Да 10-годдзя кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта актуальныя праблемы



старонка11/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.48 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

Лук’янава Таццяна Валер’еўна,

аспірант




Праблема жанру ў фальклорнай няказкавай прозе

Нягледзячы на тое, што распрацоўка тэорыі фальклорнага жанру вядзецца ўжо доўгі час, яе асноўныя праблемы не сталі менш надзённымі. Кожнае новае навуковае дасягненне адкрывае новыя аспекты вывучэння фальклорных жанраў, ставіць новыя пытанні, пашыраючы такім чынам праблемнае поле. Традыцыйныя пытанні часам пераасэнсоўваюцца і набываюць іншае гучанне. Фалькларыстычная навука не стаіць на месцы, яна імкнецца распрацаваць тэорыю фальклору з улікам сучаснага развіцця культуралогіі, этналогіі, лінгвістыкі, літаратуразнаўства, псіхалогіі і іншых навук. У гэтым жа рэчышчы вядзецца праца і над праблемамі жанру.

Перш за ўсе, гэта праблема вызначэння сутнасці жанру як фальклорна-мастацкай катэгорыі. Толькі зразумеўшы жанравую прыроду, можна вывучать спецыфіку асобных фальклорных жанраў. Амаль кожны даследчык так ці інакш закранае дадзеную праблему. Найбольшай грунтоўнасцю вылучаюцца працы У.Я. Пропа “Паэтыка фальклору” [19], Б.Н. Пуцілава “Сучасныя праблемы гістарычнай паэтыкі фальклору ў святле гісторыка-тыпалагічнай тэорыі” [22] і інш. Адна з важнейшых праблем – суадносінаы жанру і рэчаіснасці. Яна заключаецца ў адказе на пытанні, што жанр бярэ з рэчаіснасці, як гэта трансфармуе і як прадстаўляе ў тэкстах, а таксама як жанравая структура ўплывае на ўспрыняцце рэчаіснасці. Тут можна назваць працы С.Н. Азбелева “Адносіны падання, легенды і казкі да рэчаіснасці з пункту гледжання размежавання жанраў” [1] і “Адлюстраванне рэчаіснасці ў паданнях, легендах, казаннях” [2], У.Я. Пропа “Фальклор і рэчаіснасць” [21], В.К. Сакаловай “Адлюстраванне рэчаіснасці ў розных фальклорных жанрах” [24] і інш. Праблема аб’яднання фальклорных твораў у пэўныя жанравыя сістэмы, сістэматызацыі і класіфікацыі фальклорнага матэрыялу, пошуку крытэрыяў вылучэння і размежевання жанраў шчыльна звязана з праблемай вызначэння жанраўтваральных прыкмет і іх спецыфікі ў кожным канкрэтным жанры. Яе вывучэнню прысвечаны працы К.В. Чыстова “Да пытання аб прынцыпах класіфікацыі жанраў народнай прозы” [27], С.Н. Азбелева “Праблемы міжнароднай сістэматызацыі паданняў і легенд” [3], XVII том “Русскага фальклору” “Праблемы своду рускага фальклору” (1977) і інш. Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема генезісу і гісторыі жанравых сістэм, вызначэння месца жанру ў агульнай сістэме фальклору, вывучэння паміжжанравых адносін і шмат іншых.

Трэба адзначыць, што ў фалькларыстыцы да гэтага часу не знойдзена дакладнае вызначэнне паняцця “жанр”, недастаткова раскрыта жанравая сутнасць. Паняцце “жанр” выкарыстоўваецца ў двух асноўных значэннях: 1) як сукупнасць твораў/тэкстаў, якія аб’ядноўваюцца агульнасцю мастацкага зместу, паэтычнай сістэмы, функцый, асаблівасцей выканання, сувязей з невярбальнымі мастацкімі формамі (музыка, танец, тэатр); 2) як сістэма змястоўных уласна паэтычных, функцыянальных і выканальніцкіх прынцыпаў, норм, стэрэатыпаў, за якой стаяць уяўленні аб узаемаадносінах з рэчаіснасцю і якая рэалізуецца ў канкрэтных творах (у сукупнасці твораў) [16, 36]. У самым агульным выглядзе жанр – гэта пэўная макрасістэма, якая знаходзіцца над мікрасістэмамі тэкстаў і валодае сваімі законамі, сваёй граматыкай і сваёй мовай.

Адной са спецыфічных жанравых функцый, якая раскрывае сінхронны разрэз жанравага складу фальклору, выступае ўнутры- і паміжжанравая класіфікацыя твораў. У дыяхранічным плане фальклорны жанр уяўляе сабой вынік складаных гістарычных працэсаў эвалюцыі, трансфармаціі і пераасэнсавання традыцый. Гэта адметным чынам структурызаваны ў пэўную сістэму шматвекавы вопыт. Як увасабленне мастакага вопыту фальклорны жанр мае яшчэ адзін, вертыкальны зрэз, які змяшчае ў сабе некалькі слаёў. Найбольш канкрэтным і індывідуальным з іх выступае цэласная непаўторнасць мастацкага твору, за якой стаяць жанрава-відавыя прыкметы. Далей ідзе ўзровень родавых прыкмет мастацкага мыслення ў сферы слоўнага мастацтва, і, нарэшце, найбольш глыбокім і універсальным слоем з’яўляюцца агульныя зыходныя законы архетыпічнай мастацкай свядомасці, гэта структурныя першаасновы мастацкай свядомасці як такой, архетыпічныя асаблівасці слоўнага мастацтва. Фальклорны жанр, як і любая “жывая” і самадастатковая сістэма, імкнецца да самазахавання. Пэўная гібкасць, “рухомасць”, па выражэнню Ю. Тынянава, сістэмы жанру, яе здольнасць да мутацый дазваляе жанру адпавядаць патрабаванням грамадства на працягу многіх стагоддзяў. Вядома, жанр можа перажываць і крызісныя станы. Страта “рухомасці” жанру, аслабленне яго “духоўнай актыўнасці” можа прывесці да выхаду жанру з жывой плыні і пераўтварэння яго ў фальклорна-гістарычны помнік [25, 256]. Сістэме жанру ўласціва не толькі зменлівасць, але і пэўная ўстойлівасць яе структурных паказчыкаў. Менавіта ўстойлівасць структуры з’яўляецца асновай жыцця фальклорнага жанру, яго трываласці. Дзякуючы гэтаму жанр можа выступаць як адзінка класіфікацыі твораў, паказчык іх устойлівых рыс. Адносная нязменнасць, “кансерватызм” жанравай структуры забяспечвае яе жыццяздольнасць. І ў гэтай сваёй якасці, як сцвярджаюць навукоўцы, жанр выступае як “памяціьмастацтва”. Па словах М.М. Бахціна, “жанр жыве цяперашнім, але заўсёды памятае сваё мінулае, свой пачатак” [7, 142].

Устойлівасць жанравай структуры – не адзіны фактар, які абумоўлівае жыццястойкасць жанру. Жанр – гэта яшчэ і адметная жанравая свядомасць, галоўнай характарыстыкай якой з’яўляецца спецыфіка жанравага мыслення. Жанравае мысленне выступае тым нязменным ядром, якое захоўваецца на працягу ўсяго жыцця жанру пад слоем разнастайных новаўтварэнняў. Менавіта жанравае мысленне, як сцвярджае А.М. Андрэеў, “з’яўляецца рэгулятарам жанравай пераемнасці” [5, 85]. Такім чынам, фальклорны жанр, узыходзячы сваімі вытокамі да “калектыўнага несвядомага”, маючы старажытныя архетыпічныя карані, захоўвае здольнасць да актуалізацыі, каб мець магчымасць выкарыстання ў новых эстэтычных сітуацыях на розных этапах гістарычнага развіцця.

У фальклоры, які не мае справы з індывідуальна-аўтарскай творчасцю, катэгорыя жанру набывае асабліва важнае значэнне. Фальклорны жанр – гэта сістэма, якая ўключае і свае законы стварэння і існавання мастацкага твора, і адметны код, які забяспечвае дэшыфроўку канкрэтнага тэксту, і пэўная мадэль адносінаў да рэчаіснасці, і асобная канцэпцыя свету. Менавіта жанр вызначае структурна-змястоўныя першаасновы мастацкага твора/тэксту. Жанравыя нормы задаюць, па словах А.Я. Бурлінай, пэўную “культурна-камунікатыўную “канву”, у дачыненні да якой мастацкі твор выступае як індывідуальны “ўзор” [8, 31]. З іншага боку, сістэма жанру сама па сабе (жанравы інварыянт) не існуе, яна заўсёды змешчана ў канкрэтыцы пэўнага мастацкага твора/тэксту і з’яўляецца яго ўнутранай, глыбіннай, іманентнай асновай.

Жанравыя прыкметы, якія дазваляюць вызначыць крытэрыі размежавання фальклорных жанраў, залежаць не толькі ад спецыфікі фальклорнай творчасці як такой, у значнай ступені яны абумоўлены родавай прыналежнасцю. Падзел славеснага мастацтва на тры роды – эпас, лірыку і драму – бярэ свой пачатак яшчэ ў антычнасці. Як вядома, упершыню пра роды паэзіі разважае Сакрат у трэцяй кнізе трактата Платона “Дзяржава”. Развіваючы яго думкі, Арыстоцель у сваёй “Паэтыцы” характарызуе роды поэзіі як адметныя тыпы адносін “носьбіта маўлення” да мастацкага цэлага: распавядаць пра падзею можна “як аб нечым асобным ад сябе”, або застаючыся самім сабой, “не змяняючы сваёй асобы”, або паказваючы герояў апавядання як асоб “дзеючых і дзейных” [26, 294-295]. Падобнае разуменне родаў перанялі і літаратуразнаўцы. Вядомы і іншыя разуменні эпасу, лірыкі і драмы. Ф.В. Шэліг трактаваў іх як тыпы мастацкага зместу, адасабляючы іх такім чынам ад паэтыкі. Э.В.Ф. Гегель характарызаваў паэтычныя роды пры дапамозе катэгорый “аб’ект” і “суб’ект”: эпічная   аб’ектыўная, лірычная – суб’ектыўна, драматычная ж аб’ядноўвае гэтыя два пачаткі [26, 295]. Гегелеўскую канцэпцыю падзяляў і В.Г. Бялінскі. Свае разуменні паэтычных родаў прыўнесла і XX стагоддзе, але антычная традыцыя працягвае жыць і па сённяшні дзень.

Пераняты ў літаратуразнаўцаў падзел на эпас, лірыку і драму выкарыстоўваюць і ў дачыненні да фальклору. Меркаванні даследчыкаў-фалькларыстаў наконт слушнасці такога падзелу фальклору неадназначныя. Адны з іх лічаць, што такі падзел заканамерны (В.Я. Гусеў, В.В. Мітрафанава). Другія адзначаюць неадпаведнасць фальклорнага матэрыялу традыцыйнай родавай сістэматызацыі і карыстаюцца змененай (пашыранай) схемай (Д.М. Балашоў). Трэція ўпэўнены, што родавы падзел фальклору непрымальны і прапануюць іншыя шляхі сістэматызацыі фальклору (Б.Н. Пуцілаў).

Пры падзеле фальклорнага матэрыялу на эпічны, лірычны і драматычны роды В.Я усеў прытрымліваецца гегелеўскай традыцыі і ў аснову падзелу кладзе суадносіны “калектыўна-аб’ектыўнага” і “калектыўна-суб’ектыўнага” пачаткаў, гэта значыць перавагу ці то абагульнення аб’ектыўных з’яў рэчаіснасці (прыроды і грамадства), ці то выражэння псіхічнага жыцця народу, унутранага стану, думак, пачуццяў і г.д. Такім чынам, да эпічнага роду ён адносіць фальклорныя творы, у якіх пераважае тыпізацыя з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці над выражэннем адносінаў да яе (быліны, легенды). Да лірычнага роду залічвае творы, дзе пераважае тыпізацыя адносінаў калектыву да рэчаіснасці (пазаабрадавыя песні). А непадзельнае спалучэнне “аб’ектыўнага” і “суб’ектыўнага” ў разгортванні дзеяння, на яго думку, утварае драматычны род [10, 104-105]. В.Я. Гусеў адзначае, што дадзены падзел на роды з’яўляецца ў пэўнай ступені адносным і не выключае існавання памежных, пераходных груп твораў. Крытэрый суадносін “аб’ектыўнага” і “суб’ектыўнага” пачаткаў нам уяўляецца больш прыдатным для аўтарскай, літаратурнай творчасці. У фальклоры яшчэ няма ўсведамлення сябе як суб’екта творчасці, і ўнутранае жыццё народу, яго псіхічныя станы, пачуцці і да т.п. не выступаюць прадметам спецыяльнага выяўлення. А народная псіхалогія і адносіны да рэчаіснасці пранізваюць увесь фальклор і кожны яго жанр.

Д.М. Балашоў сцвярджае, што ў дачыненні да фальклору падзел на эпас, лірыку і драму няўдалы. Арыстоцель, піша ён, пад эпасам разумеў толькі такія жанры апавядальнага характару, якія спяваюцца (гамэраўскі эпас), таму адносіць да эпічнага роду празаічныя жанры не варта. Драмы ж у фальклоры няма ўвогуле, ёсць абрад. Так званую народную драму ён залічвае да мастацтва прафесійнага, а не фальклорнага [6, 26]. Згодна з названымі заўвагамі, Д.М. Балашоў вылучае чатыры родавыя групы: эпас (быліны, гістарычныя песні, духоўныя вершы і інш.), народную прозу (казкі, легенды, былічкі і інш.), лірыку (пазаабрадавая паэзія) і абрадавую паэзію (каляндарна-абрадавая, сямейна-абрадавая паэзія, замовы, магія і інш.). На нашу думку, арыстоцелеўскае разуменне эпасу не пярэчыць пазнейшаму, больш шырокаму яго трактаванню, а песеннасць/празаічнасць жанраў – недастатковы крытэрый для родавага падзелу.

Б.Н. Пуцілаў лічыць, што пераносіць літаратуразнаўчы падзел на роды і віды ў сферу фальклору немэтазгодна – занадта вялікая розніца паміж літаратурай і фальклорам. Услед за У.Я ропам, ён прапаноўвае на месца паняцця “роду” як найбольш агульнага разраду класіфікацыі паставіць паняцце “вобласць”. Крытэрыям вылучэння “абласцей” выступае “вызначальная форма функцыянавання” твораў [23, 160]. Такім чынам, фальклорныя творы падзяляюцца на пазаабрадавую прозу, пазаабрадавую паэзію, фальклор рытуалізаваных форм, уласна драматычныя творы і фальклор маўленчых сітуацый (малыя фальклорныя жанры). Цяжка не згадзіцца са слушнасцю прапановы Б.Н. Пуцілава, але яна таксама мае шэраг недахопаў. Па сутнасці, яго размежаванне фальклору на “вобласці” шмат у чым дублюе традыцыйны падзел на роды і віды, неабгрунтаваным здаецца аб’яднанне ў адну “вобласць пазаабрадавай паэзіі”, скажам, такіх жанраў, як быліна і любоўная песня.

Суадносіны паняццяў “від” і “жанр” і тэарэтыкамі літаратуры, і фалькларыстамі разумеюцца па-рознаму. Некаторыя вучоныя лічаць від больш буйной адзінкай падзелу за жанр (В. Мітрафанава [15, 35]). Напрыклад, для У.Я. Пропа казка – гэта від, чарадзейная казка – жанр [21, 50]. Іншыя даследчыкі больш шырокае значэнне замацоўваюць за тэрмінам жанр, а за тэрмінам від – больш вузкае. Напрыклад, у В.Я. Гусева казка – жанр, чарадзейная казка – від [10, 111]. Ёсць навукоўцы, якія паняцці “від” і “жанр” атаясамліваюць (Д.М. Балашоў [6, 28]). Мы схільны разглядаць катэгорыю віда як найбольш буйную адзінку класіфікацыі пасля роду. У фальклоры падзел на віды можа адбывацца па розным крытэрыям: сродкі мастацкага выяўлення і выразнасці дазваляюць вылучыць слоўна-мімічны (празаічны), слоўна-музычны (паэтычны) віды, наяўнасць або адсутнасць абрадавай функцыі падзяляе жанры на абрадавыя і пазаабрадавыя і г.д. Такія ж разрады, як казка чарадзейная або легенда тапанімічная, на нашу думку, мэтазгодна класіфікаваць як жанравую разнавіднасць.

Б.Н. Пуцілаў лічыць няўдалым не толькі родавы падзел фальклору, але і выкарыстанне літаратуразнаўчага тэрміну “жанр” у тэорыі фальклору, таму што ён вядзе за сабой “мноства чыста літаратуразнаўчых паняццяў, традыцый і забабонаў” [23, 155]. Аднак вучоны не робіць ніякіх прапаноў наконт замены дадзенага тэрміну. Вядома, рода-відавы падзел фальклору недасканалы. Але дыфузнасць родава-жанравых межаў, наяўнасць элементаў аднаго роду (віду, жанру) у іншым, паміжродавыя і нават пазародавыя з’явы – уласцівасць не толькі фальклорнага мастацтва. Мастацтва шырэй за межы навуковых класіфікацый, і гэта нармальна. Любая класіфікацыя з’яўляецца ўмоўнай і адноснай, таму мы не бачым вострай неабходнасці адмаўляцца ні ад паняццяў “роду” і “віду”, ні ад агульнаэстэтычнага паняцця “жанр” у дачыненні да фальклорных твораў. Названыя катэгорыі маюць сваю спецыфіку, адпаведна таму ці іншаму віду мастацтва, якую трэба агаворваць. І фальклор тут не з’яўляецца выключэннем. Ва ўсялякім выпадку, пошукі новых тэрмінаў, безумоўна, зоймуць шмат часу і выклікаюць бурныя спрэчкі.

Сутнасныя характарыстыкі і прыкметы жанру як фальклорна-мастацкай катэгорыі канкрэтызуюцца і рэалізуюцца ў пэўнай сістэме жанраў. Д.М. Балашаў упэўнены, што падзел на жанры “не ёсць толькі прыдумка даследчыкаў, што яго асновы закладзены ў самой рачаіснасці...” [6, 24]. Аднак фальклорныя жанры з цяжкасцю паддаюцца сістэматызацыі і класіфікацыі. Праблема ў тым, што яны не ўкладаюцца ў жорстка абмежаваныя, адасобленныя аб’яднанні, а ўяўляюць сабой складаную сістэму ўзаемапранікальных і ўзаемазалежных жанравых груп. Задача паміжжанравай класіфікацыі фальклору шчыльна звязана з выяўленнем жанравых прыкмет, якія вызначаюць аб’яднанне мастацкіх твораў у пэўную групу і яе адрозненне ад іншых груп. Навукоўцы даўно шукаюць адказ на пытанне аб крытэрыях размежавання жанраў. Адны мяркуюць, што ў аснове жанравага падзелу павінен знаходзіцца адзіны прынцып. Д.М. Балашоў лічыць, што “ў аснову класіфікацыі фальклорных жанраў павінен быць пакладзены прынцып размежавання па эстэтычных катэгорыях”, а дакладней, па фармальна-эстэтычных асаблівасцях [6, 24]. В.П. Анікін сцвярджае, што “паэтычную прыроду жанраў” народнай творчасці перш за ўсё вызначае іх “бытавое і ідэйна-эстэтычнае ўжыванне” [4, 28-29]. Я. Касцюхін гаворыць пра пэўную “сэнсавую дамінанту”: “У кожным жанры ёсць свая сэнсавая ўстаноўка: у адным выпадку гэта камічны эфект, у другім – павучэнне, у трэцім – інфармацыя пра цікавы выпадак” [11, 80]. Такім чынам, на месца крытэрыя, які, на думку навукоўцаў, здольны найбольш поўна выявіць асаблівасці жанру, прапаноўваліся змест (асноўная змястоўная дамінанта, а разам з тым – адносіны да рэчаіснасці), паэтыка (ці тып структурнай арганізаціі), функцыі (бытавое прызначэнне), форма выканання, адносіны да музыкі і інш.

Іншыя даследчыкі, услед за У.Я. Пропам, сцвярджаюць, што “адзінага прынцыпу вызначэння жанру няма”[22, 39], і толькі сукупнасць гэтых і іншых прыкмет дазваляе выявіць спецыфіку жанру і вылучыць яго з шэрагу іншых (Б.Н. Пуцілаў, В.Я. Гусеў, Э.В. Памяранцава і інш.). Але У.Я. Проп далей адзначае, што не ў кожным выпадку для вылучэння жанру патрэбны ўсе названыя аспекты. Выкарыстанне ўсіх крытэрыяў абавязкова толькі для вызначэння паэтычных жанраў. Для іншых гэта неабавязкова. Напрыклад, крытэрый “адносіны да музыкі” неабавязковы для жанраў, творы якіх не спяваюцца. Крытэрый “бытавое ўжыванне”, піша У.Я. Проп, толькі для некаторых жанраў з’яўляецца іх вызначальнай прыкметай, як і “форма выканання”. Адзінай істотнай і абавязковай для ўсіх жанраў застаецца прыкмета формы – “сукупнасць паэтычнай сістэмы”, інакш кажучы, “паэтыкі”, пад якой вучоны разумее “сукупнасць прыёмаў для выражэння мастацкіх мэт і эмацыянальнага і разумовага свету, ці карацей – вывучэнне формы ў сувязі з яе канкрэтным, фабульным і ідэйным, зместам” [ 21, 36]. Такім чынам, У.Я. Проп вяртаецца да таго, што галоўным крытэрыям размежавання жанраў з’яўляюцца іх фармальныя асаблівасці. Тым не менш, сярод айчынных навукоўцаў найбольш шырока замацавалася менавіта пропаўскае разуменне жанру як “сукупнасці твораў, аб’яднаных агульнасцю паэтычнай сістэмы, бытавога прызначэння, форм выканання і музычнага строю” [15, 36]. В.В. Мітрафанава заяўляе, што гэта вызначэнне неабходна пашырыць. “Творы аднаго жанру аб’ядноўваюць не толькі паказаныя прыкметы, – піша яна, – але і ідэйна-тэматычнае адзінства, агульнасць сюжэтаў і сітуацый”. “Кожны жанр народнай творчасці адлюстроўвае вызначанае кола гістарычнай дзейнасці людзей, мае свае сюжэты і сітуацыі, паказвае іх згодна з уласнымі, толькі яму ўласцівымі законамі”, таму, на яе думку, ідэйна-тэматычныя асаблівасці варта ўлічваць і пры выяўленні твораў, якія адносяцца да пэўнага жанру [15, 36].

В.Я. Гусеў заўважае, што задачу вызначэння жанраў ускладняе і тое, што яны маюць нацыянальную спецыфіку [10, 108]. Агульнасць назвы “казка” ў розных народаў можа паказваць толькі на тыпалагічнае падабенства жанраў, якія, аднак, могуць значна адрознівацца ў сваіх канкрэтных прыкметах.

Пытанне аб крытэрыях размежавання фальклорных жанраў, па сутнасці, застаецца адкрытым. Тым не менш большасць фалькларыстаў гаворыць пра наступныя празаічныя жанры эпічнага роду: казкі, легенды, паданні, былічкі, сказы або вусныя апавяданні, анекдоты (С.Н. Азбелеў, Э.В. Памяранцава, К.В. Чыстоў, К.П. Кабашнікаў і інш.). Некаторыя даследчыкі далучаюць да іх яшчэ міфічныя казанні (міфы) (Н.І. Краўцоў [12, 83]), прытчы (В.Я. Гусеў [10, 112]), этыялагічныя апавяданні (Н.А. Крынічная [13, 76]).

Гэтыя жанры ў сваю чаргу падзяляюць на казкавыя і няказкавыя. Падставы для такога падзелу, на думку Э.В. Памяранцавай, дае дамінантная функцыя жанраў: эстэтычная для казкавых жанраў і інфарматыўная для няказкавых [18]. Дадзены крытэрый, аднак, не пазбегнуў крытычных заўваг. Паказвалася, што эстэтычная функцыя ўласціва ўсім фальклорным жанрам, як і фальклору ў цэлым, і што пэўную інфармацыю нясе кожны фальклорны тэкст, таму суадносіны гэтых дзвюх функцый зяўляюцца не вельмі ўдалым крытэрыям падзелу.

Э.В. Памяранцава прапаноўвае іншы крытэрый размежавання: адносіны апавядальніка ці аудыторыі да таго, аб чым распавядаецца. Для няказкавых жанраў характэрна ўстаноўка на факталагічнасць, праўдзівасць апавядання, незалежна ад яго зместу. Самай неверагоднай можа быць падзея, пра якую расказваецца ў легендзе, вельмі несапраўдным можа казацца апавяданне пра жыццё і цуды святых ці пра лесавікоў, русалак і чароўныя скарбы, але апавядальнік падае гэта як выпадак, падзею, якія сапраўды мелі месца, сведкай якіх зяўляецца ён сам, яго родзіч ці выпадковы знаёмы. Апавядальнік звычайна падкрэслівае сапраўднасць, верагоднасць свайго паведамлення. Казкавыя жанры не маюць устаноўкі на верагоднасць. Яны ўсведамляюцца і апавядальнікам, і слухачамі як паэтычная выдумка.

В.Я. Гусеў лічыць, што ўспрыняцце твораў як выдумкі ці праўды з’яўляецца прынцыпам, па-першае, суб’ектыўным, па-другое, не істотным, і па-трэцяе, вельмі няўстойлівым і няпэўным. “Жанравая структура фальклорнага твору, – піша ён, – уласцівыя яму прыкметы зместу і формы не змяняюцца кожны раз у залежнасці ад успрыняцця іх той ці іншай аўдыторыяй” [10, 114]. Падобнага меркавання прытрымліваецца М.І. Краўцоў, які сцвярджае, што “творчая выдумка ўласціва ўсім відам мастацтва, а таму яна не можа служыць вызначальнай прыкметай казкі…” [12, 74]. Сапраўды, фалькларыстам уяўляецца недастатковым размяжоўваць казкавыя і няказкавыя жанры (а разам з тым і вызначаць жанр казкі) толькі праз устаноўку на выдумку або верагоднасць і перавагу эстэтычнай або інфарматыўнай функцыі. Аднак імкненні знайсці больш дакладныя жанравыя крытэрыі станоўчых вынікаў пакуль не далі.

Лічыцца, што няказкавая проза прадстаўлена перш за ўсё жанрамі легенды, падання, былічкі, сказа, анекдота, небыліцы. Кожны з гэтых жанраў мае сваё кола тэм, сюжэтаў, сваю структуру, сваю сістэму вобразаў. Асноўным жа іх адрозненнем з’яўляецца характар інфармацыі, функцыянальныя асаблівасці і прынцыповыя суадносіны з рэчаіснасцю. Н.А. Крынічная сфармулявала наступныя крытэрыі іх адрознення: 1) час узнікнення; 2) адлюстраванне пэўных аспектаў чалавечага быцця; 3) структурна-тэматычныя кампаненты [13, 75].

Нягледзячы на тое, што крытэрыі вылучэння і размежавання няказкавых жанраў недастаткова ўстойлівыя, вызначэнне жанраў былічкі і сказа не выклікае ў навукоўцаў асаблівых праблем. Вывучэннем былічак займалася Э.В. Памяранцава, якая вызначыла іх як прымхлівыя апавяданні пра звышнатуральных істот і з’яў. Гэтыя апавяданні звязаны з так званай ніжэйшай міфалогіяй – народнымі павер’ямі. У былічках распавядаецца пра сутыкненні чалавека з чымсьці незвычайным і жудасным, якія быццам бы мелі месца на самой справе (аповеды пра нячыстую сілу, прывіды, мерцвякоў, ведзьмакоў і інш.). Сярод жанравых разнавіднасцей былічкі Э.В. Памяранцава вылучае мемараты (уласна былічкі) і фабулаты (бывальшчыны). Калі апавяданне вядзецца ад першай асобы – гэта мемарат, калі ад трэцяй – фабулат. Акрамя таго, былічка адрозніваецца ад бывальшчыны сваёй, умоўна гаворачы, бясформенасцю, адзінкавасцю, неабагуленасцю. Бывальшчыны – сюжэтна аформленыя, фабульныя апавяданні [17, 175].

Пад сказам часцей за ўсё разумеюць вуснае апавяданне ад першай або трэцяй асобы пра важныя падзеі, якія адбываюцца зараз ці мелі месца ў нядаўнім мінулым, і якое мае статус верагоднасці. Выканаўцы сказаў нярэдка з’яўляюцца сведкамі ці непасрэднымі ўдзельнікамі таго, пра што яны распавядаюць. Вусныя апавяданні (сказы) не ствараюць агульнанародных, шырока распаўсюджаных варыянтаў. Яны расказваюцца сведкамі, часам пераказваюцца слухачамі, але шырокага народнага хаджэння не атрымоўваюць. І.З. Ярнеўскі вылучае наступныя разнавіднасці сказу: 1) гістарычны (пра выдатных палітычных і дзяржаўных дзеячаў, гістарычныя падзеі і да т.п.); 2) аўтабіяграфічны (пра падзеі асабістага характару); 3) навелістычны (пра тыповыя падзеі і выпадкі ў жыцці людзей) [30, 138].

Сістэматызацыя і класіфікацыя легенд і паданняў з’яўляецца адным з найбольш складаных пытанняў фалькларыстычнай навукі. Крытэрыі, якія дапамагаюць у вызначэнні іншых фальклорных жанраў, у дадзеным выпадку аказваюцца няслушнымі. Гэта прымушае выяўляць жанравую спецыфіку легенд і паданняў на больш глыбокіх узроўнях і шукаць новыя падставы для іх размежавання. На працягу не аднаго дзесяцігоддзя даследчыкі імкнуцца знайсці дакладнае азначэнне паняццям “легенда” і “паданне”, вызначыць крытэрыі іх размежавання, выявіць жанравую спецыфіку твораў і паспяхова спраўляюцца з гэтай задачай, але толькі ў межах уласнай канцэпцыі. Агульная ж карціна ўяўляе сабой суіснаванне самых розных поглядаў і меркаванняў, часам супярэчлівых, і амаль нічога – агульнапрынятага і дакладнага. Такая сітуацыя абумоўлена перш за ўсё самім фальклорным матэрыялам, які не ўкладваецца цалкам у межы ніводнай з тэорый. Іншымі словамі, вопыт вучоных паказвае, што немагчыма дакладна размежаваць канкрэтныя тэксты ўсяго комплексу дадзеных фальклорных твораў на жанры легенды і падання, вызначыць крытэрыі іх адрознення. Вядома, знаходзяцца тэксты, якія цалкам адпавядаюць тэарэтычнай будове таго ці іншага даследчыка, але гэта толькі нязначная частка, большасць жа з іх застаецца па-за яе межамі.

Задачу навукоўцам ускладняе і тое, што ў дрэнным стане знаходзіцца тэксталогія дадзенай часткі фальклорнай прозы. К.В. Чыстоў сцвярджае, што значная частка запісаў у тэксталагічных адносінах не верагодна [28, 156 і далей]. Часцей за ўсё гэта пераказы, створаныя імкненнем дапоўніць, развіць і атрымаць лагічны апавядальны тэкст. Зразумела, зараз ёсць ужо некаторая колькасць сучасных навуковых запісаў. Яны дапамагаюць зразумець сапраўдныя формы бытавання празаічных жанраў, але далёка не заўсёды кампенсуюць недахопы старых запісаў. Акрамя таго, выканаўцы і іх асяроддзе не лічылі, як правіла, легенды і паданні мастацкімі творамі, і ўвогуле творамі, тэксты якіх трэба захоўваць і перадаваць па нейкім вызначаным правілам, як, напрыклад, казкі. Галоўнае было тое, што яны перадавалі, а не тое, як гэта рабілі.

У 1983 годзе Акадэмія навук выдала спецыяльны том з серыі “Беларуская народная творчасць” прысвечаны легендам і паданням [14]. Але, калі азнаёміцца са зместам, можна ўпэуніцца, што там змешчаны не толькі легенды і паданні, але і казкі [“Чаму кот мыецца”, 58; “Вужава карона”, 186], і міфалагічныя апавяданні [“Нёман і Лоша”, 373], і народныя вераванні [“Пра гром і маланку”, 46; “Пекла”, 209; “Пералёт-трава”, 76], і так званыя былічкі [“Пра Мару”, 172; “Ваўкалак”, 173; “Ведзьма-жаба”, 217]. Прычым усё гэта не размежавана, і непадрыхтаванаму чытачу было б вельмі цяжка разабрацца, што чым з’яўляецца ў гэтым зборніку. Але дадзены факт зусім не сведчыць аб некампетэнтнасці складальнікаў, наадварот, ён якраз-такі адлюстроўвае сучасны стан вывучэння легенд і паданняў у беларускай фалькларыстыцы. А ў сучаснай навуцы назіраецца блытаніна ў вызначэнні тэрмінаў “легенда” і “паданне”. Аналагічныя тэксты могуць класіфікавацца як казка, легенда, паданне, гістарычная казка, легендарнае паданне, гістарычная легенда, казанне і г.д.

Розныя дэфініцыі жанраў “легенды” і “падання” абумоўліваюць і розныя падыходы да іх размежавання. У.Я. Проп легендамі лічыць толькі творы з хрысціянскай тэматыкай (дзе распавядаецца пра бога, святых, грэшнікаў, д’ябла), – усё астатняе – паданні [18, 214]. Такім чынам, калі бог пераўтварае няўдачлівага жартаўніка ў мядзведзя – гэта легенда, а калі тое ж самае робіць чараўнік – то гэта ўжо паданне [14, “Адкуль мядзведзь”, 54; “Мядзведзь”, 54].

С.М. Азбелеў лічыць, што легенды немэтазгодна звязваць толькі з хрысціянствам. Сюды ён адносіць усе апавяданні, якія адлюстроўваюць якія-небудзь вераванні. Адрозненне паміж легендай і паданнем даследчык бачыць ў тым, што легенда – твор цалкам выдуманы, а ў аснове падання ляжаць рэальныя падзеі [1, 9]. Але як можна з упэўненасцю сцвярджаць, было тое, пра што распавядаецца ў творы, на самой справе ці не было?! Сапраўды жыла некалі дзяўчына Нара, ў гонар якой назвалі возера Нарач, ці яна толькі плён народнай фантазіі? [14,“Пра возера Нарач”, 389].

К.В. Чыстоў розніцу паміж легендамі і паданнямі бачыць у тым, што легенда больш фантастычная па зместу, чым паданне [27, 98]. Але на якіх шалях можна ўзважыць гэтую фантастыку, каб аднесці твор да легенды ці падання, аўтар не ўдакладняе. Атрымоўваецца, што ў творы, які распавядае пра тое, як татары рабавалі царкву і бог пакараў іх за гэта слепатой, больш фантастыкі, і яго трэба назваць легендай, а ў творы, дзе па загаду хана яго воіны-татары шапкамі насыпалі курган, фантастыкі менш, і гэта ўжо паданне [14, “Пра татарскія магілы”, 232].

М.Я. Грынблат слушна заўважае, што фантастыка не можа быць крытэрыям размежавання легенд і паданняў. Ён, у сваю чаргу, да паданняў адносіць апавяданні пра гістарычныя падзеі і гістарычных дзеячаў, а таксама апавяданні, прымеркаваныя да канкрэтных мясцовасцей, іх узнікнення і гісторыі. Усё астатняе Грынблат залічвае да легенд [14, 18]. Але што значыць “пра гістарычныя падзеі і гістарычных асоб”? У адным з твораў распавядаецца пра князя Барыса, які будаваў у Полацку царкву. Для гэтай справы ён пазычыў грошы ў каго мог, але іх усё роўна не хапіла. Тады князь Барыс пайшоў да чорта і папрасіў грошы ў яго, сказаўшы, што на вайну патрэбны. Чорт пазычыў. Князь Барыс – гістарычная асоба, атрымоўваецца, што гэты твор – паданне [14, “Князь Барыс і чорт”, 230]. Паняцце “гісторыя”, на нашу думку, у дачыненні да фальклорных твораў трэба ўжываць вельмі асцярожна, са шматлікімі агаворкамі. У легенд і паданняў свая, адметная, своеасаблівая, “фальклорная” гісторыя, якая не мае нічога агульнага з гісторыяй у навуковым разуменні. Фальклорная гісторыя – гэта не тое, што было на самой справе, але ўяўленні народа аб сваім мінулым, квазігісторыя. Прычым носьбіты фальклору не проста верылі ў сапраўднасць фальклорнай гісторыі, яны нават і не думалі, што за фальклорнай гісторыяй ёсць нейкая іншая. Для іх існавала толькі гэта гісторыя. Неверагоднасць жа падзей, як сцвярджае Б.Н. Пуцілаў, тлумачылася іх аддаленасцю ў мінулым. Па сутнасці, для народнай свядомасці не важна, існаваў такі чалавек як гістарычная асоба ці ён выдуманы, была такая падзея на самой справе ці не была. Гісторыя, як сцвярджае М. Эліадэ, міфалагізуецца [29, 83], і з таго моманту, як міф надае гісторыі сваё больш глыбокае і багатае гучанне, ён становіцца больш верагодным за рэчаіснасць. Таму і волаты, і князь Рагвалад, і святы Пётра, і дзяўчына Нара – аднолькава рэальныя асобы для носьбітаў фальклору. І бітва са шведамі, і затапленне горада, і цуды, створаныя іконай,– аднолькава сапраўдныя падзеі.

Цяжкасць пошукаў крытэрыяў размежавання легенд і паданняў навукоўцамі, з аднаго боку, і вывучэнне гэтай часткі фальклорнай прозы на больш глыбокім, фенаменалагічным узроўні, – з іншага, падштурхоўваюць да думкі, што легенды і паданні не з’яўляюцца асобнымі жанрамі, а значыць і размяжоўваць іх няма патрэбы. Легенды і паданні як жанр, па-першае, ствараюць адзіную, цэласную карціну свету, па-другое, легенды і паданні аднолькава ўтвараюцца па міфалагічных мадэлях, і, па-трэцяе, сваімі вытокамі маюць адны і тыя ж крыніцы (архаічныя апавяданні, літаратурныя крыніцы, вусныя апавяданні сведкаў, іншыя легенды і паданні, несвядомая выдумка). Калі легенды і паданні – адзіны фальклорны жанр, то і вывучаць іх трэба пад адзінай назвай, скажам, “легенда”, на карысць якой сведчыць міжнародны статус тэрміна. Такім чынам, легенду можна вызначыць як вусны празаічны твор, які мае ўстаноўку на верагоднасць і шырока выкарыстоўвае міфалагічныя, рэлігійныя, гістарычныя і бытавыя матывы.

Класіфікацыя легенд – справа не менш складаная, чым вызначэнне тэрміна. Нашы навукоўцы прапаноўваюць розныя класіфікацыі, якія часам супярэчаць адна адной. Будапешцкая міжнародная нарада 1963 года, наладжаная Міжнародным таварыствам па даследаванню народных апавяданняў, выпрацавала праект схемы агульнаеўрапейскага каталога легенд і паданняў. Паводле яе, усе легенды і паданні падзяляюцца на чатыры разделы: этыялагічныя і эсхаталагічныя; гістарычныя і культурна-гістарычныя; звышпрыродныя істоты і сілы; міфы пра багоў і героеў. Але гэтая схема вельмі агульная, акрамя таго, уключае ў сябе забабонныя апавяданні пра міфічных істот, якія мы лічым асобным жанрам – былічкамі, а некаторыя віды легенд не закранае ўвогуле.

Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі “Усходнеславянскі фальклор” вылучае наступныя віды легенд: касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя, гістарычныя, сацыяльна-утапічныя і інш. Сярод паданняў выдзяляюцца гістарычныя, мясцовыя, міфалагічныя, аб засяленні і асваенні краю, аб скарбах [9]. Калі ўлічыць навуковыя распрацоўкі айчынных і замежных даследчыкаў, а таксама мець на ўвазе спецыфіку беларускага фальклорнага матэрыялу і прытрымлівацца функцыянальна-тэматычнага прынцыпу, то класіфікацыя беларускіх легенд можа мець, на нашу думку, наступныя рубрыкі: касмаганічна-этыялагічныя (пра стварэнне свету, зямлі, чалавека, пра паходжанне жывёл, раслін і іншых аб’ектаў і з’яў прыроды); рэлігійна-этычныя (пра веру, бога, святых, святы і абрады, пра грэшнікаў і інш.); этна-сацыяльныя (пра плямёны, народы, разнастайныя сацыяльныя з’явы); гістарычныя (пра гістарычныя падзеі і гістарычных дзеячаў, пра войны і барацьбу народа з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, голад і інш.); сацыяльна-бытавыя (пра гаспадарчую дзейнасць, сямейныя адносіны і інш.); тапанімічныя (пра паходжанне гарадоў, вёсак, урочышч, курганоў і іх назваў).



Такім чынам, канцэптуальнае поле фалькларыстычнай навукі складаецца з даволі разнародных элементаў. На сучасным этапе тэорыя фальклору (у тым ліку і фальклорнага жанру) уяўляе сабой набор самых розных даследчыцкіх пазіцый, падыходаў і меркаванняў, якія практычна немагчыма звесці ў адзінае рэчышча. Разнастайнасць тэарэтычных пабудоў, з аднаго боку, сведчыць аб актыўным навуковым пошуку, з іншага боку, адсутнасць дамінуючай тэорыі або хаця б адноснай агульнасці навуковых канцэпцый уяўляе значную перашкоду эфектыўнаму вывучэнню фальклорнага матэрыялу. Цяжкасці распрацоўкі жанравай тэорыі могуць быць пераадолены з пераходам фалькларыстычнай навукі на прынцыпова іншы тэарэтычны ўзровень, які перш за ўсё мае на ўвазе асэнсаванне пытанняў, звязаных з прыродай фальклорнай творчасці як такой, асаблівасцямі функцыянавання фальклорнай свядомасці, спецыфікай жанравага мыслення, жанравымі карцінамі свету. Асвятленне дадзеных пытанняў дазволіць па-іншаму паглядзець на жанравыя праблемы, а таксама дапаможа фалькларыстычнай навуцы выпрацаваць несупярэчлівую тэорыю фальклорнага жанру.


: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> В. П. Рагойша беларускае вершаванне
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Актуальныя праблемы тэорыі літаратуры і фальклору Працы членаў кафедры
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Змест Ад аўтара
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> С. В. Шамякіна Вобразы-локусы беларускіх чарадзейных казак: структура вобраза і міфалагічныя ўяўленні
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> 1. літаратуразнаўства як навука сістэма ведаў пра літаратуру
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Беларускія вяснянкі ў запісах Р. Р. Шырмы: узроўні аналізу


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка