Ці так “уж невтерпеж” гадаць, чаму роўны лік  у тэстах па матэматыцы?



Дата канвертавання14.07.2016
Памер83.05 Kb.


Ці так “уж невтерпеж” гадаць, чаму роўны лік  у тэстах па матэматыцы?

(паводле шматлікіх дыскусій у СМІ і на форумах)


Даць адназначную ацэнку, удалымі ці не зусім былі вынікі ўступных іспытаў у бягучым годзе, немагчыма. Гэта залежыць ад таго, наколькі тая ці іншая частка насельніцтва задаволіла свае асабістыя ці грамадскія патрэбы.

На самай справе, не могуць быць у аднолькавай ступені задаволены вынікамі ўступных іспытаў настаўнік школы і, як цяпер кажуць, менеджар сістэмы адукацыі, бацька абітурыента і работадаўца будучага выпускніка ўніверсітэта.

У адных бацькоў дзеці крыху не дацягнулі да прахаднога бала на запланаваны факультэт універсітэта, у другіх – наогул “завалілі” іспыты. Школьны настаўнік шукае прычыны пасрэдных (альбо і зусім дрэнных) ведаў у сваіх былых навучэнцах. І ўсе разам, і кожны паасобку бачыць прычыны няўдач ці ў школе (дрэнна вучылі), ці ў рэпетытару (не адпрацаваў атрыманыя грошы), ці ў сістэме экзаменаў (цяжкія заданні, не лепшая форма іспытаў, незразумелая сістэма шкаліравання і г.д).

Рэгулярна ў сродках масавай інфармацыі мы сустракаем розныя ацэнкі ўступнай кампаніі. Прыемна, што там шмат станоўчых вывадаў і карысных парад. Усё ж трэба адзначыць, што не заўсёды асобныя меркаванні маюць навуковае абгрунтаванне і пераканаўчыя доказы. У некаторых дыскусантаў па акрэсленай тэме назіраецца блытаніна з такімі паняццямі, як прычыны і следства.

І гэта пры тым, што мы кожны год даём магчымасць зацікаўленым пазнаёміцца як са статыстычнай, так і аналітычнай інфармацыяй па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, выдаём зборнікі тэставых заданняў, друкуем аналіз характэрных памылак, дапушчаных абітурыентамі падчас тэсціравання.

Паспрабуем прааналізаваць выказванні асобных аўтараў і вызначыць, наколькі яны адпавядаюць рэчаіснасці.

Так, выкладчык фізікі аднаго з каледжаў сталіцы карэспандэнту з рэспубліканскай газеты распавядае, што “раньше способы проверки знаний были другими, по предметам устраивались устные экзамены…, в беседе с преподавателем человека можно было раскрыть, ЦТ этого не предполагает… и это привело к тому, что теперь у абитуриентов нет потребности к знаниям… поступив на физфак, можно хорошо решать задачи, но это совсем не значит, что большинство из них действительно понимают, что они при этом делают”.

На жаль, часам такой думкі прытрымліваюцца і калегі з іншых устаноў адукацыі. Мы ўжо неаднойчы пісалі, што як асобныя педагогі, так і бацькі выпускнікоў школ блытаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і выніковую атэстацыю і не бачаць паміж імі прынцыповай розніцы.

А наконт вывадаў нашага калегі пра быццам бы замену добра вядомых спосабаў праверкі ведаў вучняў на тэставыя формы кантролю заўважу, што наша школа і сёння выкарыстоўвае не толькі тэставыя, але і іншыя добра вядомыя ў сучаснай дыдактыцы педагагічныя тэхналогіі як у час навучання, так і пры праверцы ведаў.

Выпускныя экзамены за курс сярэдняй школы праходзяць, як і раней, у пісьмовай і вуснай формах, дзе ёсць магчымасць “раскрыть человека”. Ёсць ці няма патрэбы ў ведах, у значнай ступені залежыць ад матывацыі школьніка, на што ні ў якім разе не можа ўплываць форма ўступных іспытаў. Мэтавыя ўстаноўкі ляжаць у аснове матывацыі выпускніка школы, якія ён можа рэалізаваць праз навучанне ва ўніверсітэце, каледжы ці тэхнічным вучылішчы.

Не можа ж віной слабых ведаў курсанта аўташколы быць сам экзамен у ДАІ ў форме таго ж тэста, які будучы вадзіцель выконвае на камп’ютары, хаця ў далейшым яму прыйдзецца кіраваць аўтатранспартным сродкам, а не камп’ютарам.

Чаму ж у нашым выпадку мы вінавацім ЦТ за адсутнасць у сучаснага школьніка “потребности в знаниях”?

Шкада, што выкладчык каледжа гэтага не ведае.

Задача ж цэнтралізаванага тэсціравання – адбор абітурыентаў у адпаведнасці з узроўнем іх падрыхтоўкі. Гэта фактычна конкурс прэтэндэнтаў на вышэйшую адукацыю з прэтэнзіяй на пэўнае месца, пажадана больш высокае, у агульным іх спісе. Разам з тым, параўноўваючы вынікі выпускных экзаменаў школьнікаў, цэнтралізаванага тэсціравання абітурыентаў і экзаменацыйных сесій студэнтаў (па адпаведных групах), мы назіраем высокую іх карэляцыю.

Трэба прызнаць, што цэнтралізаванае тэсціраванне аказвае пэўны ўплыў на адукацыйны працэс у школе. Вынікі ЦТ выступаюць дадатковым сродкам ацэнкі працы педагагічных калектываў і складання рэйтынгавых спісаў устаноў адукацыі.

Безумоўна, уступныя экзамены, у якой бы форме яны ні праводзіліся, заўсёды будуць значнай падзеяй у жыцці маладога чалавека і яго бацькоў. Звычайна настаўнікі і бацькі выпускнікоў устаноў адукацыі праводзяць аналогіі паміж нашым ЦТ і АДЭ ў Расіі, дзе дзяржаўны выпускны экзамен за курс сярэдняй школы ў адрозненне ад нас з’яўляецца адначасова ўступным у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сістэма шкаліравання па выніках іспытаў у нашых суседзяў адрозніваецца ад той, якую мы выкарыстоўваем пры цэнтралізаваным тэсціраванні. Па выніках АДЭ атрыманы так званы “першасны бал” памнажаецца на пэўны каэфіцыент (кожны год розны). Атрыманы лік і ёсць тэставы бал, які заносіцца ў сертыфікат удзельніка іспытаў.

Трэба адзначыць, што гэтая сістэма, на наш погляд, больш складаная і менш дакладная.

А вось апошні тэзіс інтэрв’юера крыху здзіўляе. Ці магчыма такое, каб абітурыент ці ўжо студэнт добра рашаў задачы па фізіцы, аднак не мог растлумачыць сэнс фізічнай з’явы? Асабістая педагагічная практыка не дазваляе пагадзіцца з пазіцыяй калегі.

Давайце ўявім такую сітуацыю, калі па вядомай формуле (закон Ома для аднароднага ўчастка ланцуга) студэнт правільна робіць разлікі, аднак не можа патлумачыць, у якой залежнасці паміж сабой знаходзяцца сіла току і напружанне ці як супраціўленне правадніка ўплывае на змяненне сілы току. Альбо ў задачах па оптыцы – навучэнец не можа раскрыць прычыны блізарукасці, прытым што графічна добра вызначае фокусную адлегласць у выпуклай лінзе.

Наконт гэтай заўвагі мне падабаецца выказванне аднаго з нашых экспертаў: “Уменне рашаць задачы – гэта ёсць разуменне фізікі”. Дарэчы, нашы эксперты – гэта тыя ж настаўнікі школы і выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі.

Час ад часу асобныя ўдзельнікі розных інтэрнэт-форумаў у сацыяльных сетках мімаходам канстатуюць: “Вось у час тэсціравання без разваг між іншым паставіў меткі ў бланк адказаў і атрымаў здавальняючы рэзультат”. На мове абывацеля – угадаў.

Ці на самай справе гэта магчыма?

Перш за ўсё адзначу, што выраз “угадаць” не зусім да месца, калі мы маем на ўвазе адказы абітурыента на пытанні тэставых заданняў падчас запаўнення бланкаў. Угадаць можна, які нумар аўтобуса на гарадскім маршруце першы пад’едзе да прыпынку, ці колькі пешаходаў зможа перайсці вуліцу на зялёнае святло святлафора, альбо якую кашулю апране калега на працу ў першы дзень пасля адпачынку і г.д.

Пры хаатычным запаўненні бланка адказаў магчымасць атрымаць тэставы бал, які б гарантаваў абітурыенту залічэнне ва ўніверсітэт, вельмі мізэрная. Адпаведныя разлікі і штогодні аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання паказвае, што нават слаба падрыхтаваныя абітурыенты спрабуюць выконваць заданні, а не выбіраць мудрагелістыя схемы запаўнення бланкаў.

Каб быць больш пераканаўчым, звярнуся да калег – спецыялістаў у гэтай галіне (чытач заўжды больш давярае пабочным асобам, чым зацікаўленаму аўтару). Дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры БДУ Саніковіч І.М. пры аналізе заданняў у тэставай форме ў часопісе “Русский язык и литература” (Использование заданий в тестовой форме на уроках русского языка. 2013.-№ 8.-с. 3) піша: “Возможность угадывания… сильно преувеличена…, правильный ответ может быть угадан при любой форме проверки знаний…”.

Далей дапоўню. Напрыклад, пры вызначэнні правапісу слова “невтерпеж” абітурыент на падсвядомым узроўні правільна выконвае заданне, бо неаднойчы ў час навучання сустракаўся з выразам “уж, замуж, невтерпеж – гэта выключэнне і Ь не пішацца”. Ці ў выпадку з правапісам часціцы НЕ з дзеясловам. Нават вучань з пасрэднымі ведамі памятае выраз “не с глаголом пишется раздельно. Пагэтаму абітурыент несвядома выбярэ адказ з раздзельным напісаннем часціцы і дзеяслова.

Не менш яскравыя прыклады можна прывесці і па матэматыцы. Адносіна даўжыні акружнасці да даўжыні яе дыяметра прыблізна роўная: 1) 2,72; 2) 4,12 3) 3,14; 4) 3,68 5) 2,14. Які з указаных варыянтаў адказу з’яўляецца правільным? Аналізуючы варыянты адказаў, абітурыент звяртае ўвагу на лік 3,14. Не выконваючы вылічэнні, выбірае дыстрактар пад нумарам 3, бо, як вядома з курса матэматыкі 6 класа, адносіна даўжыні акружнасці да яе дыяметра ёсць пастаянная велічыня  і прыблізна роўная 3,14. Ці можна сцвярджаць, што абітурыент “угадаў” адказ? Безумоўна, не. З гэтай велічынёй знаёмы кожны школьнік.

Трэба адзначыць, што заданні з выбарам адказу з ліку некалькіх прапанаваных варыянтаў выкарыстоўваюцца ва ўсіх краінах, дзе экзамены праводзяцца ў тэставай форме. Многія краіны, каб максімальна аўтаматызаваць працэс апрацоўкі тэставых матэрыялаў, прапануюць на экзамены заданні толькі з выбарам варыянту адказаў.

Так, Лонданская школа эканомікі і палітычных навук на ўступных экзаменах па матэматыцы прапануе на працягу адной гадзіны выканаць 30 заданняў з множным выбарам. Ва ўніверсітэтах Германіі TestAS вызначае здольнасці замежных абітурыентаў да навучання і ўключае 150 заданняў з выбарам адказу з чатырох прапанаваных варыянтаў. Гэтыя прыклады заданняў аналагічныя фармату часткі А тэстаў, якія мы прапаноўваем на ЦТ. Пры гэтым заўважым, што ў нямецкіх тэстах у адрозненне ад беларускіх адсутнічаюць заданні адкрытага тыпу, дзе абітурыенту патрэбна самастойна сфармуляваць адказ і занесці яго ў бланк (аналаг часткі В у заданнях РІКВ).

У нашых калег ва Украіне пры знешнім незалежным ацэньванні (аналаг нашага ЦТ) усе тэсты камбінаваныя: па большасці прадметаў 90% заданняў на выбар варыянтаў адказаў (частка А) і толькі 10% – адкрытага тыпу (частка В).

Па рускай жа мове нашы ўкраінскія калегі зусім адказаліся ад часткі В, пры 50-ці заданнях часткі А. Як арганізатары тэсціравання ва Украіне, так і педагагічная грамаднасць, між іншым, не лічаць, што пры такой структуры тэста павялічваецца магчымасць выпадковых адказаў. Якасныя ж характарыстыкі нашых тэстаў больш відавочныя. Так, каэфіцыент сярэдняй дыферэнцыруючай здольнасці заданняў тэста па рускай мове ў нас – 51,16, ва Украіне – толькі 30,15. Каэфіцыент надзейнасці таксама ў нас вышэйшы – 0,93 і 0,88 адпаведна.

Навуковыя даследаванні нашых замежных калег і ўласная практыка прымянення гэтай формы экзаменаў сведчаць аб іх высокай дакладнасці і аб’ектыўнасці.

І некалькі слоў пра ролю тэстаў у нашым паўсядзённым жыцці. Кожны з нас штодзень выбірае пэўны варыянт паводзін. Іншы раз гэтых варыянтаў значна больш, чым падчас цэнтралізаванага тэсціравання ў тэставым заданні.

Пры выбары “правільнага” варыянта паводзін ніхто з нас не хапаецца за аркуш ,каб імгненна выконваць нейкія разлікі па вядомых формулах. Часцей за ўсё рашэнне прымаецца на падсвядомым узроўні, інтуітыўна. Між тым, аснова гэтага рашэння базіруецца на ўсведамленні пэўных тэарэтычных ведаў і ўласнай практыкі.

І яшчэ заўвага на выказванне аднаго з удзельнікаў інтэрнэт-форумаў пад нікам Lexa аб тым, што вось “без ЦТ обходятся в Европе…, а самым популярным сертификатом, подтверждающим знание языка в Германии, является DaF – аналог американского TOEFL и никаких результатов ЦТ!!!”

Можна было б не звяртать увагі на такую ацэнку з улікам таго, што ўдзельнікі падобных форумаў з аднолькавай “кампетэнтнасцю” абмяркоўваюць як праблемы бяспекі японскіх АЭС, так і формы ўступных іспытаў ва ўніверсітэты Беларусі. Аднак Lexa выступае як былы студэнт аднаго з універсітэтаў Германіі, які “находится недалеко от Франкфурта-на-Майне, где 15 факультетов разной направленности”. У такім выпадку, на мой погляд, магчыма, было б больш кампетэнтна параўнаць ЦТ і той жа TestDaF. Насамрэч аўтар, прызнаючы нямецкую форму атэстацыі абітурыентаў, пярэчыць самому сабе таму, што TestDaF і ЦТ – гэта розныя віды адной формы праверкі ведаў, дзе ў аснове пакладзены тэсты.

Чаму ж у такім разе TestDaF і TOEFL – гэта добра, а ЦТ – дрэнна?

У аснове структуры нашых тэстаў і тэстаў у іншых краінах ляжаць аднолькавыя прынцыпы пабудовы. Аднак гэта не значыць, што яны могуць быць універсальнымі для ўсіх краін. Як бы Lexa з павагай ні пісаў пра сертыфікаты TestDaF, на самай справе яны будуць “самыми популярными только в Германии”. Ні сертыфікаты TOEFL (ЗША), ні ЦТ (Беларусь), ні АДЭ (Расія) не будуць альтэрнатывай першым. Кожны выконвае свае функцыі для краіны, дзе яны распрацаваны ў адпаведнасці з канкрэтнымі задачамі.

Таму, на самай справе, можна пагадзіцца з Lexa “и никаких результатов ЦТ!!!” ва ўніверсітэтах Гераманіі. Тое ж актуальна для нас: “ніякіх сертыфікатаў TestDaF на ўступных экзаменах у нашых універсітэтах!”. Хоць бы і па прычыне таго, што TestDaF прызначаны для выяўлення “языковой, профессиональной и пропедевтической подготовки абитуриентов к обучению в Германии”.

Па гэтай жа прычыне нельга пагадзіцца і з тымі, хто заклікае да ўзаемнага прызнання сертыфікатаў ЦТ і АДЭ ў Беларусі і Расіі.

М.Фяськоў




: testing -> articles
articles -> Ці павінен настаўнік рыхтаваць сваіх вучняў да цт?
articles -> Традыцыі і навацыі Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі
articles -> Мікалай фяськоў: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі "
articles -> Усякі попыт заўсёды нараджае прапанаванне
articles -> Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?
articles -> Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
articles -> Хто ў шоку ад pisa?
articles -> Працаваць на тэстамі далей
articles -> Праграмнае забеспячэнне як сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка