Deus caritas est



старонка4/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.5 Mb.
1   2   3   4

36. Разуменне бясконцасці патрэбаў можа, з аднаго боку, схіляць нас да ідэалогіі, якая прэтэндуе на выкананне таго, што, як нам здаецца, не можа зрабіць Божая ўлада над светам: поўнае вырашэнне кожнай праблемы. З іншага боку, гэта можа стаць спакусай быць пасіўнымі, бо і так нічога нельга зрабіць. У гэтай сітуацыі жывы кантакт з Хрыстом з’яўляецца рашучай дапамогай, каб застацца на правільнай дарозе: не стаць ганарыстым, бо гэта прыніжае чалавека і на самой справе нічога не будуе, але хутчэй разбурае, а таксама не паддацца адрачэнню, якое не дазволіла б, каб у служэнні чалавеку мы кіраваліся любоўю. Малітва, як спосаб чэрпання нанова сілаў ад Хрыста, з’яўляецца цалкам канкрэтнай неабходнасцю. Той, хто моліцца, не губляе часу, нават калі становішча безвыходнае і, здаецца, штурхае нас толькі да дзейнасці. Пабожнасць не аслабляе барацьбы з беднасцю бліжняга. Благаслаўлёная Тэрэза з Калькуты з’яўляецца яскравым прыкладам таго, што час, прысвечаны Богу ў малітве, не толькі не перашкаджае эфектыўнай і дзейснай любові да бліжняга, але з’яўляецца яе невычэрпнай крыніцай. У Пасланні на Вялікі пост 1996 года благаслаўлёная пісала сваім свецкім супрацоўнікам: “Мы патрабуем гэтай глыбокай лучнасці з Богам у нашым штодзённым жыцці. Як можам атрымаць яе? Праз малітву”.


37. Надышоў момант, каб пацвердзіць важнасць малітвы ў параўнанні з празмернай актыўнасцю і небяспечнай секулярызацыяй многіх хрысціян, якія заняты дабрачыннай дзейнасцю. Безумоўна, хрысціянін, які моліцца, не хоча змяняць Божых планаў ці папраўляць тое, што прадугледзіў Бог. Ён прагне нечага большага, спаткання з Айцом Езуса Хрыста, просячы, каб Ён прысутнічаў разам з суцяшэннем Духа ў ім і ў яго працы. Цесная лучнасць з Асабовым Богам і прысвячэнне сябе Яго волі захоўвае чалавека ад дэградацыі, вызваляе з няволі фанатычных і тэрарыстычных дактрын. Сапраўдная рэлігійная пастава захоўвае чалавека ад узнясення сябе да ролі суддзі Бога, абвінавачвання Яго ў тым, што Ён дазваляе існаваць беднасці і не спачувае сваім стварэнням. На каго зможа разлічваць той, хто спрабуе змагацца з Богам у імя дабра чалавека, калі людская дзейнасць стане бездапаможнай?


38. Безумоўна, Ёў можа скардзіцца перад Богам на прысутнасць у свеце незразумелага і відавочна неапраўданага цярпення. Ёў так кажа пра свой боль: “О, калі б я ведаў, дзе знайсці Яго, і мог падысці да трону Яго! Даведаўся б словы, што Ён скажа мне. Няўжо Ён ва ўсёй магутнасці стаў бы спаборнічаць са мной? Таму я трапячу перад Ягоным тварам; разважаю аб Ім і баюся Яго. Бог напаўняе страхам маё сэрца, Усемагутны напалохаў мяне” (23, 3.5-6.15-16). Часта не дадзена нам пазнаць, чаму Бог стрымлівае руку сваю і не ўмешваецца. Зрэшты, Ён не забараняе нам усклікаць, як Езус на крыжы: “Божа Мой, Божа Мой! Навошта Мяне пакінуў?” (Мц 27, 46). Мы павінны заставацца з гэтым пытаннем перад Ім у малітоўным дыялогу: “Дакуль, Валадару Святы і Праўдзівы, будзе гэта?” (Ап 6, 10). Св. Аўгустын дае адказ веры на нашае цярпенне: “Si comprehendis, non est Deus (калі ты разумееш, гэта не Бог)”35. Наш пратэст не з’яўляецца выклікам Богу ці меркаваннем, што Ён памыляецца, слабы або абыякавы. Для веруючага немагчыма ўявіць, што Бог бездапаможны ці “спіць” (пар. 1 Вал 18, 27). Наадварот, наш вокліч з’яўляецца, як і на вуснах укрыжаванага Хрыста, канчатковым і найглыбейшым спосабам выяўлення нашай веры ў Яго ўсемагутнасць. Нават у сваім смутку і няздольнасці зразумець навакольны свет хрысціяне працягваюць верыць у “дабрыню і чалавекалюбства Бога” (пар. Ціт 3, 4). Хоць яны, як іншыя людзі, жывуць у драматычных складаных гістарычных сітуацыях, яны захоўваюць упэўненасць, што Бог з’яўляецца Айцом і любіць нас, нават калі Яго маўчанне застаецца для нас незразумелым.


39. Вера, надзея і любоў непадзельныя. Надзея на практыцы праяўляецца ў цноце цярплівасці, якая працягвае рабіць дабро нават у сітуацыі відавочнага паражэння, і ў пакоры, якая прымае таямніцу Бога і давярае Яму нават у цемры. Вера паказвае нам Бога, які аддаў свайго Сына за нас і абуджае ў нас пераможную ўпэўненасць, што гэта сапраўды так: Бог ёсць любоў! Такім чынам яна ператварае нашу нецярплівасць і нашыя сумненні ў перакананую надзею, што Бог трымае свет у сваіх руках і што, нягледзячы на ўсю цемру, Ён перамагае, як гэта радасна паказвае драматычная вобразнасць Апакаліпсіса. Вера, якая знаходзіць любоў Бога ў прабітым сэрцы Езуса на крыжы, з свайго боку нараджае любоў. Яна з’яўляецца святлом, і па сутнасці, адзіным святлом, якое можа заўсёды асвячаць цемру свету і дае нам адвагу жыць і дзейнічаць. Любоў магчыма, і мы можам яе рэалізаваць, таму што мы створаны паводле вобразу Бога. Жыць любоўю і, такім чынам, дазваляць святлу Бога ўваходзіць у свет – менавіта да гэтага я хацеў заахвоціць у гэтай энцыкліцы.


ЗАКЛЮЧЭННЕ
40. На прыканцы паглядзім на святых, на тых, хто быў прыкладам спраў caritas. Нашыя думкі асабліва звяртаюцца да Марціна з Турс († 397), жаўнера, які стаў манахам і біскупам: ён ілюструе неад’емную вартасць асабістага сведчання любові. Каля брам Аміенса Марцін дзеліцца паловай свайго плашча з бедным: сам Езус з’яўляецца яму ўначы ў сне, апрануты ў гэты плашч, каб пацвердзіць вечнае значэнне евангельскага слова: “Быў голы, і вы апранулі Мяне (...) Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне гэта зрабілі” (Мц 25, 36.40)36. Колькі іншых прыкладаў з гісторыі Касцёла можна было б прывесці! У прыватнасці, увесь манаскі рух з самага яго пачатку са святым Антоніем абатам († 356) паказвае вялікую дабрачынную паслугу бліжняму. Становячыся “тварам у твар” з Богам, які ёсць Любоў, манах адчувае пільную патрэбу перамяніць усё сваё жыццё ў служэнне бліжняму разам са служэннем Богу. Гэтым можна растлумачыць узнікненне вялікіх асяродкаў пры манастырах, дзе прымалі, лячылі і апекаваліся слабымі. Гэта таксама тлумачыць шматлікія ініцыятывы, мэта якіх – дабрабыт людзей і хрысціянская фармацыя, прызначаныя перш за ўсё для бедных, якія на працягу ўсёй гісторыі Касцёла спачатку здзяйснялі манаскія і жабрацкія ордэны, а пазней розныя мужчынскія і жаночыя законныя супольнасці. Постаці такіх святых, як Францішак Асізскі, Ігнацый Лаёла, Ян Божы, Каміль Леліскі, Вінцэнт де Поль, Луіза дэ Марылак, Юзаф Б. Каталенга, Ян Боско, Людвік Арыёнэ, Тэрэза з Калькуты – гэта толькі некаторыя імёны, якія застаюцца выдатнымі прыкладамі агульнай любові да ўсіх людзей добрай волі. Святыя з’яўляюцца сапраўднымі носьбітамі святла ў гісторыі, таму што яны, мужчыны і жанчыны, – людзі веры, надзеі і любові.
41. Сярод святых вылучаецца Марыя, Маці Пана і люстэрка ўсялякай святасці. У Евангеллі св. Лукі мы бачым Яе занятую служэннем любові Альжбеце, у якой Яна застаецца “каля трох месяцаў” (1, 56), каб дапамагаць ёй у апошнія месяцы цяжарнасці. „Magnificat anima mea Dominum (велічае душа Мая Пана)” (Лк 1, 46), – кажа Яна з нагоды гэтага візіту. Такім чынам Яна выражае мэту свайго жыцця: не ставіць сябе ў цэнтры, але пакідае месца для Бога, якога сустракае як у малітве, так і ў служэнні бліжняму. Толькі так свет становіцца добрым. Веліч Марыі ў тым, што Яна хоча праславіць не сябе, але Бога. Яна пакорная: не хоча быць нікім іншым, як толькі слугой Пана (пар. Лк 1, 38.48). Яна ведае, што толькі тады, калі Яна не выконвае сваіх спраў, але аддае сябе ў поўную ўласнасць Богу, Яна ўдзельнічае ў збаўленні свету. Марыя – гэта жанчына надзеі: толькі таму, што верыць у Божае абяцанне і чакае збаўлення Ізраэля, Анёл можа прыйсці да Яе і паклікаць да канчатковага служэння гэтым абяцанням. Марыя – жанчына веры: “Шчаслівая тая, якая паверыла”, – кажа Ёй Альжбета (Лк 1, 45). Magnificat, так бы мовіць, партрэт Яе душы, цалкам сатканы з ніцяў Святога Пісання, з ніцяў Божага слова. Такім чынам аб’яўляецца, што ў слове Божым Яна адчувае сябе як дома, натуральна выходзіць і зноў уваходзіць. Яна кажа і думае паводле слова Божага, слова Божае робіцца Яе словам, а Яе слова нараджаецца з Божага слова. Больш за тое, тут аб’яўляецца таксама, што Яе думкі сугучныя Божым, што Яе воля ідзе разам з Божай воляй. Яна, напоўненая Божым словам, можа стаць Маці Уцелаўлёнага Слова. Зрэшты, Марыя – жанчына, якая любіць. Як магло быць інакш? Будучы веруючай, яна ў веры думае Божымі думкамі і прагне згодна з Божай воляй, Яна можа быць толькі жанчынай, якая любіць. Мы адчуваем гэта ў ціхіх жэстах, пра якія кажуць евангельскія апавяданні аб дзяцінстве. Мы бачым гэта ў далікатнасці, з якой Яна заўважае патрэбу сужэнцаў у Кане і кажа аб ёй Езусу. Мы бачым гэта ў пакоры, з якой Яна прымае тое, што прыходзіцца заставацца ў ценю ў перыяд публічнай дзейнасці Езуса, ведаючы, што Сын павінен цяпер заснаваць новую сям’ю, і што час Маці прыйдзе толькі ў хвіліну крыжа, якая будзе сапраўдным часам Езуса (пар. Ян 2, 4; 13, 1). Тады, калі вучні ўцякаюць, Яна застаецца пад крыжам (пар. Ян 19, 25-27); пазней, у час Пяцідзесятніцы, яны пазбіраюцца вакол Яе, чакаючы Духа Святога (пар. Дз 1, 14).
42. Жыццё святых не абмяжоўваецца толькі іх зямной біяграфіяй, але ўключае іх жыццё і працу ў Богу пасля смерці. Гледзячы на святых, мы разумеем: хто імкнецца да Бога, не аддаляецца ад людзей, але робіцца сапраўды ім блізкім. Ніхто іншы, як толькі Марыя, не можа паказаць нам гэта больш выразна. Словы, скіраваныя Укрыжаваным да вучняў – да Яна, а праз яго да ўсіх вучняў Езуса: “Вось Маці твая” (Ян 19, 27), – у кожным наступным пакаленні спаўняюцца зноў нанова. Марыя фактычна стала Маці ўсіх веруючых. Людзі ўсіх часоў і з усіх куткоў свету звяртаюцца да Яе матчынай дабрыні, да Яе чыстасці і дзявочай прыгажосці са сваімі патрэбамі і надзеямі, са сваімі радасцямі і цярпеннямі, у сваёй самотнасці і ў выпрабаваннях супольнага жыцця. Яны заўсёды адчуваюць Яе дабрыню, Яе невычэрпную любоў, якая выплывае з глыбіні Яе сэрца. Сведчанні ўдзячнасці, якія чуюцца з усіх кантынентаў і з розных культур, з’яўляюцца прызнаннем гэтай чыстай любові, якая не шукае сябе самой, але проста хоча дабра. Адначасова любоў вернікаў яскрава сведчыць, якім чынам гэта любоў магчыма: яна нараджаецца, дзякуючы глыбокай лучнасці з Богам, праз якую мы напаўняемся Ім – гэта ўмова, якая дазваляе тым, хто чэрпаў з крыніцы Божай любові, у сваю чаргу стаць “крыніцамі жывой вады” (пар. Ян 7, 38). Марыя, Дзева і Маці, паказвае нам, чым з’яўляецца любоў і адкуль яна бярэ сваю моц, якая заўсёды аднаўляецца. Ёй давяраем Касцёл, яго місію ў служэнні любові:

Святая Марыя, Маці Божая, Ты дала свету сапраўднае святло, Езуса, Твайго Сына, Божага Сына. На Божы заклік Ты аддала сябе цалкам i так стала крыніцай дабрыні, якая з Яго выцякае. Пакажы нам Езуса. Вядзі нас да Яго. Навучы нас пазнаваць і любіць Яго, каб мы таксама змаглі па-сапраўднаму любіць і сталі крыніцамі жывой вады у сасмяглым свеце.


Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 25 снежня 2005 года, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, у першы год Майго пантыфікату.

BENEDICTUS PP. XVI


Пар. Jenseits von Gut und Böse, IV, 168.

X, 69.

Пар. R. Descartes, Oeuvres, curante V. Cousin, vol. 12, Paris 1824, pp. 95ss.



II, 5: SCh 381, 196.

Тамcама, 198.

Пар. Metaphysica, XII, 7.

Пар. Pseudo-Dionysius Areopagita, які ў сваім De divinis nominibus, IV, 12-14: PG 3, 709-713, называе Бога і eros, і agape.

Convivium, XIV-XV, 189c-192d.

Sallustius, De coniuratione Catilinae, XX, 4.

Пар. S. Augustinus, Confessiones, III, 6, 11: CCL 27, 32.

De trinitate, VIII, 8, 12: CCL 50, 287.

Пар. I Apologia, 67: PG 6, 429.

Пар. Apologeticum 39, 7: PL 1, 468.

Ep. ad Rom., Inscr.: PG 5, 801.

Пар. S. Ambrosius, De officiis ministrorum, II, 28, 140: PL 16, 141.

Пар. Ep. 83: J. Bidez, L’Empereur Julien. Oeuvres complètes, Paris 19602, v. I, 2a, p. 145.

Пар. Congregatio pro Episcopis, Directorium ministerii pastoralis Episcoporum Apostolorum Successores (22 Februarii 2004), 194: Città del Vaticano 2004, 2a, 205-206.

De Сivitate Dei, IV, 4: CCL 47, 102.

Пар. Const. past. de Ecclesia in mundo huius temporis Gaudium et spes, 36.

Пар. Congregatio pro Episcopis, Directorium ministerii pastoralis Episcoporum Apostolorum Successores (22 Februarii 2004), 197: Cittа del Vaticano 2004, 2a, 209.

Пар. Ioannes Paulus II, Adhort. Ap. post-sinodalis Christifideles laici (30 Decembris 1988), 42: AAS 81 (1989), 472.

Congregatio pro Doctrina Fidei, Nota dottrinale circa alcune questioni riguardanti l’impegno e il comportamento dei cattolici nella vita politica (24 Novembris 2002), 1: L’Osservatore Romano, 17 Ianuarii 2003, с. 6.

Catechismus Catholicae Ecclesiae, 1939.

Decretum de apostolatu laicorum Apostolicam actuositatem, 8.

Тамсама, 14.

Пар. Congregatio pro Episcopis, Directorium ministerii pastoralis Episcoporum Apostolorum Successores (22 Februarii 2004), 195: Cittа del Vaticano, 2004, 2a, 206-208.

Пар. Ioannes Paulus II, Adhort. Ap. post-sinodalis Christifideles laici (30 Decembris 1988), 41: AAS 81 (1989) 470-472.

Пар. № 32: AAS 80 (1988), 556.

№ 43: AAS 87 (1995), 946.

Пар. Congregatio pro Episcopis, Directorium ministerii pastoralis Episcoporum Apostolorum Successores (22 Februarii 2004), 196: Cittа del Vaticano 2004, 2a, 208.

Пар. Pontificale Romanum, De ordinatione episcopi, 43.

Пар. can. 394; Codex Canonum Ecclesiarum Orientalium, can. 203.

Пар. №№. 193-198, 204-210.

Пар. тамсама, 194, 205-206.

Sermo 52, 16: PL 38, 360.

Пар. Sulpicius Severus, Vita Sancti Martini, 3, 1-3: SCh 133, 256-258.

Адноўлена 17.09.2009 16:09








Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал