Да 10-годдзя кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта актуальныя праблемы


Вытокі фарміравання творчай індывідуальнасці Язэпа Семяжона-перакладчыка



старонка8/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.48 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

Вытокі фарміравання творчай індывідуальнасці Язэпа Семяжона-перакладчыка

Цяжка атрымаць уяўленне пра шляхі развіцця літаратуры без азнаямлення з творчай спадчынай найбольш значных мастакоў слова. Так і вызначэнне “нацыянальных традыцый”, “нацыянальнай школы” перакладу з’яўляецца немагчымым без даследавання творчых індывідуальнасцей самых адметных яго прадстаўнікоў. Беларускі мастацкі пераклад – гэта багатая плеяда творцаў, якія вылучаюцца сваім майстэрствам, адметнасцю творчага почырку. Да ліку найбольш яркіх яго прадстаўнікоў адносіцца і Язэп Семяжон – паэт, празаік, перакладчык, крытык, заслужаны работнік культуры Беларусі,член Праўлення Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Узноўленыя ім творы існуюць у арыгінале на 34-х мовах свету. Менавіта ў яго перакладзе многія творы сусветнай класікі загучалі на беларускай мове ўпершыню альбо атрымалі новае нараджэнне: паэмы “Пан Тадэвуш” А. Міцкевіча і “Песня пра зубра” М. Гусоўскага, трагедыя “Кароль Лір” і камедыі “Утаймаванне наравістай”, “Дванаццатая ноч” У. Шэкспіра, паэзія Дж. Байрана, Р. Бёрнса, Р. Гамзатава і інш.

Разам з тым, для больш глыбокага і поўнага разумення перакладчыцкай індывідуальнасці мы павінны ведаць яе вытокі: чаму яна ўтварылася, якім чынам вызначалася своеасаблівасць яе творчага метаду. Наяўнасць тэарэтычных высноў, меркаванняў, сфарміраваных на падставе ўласнага практычнага вопыту Язэпа Семяжона, робіць магчымым стварэнне на іх аснове канцэпцыі выяўлення творчага «я» перакладчыка шляхам комплекснага тэарэтычнага разгляду ўмоў і фактараў станаўлення і развіцця яго асобы.

Так, фарміраванне творчай індывідуальнасці перакладчыка адбываецца пры наяўнасці пэўных умоў, якія з’яўляюцца неабходнымі для яе ўтварэння. Сярод іх мы адзначаем агульныя (абавязковыя для фарміравання творчай асобы любога перакладчыка), а на іх аснове разглядаем адметныя (з улікам індывідуальнага характару праяўлення). Да ліку абавязковых умоў адносяцца наяўнасць вобразнага мыслення, фантазіі, таленту, схільнасці да творчай дзейнасці, імкнення да арыгінальнасці. Неабходнымі з’яўляюцца таксама творчая добрасумленнасць, “нястомная праца” перакладчыка. Язэп Семяжон вызначаў важнасць і рацыянальнага і творчага пачаткаў, перавагу аддаваў таленту. Абавязковым для перакладчыка з’яўляецца таксама наяўнасць пэўных ведаў па гісторыі і тэорыі літаратуры, агульных звестак па некаторых іншых навуковых дысцыплінах (т. зв. «тэзаурус культуры перакладчыка»). І, вядома ж, без ведання мовы (калі не арыгінальнай, то мовы-пасрэдніцы) немагчымы сам працэс узнаўлення. На глыбіню ведання Язэпам Семяжонам моў паўплывала як вучоба на факультэце замежных моў, так і разнастайная перакладчыцкая практыка. Прычым сваю прафесійную дзейнасць Язэп Семяжон пачынаў як перакладчык-сінхраніст, пазней працаваў ваенным перакладчыкам. Гэтыя факты з’яўляюцца сведчаннем высокага ўзроўню ведання замежнай мовы: дадзеныя падвіды перакладу патрабуюць умення адначасова выконваць разнародную дзейнасць – слухаць на адной мове, перакладаць на іншую, не адстаючы пры гэтым ад тэмпу мовы апавядальніка. Але пачатак вывучэння ім замежных моў – яшчэ ў маленстве. Бацька Язэпа Семяжона працаваў лесніком, а таму жыць Язэпу нярэдка даводзілася ў чужых людзей на кватэры, каб было бліжэй да школы. Гаспадыня, у якой пэўны час кватараваў Язэп, выкладала ў школе нямецкую мову, а дома прызвычаіла сям’ю размаўляць на ёй два дні на тыдзень. З польскай мовай асвоіцца яму было лягчэй: гэтую мову чуваць было штодня, а ў суседнім мясцовым Савеце нават справаводства вялося па-польску. У выніку, яшчэ не ўмеючы пісаць, Язэп Семяжон ужо няблага разумеў яе і нават пакрысе размаўляў. Неабходнасць у веданні французскай мовы з’явілася ў час вучобы на драматургічных курсах. Англійская мова была прафілюючай у інстытуце. Веданне адзначаных моў спрыяла навучанню іншым: англійская дапамагала разумець галандскую, дацкую, шведскую, а французская – іспанскую. У гады Вялікай Айчыннай вайны перакладчык сутыкаўся і з італьянскай мовай: траплялі ў рукі розныя трафейныя матэрыялы і дакументы, якія неабходна было прачытваць.

