Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур



старонка2/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер468.92 Kb.
1   2   3

Пытанні





  1. “Чэшская хроніка” і гістарыяграфічная традыцыя (традыцыя аналаў) ў сучаснай ёй еўрапейскай гістарыяграфіі.

  2. Структура твора (мясцовыя паданні, антычныя матывы, міфалагічныя сюжэты, тэмы актуальнага палітычнага жыццяі г.д). Часавы ахоп апісаных у хроніцы падзей..

  3. Літаратурныя ўздзеянні (Гесіёд, Цыцэрон, Авідый, Тацыт, Баэцый, агіяграфія).

  4. Жанравы сінкрэтызм “Космавай хронікі”: спалучэнне гістарыяграфічнага жанру і забаўляльнай прозы, дакладнасці і вымыслу, фактаграфіі і фантазіі.

  5. Мастацкія асаблівасці твора: кампазіцыя, скарыстанне рытмізаванай прозы, багацце лаціны, якая адпавядала патрабаванням вучонай літаратуры эпохі, асабісты пачатак, дэталізаванасць і пластычная яскравасць апісанняў, увядзенне ў тэкст твора розных жанравых мадыфікацый (прамоў, пісем), спалучэнне прозы і паэзіі, разнастайнасць памераў і інш.


Заданні


  1. Адзначце, якія спецыфічныя знакі чэшскага жыцця і дзяржавы апісаў храніст у сваім творы?

  2. Пералічыце стылістычныя рысы прамовы праайца Чэха у Космавай хроніцы.

  3. Прасачыце, дзе ў чэшскай літаратуры, мастацтве і музыцы былі выкарыстаны сэжэты з Космавай хронікі?

  4. Вызначыце, з якога пункту гледжання ацэньвае Космас апісаныя падзеі? Прывядзіце прыклады і цытаты з тэксту.

  5. Растлумачце, дзякуючы чаму гістарычны твор набывае мастацкія рысы.

  6. На аснове тэкста хронікі прывядзіце асноўныя звесткі пра самога Космаса і гісторыю стварэння яго твора.


Літаратура:
Antologie ze starší české literatury. Praha, 1987.

Tisíc let české poezie. Stará česká poezie. Praha, 1974.

Výbor z české literatury od počátků po dobu Husovu. Praha, 1957.

Králík O. Kosmová kronika a předchozí tradice. Praha, 1976.

Králík O. Od Radima ke Kosmovi. K nejstarším dějinám české vzdělanosti. Praha, 1968.

Třeštík J. Kosmas. Praha, 1966.

Třeštík J. Kosmova kronika. Studie k počatkům českého dějepisectví a politického myšlení. Praha, 1968.
ТЭМА № 3. “Александрэіда”—першы чэшскі рыцарскі раман.
Старажытначэшскі эпас пра Аляксандра належыць невядомаму аўтару і захаваўся ў васьмі ўрыўках з розных частак твора. Гэта дае пэўную магчымасць даведацца пра цэласны характар эпасу і творчую манеру яго аўтара. Мяркуюць, што паэма мела аб’ём у 9000 вершаў, з якіх да нас дайшло 3449. Існуюць два спісы эпасу, паміж якімі ёсць некаторыя стылістычныя адрозненні.

Літаратурная апрацоўка жыцця, дзеяння і прыгод македонскага цара Аляксандра Вялікага была амаль самай распаўсюджанай тэмай твораў у старажытнасці і сярэднявеччы. Падобныя ўзоры сустракаюцца не толькі ў еўрапейскіх, але і ў азіяцкіх і афрыканскіх крыніцах. Аснову для такіх твораў звычайна складалі гістарычныя літаратурныя творы на грэчаскай і лацінскай мовах. Паступова прыгоды Александра сталі прадметам цікавасці не толькі адукаваных вышэйшых слаёў, але і ўсіх прадстаўнікоў сярэднявечнага грамадства. Так александраўская тэма дайшла і да чэшскіх земляў і на памежжы XIII-XIV ст.ст. з’явілася ў чэшскага паэта, які ў асобе Аляксандра Македонскага ўславіў велічнасць рыцарства. Якраз у гэты час на чэшскай гістарычнай арэне цэнтральнае месца належыла шляхце. Стварыліся спрыяльныя ўмовы для фарміравання чэшскай шляхецкай культуры, якая дагэтуль была слабаразвітай і часта знаходзілася пад чужымі ўплывамі, асабліва нямецкімі. Чэшскі паэт пісаў пад уражаннем сваіх папярэднікаў, Вальтэра Шаціл’ёнскага, Ульрыха фон Эшэнбаха, і абапіраўся на іншыя крыніцы: гістарычныя, міфалагічныя і г.д. Але ўвесь літаратурна-гістарычны матэрыял аўтар перш за ўсё сутыкае з актуальнамі сітуацыямі свайго часу і сваёй зямлі. Пры стварэнні твора ён абапіраецца на назіранні і погляды людзей таго асяроддзя, для якога быў напісаны эпас,--асяроддзя чэшскай шляхты. Паэт замяняе антычныя падзеі і прыгоды жыццём чэшскай шляхты і чэшскай актуальнай праблематыкай, нават воінам Аляксандравай дружыны ён дае чэшскія імёны. Акцэнт у творы робіцца на дзеянне, на дынаміку, праз якія ўспрымаюцца фігуры і вобразы эпасу. Мэтай пісьменніка было не набліжэнне падзей мінуласці да сучасніка, а стварэнне тыпа шляхціча згодна з патрэбамі і ўяўленнямі сваёй эпохі. Аўтар адмовіўся ад экзатычных элементаў і фантастычных прыгод і засяродзіў усю ўвагу на асноўных праблемах і пытаннях шляхецкага жыцця. Сам паэт смела выказвае свае ацэнкі і крытычныя заўвагі наконт падзей, а яго маральныя разважанні выступаюць у якасці звязкі паміж асобнымі эпізодамі. У так званых “аўтарскіх адступленнях” выяўляецца ідэйная канцэпцыя сачынення. У творы пераважаюць маналогі некалькіх галоўных герояў (Аляксандра, Арыстоцеля, Дарыя), што надае асаблівую значнасць выказаным думкам. Часта аўтар звяртаецца і да афарыстычных форм і сентэнцый. Фігура апавядальніка ў творы—гэта фігура дарадцы, назіральніка і суддзі.

З фармальнага пункту гледжання, галоўнае для чэшскага паэта—гэта зразумеласць і простасць падачы, таму з тропаў выкарыстоўваюцца ў творы толькі параўнанні і паралелізмы. Асобныя месцы багата адценены анафарамі, сінанімікай.

Узнікненне “Александрэіды” азначала заканчэнне эпохі, калі пераважала лацінская літаратура, і сведчыла пра зварот да рэальнага жыцця. Акрамя таго, самастойная пазіцыя чэшскага паэта акрэсліла тэндэнцыю адхілення ад чужаземных, асабліва нямецкіх, уплываў і фарміраванне іншага погляду на літаратуру, якая мусіць стаяць у цэнтры жыццёвых падзей і адначасова быць забаўляльнай.



Мэта практычнага занятку—вызначэнне месца твора ў кантэксце еўрапейскай літаратуры пра Аляксандра Македонскага, асэнсаванне і аналіз генезіса, сістэмы вобразаў, стылю “Александрэіды”, а таксама нацыянальнай спецыфікі рамана.
Пытанні


  1. Гісторыя напісання і захавання старачэшскага эпасу аб Аляксандры Вялікім. Праблема часу стварэння твора.

  2. Чэшская “Александрэіда” і еўрапейскія апрацоўкі антычнага матэрыялу пра выдатнага палкаводца (напрыклад, “Александрэіда” Вальтэра Шатыл’ёнскага альбо Ульрыха фон Эшэнбаха). Арыгінальнасць і своеасаблівасць чэшскага твора.

  3. Пераасэнсаванне вобраза цэнтральнага героя. Прататып галоўнага персанажа (ваяўнічы і мудры кароль Пржэмысл Атакар II). Сучаснае гучанне і трактоўка вобраза.

  4. Асноўныя тэмы і матывы твора

  5. Ідэйная адметнасць “Александрэіды” (антынямецкі пафас, патрыятычны пратэст супраць германізацыі чэшскай культуры, разважанні пра ідэальнага правіцеля, шляхецкая сучасная праблематыка

  6. Мастацкія асаблівасці (багемізацыя антычнага сюжэта, творча актыўнае засваенне еўрапейскай літаратурнай традыцыі, дынамічнасць сюжэта, акцэнт на падзеі, дэталёвае апісанне зброі, шляхецкіх адносін, адмаўленне ад экзатычнага матэрыялу і фантастыкі, шырокае выкарыстанне дыялогаў і маналогаў асабліва галоўных дзеючых асоб /Александра, Арыстоцеля, Дарыя/, мноства афарызмаў).

  7. Стварэнне ў “Александрэідзе” тыпа менавіта чэшскага шляхціча ў адпаведнасці з патрэбамі і ўяўленнямі свайго часу і сваёй зямлі.

  8. Асаблівасці кампазіцыйнай структуры твора (ужыванне крытычных заўваг і маральных сентэнцый аўтара паміж асобнымі эпізодамі, прамая фармулёўка асабістай пазіцыі і ідэйнай канцэпцыі ў тэксце твора).

  9. Стылёвыя прыкметы старачэшскага эпасу (зразумеласць мовы твора, адмаўленне ад складаных алегорый, багацце параўнанняў, біблейскія алюзіі і рэмінісцэнцыі, васьміскладовы памер з парнай рыфмоўкай, мноства анафар і паралелізмаў, багатая сінаніміка).

  10. Значэнне “Александрэіды” для чэшскай паэзіі.


Заданні


  1. Апішыце, як адбіліся ў творы тагачасныя чэшскія рэаліі. Пералічыце іх.

  2. Прааналізуйце “Александрэіду” з пункту гледжання прасодыі.

  3. Ахарактарызуйце суадноснасць страфічнага і сінтаксічнага падзелаў.

  4. Назавіце, дзе ў тэксце сустракаюцца гномы.

  5. Праілюструйце цытатамі, як праяўляюцца эмацыянальныя адносіны аўтару да рэчаіснасці.

  6. Аргументуйце, ці можна сцвярджаць адзінства формы і зместа “Александрэіды”?


Літаратура:
Alexandreida. Praha, 1963.

Antologie ze starší české literatury. Praha, 1987.

Tisíc let české poezie. Stará česká poezie. Praha, 1974.

Výbor z české literatury od počátků po dobu Husovu. Praha, 1957.

Lehár J. Nejstarší česká epika: Dalimilova kronika, Alexandreida, pro ní veršované legendy. Praha, 1983.

Alexandreis// Št´astný R. Čeští spisovatelé deseti století. Slovník českých spisovatelů od nejstarších dob do počatku 20 století.Praha, 1974.

Alexandreida// Petrů E. Zašifrovana skutečnost. Deset otázek a odpovědí na obranu literární medievistiky. Ostrava, 1972.

Pražák A. Staročeská báseň o Alexandru Velikém. Praha, 1945.

Alexandreida//Hrabák J. Studie ze starší české literatury. Praha, 1962.

Alexandreida// Dějiny české literatury. Sv.1: Starší česká literatura. Praha, 1959.



ТЭМА № 4. “Далімілава хроніка”—першы гістарычны твор на чэшскай мове.

“Далімілава хроніка”—гэта традыцыйная назва самага старажытнага чэшскамоўнага гістарычнага вершаванага твора. Аднак вызначэнне імя аўтара з’яўляецца гістарычнай памылкай. Праблема аўтарства хронікі не вырашана да сённяшняга часу. Некаторыя навейшыя спробы знайсці аўтара ў асобе Гінка Жака з Дубы, Гаўла з Лэмбэрка ці Яна IV з Дражыц і інш. шляхам аналізу асобных месц хронікі, высвятленнем інтарэсаў і паходжання названых людзей не знайшлі ўсеагульнага прызнання. Няма адзінства ў даследчыкаў і па пытанню сацыяльнай прыналежнасці аўтара. Невядома, ці быў то свецкі шляхціч, ці духоўная асоба. Як і большасць папулярных твораў сярэднявечча, Далімілава хроніка прайшла шляхам перапрацовак, змен і дапаўненняў. На сёння можна ўпэўнена гаварыць пра тры рэдакцыі азначанага твора. Самая старая з іх захавалася ў рукапісах—Кэмбрыджскім (з паловы XIV ст.), Францысканскім (каля 1440 г.) і Венскім (з канца XIV ст.). Другая рэдакцыя –Лабковіцкі рукапіс (першая пал. XV ст.). Трэцяя (мае стылістычныя змены) зроблена Янам Пінвічкай у 1459 г. Імпульсам да напісання твора сталі патрыятычныя пачуцці чэшскай шляхты і вялікі інтарэс да свайго мінулага. Храніст пачынаў свой аповед з часоў засялення чэшскіх тэрыторый і давёў да 1314 года. Ён імкнуўся з’яднаць у адзінае цэлае ўсе існаваўшыя да таго часу сведчанні пра чэшскую гісторыю. Ва ўводзінах да твора аўтар пералічвае хронікі, якія паслужылі крыніцамі падзей і фактаў (балеслаўская, пражская, бржэўнаўская, апатавіцкая, вышэградская), узгадвае таксама мараўскія і нямецкія хронікі. Не засталіся незаўважанымі праца Космаса і яго паслядоўнікаў. Можна распазнаць водгукі легенд вацлаўскага і людмілінскага цыклу, а таксама скарыстанне вусных паданняў, якія са старажытнасці мелі хаджэнне на чэшскіх тэрыторыях. Разам з тым, “Далімілава хроніка” уводзіць у літаратуру шмат невядомых аповесцяў і фальклорных паданняў, геральдычныя легенды, мясцовыя байкі. У творы можна прасачыць аўтарскае разуменне чэшскай гісторыі і глыбокую тэндэнцыйнасць у трактоўцы тых ці іншых падзей. Храніст стараецца абудзіць нацыянальную свядомасць і патрыятычнае пачуццё як у караля, так і ў прадстаўнікоў чэшскай шляхты, якой, галоўным чынам, і прызначаецца сачыненне. Аўтар негатыўна ацэньвае шлюбы чэшскіх каралёў і шляхцічаў з чужынкамі і асуджае выхаванне дзяцей па іншаземнаму ўзору. Відавочны і антынямецкі пафас твора.

“Далімілава хроніка” вылучаецца прастатой і строгасцю кампазіцыі. У творы не так многа, як гэты звычайна бывае ў творах такога тыпу, адыходаў ад асноўнага дзеяння. Устаўныя легенды, рыцарскія аповесці, гістарычныя анекдоты і байкі тут сустракаюцца даволі рэдка. Вобразы пэўных гістарычных асоб цікавяць аўтара не як носьбіты нейкіх асаблівых якасцей, а, хутчэй, як выразнікі той ці іншай грамадскай тэндэнцыі, думкі альбо пазіцыі. Таму ён, з аднаго боку, звяртаецца да гераізацыі некаторых гістарычных асоб, а з другога, крытыкуе і сатырычна высмейвае. “Далімілава хроніка”—суб’ектыўна афарбаваны твор, зкі змяшчае шмат разважанняў аўтара. Галоўнай мэтай пісьменніка было імкненне звярнуць увагу на лёс чэшскай зямлі і чэшскага народа, таму ён не задумваўся пра стылёвую і вобразную стракатасць. У прадмове падкрэсліваецца арыентацыя на лацінскія ўзоры, сучасную аўтару паэтычную тэорыю і знаёмства з рэлігійнымі і свецкімі літаратурнымі творамі. У асабістых каментарыях так званы Даліміл часта прыбягае да прымавак, афарызмаў. Шырока ўжывае параўнанні з жывёльнага і расліннага свету.

Агульная канцэпцыя “Далімілавай хронікі” дазваляе гаварыць пра стварэнне яе аўтарам чэшскай грамадска-крытычнай і палітычнай паэзіі. Хроніка моцна паўплывала на развіццё гістарычнай чэшскай паэзіі наступных стагоддзяў. Так званы Даліміл у сваім творы змог дасягнуць вышэйшых чалавечых і нацыянальных каштоўнасцей. Ён ахапіў позіркам грамадскае, палітычнае і культурнае жыццё чэшскага народа менавіта з чэшскай пазіцыі



Мэта практычнага занятку—прааналізаваць мастацка-эстэтычныя чыннікі, дзякуючы якім “Далімілава хроніка” заняла адно з вядучых месцаў у чэшскай літаратуры таго часу, прасачыць адметнасці паэтыкі.
Пытанні


  1. “Далімілава хроніка” як сведчанне абуджэння нацыянальнай самасвядомасці чэхаў.

  2. Праблема аўтарства. Тры рэдакцыі гістарычнай хронікі.

  3. Адлюстраванне ў творы палітычных поглядаў і літаратурных густаў дробнай чэшскай шляхты.

  4. Аўтарская пазіцыя ў хроніцы. Дыдактычная тэндэнцыя .

  5. Пралог да хронікі як фармулёўка літаратурных задач Даліміла.

  6. Літаратурныя крыніцы аповеду і апісаных падзей.

  7. Асаблівасці мовы і стылю “Далімілавай хронікі”.

  8. Ацэнка хронікі сучаснікамі і наступнымі пакаленнямі даследчыкаў (у прыватнасці, Добраўскім, Палацкім і іншымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння).


Заданні


  1. Параўнайце верш “Далімілавай хронікі” і “Аляксандрэіды”.

  2. Пералічыце галоўныя палітычныя ідэі, якія абвяшчае т. зв. Даліміл.

  3. Паразважайце, на чым аўтар робіць акцэнт у творы: на ідэйным аспекце ці на фармальным?

  4. Пералічыце кампазіцыйныя і стылёвыя адметнасці хронікі.


Літаратура:
Staročeská kronika tak řečeného Dalimila. Praha, 1988.

Antologie ze starší české literatury. Praha, 1987.

Tisíc let české poezie. Stará česká poezie. Praha, 1974.

Výbor z české literatury od počátků po dobu Husovu. Praha, 1957.

Lehár J. Nejstarší česká epika: Dalimilova kronika, Alexandreida, pro ní veršované legendy. Praha, 1983.

Št´astný R. Tajemství jmena Dalimil. Praha, 1991.

Dalimilova kronika// Hrabák J. Studie o českém verší. Praha, 1959.
ТЭМА № 5. Вершаваныя легенды XIV стагоддзя (“Жыціе св.Кацярыны”, “Жыціе св.Пракопа”)
Вершаваная легенда—адна з першых літаратурных праяў і форм эпічнай паэзіі ў чэшскім культурным жыцці. Самымі знакамітымі і папулярнымі творамі такога кшталту ў эпоху Карла IV былі “Жыціе св.Кацярыны” і “Жыціе св.Пракопа”. У іх не толькі адлюстраваны два розныя разуменні духоўнай эпікі. Творы дэманструюць два розныя падыходы да апрацоўкі літаратурнага матэрыяла. Гэта розніца тлумачыцца складанай грамадскай структурай Карлавай дзяржавы, рознымі памкненнямі як ў эканамічным і палітычным, так і ў культурным жыцці. У “Жыціі св.Кацярыны” ўвасобіўся тып літаратурнага твора, які мае перад сабой вельмі складаныя мастацкія мэты і знаходзіцца ў пэўным суперніцтве з ужо існуючымі чэшскімі і лацінскімі ўзорамі падобнага кшталту. “Жыціе св.Кацярыны” цікавае тым, што паэт з “чужога” матэрыялу стварае пры дапамозе мастацкіх сродкаў цалкам нацыянальны твор. У “Жыціі св.Пракопа” аўтар скіроўвае свае сілы на тое, каб далучыць да рэлігійнай эпікі твор з сучаснай грамадскай, нацыянальнай і сацыяльнай праблематыкай. Справа не толькі ў розных творчых падыходах і асобах, але і ў рознай публіцы, для якой прызначаліся гэтыя творы, і ў розных функцыях сачыненняў.

Кацярына была прыгажуняй высакароднага паходжання з Александрыі. Яна адмовілася выйсці замуж за імператара з-за вернасці Хрысту, з’яўляўшамуся ёй у бачаннях. Кацярына адкрыта выступіла супраць ідалапаклонства, перамагла ў дыспуце пяцьдзесят філосафаў, стойка пераносіла ўсе здзекі і нягоды, здзяйсныла цуды і пры жыцці і пасля пакутніцкай смерці. У Чэхіі шанаванне яе культу ўвёў Карл IV. У гонар святой ён будаваў храмы і капліцы. На чэшскай тэрыторыі былі распаўсюджаны лацінскія і нямецкія легенды, якія ў сваіх тэкстах выбарча падыходзілі да апісання жыццёвых перыпетый Кацярыны. У XIV ст. з’явіліся чэшскія варыянты жыція св.Кацярыны. Існавалі вялікая (Стакгольмская—па месцу знаходжання) і малая (Брненская) легенды. Вялікую прыпісвалі каралеўскаму канцлеру Яну з Стржэды, архіепіскапу Арнашту з Пардубіц, нават самому Карлу IV. Малая, мяркуюць, належыла сляпому святару Якубу. Чэшскія легенды ахопліваюць усё жыццё святой і ўяўляюць сабой творы высокага стылю.

“Жыціе св. Пракопа”—ўзор іншай тэндэнцыі. Тэматычную аснову чэшскага вершаванага жыція складае лёс славянскага богаслужэння, якое было перапынена ў сярэдзіне XI ст. у Сазаўскам манастыры, які быў заснаваны ў 30-я гады. Пракопам на асабістыя сродкі. Выгнанне “нямецкіх” манахаў з манастыра і вяртанне “славянскіх” з’яўляецца кульмінацыяй аповеду. Ідэйнай дамінантай становіцца ўслаўленне не столькі набожнага манаха-аскета, заснавальніка манастыра, колькі чэха, прыхільніка славянскай традыцыі. Нават д’яблы ненавідзяць Пракопа не як манаха, а як чэха. Такім чынам, аўтар па-новаму расстаўляе акцэнты і арыентуецца на іншае кола чытачоў з іншымі поглядамі, чым лацінскія легенды. Легенда пра св. Пракопа захавалася ў складзе Градзецкага рукапісу.

Мэта практычнага занятку—паказ пісьменніцкай і мастацкай арыгінальнасці кожнага з названых твораў.
Пытанні


  1. “Жыціе св.Кацярыны” як вяршыня чэшскай вершаванай эпікі XIV ст.

  2. Праблема аўтарства “Жыція св.Кацярыны”.

  3. Сэжэтная тактыка аўтара (у параўнанні з іншымі лацінскімі легендамі пра Кацярыну).

  4. Вобраз Кацярыны ў творы.

  5. Паэтыка “Жыція св.Кацярыны” (вытанчаны стыль, абвостранасць пачуццяў, драматызм маналогаў і дыялогаў, багацце моўных сродкаў, спалучэнне лірызма і эпічнасці, фармальная складанасць).

  6. Адрознае ў праблематыцы і стылі “Жыція св.Кацярыны” і “Жыція св.Пракопа”.

  7. Вобраз Пракопа ў творы.

  8. Тэматычная аснова чэшскага вершаванага жыція.

  9. Характар аповеду ў “Жыціі св.Пракопа” (прастасць, даходлівасць, прыбліжанасць да прозы, імітацыя паўсядзённай гутарковай мовы).


Заданні


  1. Параўнайце вобразы св.Кацярыны і св. Пракопа .

  2. Пералічыце лірычныя і эпічныя рысы названых вершаваных легенд.

  3. Ахарактарызуйце ролю і месца аўтара ў кожным з твораў.

  4. Апішыце агульнае і адрознае ў гэтых творах у дачыненні да папярэдняй агіяграфічнай традыцыі.


Літаратура:

Dvě legendy z doby Karlovy. Praha, 1959.

Аntologie ze starší české literatury. Praha, 1987.

Tisíc let české poezie. Stará česká poezie. Praha, 1974.

Výbor z české literatury od počátků po dobu Husovu. Praha, 1957.

Ludvíkovský J. Latinské legendy českého středověku//SPFF. Brno, 1973-1974.

Básnická legenda v literatuře českého středověku// Škarka A. Půl tisiciletí českého písemnictví. Praha, 1986.

Život svaté Kateřiny// Škarka A. Půl tisiciletí českého písemnictví. Praha, 1986.

Symbolika drahokamů a barev v Životě svaté Kateřiny // Petrů E. Vzdalené hlasy: Studie o starší české literatuře. Olomouc, 1996.
ТЭМА № 6. Сатыры Градзецкага рукапісу
Градзецкі рукапіс (ад назвы горада—Градзец Кралаве) складаецца з адзінаццаці вершаваных твораў і захоўваецца сёння ў Празе ва універсітэцкай бібліятэцы. Знайшоў рукапіс Ёзэф Добраўскі ў эпоху нацыянальнага адраджэння. У яго склад ўваходзяць: 1.Легенда пра святога Пракопа /legenda o svatém Prokopu/, 2.Плач Марыі Магдаліны /Pláč Marie Magdalény/, 3.Плач святой Марыі /Pláč svaté Mařie/, 4.Дзевяць радасцей святой Марыі /Devatero radosti svaté Mařie/, 5.Пакуты гасподні /Umučení Páně/, 6.Дзсяць запаведзяў божых /Desatero kázanie božie/, 7.Верш Слаўся Марыя /báseň Zdrávas Maria/, 8.Верш пра святога Іоана апостала /báseň o svatém Janu apoštolu/, 9.Сатыры пра рамеснікаў і чыноўнікаў /satiry o řemeslnících a konšelích/, 10.Байка пра лісіцу і жбан /bajka o lišce a džbánu/, 11.Верш пра багацея /báseň O bohatci/. Да сатырычных твораў належаць “Дзесяць запаведзяў”, “Сатыры пра рамеснікаў і чыноўнікаў”, байка пра лісіцу і жбан, верш пра багацея, якія датуюцца прыкладна 60-90-мі гг. XIV ст. і, напэўна, належаць аўтару з мяшчанскага саслоў’я—новай асобы на чэшскім літаратурным небасхіле. Сатыры аб’ядноўвае нераўнадушнае стаўленне да сучаснасці, ваяўнічасць аўтара, які актыўна звяртаецца да актуальнай праблематыкі, апісвае людзей і тагачаснае жыццё і тым самым стварае цалкам новых герояў і новы тып літаратурнага твора.

“Дзесяць запаведзяў”—даволі значны па аб’ёму твор (1196 вершаў), тэмай якога стала апісанне грахоў супраць асобных боскіх наказаў. У прадмове аўтар сцісла распавядае пра боскае паходжанне сачынення і асвятляе яго змест. Потым разглядае кожны боскі запавет і на кожны прыводзіць тры прыклады граху і грэшнікаў. Такая траістасць вельмі характэрна для сярэднявечнай паэтыкі, і такой траічнай схемы паэт прытрымліваецца на працягу ўсяго твора вельмі педантычна. Прыклады грахоў разнастайныя і часта разрастаюцца нават у анекдоты альбо цэлыя сатырычныя апавяданні. Значную ўвагу аўтар надае грахам супраць гаспадарскага парадку і сацыяльнай справядлівасці. Паэта больш цікавяць адносіны людзей да людзей, чым адносіны чалавека да Бога.

Дробныя сатыры рукапісу носяць назву “Сатыры пра рамеснікаў і чыноўнікаў”. Сюды ж адносяць байку пра лісіцу і жбан. Дробныя сатыры блізкія “Дзесяці запаведзям” апісаннямі асяроддзя і выказанымі адносінамі да жыцця. Вобраз грамадства ў абодвух твораў аднолькавы. Наватарства сатыр Градзецкага рукапісу ў першую чаргу ў ваяўнічай пазіцыі іх аўтара, які нападае на канкрэтныя і тыповыя праявы сучаснага яму паўсядзённага жыцця. Робіцца гэта з пункту гледжання новага сацыяльнага слоя, прадстаўнікі якога дагэтуль не былі прадстаўлены ў літаратуры. Аўтар імкнецца да праўдзівасці і спрабуе даваць псіхалагічныя характарыстыкі герояў. Вялікая перавага сатыр у тым, што аўтар спрабуе ацаніць сучаснасць. Над дыдактычнымі разважаннямі і сентэнцыямі ў тэкстах пераважаюць апісальныя і анекдатычныя элементы. Карціна грамадства,намаляваная ў творах, дастаткова адмоўная і непрывабная, таму што паэт малюе толькі негатыўныя з’явы. Гэтым ён моцна адрозніваецца ад сучаснай легендарнай і рыцарскай эпікі. Відавочна, што ён належыць нават не да мяшчанства (таму што чэшскае мяшчанства не было такім сфарміраваным і моцным у тыя часы, каб стварыць сапраўдную сацыяльную сатыру), а да інтэлігенцыі і яго цікавіць гарадское асяроддзе і герой-гараджанін. Астатнія сацыяльныя групы (напрыклад, шляхта) па-за ўвагай аўтара. Трэба адзначыць пэўную сувязь сатыр з традыцыяй тагачаснага прапаведніцтва (Вальдхаўзэр, Міліч).

Мова твораў заснавана на гутарковай мове мяшчан, што тлумачыцца тэматыкай і апісаным асяроддзем. Хаджэнне сатыры мелі даволі рознае. Большай папулярнасцю карысталіся “Дзесяць запаведзяў”. Тым не менш трэба высока ацаніць наавтарскі характар твораў Градзецкага рукапісу і падкрэсліць пераемнасць пазначаных ідэй у пазнейшай гусіцкай літаратуры.



Мэта практычнага занятку—ахарактарызаваць сатыры Градзецкага рукапісу як з праблемна-тэматычнага, так і з фармальна-паэтычнага пункту гледжання, высветліць гісторыка-літаратурны кантэкст.
Пытанні


  1. Склад, аўтарства і датаванне Градзецкага рукапісу.

  2. Тэматыка твораў Градзецкага рукапісу. Сярэднявечная каталагізацыя тэматычнага матэрыялу. Блізкасць сатыр да нямецкіх шванкаў і французкіх фабліо.

  3. Кантамінацыя рэлігійнага і свецкага пачаткаў у тэкстах Градзецкага рукапісу.

  4. Героі сатыр Градзецкага рукапісу з пункту гледжання іх сацыяльнай прыналежнасці. Сацыяльная крытыка ў творы.

  5. Мастацкія асаблівасці тэкстаў (простанародная мова, не пазбаўленая ад моцных выказванняў, грубаваты гумар, яркасць бытавых замалёвак).

  6. Наяўнасць другога плана ў творах (за вясёлым смехам праглядвае вера ў боскую справядлівасць, смутак пра грэшныя душы, страх, што мары і надзеі на выратаванне душы не спраўдзяцца і г.д.)

  7. Наватарства сатыр Градзецкага рукапісу (адносіны да аўдыторыі, просты, грубаваты погляд на жыццё, увядзенне новых герояў у твор і інш.).


Заданні


  1. Ахарактарызуйце пазіцыю аўтара. Пацвердзіце прыкладамі з тэкста.

  2. Пералічыце кампазіцыйныя асаблівасці тэкстаў, якія ўваходзяць у склад Градзецкага рукапісу.

  3. Прывядзіце прыклады анекдатычнага завяршэння твораў рукапісу.

  4. Адзначце, да якіх твораў набліжаюцца Сатыры Градзецкага рукапісу па сваёй мастацкай характарыстыцы: на больш старажытныя альбо бліжэйшыя па часу напісання?

  5. Якія сродкі ўжывае аўтар, каб зрабіць аповед жывым і непасрэдным? Назавіце і дайце пацверджанні з тэксту.


Літаратура:
Antologie ze starší české literatury. Praha, 1987.

Tisíc let české poezie. Stará česká poezie. Praha, 1974.

Výbor z české literatury od počátků po dobu Husovu. Praha, 1957.

Dějiny české literatury. Sv.1: Starší česká literatura. Praha, 1959.


ТЭМА № 7. Узнікненне і развіццё чэшскага тэатра.

Містэрыя “Гандляр гаючымі мазямі”
У канцы XII стагоддзя з літургічнай драмы пачынаюць паступова вылучацца асобныя сцэны. У XIV стагоддзі гэты новы жанр аказваецца ўцягнуты ў працэс супрацьстаяння чэшскай і лацінскай моў. Тэксты такіх драматычных дзеянняў ўсё часцей становяцца двухмоўнымі. Першапачаткова чэшскія ўстаўкі пранікаюць у лацінскі тэкст у якасці перакладу, што робіць успрыманне лацінскага тэксту больш зразумелым, а пазней гэтыя ўстаўкі разрастаюцца, дапаўняюцца новымі сюжэтамі і сэнсамі, толькі часткова звязанымі з першасным дзеяннем.

Падобным чынам у першай палове XIV стагоддзя узнікае драматычны тэкст “Гандляр гаючымі мазямі”. Рэлігійная літургічная скіраванасць у драме адыходзіць на другі план пад націскам стыхіі камічнага, а латынь выцясняецца чэшскай мовай. Містэрыя адлюстроўвае развіццё тагачаснай чэшскай драмы і дае ўяўленне пра гарадское жыццё названага перыяду. Містэрыя “Гандляр гаючымі мазямі”—гэта больш шырока распрацаваны фрагмент літургічнай драмы велікоднага цыкла пра трох Марый, якія былі асабліва папулярнымі ў жаночых манастырах, напрыклад, у манастыры св.Іржы ў Празе. На пачатковы літургічны тэкст указваюць толькі некаторыя лацінскія партыі, аднак увесь твор напісаны жывой народнай чэшскай мовай з выкарыстаннем гутарковых элементаў. Кампазіцыйна ў гэтай містэрыі супрацьпастаўляецца святочнае дзеянне і ярмарачная весялосць, гульня, раблезіянская стыхія. “Гандляр гаючымі мазямі “–яскравы ўзор народна-смехавой культуры. Твор адлюстраоўвае нарастанне тэндэнцый да фарміравання свецкай драмы.



Мэта практычнага занятку—аналіз стылёвых адметнасцяў містэрыі “Гандляр гаючымі мазямі”, стыхіі камічнага, супастаўленне з абрадавым фальклорам, вызначэнне свецкай дамінанты ў містэрыі.
Пытанні


  1. Містэрыя “Гандляр гаючымі мазямі” як адна з драм велікоднага цыкла пра трох Марый.

  2. Стыхія камічнага ў творы (камічнасць сэжэта, сцэн; парадыйнасць; матывы, звязаныя з цялесным пачаткам; камічныя героі; грубаватая, далёкая ад пурызму мова і інш.)

  3. Супрацьпастаўленне сакральнага і свецкага пачаткаў у містэрыі.

  4. Гратэск у творы.

  5. Магчымасць сувязі песеннага фрагмента з містэрыі “Гандляр гаючымі мазямі” і абрадавага фальклору.

  6. Дынамізм, відовішчнасць, жывы дыялагізм містэрыі. Блізкасць да еўрапейскай народна-смехавой культуры.


Заданні


  1. Высветліце, як падаецца фігура Рубіна? Ахарактарызуйце яго згодна з тэкстам.

  2. Прасачыце па тэксце, каго высмейвае аўтар?

  3. Прааналізуйце функцыю нямецкіх выразаў у тэксце.

  4. Апішыце спецыфіку верша і вершавага падзелу твора.


Літаратура:
Mastičkář//Vybor z české literatury od počátků po dobu Husovu. Praha, 1957.

Jozef Hrabak. Mastičkář//Staročeské drama. Praha, 1950.


ТЭМА № 8. Творчасць Томаша Шцітнага--першага чэшскага свецкага літаратара
Пра жыццё Томаша Шцітнага засталося вельмі мала сведчанняў, але па яго творах мы можам скласці даволі добрае ўяўленне аб асяродку і галоўных падзеях, якія фарміравалі Шцітнага як чалавека і пісьменніка. Дакладна невядомы нават яго год нараджэння. Мяркуюць, што ён нарадзіўся каля 1333 г. (паміж 1331 і 1335) у бацькаўскай вотчыне Шцітны ля Жыроўніцы. Належаў да збяднелага панскага роду Бенешоўцаў. Дрэннае матэрыяльнае становішча штурхала яго, як і іншых чэшскіх шляхцічаў, шукаць розныя магчымасці ўладкавання ў жыцці. Шцітны накіраваўся ў Прагу, ва ўніверсітэт. Але не стаўшы з-за нейкіх абставін ні бакалаўрам, ні магістрам Томаш Шцітны ў 50-я гг. вярнуўся ў свой маёнтак, а прасцей кажучы, ў вёску. Тут ажаніўся і прысвяціў сябе гаспадаранню. Калі-нікалі наязджаў у Прагу, дзе пазнаёміўся з ідэямі Конрада Вальдхаўзэра і Яна Міліча і адчуў іх уплыў. Перад 1376 г. аўдавеў і страціў адно з пяці дзяцей. З астатніх да сталасці дажылі толькі сын Ян і дачка Анежка, якім ён прысвячаў свае творы.. Бацьку перажыла толькі Анежка. У 1381 г. Шцітны назаўсёды пакінуў Прагу. Памёр недзе ў 1401-1409-м гг.

Літаратурная дзейнасць Т.Шцітнага знаходзіцца ў залежнасці ад яго пражскага перыяду навучання. Як пісьменнік Шцітны ўсе свае сілы накіраваў на выхаванне і адукацыю людзей. Ён імкнуўся наблізіць сучасныя веды і рэлігійную літаратуру да звычайных людзей. Да папулярызатарскай дзейнасці яго скіраваў узор Міліча і Вальдхаўзэра. Шцітны не аднойчы падкрэсліваў ў сваіх працах, што менавіта Міліч падштурхнуў яго да напісання выхаваўчых трактатаў. Сам Томаш Шцітны не меў права выступаць у якасці прапаведніка і таму свае погляды і перакананні выказваў у папулярнай навуковай літаратуры. Большасць сваіх твораў пісьменнік прызначаў дзецям, але не толькі ім. Ён клапаціўся пра дробную вясковую шляхту і просты народ. Сам пісьменнік належаў да дробнага шляхецкага саслоўя, амаль усё жыццё пражыў у вёсцы і таму добра ведаў гэтых людзей і іх праблемы. У сваім жаданні наблізіць народ да найвышэйшых культурных здабыткаў, а таксама крытычным стаўленнем да сучаснага грамадства Шцітны быў папярэднікам Яна Гуса, але не меў яго ваяўнічасці. Не было ў Шцітнага і блізкіх кантактаў з гарадскім асяроддзем. Ён не мог непасрэдна звяртацца да народа, паколькі быў свецкім чалавекам і ў літаратуры застаўся як выразнік інтарэсаў дробнай вясковай шляхты. Шцітны бачыў сацыяльныя супярэчнасці, але лічыў, што такі дзяржаўны лад дадзены богам. Ён быў упэўнены, што яго дзейнасць накіравана на гарманізацыю ўсяго несправядлівага і дрэннага ў грамадстве і людзях. Шцітны падпарадкоўваўся аўтарытэту царквы. Але, як і потым Ян Гус, ён большы акцэнт рабіў на жыццёвай практыцы, а не на тэалагічных пастулатах. Сваю галоўную мэту пісьменнік бачыў у тым, каб навучыць людзей правільна і прыгожа жыць. У сваёй працы карыстаўся чэшскай мовай, зразумелай галоўным чытачам яго твораў. Шцітны дастаткова часта ўдзельнічаў у спрэчках з універсітэцкімі магістрамі, бо тыя настойвалі, што ён не мае права дакранацца да тэалагічнай праблематыкі , не будучы святаром і пісаць пра гэта на чэшскай мове. Шцітны абараняў сваю пісьменніцкую дзейнасць і даказваў яе неабходнасць.

Шцітны-пісьменнік выкарыстоўваў некалькі прыёмаў у сваіх творах. Гэта перш за ўсё кампіляцыя і пераклад Сам ён указвае на гэты факт у прадмове да зборніка сваіх трактатаў. Шцітны ўжывае мантаж розных цытат, які чаргуе з асабістымі каментарыямі і разважаннямі. Тое ж тычыцца і зробленых ім перакладаў: гэта не пераклады ў сённяшнем сэнсе. Сярэднявечны перакладчык ( і Шцітны таксама) перапрацоўваў першасны тэкст, рабіў дадаткі, нешта выкідваў, дапаўняў сваімі думкамі, адаптаваў да сучасных патрэб і мэтаў.

Свайму настаўніку Войтэху з Ранькува Шцітны прысвяціў так званы Клеменцінскі зборнік трактатаў “Шэсць кніг пра хрысціянскія пытанні” (1376). Асобныя кнігі Клеменцінскага зборніка ўяўляюць сабой трактаты аб асновах хрысціянскай веры (“Пра веру, надзею, любоў”), нормах набожнага жыцця розных сацыяльных колаў (“Пра тры стана: дзявочы, удоў’і, супружаскі” і інш.), ачышчэнні ад грахоў і г.д. Шцітны карыстаецца вялікай колькасцю перакладаў, уключае ў зборнік і свае пераклады са св. Бонавентуры, стварае нешта накшталт павучальнага кампендыума. У 1392 г. аўтар перапрацоўвае зборнік, дапаўняе яго шэрагам малітваў з асабістымі тлумачэннямі. Другая рэдакцыя атрымлівае назву Індржыхаваградзецкага зборніка. З 1385 па 1401 гг. пісьменнік працуе над “Бяседамі”—зборнікам пропаведзей, якія ўяўляюць сабой размову бацькі з дзецьмі пра асновы хрысціянскага веравучэння. 1392 годам датуецца яго твор “Нядзельныя і святочныя рэчы”, які акрамя пазнавальнай і выхаваўчай функцыі яшчэ мае значэнне як замяшчальнік лацінскіх тэкстаў чэшскімі. Шцітны пакінуў у спадчыну пераклады французкага тэолага Амвросія Аўтперта, нямецкага містыка Давіда Аўгсбургскага, французскага містыка Гуга Сэн-Вікторскага і інш.



У сваёй пісьменніцкай практыцы Шцітны мусіў вырашаць шмат моўных і мастацкіх праблем. Ён намагаўся адшукваць у чэшскай мове эквіваленты для складанай філасофскай лексікі і выкладаць абстрактны матэрыял як мага зразумела і дакладна. Галоўнай цяжкасцю для Шцітнага стала стварэнне чэшскага сінтаксісу, які павінен быў адпавядаць лацінскім канструкцыям Ён імкнуўся знайсці чэшскія сродкі і без парушэння нацыянальнай мовы напісаць патрэбнае. Шцітны валодаў выдатнымі творчымі здольнасцямі ў моўнай сферы і яго ўклад ў чэшскі сінтаксіс сапраўды наватарскі. Шцітны шмат працаваў над сваімі тэкстамі, імкнуўся зрабіць іх прастымі, даходлівымі і зразумелымі. Зазначым, што гэта яму ўдалося. Ён прыстасоўваў філасофскія і тэалагічныя праблемы для патрэбаў штодзённга жыцця, таму яго мастацкі стыль не сухі, а, наадварот, вельмі красамоўны і лёгкаўспрымальны. Гэта дасягаецца праз рытмічнае дзяленне сказаў, да якога аўтар свядома імкнуўся. Проза пісьменніка раўназначна прозе лацінскіх ўзораў па мастацкай каштоўнасці і прыгажосці. Не выпадкова Томаш Шцітны лічыцца першым класікам чэшскай літаратуры.

Мэта практычнага занятку—вызначэнне ролі і месца Томаша Шцітнага ў гісторыі чэшскай літаратуры, асэнсаванне разнастайнай спадчыны пісьменніка з ідэйнага, філасофскага і мастацкага пункта гледжання, высвятленне ўплыву Шцітнага на будучыя пакаленні.
Пытанні


  1. Сувязь творчасці Т.Шцітнага з фактамі яго біяграфіі.

  2. Агульная выхаваўчая і асветніцкая скіраванасць твораў пісьменніка (рэлігійнае выхаванне моладзі, папулярызацыя розных ведаў, далучэнне да іх чэшскай аўдыторыі, далёкай ад лацінскай вучонасці).

  3. Клеменцінскі зборнік Шцітнага. Прадмовы да Клеменцінскага зборніка. Кампазіцыя. Арыгінальныя творы і пераклады ў складзе зборніка. Індржыхаваградзецкі зборнік як другая рэдакцыя Клеменцінскага зборніка.

  4. “Размовы” Т.Шцітнага. Выкладанне асноў хрысціянскага веравучэння. Скарыстанне канонаў прапаведніцкай літаратуры і шматлікіх крыніц ў творы. Даступнасць формы.

  5. “Нядзельныя і святочныя прамовы” Т.Шцітнага як спроба замяшчэння традыцыйных лацінскіх тэкстаў чэшскімі. Пазнавальная і выхаваўчая функцыі твора.

  6. Перакладчыцкая спадчына Шцітнага.

  7. Спецыфічныя асаблівасці пісьменніцкай практыкі Томаша Шцітнага (разнастайнае скарыстанне перакладаў аўтара ў асабістых творах, частая перапрацоўка сваіх кніг, асветніцкі і выхаваўчы пафас прац Шцітнага, імкненне зблізіць тэалагічныя ідэі з практыкай паўсядзённага жыцця, прысутнасць жывой рэлігійнай думкі, наватарскае выражэнне складанага зместу сродкамі чэшскай мовы).

  8. Значэнне Т.Шцітнага для чэшскай літартуры і культуры (далучэнне суайчыннікаў да еўрапейскіх літаратурных дасягненняў, бліскучае рашэнне складаных мастацкіх і моўных праблем, выкладанне філасофскіх пытанняў і праблем веравучэння ў даступнай, зразумелай форме, багацце мастацкага таленту). Успрыманне Шцітнага наступнымі пакаленнямі як першага класіка чэшскай літаратуры.


Заданні


  1. Пералічыце асноўныя факты з прадмовы да Сазаўскага зборніка. З іх дапамогай вызначце каштоўнасць літаратурнай спадчыны Томаша Шцітнага.

  2. Ахарактарызуйце ідэйную і стылёвую адметнасць у розных творах пісьменніка.

  3. Вызначце спосаб мастацкага адлюстравання тагачаснай рэчаіснасці Шцітным.


Літаратура:
Tomaš ze Štitného. Sbornik Vyšehradský. Praha, 1960-1969.

Tomaš ze Štitného// Výbor z české literatury od počátků po dobu Husovu. Praha, 1957.

Gebauer J. O životě i spisích Tomaše ze Štitného. Praha, 1923.

Tomaš ze Štitného// Dějiny české literatury. Sv.1: Starší česká literatura. Praha, 1959.


ТЭМА № 9. Сміль Фляшка з Пардубіц і яго

алегарычны вершаваны твор “Новая рада”
Сміль Фляшка з Пардубіц нарадзіўся дзесьці ў пачатку 50-х гг. XIV сагоддзя, памёр у 1402 годзе. Ён быў прадстаўніком чэшскай арыстакратыі, палітычным дзеячом эпохі праўлення Вацлава IV, пляменнікам пражскага архібіскупа Арнашта з Пардубіц. У палітычных адносінах Сміль Фляшка быў ворагам караля, які абапіраўся на ніжэйшыя слаі дваранства. Пісьменнік належаў да партыі яго брата-саперніка Зікмунда. Фляшка скончыў Пражскі універсітэт, стаў бакалаўрам, займаў пасаду земскага пісара. З-за сваіх выпадаў супраць караля ён быў пазбаўлены большай часткі радавой маёмасці. Знайшоў сваю смерць у баях вышэйшых феадалаў з каралеўскімі войскамі пры Кутнай Горы.

Свае палітычныя погляды і вопыт дзяржаўнага чыноўніка Сміль Фляшка адлюстраваў у алегарычным паэтычным творы “Новая рада”. Яму ж прыпісваецца сачыненне “ Рада бацькі сыну” і складанне зборніка чэшскіх прымавак на лацінскай мове “Proverbia Flassconis” (магчыма, таму, што Фляшка часта выкарыстоўваў прымаўкі ў тэксце ”Новай рады”). “Новая рада”—даволі аб’ёмісты літаратурны твор, які складаецца больш, чым з 2100 вершаў. Гэты твор узнікл перад самым уступленнем аўтара ў антыкаралеўскую шляхецкую групоўку. Жанр “Новай рады” характэрны для еўрапейскай літаратуры той эпохі: імітацыя парламенцкага пасяджэння, дзе ў вобразах звяроў і птушак прадстаўлены розныя саслоў’і. Пафас твора ў адстойванні дзяржаўных інтарэсаў, як іх разумее аўтар-арыстакрат. Ідэал грамадскай арганізацыі Чэхіі ён звязваў з часамі ўладарання Люксембургскай дынастыі. Твор напісаны ў духу сярэднявечнага “зярцала”: пісьменнік выступае з павучэннямі правячаму манарху, які падаецца ў вобразе ільва. Звяры і птушкі раяць льву-манарху, як кіраваць краінай. У сачыненні прадстаўлена вельмі багатая смехавая палітра: тут ёсць гумар, іронія, сарказм. “Новая рада” карысталася папулярнасцю доўгія часы. Яе шмат перапрацоўвалі, перакладалі. Так, у 1520 г. яна была выдадзены на лацінскай мове ў апрацоўцы Яна Скалы з Доўбраўкі.



Мэта практычнага занятку—асэнсаванне “Новай рады” як культурна-гістарычнага дакумента эпохі, аналіз жанравых і вобразных асаблівасцяў твора.
Пытанні


  1. “Новая рада” як культурна-гістарычны дакумент эпохі і сведчанне ўдзелу літаратуры ў палітычным жыцці грамадства.

  2. Сміль Фляшка як выразнік інтарэсаў арыстакратычных колаў грамадства. Дзяржаўныя ідэалы чэшскай арыстакраціі ў творы. Тагачасныя ўяўленні аб уладзе і хрысціянскім кіраўніку.

  3. Жанравая своеасаблівасць “Новай рады”.

  4. Характарыстыка вобразаў у творы.

  5. Дыдактычнасць “Новай рады”.

  6. Існаванне Смілявай школы ў тагачаснай літаратуры. Чэшскія і лацінскія перапрацоўкі “Новай рады”.




: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Бажэна Немцава. Першая жанчына-пісьменніца ў чэшскай літаратуры
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> А. У. Вострыкава выразнік чэшскай ментальнасці
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Праблема магчымасцей чалавечага пазнання ў творах міхала айваза
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Вострыкава Алена Уладзіміраўна Чэшскі пісьменнік Ёзаф Шкворацкі і англаамерыканская літаратура
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Практычныя заняткі Паэма “Май” як вяршыня паэзіі Махі
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Алена Вострыкава Мастацтва рамана Мілана Кундэры Раман як кропка адліку
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Творчасць Бажэны Бенешавай у кантэксце развіцця чэшскай псіхалагічнай прозы першай паловы ХХ стагоддзя


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка