АТШУЛІВА́ЦЬ незак. Абшаляваць. Труху [старую хату] атшулівалі ды і сядзі́м. Багданава.
АТЫМА́ЦЬ незак. Адлучаць, адымаць цяля ад каровы. Атымаеш [цяля] і поіш яго. Багданава.
АТЫСЦІ́ зак. Адысці, перастаць адчуваць недамаганне. Паліжала трошку і атышла маладзі́ца. Багданава, Гарадзец, Каралевічы.
АЎДАКЕ́Я, ЕЎДАКЕ́Я ж. Аўдакея; прысвятак у народным календары. Чатырнаццатага марта – Аўдакеі, свята. Гарадзец, Запруддзе. Еўдакея – вясноўскіе празнікі. Партызаны.
АЎСЯ́НІК м. Блін з аўсянай мукі. Аўсянікі ўкусныя цёплыя, а як закалянеюць – крохкія. Багданава.
АЎСЯ́НКА ж. 1. Аўсянка, крупы з аўса. Крупа з аўса – аўсянка. Багданава, Мянюцева. 2. Аўсянка, каша з аўса. Аўсянку вараць. Багданава. 3. Сорт грушы. Аўсянкі – грушы, яны растуць, як дзі́чкі, круглінькія. Пожанькі.
АЎСЯ́ННЕ, УСЯ́ННЕ н. Аўсянішча; поле пасля ўборкі аўса. Па аўсянню картошка лепша. Галашчакіна. Каровы нъ ўсянні ходзюць. Жохава.
АЎСЯ́НЫ прым. Аўсяны. Аўсяная салома – сама лучшая для ската. Жохава, Гарадзец, Каралі, Міцюкова, Серкуці.
АЎТО́БУС, АНТО́БАС м. Аўтобус. Баравікі. Антобасы пашлі́ хадзі́ць. Запруддзе, Неўгадава.
АЎТО́БУСНІК м. Кіроўца аўтобуса. То аўтобусніка німа, то аўтобус спорчаны – ня едзіць аўтобус. Баравікі.
АЎТО́РАК м. Аўторак. Каралі.
АЎЦА́ ж. Авечка. Пасвіў пастух авец. Міцюкова, Неўгадава.
□ Маладзец срадзі авец, а срадзі малайца – і сам аўца. Каралевічы.
АЎЧА́Р м. Аўчар, авечы пастух. Быў аўчар, як што, дык вып’е. Міцюкова.
АЎЧА́РНІК м. Аўчарня. А дзе авечкі – аўчарнікі, гэта аддзельна для вечак. Заазер’е. Аўчарнік для авец. Нямойта.
АЎЧЫ́НА ж. Аўчына. Кажух з аўчыны быў. Гарадзец, Буй, Жохава.
АЎЧЫ́НКА ж. Тое ж. Аўчынкі чарняць краскуй. Неўгадава, Алексінічы, Буй, Гарадзец.
АЎЧЫ́ННІК м. Аўчыннік, гарбар. Аўчыннік аўчыны вырыбатваў. Сукрэмна, Парэчча.
АФА́РМЛІВАЦЬ незак. Афармляць. Я пашоў дакументы афармлівъць. Багданава, Запруддзе.
АХ выкл. Ах. Ах, бесінька мой! Карпавічы.
АХА́ПАК, ХА́ПАК м. Ахапак, абярэмак. Ахапак сена занёс і даў карове. Багданава. Нъ Къляды гадаюць: дровы ў хату нясуць ахапък, шчытаюць. Гарадзец, Каралевічы, Нямойта, Серкуці. Нарвала хапък свінтыянкі. Заазер’е.
АХА́ПКАМ прысл. 1. Похапкам. Ахапкам схопіць хлеп. Партызаны. 2. У вялікай колькасці. Тая бульба больша, і цвяты ахапкам. Вялікі Азярэцк.
АХАЛАДЖА́ЦЬ незак. Ахалоджваць. Мълако ахълъджалі летъм. Нямойта.
АХВАТНЕ́Й прысл. Ахвотней. Усё ахватней рабі́ць. Фасаўшчына.
АХВО́ТА ж. Ахвота. Дужа ахвоту на ўсё імела. Нямойта, Багданава. Са хвоты з’еў бы і валуй. Дольдзева.
АХВЯ́РА ж. Ахвяра. Ён ахвяра яе – тэй бабы, што яго аблапошыла. Сянно, Нямойта.
АХВІРАВА́ННЕ н. Ахвяраванне. Ахвіраванне – ахвяруеш нешта, нада ў цэркву несці. Міцюкова, Каралевічы.
АХІ́РА выкл. Засцерагальны выгук, якім адганялі нячыстую сілу, выганялі немач з чалавека (?). Ахі́ра ў поля, ахі́ра ў лес! – і сцібалі чъловека, каб здаровы быў. Савічы.
АХЛАДЗІ́ЦЦА зак. Астынуць. Ахладзі́цца солад еты. Дольдзева.
АХЛО́ПАК м. Невялікая колькасць чаго-н. Астаўся маленькі ахлопак, нада дапрасці, каб на празнікі не аставаўся. Багданава.
АХЛЯ́ПШЫ прым. Перахлябісты; з упалымі бакамі (пра карову). Карова тошчая, ідзе с поля – ахляпшыя бакі́, не пад’еўшая. Рассвет. Ахляпшыя бакі́ ў каровы. Фасаўшчына.
А́ХНУЦЬ зак. эмац.-ацэн. Выпіць. А́хнула віна – сі́льнае даўленне пъднялося. Жохава.
АХО́ТА ж. Паляванне. Бывала, пан прыхадзі́ў к майму бацьку, зваў на хоту хадзі́ць. Заазер’е, Сянно, Дуброўкі.
АХО́ТА, ВАХО́ТА ж. ◊ ПРЫЙСЦІ́ Ў АХО́ТУ (У ВАХО́ТУ). Бегаць; знаходзіцца ў стане цечкі (пра карову). Карова прыйшла ў ахоту, нада спускаць быка. Карова прыйшла ў вахоту. Нямойта, Парэчча. ◊ У ВАХО́ЦЕ. Тое ж. Карова ў вахоце – трэбуець букоў. Гарадзец.
АХО́ТНА прысл. З ахвотай. Ахотна шлі це людзі, у каторых мала было зямлі́ [у калгас]. Нямойта.
АХО́ТНІСКІ прым. Паляўнічы. Было ружжо ахотніскае, ён і стрэліў. Багданава.
АХО́ХМЫ мн. Здаровыя мужчыны. Нашлі́ся ахохмы, возьмуць за рукі, за ногі і швырнуць мальца. Нямойта.
АХУ́ТАЦЬ зак. Ахутаць. Ахутала смугой. Фасаўшчына.
АЦЕ́СЛІВА прысл. перан. Гразка. Многа мъкраты было, ацесліва. Каралевічы.
АЦЕ́СЛІВЫ прым. Ацеслівы. Ацеслівы хлеп прысеў к скарынцы. Ацеслівы хлеп – недаквашаны. Міцюкова. А калі́ й ні ўдаваўся хлеб, ацеслівы, то ні пячэцца, то ўспыхніць, то гарыць. Серкуці, Багданава, Гарадзец, Каралевічы, Сукрэмна, Фасаўшчына, Дуброўкі, Неўгадава.
АЦЁК м. Ацёк, пухліна. Ацёкі ў мяне нъ наъгах. Нямойта.
АЦЁЧКА ж. Тое ж. Ацёчка ў свінні́ была – здохла. Багданава.
АЦІ́СНУЦЬ зак. Заглушыць. Цімафеяўку аці́снула трава – макрыца. Савінічы.
АЦІ́ХНУЦЬ зак. Аціхнуць. Дней пяць шукалі къня, як аці́хла, ён павёў крадзінъга къня. Самсоны, Міцюкова.
АЦІША́ЦЦА зак. Ацішыць, спыніцца. Дам папі́ць малі́нніку зъпаранага – кашъль аці́шыцца. Запруддзе.
АЦЦВЯЦІ́ЦЬ зак. Абясколерыць (?). Ішла бульба зялёная, харошая, прайшоў дошч, аццвяці́ў усю бульбу, уся збялела. Запруддзе.
АЦЯЛІ́ЦЦА зак. Ацяліцца. Ацялі́лася і цялёнка не прымаіць. Жохава.
АЦЯПЛІ́ЦЬ зак. Уцяпліць. Каля дому нада здзелъць зъваліну, ацяплі́ць на зі́му хату. Вялікі Азярэцк.
АЧАРНІ́ЦЬ зак. Ачарніць, пафарбаваць у чорны колер. Вытку палатна, ачарню і пашыю сак. Буй, Цясішча.
АЧА́ХНУЦЬ зак. Ачахнуць. Кіпяток ачахніць. Фасаўшчына.
АЧКІ́ толькі мн. Акуляры. Ачкоў табе ні нада. Багданава, Міцюкова.
АЧМУ́РА ж. Атрута. Нейкай ачмуры дала, і ён памёр. Запруддзе.
АЧУНЕ́ЦЬ зак. Ачуняць, паздаравець. Дзякуй богу, ачунела троху. Багданава, Каралевічы, Фасаўшчына.
АЧУРА́ЦЦА зак. Адцурацца, адмовіцца. Ачурайся ат хаты, а дом куды? Івоні. Ачуралісі ад гарэлкі, не гонюць. Запруддзе.
АЧУ́РЫЦЦА зак. 1. Ачуняць, паздаравець. Ачурылася, троха адыйшла. Нямойта, Вялікі Азярэцк. 2. Ачомацца, ачухацца. Паліжаў, паліжаў, ачурыўся: нада іці́. Вялікі Азярэцк.
АЧУ́ХАЦЦА зак. Ачомацца, ачухацца. Ачухалася, аддыхнула – сыну пісьмо напісала. Партызаны.
АЧУЧУ́РЫЦЦА зак. Тое ж. Сядзеў ш час, пакуль ачучурыўся. Серкуці.
АЧХНУ́ЦЦА зак. Адумацца. Ачхнуцца, як ні зародзіць. Закур’е.
АЧЫ́СЦІЦЬ зак. Ачысціць. Мой сърай ачысцілі ат навоза. Фасаўшчына.
АЧЫ́ШЧАНЫ дзеепрым. Ачышчаны. Спірт быў ачышчаны. Міцюкова.
АЧЭ́П м. Жалезная пятля ў дзвярах. На ачэп замок адзела. Запруддзе.
АШАКІ́ мн. Высеўкі; адходы пры веянні. Палашачкі былі, трасець на калена, ашакі́ выскакваюць. Манголія.
АШАЛАПУ́ЦІЦЬ зак. Падмануць. Яго ашалапуцілі – ён сашоўся з ёй зноў. Розмыслава, Баравікі.
АШАЛЕ́ЦЬ зак. Ашалець. Галя, ты што ашалела, што ты робіш? Запруддзе, Буй, Партызаны.
АШАРА́ШЧЫЦЬ зак. экспр. Моцна ўдарыць. Бізуном разы чатыры старасту ашарашчыў. Баравікі.
АШКЫ́Р выкл. Выгук, якім падганяюць ці адганяюць авечак. Ашкыр дамой, авечкі! Алексінічы. Ашкыр у поля! Фасаўшчына, Жохава.
АШЛАПНЫ́, ШЛАПНЫ́ прым. 1. ○ АШЛАПНО́Е БЯРНО́ (ШЛАПНО́Е БРАЎНО́). Апошняе бервяно ў пабудове. Паследнія бёрны – ашлапныя бёрны. Міцюкова, Гарадзец, Нямойта. 2. Бервяно пад вокнамі. Шлапноя браўно пад вокнамі. Багданава.
АШПА́РАНЫ дзеепрым. ◊ ЯК АШПА́РАНЫ. Вельмі рэзка, імкліва. Падскакуеш ты як ашпараны. Вялікі Азярэцк.
АШПА́РЫЦЦА зак. Апарыцца. Ашпарацца вадой яшчэ чаго добрага. Нямойта.
АШЧАПІ́ЦЦА зак. Абшчапіць, абняць. Ашчапі́лася за карову, а яны [немцы] пабі́лі, руку рассеклі. Мянюцева, Гарадзец.
АШЧУ́ПАЦЬ зак. перан. Знайсці, выявіць. Паедуць, ашчупаюць такое места і купляюць самагонку. Запруддзе.
АШЧЭ́ПКАМ прысл. Моцна абдымаючы. Як мяне сталі паліцаі забіраць, дзеці за мяне ашчэпкам. Нямойта.
АШЫБІ́ЦЦА зак. Памыліцца. Мінёръм рас ашыбнесся. Багданава. Нъ грібу ні ашыбуся. Пожанькі, Сянно.
АШЭ́ІНА ж. Невялікі луг. Ашэіны такі́я, лушкі́ нібальшыя, вузкія. Баравікі.
АЮ́С выкл. Выгук, якім падганяюць свінней. Аюс – еслі гоніць парсюка. Фасаўшчына. Аюс – на свінней. Жохава.
Б
Б, БА часц. Бы, б. Во, можа б Сашка памох пілі́ць? Гарадок. Е́слі горът блі́жы быў, то сбыў ба яблыкі. Алексінічы. Ён і ня спаў ба, у карты гуляў ба. Ульянавічы.
БА́БА ж. 1. Жанчына. Тады баб многа было, неяк з вайны мушчын мала было. Багданава. На бабі свет стаі́ць. Канева, Кішуроўшчына, Закур’е. 2. Бабка, павітуха. Баба пуп атразала – баба законная яго будзіць. Партызаны. ◊ ЯК СТАРА́Я БА́БА. Пра бязвольнага мужчыну. Распусці́ўся як стърая баба! Багданава. ◊ БА́БУ КРУЦІ́ЦЬ. Спосаб падлёднага лову рыбы. Багданава.
□ Што балота, то съка, а што баба, то сука. Запруддзе.
БА́БАЧКА ж. Абабак. Грыбы такі́е я сабраў: лісянкі, сураежкі, бабачка дзе-нідзе пръкідаіцца. Бабачкі – грыпкі́ ў нас завуць. Партызаны. Бабачкі па лесу растуць. Каралі, Багданава, Нямойта.
БА́БАЧКА ж. Кутні зуб. Кутнікі заднія – бабачкі. Нямойта.
БА́БАЧКА ж. Бабка; снапы, састаўленыя ў кучку для прасушкі і накрытыя двума распасцёртымі снапамі. У бабачкі стаўлялі снапочкі лёну. Багданава, Розмыслава. Лён у бабачках сохніць. Закур’е.
БА́БАЧКАЙ прысл. ◊ ЗАВЯ́ЗВАЦЬ БА́БАЧКАЙ. Спосаб завязвання хусткі. Бабъчкъй зъвязвалі хустку, нъзат, пъд бъраду. Баравікі.
БАБЁР м. Бабёр. Бабёр, кудлаты, бальшы, дужа пішчэў. Багаданава.
БАБІ́НА ж. зб. Боб. Я і бабі́ну саджу у гародзе. Запруддзе.
БА́БІЦЬ незак. Бабіць, прымаць роды. Гета жанчына маі́х дзяцей бабіла. Нямойта. Я сама бабіла мальчонка тут. Вялікі Азярэцк, Запруддзе, Ракаў Засценак, Фасаўшчына. Чэмер-чэмярыца, / Цібе маць ні радзі́ла, / Матуся ні крысці́ла, / Бабка ні бабіла (з замовы). Багданава.
БА́БКА ж. Бабка; павітуха. Бабка купала, спавівала, на захат сонца ваду лі́ла, пуп атразала. Багданава. К бабцы, каторая гэтых павівала, пъшла я. Галашчакіна, Баравікі.
БА́БКА, БА́ПКА ж. Бабка; сталёвае кавадлачка для кляпання кос. Бабку уваб’еш, касу паложыш і клепіш. Багданава. Кляпаць касу нада на бабцы. Сукрэмна, Гарадзец, Запруддзе, Леснікова, Міцюкова, Фасаўшчына. Бапка завецца такая круглінькая, на ёй касу клеплюць малатком малінькім. Ракаў Засценак.
БА́БКА, БА́ПКА ж. 1. Бабка; страва, прыгатаваная з дранай бульбы. Варуць у нас і бабку з дзёртай бульбы. Гарадок. Бабку дзёртую заправіш салам, у чугунок на под пъставіш. Міцюкова, Леснікі, Леснікова, Серкуці. 2. Від пірага. Спячэш бапку: дражджэй туды, бялкі́, муку, сахару, маргарыну – а тады месіцца. Манголія. Здобнъя цеста луччы – такея пірагі́ бапкі звалі. Серкуці.
БАБО́ВІШЧА н. Бабовішча; поле пасля ўборкі бобу. Боп сажнеш у снапы, а бабовішча узарэш. Розмыслава. Па бабовішчу сеялі. Неўгадава.
БАБО́ВЫ прым. Бабовы. Бабовыя бліны былі́: яны смашныя, белінькія. Каралевічы.
БАБО́ЎНІК м. Бабоўнік (расліна). Бабоўнік, як боб, белым ръзаватым цветам цвіці́ць. Каралі. Бабоўнік быў – свіней кармі́ць, салоткі, укусны, расцець на балотах с вадой. Багданава, Гарадзец, Леснікова, Закур’е.
БАБРЫ́ХА ж. Бабрыха. Бабрыха плаваіць па возеры. Багданава.
БА́БСКІ прым. Жаночы. Бабскъя дрэннъя жысь, хоць жывая у гроб лажысь. Каралевічы.
БАБУ́ЛЯ ж. 1. Бабуля; маці бацькі або маці. Бабуля, мъя галупка! Міцюкова. Бабуля, кап дзядуля быў жывы, была п і карова. Багданава, Мянюцева. БАБУ́ЛЬКА памянш. Во, бабулька, я да вас прыехала. Партызаны. 2. Бабка, павітуха. Рас прымала роды – бабуля. Міцюкова.
БАБУ́Х выкл. Бабухнуцца, упасці. Дым пайшоў с трубы – я і гатова, нъга зъмярцвела, я – бабух без памяці. Нямойта.
БА́БУШКА ж. Бабка, павітуха. Хрэсьбіны спраўляюць, бабушак у начоўках возяць. Міцюкова. Бабушка прынімала роды. Заазер’е.
БАБЫ́ЛЬ м. 1. Бабыль; чалавек, які не мае ніякай гаспадаркі. Жывець бабылём: у яго нічога німа – ні каровы, ні курэй. Манголія. 2. Селянін, які не мае каня. Калі́ хъзяін ня імеіць къня, гэта ужо бабыль. Ульянавічы. 3. Чалавек, які мае невялікую гаспадарку. Асталісь бабылямі: нічога не імеем, толькі кот, сабака, куры. Ульянавічы, Багданава.
БАБЫ́ЛЬСТВА н. Жабрацтва. Прыюту ні было, кап я луччы пашла ў бабыльства. Багданава.
БАВЭ́ЛНА ж. зб. Баваўняныя ніткі. Бавэлна – ні́ткі такі́я былі́. Фасаўшчына.
БАГАМАЛЕ́ННЫ прым. Набожны. Там і січас багамаленныя жывуць. Каралевічы.
БАГА́ТА прысл. 1. Шмат, многа. Лесу было бъгата. Гарадзец. 2. Багата, заможна. Цяпер людзі жывуць багата, з грашмі́. Багданава. Жылі́ бедна, а было весела; а ціпер жывём бъгата, ды скушна. Кавалі. ◊ БАГА́ТА Ў ХА́ТУ! Пажаданне багацця. Гарадок.
БАГА́ТЫ прым. 1. Багаты, заможны. Багаты жані́х быў, і бацькі́ былі́ проці, каб браў бедную. Заазер’е. Бедны паследнім падзеліцца, а багаты ні дась і прагоніць. Багданава. 2. Багаты, ураджайны. У Замъчку лясы ня дужа багаты нъ грыбы. Партызаны, Жохава, Запруддзе, Леснікова, Нямойта, Пожанькі, Серкуці.
БАГАТЫ́Р м. Багатыр, багач. Толькі бъгътыры сеілі муку на сі́та. Заазер’е. У каго валока была, зваўся багатыр. Нямойта, Самсоны.
БАГАТЫ́РСКІ прым. Які належыць багатаму чалавеку. Кожаныя лапці – гэта ужо бъгатырскія. Баравікі.
БАГА́ЦТВА, БАГА́СТВА н. Багацце, маёмасць. Дождж на багацтва ідзець, як свадзьба (прыкмета). Партызаны. Кубіл старадаўні быў, усе багаства ў ім. Марозаўка.
БАГА́ЦЦЕ н. Тое ж. Багацце такое – як будзем мы здаровы, так і багацце будзіць. Цясішча. А ў таго пана ніякага багацця ні было. Самсоны, Запруддзе, Леснікова.
БАГА́Ч м. Багач; старадаўняе земляробчае свята, якое спраўлялі пасля заканчэння жніва. □ Прыйшоў Багач – бяры рагач, бяры сейку – сей памаленьку. Жохава.
БАГА́Ш м. Багаж; запакаваныя для перавозкі рэчы. Я прыяжджаю, а багаш услед за мной прыйшоў. Заазер’е.
БА́ГНА ж. Багна; топкае месца. Ускочыла ў ваду, а там багна. Закур’е. На балоце багна была. Вялікі Азярэцк.
БАГО́Р м. Бугор, узгорак. Нъ багрэ становюць стох. Леснікова, Багданава.
БАГО́Р м. Багор; доўгі шэст з металічным вастрыём і крукам на канцы. Мушчыны прыбеглі з бъграмі, ръзълъмалі, ръзървалі павеці. Міцюкова.
БАГО́ЎКА ж. ○ КАРО́ЎКА-БАГО́ЎКА ж. Божая кароўка. Кароўка-багоўка, ці будзе заўтра паготка? Калі́ будзіць – ляці́, а не будзіць – за печкай сядзі́. Багданава. Кароўка-багоўка, як пагода – ляці́, а як дошч – сядзі́ (прыгаворка). Вялікі Азярэцк. Кароўка-багоўка, ляці́ на неба, там твае дзеткі, ідзяць канхветкі: «Усем па адной, а табе ні адной» (прыгаворка). Сукрэмна.
БАГУ́ЛЬНІК м. Багун. Увосень карні́ капаюць багульніку. Партызаны.
БАГУ́Н, БАГА́Н м. Тое ж. Багун ат прастуды, чай заварывала. Рвоты былі́ ад дурні́ц ці ад багану, дык ў каноплі клалісі. Багданава. Баган расцець, і там дурні́цы. Кляпчэва. Баган па балотах расце, смярдзючы дужа. Каралі. Баган у лясу вані́ць: нанюхаешся, то, як п’яны. Каралевічы, Вялікі Азярэцк, Багданава, Запруддзе, Каралі, Нямойта, Партызаны.
БАДА́Й часц. Бадай, няхай. А бадай яго, забылася, як зваць! Багданава. А бъдай ты, хай ба памылі́ўся! Алексінічы, Турава.
БАДА́ЦЦА незак. Бадацца. Казёл бадаецца. Цясішча. Во халера, бъдаіцца! Запруддзе.
БАДЗЯ́ЦЦА незак. Бадзяцца, валачыцца. Бадзяіцца, ходзіць біс толку. Савінічы.
БАЖЫ́ЦЦА незак. Бажыцца, клясціся. Бажылісі, Богам клялі́сі. Нямойта.
БАЗА́Р м. Базар, кірмаш. Бацька запрох къня і паехуў нъ бъзар. Гарадок. Базар пачынаецца у чатыры часы. Багданава. БАЗА́РЧЫК памянш. На базарчыку дарагі́я агурцы. Манголія. ◊ ПО́ЛАЦКІ БАЗА́Р. Беспарадак, вэрхал. Як застаўлю стол пасудай – полацкі базар настаяшчы. Вялікі Азярэцк.
БАЗА́РНІК м. Зборшчык платы за гандлёвае месца на базары. Бъзарнік вясы даець. Сянно.
БА́ЙДАЛА агульн. эмац.-ацэн. Неахайны чалавек (жанчына). Ой, байдала пашла, непрыгожая. Савінічы.
БА́ЙНЯ, БА́НЯ ж. Лазня. Байню здзелуў, што мыцца. Неўгадава. У баню хаджу чэраз нядзелю. Партызаны. Ён баню тапі́ў разы тры на нядзелі. Багданава, Запруддзе, Нямойта, Закур’е. БА́НЬКА памянш. Ёсь і банька, а тапі́ць цяпер ні таплю. Латыгаль. Баньку паставіла і сама ашчакатурыла. Багданава, Буй, Закур’е.
БАКАВЫ́ прым. Бакавы. У пчалы пяць вачэй: цантральныя і бакавыя. Міцюкова.
БАКЦЕ́РЫЯ ж. Бактэрыя. Хто балеіць біркулёзам, настаівыюць мухаморы, п’юць – бакцерыі гі́бнуць. Рассвет.
БАЛАБО́Н м. Балаболка, бразготка, званок. Балабон карові на шыю падвешваюць. Баравікі.
БАЛАГО́ЛІЦЬ незак. Балабоніць, балбатаць. Як ён балаголіць, балбатун называлі. Марозаўка.
БАЛАГО́ЛКА ж. Балаболка, балбатуха. Яна прыйдзіць, натарарахаіць – балаголка. Заазер’е.
БАЛАЗНЯ́ ж. зб. Найгоршае сена. Пад стог клалі сама хужжъя сена, усякыю бълазню. Леснікова.
БАЛАКНО́Т м. Блакнот. Балакнот увесь спі́шуць. Манголія.
БАЛАМУ́ЦІЦЬ незак. Баламуціць; выклікаць неспакой сярод каго-н., выклікаць разлад, неразбярыху. Баламуціць усё бъламут еты. Чуцькі.
БАЛАНДА́ ж. Баланда; рэдкая поліўка. Што ты наварыў баланды? Жохава.
БАЛАЎНЫ́ прым. Балаўны, распешчаны. Ні бълаўны маліц, усё наглідала. Партызаны.
БА́ЛАЎСТВА, БА́ЛАСТВА н. Разбэшчанасць, празмерная свабода. Далі балаўства, цяпер дванаццаць дзяцей – рэдкасць. Карпавічы. Баластва цяпер у маладых! Цясішча.
БАЛАЦІ́НА, БАЛО́ЦІНА ж. Балота, лагчына. Патапенскі мох – балаці́на такая. Гарадзец. Дзе балоціны, то лі́пы во такі́я. Леснікова. БАЛАЦІ́НКА памянш. Бълаці́нка тъкая ё на полі. Гарадзец.
БА́ЛАЦЦА незак. Балавацца, сваволіць. Шалун ён, во які́ разбалаваны шалун, так балаіцца! Міцюкова. Дзеці, ні балуйцеся! Буй, Самсоны, Сянно.
БАЛАЦЯВІ́НА, БАЛАТАВІ́НА ж. Балота, лагчына. Там балацяві́на адна, што трэба разувацца. Закур’е. Балатаві́ны такі́я, што коні ідуць і трасуцца. Гарадзец. БАЛАЦЯВІ́НКА памянш. Там крыні́ца была, пясок і балацяві́нка. Каралі.
БАЛАЦЯ́СТЫ прым. Балоцісты. Скрыпачы каля бълъцястых мест растуць. Сянно.
БАЛБАТА́ЦЬ незак. Балбатаць, клекатаць (пра цецерукоў). У бару цецярук балбочыць. Мянюцева. А ў бару ціцярок балбочыць, / Ён з бору вылятаць ня хочыць (з песні). Багданава.
БАЛБАТУ́Н м. Кулік. Балбатуны на балоце балбочуць вясной. Вялікі Азярэцк.
БАЛБАТУ́Н м. Балбатун, балбатлівы чалавек. Як ён балбочыць, балбатун называлі. Марозаўка.
БАЛВА́Н м. Курган. Балваны там, кажуць французы пъхъваны. Вялікі Азярэцк.
БАЛВА́Н м. Балван, дурань. Балван – дурны чалавек. Запруддзе.
БАЛДАЎНЯ́ ж. эмац.-ацэн. Што-н. недарэчна вялікае. Каб табе нос з балдаўню здзелаўся! Запруддзе.
БАЛЕ́ЗНЯ, БАЛЕ́ЗЬ, БАЛЕ́СЬ ж. 1. Хвароба. Дзівасі́л ат дзвінаццыці балезняў. Кішуроўшчына. Балесь якая – трудна вылячыць. Вялікі Азярэцк. 2. Эпілепсія. Дзеўку балезь б’ець. Чуцькі.
БАЛЕ́ЦЬ незак. 1. Хварэць. Жывець плоха, балеіць, нібарака, нагамі балеіць. Савінічы. Пасці́ не балеў, толькі жаліўся сэрцам. Багданава, Ракаў Засценак. 2. Балець. Рукі і ногі баляць – усё балі́ць. Ракаў Засценак, Багданава, Каралевічы, Леснікова. 3. перан. Перажываць, хвалявацца. Я так балела за етым, каб чыста жалі. Сукрэмна.
Поделитесь с Вашими друзьями: |