Наступная ўмова, неабходная для перакладчыцкай творчасці, – уменне пераўвасабляцца. У гэтым сэнсе перакладчыцкая творчасць нагадвае акцёрскую. Дадзеная ўмова была дакладна ўлічана Язэпам Семяжонам, прычым не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе. Яна мела для яго дзейнасці важнае значэнне. З акцёрскай працы Іосіфа Ігнатавіча, які спачатку вучыўся на драматургічных курсах у Мінску (1931-1932), а пасля працаваў у БДТ-3 (1932-1934), бяруць пачатак, на маю думку, вытокі драматургічнага майстэрства ўзнаўленняў Язэпа Семяжона. Вялікі ўплыў на фарміраванне яго творчых прынцыпаў аказала майстэрства галоўнага рэжысёра і кіраўніка тэатра У. Галубка, які “ўмеў знаходзіць так званае “зярнятка” вобраза і яркасцю свайго сцэнічнага выканання, сваім акцёрскім тэмпераментам адцяняў гэтую знаходку, не парушаючы прытым агульнай трактоўкі таго ж вобраза ў п’есе” [7,  14]. Язэп Семяжон не толькі бачыў акцёрскую ігру, але і з’яўляўся выканаўцам шматлікіх роляў. Аднойчы ён замяніў на спектаклі самога У. Галубка. Такім чынам, пры ўзнаўленні драматычных твораў Язэп Семяжон абапіраўся не толькі на свой перакладчыцкі густ, але і на ўласны акцёрскі вопыт, дзякуючы якому ён дакладна ўзнаўляў індывідуальнасць кожнага вобраза, мову і характар персанажа – з улікам сцэнічнага пераўвасаблення.

Адзначаючы значнасць катэгорыі “пераўвасаблення” для творчасці Язэпа Семяжона, нельга не вылучыць малавядомы факт існавання тэатральных пастановак па яго ўзнаўленнях. У біябібліяграфічным даведніку “Беларускія пісьменнікі” адзначаецца толькі адзін тэатральны пераклад Язэпа Семяжона (п’еса У. Шэкспіра “Дванаццатая ноч”). Аднак архіўныя матэрыялы раскрылі новыя дадзеныя – колькасць тэатральных пастановак па перакладах Язэпа Семяжона з’яўляецца даволі вялікай:



  • камедыя У. Шэкспіра “Утаймаванне наравістай” – у Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Якуба Коласа (сезон 1958 – 62 гг.);

  • камедыя Дж. Гарыка “Шлюб па сакрэту” – у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы (сезон 1958 – 62 гг. );

  • трагедыя У. Шэкспіра “Кароль Лір” – у Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Якуба Коласа (1965 г.);

  • п’еса В. Розава “Традыцыйны збор” – у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы (сезон 1967 – 69 гг.);

  • камедыя У. Шэкспіра “Дванаццатая ноч, альбо Што пажадаеце” – у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача (1976 г.);

  • камедыя Э. Скрыба “Лесвіца Славы, альбо Альянс дзеля кар’еры” – у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы.

Акрамя неабходных умоў, без наяўнасці якіх творчая індывідуальнасць не вылучаецца, важнае значэнне маюць фактары, якія яе фарміруюць, сярод іх – знешнія (грамадска-гістарычныя абставіны) і ўнутраныя (асаблівасці характару, светапогляду, адметных творчых здольнасцей). У фарміраванні творчай індывідуальнасці Язэпа Семяжона-перакладчыка назіраецца цеснае перапляценне знешніх і ўнутраных фактараў. Так, першыя пераклады Язэпа Семяжона былі надрукаваны ў 1938 годзе. Дзейнасць перакладчыка пачалася з узнаўлення паэзіі Дж. Байрана – верша “Змрок на душы маёй” і ўрыўка “Развітанне Чайльд-Гарольда” з паэмы “Паломніцтва Чайльд-Гарольда”. Рэгулярна пачаў друкавацца перакладчык з 1954 года. У 1942 – 1953 гг. Язэп Семяжон спачатку служыў у ваеннай разведцы, а пасля працаваў ваенным перакладчыкам. Прамежак часу паміж пачаткам перакладчыцкай дзейнасці і пастаяннай працы на ніве мастацкага перакладу не прайшоў марна для Язэпа Семяжона, перакладчыка-творцы: ён удасканальваў сваё прафесійнае перакладчыцкае майстэрства, паглыбляў веды па замежных мовах, рабіў накіды мастацкіх перакладаў, якія выдадзены былі ўжо ў пасляваенныя гады.

Аднак пачатак творчасці Язэпа Семяжона знаходзіць сваё адлюстраванне задоўга да 1938 года, у якім быў апублікаваны яго першы пераклад. Так, бiябiблiяграфiчны слоўнiк “Беларускiя пiсьменнiкi” падае наступныя звесткi: “Першы верш Я. Семяжона быў надрукаваны ў 1931 годзе ў часопiсе “Беларуская работнiца i сялянка” (публiкацыя не выяўлена)” [2,  288]. Падставай для сцверджання паслужылi словы самога Iосiфа Iгнатавiча ў размове з Алесем Марцiновiчам [3,  189]. Аднак нi нумар часопiса, нi назва верша так i не былi вызначаны даследчыкамi творчасцi Язэпа Семяжона. У ходзе праведзеных намі пошукаў шляхам супастаўлення бiяграфiчных звестак пра перакладчыка i сведчання аўтара была знойдзена публiкацыя першага ўласнага верша Язэпа Семяжона, якая з’яўляецца пачаткам яго творчай дзейнасцi. Штуршком для вызначэння твора паслужыла памета, змешчаная ў канцы верша ў адным з нумароў часопiса “Беларуская работнiца i сялянка”: “Калгас “Перамога” 1931 год”. Параўнанне яе з бiяграфiчным фактам (менавiта ў калгасе “Перамога” працаваў Я. Семяжон рахункаводам пасля заканчэння Смiлавiцкай СШ) дало падставу для вызначэння аўтарства дадзенай публiкацыi.

Такім чынам, дзейнасць прафесійнага перакладчыка Язэпа Семяжона паходзіць з арыгінальнай творчасці. Але 30-я гады XX ст., як мы ведаем, нікому з беларускіх мастакоў слова не далі прасторы для самавыяўлення. Гэта і паслужыла падставай для спынення ўласнай паэтычнай творчасці. Вось як расказваў аб гэтым сам перакладчык: “А што вершы перастаў пісаць, у нейкай ступені сказалася і тагачасная абстаноўка ў краіне. Вельмі ж было шмат ахвотнікаў знаходзіць “нешта” паміж радкоў. Таму вырашыў лепш займацца перакладамі…” [3,  189]. У гэтым і выяўляецца трагічны аспект дзейнасці Язэпа Семяжона: 30-я гады нарадзілі яго як творчую асобу, і тыя ж 30-я не дазволілі ёй свабодна развівацца. Між іншым, беларускага перакладчыка сталінскія рэпрэсіі не абмінулі: чатыры месяцы Язэп Семяжон правёў у турме.

Той факт, што дзейнасць прафесійнага перакладчыка Язэпа Семяжона паходзіць з арыгінальнай творчасці, на сённяшні дзень наогул з’яўляецца малавядомым. Язэп Семяжон больш вядомы як паэт, які рэалізаваўся толькі праз пераклад. Абвяржэннем гэтага можа паслужыць не толькі наяўнасць прыгаданага вышэй першага верша. Арыгінальнай творчасцю Язэп Семяжон займаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час. З франтавых пісьмаў, якія захоўваюцца ў сямейным архіве Семяжонаў, нам стала вядома, што Іосіф Ігнатавіч вёў дзённікі ў гады вайны. У гэтых дзённіках Язэп Семяжон змяшчаў свае нарысы аб перажытым, а таксама ўласныя вершы на рускай і беларускай мовах. Але паколькі ён служыў у ваеннай разведцы, амаль усе гэтыя пісьмовыя дакументы былі знішчаны.

Арыгінальная творчасць адыграла важную ролю ў фарміраванні індывідуальнай перакладчыцкай культуры Язэпа Семяжона. Калі ў творчасці пісьменнікаў-перакладчыкаў мастацкі пераклад адыгрывае ролю школы майстэрства, дзякуючы якой аўтар шліфуе магчымасці і сродкі паэтычнага выказвання, то ў дзейнасці прафесійнага перакладчыка Язэпа Семяжона арыгінальная творчасць з’явілася той “жывінкай”, дзякуючы якой любы яго пераклад успрымаецца чытачамі як самабытны беларускі твор.

Унутраным фактарам фарміравання творчага патэнцыялу перакладчыка, першапрычынай самабытнысці мовы яго ўзнаўленняў з’яўляюцца народныя карані Язэпа Семяжона. Яго маці Матруна Андрэеўна ведала шмат народных песень, паданняў, добра спявала. Язэп Семяжон таксама любіў народную творчасць, імкнуўся далучыць да яе шырокія колы грамадства. Ён збіраў народныя песні, запісваў іх са слоў маці, перадаваў вядомым даследчыкам Г. Цітовічу, Р. Шырме (якія з’яўляліся складальнікамі зборнікаў народных песень), дасылаў у часопісы народныя прыказкі і прымаўкі. Магчыма, што менавіта па прычыне зацікаўленасці Язэпа Семяжона народнай творчасцю, у яго перакладах, арыгінальных творах, пісьмах сустракаецца шмат прыказак, трапных выразаў, а іх мова вылучаецца багаццем і сакавітасцю.

Важнае месца ў фарміраванні культуры перакладчыцкай творчасці Язэпа Семяжона адыграў выбар твораў і аўтараў для перакладу. Тут значную ролю адыгралі і рацыянальны, і эмацыянальны аспекты.

З аднаго боку, перакладчык імкнуўся шляхам увасаблення іншамоўнага твора на роднай мове ўзбагаціць культуру свайго народа. На яго думку, узнаўляць неабходна тыя творы, якія з’яўляюцца сапраўднымі здабыткамі сусветнай літаратуры. Калі мы паглядзім на пералік асоб, перакладам твораў якіх займаўся Язэп Семяжон – Дж. Байран, Р. Бёрнс, В. Блэйк, Б. Брэхт, Г. Гейнэ, А. Міцкевіч, У. Шэкспір, – то можам з упэўненасцю адзначыць, што гэта былі геніі сусветнай культуры.

Разам з тым, пэўны адбітак на перакладчыцкім выбары пакінулі грамадска-гістарычныя асаблівасці таго часу. У савецкія гады да дня паэзіі, культуры народаў СССР, юбілейных дат пісьменнікаў звычайна планавалася выданне зборнікаў перакладаў альбо ўключэнне ўзнаўленняў з зададзенай тэматыкай на старонкі перыядычнага друку. Прычым не ва ўсіх выпадках гэта быў пераклад самых яркіх і адметных твораў пэўнага аўтара ці здабыткаў нацыянальнай культуры: асобная іх частка была пазначана адпаведным сацыяльным зместам. Язэп Семяжон як прафесійны перакладчык таксама запрашаўся да ўдзелу ў дадзеных выданнях. Адпаведны перакладчыцкі выбар можна расцаніць і як вынік праяўлення грамадзянскай актыўнасці: у той час лічылася, што “пісьменнік становіцца творчай індывідуальнасцю не раней, чым ён адчуе сябе грамадзянінам” [1, 232].

Аднак перакладчык – не штампоўшчык, яго творчая індывідуальнасць мае свае непаўторныя асаблівасці і адметнасці. Сярод іх значнае месца займаюць светаадчуванне, асабістыя прыхільнасці перакладчыка. Таму, у прыватнасці, для Б. Пастэрнака У. Шэкспір быў не проста аўтарам арыгінала: «Перад Пастэрнакам быў не аўтар, які захапляў і клікаў да перакладчыцкага варштата. Не, гэта была адна са стыхій свету, гэта было другое імя творчага пачатку жыцця» [4, 112]. Язэп Семяжон таксама лічыў, што перакладчык павінен выбіраць сабе аўтараў як сяброў – па сэрцу. І, магчыма, таму такую ж значнасць, якой валодаў У. Шэкспір у вачах Б. Пастэрнака, меў шатландзец Р. Бёрнс для Язэпа Семяжона. Узнаўленне паэзіі А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Дж. Байрана і многіх іншых аўтараў таксама з’яўлялася «асабістым» для перакладчыка.

На перакладчыцкі выбар твораў паўплывалі таксама і знешнія абставіны. Да іх ліку мы адносім вучобу Язэпа Семяжона ў вядомага шэкспіразнаўцы М.М. Марозава. Нямала зрабіў гэты вучоны для папулярызацыі перакладаў Б. Пастэрнака, С. Маршака. І таму вучоба Язэпа Семяжона ў прафесара Марозава нам падаецца вельмі значным фактам. Магчыма, яна з’яўляецца адной з прычын высокага ўзроўню семяжонавых перакладаў У. Шэкспіра, тонкага разумення аўтарскага стылю арыгінальных твораў.

Спадчына Язэпа Семяжона – гэта не толькі пераклады, арыгінальныя творы, але і шматлікія артыкулы. За гады творчай дзейнасці іх у Язэпа Семяжона назбіралася на цэлую кнігу, але даследчык пры жыцці так і не паспеў яе выдаць. Артыкулы Язэпа Семяжона патрабуюць, на наш погляд, глыбокага тэарэтычнага асэнсавання, а таксама ўвасаблення і сістэматызацыі ў адпаведным аўтарскім перакладазнаўчым выданні (накшталт зборніка крытычных артыкулаў і эсэ Ю. Гаўрука “Ступень адказнасці”).

Стыль Язэпа Семяжона фармаваўся пад непасрэдным уплывам творчых традыцый мастацкага перакладу. Пры ўзнаўленні шэкспіраўскай драматургіі Язэп Семяжон абапіраўся на прынцыпы ў пераасэнсаванні арыгінала, уведзеныя Б. Пастэрнакам. Высокі ўзровень класічнай «маршакоўскай школы» падштурхоўваў Язэпа Семяжона да пошуку адметных шляхоў пры перакладзе паэзіі Р. Бёрнса. Вылучаючы рускія традыцыі перакладу, першаснымі для сябе Язэп Семяжон лічыў беларускія – скарынаўскую і купалаўскую. Аналізуючы дасягненні Скарыны-перакладчыка, Язэп Семяжон адзначаў яго творчы падыход да ўзнаўлення. На яго думку, мэту сваіх перакладаў біблейскіх кніг першадрукар бачыў ва ўзбагачэнні, далучэнні іншамоўных здабыткаў да сваёй нацыянальнай культуры: “ён прызнаецца, што яго турбавала не “спакушэнне” прывіднай дакладнасці перакладаць слова ў слова», а «апантанасць пераносіць на паперу гусіным пяром, як жывапісец пэндзлем фарбы з чужой карціны на сваю” [6, 190]. Адметнасць Купалы-перакладчыка Язэп Семяжон бачыў у высокім узроўні дакладнасці, паэтычнасці, у віртуознай адточанасці паэтычнай думкі яго перакладаў, сіле эмацыянальнага ўздзеяння на чытача, адзначаў творчы характар купалаўскіх узнаўленняў. Важнымі і ўзорнымі для сябе Язэп Семяжон лічыў таксама вынікі творчага вопыту М. Багдановіча, Ю. Гаўрука, Якуба Коласа і іншых беларускіх перакладчыкаў. Творчыя падыходы Язэпа Семяжона, прадаўжальніка творчых традыцый нацыянальнага перакладу, былі ўзяты на ўзбраенне многімі практыкамі і тэарэтыкамі беларускага мастацкага перакладу. Сярод галоўных урокаў, атрыманых у Язэпа Семяжона, В. Рагойша вылучае, у прыватнасці, урокі творчасці і майстэрства. На яго думку, “у Семяжона можна вучыцца творчай мэтанакіраванасці, цэласнасці эстэтычных поглядаў, майстэрству, мове – як у кожнага сапраўднага арыгінальнага паэта” [5, 11].

Такім чынам, уяўленне аб творчай індывідуальнасці перакладчыка – гэта абагульненне, якое ствараецца на аснове даследавання жыццёвага, духоўнага і мастацкага вопыту асобы. Фарміраванне перакладчыцкай індавідуальнасці Язэпа Семяжона адбывалася пры наяўнасці пэўных умоў і фактараў, вывучэнне якіх дазволіла ўбачыць адметнасць асобы перакладчыка, наяўнасць у яе пэўных навыкаў, творчых здольнасцяў, схільнасцяў да арыгінальнай мастацкай дзейнасці, якія прадвызначылі высокі ўзровень мастацкай культуры перакладаў Язэпа Семяжона і наяўнасць індывідуальнага перакладчыцкага стылю.


Літаратура

  1. Адамовіч А. Культура творчасці: Літ. -культ. артыкулы. Мн., 1959.

  2. Беларускiя пiсьменнiкi. Бiябiблiяграфiчны слоўнiк у 6 т. Мн., 1995. Т. 5: Пестрак – Сяўрук.

  3. Марцiновiч А. Сэрца, раскрытае насцеж // Полымя. 1989. №11. С. 187 – 191.

  4. Озеров Л. Заметки Пастернака о Шекспире // Мастерство перевода: Сборник. М.: Сов., 1968. С. 111 – 118.

  5. Рагойша В. П. Вышыня // Полымя. 1974. №11. С. 213 – 219.

  6. Семеженов И. О передаче национальной специфики // Художественный перевод: Взаимодействие и взаимообогащение литератур: Сб. ст. Ереван, 1973. С. 189 – 195.

  7. Семяжон Я. На сцэнiчных падмостках // ЛiМ. 1982. 14 мая. С. 14.



ІІІ
ПРАБЛЕМЫ БЕЛАРУСКАЙ ФАЛЬКЛАРЫСТЫКІ



: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> В. П. Рагойша беларускае вершаванне
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Актуальныя праблемы тэорыі літаратуры і фальклору Працы членаў кафедры
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Змест Ад аўтара
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> С. В. Шамякіна Вобразы-локусы беларускіх чарадзейных казак: структура вобраза і міфалагічныя ўяўленні
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> 1. літаратуразнаўства як навука сістэма ведаў пра літаратуру
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Беларускія вяснянкі ў запісах Р. Р. Шырмы: узроўні аналізу


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка