Аналітычная запіска pp#02/2011BY, 17 January, 2011



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер414.04 Kb.
  1   2   3

PP#02/2011BY








АНАЛІТЫЧНАЯ ЗАПІСКА

PP#02/2011BY, 17 January, 2011




РЭПРЭЗЭНТАЦЫЯ БЕЛАРУСКІМІ МЭДЫЯ ЭКАНАМІЧНАЙ КРЫЗЫ (маніторынг)

Алесь Анціпенка, Валянцін Акудовіч, Максім Жбанкоў


І. Уводзіны
Артыкул базуецца на дадзеных маніторынга 14 беларускіх СМІ, які праводзіўся цягам 6 месяцаў у пэрыяд ад 14 лістапада 2009 г. па 14 траўня 2010 г. 1. А атрыманы матэрыял аналізаваўся ся па 8 базавых пазыцыях:
-- адкуль, па вэрсіі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, зьявілася ў Беларусі крыза?
-- якія асобы/сацыяльныя групы/краіны нясуць за яе адказнасьць?
-- “хто прамаўляе” (прадстаўнікі якіх сацыяльных групаў маюць голас у мэдыя), калі гаворка ідзе пра крызу?
-- ці паказваюць мэдыя, у чым канкрэтныя праявы крызы ў Беларусі?
-- ці адлюстроўваюць мэдыя стаўленьне розных сацыяльных груповак? Калі так, то што гэта за стаўленьне?
-- якая “вага” тэмы крызы ў мэдыйных матэрыялух (тэма крызы фігуруе на першых палосах, у тэлеанонсах, ёй прысьвячаюцца вялікія артыкулы? Ці, наадварот, тэма далёка ня рэйтынгавая)?
-- якая агульная танальнасьць асьвятленьня тэмы? (Лексікон і зьмястоўныя акцэнты).
-- які мэсыдж з нагоды крызы спрабуе данесьці да грамадзтва канкрэтны мэдыя-рэсурс?
Разам з тым, маніторынг быў падзелены на дзьве часткі (з 14.11. 09 па 15. 02. 10 і з 15.02 па 14.05.10) з мэтай больш выразна ўбачыць зьмены ў акцэнтах і характары асьвятленьня тэмы.

ІІ. Галоўныя вынікі і высновы першага этапу
Дзяржаўныя мэдыя:
-- Цягам усяго гэтага пэрыяду маніторынгу тэма крызы не зьяўлялася самастойнай у дзяржаўных мэдыя. Яе мінімалісцкае асьвятленьне ці нават ігнарацыя стасаваліся з адным з галоўных ідэалягічных пасылаў, згодна зь якім крызы ў Беларусі няма. Асабліва характэрны такі пасыл быў на пачатку маніторынга. Так, паводле вэрсыі праграмы “В центре внимания”, Першы нацыянальны канал БТ, крыза фактычна не закранула краіну, а крызысная драма разыгрываецца па-за яе межамі. Бо ўрад своечасова прыняў меры, і людзі, так бы мовіць, нічога не заўважылі і не адчулі. А беларуская эканамічная мадэль у чарговы раз выявіла сваю трываласьць. Праўда, пад уплывам зьнешніх эканамічных фактараў адбыўся спад тэмпаў эканамічнага росту, аднак ён будзе адноўлены ў 2010 г. На пляны разьвіцьця эканомікі крыза не паўплывала і ня можа паўплываць. Адзіная нэгатыўная акалічнасьць палягае ў тым, што тэмпы нашага эканамічнага разьвіцьця будуць моцна залежыць ад здольнасьці суседніх эканомік пераадолець крызысныя зьявы. Мэсыдж праграмы быў дастаткова ясны: усё пад кантролем, няма аніякіх падставаў турбавацца, беларускія людзі могуць з упэўненасьцю глядзець у будучыню, на варце якой стабільны беларускі рубель. А зарукай гэтай упэўненасьці – пераадоленая рэцэсыя і эканамічны рост у 2010 г. Гэткім чынам, асьвятленьне тэмы крызы адбывалася ў выключна ідэалягічным ключы і не падлягала хоць якому рацыянальнаму асэнсаваньню (хаця жанр праграмы, нагадаем, вызначаецца як інфармацыйна-аналітычны);
-- Праграма “Наши новости” (НН), АНТ паўтарала ў галоўных рысах пададзеную вышэй схему. А менавіта, тэма альбо не падавалася ўвогуле, альбо толькі закраналася. У апошнім выпадку падтэкст быў наступны: нашай краіне ўдаецца супрацьстаяць навале, але крыза спусташае эканомікі суседніх краінаў. Разам з тым неабходна адзначыць, што, у адрозьненьне ад праграмы “В центре внимания”, у некаторых выпусках “НН” прысутнічалі спробы фрагмэнтарных тлумачэньняў крызыснай сытуацыі. Так, падзеньне беларускага экспарту “тлумачылася” наступным чынам: “Главная проблема – отсутствие маркетологов”( 17.11.2009). Альбо ў выпуску ад 08.12.2009 прагучалі наступныя фразы: «За последние 10 лет ВВП вырос в 2 раза. Но чтобы сохранить этот темп необходимо глубокое реформирование экономики»). Аднак аніякага разгортваньня гэтых тэзаў у зьмесьце выпускаў “НН” не было. Як і ў выпадку з папярэдняй праграмай, складваецца ўражаньне, што беларускае насельніцтва ня толькі не адчула аніякіх праяваў крызы, але і сама тэма яго мала цікавіць. А суб’екты, якія агучвалі тэму (галоўным чынам ускосна), гэта --журналісты і кіраўнік краіны. Пры гэтым “небеларускасьць” тэмы выразна падрэсьлівалася спасылкамі на крызысныя зьявы ў суседніх эканоміках;
-- Яшчэ больш выразнай была адсутнасьць тэмы ў рэгіянальнай тэлевізыйнай праграме“Навіны Рэгіён” ТРК “Магілёў”. Варта адзначыць, што слова “крыза” прагучала ўпершыню толькі ў сярэдзіне разгляданага пэрыяду маніторынгу;
-- Праграма “Радыёфакт” (Першы канал беларускага радыё) таксама не падала аніякіх дакладных адказаў адносна вытокаў крызы. Ёсьць адно спасылкі на крызу як на неспрыяльныя зьнешнія абставіны, якія перашкаджаюць нам ісьці далей. І ўсё ж ясна адно – крыза насунулася на нас з Захаду. Менавіта ён – сыходзячы з інфармацыйнай стужкі праграмы (у тым ліку і былыя сацыялістычныя краіны і савецкія рэспублікі, пра што распавядаецца з асаблівай прыемнасьцю) – найбольш пацярпеў ад крызы. Час ад часу прамаўляюць праўладныя эканамічныя экспэрты і аптымістычныя бізнэсоўцы – каб, натуральна, распавесьці, што ўсё будзе добра. А калі канкрэтныя праявы крызы ў Беларусі і паказваюць – вельмі рэдка – дык выключна ў пазытыўным фармаце. Маўляў, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, мы рухаемся ад перамогі да перамогі. Тэма крызы ў падачы праграмы нагадвала хутчэй вельмі спэцыфічную ці нават тэхнічную праблему, вырашэньне якой ляжыць выключна ў полі кампэтэнцыі ўлады. Таму няма пра што турбавацца: мы маем моцны ўрад, а нашая палітычная і эканамічная сыстэма нас ужо ня раз ратавала і будзе ратаваць надалей;
-- Уэб-старонка belta.by, параўнальна з іншымі электроннымі дзяржаўнымі мэдыя, утрымлівае відавочна больш матэрыялаў датычна тэмы, што перадусім тлумачыцца асаблівасьцямі самой уэб-тэхналёгіі. Аднак, як і ў папярэдніх мэдыя, тэма крызы прысутнічае мінімальна і падаецца ў неакцэнтаваным выглядзе. Датычна беларускай сытуацыі само слова “крыза” практычна не ўжываецца, а калі і ўжываецца, то пераважна ў кантэксьце, што паказвае на пасьпяховае пераадоленьне посткрызысных цяжкасьцяў. Асаблівасьцю падачы тэмы зьяўляецца яе дамінантнае супрацьпастаўленьне іншай тэме -- “беларуская эканоміка пасьпяхова разьвіваецца”. Увогуле ж, словы “разьвіцьцё”, “рост” ці “падвышэньне” датычна беларускай эканамічнай і сацыяльнай сытуацыі ўжываюцца непараўнальна часьцей за слова “крыза” ці словазлучэньне “сусьветная крыза”. Адпаведна, як і іншыя дзяржаўныя выданьні, сайт падае аптымістычную візыю на 2010. Гэткім чынам, “стратэгія” асьвятленьня тэмы даволі выразна будуецца на антытэзе: “У нас пазытыўныя тэндэнцыі, а ў іх спад, скарачэньні і пагроза дэфолту”, а таксама на аптымістычнай візыялізацыі будучыні ды на неакцэнтаваньні ўвагі на самой тэме крызы. Стылістыка падачы матэрыялу -- выразна афіцыйная. А ацэнка эканамічнай і сацыяльнай сытуацыі ў краіне ў адпаведных матэрыялух сайта з боку прадстаўнікоў хоць якіх сацыяльных групаў адсутнічае;
-- Агульнанацыянальныя газэты “Беларусь сегодня” і “Рэспубліка” права прамаўляць слова “крыза” дэлегавалі выключна кіраўніку краіны і старшыні ўраду. Заўважым, што прадстаўнічая галіна ўлады такога права не атрымала. Прынамсі, маніторынг не адзначыў ніводнага матэрыялу, які тычыўся б разгляду праблемаў крызы беларускім парлямэнтам, а тым болей мясцовымі саветамі. Гэта значыць, што акрамя вярхоўнай улады, для ўсіх іншых дзяржаўных інстытутаў, не кажучы ўжо пра асобныя сацыяльныя групы, тэма крызы на старонках “СБ” і “Р” табуяваная. У «СБ» і «Р» няма і знаку «маніторынгу» крызы, адсутнічае аналітыка яго працэсаў, апісаньне канкрэтных праяваў, дыскусія аб спосабах пераадоленьня паўсталых праблемаў. Да таго ж, цалкам заблакаваная «зваротная сувязь» з чытачом па гэтай праблематыцы. З «СБ» і «Р» немагчыма даведацца аб тым, якія сацыяльныя групы панеслі ад крызы найбольшыя страты, колькі згубіў ад яго кожны канкрэтны чалавек і, урэшце, усё беларускае грамадзтва ў цэлым.
Недзяржаўныя мэдыя:
-- Мэты агучваць стаўленьне і рэакцыю розных сацыяльных груповак “Эўрапейскае радыё” відавочна ня мае. Ды й ня мае і магчымасьцяў. Бо няздольнае наладзіць масавае апытаньне. Гэта інфармацыйная дошка, люстэрка падзеяў. А падзеяў, што адлюстроўваюць народнае стаўленьне да крызы, ня бачна. Тэма прысутнічае ў сюжэтах збольшага ўскосна, як нейкі непрыемны кантэкст. Ня болей за тое. Нейкая рысачка на агульнай мапе сусьветнай палітыкі, адна з агульных модных тэмаў размоваў з міжнароднымі экспэртамі, пра якую ніхто нічога дакладна ня ведае – і ня вельмі жадае ведаць. Таму крыза ў інфасыстэме “Эўрапейскага радыё” ніякі ня гіт – увогуле не нагода да разгорнутага выказваньня. Адзінае выключэньне – вялікая размова з эканамістам Зьмітром Крукам. Але і тут тэма размовы – ня сутнасьць крызы ў Беларусі, а калідор магчымасьцяў, адчынены праз крызысныя тендэнцыі ў Эўропе. То бок – зноў пра кантэкст. Мэсыдж прыкладна такі: з аднаго боку, крыза не спрыяе пазытыву, нічога добрага ў ім няма. З другога, і да яго жылі мы ня надта добра. А таму няма чаго занадта хвалявацца. І гэта праміне.
-- Нягледзячы на тое, што Інтэрнэт-рэсурс news.tut.by дастаткова рэгулярна разьмяшчаў інфармацыю, крыніцамі якой зьяўляюцца афіцыйныя органы (урад, нацбанк ды іншыя), ягоная рэпрэзэнтацыя тэмы маніторынгу, аднак, адрозьнівалася ад яе падачы ў дзяржаўных мэдыя. Перадусім – значнай прысутнасьцю матэрыялаў, прысьвечаных прыватнаму бізнэсу альбо матэрыялаў, што выяўляюць ягоны погляд на эканамічную сытуацыю ў краіне. Аднак гэтыя дзьве “плыні” інфармацыі практычна ніколі не перакрыжоўваюцца і як бы існуюць самі па сабе. То бок сайт, дэманструючы два розныя погляды на сытуацыю, фактычна ўстрымліваўся ад яе інтэрпрэтацыі.

Тое ж тычыцца і рэпрэзэнтацыі крызы па-за межамі Беларусі. Калі афіцыйныя мэдыя падаюць выключна нэгатыўную інфармацыю, сайт, на гэтым тле, публікуе цалкам нечаканыя матэрыялы кшталту“Экономика Швейцарии вышла из рецессии”. Разам з тым, у адрозьненьне ад надзвычай стрыманай (мінімалісцкай) рэпрэзэнтацыі крызы дзяржаўнымі мэдыя, спэктар падаваных сайтам крызысных зьяваў выглядае даволі шырока: ад росту запазычанасьці плацяжоў, скарачэньня аб’ёмаў перавозак прыватным бізнэсам да экспартнага дэфіцыту, адмоўнага сальда ў зьнешнім гандлі і адсутнасьці зьменаў у лепшы бок датычна няпоўнай занятасьці працаўнікоў. Неабходна аднак заўважыць, што падаваныя сайтам праявы крызы тычацца галоўным чынам прыватнага бізнэсу альбо макраэканамічных паказчыкаў. Як і ў дзяржаўных мэдыя, на сайце між тым фактычна адсутнічае погляд на зьвязаныя з крызай праблемы вачыма прадстаўнікоў розных сацыяльных груповак. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што форумы сайта даюць мажлівасьць свабодна выказацца яго наведнікам. Гэткім чынам, падыход сайта да асьвятленьня тэмы крызы можна сфармуляваць наступным чынам: афіцыйныя крыніцы паведамляюць нам пра посьпехі і запэўніваюць у добрых пэрспэктывах. Сытуацыя хаця і кантралюецца ўрадам, але ўсё ж пагаршаецца. А пэрспэктывы яе паляпшэньня – сумнеўныя;


-- Фармат Інтэрнэт-рэсурсу naviny.by не разьлічаны на пошукі “аўтараў” крызы, бо ў прынцыпе не адбудоўвае нейкай пасьлядоўнай пэрспэктывы “зь мінулага -- у будучыню”. Праца з штодзённым абнаўленьнем – гэта размова “пра сёньня – на сёньня”. Таму крыза разглядаецца як факт. Ён зараз ёсьць. І нічога болей. На ўзроўні публічнай рыторыкі прадстаўнікоў улады і экспэртаў працуе агульны падыход “пацярпелых ад крызы” – бо ўсе тут “змагаюцца з наступствамі” сусьветнай праблемы. Пра тутэйшыя карані крызы размовы не вядзецца. Сьвет захварэў – а мы глытаем лекі. Тым больш, што замежнікі самі дапамагаюць. Фактычна адбываецца дыялёг паміж рознымі закладнікамі крызы. Улада, з аднаго боку, абяцае пасьпяхова перамагчы нэгатыўныя тэндэнцыі, пахваляецца заходнімі крэдытамі і аднаўляе страчаныя з нагоды крызы магчымасьці супрацоўніцтва з расейскімі рэгіёнамі. З другога боку, дробныя прадпрымальнікі патрабуюць рэформаў і тлумачаць, што бязь іх выправіць сытуацыю немагчыма. Нарэшце, ёсьць і трэці бок – замежныя і айчынныя назіральнікі-экспэрты, якія выказваюцца з пазыцыі зьнешняга элітнага аналітыка, ня надта ангажаванага ў лякальны кантэкст. Канкрэтныя праявы крызы прысутнічаюць на двух узроўнях: непасрэдным і ўскосным. У першым выпадку пазначаюцца нейкія крокі, суадносныя з дакрызысным станам рэчаў. У другім – рэчы, накіраваныя на сацыяльную абарону і актывізацыю эканомікі (якая перажывае зараз не найлепшыя часы), то бок шэраг акцый, накіраваных на тое, каб паправіць справы. Тэма крызы не распрацоўваецца асобна, а, хутчэй, выкарыстоўваецца як сродак пазначыць пэўныя крытычныя кропкі ў існаваньні грамадзтва. Таму яна “паглынаецца” сацыяльнай тэматыкай і, адначасова, палітычнай рыторыкай. Мэсыдж сайта: крыза – гэта не хвароба, а праца. Сачы за ўладай і рабі сваё. Цудаў ня будзе;
-- З усяго сьпісу дасьледаваных крыніцаў «Белорусы и рынок» вылучаецца як адзінае насамрэч эканамічна-аналітычнае выданьне. Таму і стаўленьне да тэмы адпаведнае: асноўная форма выказваньня – аналітычны артыкул. Варта адзначыць, што агульная інтэнсыўнасьць асэнсаваньня крызы (сыходзячы з агульных памераў адпаведных тэкстаў) выпадае на лістапад-сьнежань. Потым інтарэс да тэмы зьніжаецца і пераходзіць у фармат агульных прагнозаў. Што да пытаньняў маніторынгу, то адказ на іх выглядае наступным чынам. У вэрсіі экспэртаў “БиР” крыза ёсьць спалучэньнем зьнешніх і ўнутраных абставінаў. То бок у Беларусі яна набывае выразныя лякальныя рысы: прыйшла з-за мяжы, але працуе ў кантэксьце наяўных памылак ураду. Асноўнымі аўтарамі выказваньняў зьяўляюцца прадстаўнікі мэтавай аўдыторыі выданьня і тыя асобы, якія ёсьць для гэтай аўдыторыі аўтарытэтамі (прафэсійнымі альбо адміністрацыйнымі). Таму пра крызу тут гавораць прэзыдэнт і міністры, амбасадары і топ-мэнэджэры, палітыкі (у асноўным апазыцыйныя), эканамічныя аналітыкі і экспэрты. Фактычна адбываецца “сустрэча на вышэйшым узроўні”: голас народу ня чутны – ды й не патрэбны: фармат выданьня не спрыяе “народнай” экспэртызе. Канкрэтныя праявы крызы выяўляюцца на мове агульных разважаньняў, лічбаў і пазначэньня тэндэнцыяў – то бок у фармаце афіцыйнай справаздачы, навуковай прамовы альбо статыстычнай даведкі. За адзначаны пэрыяд тэма крызы атрымала некалькі першапалосных матэрыялаў і сур’ёзныя па памерах тэматычныя блёкі амаль у кожным з дасьледаваных нумароў выданьня. Але збольшага яе месца – у другой палове нумару, што дазваляе яе разглядаць хутчэй як нейкія аб’ектыўныя абставіны (накшталт надвор’я), у якіх любым чынам давядзецца існаваць, чым у якасьці нейкай магчымасьці актыўнага супольнага дзеяньня. Дарэчы, агульная інтанацыя “БиР” – разважлівая, нават часам марудная -- у прынцыпе не арыентаваная на “гітавасьць”. Лексіка “БиР” – палепшаны і папраўлены канцылярыт – застаецца нязьменнай, незалежна ад аб’екту размовы. Падаецца, што нават пра канец сьвету яны паведамяць у сваім звычайным стылю: стрымана і без выразных эмоцыяў. Мэсыдж выданьня: ня варта чакаць цудаў. Крыза – не сенсацыя, а папросту зьява, празь якую трэба прайсьці. Глябальных зьменаў мы (то бок чытачы) зрабіць ня здольныя, а сваю справу і так робім незалежна ад абставінаў;
-- Адкуль зьявілася ў Беларусі крыза? Гэтае пытаньне ў прынцыпе ёсьць немагчымым для народнага выданьня «Комсомольская правда в Белоруссии». Бо “народ” цікавіць не паходжаньне сацыяльных хваробаў, а як зь імі паразумецца. Таму няма ні агучанага пытаньня “Кто виноват?”, ні, адпаведна, уцямнага адказу на яго. Паходжаньне крызы, такім чынам, выглядае праз прызму штодзённай сьвядомасьці чымсьці ірацыянальным – дарэчы, як і ўсё астатняе “нармальнае” жыцьцё. “Народнае” выданьне вымушана гуляць у аб’ектыўнасьць, бо зьвяртаецца да чытача, які на ўласнай скуры адчуў подых крызы. Таму ня верыць у адміністрацыйныя заклікі ды справаздачы. У той жа час “КП” старанна ўхіляецца ад нават мінімальных момантаў сацыяльнай напругі і працуе па прынцыпу “ясна, што сёньня цяжка, але заўтра, магчыма, будзе лепей”. Канкрэтна, гэта робіцца па схеме “1+1” – спачатку канстатацыя не найлепшых абставінаў нашага жыцьця, потым нон-стоп – абяцанкі на заўтра. Стаўленьне да крызы нэгатыўнае. Але з элемэнтам фаталізму. Маўляў, што тут зробіш? Трэба трываць. Крыза ў фармаце “КП” – не падзея, а непрыемныя абставіны штодзённага жыцьця. Ніякіх прэтэнзіяў ні да каго няма, змагацца няма за што ды й ляніва, як разгортваюцца падзеі – незразумела. Бо тут няма зорак, уцямнага сюжэту і дзевачак у бікіні. Таму ніякіх першых палос і разгорнутых абмеркаваньняў. Сур’ёзная крыза нецікавая і непажаданая тэма: яна няздольная канкураваць з забаўляльнымі зорнымі плёткамі. Танальнасьць асьвятленьня тэмы: стрыманы недавер да ўлады і ня надта моцная вера ў сябе. Гэта погляд на сытуацыю зьнізу ўверх, кропка погляду “маленькага чалавека”, ад якога фактычна нічога не залежыць. Таму і лексікон асьцярожны – нэўтральны, з ціхай, ледзь заўважнай іроніяй (якую вельмі лёгка прачытаць як павагу). Мэсыдж выданьня: крыза заляцела і да нас. Яна даволі адчувальна б’е па шараговых грамадзянах. Але зь ёй упарта змагаюцца. І, магчыма, перамогуць. А пакуль варта аддаць апошнія грошы жонцы і засвойваць стыль “антикризисный шик” -- усё экалягічна і проста;
-- Корпус матэрыялаў “Газеты Слонімскай” фармуецца як з артыкулаў уласных журналістаў, так і з перадрукаў з мноства розных сайтаў -- беларускіх ды замежных. Але калі браць пад увагу матэрыялы адно журналістаў рэдакцыі, дык за пэрыяд маніторынгу ў іхніх матэрыялах ні разу не прагучала слова “крыза”. Уласную няўвагу да крызы рэдакцыя спрабуе кампэнсаваць праз перадрук запазычаных матэрыялаў.

Наўрад ці трэба сумнявацца, што такая гранічная няўвага да праблемаў, якія спараджае крыза, ня ёсьць сьвядомай палітыкай рэдакцыі. А вось адказаць на пытаньне, з чаго гэта незалежнае дэмакратычнае выданьне прытрымліваецца менавіта такой палітыкі – зусім ня проста. Амаль напэўна, што часткова на гэтае рашэньне паўплывала агульная ідэалёгія ўлады, скіраваная на мінімізацыю інфармацыі, датычнай праблемаў крызы. І рэдакцыя з абачлівых меркаваньняў вырашыла лішне не чапаць уладу. Але разам з гэтым цалкам магчыма, што правінцыя насамрэч не адчувае крызу ў той меры, як вялікія гарады і сталіца. Рэч у тым, што ў “сытыя” гады яе пад’ём быў зусім нязначным, таму ў крызу яна асабліва і не “апусьцілася”;


-- “Рэгіянальная газета” яшчэ больш выразна пазьбягае асьвятленьня тэмы крызы, якая амаль цалкам у ёй адсутнічае. Адзінае выключэньне – перадук матэрыялу, у якім паведамляецца пра тое, што ўрад плянуе лібералізаваць цэны. Ды рэакцыя на яго ў рубрыцы “На сувязі” мясцовага аптыміста дзядзькі Міхася: “Цэны адпусцілі, але мы асабліва на сабе гэтага не адчулі. Добра, што прадаўцы адчуваюць меру і не перагібаюць палку” (13.11.2009).
З пададзеных вышэй мэдыярэпрэзэнтацый крызы можна папярэдне зрабіць наступныя высновы:


  • Няма сумневу, што мінімізацыя асьвятленьня тэмы крызы дзяржаўнымі СМІ мела выразна палітычную зададзенасьць і адмыслова падтрымлівалася ідэалягічным апаратам дзяржавы;

  • сэнс гэтай зададзенасьці палягаў на тым, каб не дапусьціць каналізацыю крызы з прасторы рэальнасьці ў сымбалічную прастору, гэта значыць у дыскурс масавай сьвядомасьці (а тым болей даць атабарыцца там пэўнаму нэгатыўнаму ўяўленьню пра эканамічную і сацыяльную сытуацыю ў краіне);

  • у варыянце недзяржаўных мэдыя няўвага да маніторынгаванай тэматыкі паказвае на адсутнасьць выразнай рэакцыі грамадзкай апініі на сытуацыю крызы, ды, адпаведна, -- на адсутнасьць хоць якога сур’ёзнага сацыяльнага ці палітычнага напружаньня ў краіне (у межах розных сацыяльных груповак);

  • адзіным суб’ектам, які (зноў жа ў мінімалісцкім фармаце) спрабуе выявіць сваю пазыцыю, зьяўляецца недзяржаўны бізнэс. Іншыя ж сацыяльны групоўкі ня маюць выразнага стаўленьня да праблемы ці, прынамсі, патрэбы ў публічным агучваньні сваёй пазыцыі;

  • аднабаковая камунікацыя (“зьверху-ўніз”), якую практыкуюць дзяржаўныя мэдыя ў асьвятленьні тэмы крызы, і адсутнасць “зваротнай сувязі” сьведчаць пра тое, што аб’яўленая ў краіне лібералізацыя не скіраваная на трансфармацыю сутнасьці палітычнай улады, а мэдыйная праца ёсьць ня болей як сродак аўтарытарнага ідэалягічнага праграмаваньня шараговага чытача/гледача.



ІІІ. Галоўныя вынікі і высновы другога этапу
Як і ў першы пэрыяд маніторынга, агульная тэндэнцыя палягала ў тым, што дзяржаўныя і недзяржаўныя мэдыя яшчэ больш выразна страчвалі цікавасьць да тэмы крызы, і пераходзілі (галоўным чынам, дзяржаўныя мэдыя) да своеасаблівага “падвядзеньня вынікаў”, якія, паводле іхняга меркаваньня, паказваюць на тое, што параўнальна з іншымі краінамі Беларусь выйшла з крызы ня толькі з найменшымі стратамі, але ж і найхутчэй справілася з эканамічнай рэцэсыяй.
Можна таксама канстатаваць, што малая цікаўнасьць мэдыя да тэмы крызы зьвязаная і з адсутнасьцю хоць якіх істотных сацыяльных і эканамічных наступстваў для большасьці жыхароў краіны. Што, з аднаго боку, абумоўлена, як выглядае, эфэктыўнымі дзеяньнямі ідэалягічнага апарату дзяржавы, які змог перакрыць каналы распаўсюду крызыснай праблематыкі з прасторы рэальнасьці ў сымбалічную прастору масавай сьвядомасьці, а, з другога, досыць пасьпяховай фінансава-крэдытнай палітыкай ураду, які праз буйныя займы (перадусім у МВФ) змог стабілізаваць ня толькі фінансавую, але ў нейкай ступені і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў краіне.

Агульную тэндэнцыю -- радыкальнае зьніжэньне ўвагі да тэмы маніторынгу найбольш выразна прадэманстравала дзяржаўнае выданьне “Беларусь сегодня”. Цягам апошніх трох месяцаў маніторынгу (у 60 выпусках газэты) быў надрукаваны толькі адзін адпаведны матэрыял. І яшчэ ў пяці выпадках крыза фрагмэнтарна згадвалася ў кантэкстах, прысьвечаных іншым тэмам. Падобная тэндэнцыя назіралася і ў іншых дзяржаўных і незалежных выданьнях. Што праўда, тут ёсьць адно выключэньне. У газэце “Рэспубліка” аналітыка крызавых праяваў у краіне ўзрасла і колькасна, і якасна.


Разам з тым, за ўвесь пэрыяд дасьледаваньняў, у дзяржаўных выданьнях ні разу не сустракаліся азначэньні кшталту “крызіс беларускай эканомікі” ці “фінансава-эканамічны крызіс краіны”. Заўсёды гэтая праблема аб’яўлялася як створаная на Беларусі сусьветнай крызай. А “Пасланне...” А. Лукашэнкі да таго ж выразна зафіксавала зьмену мэсыджа, які галоўны актор палітычнай сцэны даслаў грамадзтву. Калі падчас першага этапу дасьледаваньня месыдж у героіка-патрыятычнай танальнасьці гучаў як: мы пераможам (крызу). Дык цяпер ён гучыць наступным чынам: мы пераможцы (крызы). І зараз нашай асноўнай задачай ёсьць плённа скарыстацца з гэтай перамогі, каб пераможна рушыць у будучыню. Няцяжка прадбачыць, што калі ў крызы ня будзе «другой хвалі», дык вялікая перамога над крызай станецца галоўным аргумэнтам А. Лукашэнкі ў наступных этапах барацьбы за палітычную ўладу.
Разам з тым варта адзначыць, што пра завяршэньне крызы дзяржаўныя мэдыя (Першы нацыянальны канал і АНТ) абвесьцілі ў сярэдзіне сакавіка, то бок, прыкладна за месяц да Пасланьня А. Лукашэнкі парлямэнту і беларускаму народу. І пасьля некаторай паўзы ў асьвятленьні тэмы на названых каналах пачынаюць зьяўляцца характэрныя сюжэты, якія гавораць пра эканамічную экспансыю Беларусі, пашырэньне міжнароднага супрацоўніцтва, упэўненае разьвіцьцё рэгіёнаў, адноўленыя і дастаткова высокія тэмпы эканамічнага росту, новыя пляны і пазытыўныя пэрспэктывы разьвіцьця краіны.
У агульнай патасна-пераможнай танальнасьці матэрыялаў, апублікаваных у дзяржаўных мэдыя, дысанансна выглядалі некаторыя матэрыялы газэты “Рэспубліка”, дзе падаваліся канкрэтныя факты і лічбы падзеньня беларускага экспарту. Аднак публікацыя гэтых матэрыялаў ня мела сыстэмнага характару, іх нельга назваць тыповымі. Яны насамрэч былі нешматлікімі выключэньнямі.
Недзяржаўныя мэдыя гэтак жа сама істотна зьменшылі сваю ўвагу да крызавай праблематыкі, якая ў большасьці выданьняў калі і зьяўлялася, дык у выглядзе фонавых узгадак. Найбольш сыстэмна гэтую праблематыку разглядала газэта “Белорусы и рынок”. Аднак і ў гэтым выданьні тэматыка мігравала з першых палосаў на іншыя. А сама крыза разглядаецца як працэс збольшага завершаны, хоць і ня скончаны цалкам. Інакш кажучы, размова можа ісьці пра тое: а) як доўга можа працягвацца працэс выхаду з крызы і б) якія высновы з крызавага досьведу варта зрабіць дзяржаўнаму топ-мэнэджмэнту.
Надалей падаюцца і аналізуюцца канкрэтныя матэрыялы маніторынгу ўсіх 14 СМІ, што падтрымліваюць як зробленыя вышэй высновы, так і тыя, якія будуць зробленыя ніжэй.

: images -> doc-pdf
images -> Беларуская мова (прафесійная лексіка)
images -> Вучэбная праграма для спецыяльнасці
images -> «магілёўскі інстытут міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі беларусь»
images -> Упраўленне адукацыі гомельскага аблвыканкама установа адукацыі
images -> “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” Метадычныя ўказанні па падрыхтоўцы да заліку па дысцыпліне “Беларуская мова
images -> Прамежкавая справаздача па рэалізацыі педагагічнага праекта
images -> Забалацкі вучэбна педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Любанскага раёна
images -> Пан езус прыгавораны да смерці
doc-pdf -> Шлях беларусі ў ЕЎропе мінск, 9-10 лютага 2010 года


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка