Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»


ЗАКЛЮЧЭННЕ Асноўныя навуковыя высновы дысертацыі



старонка2/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер450.85 Kb.
1   2   3

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Асноўныя навуковыя высновы дысертацыі:

1. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі прадстаўніцы вышэйшага саслоўя былі ўключаны ў працэс інтэграцыі ў вышэйшае саслоўе Расійскай імперыі – дваранства. Інтэграцыя адбывалася дзвюма шляхамі: 1) апасрэдавана праз мужчынскую частку саслоўя (мужчыны прыносілі прысягу на вернасць імператрыцы ад сябе і свайго сямейства і прадстаўлялі неабходныя дакументы); 2) асабіста праз прынясенне прысягі ўдовамі, якія валодалі вялікай зямельнай маёмасцю. З 1785 г. усе саслоўныя правы дваранства рэгуляваліся “Граматай на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага Расійскага дваранства”. У адпаведнасці з гэтым дакументам асноўнымі спосабамі набілітацыі жанчын з’яўляліся: 1) перадача дваранскага статусу ад бацькі дачцэ (патомныя дваранкі); 2) атрыманне жанчынай дваранскага статусу праз шлюб з дваранінам ці ў час шлюбнага жыцця ў выніку надзялення мужа дваранскім статусам за выслугу ці ўзнагароды.

Дваранскія правы і прывілеі былі для жанчын неад’емнымі і захоўваліся: а) у выпадку пазбаўлення дваранства бацькі ці мужа; б) у выпадку шлюбу з прадстаўніком ніжэйшага саслоўя. Самі ж дваранкі не з’яўляліся крыніцай набілітацыі. У шлюбных мезальянсах іх дваранскія прывілеі не перадаваліся мужам ніжэйшага саслоўнага статуса, а таксама не распаўсюджваліся на дзяцей ад такіх шлюбаў. Не з’яўляючыся крыніцай набілітацыі, дваранкі не маглі актыўна ўдзельнічаць у працэсе ўпарадкавання дваранскага саслоўя. Пошукі доказаў свайго дваранскага паходжання жанчынамі былі рэдкімі і насілі не стратэгічны (перадача дваранскіх правоў і спадчыны дзецям), а індывідуальна-меркантыльны характар (атрыманне індывідуальных саслоўных ільгот) [16].

2. Сфера шлюбна-сямейных адносін фармальна працягвала рэгулявацца нормамі Статута ВКЛ і пунктамі § 10 Трактату 1767 г. Аднак з пачатку ХІХ ст. на агульнаімперскім узроўні пачаўся працэс уніфікацыі шлюбна-сямейнага заканадаўства, што паўплывала на змены ў сферы шлюбна-сямейных адносін на беларускіх землях. Уніфікацыя адбывалася ў некалькіх напрамках. Па-першае, змены адбыліся ў правілах заключэння і скасавання шлюбных адносін. У выніку: а) умовы заключэння шлюбу былі ўніфікаваны па праваслаўнаму канону; б) быў павышаны ўзрост шлюбнага паўналецця для ўсіх хрысціянскіх канфесій на падставе тэндэнцый у грамадстве; в) абавязковым элементам пры заключэнні шлюбных адносін стала згода на шлюб з боку бацькоў ці апекуноў, а ў некаторых выпадках яшчэ ваеннага / паліцэйскага начальства, а часам і імператара. Скасаванне шлюбных адносін знаходзілася цалкам у юрысдыкцыі духоўных улад кожнай хрысціянскай канфесіі. У выніку падставы для разводаў і формы разводаў у розных канфесій заставаліся рознымі, што ў сваю чаргу ўплывала на ўзаемаадносіны сужэнцаў і стварала розныя мадэлі шлюбных саюзаў – праваслаўную, каталіцкую і пратэстанцкую. Другі напрамак дзяржаўнага рэгулявання датычыўся міжасабовых і маёмасных адносінаў сужэнцаў, а таксама ўніфікацыі спадчынных правоў дваранак заходніх губерняў. У 1819 г. у Расійскай імперыі былі забаронены шлюбныя кантракты, якія з’яўляліся падмуркам шлюбна-сямейных адносін вышэйшага саслоўя былога ВКЛ. Па імперскаму шлюбна-сямейнаму заканадаўству жонка патрапляла ў поўную асабістую залежнасць ад мужа, што найбольш выразна праяўлялася ў абмежаванні для жанчын права на свабоднае перамяшчэнне па імперыі і асобнае пражыванне. Эканамічная залежнасць жонак ад мужоў, і як вынік, немагчымасць весці асобнае існаванне (пра што сведчыць жаданне дваранак атрымаць грашовае ўтрыманне, а не развод пры шлюбна-сямейных канфліктах) падтрымлівалася дзяржаўнай уладай. У рэчышчы гэтай палітыкі спадчынныя правы дваранак беларускіх зямель у выніку канчатковай адмены дзеяння Статута ВКЛ у 1840 г. былі ўніфікаваны з правамі дваранак вялікарускіх губерняў. Трэці напрамак датычыўся рэгламентацыі шлюбаў праваслаўных з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій. З 1830-х гг. такія шлюбы пачалі рэгулявацца агульнаімперскім заканадаўствам. Была зменена працэдура вянчання, парушаны традыцыйны парытэт у рэлігійным выхаванні дзяцей. Прыярытэтныя правы ў такіх поліканфесійных шлюбах належалі сужэнцу праваслаўнага веравызнання [1; 2; 6; 7].

3. У развіцці жаночай адукацыі на беларускіх землях вылучаюцца два перыяды. Першы перыяд (канец XVIII ст. – 1831 г.) характарызаваўся тым, што адукаванасць зрабілася неад’емным атрыбутам прадстаўніц вышэйшага саслоўя. У выніку гэтага попыт на жаночую адукацыю павялічыўся ў асяродку сярэдняга і збяднелага дваранства. Гэта спрыяла развіццю тых відаў жаночай адукацыі, якія з’явіліся яшчэ ў Рэчы Паспалітай – хатняя адукацыя, прыватныя свецкія пансіёны і пансіёны (школы, вучылішчы) пры жаночых каталіцкіх манастырах. Урад Расійскай імперыі індыферэнтна ставіўся да праблемы развіцця і рэгулявання дваранскай жаночай адукацыі. Асноўная ініцыятыва ў сферы жаночай адукацыі належала дваранскай супольнасці Беларусі, якая патрабавала не толькі павелічэння колькасці жаночых навучальных устаноў, але і крытыкавала змест жаночай асветы, які зводзіўся да вывучэння замежных моў і прыгожых мастацтваў. Асноўныя патрабаванні зводзіліся да большай практычнага зместу навучальных праграм і арыентацыі на выхаванне дзяцей у адпаведнасці са з’яўленнем новага жаночага стэрэатыпу “першай выхавацелькі дзяцей”. Другі перыяд (1831 г. – сярэдзіна ХІХ ст.) характарызаваўся рэзкім і актыўным умяшальніцтвам дзяржавы ў сферу жаночай адукацыі. Гэта праявілася ва ўзмацненні кантролю за рознымі навучальнымі ўстановамі, хатнімі настаўнікамі і гувернанткамі на прадмет лаяльнасці да ўраду. У якасці абавязковых у навучальныя праграмы ўводзілася руская мова, літаратура і гісторыя. Навучальныя ўстановы пад эгідай жаночых каталіцкіх ордэнаў былі ліквідаваны. У выніку сістэма жаночай дваранскай адукацыі на беларускіх землях набыла цалкам свецкі характар.

З канца 30-х гг. ХІХ ст. урад Расійскай імперыі ініцыяваў адкрыццё на беларускіх землях ўзорных пансіёнаў і казённых навучальных ўстаноў. Змест праграм гэтых навучальных устаноў адпавядаў русіфікатарскай палітыцы царскага ўраду. Дзяржаўная фінансавая падтрымка, якая давала магчымасць забяспечыць нізкія кошты на навучанне, а таксама шэраг ільгот пры паступленні, рабілі гэтыя навучальныя ўстановы прывабнымі для збяднелых слаёў дваранства. Выхаванкі гэтых навучальных устаноў карысталіся ільготамі пры атрыманні пасведчання на права займацца настаўніцкай дзейнасцю, што спрыяла ўцягванню дваранак у прафесійную педагагічную сферу. Кантроль з боку вучылішчнага начальства за зместам навучальных праграм і функцыянаваннем жаночых навучальных устаноў не даваў магчымасць дваранству беларускіх зямель актыўна ўплываць на развіццё жаночай адукацыі. Аднак, камерцыйны характар большасці навучальных жаночых устаноў і хатняй адукацыі, вымушалі ўладальнікаў прыватных жаночых пансіёнаў, а таксама хатніх настаўнікаў, дзеля атрымання прыбытку, улічваць пажаданні бацькоў. З боку дваранства Беларусі практыкаваўся байкот некаторых узорных пансіёнаў, здараліся выпадкі сабатажу распараджэнняў вучылішчнага начальства настаўнікамі і папячыцельскім саветам некаторых жаночых навучальных устаноў. У выніку працэс русіфікацыі сістэмы дваранскай жаночай адукацыі запавольваўся [1; 3; 4; 8; 14].

4. Геапалітычныя змены канца XVIII ст. (ліквідацыя дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай і далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі) абумовілі пратэстныя настроі прадстаўніц вышэйшага саслоўя беларускіх зямель на працягу разглядаемага перыяду. З канца XVIII ст. да паўстання 1830 – 1831 гг. пратэст супраць падзелаў Рэчы Паспалітай і выступленні за аднаўленне страчанай дзяржаўнасці праяўляліся ў пасіўных формах. Гэта – распаўсюджанне “старапольскіх” традыцый і польскай мовы праз жаночыя салоны, зварот да гісторыка-культурнай спадчыны Рэчы Паспалітай, наведванне лекцый папулярных прафесараў Віленскага ўніверсітэту, запрашэнне на прыёмы студэнтаў Віленскага ўніверсітэта – удзельнікаў тайных таварыстваў і аказанне ім маральнай і матэрыяльнай падтрымкі ў час следства, індывідуальныя дэмаршы ў адносінах да прадстаўнікоў царскай адміністрацыі. Такія формы палітычнай актыўнасці жанчын былі абумоўлены ліберальнай палітыкай ураду Аляксандра І да дваранства беларускіх зямель.

Напярэдадні і ў час вайны 1812 г. актывізацыі палітычнай дзейнасці дваранак беларускіх зямель не назіралася. Аднак праявілася іх падвоеная роля ў палітычнай сферы. Па-першае, жанчыны выступалі ў якасці аб’екта палітычнага ўздзеяння і агітацыі як з боку расійскага ўраду і непасрэдна Аляксандра І, так і з боку напалеонаўскай адміністрацыі і Напалеона. Па-другое, дваранкі былі актыўнымі ўдзельніцамі падзей. Асноўнымі формамі жаночай актыўнасці напярэдадні і ў час вайны 1812 г. былі: агітацыя за таго ці іншага імператара, дэмаршы, у адзінкавых выпадках маглі выконваць ролю сувязных. У час праўлення Мікалая І палітычная актыўнасць дваранак узрасла, што было звязана з паўстаннем 1830–1831 гг. Жанчыны падтрымлівалі сувязь са сваякамі-паўстанцамі, перадавалі ім інфармацыю і харчаванне. Таксама яны выконвалі функцыі кур’ераў і сувязных, захоўвалі зброю, дапамагалі ў стварэнні паўстанцкіх атрадаў, знаходзіліся непасрэдна ў паўстанцкіх атрадах, апекаваліся палоннымі паўстанцамі. Такая дзейнасць не засталася без увагі з боку ўраду Мікалая І. Дваранкі, якія бралі актыўны ўдзел у паўстанні, патраплялі пад следства і падвяргаліся спагнанням. На ўсіх астатніх было распаўсюджана правіла: пры звароце ў апёкі ці ў банкі падаваць дакумент, які б сведчыў пра іх недатычнасць да паўстання. У 30 – 40-х гг. ХІХ ст. рэпрэсіўная палітыка ўраду Мікалая І, а таксама дзейнасць эмігранцкіх цэнтраў спрыялі праяўленню палітычнай актыўнасці прадстаўніц сярэдняга і збяднелага дваранства, а таксама з’яўленню канспіратыўных форм палітычнай дзейнасці жанчын. Яны правозілі праз мяжу, захоўвалі і распаўсюджвалі літаратуру і пракламацыі палітычнага зместу, апекаваліся палітзняволенымі, аказвалі дапамогу эмісарам, бралі актыўны ўдзел у дзейнасці тайнай арганізацыі Ш. Канарскага (у якой былі створаны спецыяльныя жаночыя аддзелы). За дваранкамі, якія падазраваліся ў палітычнай нядобранадзейнасці і нелаяльнасці да расійскага ўраду, усталёўваўся паліцэйскі нагляд, прымаліся меры па абмежаванні перамяшчэння па імперыі ці забараняўся ўезд у межы Расійскай імперыі. За антыўрадавую дзейнасць жанчыны караліся канфіскацыяй маёмасці, зняволеннем, высылкай у Сібір на пасяленне. Такім чынам, у час кіравання Мікалая І жанчыны былі ўраўнаваны з мужчынамі ў адказнасці за палітычную антыўрадавую дзейнасць [1; 3; 5; 9; 10; 13; 14].



Пастаяннай формай праяўлення грамадскай актыўнасці дваранак беларускіх зямель быў удзел у грамадскіх дабрачынных акцыях і ініцыятывах, якія не насілі палітычнага характару. З пачатку ХІХ ст. дабрачынная дзейнасць праяўлялася ў дзвюх формах – калектыўнай і індывідуальнай. Калектыўная жаночая дабрачыннасць мела разнастайныя праявы: 1) дабрачынныя сцэнічныя выступленні; 2) удзел у дзейнасці дабрачынных таварыстваў; 3) стварэнне жаночых дабрачынных арганізацый, якія мелі медыцынскую і эпідэміялагічную накіраванасць. Актыўны ўдзел прадстаўніц дваранства ў дабрачыннасці быў абгрунтаваны філантрапічнымі мэтамі і публічнай падзякай з боку кіраўніцтва дабрачынных таварыстваў, расійскай адміністрацыі, а таксама расійскага манарха, што спрыяла павышэнню прэстыжу дваранак у грамадстве. Калектыўныя формы дабрачыннай дзейнасці давалі магчымасць праявіць сябе дабрачынцамі і атрымаць публічную падзяку не толькі арыстакраткам, але і прадстаўніцам сярэдняга і збяднелага дваранства. Індывідуальная дабрачынная дзейнасць была даступна жанчынам, якія мелі ў сваім распараджэнні значныя зямельныя ўладанні і фінансавыя сродкі (у асноўным такімі дабрачынцамі былі ўдовы) [11; 12; 15].
Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў:

  1. Высновы і палажэнні дысертацыйнага даследавання могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы абагульняючых навуковых прац як непасрэдна па гісторыі Беларусі канца XVIII – першай паловы ХІХ ст., так і па тэмах: гісторыя сям’і, канфесійная гісторыя, гісторыя жаночай адукацыі на беларускіх землях, гісторыя грамадскіх рухаў, палітычная гісторыя Беларусі, а таксама па гісторыі паўстання 1830–1831 гг.

  2. Матэрыялы дысертацыі таксама могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы спецкурсаў па гендарнай роўнасці, гендарнай гісторыі, гісторыі жанчын, гісторыі штодзённасці.

СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ саіскальніка
Манаграфіі

  1. Анофранка, Н.В. Гісторыя жанчын як гістарыяграфічная праблема / Н.В. Анофранка // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатка ХХ ст.: праблемы, здабыткі, перспектывы. / Н.В. Анофранка [і інш.]; навук. рэд. В.В. Яноўская. – Мінск: Беларус. навука, 2006. – C. 404–439.


Артыкулы ў рэцэнзаваных выданнях

  1. Анофранка, Н.В. Мадэль шлюбных адносін у расійскім заканадаўстве (першая палова ХІХ ст.) / Н.В. Анофранка // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – 2005. – № 5. – Ч. 2. – С. 6–8.

  2. Анофранка, Н.В. Месца і роля дваранак у грамадстве еўрапейскай часткі Расійскай імперыі (канец XVIII – першая палова ХІХ ст.): гістарыяграфія праблемы / Н.В. Анофранка // Україньский iсторичний збiрник. – Київ, Інститут історії України НАН України, 2006. – Випуск 9. – С. 371–379.

  3. Анофранка, Н.В. Сістэма эканамічнай адукацыі на беларускіх землях у канцы XVIII – першай трэці ХІХ ст.: патрабаванні грамадства і рэчаіснасць / Н.В. Анофранка // Труд. Профсоюзы. Общество. = Labor. Trade Union. Society: Науч.- практ. журнал / Федерация профсоюзов Беларуси, Междунар. ин-т трудовых и соц. отношений. – №1. – 2007. – С. 74–78.

  4. Анофранка Н.В. Дваранкі беларуска-літоўскіх губерняў у палітычным жыцці (канец XVIII – першая палова ХІХ ст.) // Гістарычна-археалагічны зборнік. – 2012. – № 27. – С. 65 – 69.


Артыкулы ў навуковых часопісах і зборніках

  1. Анофранка, Н.В. Мемуары Евы Фялінскай аб жыцці шляхцянак у пачатку ХІХ стагоддзя / Н.В. Анофранка // Гісторыя выдавецкай дзейнасці ў Польшчы і Беларусі ў XVI–ХХ стагоддзях : Зб. навук. арт. / Рэдкал.: Н.Ю. Бярозкіна і інш. – Мнінск: Белфранс, 2003. – С. 108–113.

  2. Анофранка, Н.В. Заканадаўства Расійскай імперыі аб “змешаных” шлюбах і яго асаблівасці ў заходніх губернях (канец XVIII – першая трэць ХІХ ст.) / Н.В. Анофранка // Історія релігій в Україні: науковий щорічник / упоряд. О. Киричук, М. Омельчук. – Львів : Логос, 2010. – Книга 1. – С. 141–147.

  3. Анофранка Н.В. Палітыка ўладаў Расійскай імперыі ў адносінах да жаночых навучальных устаноў пры каталіцкіх кляштарах у канцы XVIII – 1843 г. (па матэрыялах беларуска-літоўскіх губерняў) / Н.В. Анофранка // Історія релігій в Україні: науковий щорічник / упоряд. О. Киричук, М. Омельчук, І. Орлевич. – Львів : Логос, 2011. – Книга 1. – С. 306–313.

  4. Анофранка, Н.В. Удзел дваранак беларуска-літоўскіх зямель у палітычным жыцці канца XVIII – першай паловы ХІХ стагоддзяў / Н.В. Анофранка. – Arche. Жанчыны ў беларускай гісторыі. – 2011. – №12 (111). – С. 58–78.


Матэрыялы навуковых канферэнцый

  1. Анофранка, Н.В. Шляхцянкі-полькі ў грамадскім жыцці Беларусі канца XVIII – 1813 г. / Н.В. Анофранка // Этнічныя супольнасці ў Беларусі гісторыя і сучаснасць: матэрыялы навук. канф., Мінск, 6–7 снежня 2001 г. / Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Інстытут гісторыі НАНБ, Беларуская асацыяцыя гісторыкаў ; рэдкал.: У.І. Навіцкі [і інш.]. – Мнінск : “Дэполіс”, 2001. – С. 110–114.

  2. Анофранка, Н.В. Свецкая жаночая дабрачыннасць у першай чвэрці ХІХ ст. / Н.В. Анофранка // Гісторыя, якой няма ў падручніках : Матэрыялы навук.-практ. канф., Мінск, 27 крас. 2002 г. / Бел. жаночая ліга ; Пад рэд. Стужынскай Н. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2002. – С. 60–67.

  3. Анофранка, Н.В. Удзел жанчын у культурным жыцці Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст. / Н.В. Анофранка // История и культура Европы в контексте становления и развития региональных цивилизаций и культур: актуальные проблемы из исторического прошлого и современности : Материалы междунар. науч.-теорет. конф., 30–31 октября 2003 г. / Редкол.: В.А.Космач (гл. ред.) [и др.]. – Витебск : Изд-во ВГУ, 2003. – C. 428–430.

  4. Анофранка, Н.В. Жанчыны ў гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст. (праблемы даследавання) / Н.В. Анофранка // Проблемы методологии исследований истории Беларуси: Материалы междунар. науч. конференции (Минск, 26 – 27 октября 2006 г.) / Нац. Акад. Наук Беларуси, Ин-т истории; Редкол.: А.А. Коваленя [и др.]. – Минск : Белорус. наука, 2008. – С. 138–140.

  5. Анофранка, Н.В. Асноўныя напрамкі жаночай гісторыі першай паловы ХІХ ст. / Н.В. Анофранка // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі, новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША : Матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., г. Мінск, 28 сакавіка 2008 г. : у 2 ч. – Ч.1 : Гістарыяграфія гісторыі Беларусі (ад старажытных часоў да кастрычніка 1917 г.) / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М.Танка ; Рэдкал. А.І. Андарала, М.М. Забаўскі, А.П. Жытко [і інш.] ; адк. рэд. В.А. Пілецкі – Мінск : БДПУ, 2008. – С. 104–108.

  6. Анофранка, Н.В. Аматарскі тэатр у Мінску ў пачатку ХІХ ст. / Н.В. Анофранка // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 510-годдзя атрымання Менскам магдэбургскага права) : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., Мінск, 4–5 верасня 2009 г. / рэдкал.: А.А. Каваленя [і інш.]. – Мінск : Беларус. навука, 2010. С. 101–104.

  7. Анофранка Н.В. Інтэграцыя прадстаўніц вышэйшага саслоўя беларуска-літоўскіх зямель у склад дваранства Расійскай імперыі і рэгуляванне іх прававога статусу (канец XVIII – першая палова ХІХ ст. / Н.В. Анофранка // Палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і этнакультурныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў XIX – пачатку XX ст. Да 150-годдзя скасавання прыгоннага права ў Расійскай імперыі : матэрыялы Рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі, Мінск, 4 сакавіка 2011 г. / БДПУ імя М. Танка ; рэдкал. А.І. Андарала, В.В. Бушчык, М.М. Забаўскі і інш. – Мінск, 2011. – С. 36–39.

РЭЗЮМЭ

Анофранка Наталля Васілеўна

Жанчыны дваранскага саслоўя Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.: сацыяльна-прававы статус, удзел у грамадскім жыцці

Ключавыя словы: саслоўныя правы, дваранкі, сфера шлюбна-сямейных адносін, шлюбна-сямейнае заканадаўства, міжканфесійныя шлюбы, жаночая адукацыя, формы палітычнай актыўнасці жанчын, вайна 1812 года, паўстанне 1830–1831 гг., формы жаночай дабрачыннай дзейнасці.

Мэта даследавання: выяўленне механізмаў рэгулявання прававога статусу дваранак беларускіх зямель і фактараў, якія абумоўлівалі змяненне іх ролі ў грамадскім і палітычным жыцці.

Метады даследавання. У працэсе вырашэння даследчых задач выкарыстаны спецыяльныя-гістарычныя метады: параўнальна-гістарычны, гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-генетычны, агрэгатыўны і казуальны. Прымяняліся агульнанавуковыя метады: аналіз, сінтэз, параўнанне.

Навуковая навізна даследавання. Упершыню раскрыта спецыфіка інтэграцыі жаночай часткі вышэйшага саслоўя беларускіх зямель у склад дваранства Расійскай імперыі. Выяўлены рэгіянальныя асаблівасці развіцця шлюбна-сямейнай сферы на беларускіх землях у сувязі са зменамі ў шлюбна-сямейным заканадаўстве і канфесійнай палітыцы ураду Расійскай імперыі, паказаны змяненні ў шлюбна-сямейным статусе дваранак беларускіх зямель. Вылучаны два этапы фарміравання сістэмы жаночай адукацыі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст., выяўлены іх характэрныя рысы і тэндэнцыі. Вызначаны і адлюстраваны прычыны і формы праяўлення грамадска-палітычнай актыўнасці дваранак.

Практычная значнасць вынікаў. Асноўныя палажэнні даследавання могуць быць выкарыстаны пры распрацоўцы сацыяльна-палітычнай гісторыі Беларусі канеца XVIII – першай паловы ХІХ ст., гісторыі адукацыі на беларускіх землях, канфесійнай гісторыі, даследаванні праблем у рамках гісторыі жанчын, сацыяльнай гісторыі, гісторыі штодзённасці ў навуковай, навукова-папулярнай і вучэбнай літаратуры. Матэрыялы і асноўныя палажэнні дысертацыйнага даследавання могуць выкарыстоўвацца пры складанні тэматычных спецкурсаў у навучальных установах.

РЕЗЮМЕ

Анофренко Наталья Васильевна

Женщины дворянского сословия Беларуси в конеце XVIII – первой половине ХІХ в.: социально-правовой статус, участие в общественной жизни

Ключевыя слова: сословные права, дворянки, сфера брачно-семейных отношений, брачно-семейное законодательство, межконфессиональные браки, женское образование, формы политической активности женщин, война 1812 года, восстание 1830–1831 гг., формы женской благотворительной деятельности.

Цель исследования: выявление механизмов регулирования правового статуса дворянок белорусских земель и факторов, которые обусловливали изменение их роли в общественной и политической жизни.

Методы исследования. В процессе решения исследовательских задач использованы специально-исторические методы: сравнительно-исторический, историко-типологический, историко-генетический, агрегативный и казуальный. Применялись общенаучные методы: анализ, синтез, сравнение.

Научная новизна исследования. Впервые раскрыта специфика интеграции женской части высшего сословия белорусских земель в состав дворянства Российской империи. Выявлены региональные особенности развития брачно-семейной сферы на белорусских землях в связи с изменениями в брачно-семейном законодательстве и конфессиональной политике правительства Российской империи, показаны изменения в брачно-семейном статусе дворянок белорусских земель. Выделены два этапа формирования системы женского образования в конце XVIII – первой половине ХІХ в., определены их характерные черты и тенденции. Выявлены и отражены причины и формы общественно-политической активности дворянок.

Практическое значение результатов. Основные положения исследования могут быть использованы при разработке социально-политической истории Беларуси конец XVIII – первой половины ХІХ в., истории образования на белорусских землях, исследовании проблем в рамках истории женщин, истории повседневности в научной, научно-популярной и учебной литературе. Материалы и основные положения диссертационной работы могут использоваться при составлении тематических спецкурсов в учебных заведениях.

Summary

Natallia Anofranka

Noblewomen in Belarus at the end of XVIII – first half of ХІХ centuries: social and legal status, involvement in public life.
Key words: corporate rights, noblewoman, marriage and family relations, matrimonial legislation, interdenominational marriages, women's education, forms of women’s political involvement, the war of 1812, the 1830-1831uprising, forms of women's charities.

Objective:to identify the mechanisms regulating legal status of Belarus noblewomen and the factors which led to modification of their role in public and political life.

Research methods. To solve the research problem the following specially-historical methods have been used: comparative-historical, historical and typological, historical andgenetic, aggregative, and casual. The author has also applied general scientific methods of analysis, synthesis and comparison.

Scientific novelty of the study. For the first time the particular characteristics of Belarus noblewomen’s integration into noble society of Russian Empire have been shown. Regionalspecific features of marriage and family relations in Belarusian land due to changes in matrimonial legislationand religious policy of the Russian Empire have been detected; modifications inmarriage and family status of Belarus noblewomen have been demonstrated. Two stages of formation of women’s education in the late XVIII - first half of ХІХ centuries have been singled out, their particularities and trends have been identified. The reasons and forms of noblewomen’s public and political involvement have been revealed and reflected.

Practical importance of the research results. The conceptual issues of the study can be used for further development of socio-political history of Belarus (the end of XVIII - first half of XIX cc), History of education at Belarusian lands, investigation of the problems within the frames of women’s history, history of everyday life in scientific ,popular-science and academic literature. The materials and conceptual issues of the thesis can be used when compiling college and university thematic courses.


Каталог: nfiles
nfiles -> У дзясяты раз бацькі і педагогі сабраліся разам на традыцыйны штогадовы бацькоўскі сход, каб абмеркаваць пытанні выхавання дзяцей. Галоўнай тэмай размовы стала праблема небяспечных паводзін дзяцей і прафілактыка крызіснага стану падлеткаў
nfiles -> Магалінскі ігар Уладзіміравіч
nfiles -> Праграма свята “Ганненскі кірмаш”
nfiles -> План мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры
nfiles -> Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»
nfiles -> На базе сш №38 сабраліся ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі спецыялісты, каб падзяліцца вопытам І праблемамі І спланаваць сваю далейшую дзейнасць
nfiles -> За здаровы лад жыцця падлеткі І дарослыя выдатная каманда
nfiles -> Гушчынскі Ігар Генадзьевіч
nfiles -> Зябко Андрэй Аляксандравіч


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал