Асобы аляксандр тамковіч


СПІКЕР УЛАДЗІМІР КАНАПЛЁЎ



старонка3/9
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

26.09.07
СПІКЕР УЛАДЗІМІР КАНАПЛЁЎ
У адрозненне ад Віктара Ганчара прозвішча Канаплёва ёсць у энцыклапедыі «Рэспубліка Беларусь», якая зараз выходзіць з друку.

На мой погляд, з часам гэта выданне будзе вельмі папулярным сярод букіністаў як найбольш яскравы прыклад палітычнай цэнзуры. Дарэчы, пра Канаплёва там сказана вельмі мала, літаральна адзін абзац. Па сутнасці, ідзе толькі пералічэнне біяграфічных звестак, і не больш. Пачатак біяграфіі — звычайны для тысяч і тысяч савецкіх людзей. І незвычайны ўзлёт, характэрны для эпохі кардынальных перамен.

Нарадзіўся Уладзімір Мікалаевіч у вёсцы Акуліцы (так у афіцыйнай біяграфіі) Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці. Уся яго вышэйшая адукацыя складаецца з аднаго Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (універсітэтам ён стаў значна пазней, і гэта зразумела — кузня кадраў) імя Аркадзя Куляшова. Не ўсе ведаюць, што па прафесіі Канаплёў географ. Больш вядомая яго пасада ў міліцыі — інспектар па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Шклоўскага райвыканкама. Кажуць, што адтуль яму давялося сысці і зноў заняцца педагогікай. Першае працоўнае месца — выхавальнік у Шклоўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для сляпых дзяцей і дзяцей са слабым зрокам. Далей «правільныя» крыніцы пішуць, што ў 1994 годзе ён стаў галоўным памочнікам прэзідэнта РБ. Але мы прапануем вярнуцца на чатыры гады раней. У 1990 годзе дэпутатам ад Шклоўскай выбарчай акругі стаў Аляксандр Лукашэнка, які зрабіў сваім дэпутацкім памочнікам Уладзіміра Канаплёва. З гэтага часу той і пачаў займацца палітыкай. Тут пачатак яго ўзыходжання па прыступках улады, аж да верхняй пляцоўкі.

У 1994 годзе адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары. Калі здалі так званыя падпісныя лісты, высветлілася, што Лукашэнка толькі чацвёрты па колькасці сабраных подпісаў. Больш было ў Кебіча, Пазьняка і Новікава. Лукашэнка здаў 176 тысяч. Больш за 75 тысяч сабраў Канаплёў са сваёй жонкай Алай. Яны аб’ехалі ўсю Магілёўскую вобласць і некаторыя раёны Віцебскай і Гомельскай. Потым Ала Канаплёва скажа: «Мы ў 1994 годзе зрабілі памылку. Трэба было адразу Валодзю раскручваць».

У 1995 годзе Канаплёў сам вырашыў стаць дэпутатам і выбраў менавіта тую акругу, дзе быў памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання Аляксандра Лукашэнкі. Без якіх-небудзь праблем ён трапіў у склад наступнага склікання і быў адным з тых, хто гэты парламент пахаваў. Дакладней, вельмі дапамог пахаваць.

Першапачаткова прапрэзідэнцкую фракцыю «Згода» ўзначаліў Уладзімір Грыгор’еў, але ён вельмі хутка вызваліў пасаду для Канаплёва. Потым была начная сустрэча ў Мінску, куды з Масквы прыляцелі прэм’ер-міністр Віктар Чарнамырдзін і кіраўнікі дзвюх палат Федэральнага сходу Расіі Генадзь Селязнёў і Ягор Строеў. Лукашэнка падпісаўся пад абяцаннем не рабіць вынікі лістападаўскага рэферэндуму абавязковымі калі будзе прыпынена працэдура імпічменту. Больш за тое, прапанавалася зрабіць канстытуцыйную камісію, у склад якой увайшлі б 50 чалавек ад прэзідэнта і 50 — ад Вярхоўнага Савета, дзе таксама былі прыхільнікі Лукашэнкі.

Параза Вярхоўнага Савета была настолькі відавочнай, што на наступны дзень на тагачаснага спікера Сямёна Шарэцкага было шкада глядзець. Адчувалася, што яму вельмі сорамна за сваю мяккацеласць. Тым больш, што яго паводзіны былі ў многім вынікам учынку старшыні Канстытуцыйнага суда Валерыя Ціхіні, пра што падрабязней наступным разам.

Але той канстытуцыйнай камісіі так і не адбылося. Перш за ўсё па прычыне, што не стала самога Вярхоўнага Савета.

Адбылося гэта так. Падпісанае Шарэцкім пагадненне павінен быў зацвердзіць Вярхоўны Савет, але тут нечакана супраць выступіла фракцыя «Згода». Добра памятаю, як Канаплёў выйшаў тады ў сярэдзіну залы і падняў над галавой свой чорнага колеру мабільнік, наглядна дэманструючы, ад каго ідуць такія інструкцыі: усе ведалі, чый ён памочнік і бліжэйшы паплечнік. Чорны колер мабільніка Канаплёва стаў чорным колерам лёсу ўсёй краіны. Прапрэзідэнцкая фракцыя заваліла пагадненне.

Праз гадзіну давялося сустрэцца з вядомым дэпутатам В. Кучынскім. Убачыўшы мяне, ён сам адказаў на пытанне, якога не было: «Надакучыў бардак, патрэбны парадак».

Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года (гэта было чаканым) Канаплёў трапіў у першы склад Палаты прадстаўнікоў і стаў там намеснікам спікера. Першая сесія адбылася 17 снежня. Праіснавала ПП амаль чатыры гады. 15 кастрычніка 2000 года адбыліся выбары ў палату другога склікання. У Канаплёва тады былі выключныя шанцы стаць старшынёй. У склад «кампактнага» парламенту ўваходзілі 110 дэпутатаў. Уладзіміра Мікалаевіча «выдвигали» 60 чалавек і перамога была, па сутнасці, у кішэні. Але прэзідэнт палічыў інакш. Спікерам стаў Папоў, а Канаплёў, які нечакана для ўсіх адмовіўся ад барацьбы, толькі яго намеснікам.

Ці было гэта праявай магчымага прэзідэнцкага недаверу?

Сам Канаплёў падобныя чуткі абвяргае, але яму мала хто верыць, асабліва ў святле апошніх падзей. Першы «свісток» прагучаў яшчэ ў 1994 годзе, калі нечакана высветлілася, што пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах для Канаплёва не знайшлося рабочага кабінета. Тады гэты «казус» хутка вырашылі, але нічога ў нашым жыцці не адбываецца выпадкова.

16 лістапада 2004 года Уладзімір Канаплёў абраны старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання. 11 верасня 2007 года ён напісаў заяву аб адстаўцы, якая і была задаволена Палатай прадстаўнікоў на сесіі 2 кастрычніка: са 107 дэпутатаў 88 прагаласавалі «за», але ж і 19 — «супраць». Апошняя лічба выклікае здзіўленне. Пры тым аднадушшы, якое па ўсіх пытаннях дэманструюць дэпутаты, 19 — гэта многа. Уладзімір Канаплёў можа быць усцешаны: у яго ёсць сапраўдныя, адданыя, калі не сябры, то прыхільнікі. А мо маналіт даў расколіну, і на зломе пэўных эканамічных цяжкасцяў, выкліканых зменай цэнавай палітыкі Расіі, з’явіліся пэўныя супярэчнасці ў кіруючай беларускай эліце? Афіцыйны матыў адстаўкі Уладзіміра Канаплёва — «стан здароўя і немагчымасць у сувязі з гэтым выконваць службовыя абавязкі на ранейшым узроўні». У гэта мала хто паверыў. І, відаць, невыпадкова ў некаторых дзяржаўных СМІ з’явіліся падрабязнасці пра тое, што Канаплёва чакае вельмі цяжкая аперацыя. Але і гэта выклікае шмат пытанняў. Хаця б таму, што адразу ж пасля нечаканага кроку мужа напісала заяву пра звальненне з працы ў Міністэрстве адукацыі Ала Канаплёва.

Ці не ўпершыню адстаўка высокапастаўленага чыноўніка выклікала абмеркаванні, чуткі на побытавым узроўні. У электрычцы давялося чуць энергічны абмен думкамі наконт сапраўднага месцазнаходжання Канаплёва, у краме — пра сапраўдныя прычыны адстаўкі.

Што казаць — імя гэта вядомае ў Беларусі. Не дзякуючы высокай пасадзе главы заканадаўчай улады, якая па сутнасці нічога сама не вырашае, пра дзейнасць якой няшмат паведамляюць СМІ. А дзякуючы статусу дэпутата Вярхоўнага Савета, які меў і сапраўдныя ўладныя паўнамоцтвы, і шырокую публічную трыбуну, аж да непасрэднага тэле- і радыёэфіра. Дзякуючы публічнай дзейнасці ў сапраўды публічнай кампаніі па выбарах першага прэзідэнта ў камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Дзякуючы шматгадоваму знаходжанню ў яго бліжэйшым атачэнні. А тут нечаканы добраахвотны сыход з гэтай каманды яе апошняга (калі не лічыць Віктара Шэймана) ветэрана, сябра і паплечніка.

Дзякуючы менавіта гэтай пазіцыі, а не публічнай пасадзе, Уладзімір Канаплёў меў, трэба меркаваць, значны ўплыў на палітыку. Але нябачны, прыхаваны ва ўнутраных інтрыгах барацьбы. Там крыецца тайна і яго адстаўкі. Тайнае, як вядома, калі-небудзь, але ж усё-такі ўсплывае. Пакуль ясна адно: ратацыя кадраў і змена каманды, уласцівыя ўсім аўтарытарным рэжымам, у яе сучаснай беларускай мадэлі з адстаўкай Канаплёва набылі дастаткова завершаны выгляд, вызначылі пэўны этап у яе развіцці. Як і што далей — пакажа час.



30.09.07

СТАРШЫНЯ КС -- ВАЛЕРЫЙ ЦІХІНЯ
Адразу ж падкрэслю, што наўмысна не буду выказваць сваё асабістае стаўленне да гэтага чалавека. Таму вельмі прашу не ўспрымаць мой нарыс як нейкі палітычны прысуд. Па вялікім рахунку такое права мае толькі гісторыя. Упэўнены, Валерый Гур’евіч Ціхіня гэта добра ведае, таму і імкнецца апраўдаць свае крокі чыста юрыдычнымі нюансамі.

Але спачатку традыцыйна некалькі біяграфічных момантаў.

Валерый Гур’евіч Ціхіня нарадзіўся 1 кастрычніка 1940 года ў гарадскім пасёлку Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1963 годзе юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчага інстытута судо­вых экспертыз.

У 1966 годзе яго пазвалі працаваць у пракуратуру, дзе Ціхіня быў спачатку памочнікам пракурора раёна, а потым памочнікам пракурора Мінска, пракурорам Ленінскага раёна беларускай сталіцы.

3 1974 года Ціхіня працуе ў БДУ, дзе з’яўляецца старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, дэканам юрыдыч­нага факультэта, прарэктарам па вучэбнай працы.

У 1989 годзе прызначаны міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У наступным годзе абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і пакідае пасаду галоўнага юрыста рэспублікі.

У гэты ж перыяд яго абралі адным з сакратароў ЦК КПБ. Партыйную кар’еру Ціхіня пачаў рабіць тады, калі у КПСС перажывала далёка не лепшыя часы. З новымі жыццёвымі арыенцірамі Валерыю Гур’евічу яўна не пашанцавала. ПКБ, як вядома, жнівеньскі путч падтрымала, але ж сам путч праваліўся. І адказнасць панеслі ў першую чаргу тыя, хто тады быў на партыйнай перадавой. Калі лідара ПКБ Малафеева сцягнулі з трыбуны, то Ціхіню людзі проста не пусцілі ў будынак Вярхоўнага Савета. У Валерыя Гур’евіча здарыўся сардэчны прыступ, і дружына БНФ мусіла ратаваць яму жыццё.

Пасля гэтага выпадку Ціхіня доўга быў у шпіталі. Можа, сапраўды хварэў. Можа вытрымліваў звычайную паўзу.

3 1991 года ён працаваў загадчыкам кафедры права Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў. А ў 1993 годзе стаў намеснікам Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

15 сакавіка 1994 года Мечаслаў Грыб падпісаў першую Канстытуцыю, а праз кароткі тэрмін Валерый Гур’евіч Ціхіня быў абраны першым старшынёй Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Дзе і адбыліся яго ўзлёт і яго падзенне.

Магчыма гэта суб’ектыўна, але, на мой погляд, пасада старшыні КС аказалася менавіта той, да якой усё жыццё і імкнуўся Ціхіня. Супрацьстаянне паміж маладым прэзідэнтам Лукашэнка і Вярхоўным Саветам пачалося адразу ж, таму Валерый Гур’евіч рабіўся адным з галоўных людзей у краіне. Больш за тое, гэта разумеў не толькі ён, але і іншыя.

Напрыклад, калі прэзідэнт толькі пачынаў адбудоўваць сваю знакамітую “вертыкаль”, і ў Закон аб мясцовым самакіраванні ўнёс пэўныя карэктывы, гэта вызвала адпаведную рэакцыю часткі дэпутатаў і яны звярнуліся ў Канстытуцыйны суд. Першы востры юрыдычны канфлікт. А. Лукашэнка нават прыпыніў свой адпачынак у Сочы, вярнуўся ў беларускую сталіцу і асабіста прыйшоў у КС. Гутарка адбылася амаль сяброўская, калі меркаваць па тым факце, што напрыканцы ўдзельнікі нават разам сфатаграфаваліся. Ці не вынікам гэтай сустрэчы і сталася “ніякае” рашэнне КС? Такім чынам, першая перамога была атрымана яшчэ да пачатку вайны.

Але гэта не гарантавала законапаслухмянасць у далейшым. За два гады існавання таго складу Канстытуцыйнага суда А. Лукашэнка парушыў Канстытуцыю краіны 17 разоў. Разумелі сапраўдны кошт ціхіненскай пасады і апаненты прэзідэнта. Невыпадкова, яны намякалі, што калі адбудуцца новыя прэзідэнцкія выбары, В.Г. Ціхіня будзе іх кандыдатам.

У той час палітыкі толькі-толькі пачалі ўжываць моднае іншаземнае слова “піяр”, але па поўнай праграме рабілі тое, што ён азначае. Ціхіня не быў выключэннем. Ён сам прапаноўваў журналістам зрабіць з ім інтэрв’ю, існаваў своеасаблівы “канвеер”. Успамінаю, як выходзячы ад Ціхіні я сустрэў у дзвярах кабінета калегу з “Белорусской деловой газеты».

Галоўная ж схватка адбылася вакол лістападаўскага рэферэндуму 1996 года. Нагадаю, што працэс імпічменту прэзідэнту, ініцыяваны часткай дэпутатаў Вярхоўнага Савета набіраў абароты. Завяршыць яго перашкодзіў менавіта В.Г. Ціхіня.

Подпісы за пачатак працэдуры адхілення А. Лукашэнкі ад улады ў Канстытуцыйны суд прынёс былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. Услед за ім амаль імгненна ў кабінеце Ціхіні з’явіўся кіраўнік канцэрна “Белнафтахім” Анатоль Мардашоў. Што ён сказаў Валерыю Гур’евічу - вядома толькі ім, але пасля размовы Ціхіня адразу ж накіраваўся ў прэзідэнцкую адміністрацыю. А калі вярнуўся, то прапанаваў пакуль не прымаць ніякага рашэння. Гэта не прайшло, таму што абурыліся іншыя суддзі: справа была тэрміновай. Ціхіня быў вымушаны даручыць Міхаілу Пастухову, як суддзі-дакладчыку, рыхтаваць пасяджэнне.

Гэты момант можна лічыць кульмінацыйным. Першапачаткова з Ціхінем была дамоўленасць, што імёны тых дэпутатаў, якія ініцыявалі імпічмент, застануцца невядомымі, што будзе названа толькі іх колькасць (як пацвярджэнне канстытуцыйнай абгрунтаванасці ініцыятывы). Таму можна зразумець здзіўленне суддзяў, калі яны ўбачылі ў падрыхтаваных матэрыялах прозвішчы падпісантаў. Больш за тое, нейкім чынам спіс апынуўся ў прэзідэнцкай адміністрацыі. Многія ўпэўнены, што гэта зрабіў Ціхіня, але мы нічога адназначна сцвярджаць не будзем. Гэта пытанне няхай застанецца для гісторыкаў.

Галоўнае, на мой погляд, не хто парушыў нормы маралі, а што было потым.

А “потым” пачалася “обработка”. Размовы, шантаж, ціск. Некаторыя “зламаліся”, але большасць засталася прынцыповай.

Тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета Іван Крук расказваў, як кожную ноч да яго хаты пад’язжала машына і да раніцы фарамі асвятляла вокны.

Вядомы і другі выпадак: дэпутату, хвораму ракам, прапанавалі - альбо адклікай свой подпіс, альбо не будзем лячыць.

У рэшце рэшт, імпічмент, прызначаны на 22 лістапада, не адбыўся, але наконт колькасці подпісаў, якія засталіся, дазволю сабе не прыняць арыфметычную логіку Ціхіні. Ён кажа, што іх засталося толькі 27. Гэта зафіксавана ў інтэрв’ю “Народнай волі” 3 верасня 2005 года. У самым пачатку подпісаў было 73. Столькі ў Канстытуцыйны суд прынёс генерал Юрый Захаранка. Потым, дакладней пасля таго, як стала зразумела, што начныя пагадненні ўлада выконваць не збіраецца, да спіса далучылі свае подпісы яшчэ два дэпутаты. Дарэчы, адзін з іх - Сямён Шарэцкі. Пасля таго, як пачалі “давіць”, лік падпісантаў скараціўся, паводле слоў тагачаснага суддзі КС Міхаіла Пастухова, на 12 чалавек. Нават калі падзяліць іх на тры, што мала верагодна, ціхінеўскі вынік не атрымаецца ўсё роўна. Такім чынам, патрэбных 70 подпісаў не было, аднак лічбы, названыя Ціхінем, таксама нельга лічыць сапраўднымі.

Дарэчы, пасяджэнне КС не адбылося не па прычыне недахопу подпісаў. 21 лістапада ў Мінск прыляцелі расійскія “посредники” Чарнамырдзін, Строеў і Селязнёў. Перамовы адбываліся ноччу на Вайсковым завулку. Прэзідэнцкі бок прадстаўлялі Лукашэнка, Мясніковіч і Васілевіч, Вярхоўны Савет - Шарэцкі, Калякін і Карпенка. Апошнія былі проста шакіраваны тым, што ўбачылі ў зале для перамоў Ціхіню. Валерый Гур’евіч настойваў, літаральна прымушаў Шарэцкага падпісаць пагадненне як мага хутчэй.

Раніцай Ціхіня прапанаваў сваім калегам не пачынаць імпічменту, але тыя адмовіліся. Тады ён перанёс пачатак пасяджэння, каб з Вярхоўнага Савета паспелі адклікаць подпісы. Пасяджэнне адбылося толькі ўвечары.

Далей, як вядома, пагадненне не было выканана і пагроза імпічменту ўзнікла зноў. Але Ціхіня не спяшаўся і прызначыў пасяджэнне толькі на аўторак 26.

24 лістапада 1996 года адбыўся рэферэндум. На наступны дзень Ярмошына хуценька падвяла вынікі. 26 лістапада Лукашэнка падпісаў Закон аб спыненні імпічменту.

Ціхіня не атрымаў нічога.

Калі яго прызначалі старшынёй Канстытуцыйнага суда, В.Г. Ціхіня абяцаў А.Г. Лукашэнку, што пры ім імпічменту не будзе. Свой абяцанак Валерый Гур’евіч выканаў.

Не буду гадаць, што канкрэтна стаіць за такімі паводзінамі, аднак некаторыя крокі даволі цяжка назваць адэкватнымі. Нават тое, як Ціхіня сыходзіў з пасады кіраўніка Канстытуцыйнага суда, выклікае шмат пытанняў.

4 снежня 1996 года ён правёў прэс-канферэнцыю, дзе сказаў, што падаў заяву аб звальненні на імя старшыні Вярхоўнага Савета, што цалкам адпавядае Канстытуцыі краіны. А на наступны дзень, 5 снежня, напісаў яшчэ адну – на імя прэзідэнта.

Той вельмі хутка гэтую просьбу задаволіў і крэсла Ціхіні заняў Рыгор Васілевіч, “асабістая думка” якога заўжды супадала з намерамі ўладаў.

Напрыканцы адзначу, што Валерый Гур’евіч абсалютна меў рацыю сцвярджаць аб тым што краіна ператвараецца ў нейкі прававы Чарнобыль. І ў першую чаргу таму, што той, хто павінен быў абараняць Закон, менавіта Закону і здрадзіў.



03.10.07

СУДДЗЯ КС – МІХАІЛ ПАСТУХОЎ
У жыцці чалавека здараюцца моманты, якія патрабуюць учынку. Асабліва на зломе эпох. Ці ёсць учынак, ці яго няма. І ўсё зразумела: ці была і ёсць асоба, характар, воля, пазіцыя, ці - няма. Адзін эпізод – і чалавек як на далоні.

Старшыня КС Валерый Ціхіня – фігура змовы. І суддзя КС Міхаіл Пастухоў – фігура супраціву, фігура прынцыповай пазіцыі за вяршэнства закона. Менавіта так яны ўспрымаліся падчас імпічменту, які стаўся контрпунктам беларускага раздарожжа найноўшага часу – назад да аўтарытарызму, ці наперад, да дэмакратыі.

Пасля правалу імпічменту Міхаіл Пастухоў не проста ціха падаў у адстаўку, каб неяк прыстасавацца да новых умоў, а зрабіў гэта адкрыта і прынцыпова. Я помню сход-мітынг дэмакратычнай грамадскасці ў Доме літаратара, які стыхійна сабраўся літаральна адразу ж пасля абвяшчэння сумных звестак. І Міхаіла Пастухова на трыбуне, які ў сваім звычайным стылі, па-прафесарску спакойна, нават сухавата, выклаў сваю версію падзей вакол імпічменту, парушэнняў пры гэтым Канстытуцыі і дзеючага заканадаўства. І мімаходзь, як аб нечым само сабой зразумелым, сказаў і аб сваім рашэнні аб адстаўцы ў знак пратэсту. Без позы і эфектных слоў ён рабіў і гаварыў тое, што дыктаваў прафесійны гонар і сумленне. Рызыкуючы ўласным статусам, сваім і сям’і дабрабытам. Якраз тым, звычайным, побытавым, што служыла і служыць для многіх і многіх апраўданнем свайго прыстасаванства. І што заўсёды было і застаецца ці не галоўнай перашкодай да перамен, да прарыву на новыя ўзроўні развіцця нацыі і краіны. Так асабістае, прыватнае зліваецца ў агульныя тэндэнцыі. Ці на ўзлёт, ці на адкат.

Помню і рэакцыю залы, да пранізлівай цішыні зразумеўшую ўсю грамадзянскую мужнасць гэтага Ўчынку, які надаваў аптымізму, здавалася ў безнадзейна песімістычны момант.

І з гэтага моманту бярэ пачатак непахісны аўтарытэт Міхаіла Іванавіча і непахісная да яго павага. Як да чалавека і да прафесійнага юрыста.

Як жартуюць у сяброўскіх колах, адным з галоўных недахопаў Міхаіла Іванавіча Пастухова з’яўляецца тое, што ён амаль не мае недахопаў. Успамінаю фразу вадзіцеля Беларускай асацыяцыі журналістаў Д. Парфяновіча: “Нават на сяброўскія “п’янкі”, прымеркаваныя нейкім падзеям, Пастухоў ходзіць як на чарговае мерапрыемства”.

Дазволю сабе цытату з нулявога (на той час яшчэ не было самога Канстытуцыйнага суда) нумару “Весніка Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь” ад 20 студзеня 1994 года.

“Пастухоў Mixaiл Іванавіч нарадзіўся 7 красавіка 1958 года ў горадзе Сураж Бранскай вобласці. У 1980 годзе скончыў з адзнакай юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1983 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі i права Акадэміі навук Беларусі. 3 1985 года - на Вышэйшых курсах Камітэта дзяржаўнай бяспекі, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт кафедры прававых дысцыплінаў, намеснік начальніка навукова-даследчага аддзела. У 1993 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара юрыдычных навук”.

Паступаць на юрфак БДУ Міхаіла Пастухова сагітаваў старэйшы брат, які вучыўся ў РТІ. Маўляў, ніякіх праблем з беларускай мовай не будзе. Сапраўды, напрыканцы сямідзесятых іх не было, як, дарэчы, і зараз. Аднак, нягледзячы на гэта, Міхаіл Іванавіч даволі часта для сваіх выступаў выбірае беларускую мову, хоць для яго гэта і крыху складана.

Нагадаем, у 1983 годзе М.І. Пастухоў працаваў у Інстытуце філасофіі і права, хаця В.Г. Ціхіня, які быў у БДУ далёка не самым апошнім начальнікам, дакладней дэканам, і прапаноўваў яму пасля абароны кандыдацкай застацца. У той час там разам з Міхаілам Іванавічам працавалі Віктар Ганчар, А. Матусевіч, Сяргей Леўшуноў, У. Зотка і іншыя. Навуковая праца яго задавальняла, але сышоў, што тлумачыцца вельмі празаічна – мала плацілі. І Пастухоў, які на той час ужо быў жанаты і меў дзіця, быў далёка не адзіны, хто сыходзіў з акадэмічных інстытутаў у ВНУ. Нават здзіўляе, што на гэтай пасадзе ён пратрымаўся цэлых два гады.

Асабліва прыцягальнымі былі Вышэйшая школа міліцыі і Вышэйшыя курсы КДБ, дзе яшчэ плацілі і за “зорачкі” на пагонах. У Вышэйшую школу міліцыі без вялікага блату трапіць было немагчыма, ды і не асабліва вабіла яго гэта ўстанова. Знаёмая прапанавала Пастухову зрабіць спробу трапіць выкладчыкам на Вышэйшыя курсы КДБ, але і да гэтага Міхаіл Іванавіч аднёсся даволі скептычна. Аднак праз пэўны час яму патэлефанаваў старшыня адной з іх кафедраў, а потым і яго намеснік. Словам, Пастухова прынялі. Зарплата стала ў два разы большай.

Калі 27 ліпеня 1990 года была абвешчана Незалежнасць Беларусі, у Міхаіла Іванавіча паўстала дылема: якую краіну выбраць для новай прысягі, Расію альбо Беларусь. Пастухоў спыніўся на апошнім.

У КДБ ён “даслужыўся” да падпалкоўніка.

Пасля абароны ў 1993 годзе доктарскай дысертацыі Міхаілу Іванавічу прапанавалі папрацаваць над адным з варыянтаў першай Канстытуцыі суверэннай Беларусі. Так Пастухоў трапіў у каманду свайго былога калегі Віктара Ганчара.

13 красавіка 1994 года яму прысвоілі ганаровае званне “Заслужаны юрыст Беларусі”.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Дзмітрый Булахаў прапанаваў яго кандыдатам у склад Канстытуцыйнага суда адным з першых. Характарыстыку для гэтай справы падпісаў Урал Латыпаў, які быў тады намеснікам старшыні Вышэйшых курсаў КДБ. Сам старшыня не рызыкнуў.

З адзінаццаці прапанаваных да разгляду кандыдатур суддзямі сталі дзевяць чалавек. У тым ліку і М.І. Пастухоў. Так Міхаіла Іванавіча жыццё падвяло да першага прынцыповага выбару.

Лістапад 1996 года. Менавіта ў гэты час былі сабраны неабходныя па закону подпісы дэпутатаў Вярхоўнага Савета за адхіленне А. Лукашэнкі ад улады. Многія тады ўпершыню ўчулі слова “імпічмент” і зразумелі, што гэта можа выратаваць краіну. Шанц быў. Прычым рэальны. Адчулі гэта ўсе. У тым ліку і сам Лукашэнка.

У адрозненні ад Ціхіні, які тады ўзначальваў КС, стаўленне да гэтай справы М.І. Пастухова было адназначным. Як і ў большасці суддзяў. Упэўнены, калі б не “дзіўныя” паводзіны Валерыя Гур’евіча, сёння б у нас быў іншы кіраўнік дзяржавы.

Міхаіл Іванавіч быў так званым суддзёй-дакладчыкам. Па-другому, рыхтаваў усе рашэнні Канстытуцыйнага суда. Ён літаральна прымусіў Ціхіню прызначыць пасяджэнне, што той пасля вяртання з адміністрацыі прэзідэнта вельмі не хацеў рабіць. Больш за тое, калі пасля начных перамоў, раніцай 22 лістапада са спазненнем на 20 хвілін на гэта пасяджэнне прыйшоў Ціхіня і прапанаваў нічога не вырашаць, бо ноччу падпісаны пагадненні, якія “дазволяць пазбегнуць трагедыі”, Пастухоў з ім не пагадзіўся. На жаль, Ціхіня незаконна праігнараваў прапановы Пастухова і стаў, па сутнасці, “цягнуць час”. Пасяджэнне адбылося толькі ў 17.00, калі па дамоўленасці з Шарэцкім у КС прыйшло пісьмо, якім Вярхоўны Савет спыняў працэдуру імпічменту. Але і гэта не пераканала шасцярых суддзяў. Спынення не адбылося. Аднак час быў страчаны.

Пра тое, што адбывалася ў тыя дні, я даволі падрабязна расказваў у папярэднім нарысе, таму паўтарацца не буду. Адзначу толькі, што Пастухоў быў адным з тых, хто найбольш прынцыпова абараняў сваю пазіцыю і канстытуцыйнасць усіх дзеянняў.

2 снежня 1996 года ён напісаў на імя Старшыні Вярхоўнага Савета заяву аб адстаўцы. Як вядома, так зрабілі А. Вашкевіч і В. Ціхіня, але апошні потым такую ж паперу напісаў таксама і на імя прэзідэнта, чым яшчэ раз умацаваў перамогу апошняга. Мабыць падумаў аб сваёй магчымай пенсіі, аб тых абяцанках, што гучалі на адрас тых, хто “купіўся”. Дарэчы абяцаныя “30 срэбранікаў” Ціхіня так і не атрымаў.

Устрымаюся ад разваг пра высокую маральнасць. Адзначу галоўнае: так склалася палітычная сітуацыя ў Беларусі, што ў нейкім сэнсе ад паводзінаў гэтых двух юрыстаў – Валерыя Ціхіні і Міхаіла Пастухова - залежаў лёс цэлай краіны. І, на мой погляд, Міхаілу Іванавічу Пастухову ніколі не будзе за сябе сорамна. І зробленае ім закладзена ў падмурак непазбежнага новага павароту нашай краіны да прававой дзяржавы.

Гэтай справе ён застаўся верны і пасля адстаўкі з суддзяў КС. Не разгубіўся і згубіўся.

Яго намаганнямі быў створаны Цэнтр прававой дапамогі пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, які Міхаіл Пастухоў узначальвае і да гэтага часу. Уся прававая экспертыза дзеючых законаў, усе альтэрнатыўныя праекты ў гэтай сферы – у актыве Цэнтра. Як і канкрэтная прававая дапамога рэдакцыям і журналістам незалежных выданняў у барацьбе за сваё існаванне з машынай адміністрацыйнага і судовага пераследу. У асабістым актыве самога Міхаіла Іванавіча ў дадатак да гэтага – шэраг артыкулаў па прававой тэматыцы. І можна без перабольшвання сказаць - гэтыя артыкулы ўвасабляюць сабой развіццё дэмакратычнай думкі ў беларускай юрыспрудэнцыі, якая будзе запатрабавана на практыцы. Адначасова гэта ёсць і яго ўплыў на сучасную палітыку. Прафесіянала высокага ўзроўню на сваім месцы.

Два з паловай гады таму я рабіў для адной кніжкі інтэр’ю з Пастуховым і спытаў, чым той займаецца ў вольны ад работы час. Ён адказаў, што падабаюцца філасофія, гістарычная літаратура, афарызмы і лазня. А яшчэ Міхаіл Іванавіч сказаў, што яму вельмі падабаецца слухаць радыё “Свабода”.

Дваццаць гадоў працую ў журналістыцы, а пра такое хобі чуў першы раз.


: content
content -> Энеіда навыварат
content -> -
content -> Тарас на Парнасе
content -> «Свабода пачуцця» да 70-годдзя з дня нараджэння беларускай пісьменніцы і перакладчыцы Таісы Бондар
content -> «Шчырае поле паэта» да 70-годдзя беларускага пісьменніка Казіміра Вікенцьевіча Камейшы
content -> Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа п. Юбілейны”
content -> Аб дзейнасці школьнага гісторыка-краязнаўчага музея "Вытокі" дуа" Райцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад
content -> For the libraries – exchange partners
content -> Экскурсія “з гісторыі праса”
content -> For the libraries – exchange partners


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка