Цяпер і зараз
Ну нельга адкладаць на потым нашае зараз і цяпер (Адам Глобус)
Слова цяпер адносіцца, ўсёй верагоднасці, да праславянскага перыяду і, паводле меркавання навукоўцаў, паходзіць ад двух словаў: тот і першы. Слова за́раз у нашай мове, хутчэй за ўсё, старое запазычанне з польскай, на што ўказвае яго распаўсюджанасць менавіта ў заходне-славянскім рэгіёне, а таксама націск. Унутраная форма слова таксама празрыстая: za raz. Дарэчы, маем і ўласнае народнае прыслоўе зара́з з іншым націскам у значэнні ‘адразу, за адзін раз’. Трэба зазначыць, што ў народнай мове гэтыя прыслоўі размяжоўваюцца наступным чынам: зараз прэвалюе ў заходніх гаворках, а цяпер – ва ўсходніх.
Такім чынам, абодва словы ўжываюцца ў нашай мове даўно і актыўна і фактычна выступаюць у ролі сінонімаў. Наяўнасць сінонімаў - з’ява, тыповая для любой мовы. Аднак вядома, што поўныя сінонімы доўга ў мове не існуюць, яны збыткоўныя, мове папросту непатрэбныя. Бо які сэнс называць той самы прадмет ці з’яву двума рознымі словамі?.. Каштоўнасць сінонімаў перадусім у тым, каб надаваць слову нейкія дадтковыя адценні. Гэта можа быць адрозненне ў сэнсе, стылістычнай афарбоўцы, ужыванні, спалучальнасці. Такім чынам, з’яўленне пэўнай семантычнай або стылістычнай дыферэнцыяцыі першапачаткова тоесных па значэнні і ўжыванні словаў – працэс натуральны. І чым багацейшыя шэрагі, якія аб’ядноўваюць сінонімы з рознымі адценнямі, тым, уласна кажучы, багацейшая і мова.
У беларскай прасторы дагэтуль перыядчна ўзнікаюць спрэчкі, ці поўныя сінонімы словы цяпер і зараз. Адны лічаць, што так, гэта абсалютныя сінонімы і яны могуць узаемазамяняцца ў любым кантэксце: зараз я пішу ліст і зараз я напішу ліст, цяпер я пішу і цяпер я напішу… Іншыя сцвярджаюць, што не, гэта няпоўныя сінонімы, бо яны маюць дыферэнцыяцыю па значэнні. Цяпер ужывецца толькі ў цяперашнім часе ў момант гутаркі. А вось зараз належыць прасторы будучага часу і павінна ўжывацца з дзеясловамі будучага часу: зараз я напішу ліст (але цяпер пішу ліст). Сярод беларусаў-нелінгвістаў існуе нават думка, што ў сувязі з блізкасцю беларускага прыслоўя цяпер да рускага теперь яго ўжыванне не вельмі пажаданае і яго варта замяняць прыслоўем зараз. Аднак яны забываюцца на тое, што прыслоўе цяпер, відавочна, больш старажытнае ў нашай мове і нават сёння частотна больш пашыранае. Параўнайце ўжыванне (статыстыка ўзятая з Беларускага N-корпуса):
Аўтар
|
Цяпер
|
Зараз
|
Якуб Колас
|
145
|
46
|
Кузьма Чорны
|
504
|
96
|
Іван Мележ
|
325
|
68
|
Максім Гарэцкі
|
364
|
68
|
Уладзімір Караткевіч
|
514
|
442
|
Васіль Быкаў
|
4410
|
681
|
Беларускія народныя казкі
|
43
|
13
|
Сапраўды, калі прааналізаваць большасць выпадкаў ужывання, дык у момант гутаркі ў цяперашнім часе прыслоўі цяпер і зараз найчасцей супадаюць: Цяпер я занятая і Зараз я занятая. Параўнайце, напрыклад, у Коласа: “Кажу «стаяў», бо зараз яго няма на свеце” (“Адзінокі курган”), але “Цяпер восень, там зіма. Дзе ж ты дзенешся зімою?” (“Сымон-музыка”).
У спалучэнні з дзеясловамі будучага часу ў значэнні ‘неўзабаве, у самым хуткім часе’ ўжываецца часцей прыслоўе зараз: я зараз вярнуся, я зараз прыйду ці проста: Я зараз! Тое самае і ў канструкцыі кшталту: Дапамажы мне. – Зараз, у якой падкрэсліваецца, што дзеянне будзе зроблена ў хуткім часе. Калі ж мы ўжываем цяпер з будучым часам дзеясловаў, гэта перадусім паказвае на нейкую змену падзеяў і сведчыць пра тое, што папярэдне нейкае дзеянне ўжо адбылося: Цяпер перакладзі вось гэты абзац (значыць, што нейкі іншы ўжо перад тым быў перакладзены). Да прыслоўяў могуць таксама далучацца злучнікі і часціцы: а вось зараз, і цяпер, вось цяпер і г.д. У гэтых канструкцыях таксама важным з’яўляецца дадаковае адценне: зараз = неўзабаве, цяпер = пасля таго, што адбылося. Параўнай: Вось зараз яна прыйдзе (= праз хвіліну) і Вось цяпер яна прыйдзе (= пасля таго, як я ёй патэлефанавала, напрыклад).
Зараз можа таксама паказваць на тое, што нешта адбылося толькі што, зусім нядаўна (прошлы час): толькі зараз прыгатавала абед, прачытаны зараз артыкул. Цяпер таксама можа спалучацца з дзеясловамі прошлага часу, калі мае дадатковае адценне значэння ‘пасля таго, што адбылося’: Цяпер яна ездзіла да маці кожны дзень. Цяпер яны абое гулялі па вечарах.
У імператыўных канструкцыях звычайна з часціцай жа ўжываецца менавіта прыслоўе зараз: Зрабі зараз жа! Трэба гэта зараз жа спраўдзіць!
Відавочна, шмат у якіх выпадках ужыванне прыслоўяў цяпер і зараз сёння супадае. І сцвярджаць, што штосьці правільна або няправільна, не выпадае, бо ў мове на сённяшні момант натуральны працэс дыферэнцыяцыі яшчэ не завяршыўся. І гэта тычыцца не толькі ўзгаданых словаў. Асноўная ўмова вырашэння падобных праблем натуральным, негвалтоўным чынам палягае ў пашырэнні беларускай мовы і актыўным ужыванні яе ва ўсіх сферах. Аднак усё ж можна адзначыць, што апошнім часам сапраўды назіраецца больш актыўнае ўжыванне слова зараз, чаму спрыяе тэндэнцыя да адштурхоўвання ад рускай мовы.
Цяпер і зараз у беларускіх прыказках і прымаўках
Быў ляснічым, а цяпер нічым.
Бачылі вочы, што бралі, а цяпер плачце, хоць павылазьце.
Бывала, што й варона кувала, а цяпер і зязюля не каркае.
Чужую бяду зараз развяду, а на сваю бяду райца не знайду.
Была нядзеля - і мы дудзелі, цяпер серада - працуй, грамада.
Мялі, Апанас, цяпер твой час.
Лепей цяпер, чым у чацвер.
Цяпер нас катуеш, можа, калі і сам патанцуеш.
Спазніўся пан да абеда, а вячэра не зараз.
Гаспадар шалее з радасці, бо зараз дачакаецца новага хлеба.
Бывала і варона …аўно клявала, а цяпер не хоча.
Быў калісьці Яўхім, ды цяпер чорт яго ўхапіў.
Заданне:
Перакладзіце на беларускую мову:
Чтоб сейчас же в доме был порядок! – Каб зараз жа ў хаце быў парадак!
Я долго не буду гулять, сейчас же вернусь. – Я доўга не буду гуляць, зараз жа вярнуся.
Сейчас я допишу письмо. – Зараз я дапішу ліст і Цяпер я дапішу ліст.
Подожди, я сейчас закончу собеседование. – Пачакай, я зараз скончу сумоўе.
Школу построили новую, красивую, и теперь, если говорить о детях, то они очень довольны. – Школу пабудавалі новую, прыгожую, і цяпер, калі гаварыць пра дзяцей, яны вельмі задаволеныя.
Поделитесь с Вашими друзьями: |