Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы І літаратуры філіял «Інстытут мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І Янкі Купалы»



старонка2/51
Дата канвертавання15.05.2016
Памер6.25 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   51

КО́ПАНЬ ж. Сажалка. Копъні такі́я къпалі, дзе мачылі лён. Савінічы. Йдзе въда стаі́ць, там копънь. Самсоны.

Усе аманімічныя формы слоў выступаюць як самастойныя слоўнікавыя артыкулы, яны не забяспечваюцца надрадковымі ці каляслоўнымі лічбамі або спецыяльна прынятымі сімваламі і размяшчаюцца ў алфавітным парадку.



БАЛВА́Н м. Курган. Балваны там, кажуць французы пъхъваны. Вялікі Азярэцк.

БАЛВА́Н м. Балван; дурань. Балван – дурны чалавек. Запруддзе.

КАЗЕ́ЛЕЦ м. Дробная плотка. Казелец – сама маленькъя плотъчка, яна пяць гадоў будзіць расці́ і вотъчкая. Яна малінькъя ўжо с ыкрой. Багданава.

КАЗЕ́ЛЕЦ м. Казелец (расліна). Казелец горкі, каровы ні ядуць. Каралевічы. Казелец па лугах, скот ня есць, дужа горкі. Каралі.
Будова слоўнікавага артыкула
Слоўнікавы артыкул мае наступную будову: загалоўнае слова, граматычная характарыстыка, стылістычныя і функцыянальныя паметы, сэнсавая характарыстыка, ілюстрацыі (з геаграфічнай пашпартызацыяй), састаўныя тэрміны, фразеалагічныя адзінкі, прыказкі і іншыя народныя выслоўі. Гэта максімальна поўны тып артыкула. Найбольш частыя ў слоўніку артыкулы, якія не маюць у сваім складзе сінтаксічна звязаных канструкцый рознага тыпу.

Загалоўнае слова ў адпаведнасці з усталяванай у нацыянальным мовазнаўстве лексікаграфічнай традыцыяй у слоўнікавым артыкуле падаецца ў пачатковай форме з вылучэннем націскнога складу. Націск адлюстроўваецца таксама ў сказах-ілюстрацыях да яго, але ў некаторых выпадках акцэнталагічная характарыстыка знамянальных слоў адсутнічае, бо націск не быў адзначаны на картцы-фіксацыі. Прыметнікі і іншыя часціны мовы, якія выступаюць як азначэнні, маюць форму назоўнага склону мужчынскага роду. Аднак тыя прыметнікі, якія функцыянуюць у маўленчай практыцы толькі ў форме жаночага роду, што абумоўлена іх абазначэннем прыроднай дзетароднай функцыі азначальнага назоўніка, захоўваюць форму жаночага роду.



НЯКО́ЗНАЯ прым. Някотная. Летась не каці́лася къза, была някозная. Багданава.

Месца субстантываваных прыметнікаў як рэестравых адзінак вызначаецца іх характарам. Калі яны зарэгістраваны як самастойныя адзінкі з уласцівым ім значэннем, то афармляюцца ў асобны слоўнікавы артыкул з адлюстраваннем іх роду як адпаведных назоўнікаў. Калі суіснуюць прыметнік (і іншыя тоесныя па ўжыванні словы) і ўтвораны ад яго субстантываваны прыметнік, апошні ўключаецца ў склад слоўнікавага артыкула, загалоўным словам якога з’яўляюцца прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік.



АСІМІНА́ТАРСКАЯ ж. Злучны пункт; памяшканне, дзе праходзіць штучнае асемяненне жывёл. Да кацельнай тут была асімінатърскъя. Мянюцева.

ДАРМАВЫ́, ДАРМАВО́Й прым. 1. Бясплатны. Лес тады дармавы быў. Нямойта. 2. н. Бясплатнае, дармавое. Яны сагласяцца на дармавое. Міцюкова.

Слоўнікавы артыкул можа складацца як з аднаго загалоўнага слова, так і некалькіх. У адзін рэестравы рад аб’ядноўваюцца словы, якія характарызуюцца адметнымі нерэгулярнымі чаргаваннямі зычных і галосных (ці з’явамі лексікалізаванага характару рознага тыпу), маюць змененую гукавую або марфемную структуру (ускладненую, спрошчаную, рэдукаваную, інакш кажучы, трансфармаваную ў параўнанні з агульнавядомай формай такога слова), перадаюць розныя варыянты адаптацыі чужамоўных слоў і інш. Уключаюцца сюды і лексемы з рэгулярнымі фанетычнымі чаргаваннямі. Загалоўным словам у такіх артыкулах выступае нарматыўны абазначальны сродак пры яго наяўнасці, пры адсутнасці – найбольш характэрны для гаворак варыянт.



ЮШКА, ЛЮШКА ж. Юшка; металічны кружок, якім закрываюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Ю́шку закладаць нада. Багданава. Люшку ў коміні разбі́ла. Неўгадава.

КСЦІЦЬ, ХСЦІЦЬ незак. Хрысціць. У нас ксці́лі дзяцей, вазі́лі к папу. Міцюкова. А іны ня хсці́лі дзяцей, баяліся. Буй.

КУНІ́ЦА, АКУНІ́ЦА ж. Куніца. Куні́ца тожа маленькая, такога цвета, як вавёрка, шэрая. Акуні́ца ў лесі водзіцца. Багданава.

ФРАНТО́Н, ФРАЙТО́Н, ФРАНТО́Р, ФАРТО́Н м. Франтон. Франтоны – ета ў канцы дома, даскамі зашываюць. Нямойта. Стрыжы на фрайтоне гняздо злепяць. Вялікі Азярэцк. Франторы рабі́лі ў хатах. Алексінічы. У хаце канёк, фартон, атлі́ў. Запруддзе.

ЁСЦЕКА, ЁСЕЦЬКА, ЁСІТКА, ЁСІКА незак. Ёсць, маецца. Сколькі прыказак ёсьцека. Ульянавічы. Насі́ць ёсецька: дочкі доруць [сваё адзенне]. Неўгадава. Такі́я грыбы ёсітка, мы йіх завём мышакі́. Вялікі Азярэцк. Калі́ ёсіка пастройка, вазі́лі, у ёўні вазі́лі лён. Карпавічы.

У адным слоўнікавым артыкуле абагульняюцца і акцэнталагічныя варыянты слоў:



КУПЛЁНЫ, КУ́ПЛІНЫ дзеепрым.

БАЛАЦІ́НА, БАЛО́ЦІНА ж. Балота, лагчына.

Граматычная характарыстыка слова ў слоўніку ўключае яго прыналежнасць да той ці іншай часціны мовы, якая адзначаецца адпаведнай паметай. Выкарыстаныя паметы не маюць адрознення ад агульнапрынятых у сучасных лексікаграфічных працах (гл. спіс скарачэнняў).

Калі словы, уключаныя ў рэестр, належаць да адной і той жа часціны мовы, маюць аднолькавы марфемны склад, аднолькавую семантыку, але адрозніваюцца родавай прыналежнасцю, яны падаюцца ў асобных слоўнікавых артыкулах.

КА́ДУЎБ м. Драўляная бочка.

КА́ДУЎБА, КА́ДАЎБА ж. 1. Драўляная бочка.

ЛО́ПУХ м. Лопух.

ЛО́ПУХА ж. Тое ж.

У самастойныя слоўнікавыя артыкулы афармляюцца таксама рэестравыя адзінкі з аднолькавым родам, складам марфем і семантыкай, але адрозныя па прыналежнасці да тыпу скланення:



І́НЕЙ, ІНЬ ж. Напасць, насланнё.

І́НЕЯ ж. Тое ж.

КАДРЫ́ЛЯ, КАДРЭ́ЛЯ ж. Кадрыля (танец).

КАДРЫ́ЛЬ ж. Тое ж.

Пры адлюстраванні ліку назоўнікаў маюць месца некаторыя асаблівасці. Так, зрэдку ў рэестравы рад побач з формай адзіночнага ліку ўключаюцца назоўнікі ў форме множнага ліку. Такія лексемы падаюцца ў тых выпадках, калі пры ўтварэнні формы множнага ліку засведчаны некаторыя адрозненні ад формы адзіночнага ліку.



ЖМЫХ м., ЖМЫ́ХІ, ЖМЫ́КІ мн. Жамерыны; адходы пасля адціскання соку, алею альбо іншага прадукту.

ЖАРАБЁНАК м., ЖАРАБЯ́ТЫ мн. Жарабя.

КАЛЯСО́ н., КАЛЯСЫ́ мн. 1. Кола.

Як рэестравыя словы ў форме множнага ліку падаюцца пераважна назоўнікі, якія абазначаюць парныя прадметы:



АГЛО́БЛІ, АГЛАБЛІ́ мн. Аглоблі.

СЕ́РГІ мн. Вушкі пад шыяй у свіней.

Аднак калі назоўнікі, якія абазначаюць парныя прадметы, маюць нейкія граматычныя асаблівасці ці адметныя выпадкі фанетычнай рэалізацыі, то ў рэестравы рад уключаецца і запісаная форма адзіночнага ліку.



КАЦЕ́ЛКІ мн., КАЦЕ́ЛАК м. Брускі з колцамі, на якія падвешваюць ніты ў кроснах.

КАСТЫЛІ́ мн., КАКТЫ́ЛЬ м. 1. Апора для чалавека пры хадзьбе; мыліца.

Часам форма адзіночнага ліку назоўнікаў прыводзіцца, калі найменне, якое ў літаратурнай мове ўжываецца ў множным ліку, у мясцовай гаворцы мае паралельную форму адзіночнага ліку.



ГРЫМО́ТЫ мн., ГРЫМО́ТА ж. Грымоты, гром. Як грымоты, хто кідаіць каліва купальный травы ў печ, у жар. Мянюцева. Узнялася грымота, спалі́ла дзве хаты. Запруддзе.

Таксама захоўваюць форму множнага ліку загалоўныя словы, якія часцей выступаюць у ёй у традыцыйным дыялектным маўленні. Гэта пераважна назвы дробных прадметаў.



КАСЦЯ́НКІ мн. Касцяніцы.

Словы, зафіксаваныя ў ілюстрацыях толькі ў множным ліку, звычайна не пераўвасабляліся ў форму адзіночнага ліку.



БАНДЗЁЖКІ мн. Від абрадавага печыва.

САСУ́ТКІ мн. Ледзяшы.

Множналікавыя назоўнікі з мэтай адрознення іх ад традыцыйна ўжывальных слоў у форме множнага ліку суправаджаюцца паметай толькі.



ВЯЧО́РКІ толькі мн. Вячоркі.

СЕ́НІ толькі мн. Сені.

Стылёвыя паметы ўжываюцца ў слоўніку абмежавана. Яны падаюцца толькі ў тых выпадках, калі тлумачэнне слова не дазваляе падкрэсліць яго спецыфікі. Выбар паметы, як правіла, вызначаецца аўтарам.

У слоўнікавых артыкулах адлюстроўваюцца ўсе зафіксаваныя значэнні адназначных і мнагазначных слоў. Размеркаванне значэнняў мнагазначных слоў мае пераважна ўмоўны характар, але спачатку падаюцца асноўныя, першасныя значэнні, а потым іншыя (пераносныя, метафарычныя, экспрэсіўныя, эмацыяльна-ацэначныя і інш.). Кожнае значэнне мнагазначнага слова вылучаецца арабскімі лічбамі і ілюструецца тэкставымі прыкладамі. Семантыка значнай часткі слоў раскрываецца праз адпаведныя эквіваленты літаратурнай мовы. Пры гэтым выкарыстоўваецца адзін ці некалькі сінонімаў.

ВЯТВІ́СТЫ, ВЯЦІ́СТЫ прым. Галінасты, бухматы.

ДАБРАТА́ ж. Дабрыня, ласка, пяшчота.

Значэнне слова, якое патрабуе ўдакладнення, канкрэтызуецца ў круглых дужках.



АБАСТРЫ́ЦЦА зак. Пачаць балець (з-за абвастрэння).

УРЭ́ДНЫ прым. 2. Шкодны (пра расліну).

Дыялектныя словы, значэнне якіх не цалкам супадае са словам з літаратурнай мовы, а таксама словы, якія не маюць літаратурных адпаведнікаў, падаюцца апісальна.



ГО́ПІКІ, О́ПІКІ мн. 1. Перамёрзлая, перазімаваная бульба. Збіралі па полі [пасля вайны] бульбінкі, звалі гопікі, яны буйныя, але засталі́ся на полі, мёрзлыя. Ракаў Засценак. 2. Страва (аладка, блін), згатаваная з перамёрзлай бульбы. Гопікаў пад’ясі́ – панос станіць у людзей. Ракаў Засценак. Гопікі пяклі́ з мёрзлай бульбы. Дуброўкі. Траву рвалі абы-якую, таўклі́ бульбу гнілую – опікі называліся. Рэчкі.

Словы, якія абазначаюць рэаліі са сферы традыцыйных вытворчых заняткаў ці промыслаў, звязаны з фактамі этнаграфічнага ці іншага характару, побыту, пры перадачы іх семантыкі нарматыўным лексічным эквівалентам забяспечваюцца ў некаторых выпадках суправаджальным кантэкстам. Гэта ўласна значэнне літаратурнамоўнай адзінкі. Інакш кажучы, пры такіх абазначальных сродках мае месца як бы дубліраванне семантыкі. Зроблена гэта, каб пазбегнуць цяжкасцей пры карыстанні даведнікам рознымі групамі чытачоў, а таксама з улікам сучаснага стану і характару сацыяльна-эканамічнага гаспадарання, у якім многія вясковыя традыцыйныя заняткі цяпер занядбаны ці ўжо перасталі існаваць. Напрыклад:



КАТУ́ШКА ж. Шпулька; дэталь калаўрота, на якую намотваюцца ніткі. Хто заве шпулька, хто – катушка. Каралі.

МАЗНІ́ЦА ж. 1. Мазніца; пасудзіна для калёснай мазі.

Тлумачэнне асобных слоў такога тыпу часам з’яўляецца непераканаўчым і недастатковым з-за адсутнасці адпаведных звестак ці нізкай інфарматыўнасці кантэксту:



ЗАВУ́ЖАВАЦЬ незак. Ставіць новыя васковыя пласціны на рамы (?). Можна завужаваць соты, яны [пчолы] атцягаюць соты і наліваюць мёт. Вялікі Азярэцк.

ШАСЦІРА́ДКА, ШАСЦІРА́ТКА ж. Сорт ячменю (?). Шасцірадка крэпка кладзецца, а двухратка стаі́ць, што струна, глядзець люба. Шасціратка ламаіцца – галовы уні́з, ня можна вязьма здзелаць. Ракаў Засценак.

У тых выпадках, калі рэестравай адзінкай выступаюць словы, якія з’яўляюцца назвамі розных традыцыйных святаў і прысвяткаў народнага календара, як іх літаратурнамоўныя адпаведнікі падаюцца назвы, зафіксаваныя ў энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989). Гэта датычыцца пераважна найменняў, якія дагэтуль не ўключаліся ў найбольш вядомыя тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы. У сувязі з тым што многія назвы традыцыйных народных святаў адначасова з’яўляюцца і назвамі святаў царкоўнага календара, пры адлюстраванні значэння падобных слоў уся інфармацыя, датычная семантыкі народнага і царкоўнага кампанентаў назвы свята, звычайна не ўказвалася. Да звестак гэтай крыніцы ўкладальнікі слоўніка звярталіся таксама тады, калі ілюстрацыі былі адзінкавыя, іх змест невыразным ці ўтрымліваў розначытанні.

Значэнне дзеепрыслоўяў па граматычнай форме ўстанаўліваецца на аснове кантэксту:

АСТА́ЎШЫСЯ дзеепрысл. Астацца, быць. Кароў сем астаўшысі у нашъй дзярэўні. Каралевічы.

ІШО́ЎШЫ дзеепрысл. Ісці. С каровай месяц ішоўшы сюды. Івоні.

Згодна з матэрыялам ілюстрацый размяжоўваецца семантыка аманімічных формаў дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў, характэрных для мясцовых гаворак. Аднак устанаўленне граматычнай прыналежнасці, дыферэнцыяцыя гэтых дзеяслоўных формаў не заўсёды бясспрэчная з-за невыразнасці прыкладаў.



ЗАКІПЕ́ЎШЫ дзеепрым. Які закіпеў, кіпіць. Варголы – эта кіпяток, закіпеўшы кіпяток варголы называлісі. Марозаўка.

НАПА́ЎШЫ дзеепрысл. Напасці, раптоўна з’явіцца. Рак напаўшы, памёрла старшына. Нямойта.

Словы і іх значэнні забяспечваюцца адным або некалькімі прыкладамі іх ужывання. Парадак размяшчэння прыкладаў пераважна адвольны, ён не суадносіцца з месцам слова ў рэестравым радзе. Першымі ставіліся, як правіла, тыя ілюстрацыі, якія найбольш поўна раскрываюць сэнс слова.

Пры наяўнасці вялікай колькасці прыкладаў на адно і тое ж значэнне слова ажыццяўляўся адбор ілюстрацыйнага матэрыялу. Але ілюстрацыі, якія мелі інфармацыйна-пазнаваўчы характар, а таксама з’яўляліся запісамі маркіраванага тыпу (прыказкі, прыкметы, прыгаворкі і інш.) звычайна падаваліся ў слоўнікавым артыкуле. Прыналежнасць ілюстрацыі пэўнаму народна-літаратурнаму моўнаму жанру – праклён, пагаворка, прыкмета і інш. – абазначаецца адпаведнай жанру адсылачнай паметай. Яна бярэцца ў круглыя дужкі (). Пры выкарыстанні ў якасці ілюстрацыі да рэестравага слова песеннага тэксту радкі ў песнях-прыкладах аддзяляюцца адзін ад аднаго з дапамогай сімвала /.

А ў тых катлах пі́ва варыцца. / Пі́ва варыцца к тром празнічкам, / К тром празнічкамтром гадаві́нкам (з песні). Баравікі.

Калі змест ілюстрацыі меў тоесны ці мала адрознівальны ад выбранага прыкладу характар, а тым самым ілюстрацыі сваім лексічным складам амаль паўтаралі ўжо выкарыстаны запіс, яны не ўжываліся, каб пазбегнуць аднастайнасці і збыткоўнасці матэрыялу. У такіх выпадках адзначаліся назвы населенага пункта, дзе слова было зафіксавана. Пры пераліку назваў населеных пунктаў на першае месца пасля прыкладу ставілася назва вёскі, запіс з якой выкарыстоўваўся як ілюстрацыйны. Усе іншыя вёскі, дзе была зафіксавана такая ж лексема, звычайна пералічваюцца ў алфавітным парадку. Пры падачы прыкладаў з двух раёнаў пасля вёсак Сенненскага раёна ці назвы раённага цэнтра ўказваюцца населеныя пункты Чашніцкага раёна.

У слоўнік як рэестравая адзінка ўключаюцца, пра што паведамлялася вышэй, словы, якія не маюць суправаджальных ілюстрацый з-за адсутнасці адпаведнага словаўжывання ў архіўных матэрыялах. Устанавіць дакладна іх значэнне атрымлівалася не заўсёды. Таму семантыка, якая надаецца такім абазначальным сродкам, мае меркавальны характар. Меркавальнасць значэння падобных лексем адзначаецца з дапамогай пытальніка, змешчанага ў круглыя дужкі (?). Прынятае сімвалічнае абазначэнне ставіцца пасля слова.

ҐВА́ЛТАНЬКІ прысл. Роспачна (?). Ульянавічы.

Пытальнік, заключаны ў круглыя дужкі, выкарыстоўваецца таксама пры існаванні незразумелага ці цяжкаўспрымальнага ілюстрацыйнага запісу:



НАУГО́ЛЬНІК м. Вугольнік; лінейка ў форме трохвугольніка (?). А гета наугольнік. Марозаўка.

МАЛО́ЧНІК, МАЛО́ШНІК м. 3. Малочныя залозы (?). Нейкі ёсь малочнік у цілят. Рассвет.

У слоўніку часам сустракаецца адна і тая ж ілюстрацыя. Паўтараюцца ілюстрацыі, калі ў тэксце ўжытага прыкладу было выяўлена новае слова, не зафіксаванае ў картатэцы як рэестравае, а на адсылачную лексічную адзінку меўся толькі адзін прыклад.

У многія слоўнікавыя артыкулы ўключаюцца ўстойлівыя сінтаксічныя адзінкі, якія маюць у сваім складзе ў якасці апорнага кампанента слова, адпаведнае загалоўнаму слову артыкула. Ва ўсіх устойлівых выразах падаецца іх значэнне, адлюстраванае ў пашпартызаванай ілюстрацыі. Да ліку сінтаксічна звязаных адзінак адносяцца ў слоўніку састаўныя тэрміны, фразеалагізмы. Аднясенне састаўных тэрмінаў да адпаведнай рэестравай адзінкі вызначаецца галоўным чынам анамасіялагічна і залежыць ад характару вылучальнай матывацыйнай прыкметы, якая абумовіла з’яўленне самой моўнай адзінкі. Аднак дасягнуць аднастайнасці ў падачы такіх абазначальных сродкаў аказалася цяжка, таму іх размяшчэнне ў межах слоўнікавага артыкула часам з’яўляецца спрэчным. Як і іншыя сінтаксічна звязаныя канструкцыі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыйных прыкладаў, тэрміны падаюцца пад спецыяльным адсылачным знакам ○. Пад гэтым знакам незалежна ад ступені лексіка-семантычнай самастойнасці слоў, якія іх складаюць, аб’ядноўваюцца ўсе вылучаныя ў якасці асобных абазначальных адзінак састаўныя тэрміны.

РАЧНЫ́ прым. ○ РАЧНЫ́ БЫК. Птушка бугай. Рачны бык, у яго дзюба длі́нныя і пу вадзе тырр… гу-гу-гу [такі атрымоўваецца гук]. Сянно.

МЫШЫ́НЫ прым. Мышыны. І з мышынае вока гарыць лямпачка, капцелачка. Багданава. ○ ШАМПІЁНЫ МЫШЫ́НЫЯ. Неядомыя грыбы, падобныя на шампіньёны. Дуброўкі.

Альтэрнатыўныя варыянты з тоесным засведчанаму састаўному тэрміну значэннем бяруцца ў круглыя дужкі.

○ АШЛАПНО́Е БЯРНО́ (ШЛАПНО́Е БРАЎНО́). Апошняе бервяно ў пабудове.

Фразеалагізмы, якія ўжываюцца ў слоўніку, маюць адсылачны знак ◊. Гэты сімвал вельмі часта выкарыстоўваецца ў беларускай лінгвістыцы. Для захавання ўсталяванай традыцыі ён быў прыняты ў даведніку. Пры фразеалагізмах з валентна абмежаваным значэннем, якія маюць абавязковыя суправаджальныя словы, прыводзяцца словы-суправаджальнікі. Яны пішуцца малымі літарамі ў круглых дужках, падаюцца перад фразеалагізмам ці пасля яго.

(расці́) ЯК ГРЫ́БЫ <АТ ЦЁПЛАГА ДО́ЖДЖУ>. Расці хутка, непрыкметна (пра дзяцей). Структурна пранікальныя кампаненты фразеалагізма афармляюцца з дапамогай дужак наступнага віду < >.

Да сінтаксічна звязаных канструкцый у слоўніку не адносяцца словазлучэнні тыпу даць веры, даць штрафу, даць наганяйла. Канструкцыі такога тыпу належаць, як вядома, да ліку праблемных моўных адзінак і па-рознаму падаюцца ў лексікаграфічных дыялектных крыніцах. Вылучэнне іх як сінтаксічна непадзельных адзінак абумоўліваецца тым, што гэтым аналітычным канструкцыям адпавядаюць аднаслоўныя абазначальныя сродкі, накшталт даць веры / паверыць, даць штрафу / аштрафаваць. Наяўнасць у канструкцыях такога тыпу аднаслоўных семантычна тоесных адпаведнікаў дазваляе прыраўноўваць іх да фразеалагізмаў. Але падобны паралелізм існавання, з аднаго боку, сінтаксічных канструкцый, з другога, эквівалентных ім аднаслоўных лексічных адзінак адлюстроўвае ўзаемадзеянне тэндэнцыі аналітызму і сінтэтызму, у якой увасабляецца спецыфіка словаўтваральных адносін, характэрная для мовы. Прынамсі, у адзначаных словазлучэннях дзеяслова і назоўніка корань назоўніка з’яўляецца базавым намінатыўным кампанентам пры ўтварэнні адпаведнага дзеяслова: даць штрафу / аштрафаваць. Таму ў дадзеным выпадку, як і падобных да гэтага, актуальнасць набываюць словаўтваральныя праблемы. Апошняе не з’яўляецца прадметам аналізу і апісання ў лексікаграфіі. Згодна з чым разглядаць згаданыя канструкцыі як фразеалагізмы ў складзе слоўнікавага артыкула падстаў не існуе, аднак асаблівасці сінтаксічнай дыстрыбуцыі тут маюць месца. Характарызаваць выразы тыпу даць штрафу як фразеалагічныя адзінкі стрымлівае і тое, што кожнае слова ў іх складзе захоўвае сваю семантыку і граматычныя паказчыкі.

У слоўнікавым артыкуле падобныя апісальныя дзеяслоўна-іменныя звароты падаюцца ў межах рэестравай адзінкі ў адпаведнасці са ступенню градацыі значэнняў загалоўнай лексемы, займаючы ў артыкуле адно з апошніх месцаў.

ДАЦЬ зак. 11. Шчоўкнуць. Шчаўчок як дась, ажно ў галаве зазвіні́ць. Ульянавічы.

Як своеасаблівыя ілюстрацыі да загалоўнага слова ў слоўніку выкарыстоўваюцца выслоўі – прыказкі, прымаўкі і інш. У даследчай працы прыказкі, прымаўкі як асобныя афарыстычныя адзінкі не адрозніваюцца. Яны аб’ядноўваюцца пад агульным паняццем прыказка. Пры аб’яднанні розных, як пакуль яшчэ прынята ў традыцыйнай навучальнай літаратуры, афарыстычных адзінак, якімі з’яўляюцца прыказкі і прымаўкі, мы кіраваліся думкай І. Я. Лепешава. Даследчык заўважаў: «... каб пазбегнуць тэрміналагічнай блытаніны, уяўляецца найбольш лагічным, апраўданым скасаваць тэрмін «прымаўка» як аналаг фразеалагізма і выкарыстоўваць адзіны тэрмін «прыказка» для абазначэння народных фразеалагізмаў, якія валодаюць інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю»4.

Ужыванне прыказак, іншых адметных выслоўяў у якасці ілюстрацый у тлумачальных слоўніках грунтуецца на пэўных прынцыпах. Аднак пры іх выкарыстанні ў такой ролі, існуе, як адзначаюць даследчыкі дадзенай галіны мовазнаўства, шэраг хібаў і недакладнасцей. Абумоўлена гэта тым, што істотная колькасць прыказак выступае ў пераносным значэнні ці мае алегарычны сэнс. У выніку чаго словы-кампаненты ў складзе такіх афарыстычных выслоўяў страцілі сваю першасную семантыку, і, адпаведна, яны не могуць служыць як ілюстрацыі пры перадачы прамога значэння рэестравага слова ў слоўніку тлумачальнага тыпу. Выйсце з гэтай сітуацыі беларускім даследчыкам парэміялогіі бачыцца ў стварэнні тлумачальных слоўнікаў прыказак як асобных спецыялізаваных слоўнікавых выданняў. Такі шлях па раскрыцці і апісанні спецыфікі парэміялагічных адзінак, безумоўна, правільны. Разам з тым цяжка згадзіцца, што ён адзіны і што выкарыстанне прыказак у якасці прыкладаў на ўжыванне загалоўнага слова ў тлумачальных слоўніках прыводзіць да значных складанасцей ці суправаджаецца сур’ёзнымі памылкамі пры ўстанаўленні семантыкі рэестравай лексемы. Думаецца: абагульненне ў адным слоўнікавым артыкуле ў тлумачальных лексічных даведніках матэрыялаў з рознай ступенню сінтаксічнай сувязі слоў, а таксама з адлюстраваннем іх ужывання ў прамым ці пераносным або алегарычна-вобразным значэнні – гэта натуральны і запатрабаваны спосаб падачы лексічнай інфармацыі, каштоўны найперш сваім сінкрэтызмам.

Пры складанні «Слоўніка Сенненшчыны» яго аўтары таксама выкарыстоўвалі народныя афарызмы як ілюстрацыйны матэрыял па тлумачэнні загалоўнага слова. Народныя афарызмы падаюцца згодна з прынцыпам вылучэння апорнага лексічнага кампанента ў складзе прыказкі ці іншага выслоўя. Спроба складання парэміялагічнага даведніка, угрунтаванага на прынцыпе вылучэння апорнага кампанента ў складзе адметных народных выслоўяў, у беларускім мовазнаўстве была рэалізавана ў выданні «Слоўнік беларускіх прыказак» І. Я. Лепешава і М. А. Якалцэвіч. Акрамя таго, яго аўтары выявілі, што «прыкладна 90 %» прыказак ад іх агульнай колькасці ў названай працы «маюць у сваім складзе кампанент-назоўнік», а таксама «апрадмечаны прыметнік, лічэбнік, займеннік, агульны для многіх прыказак»5. Стварэнне слоўніка прыказак згодна з прынцыпам вылучэння апорнай лексічнай адзінкі ў складзе народнага афарызма засведчыла, што выкарыстанне шматлікіх выслоўяў як прыкладаў па адлюстраванні значэння рэестравага слова не можа быць абсалютна адвольным. З улікам сказанага пры ўжыванні прыказак у якасці ілюстрацыі ўкладальнікі «Слоўніка Сенненшчыны» падавалі іх у тых слоўнікавых артыкулах, апорны кампанент якіх адпавядаў рэестраваму слову. Але выкарыстанне выслоўяў згодна з прынцыпам вылучэння апорнага кампанента ў іх складзе прывяло да нераўнамернага размеркавання народных афарызмаў у слоўнікавых артыкулах сенненскага словазбору. Улічваючы гэта, а найперш тое, што парэміі – гэта адметныя сваёй семантыкай моўныя адзінкі, афарыстычныя народныя выслоўі ў межах слоўнікавага артыкула вылучаюцца як асобныя ілюстрацыі. Іх адметны статус адлюстроўваецца адсылачным знакам □. Дадзены сімвал быў выбраны адвольна і прыняты ў якасці адзінага агульнага знака, які аб’ядноўвае прыказкі і прымаўкі. Пры такіх выслоўях значэнне звычайна не тлумачыцца, за выключэннем некаторых выпадкаў, у якіх раскрываецца семантыка апорнай лексічнай адзінкі парэміі.



Каталог: uploads
uploads -> Конкурс для маладых журналістаў 4 Майстэрня грамадзянскай актыўнасці для моладзі 5
uploads -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
uploads -> Гданьск пачынаецца ў наваградку пралог як заўсёды, сонца мела
uploads -> Вучэбны матэрыял да ўрока №9 М. М. Брылеўскі
uploads -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
uploads -> Клуб Лакальных Лідэраў 6 Семінар у Вільні для журналістаў 7 конкурс адукацыйных матэрыялаў 8 конкурс
uploads -> Віктар Крэс панятоўскія-крэпышы герба «юноша»: радавод старажытнага
uploads -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
uploads -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
uploads -> Клубы і аматарскія аб’яднанні сеткі публічных бібліятэк Стаўбцоўскага раёна


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   51




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал