Ён дадаў, што праца, якая складае менавую вартасць, ёсць грамадска неабходнай працай у вытворчасці або сярэднезатрачанай працай у пэўным грамадстве. Гэта не ёсць праца, затрачаная на канкрэтным прадпрыемстве.

Як мы адзначалі вышэй (гл. пра 93%-ю працоўную тэорыю вартасці), Рыкарда заўважыў, што нармальныя цэны не адлюстроўваюць дакладна вартасці, бо прыбытак залежыць ад памеру ўкладзенага капіталу. З двух тавараў, на якія затрацілі аднолькавую колькасць працы (непасрэднай і мінулай), даражэй каштуе той, вытворчасць якога патрабуе большых укладанняў капіталу. Рашэнне гэтага пытання прапанаваў К. Маркс, падзяліўшы вытворчасць на тры катэгорыі, дзе капіталаёмістасць (адносіны капітал-прадукт): А) вышэйшая, Б ) роўная і В) ніжэйшая за сярэдненацыянальную. Нармальныя цэны тавараў катэгорыі А вышэйшыя, чым яны былі б, калі б капіталаёмістасць была сярэдняй. А цэны тавараў катэгорыі В – адпаведна ніжэйшыя. Гэта значыць, што на ўзроўні эканамічнай сістэмы ў цэлым разыходжанні паміж цэнамі і вартасцю затрачанай працы ўзаемна кампенсуюцца. Такім чынам Маркс даказваў, што ўсякі кошт – выражэнне затрачанай працы і няма ніякай іншай крыніцы вызначэння менавай вартасці. Але яго аналіз непераканаўчы: быццам бы некаторыя тавары прадаюцца па цэнах, якія на першы погляд выражаюць штосьці іншае, чым працу. Але ў рэальнасці гэта магчыма толькі тады, калі іншыя тавары таксама прадаюцца па цэнах, якія не адлюстроўваюць цалкам працы, затрачанай на іх вытворчасць. Атрымліваецца, што праца, якая не адлюстроўваецца ў цане адных тавараў, знаходзіць сваё выяўленне ў цане іншых тавараў? Але з такім жа поспехам можна сцвярджаць, што ўся вартасць тавараў вызначаецца капіталам і што непрапарцыйнасць цэнаў выкарыстанаму капіталу мае прычынаю розніцу ў працаёмістасці (адносіны праца-прадукт), якая мае месца у розных галінах вытворчасці.

Адказ у тым, што працоўная тэорыя вартасці як эканамічная тэорыя давала Марксу сродак маральнага асуджэння капіталізму, што адпавядала яго палітычным перакананням. А. Дэні паказвае, што Маркс адмовіўся ад дыялектычнай прыроды вартасці. Так, у 1857-1958 гг. Маркс пісаў: “Ці не трэба разумець вартасць як еднасць спажывецкай і менавай вартасці? Ці не ўяўляе сама па сабе вартасць нешта агульнае ў дачыненні да спажывецкай і менавай вартасці, як да яе асаблівых формаў?” [4, с. 422]. Думкі, што менавая вартасць ніякім чынам не ствараецца працай, якая з’яўляецца сацыяльным фактам і праяўляецца ў працэсе капіталістычнай вытворчасці і абарачэння як эфект адмаўлення ад спажывецкай вартасці і карыснасці тавараў3 дазволіла Марксу сказаць, што “Менавая вартасць, якая ўяўляецца як еднасць тавару і грошай, ёсць Капітал, а само ўяўленне гэтай еднасці выступае як абарачэнне капіталу” [4, с. 423].

А. Дэні адзначае, што ў выніку Маркс пасля настойлівай спробы пабудаваць тэорыю капіталізму на аснове дыялектыкі Гегеля палічыў за лепшае застацца верным тэорыі вартасці Рыкарда, ён працягваў верыць у канцэпцыю адчужэння чалавека ў рынкавай эканоміцы, атрыманую ад Фоербаха, якая яўна супрацьстаіць Гегелю. У выніку Маркс крытыкуе “фетышызм” капіталістычнай эканомікі, які праяўляецца праз наданне таварам рынкавай вартасці, з якой трэба лічыцца пры ўсялякіх умовах. І навуковец саступае месца палітыку: каб “фетышызм” знік, каб людзі нарэшце сталі здольнымі да рацыянальнага кіравання сваім эканамічным жыццём, дастаткова ліквідацыі прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці: “Уявім сабе супольнасць свабодных людзей, якія працуюць паводле папярэдне ўзгодненага плана, выкарыстоўваюць супольныя сродкі вытворчасці і затрачваюць пры гэтым індывідуальныя сілы як адну-адзіную грамадскую сілу… У гэтым выпадку грамадскія дачыненні людзей у працэсе працы і з вынікамі працы застаюцца простымі і зразумелымі як у працэсе вытворчасці, так і ў працэсе размеркавання” [4, с. 424].

Крах сацыялістычнага эксперыменту планавай гаспадаркі выявіў слабасць зробленых Марксам вывадаў.

Ж.-Б. Сэй зрабіў стаўку на падыход да тэорыі вартасці (і вызначэння цаны) на аснове выдаткаў фактараў вытворчасці, закладзены А. Смітам. Згодна з Сэем, вытворчасць сама стварае попыт: “Усякі прадукт з моманту свайго стварэння адчыняе рынак збыту для іншых прадуктаў на ўсю велічыню сваёй вартасці”. Гэта выцякае з вызначэння А Смітам цаны як сумы даходаў:

Q = W + P + R

Для ўсёй масы тавараў Q (сумарная цана тавараў) азначае сукупную прапанову, тады як W + P + R (сума зарплаты, прыбытку і рэнты) – гэта не што іншае як сукупны попыт.

Далей маржыналісты развілі гэтую тэорыю, падыходзячы да каштоўнасці з боку попыту, надаўшы асноўнае значэнне суб’ектыўным ацэнкам тавара спажыўцамі. Таму калі ў цэнтры класічнай тэорыі стаяў капіталіст, які ажыццяўляў прапанову прадукцыі, то маржыналісцкая тэорыя асноўную ўвагу аддала спажыўцу.

Адносна чалавечай працы лічыцца, што “паколькі эканамічная каштоўнасць заўсёды адносная, гэта ж справядліва і адносна працы, стварыўшай яе” [9, c. 16576]

У любой эканамічнай сістэме ўзнікае пытанне эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў. Паколькі яны абмежаваныя, то людзі павінны выбіраць адзін з мноства альтэрнатыўных шляхоў іх выкарыстання. Іншымі словамі, вызначаць спосаб размяшчэння (алакацыі) рэсурсаў. Напрыклад, укласці інвестыцыі ў будаўніцтва новага цэха або ў набыццё каштоўных папераў? Павысіць заработную плату або павялічыць дывідэнды акцыянерам? Укласці грошы ў рызыкоўны праект, які можа прынесці вялікія прыбыткі, або выпускаць прадукцыі, якая будзе мець гарантаваны збыт, але не прынясе вялікіх даходаў?

Ана­ліз эфектыўнасці алакацыі рэсурсаў (resource allocation) з’яўляўся цэнтральнай праб­ле­май эканамічнай тэорыі са старажытных ча­соў і сён­ня ўяўляе сабою неад’емны элемент су­час­най мікраэканомікі.

Згодна з кан­цэп­цы­яй ап­ты­ма­ль­нас­ці Па­рэ­та, алакацыйная эфек­тыў­насць да­ся­га­ец­ца та­ды, калі ў межах дадзе­ных аб­ме­жа­ван­няў зме­ны ў вы­ка­рыс­тан­ні рэ­сур­саў (іх рэ­а­ла­ка­цыя) не могуць пры­вес­ці да па­ве­лі­чэн­ня даб­ра­бы­ту ха­ця б аднаго індывіда, не па­гор­шыў­шы стан ін­шых. Паколькі веды пра пат­рэб­нас­ці, рэ­сур­сы і тэх­на­ло­гі­і рассеяны ў гра­мад­с­т­ве, то эфек­тыў­нае іх выкарыстанне можа быць да­сяг­ну­та то­ль­кі на аснове выкарыстання пэў­ных ме­ха­ніз­маў ка­ар­ды­на­цыі эканамічнай дзей­нас­ці. Фрыдрых А. Гаек (Friedrich August von Hayek (1899-1992)) пе­ра­ка­наў­ча паказаў, што гэ­тую ро­лю вы­кон­ва­юць веды (інфармацыя), што змяш­ча­юць у сабе цэ­ны як аснова рын­ка­ва­га ме­ха­ніз­му [7]. Праблема грамадства не прос­та ў тым, каб размясціць дадзеныя рэсурсы, а хут­чэй у тым «як забяспечыць найлепшы спо­саб вы­ка­рыс­тан­ня рэсурсаў, вядомы любому прад­с­таў­ні­ку грамадства, для мэтаў, адносную важ­насць якіх ведаюць толькі гэтыя індывіды. … гэ­та праблема выкарыстання ве­даў, якія не дадзе­ны кожнаму ва ўсёй паў­на­це»[7, p. 520].

Як паказала будучае сымбіёз планавай эканомікі і неакласічнай тэорыі цаны не ўдаўся. Галоўнай прычынай гэтага эканаміст аўстрыйскай школы Ф. А. Гаек лічыў тое, што інфармацыя, якая перадаецца цэнавым механізмам рынкавай эканомікі большая, чым інфармацыя, якой можа авалодаць планавік. Гаек сцвярджаў, што цэны гэта не проста “прапорцыі абмену паміж таварамі”, а “механізм перадачы інфармацыі”.

Згодна з Гаекам узаемаўзгадненне асобных індывідуальных рашэнняў забяспечваецца з дапамогай цэнавага механізму. Цэны выступаюць як носьбіты абстрактнай інфармацыі аб агульным стане сістэмы. Яны падказваюць агентам рынку якія з даступных ім тэхналогіяў і рэсурсаў (у т.л. «чалавечага капіталу») маюць найбольшую адносную каштоўнасць, а значыць, куды ім належыць накіраваць высілкі, каб дасягнуць лепшых вынікаў. Такі сінтэз высокаабстрактнай цэнавай інфармацыі з выключна канкрэтнай індывідуальнай інфармацыяй дазваляе кожнаму чалавеку ўпісвацца ў агульны парадак і каардынаваць свае веды з ведамі людзей, пра існаванне якіх ён часцей за ўсё нават не падазрае. Рынкавая канкурэнцыя аказваецца, такім чынам, працэдурай па выяўленню, каардынаванню і выкарыстанню няяўных індывідуальных ведаў, рассеяных сярод мільёнаў індывідуальных агентаў.

Рынак у разуменні Гаека ўяўляе сабою асаблівае інфармацыйнае прыстасаванне, механізм выяўлення, перадачы і ўзаемаўзгаднення ведаў, рассеяных у грамадстве. Рынак забяспечвае, па-першае, лепшую каардынацыю ведаў і, па-другое, больш поўнае іх выкарыстанне. У гэтым праяўляецца вырашальная перавага дэцэнтралізаванай рынкавай сістэмы ў параўнанні з цэнтралізаваным планавым кіраўніцтвам.


2. Сістэма цэнаўтварэння, віды і разнавіднасці цэнаў

У рынкавай эканоміцы вытворчыя адносіны і гаспадарчыя сувязі паміж прадпрыемствамі апасродкаваны таварна-грашовымі адносінамі, якія функцыянуюць на аснове сістэмы цэнаўтварэння.

Згодна з Д. Рузерфордам, цана – “гэта велічыня грошай або іншых каштоўнасцяў, якія запрошваюцца або прапануюцца з мэтай атрымання адінкі тавару або паслугі. Адносныя цэны выражаюцца не у грашовых адзінках, а ў іншых таварах або паслугах. Цэны разглядаюцца як сігнальныя інструменты: рост цаны сведчыць пра перавышэнне попыту над прапановай, і падштурхоўвае вытворцаў інвеставаць у павелічэнне вытворчай магутнасці, што выклікае паніжэнне цэнаў” [8, c. 460].

Сістэма цэнаўтварэння ўключае механізм цэнаўтварэння і сістэму цэн. Яе асноўная задача – садзейнічаць эквівалентнаму абмену вынікамі працы вытворцаў з улікам патрэбнасці грамадства ў канкрэтнай прадукцыі і плацёжаздольнага попыту на яе.

Механізм цэнаўтварэння – гэта сукупнасць ўзаемазвязаных працэсаў фармавання і змянення цэнаў пад уздзеяннем мноства эканамічных, сацыяльных і іншых фактараў, у якіх удзельнічаюць вытворцы, спажыўцы, пасярэднікі і дзяржаўныя органы.

Суб’ектамі цэнаўтварэння ў Беларусі выступаюць юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, абласныя і мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты. У адпаведнасці з законам Беларусі “Аб цэнаўтварэнні” (ад 10.05.1999 г. № 255-З) апошняе трактуецца як дзейнасць суб’ектаў гаспадарання органаў кіравання, іншых органаў выканаўчай улады па вызначэнню, устанаўленню і выкарыстанню цэнаў, а таксама кантролю за выкананнем заканадаўства аб цэнаўтварэнні.

Цана – гэта грашовая4 ацэнка вартасці адзінкі тавару.

Сістэма цэнаў складаецца з класіфікацыі цэнаў па відах, разнавіднасцях і тыпах устанаўлення.



Віды цэнаў: адпускныя, рознічныя, закупачныя, тарыфы.

Аптовая (адпускная) цанагэта цана, якая выкарыстоўваецца ў разліках з усімі пакупнікамі, акрамя насельніцтва.

Рознічная цана – гэта фіксаваная ці свабодная цана, якая выкарыстоўваецца ў разліках з насельніцтвам. Яна ўключае адпускную цану прадпрыемства, аптовую надбаўку (калі ў руху тавараў удзельнічае пасярэднік), гандлёвую надбаўку.

Закупачная цана – гэта цана на закупаемую сельскагаспадарчую прадукцыю.

Тарыф – гэта цана на паслугу.

Тыпы ўстанаўлення цэнаў: рэгулюемыя (фіксаваныя і гранічныя) і свабодныя. Рэгулюемая цана – гэта цана, якая ўстанаўліваецца дзяржаўнымі органамі, якія рэгулююць цэнаўтварэнне, або вызначаюцца прадпрыемствам з улікам ўстаноўленых гэтымі органамі абмежаванняў. Фіксаваная цана – гэта рэгулюемая цана, якая ўстанаўлівацца органамі цэнаўтварэння ў цвёрда выражанай грашовай велічыні. Гранічная цана – гэта рэгулюемая цана, якая ўстанаўліваецца па верхняй ці ніжняй граніцы або ў выглядзе інтэрвалу цэнаў. Свабодная цана – гэта цана, якая складваецца пад уздзеяннем попыту і прапановы ва ўмовах канкурэнцыі. Яна фармуецца прадпрыемствам ва ўстаноўленым парадку.

Разнавіднасці цэн:

  1. у залежнасці ад стадыі руху тавараў: адпускная цана вытворцы, адпускная цана аптовага пасярэдніка, рознічная цана;

  2. у залежнасці ад памераў уключаемых транспартных расходаў – для ўнутранага гандлю цэны па відах франка (франка –«свабодны»): франка-склад, франка-станцыя, франка-вагон; для міжнароднага гандлю – сістэма «Інкатэрмс».

  3. у залежнасці ад рынка, на які пастаўляецца прадукцыя: цана ўнутранага рынку, цана на імпартуемы тавар, цана на экспартуемы тавар.

Сістэма «Інкатэрмс» – гэта 13 тэрмінаў5, якія найбольш часта сустракаюцца ў імпартна-экспартных кантрактах. Яны падзелены на 4 групы: E (адгрузка з заводу), F (асноўная перавозка не аплачана), С (асноўная перавозка аплачана), D (прыбыцце). Найбольш часта сустракаюцца: FOB «свабодна на борце» – прадавец нясе расходы па дастаўцы і пагрузцы тавару на борт, СІF «кошт, страхаванне і фрахт» – прадавец нясе ўсе расходы па перавозцы грузу, аплаце мытных збораў і страхаванню, DAF «пастаўка на мяжы» і г.д.
3. Прынцыпы цэ­наўтварэння і функцыі цэнаў.

Прынцыпы цэнаўтварэння:

  • спалучэнне свабодных і рэгулюемых цэнаў (тарыфаў);

  • размежаванне паўнамоцтваў суб’ектаў цэнаўтварэння па ўстанаўленню цэн;

  • дзяржаўны кантроль за выкананнем ўстаноўленага парадку цэнаўтварэння і рэгуляванне цэнаў манапалістаў.

У сістэму органаў дзяржаўнага кантролю за цэнамі ўваходзяць:

    1. дэпартамент антыманапольнай і цэнавай палітыкі міністэрства эканомікі;

    2. упраўленні антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама;


    3. Сабе-кошт

      фірмы


      Пры-бы-так

      Акцыз

      ЗФ,

      ПДВ


      Выдат-кі

      Прыбы-так

      ЗФ,

      ПДВ


      Выда-ткі

      Пры-бытак

      ЗФ,

      ПДВ


      Адпускная (аптовая) цана прадпрыемства

      Нацэнка пасярэдніка

      Гандлёвая нацэнка

      Аптовая цана прамысловасці (пасярэдніка)

      Рознічная цана
      інспектары па кантролю над цэнамі ў гарадах, раёнах і раёнах гарадоў.

Функцыі цэнаў:

  • уліковая функцыя – колькаснае выражэнне вартасці тавару;

  • размеркавальная функцыя – праз змяненне цэнаў адбываецца размеркаванне і пераразмеркаванне нацыянальнага даходу;

  • стымулюючая функцыя – рост цэнаў садзейнічае развіццю вытворчасці і узнікненню канкурэнцыі;

  • рэгулюючая функцыя – ураўнаважванне попыту і прапановы.

Існуюць два асноўныя падыходы да фармавання цэнаў:

    1. на аснове эфекту прадукцыі,

    2. на аснове выдаткаў на вытворчасць прадукцыі.

У другім выпадку цана прадукцыі базуецца на яе сабекошце. Недахоп гэтага падыходу заключаецца ў існаванні матыву для павелічэння сабекошту з мэтай атрымання большай абсалютнай велічыні прыбытку.

Стратэгія цэнаўтварэння прадпрыемства павінна ўлічваць тры асноўныя фактары: выдаткі (якой павінна быць цана, каб пакрыць усе выдаткі), пакупнікі (якой павінна быць цана, каб прадаць увесь тавар), канкурэнты (якой павінна быць цана, каб тавар быў канкурэнтаздольным і заняў пэўную долю рынку). Таму доўгатэрміновая рэнтабельнасць і канкурэнцыя патрабуюць такой стратэгіі якая б улічвала: а) унутраную структуру выдаткаў кампаніі па кожнаму прадукту, групе тавараў і пакупнікоў; б) адчувальнасць спажыўцоў да цэнаў і каштоўнасць для іх унікальных уласцівасцяў прадукцыі прадпрыемства; в) палажэнне сярод канкурэнтаў з улікам патэнцыйных магчымасцяў і канкурэнтных стратэгій.


4. Структура адпускной, аптовай і рознічнай цаны прадпрыемства.

Найбольш важнай групоўкай цэнаў з’яўляецца класіфікацыя паводле стадыі руху тавараў. Можна вылучыць тры віды цэн: адпускная цана вытворцы, адпускная цана аптовага пасярэдніка, рознічная цана.

Адрозненні паміж гэтымі відамі цэнаў адлюстроўвае наступная схема:
Адпускная (аптовая) цана прадпрыемства – цана, па якой аптовыя ці гандлёвыя арганізацыі набываюць прадукцыю ў прадпрыемстваў.

Аптовая цана пасярэдніка – цана, па якой пасярэднік прадае гандлёвай арганізацыі прадукцыю, набытую па адпускной цане прадпрыемства, дадаўшы збытавую нацэнку, якая складае выручку пасярэдніка. З выручкі пасярэднік пакрывае выдаткі, стварае прыбытак і плаціць падаткі.

Рознічная цана – цана, па якой тавар рэалізуецца насельніцтву і арганізацыям ў рознічнай гандлёвай сетцы.

Гандлевыя нацэнкі (надбаўкі) могуць быць чатырох відаў: 1) на сацыяльна значныя тавары ў межах устаноўленых аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам (хлеб, тавары для дзяцей, школьна-пісьмовыя тавары); 2) на сацыяльна значныя тавары і іншыя асобныя групы тавараў ў межах устаноўленых Міністэрствам эканомікі (цукар, мяса, вараная каўбаса); 3) асобныя групы тавараў з улікам кан’юнктуры рынку (відэамагнітафон, ювелірныя вырабы, гадзіннікі і інш.); 4) усе астатнія тавары не вышэй 30% да адпускной цаны вытворцы ці імпарцёра з улікам аптовай надбаўкі незалежна ад колькасці пасярэднікаў.

Для прадпрыемства могуць існаваць наступныя варыянты продажу прадукцыі:


      1. прадпрыемства гандлюе з іншым прадпрыемствам без пасярэдніка;

      2. прадпрыемства гандлюе з іншым прадпрыемствам праз пасярэдніка;

      3. прадпрыемства гандлюе з арганізацыяй гандлю праз пасярэдніка;

      4. прадпрыемства гандлюе з арганізацыяй гандлю без пасярэдніка.

Падатак на дададзеную вартасць налічваецца памнажэннем падатковай базы на падатковую стаўку:

ПДВ=Б*ПДВ%,

дзе ПДВ – налічаная сума ПДВ; Б – падатковая база; ПДВ% – падатковая стаўка.

Падатковая база пры рэалізацыі тавараў (працаў, паслуг) вызначаецца як вартасць гэтых тавараў. Сума падатку, якая належыць да выплаты, вызначаецца як розніца паміж агульнай сумай падатку і сумамі падатковых вылікаў, якія прыходзяцца на дадзены падатковы перыяд.

Да выліку належаць сумы падатку, якія:

1) прад’яўлены прадаўцамі падаткаплатніку (у выглядзе рахунку-фактуры па ПДВ) пры набыцці ім тавараў (сыравіны, асноўных фондаў, электраэнергіі)

2) выплачаныя падаткаплатнікам пры ўвозе тавараў на мытную тэрыторыю Беларусі.



5. Цэнаўтварэнне на прадпрыемствах
Дзейсныя ў Беларусі нарматыўныя дакументы дазваляюць фармаваць цэны на прадукцыю лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці па наступных схемах:

  1. Цана на звыклы тавар

республиканский фонд поддержки производителей сельскохозяйственной продукции, продовольствия и аграрной науки

С + П + ЗФ = АЦ

АЦ + ПДВ = АЦ з ПДВ

дзе С – сабекошт, П – прыбытак, ЗФ – збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, харчавання і аграрнай навукі (у 2009 г. у адпаведнасці з Законам «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2009 г.» стаўка ЗФ устаноўлена адзіным плацяжом ў памеры 1,0%); АЦ – адпускная цана прадпрыемства; ПДВ – налічаная сума ПДВ; АЦ з ПДВ – адпускная цана прадпрыемства з ПДВ.

  1. Цана на падакцызны тавар




С + П + А + ЗФ = АЦ

АЦ + ПДВ = АЦ з ПДВ

дзе А – налічаная сума акцызу.

Паслядоўнасць уключэння ў адпускную цану сумаў акцызаў, збораў, падаткаў і адлічэнняў з выручкі вызначаецца ў Законе «Аб бюджэце».

Акцызамі абкладаецца наступная прадукцыя прадпрыемстваў хімічнага комплексу: сырая нафта, аўтамабільныя бензіны, дызельнае паліва.

Калі стаўка акцызу ўстаноўлена ў %, то акцыз уключаецца ў цану тавару і разлічваецца па формуле:



А = (С + П) / (100 – А%) * А%

Для разліку цаны з акцызам выкарыстоўваецца формула



АЦА = (С + П) / (100 – А%) * 100%

Зборы ў мясцовыя фонды (1,0%) уключаюцца ў цану і разлічваюцца па формуле:



ЗФ = (С + П + А) / (100 – 1,0) * 1,0 або

АЦЗФ = (С + П + А) / (100 – 1,0) * 100

З 2000 г. ПДВ у Беларусі разлічваецца па заліковаму (інвойснаму) метаду, па наступных стаўках – 18%, 10% і 0%. У сабекошт прадукцыі не ўключаецца ПДВ, заплачаны пры набыцці сыравіны, матэрыялаў, камплектавальных вырабаў і г.д. (т.зв. уваходны ПДВ). Пасля фармавання адпускной цаны ПДВ разлічваецца па формуле



ПДВ = (С + П + А + ЗФ) * ПДВ% /100

АЦПДВ = (С + П + А + ЗФ) * (100 + ПДВ%) /100

Разлік цаны з ПДВ можна запісаць адной формулай



АЦПДВ = (С + П) / (100 – А%) * 100 / (100 – 1,0) * 100* (100 + ПДВ%) /100

Пры рознічным продажы тавараў уведзены падатак з продажу. Яго стаўка не павінна перавышаць: 1) 5% выручкі ад рэалізацыі тавараў, за выключэннем тавараў замежнай вытворчасці; 2) 15% выручкі ад рэалізацыі тавараў замежнай вытворчасці.



РЦПП = РЦПДВ * (100 + ПП%) /100

дзе ПП% - стаўка падатаку з продажу.

Па большасці тавараў уключаных у Пералік сацыяльна значных тавараў стаўка падатку з продажу ў 2004 г. не перавышала 2% або не ўводзілася зусім.

Мадэлі адпускных цэнаў на імпартную прадукцыю (у першага аптовага пакупніка, які ўвозіць тавары) будуць адрознівацца ў залежнасці ад краіны паходжання тавару.

Калі тавар увозіцца з тэрыторыі Расіі, то ўскосныя падаткі (акцызы і ПДВ) уплачваюцца ў бюджэт краіны імпарцёра (Беларусі), паколькі з 1.01.2005 г. у гандлі з Расіяй уведзены прынцып краіны паходжання тавару. Гэты ж прынцып дзейнічае пры гандлі з іншымі замежнымі краінамі.

ПДВ уплачваецца з сумы вартасці набытых тавараў, а таксама сумы выдаткаў на транспартыроўку і дастаўку, страхавання і акцызаў



Вк + ТР + СС + Т + У + А = Цп

дзе Вк – кантрактная вартасць тавару, ТР – расходы на дастаўку (транспартыроўку, пагрузку, выгрузку, перагрузку, перавалку, экспедыраванне грузаў і г.д.), СС – страхавая сума, Т – кошт кантэйнераў ці іншай тары, якая не належыць да звароту і разглядаецца як адзінае цэлае з таварамі, У – вартасць упакоўкі (кошт упаковачных матэрыялаў і працы па ўпакоўцы), А – акцыз, Цп – цана пастаўкі імпартуемай прадукцыі.



Цп + Німп = АЦ

АЦпдв = АЦ + ПДВ

дзе Німп – надбаўка імпарцёра.


Асаблівасцю ляснога комплексу з’яўляецца наяўнасць таксавых коштаў на драўніну, якія ўключаюцца ў сабекошт прадукцыіі лесанарыхтовак.

Эканамічнай асновай лясных такс з’яўляецца чыстая вартасць драўніны і іншых лясных рэсурсаў, якія знаходзяцца ў лесанасаджэннях.

У складзе лясной таксы находзіцца лясная рэнта і сродкі на ўзнаўленне і ахову лясоў.

Каранёвыя, або таксавыя, кошты вызначаюцца рознымі спосабамі – шляхам разлікаў або пры продажа на аўкцыёне.

Пры аўкцыённым продажы леса на пню лесасека перадаецца таму пакупніку, які прапаноўвае за яе больш высокі кошт.

Вызначэнне такс у ЗША адбываецца па наступнай формуле:



Т = S - (Lc + Мс + D + q(А + W) / Q),
S – рынкавая цана канцовай прадукцыі перапрацоўкі драўніны (піламатэрыялаў, фанеры і г.д.);

Lc – эксплуатацыйныя выдаткі на нарыхтоўку драўніны;

Мс – эксплуатацыйныя выдаткі на перапрацоўку;

D – амартызацыя асноўнага капіталу;

q – працэнт на капітал (прыбытак);

А – асноўны капітал;

W – абаротны капітал;

Q – гадавы аб’ём нарыхтоўкі лесу.


Раней у аснове вызначэння такс (Т) у Беларусі ляжаў выдаткавы метад:

Т = V + V *0,0р + R,

V – выдаткі лесагаспадарчай вытворчасці, аднесеныя на дадзеную прадукцыю;

р - працэнт прыбытку;

R – дыферэнцыйная рэнта.

Для дыферэнцыяцыі лясных такс у залежнасці ад адлегласці вывазкі згодна з існай методыкай прадугледжана 5 разрадаў такс:

І – до 10 км,

II – 10,1 – 25 км,

III – 25,1 – 40 км,

IV – 40,1 – 60 км,

V – 60,1 і болей.

Каэфіцыенты розніцы такс складаюць адпаведна 1,42; 1,00; 0,86; 0,79; 0,74. Пятаму разраду такс адпавядае прыкладна 1,5% ляснога фонду Беларусі.

З 2007 г. у Беларусі перайшлі на вызначэнне таксаў зыходзячы з сярэдніх цэнаў рэалізацыі канкрэтных лесаматэрыялаў на біржы паменшаных на нарматыўныя выдаткі лесанарыхтоўшчыкаў і іх прыбытак у памеры 20% ад выдаткаў (а таксама біржавы збор у памеры 0,4%). Новая сістэма разліку такс у Беларусі арыентавалася на выкарыстанне замежнага досведу: цана лесаматэрыялаў фармавалася зыходзячы з эфекту прадукцыі. Аднак ужо з 2008 г. таксы нанаступны год сталі вызначацца шляхам памнажэння таксаў бягучага году на тэмп інфляцыі.

Прыклад 1. Звычайны тавар.

Поўны сабекошт вытворчасці 1 м пагоннага вагонкі 2100 руб. Пры закупцы піламатэрыялаў заплачана ПДВ у разліку на 1 м пагонны прадукцыі ў суме 310 руб. (уваходны ПДВ) Планавая рэнтабельнасць – 25%. Стаўка ПДВ – 18%. Разлічыць адпускную цану.



  1. планавы прыбытак – 2100*25/100 = 525 руб.

  2. адпускная цана (С + П) – 2100 + 525 = 2625 руб.

  3. адпускная цана з ЗФ (1,0%) – 2625/(100-1,0)*100 = 2732 руб.

  4. ПДВ – 2732*18/100 = 492 руб.

  5. адпускная цана з ПДВ – 2732 + 492 = 3224 руб.

  6. Належыць заплаціць ПДВ у бюджэт (за вылікам уваходнага) – 492–310 = 182 руб.



Прыклад 2. Падакцызны тавар.

Поўны сабекошт вытворчасці 1 кг гідролізнага спірту 590 руб. Па сыравіне заплачана ўваходнага ПДВ 83 руб. Планавая рэнтабельнасць – 20%. Стаўка ПДВ – 18%. Стаўка акцызу – 55%. Разлічыць адпускную цану.



  1. планавы прыбытак – 590*20/100 = 118 руб.

  2. адпускная цана (С + П) – 590 + 118 = 708 руб.

  3. акцыз 708 / (100 – 55) * 55 = 865 руб.

  4. цана з акцызам 708 + 865 = 1573 руб. або 708 / (100 – 55)*100 = 1573 руб.

  5. адпускная цана з ЗФ (1,0%) – 1573/(100-1,0)*100 = 1637 руб.

  6. ПДВ – 1637*18/100 = 295 руб.

  7. адпускная цана з ПДВ – 1637 + 295 = 1932 руб.

  8. Належыць заплаціць ПДВ у бюджэт (за вылікам уваходнага) – 295–83 = 212 руб.

Літаратура

    1. Smith, A. An Inquiry Into the Nature and Causes of the Wealth of Nations: in 2 vol. / A. Smith; ed. R. H. Campbell and A. S. Skinner. – Indianapolis: Liberty Fund, 1981. – 2 vol.

    2. Маркс, К. Капитал. Критика политической экономии: в 4 т. – М.: Политиздат, 1973 . – Т. 1: Процесс производства капитала. – 907 с.

    3. История экономических учений / Под ред. В. Автономова. – М.: ИНФРА-М, 2003. – 784 с.

    4. Дэні, А. Гісторыя эканамічнай думкі / А. Дэні. – Мінск: Тэхналогія, 1996. – 733 с.

    5. The Works and Correspondence of David Ricardo, 1951-73: in 11 vol. / ed. by P. Sraffa and M.H. Dobb. – Indianapolis: Liberty Fund, 2004. – vol. 1.

    6. Stigler, J. J. Ricardo and the 93 Per Cent Labor Theory of Value / J. J. Stigler // American economic review. – 1958. – Vol. 48, № 3. – P. 519–530.

    7. Hayek, F. A. The use of knowledge in society / F. A. von Hayek // American economic review. – 1945. – Vol. 35, № 4. – P. 519–530.

    8. Rutherford, D. Routledge dictionary of economics / D. Rutherford. – 2nd ed. – 2002. – p. 460.

    9. Gamst, F. C. Sociology of Work / F. C. Gamst // International Encyclopedia Of The Social & Behavioral Sciences. – Vol. T-Z. – p. 16575–16579.

    10. Pricing / A. D. Truell, M. Milbier // Encyclopedia of business and finance: in 2 vol. – Palgrave MacMillan, 2001. – Vol. 2. – p. 700–704.

    11. Маршалл, А. Основы экономической науки / А. Маршалл; пер. с англ. – М.: Эксмо, 2007. – 832 с.

1 Па нямецку вартасць – wert. Відавочны уплыў нямецкай мовы на беларускую – існуе паняцце “вартасць” і польскую – “wartosc”, але, напрыклад, чэшская мова выкарыстоўвае тэрмін “hodnota”, якім абазначаюцца таксама і каштоўнасці людзей). Трэба адзначыць, што беларускае значэнне слоў “вартасць, варты” мае сэнсавае адценне, звязанае з індывідуальнымі каштоўнасцямі, у тым ліку эканамічнымі. Таму пытанне аб неабходнасці ва ўжыванні слова “каштоўнасць” у беларускай мове, як адпаведніка англамоўнага “value” застаецца адкрытым. У сучаснай рускамоўнай літаратуры адбываецца зварот да паняцця “каштоўнасць” [3, c. 61].

2 Аднак зямля прадаецца і яе цана ёсць капіталізацыя даходу, які яна прыносіць. Тэорыя зямельнай рэнты тлумачыць узаемасувязь паміж цаной зямлі, даходам з яе і працэнтнай стаўкай. Гектар зямлі, які звычайна здаецца ў арэнду за 100 фунтаў, павінен прадавацца за 2000 фунтаў, калі сярэдняя працэнтная стаўка складае 5%. Сапраўды, з капіталам 2000 фунтаў можна атрымаць даход 100 фунтаў. Адсюль вынікае, што за 1 га зямлі, які дае 100 фунтаў даходу, трэба заплаціць 2000 фунтаў. Прычым больш за яго ніхто не заплоціць, бо было б значна выгадней пазычыць свой капітал [4, с. 417].

3 Тут мы бачым крок у бок прызнання канцэпцыі альтэрнатыўнай каштоўнасці: прадаць тавар па менавай вартасці можна толькі адмовіўшыся выкарыстаць (спажыць) яго спажывецкую вартасць.

4 Грошы “non olet” – гэтыя словы былі сказаны рымскім імператарам Веспасіянам (69-79 гг. н.э) свайму сыну, які крытыкаваў яго за ўвядзенне спецыяльнага падатку на прыбіральні [1, т.1 c. 795].

5 EXW, FOB, FAS, FCA, СІF, CFR, CPT, CIP, DAF, DAS, DEQ, DDU, DDP.

© Уладзімір Валетка 15/05/16



Каталог: downloads
downloads -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
downloads -> Вучэбна-трэніровачны комплекс “пішам правільна” (у адпаведнасці з новай рэдакцыяй “правіл беларускай арфаграфіі І пунктуацыі, 2008) як сродак удасканальвання інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ў сучаснай школе
downloads -> Х а р т ы я з я м л І сакавік-2000 Х а р т ы я з я м л І прэамбула
downloads -> Пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння А. Куляшова “Ёсць у паэта свой аблог цалінны…”
downloads -> `c-w-`mj amXr-`mj lbÀsk-¡âdn hnZ-ym-`-ymk Ub-d-IvS-dpss imc-ym-ebw, luknw-Kvt mÀUv nÂUnwKvkv, im´n \KÀ, Xncp-h-\-´-]pcw
downloads -> Для студэнтаў 5 курса факультэта журналістыкі
downloads -> Пастанова савета мiнiстраў рэспублiкi беларусь 14 мая 2007 г. N 578
downloads -> «Клімавіцкі раён: гісторыя і сучаснасць» Інфармацыйны спіс
downloads -> Закон рэспублiкi беларусь 9 студзеня 2006 г. N 98-з аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны рэспублiкi беларусь
downloads -> Лістапада 2012 года


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал