беларуская літаратура



старонка1/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.5 Mb.
  1   2   3   4

10.01.01 – беларуская літаратура


Загад Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2008 г. № 77

Тлумачальная запіска

Аб'ём ведаў для тых, хто рыхтуецца здаваць экзамен па спецыяльнасці 10.01.01 - беларуская літаратура, акрэслены сучаснымі тыпавымі праграмамі па гісторыі беларускай літаратуры для філалагічных факультэтаў універсітэтаў Беларусі. Дадзеная праграма-мінімум складзена ў адпаведнасці з новымі тыпавымі фундаментальнымі праграмамі па дысцыпліне, з улікам сучасных навуковых канцэпцый, прыярытэтаў і асаблівасцей развіцця беларускага мастацкага слова.

Мэта эказамена - выявіць веданне багатага літаратурна-мастацкага матэрыялу, усвядомленае разуменне гісторыка-эстэтычнай сутнасці асноўных літаратурных эпох і заканамернасцей развіцця гісторыка-літаратурнага працэсу, валоданне метадалагічнымі ведамі, накіраванымі на самастойную навуковую інтэрпрэтацыю мастацкага твора.

Праграма-мінімум кандыдацкага экзамена ў храналагічным парадку ахоплівае асноўны гісторыка-літаратурны матэрыял ад старажытнасці да сучаснасці. Яна прадугледжвае канцэптуальнае асэнсаванне і глыбокае сістэмнае веданне вызначальных жанрава-стылёвых асаблівасцей літаратурнай спадчыны і творчасці пісьменнікаў апошніх дзесяцігоддзяў.

Акрамя акрэсленага дадзенай праграмай матэрыялу, на экзамене неабходна выявіць валоданне праблемамі па тэме дысертацыйнага даследавання. На экзамене прапануюцца тры асноўныя пытанні, адно з якіх  –па тэме дысертацыйнага даследавання. Дадатковае апытванне рэкамендуецца праводзіць з мэтай выяўлення грунтоўнасці ведаў па прадмеце і ступені валодання комплекснымі метадалагічнымі падыходамі да навуковага вывучэння літаратурна-эстэтычных з'яў.

Праграма-мінімум складзена з ўлікам зместу і патрабаванняў "Кароткага пашпарту" спецыяльнасці 10.01.01 - беларуская літаратура (філалагічныя навукі) [Зацверджана пастановай Прэзідыума ВАК Беларусі].

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ПРАГРАМЫ

Мэты:


  • Раскрыць змест вылучаных для вывучэння “Праграмы-мінімум” пытанняў з улікам асаблівасцей гістарычнай рухомасці сэнсу мастацкіх твораў, а таксама актуалізацыі некаторых пытанняў літаратуразнаўчага характару;

  • Асэнсаваць спецыфіку жанравага развіцця беларускай літаратуры, ахарактарызаваць ролю жанравых здабыткаў літаратуры акрэсленага перыяду для далейшага развіцця літаратуры;

  • Удасканаліць веды аспіранта пра ўмовы развіцця беларускай літаратуры ад старажытнага перыяду да сучаснасці;

  • Узнавіць і пашырыць уяўленне пра агульныя тэндэнцыі развіцця беларускай літаратуры старажытнага перыяду, працяг літаратурных традыцый і складванне новых, пра эвалюцыю стыляў, жанравых форм;

  • Прааналізаваць творчасць і літаратурна-асветніцкую дзейнасць пісьменнікаў гэтага перыяду, ахарактарызаваць месца і ролю іх спадчыны ў нацыянальным і сусветным літаратурным працэсе;

  • Паглыбіць  разуменне сутнасці і спецыфікі літаратуры,  творчага працэса,  структуры мастацкага твора.

Задачы:

  • Замацаваць атрыманыя раней у ВНУ уменні і навыкі жанравага і стылёвага аналізу мастацкага твора ў кантэксце творчасці пісьменніка, літаратурнай эпохі і нацыянальнай літаратуры, а таксама ў кантэксце сусветнага літаратурнага працэсу;

  • Развіваць у аспіранта ўменні і навыкі літаратуразнаўчых падагульненняў дзеля арыентацыі ў свеце мастацкіх з’яў і правядзення агульных і параўнальных эстэтычных і гістарычных характарыстык;

  • Фарміраваць эстэтычны густ філолага, выкладчыка.

Патрабаванні да ўзроўню ведаў экзаменуемага суіскальніка навуковага звання па спецыяльнасці 10.01.01 Беларуская літаратура.

Суіскальнік павінен:



  • засвоіць неабходны факталагічны матэрыял, які датычыцца літаратурнага працэсу на Беларусі ХІ — ХХІ стст.;

  • арыентавацца ў асноўных літаратурных напрамках, плынях, літаратурных школах, ведаць жанрава-стылёвую спецыфіку кожнага напрамку;

  • ведаць біяграфіі і творчы шлях пісьменнікаў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі, мастацкага перакладу, а таксама творчую гісторыю найбольш значных мастацкіх твораў перыяду, навуковыя і літаратурна-крытычныя працы, прысвечаныя гісторыі беларускай літаратуры ХІ — ХХІ стст.;

  • бачыць сувязь літаратуры з гісторыяй краіны, народа, з сацыяльна-палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве, выяўляць аб’ектыўныя заканамернасці і асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу;

  • аналізаваць мастацкія творы з улікам усяго назапашанага вопыту літаратуразнаўства і эстэтыкі.

ПРАГРАМА КАНДЫДАЦКАГА  МІНІМУМУ ПА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

ХІ — ПАЧАТКУ ХХІ СТСТ.

Літаратура ранняга Сярэднявечча (XI—XIII стст.) Агульны перыяд развіцця трох усходнеславянскіх літаратур — беларускай, рускай і ўкраінскай. Першыя помнікі пісьменства на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Цэнтры кніжнай культуры (Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Смаленск, Тураў і інш.). Культурныя сувязі ўсходніх славян з Візантыяй і паўднёвымі славянамі. Асноўныя стылі і жанры літаратуры. Пераклады. Арыгінальная літаратура. “Слова пра Закон і Благадаць” Іларыёна, мітрапаліта Кіеўскага: праблематыка, ідэя і кампазіцыя твора, Свяшчэннае Пісанне і канцэпцыя сусветнай гісторыі. Пропаведзі, прытчы, малітвы, каноны Кірыла, епіскапа Тураўскага. Агіяграфія ўсходніх славян. “Сказанне пра Барыса і Глеба”, “Жыціе Еўфрасінні Полацкай”, “Жыціе Кірыла Тураўскага”,  “Жыціе Аўраамія Смаленскага”, “Аповесць пра Меркурыя Смаленскага”.  Летапісанне ўсходніх славян. “Аповесць мінулых гадоў”. “Кіеўскі летапіс”. “Галіцка-Валынскі летапіс”. “Слова пра паход Ігара” як феномен усходнеславянскай культуры.

Літаратура позняга Сярэднявечча (XIV—XV стст.) Палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё на беларускіх землях. Фарміраванне беларускай народнасці і старабеларускай мовы. Літаратура арыгінальная і перакладная. “Аповесць пра трох каралеў”. “Аповесць пра Трою”. “Пакуты Хрыста”. “Жыціе трох віленскіх мучанікаў”. літаратура. Росквіт Вялікага княства Літоўскага і развіцце літаратуры. Станаўленне агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання. “Летапісец Вялікіх Князёў Літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1430—1446 гг.”. “Хаджэнне ў Царград…” Ігнація Смаляніна (пач. XV ст.). Урачыстае красамоўства. Грыгорый Цамблак; уплыў вучэння ісіхазму на фармаванне  яго светапогляду. “Слова пахвальнае Яўфімію Тырнаўскаму”. “Слова на Уздзвіжанне святога Крыжа”. “Слова на адсячэнне галавы Іаану Хрысціцелю”.

Літаратура XVI ст. Уплыў еўрапейскага Рэнесансу на культуру Вялікага княства Літоўскага. Навучанне беларусаў у замежных універсітэтах.  Асноўныя цэнтры беларускага кнігадрукавання: Прага, Вільня, Берасце, Нясвіж, Лоск. Мецэнат у мяшчанскім (Багдан Онькаў, Якуб Бабіч) і ў магнацкім (Радзівілы, Астрожскія, Хадкевічы, Кішкі і інш.) асяроддзі. Полілінгвізм тагачаснага пісьменства Беларусі. Асноўныя літаратурныя мовы. Францыск Скарына. Адносіны ўсходнеславянскага  першадрукара да тэкстаў Свяшчэннага Пісання — эзатэрычныя і экзатэрычныя кнігі Бібліі ў разуменні Ф. Скарыны. Ф. Скарына, як асветнік. Элементы багаслоўя, філасофіі, правазнаўства, філалогіі, эстэтыкі і этыкі ў яго прадмовах. Ян Вісліцкі. “Пруская вайна” — паэтычны помнік мінуламу Айчыны. Роля антычнай сістэмы вобразаў і вобразаў-сімвалаў у сюжэтнай пабудове помніка. Дзяржаўны патрыятызм Яна Вісліцкага, пераклады паэмы “Пруская вайна” з лацінскай мовы на мовы беларускую, польскую і рускую. Мікалай Гусоўскі. Рымскі і кракаўскі перыяды творчасці. “Песня пра зубра” (1523). Адлюстраванне гуманістычных поглядаў М. Гусоўскага ў прысвячэнні каралеве Боне. Гістарычныя аналогіі і паралелі. Вайна і мір у паэме М. Гусоўскага, гуманістычны пафас твора. Летапісанне. “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”. Новая патрыятычная і дзяржаўная канцэпцыя. “Хроніка Быхаўца”. еднасці ў дзяржаве; Адлюстраванне  літоўска-русінскай еднасці і еўрапейскіх падзей; легендарнае і гістарычнае ў помніку. Беларуская рэфармацыйная публіцыстыка. Традыцыі Ф. Скарыны ў творчасці Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Роля беларускай, лацінскай і польскай моў у засваенні ідэй Рэфармацыі. Спецыфіка рэфармацыйнага руху на Беларусі.



Паэзія рэнесанснага складу. Генеатліконы, эпіталамы, фунеральныя вершы Г. Белазора, С. Кулакоўскага, Я. Пратасовіча, Я. Радвана і інш. Прыклады філасофскай паэзіі (“Чалавечы век” С. Кулакоўскага), рэлігійна-палемічнай (ананімная паэма “Апалагетык, гэта ёсць Абарона канфедэрацыі”), грамадзянскай лірыкі (“Італійскі арэшнік” Я. Казаковіча). Адлюстраванне падзей Лівонскай (Інфлянцкай) вайны (1558—1582) у героіка-эпічных паэмах “Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла” Ф. Градоўскага і “Радзівіліяда” Я. Радвана. Арыентацыя на антычныя ўзоры, міметычная практыка паэтаў другой паловы XVI cт. Рыторыка як аснова паэтыкі. “Лямант няшчаснага Рыгора Осціка” — ліра-эпічная паэма, выдадзеная пад псеўданімам Станіслава Лаўрэнція. “Пратэй, або Пярэварацень” Цыпрыяна Базыліка — заклік да грамадскай згоды і рэлігійнай талерантнасці. Андрэй Рымша. Вершы на старабеларускай мове: “Храналогія... ” (1581), эпіграмы на гербы А. Валовіча, Л. Сапегі, Т. Скуміна. “Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла”. Жанравы сінкрэтызм твора. “Гутарка аднаго паляка з маскалём...” (1601). Г. Пельгрымоўскі як найбольш верагодны аўтар твора. Адлюстраванне ў вобразах галоўных герояў ліцвінскай і маскоўскай ментальнасці. “Пасольства Льва Сапегі да вялікага князя маскоўскага” (1603). Дакументальная аснова паэмы. Шырокі спектр палітычных, рэлігійных і культурных праблем, закранутых у творы. Ян Пратасовіч. “Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і ва ўжытак людзям даў” — першая ў Рэчы Паспалітай вершаваная энцыклапедыя. Змест і структура кнігі. Выкарыстанне аднайменнага сачынення Палідора Вергілія і аўтарскія рэфлексіі Я. Пратасовіча. Мемуарная літаратура. Праяўленне цікавасці да лёсу асобнага чалавека як характэрная рыса эпохі Рэнесансу. Першыя творы мемуарнага жанру ў шматмоўнай беларускай літаратуры: “Дзённік падарожжа ў Італію” Ю. Радзівіла, вершаваная аўтабіяграфія М. Стрыйкоўскага “Пра сябе і прыгоды свае ў размаітых краінах”, “Хроніка сям’і Уніхоўскіх”. Г. Пельгрымоўскі — пачынальнік “маскоўскай тэмы” ў гісторыка-мемуарнай літаратуры: празаічны “Дыярыуш пасольства да вялікага князя маскоўскага ў 1600—1601 гг.”. Мікалай Крыштаф Радзівіл. “Перыгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую Зямлю”. Фёдар Еўлашоўскі. “Успаміны...”.  Перакладная проза. Шляхі пранікнення перакладной літаратуры на тэрыторыю Беларусі. Пераклад, рэдакцыя, творчая перапрацоўка іншамоўнага тэксту. “Траянская гісторыя”, “Аповесць пра Баву”, “Аповесць пра Трышчана”. 

Літаратура канца XVI—XVII стагоддзяў. Барока ў беларускай культуры і літаратуры. Выкарыстанне алегорыкі, эмблематыкі, сімволікі ў барочных творах, іх пэўны схематызм і топіка. Жанравая разнастайнасць стылю, сувязь літаратуры барока з іншымі відамі мастацтва. Адметнасць беларуска-ўкраінскага літаратурнага барока, яго полілінгвізм. Адлюстраванне ідэй уніі польскімі, беларускімі і ўкраінскімі пісьменнікамі. Палемічная публіцыстыка як асаблівы від літаратурнай творчасці канца XVI  — першай паловы XVII ст. Праблема веры, дзяржавы, культуры, мовы ў творах Бенядыкта Гярбеста “Указанне шляху”, Пятра Скаргі “Пра адзінства касцёла Божага пад адзіным пастырам”, “Берасцейскі сабор і абарона яго”. Развіццё ідэй уніі ў творчасці Іпація Пацея: “Унія”, “Гармонія”, “Ерасі”.

Лявонцій Карповіч. “Два казанні…”. Асаблівасці архітэктонікі казанняў. Багаслоўска-дагматычныя ўяўленні Лявонція.

Мялецій Сматрыцкі. “Антыграфі”, “Трэнас”, “Апраўданне невінаватасці” і іншыя творы праваслаўнага перыяду творчасці палеміста. Адступніцтва Мялеція ад праваслаўя. Пошукі гармоніі ў палемічных трактатах уніяцкага перыяду “Апалогіі”, “Паранезісе”, “Экзатэзісе” і іншых. Дзяржаўнае, палітычнае, рэлігійнае крэда Мялеція-уніята.

Афанасій Філіповіч. “Дыярыуш”. Пратэст супраць уніі, рэлігійнай і дзяржаўнай палітыкі правячых колаў Рэчы Паспалітай. Веравызнаўчая паслядоўнасць, містыцызм аўтара, яго відзенні і прароцтвы.

Парадыйна-сатырычная літаратура. “Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”. Выкарыстанне парадыйна-сатырычнай формы ў рэлігійна-палемічных мэтах. Мемуарная літаратура XVII ст.: “Дыярыуш пра падзеі ў Польшчы 1632—1656 гг...” Альбрыхта Станіслава Радзівіла, “Дыярыуш” Адама Каменскага-Длужыка, “Дыярыуш” С. Маскевіча, “Успаміны” Яна Цадроўскага.



Сімяон  Полацкі. Беларускі і маскоўскі перыяды творчасці. Вершы на старабеларускай, старапольскай, лацінскай мовах. Вершы-паліндромы, вершы-асіндэтоны, вершы-рэха, акравершы і інш. у паэтычнай спадчыне Сімяона. Прапаведніцкае майстэрства Сімяона Полацкага, зборнік пропаведзяў “Абед духоўны” і “Вячэра духоўная”. Дыдактычныя п’есы “Камедыя прытчы пра блуднага сына” і “Пра Навухаданосара цара і пра трох отракаў”. Роля Сімяона Полацкага ў развіцці сілабічнай паэзіі ўсходніх славян.

Школьны тэатр і драматургія.    Пашырэнне геаграфіі школьных прадстаўленняў: дзейнасць езуіцкіх тэатраў у Полацку, Нясвіжы, Гродна і інш. Дамінацыя паэтыкі барока ў школьных драмах: “Камедыя пра патрыярхаў Якуба ды Іосіфа” (Гродна, 1651) Яўстафія Пылінскага, “Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба” (Полацк-Орша, каля 1693 г.). Нацыянальны і сацыяльны каларыт вобразаў у інтэрмедыях з аршанскага кодэкса. Маральна-дыдактычная накіраванасць і камізм беларускіх інтэрмедый у польскамоўнай школьнай драме.

Літаратура пераходнага перыяду (канец ХVІІ — першая палова ХVІІІстст.) Беларускае мясцовае летапісанне ў ХVІІІ ст. Гістарычныя і літаратурныя вартасці “Магілёўскай хронікі” і “Віцебскага летапісу”. Мемуарыстыка Беларусі ў ХVІІІ ст.: “Дыярыюш” М. Радзівіла і “Успаміны” М. Матушэвіча. Белетрызацыя мемуарнага жанру ў “Авантурах майго жыцця” С. Пільштыновай. Парадыйна-сатырычная і гумарыстычная проза. Асаблівасці барочнай паэтыкі зборніка К. Жэры “Торба смеху”. Беларускамоўная паэзія першай паловы ХVІІІ ст. Песенна-інтымная лірыка. Адметнасць “звярыных гратэскаў” Д. Рудніцкага. Народны тэатр — “батлейка” на Беларусі; спецыфіка школьных драм і інтэрмедый; прыдворны тэатр. Паэзія і драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл.

Літаратура другой паловы ХVІІІ — першай паловы ХІХ стст. Асаблівасці асветніцтва, класіцызму і сентыменталізму на Беларусі. Творчая спадчына І. Храптовіча, М. Карыцкага, А. Нарушэвіча, Ю.Нямцевіча, Ф. Князьніна, Ф. Рысінскага, Я. Аношкі і феномен шматмоўнасці тагачаснай паэзіі. Беларускамоўная патрыятычная і бурлескна-парадыйная паэзія. Забельскі школьны тэатр. Драматургічнае майстэрства К. Марашэўскага і М. Цяцерскага. Сентыменталізм і асветніцкія ідэалы ў драматургіі Ф. Карпінскага і Ф. Багамольца. Ідэйна-мастацкія асаблівасці оперы “Агатка” Мацея Радзівіла і Яна Давіда Голанда, яе роля і значэнне ў тагачаснай культуры Беларусі.

Станаўленне рамантызму ў Беларусі і фальклорныя традыцыі.  Беларуская культура і творчая спадчына А.Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Адынца, А. Петрашкевіча, А. Ходзькі, І. Дамейкі. Рэальнае і легендарнае ў біяграфіі П. Багрыма. Жанрава-стылістычныя асаблівасці ананімнай літаратуры. Паэма “Энеіда навыварат” у беларускім літаратуразнаўстве. Тэматыка і праблематыка польскамоўнай паэзіі Беларусі 40-х гг. ХІХ ст. Творчая спадчына братоў Грымалоўскіх, А. Грозы, Т. Лады-Заблоцкага і інш. Жанр шляхецкай “гавэнды” ў прозе Г. Ржавускага і І. Ходзькі. Р. Падбярэзскі і Ф. Савіч у гісторыі беларускай літаратуры. Літаратурная спадчына Я. Баршчэўскага. Жанрава-стылёвыя асаблівасці і паэтыка твора “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.



Літаратура эпохі рамантызму і рэалізму (другая палова ХІХ ст.). Палеміка пра народнасць літаратуры і сутнасць прынцыпу мастацкага этнаграфізму. Шматграннасць творчай асобы В. Дуніна-Марцінкевіча. Значэнне творчасці пісьменніка ў гісторыі беларускай літаратуры. Загадка аўтара, ідэйна-вобразны змест паэмы Адэлі з Устроні “Мачаха”. Сакралізацыя радзімы ў творчасці У. Сыракомлі. Творчая спадчына В. Каратынскага. Арганізацыя літаратурнага руху і асветніцкая дзейнасць А. Кіркора. Літаратурна-грамадскі рух на Віцебшчыне. Жыццё і творчасць А. Вярыгі-Дарэўскага, А. Рыпінскага, Г.Марцінкевіча, Я. Вуля. Біяграфія, публіцыстыка К. Каліноўскага. Палемічная скіраванасць і жанрава-стылёвыя асаблівасці ананімных і аўтарскіх вершаваных “гутарак”; зборнік “Рассказы на белорусском наречии”. Праблема аўтарства, паэтыка і стыль паэмы “Тарас на Парнасе”.

Стылявы сінкрэтызм, паглыбленне крытычнага пафасу, узмацненне рэалістычных тэндэнцый і сатырычнай скіраванасці, завастрэнне сацыяльна-этычных канфліктаў у тагачаснай літаратуры. Асветніцкая дзейнасць А. Ельскага. Творчая спадчына Ф. Савіча-Заблоцкага. Публіцыстыка беларускіх народнікаў. Мастацкае асэнсаванне “краёвай” рэчаіснасці ў “сялянскіх” аповесцях Э. Ажэшкі. Патрыятычныя матывы, адлюстраванне беларускіх рэалій і ментальнасці ў паэзіі З. Манькоўскай. Мастацкая спецыфіка творчай спадчыны Ф. Багушэвіча. Асаблівасці адлюстравання рэчаіснасці і выяўленне сацыяльнай псіхалогіі сялянства. Жыццёвы шлях і асноўныя матывы паэзіі Я. Лучыны. Ф. Тапчэўскі, А. Абуховіч, А. Гурыновіч у гісторыі беларускай літаратуры.



ХХ стагоддзе як гістарычная і культурная эпоха. Галоўныя гістарычныя падзеі. Асноўныя сацыяльна-палітычныя і эканамічныя працэсы. Савецкая гісторыя: знакавыя падзеі, вынікі і ўрокі. Гуманістычныя традыцыі савецкай культуры. “Вялікі стыль” у мастацтве СССР. Пошук новай культурнай парадыгмы ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. Чалавек і розныя формы соцыуму — цэнтральная праблема мастацкай культуры ХХ ст. Паглыбленне семантыкі мастацкага твора ў ХХ ст. Суадносіны традыцый і наватарства ў розных напрамках літаратуры ХХ ст. (рэалізм, мадэрнізм, постмадэрнізм). Уплыў іншых відаў мастацтва і СМІ на літаратуру ХХ — пачатку ХХІ ст. Паскарэнне развіцця мастацкага працэсу — і сусветнага, і ўласнабеларускага.

Перыядызацыя беларускай літаратуры ХХ ст. Яе нацыянальна-гістарычныя і мастацка-эстэтычныя асновы. Літаратурнае ХХ стагоддзе як цэласная гісторыка-культурная з’ява. Беларуская літаратура і нацыянальна-вызваленчы рух. Нацыянальныя традыцыі і мастацкае наватарства. Агульначалавечае і нацыянальна-самабытнае ў змесце, характары і напрамку ідэйна-эстэтычнага станаўлення беларускай літаратуры. Багацце творчых індывідуальнасцей, шматстайнасць ідэйнага і эстэтычнага пошуку. Асноўныя філасофска-мастацкія ідэі, архетыпы і вобразы, міфалагемы і лейтматывы беларускай літаратуры ХХ ст. Жанрава-стылёвы абсяг мастацкай літаратуры, міжродавыя формы і дыфузія жанраў.



Беларуская літаратура перыяду нацыянальнага Адраджэння (19001930 гг.).  Пачатак ХХ стагоддзя. Грамадскі і культурны рух. Беларускамоўныя выданні. Роля “Нашай нівы” ў абуджэнні нацыянальнай самасвядомасці народа, у стварэнні кола нацыянальнай інтэлігенцыі. Мастацкія плыні гэтага часу: рамантызм, рэалізм, сімвалізм, імпрэсіянізм і інш. Персаналіі: Ядвігін Ш., Карусь Каганец, Канстанцыя Буйло, Янка Журба і інш.

1920-я гады. Беларуская адраджэнская ідэя і “нашаніўская” літаратурная традыцыя. Складанасць і супярэчлівасць гісторыка-палітычнай сітуацыі і цяжкасці станаўлення нацыянальнай культуры і літаратуры. Патрыятычная публіцыстыка Я. Купалы, Ц. Гартнага, З. Бядулі, М. Гарэцкага, А. Гаруна, А. Луцкевіча і інш. Тагачасная перыёдыка. Збіранне асноўных літаратурна-творчых сіл у Мінску. Дзейнасць літаратурных аб’яднанняў.

Паэзія. Публіцыстычны пафас лірыкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Вацлава Ластоўскага, Цішкі Гартнага, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Жылкі, Паўлюка Труса, Уладзіміра Хадыкі, Тодара Кляшторнага, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага і інш. Прыход у літаратуру маладой змены: Пятра Глебкі, Максіма Лужаніна, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Змітрака Астапенкі, Алеся Звонака і інш. Паэтычнае асэнсаванне рэвалюцыйнай эпохі. Ідэйна-мастацкая і жанрава-стылёвая разнастайнасць лірыкі 20-х гг. Авангардысцкія тэндэнцыі і “рэвалюцыя ў паэзіі” “Маладняка” і “Узвышша”. Уплыў мадэрнісцкіх плыняў і рэформа верша. Традыцыйнае і наватарскае, эпічнае і лірычнае ў паэмах Якуба Коласа, Міхася Чарота, Паўлюка Труса, Міхайлы Грамыкі, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Дубоўкі, Андрэя Александровіча і інш. Сатырычная творчасць К. Крапівы.

Проза. Жанрава-стылёвае станаўленне і развіццё беларускай прозы 20-х гг. Творчы росквіт апавядання як жанру. Засваенне новай тэматыкі. Творчасць К. Чорнага, М. Зарэцкага, К. Крапівы, М. Лынькова, Р. Мурашкі, П. Галавача, Я. Скрыгана ў жанры апавядання. Жанравае станаўленне беларускай аповесці і рамана. Аўтабіяграфізм, дакументалізм, псіхалагізм, філасафізм як прыкметы буйных твораў Я. Коласа, З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Чорнага, М. Зарэцкага, Я. Нёманскага, Р. Мурашкі і інш. Творчыя дасягненні сатырычнай прозы Я. Коласа, К. Крапівы, Ц. Гартнага, М. Зарэцкага і інш.

Драматургія і станаўленне беларускага прафесійнага тэатра. Агляд творчасці Я. Купалы, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, М. Гарэцкага, Е. Міровіча, М. Грамыкі, Я. Дылы, М. Чарота, Л. Родзевіча, Р. Кобеца і інш.

Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Роля ў беларускім літаратурна-грамадскім руху. Жыццё паэта ў савецкі час. Мастацкая эвалюцыя паэта ў зборніках “Жалейка”, “Гусляр”, “Шляхам жыцця”.  Традыцыі фальклору; міфалагічныя вобразы, сюжэты і матывы; архетыпы і вобразы-сімвалы. Філасофская, грамадзянская, пейзажная, інтымная лірыка. Ідэі, жыццёвая аснова ранніх паэм. Рамантычныя паэмы 1910—1913 гг.: гераічны і фальклорна-рамантычны характар, праблематыка, кампазіцыйная будова, вобразы і паэтыка. Драматычныя паэмы “Адвечная песня” і “Сон на кургане”: ідэі, вобразна-выяўленчыя сродкі. Літаратурныя традыцыі і эстэтычныя асаблівасці драматургіі Я. Купалы. Праблематыка і вобразы купалаўскіх п’ес, гісторыя іх сцэнічнага ўвасаблення. Перакладчыцкая дзейнасць паэта. Эстэтычныя адкрыцці Я. Купалы ў кантэксце сусветнай літаратуры. Набыткі і дасягненні купалазнаўства. Вобраз Янкі Купалы ў мастацтве.

Жыццё і творчасць Якуба Коласа. Роля ў развіцці нацыянальнай літаратуры. Творчы шлях. Грамадска-публіцыстычныя, сатырычныя вершы. Асноўныя паэтычныя зборнікі. Мастацкія асаблівасці паэзіі Я. Коласа. Эвалюцыя Я. Коласа як апавядальніка. Філасофская праблематыка і алегарычнасць “Казак жыцця”. Паэма “Новая зямля”: аўтабіяграфізм твора, гісторыя напісання, жанравыя асаблівасці і праблематыка, ідэйны змест, энцыклапедызм у адлюстраванні жыцця народа, сувязь твора з мастацкім вопытам чалавецтва, глыбінная народнасць вобразаў, паэтызацыя сялянскага побыту, роля пейзажу, мова, гістарызм паэмы, наватарства твора. Паэма “Сымон-музыка”: творчая гісторыя, жанр, ідэя, праблематыка, філасафічнасць паэмы і яе выяўленчыя сродкі. Трылогія “На ростанях”: творчая гісторыя, кампазіцыя, жанравыя асаблівасці, сюжэт, асноўныя вобразы, праблема народа і інтэлігенцыі, стыль твора. Псіхалагічнае майстэрства Я.Коласа. Праблематыка апавяданняў і аповесцей Я.Коласа 20—30-х гг. Колас-драматург. Творы Я.Коласа для дзяцей. Творчасць перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Навуковая і грамадская дзейнасць. Асветніцкія ідэі і погляды. Публіцыстычная і эпісталярная спадчына. Я.Колас у кантэксце сусветнай літаратуры. Крытычныя і літаратуразнаўчыя працы аб жыцці і творчасці пісьменніка. Коласаўскія творы ў перакладах на іншыя мовы. Творчая спадчына Я.Коласа ў духоўным жыцці беларускага народа.

Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча. Феномен М. Багдановіча як творцы і дзеяча нацыянальнага Адраджэння. Энцыклапедызм, артыстызм, паэтычная культура М. Багдановіча. Наватарства, патрыятычны і гуманістычны змест яго творчасці. Паглыбленне эстэтычных асноў, зварот да новых тэм і форм у беларускай літаратуры, яе жанрава-стылёвае ўзбагачэнне. Распрацоўка М. Багдановічам праблем класічнай мастацкай спадчыны. Творчасць М. Багдановіча як арыгінальная і сінтэтычная мастацкая сістэма. Імпрэсіянізм, сімвалізм і неакласіцызм у яго паэзіі. Мастацкая канцэпцыя кнігі паэзіі “Вянок”: задума, гісторыя выдання, структура. Мастацкі свет нізак вершаў, створаных у 1908—1913 гг. Паэзія 1914—1916 гг. Фальклорныя матывы, найбольш значныя топасы, міфалагемы і сімвалы ў паэтычных творах. Гістарызм мастацкага мыслення паэта. Філасафічнасць, роздум над лёсам чалавека. Рацыянальнае і эмацыянальнае ў эстэтычнай сістэме паэта. М. Багдановіч як літаратуразнаўца і крытык. Асэнсаванне ім літаратурнага працэсу. М. Багдановіч і іншанацыянальныя літаратуры. Проза М. Багдановіча. Перакладчыцкая дзейнасць. М. Багдановіч у беларускім літаратуразнаўстве. Вобраз паэта ў нацыянальным мастацтве. Літаратурныя творы аб жыцці і творчасці паэта.

Жыццё і творчасць Цёткі. Асоба Цёткі сярод пачынальнікаў беларускай класічнай літаратуры. Творчая і грамадская дзейнасць. Традыцыі паэзіі Ф. Багушэвіча і наватарства лірыкі Цёткі. Зборнікі паэзіі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”. Адраджэнскі і рэвалюцыйны пафас лірыкі, ахвярнасць у імя Бацькаўшчыны, вера ў лепшую будучыню, выкарыстанне рамантычнай сімволікі. Асаблівасць паэтыкі. Асветніцкая дзейнасць Цёткі. Кнігі для дзяцей. Публіцыстыка. Значэнне Цёткі для беларускай літаратуры і культуры.

Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. Ядвігін Ш. як адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. Роля пісьменніка ў літаратурным і грамадска-культурным жыцці. Алегарычныя, рэалістычна-побытавыя, сацыяльна-псіхалагічныя, прытчава-дыдактычныя апавяданні. Майстэрства пісьменніка-навеліста. Раман “Золата” як адзін з першых буйных твораў беларускай прозы, спроба стварэння псіхалагічнага рамана.

Жыццё і творчасць Змітрака Бядулі. Біяграфія. Умовы фарміравання і асаблівасці таленту. Лірычнае і рамантычнае ў паэзіі З. Бядулі “нашаніўскага” перыяду. Зборнік “Абразкі”, яго месца ў гісторыі беларускай прозы. Рамантычны характар і матывы лірычных імпрэсій і мініяцюр. Выяўленне ў іх фальклорных, біблейскіх, кніжных традыцый, раскрыццё ідэальнага, прыгожага. Праблема красы і беларускага Адраджэння ў творчасці. Актыўная публіцыстычная і палітычная дзейнасць. Асэнсаванне мінуўшчыны ў аповесці “Салавей”, праблемы мастака і мастацтва. “Язэп Крушынскі” як сацыяльна-псіхалагічны раман пра складаныя працэсы грамадскага жыцця 1920-х гг.: асноўныя вобразы, выдаткі ў змесце і форме, моўна-выяўленчыя сродкі. З. Бядуля  як  дзіцячы пісьменнік.

Жыццё і творчасць Максіма Гарэцкага. М. Гарэцкі як класік беларускай літаратуры. Значнасць і маштаб яго творчай асобы. Інтэлектуальна-філасофская і глыбока псіхалагічная проза пісьменніка як новая ступень развіцця беларускай літаратуры. Зборнік апавяданняў “Рунь”. Скіраванасць пісьменніцкай думкі да “патаёмнага”, імкненне зразумець душу свайго народа. Гуманістычная скіраванасць у паказе чалавека на вайне і праблематыка апавяданняў 1915—1917 гг. Майстэрства псіхалагічнага аналізу. Дакументальна-мастацкія запіскі “На імперыялістычнай вайне”: аналітызм і псіхалагізм, рэалізм і гуманістычны, антываенны пафас, традыцыі і літаратурны кантэкст. Уплыў аповесці на развіццё дакументальнага жанру ў беларускай літаратуры. Аповесць “Дзве душы”: сістэма вобразаў, жанр і стыль твора. Апавяданні 1921—1922 гг. пра падзеі рэвалюцыі і станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Пашырэнне тэматычных гарызонтаў беларускай літаратуры ў апавяданнях з кніг “Сібірскія абразкі”, “Люстра дзён”. Жанравая адметнасць п’ес М. Гарэцкага. Раскрыццё істотных граняў беларускага нацыянальнага жыцця ў аповесці “Меланхолія”. Погляд на родны край у аповесці “Ціхая плынь”. Творчая гісторыя рамана “Віленскія камунары”. Эпічная шырыня і гістарызм мыслення пісьменніка ў рамане. Героі як носьбіты вопыту папярэдніх пакаленняў і мінулых эпох. “Камароўская хроніка” як эпапея. Хранікальна-летапісны і дзённікавы характар твора. Сувязь твора з “Баркулабаўскім летапісам”. Праблематыка ў асноўнае кола вобразаў у творы. “Скарбы жыцця” як “лебядзіная песня”, споведзь душы і запавет М. Гарэцкага. Асаблівасці мовы ў творах М. Гарэцкага. Публіцыстычная, крытычная і літаратуразнаўчая спадчына М. Гарэцкага. Уплыў творчасці пісьменніка на беларускую літаратуру ХХ ст. Крытычныя і літаратуразнаўчыя працы пра творчасць пісьменніка.

Жыццё і творчасць Цішкі Гартнага. Асоба пісьменніка і грамадскага дзеяча. “Нашаніўскія” матывы ў лірыцы і пераход да трыбуннай паэзіі пасля 1917 г. Мастацкі эклектызм паэтычнай творчасці. Пошукі творчага самавыяўлення ў празаічных творах. Раман “Сокі цаліны”. Асаблівасці хранатопу вёскі і вобраз зямлі. Рэалістычныя тэндэнцыі ў паказе нацыянальнай псіхалогіі селяніна-беларуса. Адметнасці кампазіцыйнай будовы рамана. Роля і месца Ц. Гартнага ў літаратурным працэсе.

Жыццё і творчасць Алеся Гаруна. А. Гарун і беларускае Адраджэнне. Зборнік “Матчын дар”. Творчая гісторыя, структура, змест. Канцэпцыя Беларусі, народа і яго лёсу. Тварэнне паэтам нацыянальнага міфа. Думкі пра шчасце, волю, сэнс быцця. Асэнсаванне паэтам праблемы роднай мовы. Патрыятычны і сацыяльна-філасофскі змест вершаў. Праблематыка і мастацкія асаблівасці апавяданняў. П’есы для дзяцей. Творчасць паэта ў славянскім і сусветным літаратурным кантэксце.

Жыццё і творчасць Вацлава Ластоўскага. Грамадска-палітычная, літаратурная, навуковая і выдавецкая дзейнасць В. Ластоўскага. Эстэтычныя пошукі, наватарскі характар творчасці. Зварот да мінуўшчыны, распрацоўка гістарычных сюжэтаў. Праблематыка, жанрава-стылёвая разнастайнасць, сімвалізм у апавяданнях, абразках, легендах, прыпавесцях, казках. Аповесць “Лабірынты” (элементы дэтэктыва, фантастычнай і прыгодніцкай літаратуры, містэрыі і утопіі). Роля В. Ластоўскага ў станаўленні нацыянальнай крытыкі, публіцыстыкі, мемуарыстыкі. Перакладчыцкая дзейнасць. Творчасць В. Ластоўскага ў кантэксце беларускай і сусветнай літаратур.

: sites -> default -> files -> aspirant
files -> 1 Перыядызацыя гісторыі Гісторыя
files -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
files -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
files -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
files -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
files -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
files -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
files -> Удой на карову (кг) Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе (гр.)
aspirant -> отечественная история
aspirant -> белорусский язык


Поделитесь с Вашими друзьями:
  1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал