Асобы аляксандр тамковіч


АМБАСАДАР МІХАІЛ МАРЫНІЧ



старонка7/9
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

06.01.08

АМБАСАДАР МІХАІЛ МАРЫНІЧ
Каго баяцца, таго і выдаляюць з палітычнай сцэны. Рознымі метадамі. Не буду пералічваць пайменна. Прозвішчы тых, хто за кратамі пабываў, як і тых, хто ўтрымліваецца там сёння - добра вядомыя. Памятаю як з болем і трывогай падумаў яшчэ тады, што ўлада не даруе Марынічу яго выклік. Ён быў першым, хто не проста ціха “выйшаў з калоны”, але і пайшоў насуперак. І мог стаць прыкладам для іншых.

Міхаіл Апанасавіч Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. На Новы год па старому стылю. Прага да ведаў, што выявілася яшчэ ў школьныя гады, у многім прадвызначыла яго далейшы жыццёвы лёс. Па прыступках кар’еры ён рухаўся як спец, а не камсамольска-партыйны функцыянер.

Пра такіх як ён ёсць жартаўлівая показка: “мучанік навукі”. Пасля сярэдняй школы скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Інстытут замежных моваў (тады яшчэ яны не былі ўніверсітэтамі) і Мінскую Вышэйшую партыйную школу (была і такая). 1996 год у яго жыцці быў адзначаны не толькі сумна вядомым рэферэндумам але і абаронай кандыдацкай дысертацыі па праблемах эканомікі. Лагічная кропка на адным з кірункаў дзейнасці. Не болей. Для кар’еры абарона нічога не значыла. Яна да гэтага часу ўжо адбылася. Адбылася асоба. І далейшыя крутыя павароты лёсу Марыніча, як і многіх іншых, вызначаліся ўжо не столькі і не толькі навуковымі ступенямі, а сацыяльнымі і палітычнымі зрухамі. Заканчвалася адна эпоха, пачыналася іншая.

У той эпосе за спінай Марыніча заставаліся 16 гадоў працы ў будаўніцтве: майстрам, інжынерам, прарабам участка Цэнтртранстэхмантажу; галоўным інжынерам, начальнікам Белбудмантажу. Каля трох гадоў працаваў у Афганістане, дзе таксама будаваў.

З 1979 года Марыніч працуе ў савецкіх органах улады. Спачатку намеснікам, а потым і старшынёй Маскоўскага райвыканкама беларускай сталіцы. У 1984 годзе яго прызначаюць намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, які курыруе будаўніцтва метрапалітэна, аб’ектаў цеплазабеспячэння і энергетыкі.

Перабудову прыняў. І на яе струменях падняўся (быў прызначаны) на пасаду, якая ў межах савецкіх каардынатаў была тэхнічнай, выканаўчай, а ў новай сістэме пераўтварылася ў важную палітычную - мэра Мінска. І на яе ж струменях з гэтай пасады быў адрынуты менш як праз два гады, у 1991-м. Міхаіла Апанасавіча забалатавалі дэпутаты гарсавета. Ён быў з наменклатуры, а ўсё, што мела адносіны да КПСС-КПБ у той час, як кажуць маладыя, “гнабілася”. Праз 13 гадоў Марыніч апынецца за кратамі і я ўпэўнены, што некаторыя саромілі сябе за тое рашэнне. Але на той час подых дэмакратыі кружыў галовы і эмоцыі часцяком перамагалі халодны разлік.

У гэты ж час Марыніча выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, дзе ён быў членам Планавай і бюджэтнай камісіі і Камісіі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі вёскі і горада.

Меў рэпутацыю памяркоўнага прыхільніка дэмакратычных пераўтварэнняў. Паказальна, што карыстаўся павагай як наменклатурнай часткі парламента, так і апазіцыйнай.

Пазней стане ясным лёсавызначальны сэнс аднаго эпізоду, які на той момант здаваўся хаця і вельмі важным, але не ключавым для гістарычнай будучыні Беларусі. Рэч ідзе аб стварэнні знакамітай “антыкарупцыйнай” камісіі. Справа ў тым, што Марыніча, як спакойнага, разумнага і разважлівага чалавека, уключылі ў склад камісіі. Многія бачылі на яе чале менавіта яго, але Міхаіл Апанасавіч ад гэтай пасады адмовіўся на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Па сутнасці, саступіў будучаму прэзідэнту першы прыступак яго палітычнай кар’еры. І той быў даволі доўга ўдзячным.

Але міністэрскае крэсла Марыніч атрымаў не адразу. Новы этап яго палітычнай кар’еры пачынаецца з прызначэння ў 1994 г. амбасадарам у Чэхіі і Славакіі і Венгрыі па сумяшчальніцтву. На гэтай жа пасадзе, толькі амбасадара ў Латвіі, праз сем гадоў яго афіцыйная палітычная кар’ера і абарвецца. Вось так замкнецца кола, але прадоўжыцца яго шлях, праз вяршыні і дасягненні, спадзяванні і расчараванні, узлёты і падзенні, пакуты і радасці.

У Празе Марыніч не прапрацаваў і года. 7 кастрычніка 1994 года Указам прэзідэнта № 92 яго прызначылі міністрам знешніх эканамічных сувязяў. Новае міністэрства, якое з Марыніча пачалося і на ім жа скончылася: праз пяць гадоў МЗЭС перадалі ў склад міністэрства замежных спраў. Некаторыя па сённяшні дзень крытыкуюць гэта рашэнне, таму на даным моманце мы ўвогуле не будзем акцэнтаваць вашу ўвагу. Адзначу толькі, што яно было вельмі лагічным для існуючай улады. Беларускія амбасадары ва ўсім свеце займаюцца непасрэдна гандлёвай дзейнасцю і невыпадкова, што на апошнім традыцыйным семінары для айчынных дыпламатаў А.Г. Лукашэнка назваў іх першымі гандлёвымі прадстаўнікамі нашай краіны.

Звычайна, калі ліквідуецца пэўная структура, шмат каго з былых кіраўнікоў, што дасягнулі адпаведнага ўзросту, адпраўляюць на пенсію. З Марынічам гэтага не адбылося, хаця яму і пераваліла на шосты дзесятак. 20 студзеня 1999 года ён атрымаў прызначэнне амбасадарам Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.

Менавіта на гэтай пасадзе ў 2001-м годзе, нечакана для ўсіх, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы, прымае рашэнне вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. Было зразумелым, што за Міхаілам Апанасавічам нехта “стаіць”. Часцей іншых называлі Міхаіла Мясніковіча, з якім Марыніч заўсёды быў у сяброўскіх адносінах. Не станем сцвярджаць, што так гэта і ёсць, аднак тое, што ўлады насцярожыліся – факт. Марынічу не далі сабраць неабходныя подпісы і кандыдатам у прэзідэнты ён не стаў.

Нагадаю, што ў выбарчым штабе Міхаіла Марыніча працавалі былы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч, які потым эмігрыраваў у ЗША, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў Леанід Сечка, рэктар міжнароднага гуманітарнага інстытута Алпееў і іншыя, прозвішчы якіх трымаліся ў сакрэце, бо яны былі дзеючымі кіраўнікамі. Аднак гэта “сакрэт палішынэлю”: я быў упэўнены яшчэ тады, што ўсіх іх улада добра ведала. Сам па сабе Марыніч наўрад ці ўяўляў рэальную пагрозу, а вось яны былі вельмі небяспечнымі.

Ці не таму амаль адразу ж пасля прэзідэнцкіх выбараў Мясніковіч перастаў быць кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі? Можа гэта і звычайнае супадзенне, але вельмі цікавае...

Як і арышт самога Міхаіла Апанасавіча. На той час ён ужо сышоў у адстаўку і кіраваў міжнароднай грамадскай арганізацыяй “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”. За некалькі дзён да арышту сустракаўся з Аляксандрам Казуліным, якога на той час ужо знялі з пасады і абвінавацілі ледзь не ў крадзяжах золата на прадпрыемствах БДУ. Версія, ад якой пазней адмовілася следства. Аб чым яны размаўлялі - невядома, але ў той час многія гаварылі, што выхад Марыніча на прэзідэнцкія выбары падтрымлівалі пэўныя колы ў Маскве.

...Марыніч вярнуўся з Масквы, куды ездзіў за палітычнай падтрымкай. Яго машыну прыпыніў міліцэйскі патруль і знайшоў у кейсе 90 тысяч долараў. У нядаўнім інтэрв’ю радыё “Свабода” Міхаіл Апанасавіч патлумачыў той эпізод: “Гэта мае асабістыя сродкі і сродкі маёй сям’і. Тыя 90 тысяч я перавозіў у сваёй машыне дамоў. А ўлады дзейнічалі па спланаваным сцэнары. Незадоўга да таго аграбілі маю кватэру… Такім чынам мы засталіся без сродкаў, і я вымушаны быў паехаць за грашыма, каб было на што жыць… Я не быў гатовы да таго, што мяне нахабна спыніць міліцыя і КДБ, пачнуць без падстаў абшукваць і ў дадатак забяруць мае сродкі. Калі чалавек не зрабіў нічога супрацьзаконнага, у яго і ў думках няма рыхтавацца да сустрэчы з праваахоўнымі органамі”.

Раніцай “высветлілася”, што частка купюр фальшывыя. За гэта Марыніча і затрымалі. Правялі на дачы вобыск і знайшлі невядомы пісталет, на якім нават не было адбіткаў яго пальцаў, патроны і нейкія ксеракопіі дакументаў часоў працы ў МЗЭС. Было гэта ў красавіку 2004 года, а ў снежні Марыніча прысудзілі да пяці гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Потым тэрмін зняволення знізілі да трох гадоў. “Прышыць” зброю, фальшывыя долары (якія потым зніклі, разам з сапраўднымі) і выкрадзеныя дакументы не атрымалася. Прызналі вінаватым і асудзілі за тое, што ён быццам бы скраў камп’ютары з арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якую сам жа і ўзначальваў. З-за праблем з офісам камп’ютары захоўваліся ў гаражы сына, але суд гэта ў невінаватасці Марыніча не пераканала. Як і тое, што ўладальнік камп’ютараў – амбасада ЗША — прэтэнзій не толькі не мела, але і заклікала беларускія ўлады спыніць справу і вызваліць Міхаіла Марыніча.

Усе тры дні працэсу над Марынічам малая зала Мінскага раённага суда была перапоўнена: дэмакратычныя актывісты, журналісты, прадстаўнікі дыпламатычных місій, праваабаронцы, заўсёды прысутнічалі сыны Ігар і Павел, іх маці Людміла Марыніч - першая жонка Міхаіла Апанасавіча. Гэтак жа як і другая яго жонка, з якой яны знаходзіліся ў грамадзянскім шлюбе - Таццяна Баранава.

Узаконіць, зарэгістраваць гэты шлюб ім давялося ўжо ў Аршанскай калоніі № 8, 12 сакавіка 2006 года. Таццяне Баранавай было 33 гады. У лютым 2007 яна нарадзіла сына. Яшчэ адзін Міхаіл Марыніч.

У турме ў Марыніча адбыўся інсульт, але беларускую Феміду гэта не ўразіла. Датэрмінова яго вызвалілі толькі ў красавіку 2006 года, праз два гады пасля арышту. Умоўна-датэрміновае вызваленне магчыма толькі пасля адбыцця ў зняволенні 2/3 тэрміну пакарання. У турму забралі здаровым, а выпусцілі інвалідам. Аднак па Марынічу гэтага не скажаш. Ён адолеў хваробу і яе наступствы. Як і раней - інтэлігентны, ветлівы, энергічны, увесь у справах. Пра такіх некалі казаў Віктар Ганчар: “Ганаруся, што вы мой сучаснік”.

Усе пытаюцца: “Чым Марыніч займаецца цяпер?” Адказваю разам з ім – палітыкай. І ў адрозненне ад некаторых іншых, нават маладзейшых, змагаецца ўсур’ёз, а не для інфармацыйнага піяру.



13.01.08
УЛАДЗІМІР ГАНЧАРЫК — АДЗІНЫ КАНДЫДАТ
Не згодны з тымі, хто лічыць, што ў паразе 2001 года вінаваты толькі Ганчарык і што лёс змагання з дыктатурай вырашала наменклатура, якая адхіснулася ад дэмакратычных перамен дзеля самазахавання. Па-першае, не толькі яна. Па-другое, у беларускіх умовах без пэўнай, тайнай ці адкрытай, падтрымкі наменклатуры ніякая перамога апанентаў рэжыму не магчыма ўвогуле. У 2006 годзе, як мы добра памятаем, апазіцыя вяла кампанію абсалютна самастойна, па сутнасці, без усялякіх кантактаў з наменклатурай. Вынікі — вядомыя. Упэўнены, што дамагчыся поспеху можна толькі разам.

Біяграфію Уладзіміра Іванавіча Ганчарыка традыцыйна пачну з даты нараджэння. Тым больш, што гэты момант вельмі цікавы. Дакладна вядома, што нарадзіўся ён у канцы красавіка 1940 года ў вёсцы Аўгустова, што ў пяці кіламетрах ад Лагойска. А вось якога дня? Дакументы афармлялі пасля вайны, і бацькі Валодзі не памяталі, у які дзень з’явілася дзіця. Разглядаліся розныя варыянты, быў нават «1 мая», але ўрэшце спыніліся на 29 красавіка, хаця Ганчарык па гэты дзень дакладна не ведае, калі прагучаў яго першы крык.

З дзіцячых успамінаў Уладзіміра Іванавіча спынюся на адным эпізодзе, настолькі прыкметным, што запомніўся на ўсё жыццё, а мо і паўплываў на яго. Ва ўсякім выпадку, пра яго Ганчарык расказваў мне з асаблівым імпэтам. Падчас вайны вельмі вялікім дэфіцытам былі звычайныя іголкі. Сям’я Ганчарыкаў тады жыла ў зямлянцы. Недзе маці дастала іголку, а маленькаму хлопчыку, які потым стане прафсаюзным босам, захацелася ўвесці ў яе нітку. Іголка выслізнула з дзіцячых пальчыкаў. Адшукаць не ўдалося. Дасталася Уладзіку даволі моцна.

Пачатковая школа была ў роднай вёсцы, а сярэдняя — толькі ў Лагойску. Сёння цяжка ўявіць, але, каб атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі, Ганчарык праходзіў пехам штодзённа ў два бакі дзесяць кіламетраў. Скончыў школу з «сярэбраным» медалём, што азначае на ўсе пяцёркі і адну чацвёрку, якую паставілі за сачыненне па тэме, нейкім чынам звязанай з камуністычнай партыяй. Чорт яго тузануў (словы самога Уладзіміра Іванавіча) напісаць «камуністычная» з вялікай літары. Мабыць, гэта адбылося ад вялікай павагі, але памылка ёсць памылка.

Пасля школы паступіў на аддзяленне эканомікі і сельскай гаспадаркі інстытута народнай гаспадаркі. На апошнім курсе ажаніўся. З жонкай Ліляй яму давялося мяняць месца жыхарства дзевяць разоў, што было абумоўлена партыйнай кар’ерай.

У 1961 годзе скончыў інстытут з чырвоным дыпломам і пачаў працаваць эканамістам, а потым намеснікам галоўнага бухгалтара саўгаса «10 гадоў БССР» у Любанскім раёне Мінскай вобласці.

У 1965 годзе яму, маладому спецыялісту, прапанавалі перайсці на камсамольскую работу. І пайшоў па прыступках: першы сакратар Любанскага райкама ЛКСМБ, інструктар Мінскага абкама КПБ, другі сакратар Дзяржынскага райкама КПБ, першы сакратар Чэрвеньскага райкама, намеснік загадчыка аддзела ЦК КПБ, другі сакратар Магілёўскага абкама КПБ. Варыянт, як кажуць, тыповы для тых часоў.

Спынюся на двух момантах.

У 1975 годзе Уладзімір Ганчарык паступіў у аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, якую скончыў праз год з абаронай кандыдацкай дысертацыі. На размеркаванні яго спыталі пра аператыўную работу. Мільганула думка пра КДБ, але высветлілася, што гутарка ідзе пра пасаду першага сакратара Чэрвеньскага райкама КПБ, на якой ён адпрацаваў рэкордны тэрмін — больш за шэсць гадоў.

Калі Ганчарыка накіравалі другім сакратаром Магілёўскага абкама КПБ, першым там быў знакаміты Васіль Севасцьянавіч Лявонаў. У Магілёве яны добра пазнаёміліся. Жылі ў адным доме, часта вечарамі разам гулялі, пра ўсё раіліся.

Мабыць, трэба крыху спыніцца і на «дэпутацтве». «Крыху» — бо гэта старонка ў палітычнай біяграфіі Уладзіміра Іванавіча не была асабліва адметнай. Ён быў дэпутатам апошняга Вярхоўнага Савета БССР, куды па ўсіх акругах абіралі на безальтэрнатыўнай аснове адзінага кандыдата ад «непарушнага блока партыі і народа». Кандыдатаў жа ў дэпутаты зацвярджалі ў ЦК КПБ. Другі сакратар абкама па вызначэнню мусіў быць у гэтым спісе. Па наменклатурнай жа схеме, хаця і больш складанай, ён прайшоў і ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. А вось за дэпутацкае месца ў Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га склікання давялося пазмагацца. Але ніколі і нідзе ў дэпутацкім корпусе Ганчарык не прэтэндаваў на першыя ролі.

У 1986 годзе Уладзімір Ганчарык стаў старшынёй Рэспубліканскага савета прафсаюзаў, а пазней — старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Як вядома, прафсаюзная работа ў савецкія часы заўжды асацыявалася з нейкай палітычнай ссылкай, таму прапанова Слюнькова ўзначаліць прафсаюзы была успрынятая Ганчарыкам без асаблівага задавальнення. Якая ссылка, калі яму толькі 44 гады! Асобныя кіраўнікі кампартыі добра разумелі, што патрэбны нейкія рэформы, імкнуліся і нават спрабавалі іх распачаць, але гэта не выратавала КПСС. Ганчарык — адзін з прыкладаў няўдалых спроб рэфармавання. Аднак справа была не толькі ў ім. Немагчыма рэфармаваць тое, што памірае. Магчыма толькі прадоўжыць агонію. Хаця ёсць і іншае меркаванне ў асяродку ініцыятараў стварэння новых незалежных прафсаюзаў: Ганчарыку трэба было дзейнічаць больш рашуча і паскорыць смерць прынятай ім савецкай мадэлі прафсаюзаў — ФПБ, і на яе праху стварыць сапраўды незалежнае ад уладаў аб’яднанне прафсаюзаў, хай сабе і цаной страты дзвюх трацін фармальных членаў былой федэрацыі. Але тая траціна, што засталася, была б сапраўды моцнай і ўплывовай сілай, сапраўдным абаронцам інтарэсаў працоўных. І тады агульны ход падзей мог быць зусім іншым.

Новая ўлада, што сфармавалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, не стала вітаць новыя тэндэнцыі ў прафсаюзным руху. Наадварот, імкнулася не толькі захаваць былыя стэрэатыпы, але і ўзяць усё, што адбываецца, пад свой кантроль. Дэманстрацыя і стотысячны мітынг 1991 года былі яшчэ свежымі на памяці, нагадвалі, якімі могуць быць пратэсты рабочых. І таму любыя зрухі ў адпаведным накірунку рашуча перасякаліся.

Нагадаю толькі адзін выпадак — страйк работнікаў метрапалітэна ў 1995 годзе. Усе спробы знайсці якую-небудзь праўду тады былі жорстка спынены, лідары страцілі рабочае месца. Уладзе былі патрэбны паслухмяныя аб’яднанні рабочых і сялян. Таму, калі падчас першага так званага Усебеларускага сходу у прэзідыуме Ганчарык аказаўся адзіным хто прагаласаваў супраць «усенароднай» падтрымкі, яму гэтага не даравалі.

У 1999 годзе Ганчарык адмовіўся прымаць удзел у «віртуальных» прэзідэнцкіх выбарах Ганчара, аднак у 2001 годзе стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на самых што ні ёсць рэальных прэзідэнцкіх выбарах. Дарэчы, сугучнасць прозвішчаў «Ганчарык» і «Ганчар» звяла ў зман даволі многіх. Людзі не разумелі, як можна адначасова быць зніклым і хацець заняць першую ў краіне пасаду. Памылка прымітыўная, але чамусьці чуткі на гэты конт узнікалі пастаянна, быццам іх хтосьці спецыяльна каталізаваў...

Я не буду падрабязна спыняцца на выбарах 2001 года. Скажу толькі, што заявы, якія прагучалі 7 жніўня 2001 года, калі ўсе бакі ўрэшце пагадзіліся на адзінага кандыдата, пра Ганчарыка, як магчымага беларускага Каштуніцу, у некаторых выклікалі іранічныя ўсмешкі. Перш за ўсё ў тых, хто сам хацеў быць адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Нагадаю, што на гэтую ролю больш за іншых прэтэндавалі Сямён Домаш, Сяргей Калякін, Павел Казлоўскі і Міхаіл Чыгір. Перамовы, якія ішлі паміж гэтымі палітыкамі, былі абцяжараны не столькі прынцыповымі пытаннямі, колькі шматлікімі дробнымі і асабістымі. І невыпадкова, што многія не разглядалі нікога з кандыдатаў сур’ёзна. Напрыклад, у той жа Расіі, дзе пэўныя палітычныя колы пасля некаторай паўзы вырашылі зрабіць стаўку на дзеючага прэзідэнта Беларусі.

Разам з Ганчарыкам атрымлівалася «пяцёрка», аднак усе разумелі, што далей павінен ісці толькі адзін. Нават была прызначана дата вылучэння апазіцыяй адзінага кандыдата — 17 ліпеня. Аднак дамовіцца ў абвешчаны тэрмін не атрымалася. «Адзіным» Ганчарык стаў значна пазней. Але, па вялікім рахунку, намінальна, таму што рэальна тыя, хто падтрымліваў Домаша, працаваць на Ганчарыка не сталі. Усе пяць калон мусілі аб’яднацца ў адну, і не павінна было існаваць так званай «пятай калоны». Таму я цалкам падтрымліваю крок Аляксандра Казуліна да самастойнасці на наступных выбарах. Досвед 2001 года яскрава сведчыць, што немагчыма аб’яднаць тых, хто не жадае аб’яднацца.

Пра тое, як працаваў штаб Ганчарыка, можна распавядаць даволі доўга, але я спыню вашу ўвагу толькі на адным прыкладзе. Памятаю, што газета «Дзень», якую я тады ўзначальваў, рабіла спецвыпуск пра адзінага кандыдата. Зразумела, што «Беларускі Дом друку», паслугамі якога мы карысталіся, выконваць замову адмовіўся. Тады я дамовіўся з друкарняй «Мэджык». Нягледзячы на тое, што яны былі пад даволі жорсткім кантролем, агульную мову знайсці атрымалася. Але тут узнікла зусім нечаканая перашкода — няма добрага фотаздымка самога адзінага кандыдата. Атрымаць яго ўдалося толькі праз дзень. Надрукавалі. Дамовіліся, што тыраж будуць забіраць самі прадстаўнікі штаба, і я пра яго амаль забыўся. За тры дні да выбараў тэлефануюць з «Мэджыка» з просьбай тэрмінова забраць газету, бо з-за цеснаты ад новай прадукцыі былі вымушаны вынесці яе на вуліцу, а там пачынаецца дождж. Яшчэ раз падкрэслю, што было гэта за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў...

Пасля выбараў 2001 года Ганчарык сышоў з ФПБ і з’ехаў у Маскву, дзе пэўны час працаваў у Выканкаме Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў. Потым дапамагаў бізнэсменам. Зараз — пенсіянер. І толькі час ад часу падключаецца да той ці іншай палітычнай імпрэзы.

21.01.08

СЯМЁН ДОМАШ – СТРАЧАНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ
Калі ў 2006 годзе Сямён Мікалаевіч Домаш пачаў працаваць генеральным дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне”, многія аднесліся да гэтага вельмі негатыўна. Маўляў, “зламалі”. Мне ж больш падабаецца пазіцыя другога ўдзельніка падзей 2001-га Уладзіміра Ганчарыка – чалавеку трэба неяк жыць.

Сямён Мікалаевіч Домаш нарадзіўся 2 студзеня 1950 года ў вёсцы Тумашы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. На момант “злому” яму было толькі 56 гадоў. Узрост не пенсійны, таму на словы пра “здраду дэмакратычным прынцыпам” я заўсёды прыгадваю гэты факт і прапаную суразмоўцу ўявіць сябе на яго месцы. І пакуль яшчэ не бачыў нікога, хто б у адказ працягваў настойваць на палітычных стэрэатыпах.

У 1969 годзе Домаш скончыў Бабруйскі аўтатрактарны тэхнікум і пачаў працаваць на астравецкай аўтабазе № 4. Спачатку год механікам, затым амаль чатыры гады інжынерам і тры дырэктарам. У 1977 годзе пераязджае ў Гродна - дырэктарам аўтакамбіната № 1, потым загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзела Гродзенскага гаркама КПБ, другім сакратаром Кастрычніцкага райкама.

Акрамя тэхнікума Домаш скончыў яшчэ Вышэйшую партыйную школу (1981 г.) і Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (1989 г.).

Як было заведзена ў тыя гады, партыйная старонка ў кар’ерным росце мянялася на “савецкую” і наадварот. У 1987 годзе Сямёна Домаша абралі (альбо прызначылі) старшынёй Лідскага гарвыканкама. Знакамітае піва ён “піў” тры гады, а потым зноў вярнуўся ў Гродна, дзе з чэрвеня 1990 года па кастрычнік 1993-га ўзначальваў выканкам і гарадскі Савет народных дэпутатаў.

Гэта ўжо былі гады кардынальных сацыяльных і палітычных перамен. Змена эпох, якая патрабавала перамен і ў чалавеку. Ці глыбінных, ці знешніх, гэта значыць – прыстасавання. Большасць наменклатуры абачліва выбрала апошні варыянт. Домаш, хаця і не адразу – першы. Але не змог яго вытрымаць да канца. Бо час зноў павярнуў назад. У гэтым заключалася яго ўнутраная драма. Ды ці толькі яго аднаго. Да таго ж, гэта драма на момант адказнага выбару далейшага шляху (пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах) – у адкрытую апазіцыю, ці ў цень грамадскага жыцця – сышлася па часе з інфарктам.

21 кастрычніка 1993 года ён замяніў загінуўшага Зміцера Арцыменю на пасадзе старшыні Гродзенскага аблвыканкама і аўтаматычна стаў кіраваць народнымі выбраннікамі вобласці, бо тады гэтыя пасады яшчэ не былі падзелены.

Пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, дакладней 12 снежня 1994 года, згодна з загадам прэзідэнта № 257 на месца Домаша старшынёй Гродзенскага абласнога выканкама быў прызначаны будучы Герой Беларусі Аляксандр Дубко. Каларытны чалавек, які пайшоў з жыцця абсалютна нечакана.

С.М. Домаш яшчэ два гады ачольваў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў. Ён быў шчырым прыхільнікам пашырэння паўнамоцтваў мясцовых органаў улады, узмацнення іх ролі ў тэрытарыяльным развіцці і функцыянаванні галінаў народнай гаспадаркі і таму вельмі хутка стаў адным з самых вядомых рэгіянальшчыкаў. Менавіта Домаш ініцыяваў стварэнне Асацыяцыі пародненых еўрапейскіх гарадоў і еўрарэгіёна “Неман”. Адным з першых кіраўнікоў перайшоў на беларускую мову. Гэтага хапіла, каб і ўвесь апарат зрабіў тое самае, без усялякага прымусу.

Сямён Мікалаевіч Домаш быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканняў. Апошні і стаў найбольш адметнай старонкай палітычнай біяграфіі Домаша. У маі 1996 года яго выбралі членам прэзідыума ВС, дзе ён курыраваў работу пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні, ажыццяўляючы сувязь паміж мясцовымі органамі самакіравання і беларускай дыяспарай.

Падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Домаш адкрыта выступаў супраць палітыкі Лукашэнкі, быў сярод 70 дэпутатаў, якія ініцыявалі імпічмент і напісалі адпаведны ліст у Канстытуцыйны суд. Домаш стаў адзіным рэгіянальным лідарам, які публічна перайшоў у апазіцыю да прэзідэнта. Пасля паразы праціўнікаў узмацнення і пашырэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Сямён Мікалаевіч вярнуўся ў Гродна.

З 1997 года па 2002-і ўзначальваў Гродзенскі абласны Каардынацыйны камітэт дэмакратычных сіл “Гродзенская ініцыятыва”, у які ўвайшлі 34 грамадскія, палітычныя і прафсаюзныя арганізацыі Гродзеншчыны. Па яго ініцыятыве ў маі 2000 года створана Каардынацыйная рада “Рэгіянальная Беларусь”.

Далей былі прэзідэнцкія выбары 2001 года. З ініцыятывай прапанаваць свайго кандыдата выступілі рэгіянальныя лідары грамадскіх абласных аб’яднанняў – каардынатары так званых рэсурсавых цэнтраў. Найперш – Віктар Карніенка і Аляксандр Мілінкевіч. У пэўным сэнсе насуперак памкненням Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл, вядучую ролю ў якіх адыгрывалі партыі. Насуперак, але і на апераджэнне, бо Рада ніяк не магла вызначыцца са сваім адзіным кандыдатам. Федэрацыя прафсаюзаў вылучыла свайго кандыдата – Уладзіміра Ганчарыка. Пайшлі і іншыя. Так і ўтварылася тая самая знакамітая пяцёрка, якая потым, пасля доўгай чарады пасяджэнняў рознага фармату, адкрытых спрэчак і закулісных гульняў, вымушана была сам насам, за закрытымі дзвярыма, вызначацца з адзіным. Сышліся на Ганчарыку.

Выбарчы штаб Сямёна Домаша ўзначаліў Аляксандр Мілінкевіч. 18 чэрвеня 2001 года ЦВК Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўную групу Домаша ў складзе 3 695 чалавек. Узначаліў яе малады і амбіцыйны юрыст, член АГП Яўген Лабановіч, які ўжо паспеў папрацаваць на Віктара Ганчара на так званых віртуальных выбарах.

14 жніўня 2001 года ЦВК прызнала сапраўднымі 160 077 подпісаў у падтрымку кандыдатуры Домаша. Аднак ужо 22 жніўня раніцай ён сабраў прэс-канферэнцыю, дзе на вачах у журналістаў падпісаў заяву ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндумаў з просьбай вызваліць яго ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы ў сувязі з тым, што была дасягнутая дамоўленасць аб падтрымцы адзінага кандыдата, якім стаў Уладзімір Ганчарык.

Мне пашанцавала быць на той прэс-канферэнцыі. Добра памятаю, што асаблівай радасці ў вачах сяброў штаба Сямёна Мікалаевіча не было. І, як цяпер ужо вядома, і быць не магло, бо ішоў ён на тое пасяджэнне з пасяджэння штаба з наказам канчатковага рашэння самастойна не прымаць. У крайнім выпадку папрасіць кароткі, на паўгадзіны-гадзіну, тайм-аўт, каб вярнуцца ў штаб параіцца. Прыхільнікаў рашэння не здымацца ні ў якім разе і рухацца да канца асобнай калонай у камандзе Домаша было ці не болей, чым прыхільнікаў пайсці на саступкі.

Многія, і не толькі з былой каманды Домаша, але і аналітыкі, да гэтага часу лічаць, што трэба было ісці да канца. Дынаміка рэйтынгу, энергічная каманда, аптымальнае спалучэнне іміджа рэфарматара з наменклатуры, гаспадарніка і рэгіянальнага палітыка, які ведае праблемы не толькі сталіцы – працавала на Домаша.

З адлегласці сённяшняга дня бачыцца відавочным, што перамагчы яму б не далі. Але шанц стаць і застацца нацыянальным лідарам, а значыць бясспрэчным адзіным кандыдатам на наступныя выбары ў яго быў не малы. Ва ўсякім разе дынаміку і вастрыню той выбарчай кампаніі ўдзел Домаша, удзел двух дэмакратычных кандыдатаў, ды яшчэ б ва ўзаемадзеянні, гэта б надало – лічаць многія. І падмацоўваюць сваё меркаванне спасылкай на прыклад Аляксандра Казуліна пазнейшай пары.

Ва ўсякім разе зразумела, чаму і потым не было сапраўды супольнай працы прыхільнікаў Домаша на Ганчарыка. Але нават і пасля гэтага кардынальнага кроку згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі лабараторыі “Новак” асабісты рэйтынг былога гарадзенскага губернатара працягваў расці. І гэта невыпадкова – у апазіцыі з’явіўся новы твар.

Памятаю таксама як піярыліся добрыя адносіны Домаша з Васілём Быкавым, да якога Сямён Мікалаевіч нават ездзіў у Фінляндыю, як падкрэслівалася яго сяброўства з сем’ямі Карпенкі і Кудзінава.

Калі я працаваў над гэтым нарысам, вырашыў пазваніць Валодзі Кудзінаву, які ў дадзены момант займаецца бізнэсам ў Крыме. Некалькі гадоў таму ён запрашаў мяне ў адзін з даволі вядомых на ўвесь былы СССР санаторый. У 2001 годзе Уладзімір Кудзінаў быў намеснікам кіраўніка выбарчага штаба Домаша. Ён расказаў, што падтрымлівае з Домашам добрыя адносіны, але пасля тых выбараў яны больш не размаўлялі і не бачыліся...

Тут, як кажуць, ніякія каментарыі не патрэбны.

Некаторыя лічаць, што адмаўленне ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы стала адной з прычын інфаркту. Не станем гэта дакладна сцвярджаць, але тое, што ў 2001 годзе С.М. Домаш страціў магчымасць стаць вельмі сур’ёзным палітычным апанентам Лукашэнкі – відавочна. На жаль, гэтую магчымасць ён страціў. Як і мы ўсе.

Тое, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Домаш сышоў з вялікай палітыкі, на мой погляд, абумоўлена не толькі небяспечнай хваробай. І сышоў не адразу. Ён яшчэ паспрабаваў стварыць грамадскі рух на базе аб’яднання існуючых. І спыніў спробы на этапе абмеркавання з рэгіянальнымі лідарамі самой ідэі. Пасля нарады, ці не апошняй у сваёй палітычнай кар’еры, якую арганізаваў у адным з кафэ ў Гродне. Адмовіўся ён і ад прапановы стаць лідарам адной з партый. Проста зразумеў, што сапраўдная барацьба і знаходжанне ў апазіцыйнай палітычнай тусоўцы – розныя рэчы.

Можа таму прэтэнзіі Домаша на лідарства сталічная апазіцыя і сустрэла хаця і без асаблівага імпэту, аднак і без асаблівай варожасці. Большасць зразумела, што гэта той выпадак, калі лепш сябраваць, чым ваяваць. Яго папулярнасць сярод электарату была на карысць дэмакратычным сілам. У ліку першай сотні Домаш падпісаў Хартыю’97. Яго абралі ў створаны апазіцыяй Нацыянальны выканаўчы камітэт, які быў так званым ценявым урадам.

Ён сыходзіў з палітычнай сцэны паступова, без гучных слоў і заяў. Але запомніўся. Свой унёсак у падрыхтоўку глебы да дэмакратычных пераменаў, якія непазбежна адбудуцца, рана ці позна, так ці інакш, бо гэта і ёсць неадольны гістарычны імператыў, Сямён Домаш зрабіў. І будучыя гісторыкі не абмінуць сваёй увагай гэты этап у жыццядзейнасці краіны, і яго месца і ролю ў ім.

Сыход Домаша з палітыкі ў асабістае жыццё вымагае напісаць і аб такіх рэчах, аб якіх я звычайна не пішу. Думаю, многім будзе цікава даведацца, што Домаш з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па боксе. Яго жонка Зоя Фёдараўна працавала спецыялістам па кадрах Ленінскага аддзялення “Беларусбанка” ў Гродне. Старэйшага сына завуць Зміцер. Ён - былы вайсковец, майстар спорту па плаванню, працаваў на сумесным беларуска-расійскім прадпрыемстве. Малодшы сын Аляксандр таксама займаўся спортам (плаваннем) і нават выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Скончыў факультэт правазнаўства Гродзенскага ўніверсітэта, працаваў у банкаўскай галіне.

Канешне, тое, што Сямён Домаш зноў кіруе не вельмі моцным дзяржаўным прадпрыемствам, далёка не для яго варыянт. І справа тут не толькі ў маралі. Справа ў тым, што ў яго не было іншага выйсця, як пагадзіцца на гэтую прапанову.

Згодна з тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы гарбарнай дзейнасцю лічыцца тая, што мае дачыненне да вырабаў са шкур і гандлю імі. Мякка кажучы, гэта не тая сфера, якую вывучаюць у аўтатрактарных тэхнікумах і наргасе. Калі аб гэтым не думаць, то можна не заўважыць відавочнае імкненне прынізіць былога апанента.


: content
content -> Энеіда навыварат
content -> -
content -> Тарас на Парнасе
content -> «Свабода пачуцця» да 70-годдзя з дня нараджэння беларускай пісьменніцы і перакладчыцы Таісы Бондар
content -> «Шчырае поле паэта» да 70-годдзя беларускага пісьменніка Казіміра Вікенцьевіча Камейшы
content -> Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа п. Юбілейны”
content -> Аб дзейнасці школьнага гісторыка-краязнаўчага музея "Вытокі" дуа" Райцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад
content -> For the libraries – exchange partners
content -> Экскурсія “з гісторыі праса”
content -> For the libraries – exchange partners


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка