Аддзел выхаваўчай работы з моладдзю Парады псіхолага Людмілы Дзіцэвіч Усмешка зганяе зіму з твару Усмешка -- гэта чароўная сіла. У ёй заключана магутная жыццёвая энергія, якая раскрываецца ў шматлікіх праяўленнях быцця.
Усмешка гаворыць, што вы цудоўны, светлы, адкрыты чалавек.
Усмешка асвятляе ваш твар, робіць яго прыгожым і абаяльным, а вачам надае бляску і цеплыні.
Усмешка прыцягвае да вас такіх жа цудоўных, светлых, адкрытых людзей, прыгожых і абаяльных. З імі лёгка і добра кантактаваць.
З усмешкай вам становіцца лёгка і добра кантактаваць з самім сабой. У душы вашай будзе адчувацца цеплыня, спакой, нават лёгкая радасць. Усмешка – гэта брама ўваходу ў лад і камфорт, у свет пазітыўных эмоцый, у свет павагі і дабрыні, упэўненасці і задавальнення, сціпласці і гонару, добразычлівасці і пяшчоты.
Усмешкай можна лячыць хваробы, асабліва насмарк, ангіну, бранхіт, запаленне лёгкіх, дэпрэсію, неўроз. Пасмейцеся са сваімі сябрамі над смешнымі прыколамі, парагачыце над показкамі-анекдотамі – і здароўе вам забяспечана.
З усмешкай лёгка будуць фарміравацца вашы пазітыўныя падзеі, якія вы запланавалі. Ваша ўсмешка да вас вернецца ў выглядзе падарункаў, грошай, цудоўных рэчаў, вандровак, сустрэчаў з цікавымі людзьмі.
Ваша ўсмешка прыцягнеўдачу, якая вызначае паспяховага чалавека. Усмешка вам дапаможа быць эфектыўным, бо эфектыўны чалавек заўсёды ўсмешлівы.
Усмешка дапамагае раскрыцца здольнасцям, якія жыццё вам дало. З усмешкай добра пішуцца вершы, песні, апавяданні, артыкулы, ствараюцца кнігі, здаюцца экзамены і залікі, добра малюецца, танцуецца і спяваецца, вышываецца і выразаецца або пляцецца.
Усмешка дапамагае ствараць сям’ю, будаваць дом, насяляць яго дзецьмі, жывёламі і цудоўнымі рэчамі, якія ўпрыгожваюць ваша жыццё.
Без усмешкі немагчыма кахаць і любіць. Кахаць хлопца ці дзяўчыну, жонку ці мужа, тых адзіных, без якіх ваша жыццё было б шэрым і нецікавым. Любіць бацькоў і дзяцей, сваякоў і сяброў, любіць працу, якая дае вам духоўны рост і прыбытак. Любіць зямлю і Сусвет, дзе вы жывяце і радуецеся ў коле блізкіх вам людзей.
І самае галоўнае – без усмешкі немагчыма паўнавартасна жыць. Без яе можна толькі існаваць. Усмешка зганяе зіму з твару.
Усміхайцеся сабе і людзям з любоўю і ўдзячнасцю. Поспехаў у працы над сабой! Ваш педагог-псіхолаг Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч