КРОТ м. Крот. Во як унадзіцца крот у ліхах, рыіць і рыіць. Заазер’е. Крот – гэта зъраза, іх дачорта ёсь. Марозаўка. Краты рыюць сат і гарот. Кішуроўшчына. Краты чорныя, хуваюцца ў нару. Краты ў лесе, у норах. Багданава. Крот зямлю рыець. Гарадзец.
КРОЎ ж. Кроў. Бярэш кроў, зварыш рысу, сечкі, паджарыш, пірамішаіш і ў тоўстыя кі́шкі пачыніш і калбаскі крывавыя. Багданава. Кроў сышла – і памерла. Цясішча. Стаў кроўю мачыцца. Каралевічы. Чалавечая кроў ня авеччая – уві́дзела, праўда. Запруддзе. ◊ КРОЎ ЗА КРОЎ. Помсціць забойства за забойства. Ён [партызан] гъварыў паліцэйскім: «Мальцы, кроў за кроў заплаціце». Нямойта. ◊ МЫЦЬ РУ́КІ КРО́ЎЮ. Злачынстваваць, забіваць самавольна. Свае рукі кроўю мыіць. Жохава.
□ Дзе крыві́ ні лошкі, там жаласці ні крошкі. Івоні.
КРО́ХКІ, КРО́ХКІЙ прым. Крохкі, ломкі. З алешыны ні сагнеш [дугі], яна крохкая. Кляпчэва. Удар па ім, сліжу, дык ён крохкій, пулумаіцца нъ часці. Алексінічы.
КРО́ШКА ж. 1. Кавалачак, маленькі кусочак. Сала зжарыш па геткай крошцы. Ні дадуць крошкі сала спытаць у пост. Чуцькі. Вазьмём солі, хлеба, крошку сала, калі́ ў каго ёсць. Багданава. 2. Невялікі ўчастак зямлі. Я етую крошку пасаджу. Хоць маленькую крошку, ды выдзеліў мне бацька зямлі́. Нямойта. Я дзе-нібудзь паўторкала буракі́ там, капусты там крошку. Запруддзе. 3. прысл. Трошкі, крышку. Я хлеба крошку ні даеў. Ну, дъвай па крошкі зьядзі́м. Багданава. Прывязеш дзіцям па адной крошцы хлеба. Чуцькі. Там вады крошка, хай дзяўчаты памыюцца. Міцюкова. Мы там возьмем што па крошкі. Баравікі. Прышлю пасылку, па крошкі ўсё разбяруць. Партызаны. Дажыдаюць с цэрквы, свянцонае па крошцы рэжуць, перва яйцо ядуць, рэжуць і ядуць. Карпавічы. Крошку пасадзі́ла пад лапату бульбу. Нямойта. 4. Зусім, ані. Хлеба крошкі послі вайны ні было. Чуцькі. КРО́ШАЧКА памянш. Прынёс каждаму па крошачкі, падзялі́ў [пасылку]. Партызаны. Можа крошачку выпіла. Неўгадава. Ні крошачкі нільзя выкідаць, сабярэць і мне прывязуць [хлеб]. Леснікі. Мукі́ крошычку, вады, і ў вар сыпіш. Вялікі Азярэцк. ◊ НІ КРО́ШКІ. Ніколькі. Ні крошкі зямлі́ німа. Неўгадава, Закур’е.
КРУГ, КРУХ м. Лішай. Кругі́ былі́, вылез круг, як лапік аблезіць. Баравікі. Кругі́ звалі, на гълаве, выстрыгалі, мазалі. Гарадзец. Крух – круглы такі́, нарывачкі такі́я, мякніць, і вогнік называўся. Кругі́ на руках, як вядро стаі́ць, па дну водзяць, акно як атпатнеіць, па акну, па кругу вадзі́лі, зганялі. Багданава. Круг і шолудзі – гэта ні адно і тоя. Заазер’е. Круг на шчаке. Закур’е.
КРУГ м. 1. Круг, кола. Круга людзі дзелалі. Партызаны. 2. Суквецце каліны, якое мае форму круга. 3. прысл. Наўкола. У нас тут у кругу ні было мельніц, малоць вазі́лі ў Сянно. Вялікі Азярэцк. ◊ У КРУГІ́. Узор на тканых вырабах. Пълавікі́ ткалі ў палоску, мътрасы ці ў кругі́ ткалі. Кляпчэва.
КРУГАВЫ́ прым. Двухбаковы. Як хваці́ла кругавое васпаленне. Неўгадава.
КРУГЛАВІ́ДЗЕНЬКІ прым. Круглатвары. Мой малец круглаві́дзенькі, як дзевачка. Партызаны.
КРУГЛЕ́Ц м. Асака. Круглец каровы елі, касі́лі па балотах. Разачку луччы елі каровы, як круглец. Багданава.
КРУГЛО́ВІНА ж. Дзірка круглай формы. Во, такая кругловіна път сцяну. Серкуці.
КРУ́ГЛЫ прым. 1. Круглы. Курганы булі́ круглыя высокія – метраў два, пъразрылі іх тръктарамі. Вялікі Азярэцк. 2. Цэлы год. Цяпер свіння круглы гот з хлева ні выходзіць [а раней пасвілі]. Міцюкова. ○ КРУ́ГЛЫ ДВОР. Двор з тыповым для сядзібы комплексам пабудоў. Такі́ шчытны быў двор: стаяў анбар, клець, сарай і яшчэ сарай – ета круглы двор. Леснікова.
КРУГЛЯ́К м. зб. Бярвенне круглай формы. У нас с кругляку дзелаюць [хаты]. Гарадзец.
КРУГО́М прысл. Кругом, з усіх бакоў. А тады ложым сена кругом [на стозе], кругом апходзім пласцікъм. Леснікова. Гъра, як кумпъл, то яе аралі кругом. Самсоны.
КРУ́ЖАВА, КРУЖАВА́ мн. Карункі. Кружава плялі́ з ні́так лляных. Ґафт такоя, як кружава. Багданава. Кружава чапляліся самадзелкавыя. Леснікі. Кручкамі візалі кружъва. Турава. Ні́жняю юпку – кужэўная была – к ёй кружава прышывалі. Буй, Закур’е.
КРУ́ЖКА, КРУ́ШКА ж. Конаўка, кубак. Кружкамі пераліваем праз качарэжнік [як урок]. Запруддзе. На стол і вады крушку пъстановяць. Багданава. Крушка ваду піць. Дольдзева. У старавераў крушка аддзельно стаяла. Закур’е. КРУ́ШАЧКА памянш. Я ёй крушачку мълака і ў мі́сачку. Запруддзе.
КРУЖНІ́К м. Скрутак круглай формы. Кружні́к – скручанае лыка. Із лыка, із вяровак, лыккі – у пучок. Вялікі Азярэцк. КРУЖНІЧО́К памянш. Дзярэцца вясной лаза, пакруцяць іх у кружнічкі́, мочуць іх у цёплай вадзі́цы і дзяруць лапці. Дольдзева.
КРУЖНЯКО́М прысл. Кружком. Скруціцца вужака кружняком – і ў гълаву. Ракаў Засценак.
КРУЖО́ЛКА, КРУЖО́ЎКА, КРУЖА́ЛКА ж. 1. Прыстасаванне, на якім малолі зерне. А послі вайны жорны панадзелалі з дрэва: адрэжуць такую кружоўку, як камінь, а тады бі́лі чугуны такія чугунныя на чарапкі́ маленькія і ў гэту калотку набівалі і малолі. Серкуці. КРУЖО́ЛАЧКА памянш. Шчытаюць дзевяць жыці́н і паложуць у кружолачку. Запруддзе. 2. Прыстасаванне круглай формы ў зброі. Падняў аружыя с кружалкай і стрэліў. Багданава. Тая баба кажыць: «Якоя там аружые, я ні панімаю, а каго ня ўві́жу, то ўсё с кружоўкамі, с кружоўкамі». Партызаны. 3. Лапічак круглай формы. Махамор красны, а па верху белыя кружолкі, белыя лапікі. Неўгадава.
КРУЖО́ЎНІК м. Агрэст. Скора кружоўнік будзіць, паспеіць. Буй.
КРУЖЫ́ЦЦА незак. Кружыцца. Самалёты кружуцца і кружуцца над намі. Неўгадава.
КРУЖЭ́ННЕ н. Галаваружэнне. Нейкае кружэнне станець, ні магла ў лодку садзі́цца. Кружэнне ў гълаве, як іду над вадой, па мосце. Нямойта. У мяне часта кружэнне ў гълаве. Дольдзева. Кружэнне ў мяне дзелаіцца і падаю. Я ці́фам балела, і цяпер кружэнне такое. Багданава.
КРУЖЭ́ЎНЫ прым. Зроблены з кружава. А ў мяне, вы не знаеце, рубашкі кружэўныя былі. Заазер’е.
КРУК м. 1. Драўляны калок з загнутым тупым канцом. Крук, вяроўкі вілі́ раньшы. Крук убівалі і ў сценку. Фасаўшчына. Дзірвяны крук атрэжуць с куста і круцяць выроўкі. Гарадзец. Раньшы аглоблі былі́ нъ завертах, дзіржалъся аглобля, а цяпер кручча, петлі, петля прыкрэпляецца к пълазу, а крук к аглабле. Гарадзец. 2. Металічная частка каромысла. Багданава. ◊ САГНУ́ЦЦА Ў КРУК. Моцна выгнуцца, цяжка працуючы. Высах, сагнуўся ў крук. Партызаны. СТАЯ́ЦЬ КРУ́КАМ. Пра таго, хто за некім пільна сочыць. Згарбеўшы, стаі́ш крукам. Жохава.
КРУК м. Крумкач. Чаго крук у нас крычэў, ажно ў цябе цялёнак падох. Крукі́ крычалі на кладбішчы – нехта памрэць (прыкмета). Гарадзец.
□ Крук круку <у> вока не клюе(юць). Нямойта, Каралевічы.
КРУМКА́Ч м. Тое ж. Хто ястрып, а хто крумкач кажыць, дзюпка крутая. Багданава.
КРУПАДЗЁРКА ж. Крупадзёрка; машына для вырабу круп, мукі. Крупадзёрка ў мельніцы. Крупадзёрка – муку дралі. Багданава. Крупадзёрка была, крупы дралі. Серкуці. Крупадзёрка была, як драчка, цяпер тарка. Нямойта.
КРУ́ПАЧКА ж. Крупінка. Крупачка масла плавае. Вялікі Азярэцк.
КРУ́ПЕЛЬКА ж. Кропелька. У возеры цёмныя бы крупелькі. Багданава.
КРУПЕ́НІК м. Крупнік. Крупенік – крупы таўклі́, аптаўкалі ў ступі, варылі. Фасаўшчына.
КРУПЕ́НЬ м. Тое ж. У нас варылі крупень, а ў Чашніках – суп. Закур’е.
КРУПЕ́НЯ, КРУПЕ́ННЯ ж. Тое ж. Цяпер суп, тады звалі крупеня і быў смашны. Каралі. Гарох сеілі, крупеню варылі з гарохам. Гарадзец. Крупеня бувала, а цяпер суп. Іс бобам крупеня. Дольдзева. Крупеня – бульба, крупы буйныя – усе елі бувала. Мама, ты ўсё варыш крупеню, а вун Въсілі́на суп варыць [(жарт), так гавораць, калі расказваюць, як засвойвалася назва суп]. Партызаны. Дзет, будзім есці крупеню. Фасаўшчына. Крупеня з грыбамі. Дольдзева. Е́жце, пакуль крупення не акалела. Міцюкова.
КРУ́ПІНА, КРУПІ́НА ж. Невялікая колькасць круп; крупіна. Якая крупіна, то меліш на кулеш, ці на праснак які́. Цясішча. Ну прама смыль смалі́: нічога німа, ні сечкі, ні крупі́ны. Запруддзе. Ані́ хлеба, ні крупі́ны, пъццягнуцца пуп да спі́ны (жарт). Леснікі.
КРУ́ПНІК м. Каша з ячных круп. Крупнік – каша с пярлоўкі. Крупеня – суп. Багданава, Вялікі Азярэцк.
КРУ́ПНЫ прым. Вялікі, мажны. Як чълавек, ё крупны, ё мелкі. Вялікі Азярэцк.
КРУПЧА́ТАЧКА ж. зб. Здробленае, ачышчанае ад шалупіння зерне. Нада штоп была крупчатачка. Дольдзева.
КРУ́ПЫ толькі мн. Крупы. А ці крупы яшчэ ё ці ръзъбралі? Багданава. Ці пойдзеш ты за крупмі́? Сукрэмна. Узяла мех круп учора. Запруддзе. Крупы бралі і малолі. Дуброўкі.
КРУ́ТА прысл. Надта скручана. Як крута сучыш, палучаюцца сукры. Леснікова.
КРУТАНУ́ЦЦА зак. Павярнуцца. Карова крутанулъся, і ў поле. Цясішча.
КРУТАНУ́ЦЬ зак. Хутка з’есці. Крутані́це гэты мёт. Кляпчэва.
КРУТАРО́ШКА ж. З крутымі рагамі (пра карову). Крутарошка – рогі круцянькія. Міцюкова.
КРУТЫ́ прым. 1. Пакручасты (пра дровы). Крутэя дровы ніхто ня хочыць браць. Чуцькі. 2. З закругленай дзюбай. Крумкач – дзюпка крутая. Багданава. 3. Густа замешаны. Крутоя цеста, каб чуць-чуць раскаці́ць. Фасаўшчына.
КРУХМА́Л, КРАХМА́Л м. Крухмал. Крухмалу развядзеш, змажаш булкі хлеба, яны блішчаць. Каралі. Кръхмал ета надзярэш, перамываіш, цэдзіш, ваду зліваеш, вады тры. Мъкаронаў з крухмалу нъвараць. Багданава. Кръхмал і раньшы гаварылі і цяпер. Алексінічы.
КРУЦЁЛКА ж. 1. Дзвярная зашчапка. У таках ёўні былі́, і дзелалася ў ёўнях ні зашчэпка, а круцёлкі з дзерава. Заазер’е. 2. Вітая, авальная каробка. Ракушкі складзеныя круцёлкамі, як мяса ўсярэдзіне. Вялікі Азярэцк. 3. Вітушка. Закручвалі ў круцёлку [лазу]. Буй. 4. перан. Легкадумная, ветраная жанчына. Яна была круцёлка, мушчына быў, і ўсё роўна круці́лася. Яна была круцёлка, а ён ці́хі. Нейкая прыехъла круцёлка, дъяркай стала, а даі́ць не ўмеіць. Круцёлка была, круці́лася з ім. Запруддзе.
КРУЦІ́ЦЦА незак. 1. Вярцецца. Шворан саедзіняе пірадок с калёсамі, на ім пірадок круціцца. Кляпчэва. О́льґа, ні круці́ся перат перадам. Фасаўшчына. 2. Беспарадкава рухацца. Круціцца, халодна, места няма. Багданава. 3. Варочацца з боку на бок. Як забалеў, на ногі не падняць, пішчыць, круціцца і падаець. Партызаны. 4. Віраваць. Вір, дзе круціцца въда. Гарадок. 5. Быць у пастаянным клопаце. Круціцца бедненькі, што вужака. Ульянавічы.
КРУЦІ́ЦЬ зак. 1. Прыводзіць у кругавы рух, вярцець. Круці́лі самі, змелюць у жорнах. Дольдзева. Адной нагой качаеш [дзіця], а другой прасніцу круціш. Багданава. 2. Паварочваць з боку ў бок. Сяджу праду, а яны [дзеці] гълъвамі круцюць. Багданава. 3. Скручваць (пра лён). У рукі круці́лі лён. Запруддзе. 4. перан. Махляваць, ашукваць. Круціць іна круціць, возьміць грошы і ні аддасць, махлюіць. Заазер’е.
КРУЧО́К м. 1. Кручок для вязання, шыдэлак. Кручком вязалі кружава. Леснікі. Кручком шчэ троху вяжу. Цясішча. 2. Прылада з загібам на адным канцы для віцця вяровак. На кручок дзеравянны лапці пляла. На кручок дзелалі лапці. Багданава.
КРУ́ЧЧА н. зб. 1. Кроквы ў гаспадарчым будынку, да якіх прымацоўваюцца латы. На балку ставілі казлы і піраводзіна наверх ложыцца, кручча чапаць. Фасаўшчына. Казёл ставіцца, ложыцца піраводзіна на яго, на гэту піраводзіна – кручча і тады лацюць і кроюць у сараі і хлеві, раньшы і па хатах. Вялікі Азярэцк. На казёл ложыцца кручча, а на гэта кручча – латы. Гарадзец. 2. Скручаны лазовы ці бярозавы дубец. Пітля пръкрапляецца к пълазу, кручча – к аглабле. Гарадзец.
КРУШ м. Гліністая глеба. Круш – зімля чорнъя зьверху, а там суглей білуватый. Сянно. Тамъцька на гародзі круш, блі́ска глі́на краснъя, бульба атмякла, а боп ні атмяк. Кавалі.
КРУША́К м. Тое ж. Сянно.
КРУША́НЫ прым. Крохкі. Крушаныя пласці́нкавыя грыбы пълъмаюцца. Неўгадава.
КРУШКО́М прысл. Невялікім кругам. Път страхой крушком злажыў. Багданава.
КРУШНІ́К м. Урадлівая зямля. Крушні́к – лёгкъя зімля, бъльшынство шэрънкъя зімля, урадлі́въя. Міцюкова.
КРУШЫ́НА ж. Крушына. Крушына, іна слаткая, ягады ваўчовыя. Багданава.
КРУШЫ́ННІК м. 1. Крушыннік. Ля возіра крушынніку ёсь. Гарадок. 2. Настой з крушыны. З крушынніку ставілі чарні́ла [пасля вайны]. Багданава. Крушыннік ат жывата. Багданава.
КРУШЭ́Ц м. Урадлівая зямля. Крушэц – ета чорнъя зімля, іна харошъя зімля, на ёй ўсё расцець [і каноплі, і агародніна]. Запруддзе.
КРЫВА́ВІК м. Блін, прыгатаваны з крыві. Кръвавікі – ета бліны. Кроў раскалоцюць, на жырную скъвараду льеш і пячэш. Багданава. Бліны пячом з крыві́ – крывавікі. Марозаўка. Крывавікі – бліны з кроўю. Гарадзец.
КРЫВА́ВЫ прым. Напоўнены кроўю; з прымессю крыві. Крывавы мазоль лопнуў. Багданава. ○ КРЫВА́ВЫ ПАНО́С. Дызентэрыя. Крывавы панос у каровы. Міцюкова. Крывавы панос у дачкі́ быў, у бальні́цы ліжала. Нямойта. ○ КРЫВА́ВАЯ КАЎБАСА́ (КІЛБАСА́). Крывянка. Крывавая каўбаса – крупы, кроў. Парэчча. Крывавыя кілбасы: круп насыпюць, сала кусочкі, жыру, кроў. Гарадзец.
КРЫВАМО́ЧКА ж. Цыстыт. Крывамочка ў кароў, кроўю мочацца. Латыгаль. А як крывамочка ў каровы, то дувалі свінтъянкі піць. Заазер’е.
КРЫВАНДЖА́ агульн. Кульгавы. Крывънджа накульгъіць на дну нагу. Сянно.
КРЫВАНО́ГІ прым. Крываногі. Крываногіе, калі́ ногі крывые. Гарадзец.
КРЫВАРО́Т м. □ Мой крыварот ні мінець маі́х варот. Каралевічы.
КРЫВАРО́ТЫ прым. □ Твой крывароты ні мінець твае вароты. Тое ж. Каралевічы.
КРЫВА́ЎКА ж. 1. Цыстыт. Карова крываўкую балеіць. Дуброўкі. Кап цябе крываўка ўзіла! (праклён). Вялікі Азярэцк. 2. Крывянка. Пяклі́ крываўку, дъбаўлялі перыц, круп, соль, цыбульку. Вялікі Азярэцк. Крываўкі рабі́лі так: кроў, картошка дзёртая, пшонная мука, жыр, сала, часнок – і ў кі́шку, а потым у вар і ў печку. Міцюкова. С адной крыві́ чыні́лі с рукамі – эта крываўка. Савінічы. Крываўка, дзелалі калбасу крываўку. Заазер’е.
КРЫВА́ЎКА ж. Крываўнік (расліна). Была трува крываўка, яе дувалі карові, як кроўю карова мочыцца. Іна расцець нъ гародзі. Кішуроўшчына.
КРЫВА́ЎНІК м. Тое ж. Крываўнік, ё такая трава, але ні знаю. Багданава. Крываўнік на полі расцець, ні́зенькі, сцеліцца, як маркоўнік, як парэжаш руку серпам. Каралевічы. Крываўнік, як карова кроўю мочыцца, топюць у печы і даюць. Чуцькі.
КРЫВЕ́ЦЬ незак. Станавіцца крывым. Качкі крывеюць, калі́ не даюць жгучкі. Буй.
КРЫВІ́НА ж. Скрыўленасць. У варотъх была шула, а тут дылатом дзі́рку здзелъіць, крыві́ну найдзіць і зъчыняіць к другей шуле, засуўку здзелъіць. Алексінічы.
КРЫВІ́НАЧКА ж. Пра роднага па крыві. Крыві́начка мъя! [на дзіця]. Міцюкова.
КРЫВІ́ЦЬ незак. ◊ КРЫВІ́ЦЬ ДУШО́Й. Быць няшчырым, наўмысна не гаварыць праўды. І чаго там душой крыві́ць: што было, то было. Савінічы.
КРЫВЫ́, КРЫВЫ́Й прым. 1. Кульгавы. Такая крывая я ні хаджу за малі́най. Марозаўка. Соня крывая, яе Сорка празвалі. А крывая, што пъмъгаіць бабі, палучаіць трынаццаць рублей. Вялікі Азярэцк. Крывы, пакульгъіць на дну нагу. Сянно. Крывы чълавек. Крывы, у раскі́дку ідзець. Багданава. 2. Пакалечаны. Палец крывый, сярпом парэзала. Багданава. 3. Пашкоджаны. Йна была баба худувая, а ён быў ці́хій. Ві́дзіш, Сціпан паехаў, а ў яго крывоя кълясо [было ў возе]. Багданава. ○ КРЫ́ВЫЯ ВЕЧАРЫ́. 1. Святочныя вечары на Каляды (вечары ад Нараджэння Хрыста (Раства) да Вадохрышча), у якія забаранялася любая праца, акрамя хатняй. У крывыя вечары дзве нядзелі нічаво нільзя дзелыць для скоту [кепска]. Ракаў Засценак. На крывыя вечары цісаць мужукам ні даюць, гвоздзь зъгнаць. Крывыя вечары – на Къляды, дзве нядзелі, с сядзьмога да дваццъць первага. Ракаў Засценак. У крывэя вічары нільзя работъць, у каго скаці́на цельнъя, то уръды будуць. Дуброўкі. 2. Вячэрняя пара пасля захаду сонца. Сонца зайдзець – называецца крывыя вечары. Дуброўкі. ○ КРЫВА́Я НЯДЗЕ́ЛЯ. Першы тыдзень пасля Тройцы. Крывая нядзеля с пънядзелка пъсля Тройцы, русаленя нядзеля, палоць нільзя, шыць нільзя. Ракаў Засценак.
КРЫВЯ́НКА ж. Крывянка; крывяная каўбаса. Крывянка с крыві́, круп, жыру, кусочкаў сала. Багданава.
КРЫВЯ́ННІК м. Тое ж. Кроў збіраюць, кілбасы дзелаюць – крывяннікі. Гарадзец.
КРЫВЯ́НЫ прым. Крывяны; прыгатаваны з крыві. Крывяную калбасу так робім: жыру, кусочкаў сала, круп дабавім, кроў. Багданава.
КРЫ́ГА ж. Крыга, ільдзіна. Крыгі, як лёт лопаіцца, вясной крыгі. Леснікова.
КРЫ́ГА ж. Рыбалоўная снасць з драўлянай асновай – палазамі. Крыга – ета сетка к двум палкам уместа таптуна. Дольдзева. У крыгі два пълазы сагнутых. Крыга сплеціна, і сагнуты два паласы. Крыга бъльшая. Рыбу лаві́лі крыгімі. Алексінічы. Крыга – два пълаза дзірвянных, сець свяжуць. Турава. Крыга, як палазы, пелюсці там, заедзіш на лоткі, яе упусціш і цягніш. Сукрэмна.
КРЫЖ м. Крыж; ніжняя частка хрыбетніка. Балі́ць крыж. Багданава. ◊ ПАКЛА́СЦІ КРЫЖ. Зарачыся. Паклала крыж: ні пайду замуж у вайну. Кляпчэва.
КРЫЖ-НА́КРЫШ прысл. Крыж-накрыж, крыжападобна. Крыж-накрыш удараць, вербінкай на Вербніцу дзяцей, а то і карову. Каралевічы. Крыш-накрыш мълання дала. Багданава.
КРЫЖАВУ́ХА ж. Скрыжаванне дарог. Крыжавуха пъсярод дзярэўні – туды дарога і туды. Нямойта.
КРЫЖО́ЎКА ж. Тое ж. Ходзім вады сабе піць нъ кружоўку, дзе дарогі перасякаюцца. Гарадзец. Крыжоўка – як дарогі крыжуюцца. Партызаны.
КРЫК м. Крык. Тут іна крык пъдніла. Запруддзе. Булку салам намазалі – справіў крык. Ульянавічы. Прыехалі – крык справілі. Неўгадава.
КРЫКЛІ́ВЫ прым. Крыклівы, плаксівы. Первы малец крыклі́вы быў. Багданава.
КРЫ́КНУЦЬ зак. Крыкнуць; моцна закрычаць. Бацька крыкнуў: «Заві́ця людзей!». Запруддзе. Бацька крыкнець: «Любіш гуляць, любі́ і працаваць». Багданава. Свае прыпаткі ў немцъў служылі, бачыць, што мяне стръляць будуць, крыкнуў, што ў яе хъдзяін нъ вайне, а ні ў пърцізанъх. Неўгадава.
КРЫКСУНЫ́ толькі мн. Крыкуны (дзіцячая хвароба). Ката ці свінню нагамі падкі́дваеш, потым у дзяцёнка крыксуны. Крэкчыць дзяцёнак, крыксуны, купаюць, на адзі́н пелюсень сыпеш попел – туды-сюды, на плі́чках попел, каб шэрсць скаці́лася. Па плечках качаеш хлебам дзіцёнку, каб крыксуноў ні было. Запруддзе.
КРЫ́КСЫ толькі мн. Тое ж. Купалі яго ў рамашках. Крыксы ў яго былі́, бабушка хлебам па целу пъкачаець, нъкачалася валоссе. Алексінічы.
КРЫКУНЫ́ толькі мн. Тое ж. Крыкуны – узяць жаркі хлеб, качаць па целцу, качаць хлебам, разарваць, а там поўна валасоў. Другі́ спосаб загаворваць крыкуны: попелу – з печы, прасеіць на сі́та, стаць, задам на газету прасеіць, тры разы крэсцік-накрэсцік перасыпаць, вынуць, ваду на трапачку сцадзі́ць, станеш разарваць – валасы. Парэчча.
КРЫ́ЛЛЕ, КРЫ́ЛЛЯ, КРЫ́ЛЬЯ н. зб. 1. Крылы. Пятух крыллем б’ець. Крылля прама жалезнае у цвыркуна. Запруддзе. Зязюля пъкладзець яйцо ў вълъсянкіна гняздо. У вълъсянкіным гняздзе птушънят крыллім высуніць, а іна тады корміць аднаго. Сянно. 2. Бакавыя часткі рыбалоўнай снасці. А патом прыбівалі крылля к къмяшцы. Заазер’е. 3. Акладня (у плузе). Крылья ў акушніку і насок востры. Нямойта.
КРЫ́ЛЫ мн. Крылы. Пятух крыламі б’ець. Мянюцева.
КРЫЛЬЦО́ н. Ганак. Ганак – проста ступені. Крыльцо – крытая. Крыльцо – ета пъд нъвесам. Нямойта.
КРЫНІ́ЦА ж. Крыніца. Там была крыні́ца, іконка была, поп хадзі́ў, і там въда бегла. Цяпер зъплыла. Міцюкова. Пайдзём піць у Грышкіну крыні́цу. Кляпчэва. У нас нъ лугу крыні́цы ёсь. Заазер’е. Там крыні́ца, лясок, бълацявінка. Каралі. КРЫНІ́ЧКА памянш. І ён крыні́чку сабе там выкапаў, і такая въда была ўкусная. Буй. Крыні́чкі свянцоныя былі́. Багданава, Каралі.
Поделитесь с Вашими друзьями: |