А. Вялікі Апублікавана: Polska mniejzość narodowa na Bialorusi. Związek Polakow na Bialorusi w 20—lecie dzialalnosci. Pod. Redakcją Zdzislawa J. Winnickiego a Tadeusza Gawina. Wsap, Bialystok 2010, s. 47-75



старонка3/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.61 Mb.
1   2   3   4   5

Вясной 1945 г. ЦК КП(б)Б паспрабаваў вызначыць рэальны стан і перспектывы існавання і развіцця польскіх школ. Намеснік загадчыка аддзелам школ ЦК КП(б)Б А.Рэгель у маі 1945 г. накіравала сакратару ЦК па ідэалогіі Ц.Гарбунову запіску “Аб стане польскіх школ у Гродзенскай вобласці”, у якой, на наш погляд, быў прадпрыняты аб’ектыўны, аналіз стану і перспектыў развіцця польскага школьніцтва не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ўвогуле ў рэспубліцы. У запісцы падкрэслівалася, што польскае школьніцтва ў вобласці сутыкнулася са значнымі цяжкасцямі ў сваім развіцці. Адной з істотных праблем стала адсутнасць падручнікаў на польскай мове. Так, напрыклад, у 38 польскіх школах Сапоцкінскага раёна, у якіх навучалася 3780 вучняў мелася ўсяго 172 падручнікі, у 2-й польскай школе ў Гродна на 800 вучняў мелася толькі 40 падручнікаў79. Істотнай перашкодай стала адсутнасць у Наркампросе і абласным аддзеле адукацыі штатных адзінак інспектароў і метадыстаў, не ўлічвалася спецыфіка працы польскіх школ, не былі распрацаваны праграмы і вучэбныя планы, адсутнічалі білеты для экзаменаў на польскай мове, не быў запланаваны выпуск падручнікаў і г.д. У значнай ступені на такое становішча паўплываў абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай. Так, загадчыца аддзелам школ Гродзенскага АК КП(б)Б у размове з А.Рэгель адзначыла, што аб перспектывах развіцця польскага школьніцтва цяжка казаць, бо невядома, якая частка польскага насельніцтва ў выніку пераселіцца ў Польшчу80. Аднак А.Рэгель адразу ж звярнула ўвагу на памылковасць гэтага пункту гледжання, адзначыўшы, што папярэднія вынікі перасялення паказваюць, што значная частка польскага насельніцтва застанецца ў вобласці. Яна прыйшла да высновы, што ў сучасны момант немэтазгодна закрываць польскія школы па палітычных меркаваннях, але і астаўляць іх у такім стане, у якім яны існавалі ў бягучым годзе немэтазгодна па тых жа палітычных меркаваннях81. Для арганізацыі працы польскіх школ яна прапанавала, каб Наркампрос БССР падрыхтаваў вучэбныя планы і праграмы на польскай мове, перавыдаў падручнікі, якія былі надрукаваны ў 1940 г., стварыў у Наркампросе і абласных аддзелах адукацыі інспектуру па польскіх школах, арганізаваў падрыхтоўку і перападрыхтоўку педагагічных кадраў для польскіх школ і г.д82.

Аналіз яе запіскі непазбежна выклікае пытанне – ці былі рэальныя магчымасці выканання яе прапаноў ? На наш погляд былі. Існаванне ў абласных цэнтрах настаўніцкіх інстытутаў, шырокая сетка педагагічных вучылішч дазваляла без значных матэрыяльных страт арганізаваць падрыхтоўку і перападрыхоўку неабходных настаўніцкіх кадраў. Дзяржаўнае выдавецтва РСФСР, друкуючы 1 млн. падрунікаў для школ заходніх абласцей БССР на сваёй паліграфічнай базе магло б перавыдаць намнога меншую колькасць польскіх падручнікаў і для польскіх школ. Увядзенне ў наркампросе і абласных аддзелах адукацыі штатаў польскай інспектуры таксама не патрабавала б знячных матэрыяльных страт. Прыклад Украіны і асабліва Літвы, дзе аднавілі працу шматлікія польскія школы83 паказвае, што гэта было магчыма зрабіць. Але ў выпадку Беларусі вызначальную ролю адыграла пазіцыя ЦК КП(б)Б і асабіста першага сакратара ЦК М. Гусарава. У пастанове ЦК ВКП(б) ад 20 студзеня 1945 г. ні прама, ні ўскосна не патрабавалася закрываць польскія школы. Падкрэслівалася неабходнасць “карэннага паляпшэння працы школ заходніх абласцей” БССР. Аднак ЦК, КП(б)Б заняў жорсткую пазіцыю і неабходнасць закрыцця польскіх школ тлумачыў тым, што “насаджэнне польскай культуры і падрыхтоўка кадраў на польскай мове, дзякуючы наяўнасці польскіх нацыяналістычных элементаў, магло б быць шкодным савецкай дзяржаве”84. Гэта пацвярджае, што ініцыятыва аб жорсткімі курсе адносна польскай школы зыходзіла ад партыйнага кіраўніцтва рэспублікі.

Цікавасць выклікае пытанне, чаму кіраўніцтва Беларусі расцягнула працэс ліквідацыі польскага школьніцтва на тры гады, а не зрабіла гэта аднамаментна. Першы сакратар ЦК КП(б)Б М.Гусараў у запісцы А.Жданаву асцярагаўся, што "адначасовае іх закрыццё магло б вызваць адмоўную рэакцыю польскага насельніцтва і выклікаць непажаданыя водгукі сярод польскай замежнай грамадскасці"85. Таму ён прапанаваў паступова пераўтварыць польскія школы ў беларускія і рускія шляхам замены некваліфікаваных палякаў-выкладчыкаў, падрыхтаванымі выкладчыкамі, рускімі і беларусамі86. Думку М.Гусарава, выказаў на нарадзе польскіх настаўнікаў, якую арганізава Гродзенскі АК КП(б)Б у лістападзе 1947 г., загадчык аддзела адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Ён падкрэсліў, звяртаючыся да польскіх настаўнікаў, што “перспектывы развіцця польскіх школ у далейшым не прадбачыцца. Існуючыя школы неабходна надалей умацоўваць і павесці працу з насельніцтвам, каб усе гэтыя школы паступова пераводзіць калі не на беларускую мову, то на расейскую мову”87.

Палітыку ў галіне школьнай адукацыі неабходна разглядаць як адзін з важных элементаў у “акультурацыі” польскага насельніцтва. Польская школа з’яўлялася адным з важнейшых цэнтраў публічнага карыстання польскай мовай, асяродкам “польскасці”. Знікла школа – знік адзін з важнейшых моўных элементаў нацыянальна-культурнага жыцця палякаў. Замест задавальнення патрэб палякаў у нацыянальна-культурным развіцці партыйна-савецкае кіраўніцтва рэспублікі ўзяло курс на: “беларусізацыю апалячанага беларускага насельніцтва і на шырокае развіццё беларускай і рускай савецкай культуры ў заходніх абласцях БССР з тым, каб у бліжэйшыя гады далучыць да беларускай і савецкай культуры і апалячаных беларусаў, і польскае насельніцтва, якое засталося ў рэспубліцы"88. Апошні раз публічна аб неабходнасці прыцы з “грамадзянамі польскай нацыянальнасці” было заяўлена на VI пленуме ЦК КП(б)Б (3-6 чэрвеня 1947 г.). У рэзалюцыі “АБ партыйна-палітычнай рабоце ў заходніх абласцях” падкрэслівалася, што “пленум ЦК лічыць неправільным, што некаторыя партыйныя і савецкія арганізацыі, асабліва Гродзенскай вобласці не вядуць палітычнай працы сярод насельніцтва, якое размаўляе на польскай мове, і, у асаблівасці, сярод насельніцтва польскай нацыянальнасці”89. Пасля гэтай пастановы і да сярэдзіны 50-х гг паняцце “паляк”, “польскае насельніцтва” знікаюць з грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі.

Адзначым, што партыйнае кіраўніцтва СССР-БССР свядома “выкрэсліла” палякаў з палітычнага лексікона ў пасляваенны час. Так, у даведніку “Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах»90 прыводзяцца дадзеныя аб нацыянальным складзе КПБ за 1941-1978 гг. Разам з тым, у табліцы “Нацыянальны склад КПБ” прыводзяцца дадзеныя аб камуністах 15 нацыянальнасцей, якія з’яўляліся сябрамі Кампартыі Беларусі. Сярод іх узгадваюцца, напрыклад, 2 узбекі, 3 казахі, 25 грузін, 2 туркмены, 22 эстонцы, але складальнікі “невядома” па якой прычыне не ўключылі ў гэтую табліцу палякаў. Гэта тым больш дзіўна, што палякі ў КПБ (да 1989 г.) займалі пяты радок па колькасці пасля беларусаў, рускіх, украінцаў і яўрэяў. Мізэрным было прадстаўніцтва палякаў і ў кіруючых партыйных органах. Так, паводле даведніка “Данные о составе партийных кадров”, с 1946 по 1989 г. сярод загадчыкаў і намеснікаў аддзеламі, сектарамі, інструктараў ЦК КПБ не было ніводнага паляка. Сярод сакратароў абкамаў партыі за гэты ж перыяд таксама не мелася ніводнага паляка. Толькі ў 1981 г. сярод загадчыкаў аддзеламі АК КПБ з’явіўся адзін паляк, што склала 1,5% ад агульнай колькасці загадчыкаў аддзеламі. Крыху болей мелася інструктароў-палякаў: у 1971 г. – 1 (0,6%), 1976 г. – 3 (1,6%), 1981 г. – 4 (1,8%), 1986 г. – 5 (2,1%), 1987 г. – 4 (1,6%), 1988 г. – 4 (1,6), 1989 г. – 2 (2,9%). Сярод сактатароў райкамаў і гаркамаў партыі назіралася такая ж карціна. Так, у 1946 г. мелася 3 сакратары, што складала 0,5%. З 1946 і па 1971 гг. сярод гэтай катэгорыі партыйных работнікаў не мелася ні аднаго паляка. Толькі ў 1971 г. на гэтыя пасады было прызначана 5 палякаў, што склала 1,1%, у 1976 г. гэта лічба павялічылася да 9 (2,0%), 1981 – 12 (2,5%), 1986 г. – 10 (2,1%), 1988 г. – 13 (2,7%). Сярод першых сакратароў ГК і РК КПБ гэты паказчык быў значна ніжэйшы, Так, у 1946 г. толькі адзін паляк займаў пасаду першага сакратара, што складала 0,5%. Потым да 1971 г. сярод гэтай катэгорыі партработнікаў не мелася ніводнага паляка. У 1971 г. 2 палякі займалі гэтыя пасады, што складала 1,3%, 1976 г. – 2 (1,3%), 1981 г. – 3 (1,9%), 1986 г. – 3 (1,3%), 1987 г. – 3 (1,3%), 1988 г. – 4 (2,5% ), 198 г. – 4 (2,5%)91. Прыкладна такія ж лічбы прыпадаюць і на іншых работнікаў партыйных органаў раённага і гарадского ўзроўню.

Мэтанакіраваныя дзеянні ўладаў непазбежна прывялі да змяньшэння колькасці польскага насельніцтва і карыстанні ім польскай мовай. Так, напрыклад, у Васілішкаўскім раёне колькасць палякаў зменшылася з 65, 68% у 1945 г. да 49, 2% у 1959 г., у Скідзельскім раёне адпаведна з 21, 7% да 13%, Ваўкавыскім з 56, 7% ад 34, 9%”92. Яшчэ больш унушальнымі выглядаюць лічбы, характарызуючыя спад колькасці палякаў, якія прызнавалі польскую мову, як сваю родную мову. Паколькі дадзеных за 1945-1959 гг. не маецца, то прывядзем дадзеныя за 1959-1970 гг., паколькі палітыка “распалячвання” была разлічана на доўгатэрміновую перспектыву і прынесла свае вынікі толькі праз некалькі дзесяткаў гадоў. Так, калі ў Брэсцкай вобласці ў 1959 г. роднай мовай лічылі польскую мову 34, 74% палякаў, то ў 1970 г. усяго 9,4%. У сувязі з гэтым, магчыма прызнаць слушнай выснову беларускага гісторыка В.Мазеца, што: “паколькі беларуская, а часткова і расійская мовы ў сістэме этнічнай самасвядомасці паступова замянялі бальшыні палякаў нацыянальную мову, то з цягам часу адбываўся працэс іх моўнай, а потым і этнічнай асіміляцыі”93.

Дэмакратычныя перамены (так званая “хрушчоўская адліга. – А.В.), якія адбываліся ў СССР у другой палове 50-х гг. кардынальна змянілі сітуацыю. У сувязі з гэтым магчыма казаць аб другім этапе ў адносінах да палякаў у БССР. “Адмахнуцца” ці працягваць “незаўважаць” беларускіх палякаў стала немагчымым. Аднак пакінуць безкантрольна працэс працы з беларускай палоніяй улада, таталітарная па сваёй сутнасці, таксама не магла. Таму гэта праца ў яе савецкім варыянце трапіла пад жорсткі ўсеахопны кантроль і праводзілася выключна праз створаныя ўладамі структуры – Беларускае таварыства культурнай сувязі з замежжам (БТКСЗ), а потым Беларускае аддзяленне таварыства савецка-польскага сяброўства (БАТСПС).

Беларускае таварыства культурнай сувязі з заграніцай, якое было створана паводле пастановы СМ БССР 18 лютага 1952 г., адной з галоўных задач якога з’яўлялася пашырэнне культурных сувязей Беларускай ССР з краінамі “народнай дэмакратыі”94. У сувязі з пашырэннем у другой палове 50-х гг. міжнародных кантактаў з краінамі “народнай дэмакратыі”, у тым ліку і з ПНР, неабходнасцю далучэння да культурнага ўзаемадзеяння шырокіх колаў грамадскасці, творчых саюзаў, таварыстваў 17 снежня 1958 г. БТКСЗ было пераўтворана ў Беларускае таварыства сяброўства і культурнай сувязі з заграніцай (БТСКСЗ)95. У адзначаны перыяд БТСКСЗ з’яўлялася каардынатарам міжнароднага культурнага супрацоўніцтва рэспублікі, галоўнай структурай, якая забяспечвала культурныя сувязі рэспублікі з Польскай Народнай Рэспублікай (ПНР). Асноўнымі формамі гэтых сувязей з’яўляліся ўстанаўленне і сувязь з культурнымі ўстановамі, таварыствамі Польшчы, прыем і накіраванне ў ПНР рознага кшталту дэлегацый, правядзенне ў Польшчы, у тым ліку і ў прыгранічных ваяводствах “дней”, “дэкад”, “месячнікаў” культуры, мерапрыемстваў, якія прысвечаны знамянальным і юбілейным датам БССР і ПНР, накіраванне ў Польшчу фотавыставак, рознага накірунку інфармацыйных матэрыялаў, артыкулаў для пячаці ў агульнапольскіх і ваяводскіх газетах і г.д.

Разам з тым адзначым, што БТСКСЗ не з’яўлялася цалкам самастойнай структурай. Ва ўмовах панавання аднапартыйнай сістэмы, жорсткага ідэалагічнага дыктату, таварыства знаходзілася ў поўнай падпарадкаванасці і залежнасці ад вышэйшых рэспубліканскіх партыйных структур. Так, усе, без выключэння, планы культурнага абмену, накіраванне ў Польшчу беларускіх прадстаўнікоў, ці прыем ў БССР польскіх дэлегацый, планы і праграммы правядзення “дзён”, “дэкад”, “месячнікаў” культуры і г.д. узгадняліся з Бюро і Сакратарыятам ЦК КПБ, ці яго адпаведнымі аддзеламі. У асобных выпадках патрабаваўся нават дазвол ЦК КПСС96 .

Палітычная “адліга” сярэдзіны 50-х г. і ўсталяванне больш адкрытых адносін з “краінамі народнай дэмакратыі”, у тым ліку і з ПНР, спрыялі пашырэнню і паглыбленню сувязей Беларусі з Польшчай. Аднак з самага пачатку гэтыя сувязі былі вельмі асцярожнымі. Першым афіцыйным доўгатэрміновым побытам палякаў у Беларусі з’явілася паездка дэлегацыі таварыства польска-савецкага сяброўства, якя адбылася з 14 верасня па 6 кастрычніка 1954 г. Мэтай знаходжання дэлегацыі ў Беларусі з’яўлялася: “[…] азнаямленне беларускай грамадскасці з дасягненнямі народна-дэмакратычнай Польшчы, вывучэнне культуры і далейшай прапаганды дасягненняў нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу культуры у БССР у мэтах пераадолення маючыхся сярод часткі польскай інтэлігенцыі нацыяналістычных поглядаў, адмаўленне існавання беларускай культуры і самой беларускай нацыі, вызначэнне канкрэтных культурных сувязей паміж ПНР і БССР”97. Дэлегацыя пабывала ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Гродна, Брэсце, Бабруйску, Слуцку, Наваградку, наведала ў гэтых гарадах прадпрыемствы, установы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, сустракалася з прадстаўнікамі і кіраўнікамі партыйна-савецкіх, грамадскіх, культурных устаноў і арганізацый і г.д. Па выніках візіта кіраўнік польскай дэлегацыі, член ЦК ПАРП Г.Яблонскі, знаходзячыся ўжо ў ПНР заявіў, што ўбачыў у Беларусі: “[…] многа Расіі і мала Беларусі”98. Разам з тым, Г.Яблонскі выказаў прапановы, аб правядзенні ў Польшчы дзён беларускай культуры, пашырэнні работы па выданню ў Польшчы твораў беларускіх, а ў Беларусі польскіх аўтараў, арганізацыі абмену дакументальна-хранікальнымі кіначасопісамі, павялічэннем высылкі ў Польшчу матэрыялаў аб БССР (артыкулаў, фотаздымкаў і г.д.), арганізацыі ў ПНР выставак твораў мастацтва і народнай творчасці99. Адзначым, што жорсткая запраграмаванасць візіта палякаў прывяла да таго, што ўдзельнічая ў шматлікіх сустрэчах на прадпрыемствах, вучэбных установах (усяго адбылося 150 сустрэч), кіраўнікі польскай дэлегацыі ні разу не ініцыявалі пытанне аб сустрэчы з беларускімі палякамі, якія пражывалі ў заходніх абласцях БССР і абмеркаванні з імі надзённых пытанняў – стану культурна-адукацыйнага жыцця, развіцці паланаванай працы, забяспячэнні іх кнігамі і г.д.

“Прарыў” ва ўзаемаадносінах палякаў з бліжэйшым усходнім саседам – Беларуссю адбыўся ў верасні 1955 г., у час правядзення ў рэспубліцы месячніка савецка-польскага сяброўства. Дастаткова адзначыць, што, чаго ніколі раней не было, прэса Беларусі вельмі шырока асвятляла правядзенне месячніка. Так, толькі “Советская Белоруссия” з 1 верасня па 31 кастрычніка напячатала 47 артыкулаў (падлічана аўтарам па матэрыялах “Советская Белоруссия) за 1 верасня – 31 кастрычніка 1955 г.) аб савецка-польскіх адносінах. Мэтай правядзення месячніка з’яўлялася: “[…] папулярызацыя міралюбівай савецкай палітыкі, растлумачванні ролі і зместу савецка-польскай салідарнасці, для сацыялістычнага будаўніцтва ў Польшчы і незалежнасці краіны, шырокага азнаямлення з дасягненнямі савецкага народа на шляху да камунізма”100. Негледзячы на прапагандысцкі характар і мэтавую накіраванасць месячніка, шматлікія артыкулы, інтэрв’ю з польскімі грамадскімі, палітычнымі дзеячамі, прадстаўнікамі культуры, выступленні творчых калектываў знаёмілі беларускую грамадскасць з важнейшымі падзеямі грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага жыцця Польшчы і польскага народа. Бузумоўна, правераная цэнзурай, ідэалагічна “вытрыманая” інфармацыя поўнасцю не адлюстроўвала польскую рэчаіснасць, але тым не менш запаўняла “інфармацыйны” вакуўм, які існаваў у беларускім грамадстве аб Польшчы і польскім народзе. Бузумоўна, правераная цэнзурай, ідэалагічна “вытрыманая” інфармацыя поўнасцю не адлюстроўвала польскую рэчаіснасць, але тым не менш запаўняла “інфармацыйны” вакуўм, які існаваў у беларускім грамадстве аб Польшчы і польскім народзе. Так, напрыклад, міністр адукацыі ПНР В. Ярасінскі ў інтерв’ю адзначыў, што ў Польшчы “[…] 5530 беларускіх дзяцей наведваюць пачатковыя школы і вывучаюць родную мову і літаратуру, як абавязковую дысцыпліну. У Польшчы адчынена 62 сямігадовыя беларускія школы, у якіх вучыцца больш за 4500 вучняў, дзе сярэднія школы на 600 месцаў, два педвучылішчы на 250 местаў”101. Гэта інфармацыя на фоне Беларусі, дзе не існавала ні адной польскай школы, гучала абсалютным дысанансам. Здзіўленне выклікае нават сам факт гэтай публікацыі.

Звернем ўвагу на ідэалагему аб “савецка-польскім” сяброўстве, якая панавала на працягу ўсяго месячніка. Яна надавала другараднасць і не дазваляла ставіць наўпрост пытанне аб “польска-беларускім” сяброўстве і прамых польска-беларускіх і беларуска-польскіх узаемаадносінах. Тым, не менш, у параўнанні з ранейшым, правядзенне месячніка стала моцным штуршком для паглыблення і пашырэння польска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне культуры. “Дні”, “месячнікі” працягваліся і ў наступныя гады. Так, напрыклад, у час правядзення дзен польскай культуры ў БССР, якія праходзілі з 6 па 13 кастрычніка 1976 г., шырокамаштабныя мерапрыемствы адбыліся ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Напрыклад, у гэты час у Грозенскай вобласці находзілася дэлегацыя дзеячаў польскай культуры, а таксама ансамбль песні і танца “Подляске кукулкі” з Беластоцкага ваяводства. У пачатку дзён у Гродзенскім Дварцы культуры адбыўся вечар савецка-польскага сяброўства, на якім польскую дэлегацыю віталі прадстаўнікі партыйна-савецкага кіраўніцтва горада, творчай інтэлігенцыі, працоўных калектываў. У Брэсці ў час правядзення дзён Люблінскі тэатр імя Ю. Остэрвы паказаў спектаклі “Здані вяртаюцца” Я. Рузскага, “Мараль пані Дульскай Г. Запольскай, “Начная аповесць К. Хаінскага, якія цепла былі сустрэты беларускімі гледачамі і тэатральнымі крытыкамі102. Значнае месца ў культурным жыцці занімала польская літаратура. Так, толькі ў мінскім магазіне “Дружба” у 1970 г. было прададзена 17 тыс.кніг польскіх аўтараў, а ў 1971 г. – больш за 22 тыс. Да 1985 г. на беларускай мове выйшлі 84 кнігі пісьменнікаў Польшчы агульным тыражом 2 млн. экзэмпляраў, у тым ліку творы А. Міцкевіча, Э.Ажэшкі, У. Бранеўскага, Л. Кручкоўскага, Ю.Тувіма і іншых103.

БТСКСЗ ажыццяўляючы агульнае кіраўніцтва сувязей з замежжам не магло сканцэнтравацца выключна на беларуска-польскіх і польска-беларускіх сувязях. Гэтая задача была ўскладзена на БАТСПС. Адзначым, што гэта структура была створана дзякуючы намаганням польскай дыпламатыі, якая асэнсоўвала неабходнасць развіцця паланійнай працы ў БССР нават ва ўмовах савецкай рэчаіснасці. Аднак, да гэтай праблемы польскі бок падыходзіў вельмі асцярожна. Польскае кіраўніцтва разумела, што патрабаваць ад кіраўніцтва Савецкага Саюзу адносін да палякаў як да нацыянальнай меншасці бесперспектыўна і безсэнсоўна. Яскрава гэта прагучала ў інфармацыі пасла ПНР у СССР Т. Гедэ, якая была накіравана ў маі 1957 г. у МЗС ПНР. Пасол падкрэсліваў неабходнасць таго, каб палякі, якія пражывалі ў СССР (зразумела і ў БССР. – А.В.): “мелі польскія школы з адпаведнымі праграмамі і польскімі падручнікамі, права да арганізацыі культурнага жыцця і каб яны разглядаліся як меншасць украінская, беларуская, літоўская ў Польшчы і мелі магчымасці стварэння культурна-грамадскіх арганізацый кшталту тых, што маюцца ў Польшчы. Справа заключаецца ў тым, каб у час міжпартыйных размоваў (пры адпаведных сустрэчах) і пры дасягненні паразумення дзейнасць павінна развівацца па лініі супрацоўніцтва з культурна-грамадскімі таварыствамі палякаў у Літве, Украіне, магчыма ў Беларусі, а таксама па лініі дапамогі (у рамках абмена і сумеснага супрацоўніцтва) польскімі школамі, забяспячэння падручнікамі і настаўнікамі, культурным абменам з суседнімі рэспублікамі”104.

Адзначым, што павярхоўнае знаёмства беларускіх даследчыкаў з сучаснай польскай гістарыяграфіяй і архіўнымі матэрыяламі прывяло да памылковага сцвярджэння, што БАТСПС было створана паводле пастановы бюро ЦК КПБ105. Адсюль фармальна вынікае, што ініцыятарам яго стварэння стала партыйнае кіраўніцтва БССР. У гэтым сцверджанні існуюць дзе недакладнасці. Па-першае, у сістэме ўлады, якая існавала ў адзначаны перыяд, бюро ЦК КПБ не магло самастойна прыняць такое рашэння. Яно толькі фармальна зацвердзіла рашэнне, адобранае ЦК КПСС. Па-другое, ініцыятыва аб стварэнні таварыства зыходзіла не з савецкага, а з польскага боку. Так, у справаздачы пасла ПНР у СССР Т. Гедэ падкрэслівалася, што ў 1957 г. наступіла ажыўленне польска-савецкіх кантактаў, вынікам якіх сталі візіты польскіх урадавых дэлегацый у СССР, сустрэчы і перамовы на вышэйшым узроўні, а таксама падпісанне шэрагу важнейшых міждзяржаўных двухбаковых пагадненняў. Найважнейшым вынікам двухразовага візіта ў СССР дэлегацыі Таварыства польска-савецкага сяброўства (ТПСС), як адзначаў Т. Гедэ : “быў прапанаваны праект стварэння культурна-грамадскіх польска-савецкіх таварыстваў у пагранічных рэспубліках”106. Адсюль вынікае, што Варшава і Масква прынцыпова вырашылі гэтае пытанне, і Мінску толькі засталося яго фармальна зацвердзіць. Звернем ўвагу на наступны прынцыповы момант. У Беларусі было створана не “таварыства беларуска-польскага сяброўства”, а “беларускае аддзяленне (выдзелена мной. – А.В.) таварыства савецка-польскага сяброўства”. Фактычна гэта быў “філіял” саюзнага таварыства, поўнасцю падпарадкаваны і залежны ад яго. Так, БАТСПС дзайнічала ў адпаведнасці са Статутам Таварыства савецка-польскага сяброўства і было зарэгістравана як адна з яго арганізацый107. Звернем увагу, што БССР, маючай права ажыццяўлення самастойнай знешнепалітычнай дзейнасці, сваё МЗС краіны-заснавальніцы ААН, члена ЮНЕСКА, шэрагу іншых міжнародных арганізацый, саюзнае кіраўніцтва не дазволіла стварыць самастойнае таварыства, замяніўшы яго “аддзяленнем” з правамі саюзнага філіяла.

Адзначым, што БАТСПС у рэспубліцы ствараліся па “разнарадцы”. Так, напрыклад, паводле пастановы ЦК КПБ на працягу красавіка- чэрвеня 1960 г. былі створаны 13 аддзяленняў беларуска-польскага сяброўства на прадпрыемствах, у вышэйшых навучальных установах, калгасах, і г.д.108. Пры тым, галоўным накірункам дзейнасці створаных аддзяленняў з’яўлялася пашырэнне не беларуска-польскага, а савецка-польскага супрацоўніцтва (выдзелена мной. – А.В.). Характэрна, што ні ў адным з планаў новастворанных аддзяленнях не адзначалася неабходнасць работы сярод беларускіх палякаў. Акрамя гэтага БАТСПС ствараліся па прынцыпу калектыўнага “членства”, што выклікала пытанні нават у кіраўніцтва галоўнага аддзялення. Так, член прэзідыўма рэспубліканскага аддзялення М.Арэхва адзначаў, што “у нас есць калектыўныя члены Таварыства, аднак паняцце “калектыўны член” – вельмі туманае выражэнне. Лепш было б стварыць індывідуальнае членства, як гэта ёсць у Польшчы. Але калі гэтага немагчыма зрабіць, то неабходна актывізіраваць работу калектыўных членаў”109. Адзначым, што хуткае стварэнне аддзяленняў таварыства, ды прытым з калектыўным членствам, на наш погляд, было абумоўлена неабходнасцю трымаць пад кантролем беларуска-польскія сувязі і не выходзіць на індывідуальны ўзровень. У той жа час у палякаў, як аб гэтым узгадваў М. Арэхва, удзел у працы таварыстваў быў выключна індывідуальным.

У другой палове 50-х г. важнае месца, якое патэнцыяльна магло б адыграць істотную ролю ў арганізацыі паланійнай працы ў БССР, пачало займаць прыгранічнае супрацоўніцтва паміж Гродзенскай і Брэсцкай абласцямі БССР і Беластоцкім і Люблінскім ваяводствамі ПНР. Упершыню аб неабходнасці развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва ў галіне культуры было заяўлена 29 лістапада 1957 года, калі ў Варшаве быў абмеркаваны і прыняты “Пратакол аб выніках работы савецка-польскай змешанай Камісіі па выпрацоўцы плана рэалізацыі дагавора аб культурным супрацоўніцтве паміж СССР і ПНР на 1958 г.110. У прэамбуле пратакола адзначалася, што быў выпрацаваны і падпісаны план супрацоўніцтва, які ахоплівае шырокае кола пытанняў культуры і мастацтва, вышэйшай адукацыі, народнай адукацыі, друку, радыёвяшчання і тэлебачання, грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў, а таксама культурных сувязей паміж прыгранічнымі абласцямі СССР і ваяводствамі ПНР (выдзелена мной – А.В)111. Падпісанне “Пратакола…” мела важнае значэнне бо прыгранічнае супрацоўніцтва ў культурнай галіне ўпершыню ў двухбаковых савецка-польскіх узаемаадносінах стала на трывалую нарматыўна-прававую базу, якая мела міждзяржаўны ўзровень. У “Пратаколе…” асабліва падкрэслівалася, што адпаведныя дзяржаўныя органы абедзьвух краін будуць аказваць садзейнічанне і дапамогу творчым саюзам, грамадскім арганізацыям ў развіцці гэтага супрацоўніцтва. Важным з’яўлялася і дзяржаўнае фінансаванне культурных мерапрыемстваў112. Рашэнні, якія былі прынятыя на высокім дзяржаўным узроўні – паміж дэлегацыямі СССР і ПНР знайшлі канкрэтнае ўвасабленне на міжрэспубліканскім узроўні. Так, 28 красавіка 1958 г. у Варшаве быў падпісаны “Пратакол нарады паміж Беларускім таварыствам культурных сувязей з заграніцай (БелТКСЗ) і Галоўным праўленнем Таварыства савецка-польскага сяброўства (ТСПС) па пытанні зацвярджэння плана прыгранічнага супрацоўніцтва паміж Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікай і Польскай Народнай Рэспублікай, які адбыўся 22 -28 красавіка 1958 г. у Варшаве”113. Вынікам перамоваў, якія праходзілі ў прыязнай абстаноўцы, стаў падпісаны “план прыгранічнага культурнага супрацоўніцтва паміж Гродзенскай і Брэсцкай абласцямі БНР і Беластоцкім і Люблінскім ваяводствамі ПНР”. Падпісанне “Плана культурнага прыгранічнага супрацоўніцтва” – важны крок у двухбаковых беларуска-польскіх узаемаадносінах. Ён выходзіў за рамкі рэгіянальнага супрацоўніцтва, узнімаўся да міждзяржаўных беларуска-польскіх узаемаадносін; асноўваўся на трывалай нарматыўна-прававой базе.


Каталог: bitstream -> doc -> 4079
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал