А. Вялікі Апублікавана: Polska mniejzość narodowa na Bialorusi. Związek Polakow na Bialorusi w 20—lecie dzialalnosci. Pod. Redakcją Zdzislawa J. Winnickiego a Tadeusza Gawina. Wsap, Bialystok 2010, s. 47-75



старонка2/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.61 Mb.
1   2   3   4   5

Нягледзячы на складанасці прызыву восенню 1944 г. у Чырвоную Армію з усіх абласцей Беларусі, ў тым ліку і з заходніх, было прызвана 564 475 чалаве. У гэты ж час з заходніх абласцей БССР у Войска Польскае было прызвана 44 115 чалавек”34.

Частка прызыўнікоў з заходнебеларускага рэгіёна трапіла ў Чырвоную Армію супраць іх волі і жадання. Аднак гэта спарадзіла сур’ёзны канфлікт. Прызыўнікі з заходніх абласцей Беларусі адмаўляліся прымаць прысягу, патрабавалі каб у ваенных білетах іх запісвалі палякамі і адпраўлялі ў Войска Польскае. Так, у снежні 1944 г. палітаддзел 19-й арміі 2-га Беларускага фронту адзначаў, што прыбыўшыя ў 27 стралковую дывізію 160 чалавек, прызваныя з заходніх абласцей Беларусі. З іх 31 чалавек служылі раней у старой польскай арміі. Астатнія ў арміі ніколі не служылі. 3 чалавекі – В. Кетой, М. Ветрыс В. Страх адмаўляліся браць чырвонаармейскія кніжкі, матывуя гэта тым, што яны па нацыянальнасці палякі, а ў чырвонаармейскіх кніжках іх запісалі беларусамі. Гэтая ж сітуацыя назіралася і ў 18-й стралковай дывізіі, у якой 32 палякі падалі калектыўную заяву аб тым, каб іх накіравалі служыць у польскую армію35. Палітаддзел 19-й арміі патлумачыў гэтую сітуацыю тым, што ўсе падпісаўшыя заяву сцвярджалі, што ў ваенкамаце па месцу прызыва ў Заходняй Беларусі, яны лічыліся палякамі. Аднак, па прыбыцці ў 391 запасны полк ім былі выпісаныя чырвонаармейскія кніжкі, ў якіх іх запісалі беларусамі па нацыянальнасці. У сувязі з гэтым, яны адмовіліся іх атрымоўваць. Як выяснілі ў палітаддзеле, многія з іх раней служылі ў польскай арміі, а цяпер яны лічаць, што прысягая ў Чырвонай Арміі, яны “здрадзяць Богу і польскаму народу”. З размоваў афіцэраў палітаддзела з палякамі выяснілася, што многія падпісалі заяву толькі з-за таго, што жадалі каб у дакументах была правільна адзначана нацыянальнасць. Баец Б. Маркоўскі заявіў, што: “у райваенкамаце пісалі, што мы палякі, а тут напісалі – беларусы. Навошта топчуць нашую нацыю. Неабходна каб чырвонаармейская кніжка была аформлена правільна, тады я яе вазьму”36. Калектыўны выступ палякаў супраць службы ў Чырвонай Арміі меў для іх наступныя вынікі. Так, арганізатар падачы заявы А.Кокштыс быў арыштаваны органамі СМЕРШ, а астатнія палякі былі размеркаваны паасобку па розных вайсковых частках. Акрамя гэтага ім заявілі, што яны з’яўляюцца савецкімі грамадзянамі і будуць служыць у Чырвонай Арміі.

Такім чынам, прызыў у РСЧА і Войска Польскае ў 1944 гг. у заходніх абласцях Беларусі праходзіў у складаных абставінах, абумоўленных этнапалітычнымі фактарамі. Магчымасць набыцця польскага грамадзянства, а ў далейшым магчымасць застацца ў Польшчы, з’яўлялася служба ў Войску Польскім. Усвядамленне сябе палякамі, грамадзянамі Польшчы, пачуццё нацыянальнай свядомасці, вымушалі палякаў адмаўляцца ад службы ў Чырвонай Арміі і намагацца трапіць служыць у Войска Польскае.

З відавочнасцю негатыўнае стаўленне палякаў да савецкай улады праявілася ў час збору подпісаў ліста Сталіну ад беларускага народа, які праходзіў з нагоды першай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені-ліпені 1945 г. Так, у “Даведцы аб палітычных настроях насельніцтва ў сувязі з падпісаннем ліста працоўных І.Сталіну, падрыхтаваным аргаддзелам ЦК КП(б)Б адзначалася, што: “у Воранаўскім раёне з 20 тыс. насельніцтва падпісалі ліст толькі 3000 чалавек. […] Такое ж становішча ў Свіслацкім раёне, дзе з 25 тысяч насельніцтва падпісалі ліст т. Сталіну толькі 7800 чалавек. […] У Шчучынскім раёне з 38 тыс. насельніцтва раёна падпісалі ліст толькі 7700 чалавек. […] Значная частка палякаў у Заходніх абласцях БССР пад рознымі прычынамі ўхіляецца падпісваць ліст. У шэрагу месц палякі адмаўляліся падпісваць ліст Сталіну, тлумачачы гэта тым, што гэта ліст беларускага, а не польскага народа.”37.

Аналагічная інфармацыя ўтрымлівалася ў паведамленні начальніка Упраўлення пагранічных войскаў НКУС Беларускай акругі генерал-палкоўніка К.Антонава, які 11 ліпеня 1945 г. паведамляў сакратару ЦК КП(б)Б К.Кісялёву, што: “па дадзеных нашых крыніц гэта мерапрыемства (подпіс ліста І.Сталіну. – А.В.) польскае насельніцтва сустрэла з нежаданнем, а ў некаторых выпадках адмовай ад подпісаў. […] ксёндз м. Адэльск на пытанне парторга 1-й пагранкамендатуры 84 пагранатрада лейтэнанта Радчанкі і прадстаўніка Гродзенскага райвыканкама – чаму палякі не падпісваюць ліст таварышу Сталіну, заявіў – “[…] Мы палякі і падпісваць ліст Сталіну не будзем”38. 21 ліпеня 1945 г. Упраўленне пагранічных войскаў НКУС Беларускай акругі зноў паведамляла К.Кісялёву: “Па агентурных звестках падпіска ліста таварышу Сталіну па пагранічных раёнах Гродзенскай вобласці прайшла на нізкім узроўні. Так, напрыклад, у Сапоцкінскім раёне, Гродзенскай вобласці налічваецца 22 тысячы насельніцтва, а падпісала ліст толькі 1700 чалавек. У ліку падпісаўшыхся – партыйны і савецкі актыў і беларускае насельніцтва, якое пражывае ў дадзеным раёне”39.

Настроі польскага насельніцтва адсочвалі і ваенныя. Так, член ваеннага савета Беларускай ваеннай акругі генерал-лейтэнант У.Макараў паведамляў першаму сакратару ЦК КП(б)Б П.Панамарэнку ў кастрычніку 1945 г., што ў шэраг раёнаў Баранавіцкай і Гродзенскай абласцей была накіравана група работнікаў палітупраўлення для “[...] вывучэння палітычных настрояў сельскага насельніцтва”40. Па выніках праверкі была састаўлена аналітычная запіска, у якой адзначалася, што “некаторыя селяне лічылі, што граніца Польшчы на ўсходзе будзе там, дзе яна была да 1939 г. [...] Загадчыца хатай-чытальняй Жылецкага сельсавета Скідзельскага раёна адзначыла, што: “многія чакаюць перамен, лічаць, што гэтыя раёны зноў будуць перададзены Польшчы. Калі 3 ліпеня падпісвалі ліст таварышу Сталіну, то некаторыя адмовіліся падпісаць заяўляючы, што “нас потым прыцягнуць да адказнасці, калі зноў прыдуць палякі”41.

Аналіз такога кшталту выказванняў магчыма лічыць своеасаблівым сацыялагічным апытаннем, якое паказала, што дзесяткі тысяч палякаў у Заходняй Беларусі свядома, не палохаючыся рэпрэсій выказаліся супраць савецкай улады. Збор інфармацыі аб “паводзінах польскага элементу” на розных узроўнях (партыйныя структуры, НКУС, армія) паказваюць, што гэта былі не выпадковыя факты, а мэтанакіраваныя дзеянні улад, скіраваныя на атрыманне сапраўдная і аб’ектыўнай інфармацыі аб настроях “польскага элемента” у заходніх абласцях Беларусі. Цікава, што ўлада не рызыкнула ўжываць у адносінах да “непадпісантаў” рэпрэсіі. Магчыма выказаць думку, што гэтане адбывалася з-за масавасці адмоваў. Калі ў Сапоцкінскім раёне з 22 тыс. насельніцтва падпісалі ліст І. Сталіну ўсяго 1700 чалавек, то немагчыма было рэпрэсаваць амаль усё насельніцтва раёна. Але і пакінуць па-за ўвагай гэтыя факты ўлада таксама не магла.

Мясцовае партыйнае кіраўніцтва таксама адзначала варожасць палякаў да савецкай улады, Так, у паведамленні “Аб палітыка-эканамічным становішчы Жалудоцкага раёна Баранавіцкай вобласці”, накіраваным у ЦК КП(б)Б у верасні 1944 г. адзначалася, што датычыць маральна-палітычнага стану польскага насельніцтва, то 80-85% [насельніцтва] з’яўлялюцца праціўнікамі ўсіх мерапрыемстваў савецкай улады42. Сакратар Воранаўскага РК КП(б)Б у кастрычніку 1944 г. паведамляў у ЦК КП(б)Б, што “маральна-палітычныя настроі сярод насельніцтва раёна, ў падаўляючай большасці сярод палякаў антысавецкае43. Такога кшталту дакладныя, накіроўваемыя ў ЦК КП(б)Б з райкамаў партыі былі не выключэннем, а адлюстроўвалі колішнюю рэчаіснасць.

Партыйна-савецкае кіраўніцтва Беларусі таксама бачыла недавер часткі насельніцтва заходнебеларускага рэгіёна і большасці палякаў да савецкай улады, іх няўпэўненасць у стабільнасці савецка-польскай граніцы. Першы сакратар ЦК КП(б)Б М.Гусараў у ліпені 1947 г. падрыхтаваў дакладную запіску ў ЦК ВКП(б), у якой, у прыватнасці, адзначаў, што: “значная частка насельніцтва, ў асаблівасці польскага і апалячанага, іспытвае вядомую няўпэўненасць у стабільнасці савецкіх парадкаў у заходніх абласцях БССР. У некаторай часткі насельніцтва заходніх абласцей БССР, якая належыць не толькі да польскай нацыянальнасці, але і ў часткі беларусаў, апалячаных і звернутых у каталіцтва няма яшчэ савецкай патрыятычнай свядомасці: яны не лічаць сябе сапраўднымі грамадзянамі Беларускай савецкай дзяржавы. Узровень нацыянальнай самасвядомасці апалячаных беларусаў нізкі [...]. Пад уплывам польскай нацыяналістычнай прапаганды і ўзмоцненай дзейнасці рэакцыйнага каталіцкага духавенства, многія беларусы каталіцкага веравызнання лічаць сябе палякамі нават у тым выпадку, калі яны зусім не валодаюць ні польскай пісьменнасцю, ні польскай гутарковай мовай. Гэта асабліва датычыць Астравецкага, Ашмянскага, Свірскага ды іншых раёнаў Маладзечанскай вобласці, Васілішкаўскага, Сапоцкінскага, Радуньскага, Лідскага ды іншых раёнаў Гродзенскай вобласці ў якіх, адпаведна дадзеных мясцовага ўліка, колькасць людзей, якія называцю сябе палякамі, за апошнія тры гады значна ўзрасла, нягледзячы на тое, што фактычная колькасць польскага насельніцтва, у выніку яго рэпатрыяцыі ў Польшчу, ў адпаведнасці з дагаворам паміж СССР і Польскай Рэспублікай значна скрацілася”44.

Адной з найбольш складаных праблем, з якой прыйшлося сутыкнуцца кіраўніцтву рэспублікі, з’яўлялася праблема каталіцызму. Перасяленчая акцыя 1944-1946 гг. “мірным шляхам” (у адрозненні ад высылак і дэпартацый польскага насельніцтва), хаця значна і знізіла колькасць каталікоў і рыма-каталіцкага святарства на захадзе Беларусі, але не зліквідавала гэтую праблему. Таму, як і раней, перад уладай паўстала разлічаная на доўгатэрміновы перыяд задача нейтралізацыі дзейнасці рыма-каталіцкага святарства. Што ж датычыць рыма-каталікоў, то і тут стаяла не менш стратэгічная задача - змяншэння іх колькасці і ў перспектыве “перавод” у праваслаўе. У гэтых планах нічога дзіўнага не было. Партыя і ўлада не зракаліся свайго стратэгічнага курса ў канфесійнай палітыцы, скіраванай на ўсебаковае абмежаванне дзейнасці ўсіх канфесій і, у асаблівасці, рыма-каталіцкай. Калі ў першыя пасляваенныя гады праваслаўная царква дзейнічала ў больш спрыяльных умовах, то рыма-каталіцкі касцёл наадворот апынуўся ў больш цяжкім становішчы.

Новай гэта пазіцыя ВКП(б)-КП(б)Б, не была. Разам з тым адзначым, што гэтую непрыхавана варожую пазіцыю да рыма-каталіцкага касцёла цалкам падзяляла, частка творчай інтэлігенцыі. Так, вядомы беларускі пісьменнік К. Чорны занатаваў у сваім дзённіку ў верасні 1944 г.: “бачыўся з Р.Шырмай. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П.Пестрака і М.Танка. Каталіцае духавенства, пана Саснкоўскага паланізуюць сваіх парафіян і тлумачаць, што німа ніякай Беларусі, а ёсць Польшча. Усё ідзе ад віленскага біскупа Ялбжыкоўскага. А гэта дакладна ведае і тужыць беларускі патрыёт мінскі ксёндз Шутовіч. Я цвёрда намерыўся пісаць Старшыні Саўнаркома дакладную запіску, назбіраўшы фактаў (“Нацыянальныя польскія саветы” ў Чарнагубаве і Каралішчавічах. Пальшчызна стараецца пакінуць польскага духу тут на наступныя пакаленні”45. Галоўным носьбітам “пальшчызны”, на думку К.Чорнага, з’яўлялася рыма-каталіцкае святарства. Магчыма выказаць меркаванне, што ў ЦК КП(б)Б ведалі пазіцыю ўзгаданых пісьменнікаў адносна “пальшчызны” ўвогуле і рыма-каталіцкага святарства ў прыватнасці. Аднак К.Чорны з-за заўчаснай смерці, так і не напісаў запіску, аб дзейнасці рыма-каталіцкага святарства ў заходніх абласцях Беларусі.

Актыўны наступ на рыма-каталіцкае святарства пачаўся ў сярэдзіне 1947 г. Двойчы, на XIV пленуме ЦК КП(б)Б (3-6 чэрвеня 1947 г.)46 і асабліва XV пленуме ЦК КП(б)Б (27 лістапада – 1 снежня 1947 г.)47 рыма-каталіцкае святарства падверглася жорсткай крытыцы. Сакратар ЦК КП(б)Б па ідэалогіі М.Іаўчук на лістападаўска-снежаньскім пленуме ЦК адзначыў, што “польскі нацыяналізм у заходніх абласцях БССР узмоцнена падтрымліваемы і кульцівіруемы польскім рыма-каталіцкім духавенствам, заключаецца ў тым, што ён усяляк прыніжае савецкую нацыянальную самасвядомасць беларусаў, спрабуе ўнушыць ім, што яны не беларусы, а палякі і жывуць на польскай тэрыторыі”48. Далей ён падкрэсліваў, што “ксянды арганізуюць рэлігійныя школы, у якіх не толькі вучаць дзяцей катэхізісу, але і выхоўваюць дзяцей у антысавецкім польска-нацыяналістычным духу. У многіх каталіцкіх прыходах вучні школ разам з настаўнікамі актыўна наведваюць касцёлы, дзе ксяндзы вывучаюць з імі польскую мову, малітвы на лацінскай мове, прывіваюць дзецям буржуазна-нацыяналістычныя антысавецкія погляды. Неабходна праз друк, вусную прапаганду, радыё, кіно, мастацтва, праз школу выкрываць рэакцыйнае каталіцкае духавенства, падрываць яго ўплыў на насельніцтва”49.

Прапановы, скіраваныя на нейтралізацыю дзейнасці “рэакцыйнага паслугача Ватыкана” былі сфармуляваны ў ліпені 1947 г., у запісцы ЦК Кампартыі Беларусі, накіраванай сакратару ЦК ВКП(б) А.Жданаву. У ёй падрабязна аналізавалася праблема каталіцызма ў заходніх абласцях Беларусі і прапаноўвалася весці барацьбу супраць каталіцызма ў двух накірунках. Першы прадугледжваў ужыванне: “рэпрэсіўных мер у адносінах да той часткі рыма-каталіцкага святарства, якое вядзе актыўную падрыўную работу супраць савецкай улады”50. Другі, больш “мягкі”, прадуглежваў “беларусізацыю” рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Першы, як больш прымальны і разлічаны на хуткі эфект пачаў актыўна выкарыстоўвацца з лета 1947 г. Так, толькі за ліпень-верасень 1947 г. былі арыштаваны 4 ксяндзы. З першага ліпеня 1948 па 1 ліпеня 1949 г. такі ж лёс напаткаў яшчэ 21 ксяндза, а чатыры былі вымушаныя хавацца ад арышту51. Усяго з 1946 па 1 ліпеня 1950 г. было арыштавана і асуджана на розныя тэрміны зняволення 62 ксяндзы, а 10 ксяндзоў збегла, “баючыся панесці пакаранне за сваю антысавецкую дзейнасць”52. Рэпрэсіі супраць рыма-каталіцкага духавенства прывялі да рэзкага зніжэння іх колькасці ў заходніх абласцях Беларусі. Так, калі на 1 студзеня 1946 г. іх налічвалася 225, то на 1 студзеня 1947 г. іх засталося ўжо 182, на 1 студзеня 1948 г. – 167, на 1 студзеня 1949 г. – 144, на 1 студзеня 1950 г. – 111. Такім чынам, колькасць ксяндзоў у заходніх абласцях скарацілася на 114 чалавек, г.зн. больш чым напалову53. Арышты ксяндзоў непазбежна вялі да закрыцця касцёлаў. У такіх абставінах вернікі былі вымушаны збірацца для правядзення набажэнстваў і абрадаў на прыватных кватэрах54. Арышты і высылкі ксяндзоў, закрыццё касцёлаў прывяло да згортвання жыцця многіх парафій. На канец 1955 г. у БССР налічвалася 152 касцёлы, якія дзейнічалі ў заходніх абласцях Беларусі, з іх у Гродзенскай вобласці існавала 80 касцёлаў, Маладзечанскай – 54, Брэсцкай – 1655.

Эфектыўным крокам уладаў, стала забарона ксяндзам прыязджаць і адпраўляць набажэнствы ў тых парафіях, у якіх не мелася ксяндзоў. Аб гэтым сведчыць справаздача Упаўнаважанага Савета па Справах Рускай Праваслаўнай Царквы (СС РПЦ) пры СМ БССР за IV квартал 1949 г., у якой падкрэслівалася, што забарона ксяндзам абслугоўваць прыходы па сумяшчальніцтву, адыграла станоўчую ролю ў сэнсе адрыва вернікаў ад царквы і аслабленні іх рэлігійнасці56. Нейтралізацыя дзейнасці ксяндзоў праяўлялася і ў тым, што па ініцыятыве Упаўнаважанага СС РПЦ пры СМ БССР ксяндзам з Літвы забаранялася прыязджаць у памежныя з Беларуссю раёны і праводзіць там службу сярод вернікаў57.

Закрыццё касцёлаў, пераслед рыма-каталіцкіх святароў вымусілі католікаў некалькіх парафій заходніх абласцей БССР звярнуцца за дапамогай у пасольства ПНР у СССР з тым, каб апошняе дапамагло ім ў справе вяртання касцёлаў і аднаўленні набажэнстваў. Пасол ПНР у Савецкім Саюзе паведамляў ў МЗС Польшчы, што для беларускіх католікаў гэта вельмі важная справа. Разам з тым, ён падкрэсліваў, што: “гэтыя лісты мы аставілі без адказу, не надаючы ім далейшага ходу, але мы з цягам часу намераваемся ініцыіраваць гэтае пытанне”58. Пазіцыю пасла магчыма было зразумець. Царква ў СССР была аддзяляна ад дзяржавы і любое дзеянне польскага пасольства, скіраванае на падтрымку хадайніцтваў вернікаў-католікаў аб вяртанні ім касцёлаў і аднаўленні набажэнстваў, разглядалася б уладай як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны. Таму пасольства і палічыла за лепшае ўстрымацца ад падтрымкі хадайніцтва вернікаў-католікаў з Беларусі.

Другі накірунак - “беларусізацыя касцёла”, прадугледжваў неабходнасць абавязаць ксяндзоў весці набажэнства і адпраўленне рэлігійных абрадаў на беларускай мове59. У сувязі са спробай “беларусізацыі каталіцкага касцёла”, неабходна ўзгадаць аб праекце беларускага ксяндза А. Станкевіча па стварэнню беларускай каталіцкай епархіі ў БССР, прапанаваным беларускім уладам у 1946 г.60. Аналіз праекта А.Станкевіча, а таксама запіскі ЦК КП(б)Б А.Жданаву дае магчымасць зрабіць выснову, што ЦК КП(б)Б разглядаў варыянт “беларусізацыі касцёла”, як сродак барацьбы з рыма-каталіцызмам і “польскасцю”61. Аднак гэта рабілася з мэтай вынішчэння польскай мовы, “пальшчызны” з жыцця беларускіх рыма-каталікоў. Беларускай мове ў гэтых планах адводзілася хаця і вельмі важная, але толькі другарадная роля. Касцёл неабходна разглядаць як моўны асяродак, як цэнтр публічнага і адкрытага карыстання і ўжывання польскай мовы. Гэта станавілася тым больш важным, што пасля закрыцця польскамоўных школ, спынення выпуска польскамоўнай літаратуры касцёл застаўся адзіным моўным, адукацыйным, культурным цэнтрам. Закрыццё касцёлаў, арышты і высылкі святарства вялі да рэзкага спаду публічнага карыстання польскай мовай. Важнасць моўнага фактару, як сродка захавання “польскасці” і “каталіцкасці” пацвярджае запіска Упаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў пры СМ БССР П.Лабуса, якую ён накіраваў 28 лістапада 1959 г. сакратару ЦК КПБ па ідэалогіі Ц.Гарбунову. У ёй адзначалася, што ксёндз Адэльскага касцёла Гродзенскага раёна Барташэвіч П. у 1955 г. правеў збор подпісаў сярод мясцовага насельніцтва, якое падало заяву ў Міністэрства адукацыі аб адкрыцці ў Адэльску польскай школы. П. Лабус адзначаў, што галоўны сэнс гэтага заключаецца ў тым, каб дзеці ведалі польскую мову і маглі вывучаць катэхізіс і іншую рэлігійную літаратуру, якая надрукавана на польскай мове62. Улічваючы гэты фактар становіцца зразумелай спроба партыйнага кіраўніцтва рэспублікі увесці ў касцёльнае жыццё беларускую мову. Аднак беларуская рэчаіснасць аказалася больш жорсткай. Ксёндз А.Станкевіч у 1949 г. быў арыштаваны, сасланы ў Сібір, дзе і памер63. Што ж датычыць запіскі ЦК КП(б)Б у ЦК ВКП(б) аб увядзенні ў касцельнае жыццё беларускай мовы, то гэты праект так і застаўся на паперы.

Аналіз дзяржаўнай палітыкі ў накірунку нейтралізацыі і аслабленні моцы рыма-каталіцкага святарства, і “праваславізацыі” каталікоў-вернікаў паказвае, што яна была не надта эфектыўнай. Нягледзячы на разнастайныя формы і метады барацьбы супраць касцёла, яе вынікі былі вельмі сціплымі. Так, калі на 1.07. 49 г. ва ўсіх заходніх абласцях рэспублікі налічвалася 533 000 вернікаў-каталікоў і 128 ксяндзоў, то на 1.07.54 г. у гэтых жа абласцях налічвалася 532 600 каталікоў64. Як вынікае, за пяцігоддзе (1949-1954 гг.) колькасць вернікаў-каталікоў зменшылася ўсяго на 7400 чалавек. Тады, улічваючы гэтую мізэрную разніцу неабходна прызнаць, што сумесная скардынаваная работа партыйна-дзяржаўных органаў, шматлікага агітацыйна-прапагандысцкага апарата, спецслужбаў, намаганні Рускай Праваслаўнай царквы, Савета па справах рэлігійных культаў пры СМ БССР, аказалася неэфектыўнай. Гэта сведчыла аб недастатковым уплыве на вернікаў-католікаў “закасцянелай у русафільстве”65. Рускай Праваслаўнай Царквы ў гэтым рэгіёне, якая па выразу ксяндза А.Станкевіча была: “асядлана бальшавікамі і ў якой, папы і архірэі – гэта звычайныя агенты НКДБ”66.

Не спраўдзіліся поўнасцю надзеі кіраўніцтва СССР-БССР, што ўзаемным абменам насельніцтва паміж БССР і Польшчай большая частка польскага насельніцтва выедзе ў Польшчу. Вынікі перасяленчай акцыі засведчылі гэты факт. Так, на выезд у Польшчу з усіх заходніх абласцей зарэгістравалася 535 284 чалавекі, якія лічылі сябе палякамі67. Аднак у Польшчу пераехала ўсяго 238 782 чалавекі68. Значыць, каля 300 тыс. чалавек, якія зарэгістраваліся на выезд, але не выехалі ўлада палічыла палякамі.

Больш эфектыўнай аказалася палітыка абмежавання культурна-асветніцкіх патрэб палякаў. Пасля вызвалення заходніх абласцей Беларусі партыйна-савецкае кіраўніцтва пачало аднаўляць сістэму адукацыі, каб з верасня 1944 г. пачаць навучальны год. Асновай аднаўлення паслужыла тая сетка школ, якая існавала ў заходніх абласцях у 1939-1941 гг.69. Усяго ў заходніх абласцях было адкрыта 114 польскамоўных школ, з іх у Гродзенскай вобласці – 88 школ, Брэсцкай – 21, Пінскай – 3, Баранавіцкай – 270. Аднак на працягу 1944-1945 навучальнага года адбыліся падзеі, якія карэнным чынам паўплывалі на стан польскага школьніцтва. Восенню 1944 г. пачаўся ўзаемны абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай і значная частка польскіх настаўнікаў, дзяцей школьнага ўзроста выехалі ў Польшчу. Так, напрыклад, з Гродзенскай вобласці ў 1944-1945 г. у Польшчу выехала каля 500 настаўнікаў. У 1945 г. разам з бацькамі толькі з Гродна пераехала ў Польшчу 10 731 дзіця71. Масавае перасяленне палякаў дало партыйна-савецкаму кіраўніцтву Беларусі повад для скарачэння і рэарганізацыі польскамоўных школ у беларуска і рускамоўныя. Гэта аргументавалася масавым ад’ездам палякаў, рэзкім скарачэннем колькасці польскіх настаўнікаў і вучняў, адсутнасцю падручнікаў і навукова-метадычнай літаратуры і г.д.

Звернем увагу, што беларускія і польскія даследчыкі вылучаюць гэты фактар а таксама “звароты бацькоў” аб рэарганізацыі польскамоўных школ у беларуска і рускамоўныя, як адну з галоўных прычын, якія прывялі да ліквідацыі польскага школьніцтва. Аднак, на наш погляд, гэта быў другарадны фактар. Галоўным з’явілася пастанова ЦК ВКП(б) ад 20 студзеня 1945 г. “Аб палітычнай рабоце партыйных арганізацый сярод насельніцтва заходніх абласцей БССР”, якая вызначыла стратэгічны накірунак кіраўніцтва СССР-БССР да польскага пытання ўвогуле і, ў прыватнасці, да польскага школьніцтва. Выклікае здзіўленне, што ні беларускія, ні польскія даследчыкі на звярнулі ўвагу на гэты важнейшы дакумент вышэйшага палітычнага кіраўніцтва СССР. У пастанове адзначалася, у прыватнасці, “зусім нездавальняючая работа школы ў заходніх абласцях БССР”. У сувязі з гэтым ЦК ВКП(б) абавязаў ЦК КП(б)Б палепшыць працу школ, а таксама перавыдаць падручнікі на беларускай і рускай мовах, арганізаваць вывучэнне настаўнікамі, якія не мелі савецкай адукацыі, асноў марксізму-ленінізму. Акрамя гэтага, наркамат асветы РСФСР з 1 сакавіка па 1 жніўня 1945 г. павінен быў накіраваць у школы заходніх абласцей усіх эвакуіраваных з БССР настаўнікаў-беларусаў, якія працавалі ў школах РСФСР. Дзяржаўнае выдавецтва РСФСР павінна было да 1 жніўня 1945 г. надрукаваць на беларускай мове 1 млн. падручнікаў для школ заходніх абласцей72.

Партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР канкрэтызуючы і пашыраючы пастанову ЦК ВКП(б), 17 красавіка 1945 г. прыняло сумесную пастанову ЦК КП(б)Б і СНК БССР “Аб мерах дапамогі школам заходніх абласцей БССР”73. Нягледзячы на той факт, што ў 1944-1945 навучальным годзе ў заходніх абласцях існавала 114 польскіх школ, у якіх навучалася 13 568 дзяцей,74 у гэтай пастанове ні адным радком не ўзгадвалася аб польскай школе. Гэта негалосна значыла, што ў сістэме школьнай адукацыі заходніх абласцей БССР месца польскамоўнай школе не маецца. Звернем увагу, што ні ў адной з вышэйадзначаных пастаноў не патрабавалася і не абгрунтоўвалася неабходнасць закрыцця ці рэарганізацыі польскіх школ. Аб іх нават і не ўзгадвалася. Аднак, партыйна-савецкае кіраўніцтва заходніх абласцей “прачытвала” у гэтых пастановах неабходнасць іх рэарганізацыі. Так, напрыклад, Гродзенскі АК КП(б)Б вясной 1945 г. паведамляў у ЦК КП(б)Б, што ”аддзел школ абкама КП(б)Б праверыў работу польскіх школ у Гродзенскім, Сапоцкінскім раёнах і г. Гродна. У польскіх школах у большасці выпадкаў вучацца дзеці мясцовых людзей-католікаў і іх магчыма вучыць на роднай мове”75. Аналагічная адносілася і да польскамоўных школ у Ваўкавыскім Воранаўскім”76, Шчучынскім, Поразаўскім, Свіслацкім раёнах Гродзенскай вобласці77. Таму, нягледзячы на пратэсты бацькоў, усе польскія школы ў гэтых раёнах у 1945-1946 навучальным годзе былі рэарганізаваныя ў беларуска і рускамоўныя. У наступныя гады гэта праца пайшла больш хуткімі тэмпамі. Так, у 1945-1946 навучальным годзе іх засталося ўсяго 22, а канчатковая іх ліквідацыя наступіла ў 1947-1948 г.78.


Каталог: bitstream -> doc -> 4079
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал