Сінькевіч Людміла Аляксандраўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 1 г. Барысава”
“Агні кахання. Ці вечныя яны?”
(па рамане І.Мележа “Людзі на балоце”)
(Х клас, красавік)
Мэты ўрока:
-
удасканальваць навыкі характарыстыкі літаратурнага героя з прымяненнем камп’ютэрнай тэхналогіі;
-
развіваць звязную мову вучняў, уменне выказваць і аб-грунтоўваць сваю думку і разумець важнасць усіх думак;
-
выхоўваць у школьнікаў культуру інтымных пачуццяў;
Ход урока:
Эпіграф да ўрока:
. . .на свеце без кахання жыцця няма –
ёсць толькі існаванне.
А.Грачанікаў.
-
Арганізацыйны момант.
-
Уступнае слова настаўніка. – Мы працягваем вывучаць раман Івана Мележа “Людзі на балоце”. На сённяшнім ўроку ў цэнтры нашай увагі будзе сюжэтная лінія Васіль – Ганна – Яўхім.
-
Матывацыя тэмы ўрока.
– Давайце праслухаем раманс М.Багдановіча “Зорка Венера”. І на гэтай лірычнай ноце падумаем над пытаннем “Што звязвае гэты раманс з тэмай нашага ўрока?” (гучыць раманс).
– Тэма кахання ва ўсе часы – тэма дамінуючая. Але ў кожнага каханне сваё. УМ.Багдановіча каханне светла-сумнае, шчырае і разам з тым – няшчаснае для лірычнага героя.
Так і для нашых герояў – Васіля і Ганны – “узышла зорка Венера”, зорка кахання, якая гасне, не прайшоўшы выпрабавання на трываласць. І таму мы паспрабуем адказаць на пытанні: 1) чаму, кахаючы адзін аднаго, людзі разыходзяцца; 2) што ўплывае на выбар у жыцці нашых герояў; 3) якія ўрокі можна вынесці для сябе з жыццёвай драмы закаханых.
-
Праверка дамашняга задання.
-
Дома вам было прапанавана паразважаць над тэмай “Маё разуменне кахання”. Падзяліцеся думкамі з намі. (Вучні зачытваюць сачыненні-мініяцюры).
-
Давайце супаставім вашы думкі з некалькімі азначэннямі паняццяў “каханне”, “страсць”, узятымі з розных крыніц.
-
Праца з камп’ютарам.
-
На камп’ютары вы бачыце тлумачэнні паняццяў “каханне”, “страсць”, узятыя з розных крыніц:
Слайд 1
-
Творчая дзейнасць вучняў.
а) характарыстыка герояў
– На ўроку мы будзем назіраць за развіццём пачуццяў Васіля да Ганны і Яўхіма да Ганны. Давайце бліжэй пазнаёмімся з нашымі героямі. З дапамогай якіх прыёмаў Мележ раскрывае нам характары сваіх герояў? (Адказы вучняў: праз партрэтнае апісанне, праз няўласна-простую мову героя (яго думкі, перажыванні), праз узаемаадносіны з іншымі персанажамі.
– Прыгадайце партрэт Васіля. Што дае апісанне яго знешнасці для разумення характару Васіля? (Адказы вучняў: праз партрэт Васіля Мележ падкрэслівае засяроджанасць героя ў сабе, супярэчлівасць натуры і задаткі моцнага характару. Хлопец негаваркі. Праз думкі Васіля раскрываецца яго моцнае жаданне сцвердзіць сябе як гаспадара ).
– Як раскрываецца Ганна, яе характар праз яе партрэт? (Адказы вучняў: яна прываблівае дзявочым хараством і сваімі чалавечымі якасцямі ).
– Што Мележ вылучае ў знешнасці Яўхіма? Якім падаецца вам унутраны свет маладога Глушака? (Адказы вучняў).
– Давайце падагулім нашы разважанні пра характары герояў з дапамогай табліцы, змешчанай на вашым камп’ютары.
б) праца з табліцай у камп’ютары
Слайд 2
-
Праблемнае поле дзейнасці вучняў на ўроку.
– Здаецца выбар для Ганны верагодны – Васіль. А замуж выхо-дзіць за Яўхіма. Чаму ж? Паразважаем.
а) праца з камп’ютарам
– На маніторы камп’ютара вы бачыце імёны нашых герояў: Васіль – Ганна – Яўхім.
Слайд 3
У выніку атрымалася наступнае:
Матэрыяльнае ці духоўнае?
Васіль
|
Ганна
|
Яўхім
|
Матэрыяльны пачатак
|
Духоўны пачатак
|
Матэрыяльны пачатак
|
Жыццёвы выбар герояў:
-
ахвяраваць асабістым шчасцем дзеля дабрабыту родных, сваёй сям’і (герой: Ганна)
-
узяць любой цаной, чаго жадаю (герой: Яўхім)
-
выйсці з беднасці, мара пра лепшую зямлю (герой: Васіль)
– Такім чынам, мы бачым, што і Васіля і Яўхіма збліжае перавага матэрыяльнага пачатку. З адной толькі розніцай: Васіль да матэрыяльнага дабрабыту імкнецца, у Яўхіма матэрыяльны дабрабыт ужо ёсць.
б) праблемная гутарка
– Па якой прычыне Ганна аддае перавагу Васілю, нягледзячы на тое, што і Васіля і Яўхіма аб’ядноўвае аднолькавае стаўленне да матэрыяльнага дабрабыту?
– Як раскрыла Васіля Ганніна каханне?
– Якія падзеі азмрочылі каханне маладых?
– Чаму Ганна, даведаўшыся, што Васіль усё-такі паказаў хату Грыбка, адчула сябе няшчаснай, пяшчота да каханага нібы выветрылася?
Такім чынам, часта для разумення сапраўднасці пачуццяў людзі павінны прайсці праз жыццёвыя выпрабаванні.
– Ці сапраўднае каханне Васіля і Ганны?
– А Яўхім? Якое пачуццё кіруе ім у адносінах да Ганны? Каханне гэта ці страсць? (глядзі табліцу ў камп’ютары).
– Чаму, у рэшце рэшт, Ганна, не кахаючы Яўхіма, выходзіць замуж за яго?
– На наступным уроку мы падрабязней разгледзім тэму “Сватанне і вяселле Яўхіма і Ганны”. Паразважаем, ці быў бы іншы выхад з гэтага любоўнага трохкутніка.
-
Дамашняе заданне: творчае заданне. Падрыхтаваць звязны аргументаваны адказ на пытанні:
-
Чаму не пажаніліся Васіль і Ганна?
-
Чаму Яўхім жэніцца са “зрэбнай каралеваю”, ці кахае ён Ганну?
-
Тэставае апытанне і яго вынікі.
– Для падагульнення нашых разважанняў пра Васіля, Ганну і Яўхіма прапаную папрацаваць з тэставымі пытаннямі.
(Гл. Дадатак).
-
Рэфлексія.
– На камп’ютары пытанні.
Слайд 4
Дадатак
Тэставыя заданні па рамане Івана Мележа
“Людзі на балоце”
-
Чысціня, непасрэднасць і шчырасць першага кахання Васіля і Ганны раскрываюцца аўтарам праз:
а) іх вясёлую і няспынную гаворку;
б) большай часткаю праз маўчанне, калі пачуцці зразумелыя без слоў;
в) праз пастаянныя спрэчкі маладых людзей.
-
Пра каго з герояў сказана наступнае:
Усё лета… ціха грэлася на сонцы маладзенькая… рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў , калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, - сціплая, непрыкметная… Інеспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак.
а) пра Ганну;
б) пра Хадоську;
в) пра Параску.
-
Як называецца мастацкі прыём, скарыстаны аўтарам у прыведзеным урыўку?
а) алітэрацыя;
б) гратэск;
в) разгорнутае параўнанне;
г) гіпербала.
-
Сімвалам чаго здаўна лічылася рабіна ў вуснай народнай творчасці беларусаў?
а) жаночай долі і прыгажосці;
б) неўладкаванасці і няўдач;
в) матэрыяльнага дабрабыту;
г) смеласці і адвагі.
-
Каму з герояў рамана “Людзі на балоце” належыць наступная характарыстыка?
У такі час з хаты, недалека ад той, дзе дзяўчына брала ваду, выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цемнай чупрынай, з упартымі, невяселымі губамі…
Зялёны гэты хлопец ужо з найпершага маленства адчуў, што жыццё – не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клопатны будзень, што трэба цярпець.
а) Міканору;
б) Васілю;
в) Хоню.
-
Ствараючы характар Васіля, аўтар звяртае ўвагу на:
а) засцярожанасць і маўклівасць;
б) эмацыянальнасць, якая выяўляецца ў жаданні падзяліцца з іншымі людзьмі сваімі думкамі;
в) эгаізм у адносінах да блізкіх людзей.
-
Што азмрочыла шчасце Васіля і Ганны кахаць і быць каханымі?
а) нежаданне бацькоў, каб Васіль і Ганна сустракаліся далей;
б) сустрэча з бандытамі, якая паклала пачатак жыццевым выпрабаванням маладых людзей;
в) гаворкі, якія пайшлі па сяле, асуджаючы каханне Васіля і Ганны.
-
Што з’явілася сімвалам нешчаслівага першага кахання Васіля і Ганны, якое “…выплыла, ажыло, як бы вырасла, поўнае злавеснага сэнсу”?
а) гадзюка, якая прапаўзла паміж маладымі людзьмі;
б) разбітае люстэрка, якое, паводле народнага павер’я, не прыносіць шчасця;
в) сон Васіля, які маці тлумачыла як дурны, нядобры.
-
Чаму Ганна пасля прыходу Васіля ад маслакоўцаў рэзка змяніла свае адносіны дакахання?
а) вырашыла, што жыць з бедным – гэта значыць жыць увесь час у нястачы;
б) пагаварыла з бацькам і мачыхай і зразумела, што Васіль для яе не пара;
в) страціла свой ідэал каханага, веру, што Васіль не можа прынесці шкоды людзям.
-
Якім пачуццём змяняецца непрыхільнасць Ганны ў адносінах да каханага паслявяртання Васіля з допыту?
а) абвостраным пачуццём справядлівасці, калі крыўдзяць незаслужана;
б) публічным шкадаваннем, якое, на думку Ганны, павышала яе аўтарытэт у вачах аднавяскоўцаў;
в) поўнай абыякавасцю.
-
Калі Васіль апынуўся пад арыштам, якое пачуццё авалодала ім?
а) разуменне таго, што атрымаў па заслугах;
б) апатыя, калі страчана вера ў праўду і дабро;
в) жаданне дабіцца таго, каб ва ўсім справядліва разабраліся.
-
Пра якую падзею ў жыцці Ганны ідзе размова ў прыведзеным урыўку?
Яна потым багата разоў успамінала гэты момант, успамінала з болем і шчымлівым шкадаваннем. Думала, балела душой: як багата бяды выпадае чалавеку за іншы адзін крок. І як чалавек робіць гэты крок пакорліва, нібы сляпы – не бачачы ўсяго, што будзе яму з гэтым крокам… Цвёрдасць – ці ж
у Ганны звычайна не было яе? Але якая тут цвёрдасць магла быць, калі не ведаеш, нашто яна?
а) сустрэча з маслакоўцамі;
б) сватанне Яўхіма;
в) шкадаванне аб тым, што не захацела тлумачыць Васілю нічога аб сутычцы Яўхіма у малінніку.
-
Што цяжэй за ўсё пераадольваў Васіль, знаходячыся у турме, лічыў “самай вялікай пакутай”?
а) адсутнасць магчымасці папрацаваць;
б) расставанне са сваімі роднымі;
в) разлуку з Ганнай.
-
У чым можна папракнуць Ганну, калі яна дала згоду стаць жонкай Яўхіма?
а) у жаданні разбагацець;
б) у няўменні і нежаданні пазмагацца за сваё шчасце;
в) у імкненні хутчэй пакінуць бацькоўскую хату.
Адказы:
1-б
2-а
3-в
4-а
5-б
6-а
7-б
8-а
9-в
10-а
11-б
12-б
13-а
14-б
Поделитесь с Вашими друзьями: |